VIII


Ноччу над лесам пранёсся буран: круціў, хістаў, згінаў верхавіны дрэў, якія ўкрывалі партызанскі лагер. Моцна біў пярун, неба рассякала маланка, абліваючы срэбрам мокрае разлапістае лісце старога дуба, прынікшых да гнязда буслоў. Касы буйны дождж заліваў некаторыя буданы, і партызаны, схапіўшы зброю, бегалі, прасіліся да тых, у каго дах над галавой быў зроблены больш надзейна. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Не раз яны кпілі з іншых партызанаў, якія ўкрывалі свае буданы лапкамі елак у некалькі радоў. Цяпер хлопцы з дыверсійнай групы сядзелі нібы пад рэшатам, але трывалі. Сорамна было бегаць прасіцца пад чужы дах. Праўда, гэта ўпершыню такі лівень напаткаў дыверсантаў у лагеры. Былі б яны дзе на заданні, дык буран і лівень з'яўляліся б іх першымі памочнікамі. У такое надвор'е можна куды хочаш пранікнуць.

Неўзабаве вецер пачаў сціхаць, аддаляліся на захад грамавыя ўдары. Неба пасінела, і ў лесе стала святлей.

Валодзя выйшаў з будана. Яго ўвагу прыцягнула нейкая чорная груда. Што гэта? Удзень там нічога не было, а цяпер нібы вялізны воз стаіць ля ўвахода ў камандзірскую зямлянку. Валодзя пайшоў паглядзець. Не, гэта не воз, а вывернутая ветрам сасна верхавінай падперла дзверы. «Не вылезе Шаблін з зямлянкі, падумае, што нехта знарок падпёр. Паглядзім, што ён будзе рабіць, напэўна, крычаць», - падумаў Валодзя і, усміхнуўшыся, пайшоў назад у будан.

Дыверсанты ўжо не спалі і дапытваліся ў Пылілы, хто яму разбіў губы. Прыдумвалі самі розныя версіі, смяяліся. Сціхлі, калі ўвайшоў Байкач.

- Што я цяпер бачыў, каб вы толькі ведалі! Выйшаў, гляджу - едзе абоз, калёсы на калёсах, дуга на дузе, адна кабылка ў возе і тая не вязе. Заехаў той абоз у пушчу-дрымушчу і спыніўся. Саскокваюць сямёра малайцоў, распалілі вогнішча пад самае небясішча, дык Бог ногі звесіў і грэецца. А потым як пачаў Ён страляць: пуль ды пуль, праўда, без пораху і без куль. Але спалохаліся малайцы ды хавацца: хто ў ваду кідаўся, а хто да камандзірскай зямлянкі падаўся. Тады Бог з карэннем сасну скруціў і ёю да Шабліна дарогу загарадзіў. А хто з вас усяму гэтаму не верыць, дык няхай ідзе праверыць.

- Дык жа адзін з тых малайцоў цяпер сярод нас, але адгадай хто? - засмяяўся Анатоль.

- Я не ведаю, каго ты маеш на ўвазе.

- Пыліла! - у адзін голас крыкнулі хлопцы.

- Можа, і праўда, бо ў яго такі лёс, што двойчы падаў з калёс. Валя спіхнула.

- Ха-ха-ха, а яшчэ не прызнаваўся. Мы здагадваліся, што Валю пацалаваў. Ад чаго б сталі такія губы? - гаварыў Федзя.

Ужо развіднела, а хлопцы ўсё жартавалі і гучна смяяліся. Чуў гэты смех і Шаблін. Ён памкнуўся выйсці з зямлянкі, але не змог. Доўга хадзіў узад-уперад, усё чакаў, што неўзабаве адчыняць. Але за дзвярамі нікога не было чуваць. Шабліна ахапіла злосць, і ён запытаў у сябе, ці камандзір ён? Пачаў моцна грукаць і загадваць, каб зараз жа спынілі жартаваць. А каго гэта датычылася, ён канкрэтна не ўказваў.

- Пойдзем, хлопцы, выратуем камандзіра, а то вы думалі, што я байку вам расказваў. Пераканайцеся, што хоць часткова, а было так. На самай справе пойдзем, гэта ж ён крычыць, - сказаў Валодзя.

Партызаны пайшлі і ледзьве адцягнулі верхавіну, якая ўперлася ў дзверы. Шаблін выскачыў з зямлянкі і, не разабраўшыся, у чым справа, пачаў трэсці кулаком перад Валодзем і крычаць:

- Я табе, смаркач, не дарую гэтага.

Валодзя нічога не адказаў, павярнуўся, плюнуў і пайшоў. Хлопцы хацелі Шабліну растлумачыць, што гэта буран так зрабіў, але ён злосна крыкнуў на іх:

- Марш адсюль!

Настрой у дыверсантаў быў сапсаваны, Валодзя імкнуўся падбадзёрыць хлопцаў, але нічога з гэтага не атрымлівалася. Пасля снедання ён пайшоў да старшыны роты, які распараджаўся ўзбраеннем, узяў шмат толу, гранат, капсуляў-дэтанатараў і хацеў як мага хутчэй пакінуць лагер. Валодзя зайшоў да Верабейчыка і падрабязна расказаў яму аб маючай адбыцца аперацыі.

Той з цікавасцю выслухаў яго, адобрыў план дзеяння і пажадаў поспеху.

Дыверсанты ўклалі ў рэчавыя мяшкі тол, узялі зброю і пайшлі сядлаць коней.

Валя заўважыла гэта і падбегла да іх.

- А я? - глянула яна Валодзю ў вочы.

- Ты, Валюша, заставайся ў атрадзе, гэта вельмі небяспечная аперацыя, ды і неабходнай формы для цябе не будзе. У наступны раз, - сказаў ён і, падтрымліваючы запасны дыск ад аўтамата, пабег даганяць хлопцаў.

За агароджай у лагчынцы пасвіліся коні. Яшчэ здалёк Валодзя заўважыў, што яго кабылы няма. Ён ведаў, што конь Шабліна забіты. І ўчора камандзір роты між іншым выказаў жаданне паездзіць на яго немачцы. Але Валодзя тады не надаў гэтаму ніякага значэння.

- Слухай, - звярнуўся ён да партызана з гаспадарчага аддзялення, які нёс дровы. - Ты не бачыў, куды збегла мая кабыла?

- А якая яна, жоўтая?

- Ну, светла-жоўтая.

- Нядаўна разведчык павёў яе да зямлянкі. Напэўна, камандзіру.

- Хлопцы, бярыце сваіх коней ды пойдзем.

У Валодзі трымцелі рукі, а на вачах з'явіліся слёзы. Ён адламаў лазовы дубчык і пачаў згрызаць горкую кару. «Чорт яго бяры, пеша пайду, а мост падарву. Тады адтуль прама ў штаб брыгады», - падумаў Валодзя і пайшоў насустрач хлопцам, якія ўжо вялі коней.

- Вы кабылу забярыце, - сказаў Федзя.

- Няхай ён падавіцца ёй. Я сабе каня набуду.

Каля зямлянкі барадаты партызан сядлаў кабылу, а ўбаку над акопчыкам стаялі Шаблін, Бізунок і Пінчук.

Шаблін павярнуўся, паглядзеў на дыверсантаў і ўзмахам паклікаў да сябе Валодзю:

- Ты куды гэта?

- Як куды? Нам заўтра абавязкова трэба чыгуначны мост падарваць і вярнуць сувязным паліцэйскую форму, у якой мы будзем дзейнічаць.

- А ты не ведаеш, што заўтра або паслязаўтра наша рота пераходзіць на новую базу?

- Не, а пяройдзе, дык што, не знойдзем? У штабе брыгады будуць ведаць яе месцазнаходжанне.

- Я не таму звярнуўся, што ты не знойдзеш роту. У вас добрая зброя, і група павінна ісці ў бакавой ахове роты.

- А вы дурней нічога прыдумаць не маглі? Я вас яшчэ буду ахоўваць. Самі сябе ахоўвайце!

- Маўчаць! Зазнаўся!

- Пайшоў ты... - пабялеў і засоп Валодзя.

- Здавай зброю! - пацягнуўся да аўтамата Шаблін.

- На! - Валодзя выхапіў з-пад рэменя гранату, і яна трэснула, пагрузіўшыся ў мокрую зямлю пад нагамі. Пінчук схапіў яе за ручку і адкінуў у заліты вадою акоп. Выбух - і ўгару ўзняўся жоўты фантан. Шаблін выхапіў з кабуры пісталет. Але дыверсанты кінулі коней, наставілі зброю, і нехта крыкнуў:

- Ссячом!

- Рота, да бою! - шалёна закрычаў Шаблін. - Абяззброіць Байкача!

Некалькі партызан кінуліся на Валодзю, ён адступіў і накіраваў на іх свой аўтамат.

- Не падыходзьце, заб'ю! Страляць буду...

Старыя партызаны, якія добра ведалі хлопца, апусцілі зброю. Раптам з-за зямлянкі выскачыў Верабейчык і з голымі рукамі кінуўся на дыверсанта.

- Што ты робіш, апамятайся.

Верабейчык толькі дакрануўся да Валодзі рукамі, як той адразу ж кінуў пад ногі аўтамат, зняў рэмень і склаў усю зброю перад сабой.

Усе разышліся хто куды.

Шаблін чамусьці аблаяў Верабейчыка і пайшоў у зямлянку. А праз нейкі момант выйшаў з паперкай у руцэ і сказаў Пінчуку вылучыць трох партызан, якія раней не ведалі Байкача, каб яны адканваіравалі яго ў штаб брыгады.

- Байкач! - падышоў Шаблін да Валодзі. - Зараз пойдзеш у штаб брыгады. Партызаны, якія будуць праводзіць цябе, перададуць вось гэты ліст Ядлоўцу. Няхай судзіць ён.

- Мы будзем праводзіць, - сказаў Анатоль.

- Без вас знойдуцца праважатыя. А група пасля сённяшняга ўчынку не існуе. Я вас усіх разганю па ўзводах, - грозна сказаў Шаблін.

- Разганяй, - нахмурыўся Пыліла.

Пінчук падвёў да зямлянкі трох партызан. Шаблін паспяшаўся да іх. Ён зноў нешта сказаў камандзіру ўзвода, і той пайшоў. А Шаблін яшчэ доўга размаўляў з трыма партызанамі. Нарэшце яны сцвярджальна заківалі галовамі і накіраваліся да Валодзі.

- Пайшлі, - сказаў Валодзю чарнявы, невысокага росту партызан з французскім карабінам за плячамі.

Валодзя развітаўся з сябрамі і пайшоў. Ён не ўяўляў, якое рашэнне прымуць камандзір брыгады, камісар. Але спадзяваўся, што яны разбяруцца дэталёва і суровага спагнання яму не будзе. Няхай пашлюць на самае складанае і адказнае заданне. Ну і што ж, ён яго выканае, а потым? За любы подзвіг яго ўжо не прадставяць да ўзнагароды. Ён толькі скупіць сваю віну. Але ўсё гэта яго не палохала. Галоўнае, каб усе ведалі, як ён ваюе з ворагамі. Больш за ўсё Валодзя баяўся, каб яго не прызначылі пасвіць коней ці кароў. Для маладога чалавека, які ўжо аднойчы пабываў у зеніце баявой славы, такое рашэнне з'явіцца маральным расстрэлам. Але Валодзя спадзяваўся, што камандзіры не зробяць яго пастухом, бо ведаюць: у арміі за цяжкі ўчынак пасылаюць у штрафную роту. І яму накшталт гэтага нешта прыдумаюць. Але ж Сяргееў павінен разабрацца добра, бо ён ведае Валодзю болей, як хто. Галоўнае, што яго засланілі ад кулі Шабліна, а цяпер ён будзе жыць, і калі давядзецца загінуць, дык толькі ў бітве з ворагам. «Скажу Ядлоўцу, што на такі ўчынак мяне вымусіў сам Шаблін. І інакш я зрабіць не мог», - падумаў Валодзя. Партызан, што з французскім карабінам за плячамі, ішоў уперадзе. Ён быў у выдатным настроі, то высвістваў мелодыі прыпевак, то напяваў: «Эх, Дуня, Дуня я, Дуня ягадка мая...» Валодзю не спадабаўся ён адразу: хітрыя рудыя вочкі пад маршчыністым нізкім ілбом пераможна свідравалі дыверсанта. Чамусьці ён часта азіраўся і глядзеў на Валодзевы боты, штаны, гімнасцёрку.

- Чакайце, а куды мы ідзём? - Валодзя павярнуўся да двух партызан, якія ішлі ззаду.

Яны глянулі яму ў вочы і паціснулі плячамі.

- Давай за мной, - крыкнуў пярэдні. - Мы ведаем куды.

- Вам сказалі весці мяне ў штаб брыгады.

- Мы і вядзём туды, - падміргнуў рудымі вочкамі партызан.

- Я за табой не пайду.

- Ха-ха-ха, бачыце? З'явіўся ў атрад птах, хвастун. Я такіх малайцоў, як ты, не адзін раз скручваў. Ведаеш, давай мы лепш сарочкамі памяняемся. Табе ў штабе новую дадуць, а я вайсковую таксама люблю.

Байкач стаяў і, не міргаючы вачамі, глядзеў, як партызан расшпільвае гузікі сваёй сарочкі. На грудзях у яго быў выкалаты арол, які ў кіпцюрах нясе голую жанчыну. Валодзя цяпер зразумеў не толькі таго, перад кім ён стаіць, але і ўсю пачварную душу Шабліна. Ён павярнуўся. Двое партызан ужо не пажадалі глядзець Валодзю ў вочы. «Паказваць, што я ўсё зразумеў, пакуль нельга, - падумаў хлопец. - Яшчэ недалёка адышлі ад лагера, і страляць яны тут не будуць». Ён пакорліва зняў гімнасцёрку і са штучнай усмешкай сказаў:

- Сапраўды, мне дадуць новую, на.

- А я пра што табе тлумачу, - партызан кінуў Валодзю ў рукі сваю сарочку.

Байкач на хаду ўжо нацягнуў брудную сарочку і ціха крочыў па лясной сцяжынцы ўсё за тым жа партызанам. «Шкада, што не пабачыў маці», - падумаў ён, і гарачы, горкі камяк падкаціўся да горла.

На сцяжынцы сярод невысокіх ялін вядучы канваір спыніўся і прапусціў Валодзю ўперад.

- Страляй! - крыкнуў дыверсант і шмыгнуў за елку.

Секунда, дзве, тры, а стрэлу няма.

- Біце яго, біце! - крычаў канваір у Валодзевай гімнасцёрцы. - У мяне патроны выскачылі.

Прагучалі стрэлы, але Байкач ужо знік у гушчары.

- А чаго ты не біў? - падскочыў да рудавокага партызан, які ўвесь час ішоў ззаду.

- Хутчэй. Бяжым туды ў рог лесу на перахоп.

Валодзя адразу быў кінуўся туды, але затым крута павярнуў, прабег паблізу лагера і пайшоў у глыбіню лесу.

Дыверсант быў яшчэ блізка і чуў, як крыкнуў канваір, што ў яго патроны выскачылі. Ён добра ведаў французскі карабін. Туды закладваецца пяць патронаў разам з абоймай. А для таго каб разрадзіць, неабходна націснуць кнопку пад спускавой скобай. І вось заўзяты канваір, відаць, у спешцы адцягнуў затвор і незнарок зачапіў кнопку. Абойма з патронамі выскачыла з магазіннай каробкі. А тыя, што ішлі ззаду, страляць у Валодзю проста не хацелі, хоць адзін з іх і біў па верхавінах ялін.

Як бы ні склаўся далейшы лёс, думаў Валодзя, але ён не вернецца нават у гэтую брыгаду. Ён спяшаўся, каб хутчэй зайсці ў Дубовую Граду і сустрэцца з маці. Канваіры яшчэ будуць у лесе шукаць, але ён ужо будзе далёка.

Байкач ведаў, што канваіры яшчэ з'явяцца і ў Дубовую Граду. Але думку аб помсце ён адхіляў. Яны выконвалі загад камандзіра, а якім метадам - гэта як ужо каму ўздумаецца. Маглі зусім распрануць - і бег бы цяпер, нібы аскубаны певень.

На ўсім шляху Валодзя не ўяўляў, што будзе рабіць далей, а абдумваў свой кожны крок, сваё жыццё з першых дзён вайны. Ён лаяў сябе толькі за тое, што вярнуўся назад з Вялікай зямлі. Быў бы ў арміі, хадзіў бы ў глыбокую разведку і карысці Радзіме прынёс бы больш, чым у партызанах. Прапаноўвалі ж у шпіталі некаторыя афіцэры, каб ён паехаў разам у іх часць. І людзі былі не падобныя на Шабліна, які здаўся ў палон і праседзеў недзе два гады, а цяпер вылез. І ён ужо воін, камандзір. Валодзя раскажа Зінінай маці, з кім яе дачка звязала свой лёс. Той чалавек і Зіне якую-небудзь брыдасць зробіць. Што, абавязкова было так знішчаць дыверсанта Байкача? Ён з гарачкі зрабіў цяжкі ўчынак. Дык можна ж было перадаць на брыгадны суд, перавесці ў другую роту. А так Шаблін паказаў сябе як агідны чалавек і баязлівец.

Валодзя выйшаў з лесу на палявую дарогу. Здалёк заўважыў двух партызан, якія ехалі верхам на конях. Ён звярнуў на абочыну і пайшоў па кустах. І цяпер толькі зразумеў сваё становішча: яму трэба баяцца і немцаў і партызан. Розніца толькі ў тым, што з гітлераўцамі ён усё роўна будзе весці барацьбу, а ад сваіх - проста хавацца. Партызаны праехалі, а следам трухаў запрэжаны конік, і на калёсах сядзела жанчына ў белай хустачцы. Трэба спяшацца, каб падысці да яе, можа, падвязе крыху. Усё ж хутчэй будзе дома. Ужо відны прысады яго роднай вёскі, а на ўзгорках жанчыны жнуць жыта. Валодзя падбег і дагнаў падводу.

- О, цётачка, падвязі мяне.

- Сядай, - яна ўважліва паглядзела на хлопца і запытала: - Адкуль вы будзеце?

- З вёскі.

- Напэўна, не.

- Чаму?

- Можа, з палону?

- Так, - засмяяўся Валодзя. - Вазьміце да сябе ў прымакі, буду касіць, снапы вам вазіць.

- Што з такіх прымакоў за карысць? Некаторыя жанчыны бралі, дык тыя паад'ядаліся і ў лес падаліся.

- А я наадварот з лесу іду.

- Жанчына хітра паглядзела, запіхнула валасы пад хустку і сказала:

- Мне не трэба прымакі. Хутка мой муж прыйдзе.

- А дзе ваш муж?

- Ваюе.

- Хэ, калі ён прыйдзе? А я ў паліцыю падамся, і добра жыць будзем.

- Малады вы яшчэ... но! - падагнала каня жанчына.

- Напэўна, вы хацелі сказаць, што і дурны, га?

- Можа, і ўгадалі.

- А што вы ведаеце, дзе фронт?

- Усе ведаюць, блізка.

- Тады і я не пайду ў паліцыю.

- Чаго гэта вы так апрануты?

- Як?

- Ну, напалову чырвонаармеец.

- Я не думаў, што падобны на чырвонаармейца. Толькі штаны.

- А боты, а зорачка вунь на пілотцы, - жанчына глянула на кішэню.

- Так, цётачка, я чырвонаармеец.

- Дык вы ж не ідзіце хаця ў тую вёску, - яна паказала рукой у бок Дубовай Грады. - Учора там недзе ўз'ехала на міну машына, дык сёння туды многа немцаў прыбыло.

- Дзякую вам. Тады я тут сыду і пайду праз балотца.

Валодзя нават быў задаволены, што ў Дубовай Градзе яшчэ стаяць немцы. Хаця партызаны і кінуцца яго шукаць, дык да маці не зойдуць.

Хутка ён падышоў да саду і, крадучыся, пачаў прабірацца ў вёску па мяжы, зарослай густым вішняком. Раптам ён убачыў сваю маці. Яна развешвала на плот нейкія анучы. І Валодзя, сагнуўшыся, хуценька пабег да двара.

- Мама, - шэптам сказаў ён.

Тая шырока раскрыла вочы і пабялела, а потым загаварыла:

- Сыночак, ідзі ў двор хутчэй.

Валодзя пераскочыў цераз плот і пайшоў услед за маці.

- Ты надоўга, сынок?

- Не ведаю.

- Дык пераапраніся, бо немцы часта ходзяць па хатах. Як гэта ты вярнуўся... Жывы, сыночак...

У маці на вачах з'явіліся слёзы, але яна сціснула губы і не плакала. Ёй многа чаго хацелася сказаць Валодзю, але ў галаве зашумела, і ўсе думкі, якія апаноўвалі за час адсутнасці сына, зблыталіся, і яна не знаходзіла, з чаго пачаць.

З другой палавіны хаты выглянуў чорнагаловы брацік Коля. Валодзя кінуўся да яго, схапіў на рукі і пачаў цалаваць.

- Ну, як ты жывеш?

- Нічаво, - адказаў Коля. - Толькі ў нас немцы карову забралі і маму пабілі, дык яна хворая. Зайшлі ў хату і крычаць: «Ваш сын партызан, бандыт». Добра, што я пад печчу схаваўся.

- А так бы падумалі, што ты партызан, га?

- Не ведаю, - паціснуў плячамі Коля.

Маці заплакала і пачала моцна кашляць. З рота ў яе паказалася кроў. Валодзя пусціў малога і пачаў супакойваць яе, а сам думаў, ці прызнацца, у якім становішчы цяпер ён. Сказаць праўду, прычыніць дадатковы боль, які яна ўжо не вытрымае. Прамаўчаць, прыедуць партызаны, зробяць допыт, - маці прызнаецца, што сын быў, а куды пайшоў - не ведае. Рудавокі можа і руку прыкласці, а для маці будзе яшчэ горш. Не, заставацца дома ён не будзе, а хуценька пойдзе на балота. Там яшчэ знойдзе вінтоўку і накіруецца за Бярэзіну ў другі партызанскі атрад.

- Мама, я зараз пайду. Мне дай толькі на дарогу хлеба, калі ёсць.

- Сыночак мой, ты есці хочаш, а я разгубілася і нібы адурэла... Зацірку варыла...

Маці паставіла пад прыпечак засланку і анучай дастала з печы чыгунок з заціркай. Наліла ў талерку. Валодзя не надта хацеў есці, але еў у запас. Маці знайшла торбачку і паклала туды буханку хлеба, цыбулі, некалькі гуркоў і падышла да сына. Яна нічога не пыталася ў Валодзі, чаму ён без зброі, адзін, але мацярынскае сэрца адчувала нешта трывожнае. Яна ўздыхнула і сказала:

- Няпраўда, вайна прынясе і нямецкім маці такі лёс, як нам. Кажуць, ужо нашы блізка, праўда?

- Так, мама. - Валодзя задумаўся і дадаў: - Калі хто незнаёмы будзе пытаць у цябе, ці быў я дома, не гавары. Скажы, што сына не бачыла і нічога пра яго не ведаеш. Бывай, мама.

- Асцярожна, сынок, бо немцы там, за агародамі, дубы ўсё тралююць.

Валодзя зморшчыўся, закінуў торбачку за плечы і пайшоў. Ідучы, уяўляў сябе ў асяроддзі незнаёмых партызан, як там нясмела ён просіць камандзіраў, каб пусцілі яго на чыгунку. І не заўважыў, як апынуўся ля канавы. Распрануўся і палез у карычневую ваду. Дно ў канаве было занесена торфам, і Валодзя маленькімі крокамі мясіў яго, каб не мінуць нічога цвёрдага. То ён нагой падчэпліваў і выцягваў рыжаваты корань сасонкі, то апускаўся з галавой у ваду і рукой выцягваў цяжкі асколак. Прайшоў з кіламетр па канаве, змарыўся і хацеў ужо вылезці, як трапіў на нешта вострае. Ён пачаў асцярожна таптацца і нагою выцягнуў нямецкую каску. Далей падчапіў рэмень, але ён быў нібы да чаго прывязаны. Валодзя нырнуў, ухапіўся за яго рукамі і, напружыўшыся, пацягнуў. На паверхні паказаўся аблезлы труп гітлераўца. Хлопец адшпіліў рэмень са штыком, з падсумкамі і зноў працягваў таптацца. Раптам хваля радасці прабегла ў яго душы. Нырнуў яшчэ раз і ўжо з вінтоўкай у руках выпаўз на бераг.

Цяпер ён са зброяй. Нават рудавокаму партызану ў рукі не дасца так, а будзе змагацца. Чалавеку ў любым няшчасці маленькая ўдача - і ён ужо акрылены, хаця тыя крылы, нібы ў птушаняці, яшчэ не могуць яго падняць увышыню.

Валодзя апрануўся і рашыў яшчэ пашукаць міны каля вялікага каменя на ўскраіне балота, якія яны з Міколам закопвалі ў сорак першым годзе. Хавалі яны тады міны надзейна: укручвалі іх у супрацьіпрытныя боты. Праўда, Мікола хадзіў сюды, адкопваў, але ж, напэўна, усе не забраў.

Капаць зямлю штыком прыйшлося нядоўга. Неўзабаве Валодзя ўжо выцягнуў нямецкую супрацьтанкавую міну, паклаў яе ў торбу разам з хлебам і пайшоў каля балота ля Бярэзіны. Шлях прадстаяў далёкі, тым больш што Валодзю трэба было выбіраць сцяжынкі, па якіх мала хто ходзіць.

Вечарэла, сонца спускалася ўсё ніжэй і ніжэй.

«Дайду да таго лугу і заначую ў стажку, а заўтра далей...» - падумаў Валодзя і пачаў аглядаць набрынялы прыклад нямецкай вінтоўкі.

Хлопец вельмі стаміўся і, як толькі падышоў да першага стажка, хутчэй скінуў з сябе ўвесь цяжар, наскуб сена і прысеў.

«Дзе ж мне гэту міну выкарыстаць, - падумаў Валодзя. - Цяжка несці. О, хаця, можа, яшчэ катэр поўзае па Бярэзіне. Толькі трэба знайсці кавалак кабелю або якога шнура. Заўтра па дарозе зайду ў вёску і там папрашу».

Валодзя зрабіў сабе мяккую пасцель, лёг і адразу ж заснуў.

Над лугам узняўся туман, нібы вадою заліло стажкі. У зорным небе са свістам праляталі качкі. Яны рабілі кругі і прарэзаўшы белую коўдру туману, шлёпаліся на плёсы. Там кракалі, шапацелі ў сітніку, у балотным хвашчы. Загігікала спалоханая кнігаўка, а хутка закрычалі, залапаталі крыламі качкі. Гэта, відаць, янот вылез на начное паляванне...

Пачало світаць. Недзе ў лазняку зазвінела пад мянташкай каса, і Валодзя прачнуўся. Праз туман ён не мог разгледзець касца і не разабраўся адразу, з якога боку пачуўся звон. Хлопец устаў, згроб пад стажком сена, забраў свае рэчы і пайшоў на шастанне касы. Жанчына-касец першая ўбачыла Валодзю і разгубілася.

- Не палохайцеся, гэта свае, - сказаў хлопец.

- Неяк нечакана, дык я...

- Што я? Вы ж не красці прыйшлі?

- Не.

- Ну, і не бойцеся нікога. Вы з якой вёскі?

- Я з Баркоў, але нашай вёскі няма, там толькі зямлянкі.

- Вы не скажаце, я там не знайду якога-небудзь шнура, так метраў трыццаць?

- Чаму, многія вешаюць бялізну на нейкім провадзе. Там ёсць.

- Дзякую...

Валодзя пайшоў і ля крайняй зямлянкі на ўзгорку адчапіў з яблынь доўгі канец кабелю. Нават ніхто з жыхароў і не заўважыў хлопца. Адсюль ён пакрочыў у бок Бярэзіны.

Далейшы шлях быў бязлюдны. Балоты, пералескі і вось нарэшце прыбярэзінскі луг. Валодзя ў глыбокім яры, залітым вадою, нарваў тоўстага сітніку, зрабіў пучкі і павалок іх да рэчкі. Будзе ісці катэр ці не, але ён усё роўна паставіць міну, бо далей несці немагчыма, цяжка.

На беразе рэчкі Валодзя распрануўся, кінуў пучкі на ваду і на іх паклаў міну капсулем угару. Зачапіў кавалак кабелю за пучкі і пацягнуў іх да шаста, які тырчаў сярод рэчкі і ўказваў на мель. Хлопец прывязаў да шаста плывучую міну і вярнуўся назад. Узяў канец кабелю, нарваў травы і зноў пагрузіўся ў рэчку. Хутка ён прымацаваў кабель да чакі капсуля-ўзрывальніка, замаскіраваў міну травой і пайшоў назад.

Ён засеў у прыбярэжным алешніку і ўвесь час думаў, пашанцуе яму ці не. Канешне, калі будзе ісці катэр, то павінна пашанцаваць. Раз-пораз узнімаў галаву і глядзеў на зялёную купіну, якая гойдалася на сярэбранай плыні Бярэзіны. Партызаны знішчылі б катэр, але напэўна не хацелі выяўляць сябе, бо немцы пасля блакады яшчэ стаялі ў навакольных мястэчках і гарадках.

Сонца ўжо лажылася на русла рэчкі. Валодзя напружана прыслухоўваўся. Час ужо ісці катэру. Аднекуль даносіўся ледзь улоўны гул. «А можа, самалёт?» - падумаў і глянуў у чыстае неба хлопец. Але гул набліжаўся, і неўзабаве рокат матора прымусіў у такт яму працаваць і Валодзева сэрца. Катэр ішоў хутка, але гэта не хвалявала бывалага дыверсанта. Разлік яго дакладны, толькі каб не падвёў узрывальнік. Ужо хвалі ад катэра загойдалі пучкі, нос параўняўся з зялёнай купінай на вадзе. Валодзя сціснуў зубы і пацягнуў кабель. Уздрыгнуў бераг. Вада змяшалася з чорным дымам, і на момант знік катэр. Калі развеяўся дым, над вадой яшчэ тырчала карма, але і яна хутка пагружалася ўсё глыбей, пускаючы на паверхню вады бурбалкі.

Некалькі гітлераўцаў борсалася ў вадзе.

Валодзя пабег па кустах каля берага. Так прайшоў кіламетры чатыры. Нарэшце заўважыў лодку, якая імкліва перасякала Бярэзіну да яго берага. Ён прыбавіў кроку і выйшаў ёй наперад. У лодцы сядзелі партызаны. Заўважыўшы ўзброенага чалавека, яны схамянуліся, але Валодзя крыкнуў:

- Свой!

Тыя падплылі да берага і выскачылі з лодкі. Валодзя пазнаў камандзіра дыверсійнай групы з іх брыгады Цімафея Лебедзя і крыху спалохаўся. Але Цімафей усміхнуўся і запытаў:

- Чаго ты адзін тут блукаеш? Гэта ты грымнуў?

- Я, катэр узарваў.

- А як ты яго?

- Плывучую міну зрабіў.

- О, - глянуў на хлопцаў Цімафей. - А мы не датумкалі. Маладзец, а дзе ж тваё войска?

- Тут недалёка, адпачывае. Слухай, Цімафей, у цябе пароль ёсць? Дай мне на пару дзён, а то мы ўжо даўно з атрада і яшчэ хочам зайсці ў адно месца.

- Ёсць.

Цімафей сказаў пароль. Валодзя папрасіў жанчыну, якая сядзела ў лодцы, каб яна крыху пачакала і перавезла яго. Ён развітаўся з Цімафеем, адышоў крыху, а затым вярнуўся ў лодку.

Валодзя быў задаволены, што мае пароль. Цяпер ён зойдзе ў любы атрад свайго злучэння, і вартавы не затрымае. А так трапіш на вартавога, той загадае легчы. Потым пачнуцца допыты: чаго ідзеш, хто накіраваў. Могуць прызначыць канваіра і прывесці назад у сваю роту.

Лодка тыцнулася носам у пясчаны бераг. Валодзя падзякаваў жанчыне і пайшоў пад Белую Гару, дзе калісьці стаяў атрад «За Радзіму». Там мясціны вельмі зручныя для стаянкі партызан. Падыход здалёку і добра праглядаецца, а на выпадак небяспекі ёсць вельмі зручныя адыходы. Валодзя добра ведае партызанскія сцяжынкі. Вось ён збочыў з дарогі і пакрочыў па свежай каляіне. Яе праклалі, канешне, партызаны, бо жыхары па дровы сюды не паедуць. Нядоўга давялося хлопцу ісці, хутка ён натрапіў на вартавога. Адказаўшы пароль, Валодзя смела пайшоў у размяшчэнне атрада.

Гэта быў той атрад, пры якім знаходзіўся і штаб брыгады «За Радзіму». Валодзю паказалі камандзіра брыгады. То быў чалавек сярэдніх гадоў з пабітым воспаю тварам, шэрымі адкрытымі і даверлівымі вачамі. Хлопец накіраваўся да яго.

- Што вы хацелі? - запытаў ён у Валодзі.

- Я з брыгады «Смерць фашызму» і хацеў бы застацца ў вас.

- Чаму?

- Не ўжыўся са сваім камандзірам.

- А хто ваш камандзір?

- Шаблін, ён камандзір роты.

- Гэты новы. Дык чаго вы не звярнуліся да Ядлоўца, а прыйшлі да мяне?

- Я дыверсант і рашыў пакінуць нават брыгаду. Хацеў пагаварыць з Сяргеевым, з Ільёй Карпавічам, але потым перадумаў і вырашыў пайсці лепш да вас.

- Мы не можам узяць вас. Верым вам, але ж перабежчыкаў нельга падтрымліваць. Ідзіце да Ядлоўца, калі ён адпусціць вас і дасць пэўную паперку, тады я вас вазьму. Інакш нічога не будзе.

- Добра, а калі б я сказаў, што ўпершыню іду ў партызаны?

- Мы б праверылі, хто вы, адкуль і чаго вы зусім з іншага раёна трапілі да нас.

- Што ж... пайду, толькі Ядловец мяне не адпусціць, а я ў іх не хачу быць. Буду партызаніць адзін. Сёння ўжо катэр узарваў.

- На Бярэзіне? А мы яго знарок не чапалі.

- Там ніхто не зразумее, што гэта партызаны былі. Па-першае, з таго боку рэчкі, а па-другое, немцы плылі, і іх ніхто не абстрэльваў.

- Што ж, малайчына!

- Добра, бывайце здаровы, я пайду.

Валодзеву душу ахапіў смутак. Ён цяпер не ведаў, што рабіць, куды падацца. У кожным атрадзе, напэўна, яму скажуць тое ж самае, што сказалі тут. Ці наогул затрымаюць і перададуць Шабліну. «Буду партызаніць адзін да таго часу, пакуль прыйдуць нашы. Затым пайду ў Чырвоную Армію, і ўсё забудзецца», - думаў Валодзя.

Ён выйшаў з лесу і на палявой дарозе сустрэў жанчыну, якая вяла за руку невялічкага хлопчыка. Бывае так у жыцці: сустрэнеш чалавека, пагутарыш, і думкі твае зменяцца, а іншы раз і лёс. Жанчына вяла хворага сына ў Гомель. Там у яе сваячка жыве, дык, можа, яна хлопчыка доктару пакажа.

- Ён жа не дойдзе, - сказаў партызан.

- Дойдзеш, сынок? - запытала жанчына.

Хлопчык падняў галаву і паглядзеў у вочы незнаёмаму чалавеку. Затым паправіў хустачку, якая ахутвала тонкую, нібы матузок, шыйку, і сіпатым голасам адказаў:

- Дайду, мама.

Валодзя глядзеў задуменна на малога. Раптам у яго мільганула думка, што недзе тут блізка жыве хлопчык Шабліна, і ён, напэўна, нічога не ведае пра свайго бацьку.

- Дойдзеш, дойдзеш, - неяк разгублена сказаў партызан.

- Жанчына, скажыце, ці ведаеце вы раз'езд Зарабінку?

- А як жа, я буду ісці каля яго. Там некалькі хат стаіць.

- І я пайду разам з вамі.

- Там могуць быць немцы.

- Нічога, я не баюся. А падыдзем да раз'езда, я вас пакіну.

- Ну, пойдзем.

- Цяпер дойдзем, хлопчык. Сядай мне на плечы, я паднясу.

Валодзя аддаў торбу жанчыне, сам узяў на плечы малога, і яны пайшлі. Па дарозе партызан гаварыў, што хутка іх вызваляць і зноў будзе многа дактароў, прыйдзе яе муж.

Жанчына не верыла ў шчаслівы лёс свайго мужа, бо таму з маленства не шанцавала - рос ён сіратой. І, напэўна, гэтаму малому, калі выжыве, не давядзецца ўбачыць свайго бацьку.

- Дзядзька, пусціце, я пайду, я не маленькі, - пачуўшы разважанні маці, гаварыў хлопчык.

- Ну, прайдзі крыху, - Валодзя ссадзіў з плячэй малога.

Хлопчык узяў за руку маці і жыва пайшоў побач з ёю. Але хутка зноў пачаў адставаць, пабялеў, на тварыку выступіў буйнымі кроплямі пот.

- Мама, ты хутка ідзеш!

Валодзя зноў узяў малога на плечы. Рукі хлопчыка былі гарачыя. Жанчына гаварыла, што к вечару ў дзіцяці паднімаецца тэмпература, але яна думае ўсё ж сёння зайсці ў горад.

- Вунь сонца гарыць у вокнах дома - гэта Зарабінка, - сказала яна.

Валодзя прыбавіў кроку. Ён гаварыў жанчыне, што з дзіцем яна пойдзе ўперад. На раз'ездзе знойдзе, дзе жыве Шабліна, і спыніцца ў яе. Калі ж там будуць немцы, няхай як-небудзь папярэдзіць яго.

Ціхія палоскі жыта ружавелі пад праменнямі заходзячага сонца. Напэўна, апошні жаваранак цуркатаў і зніжаўся з халаднеючага неба да нагрэтага за дзень пяску. Валодзя сеў на ўзбочыну дарогі і глядзеў услед жанчыне з дзіцём, якія аддаляліся, рабіліся ўсё меншымі і меншымі чорнымі кропкамі. Калі сцямнела, партызан сам пайшоў на раз'езд.

Дом, дзе жыла Шабліна, яму паказала дзяўчына, якую ён сустрэў ля першага двара. Шабліна трывожылася і рыхтавалася да сустрэчы з незнаёмым чалавекам. Жанчына з дзіцем таксама чакала, пакуль ён прыйдзе. Але як толькі ўвайшоў Валодзя ў хату, жанчына ўзяла за руку хлопчыка і рашыла ісці далей. Колькі ні ўгаворвалі застацца нанач, яна не згадзілася.

Валодзя не ведаў, з чаго пачынаць сваю размову з усхваляванай жанчынай. А яна, напэўна, сэрцам адчувала, што гэты ўзброены малады чалавек прынёс ёй нейкую вестку пра мужа, і моўчкі чакала. Жанчына, баючыся сваіх думак, раз-пораз паглядала на партызана, але па выразу яго твару нічога не магла зразумець. А малады чалавек не мог ведаць душу жанчыны ў той цяжкі час. Валодзя думаў, што ёй аднолькава горка, ці муж жывы ды пакінуў яе, ці забіты. Не, Шабліна баялася толькі смерці свайго друга. Яна падышла да стала і запрасіла незнаёмага сесці. Валодзя паглядзеў на жанчыну больш уважліва. Нязыркае святло ад лямпы падала на яе загарэлы твар. З высокага лба прамыя чорныя валасы былі акуратна прычасаны назад і на патыліцы звязаны ў вузел. Гэта прычоска надавала своеасаблівую прыгажосць жанчыне. Высокая, стройная Шабліна выглядала не больш як на дваццаць пяць гадоў.

- Скажыце, ваш муж ні разу не быў дома? - неўзабаве запытаў Валодзя.

- Не, - Шабліна кінула на партызана жывы позірк.

- Вы можаце гаварыць са мной смела. Я добра ведаю Пятра Андрэевіча Шабліна, ён цяпер мой камандзір.

- А дзе вы служыце?

- Я партызан.

- Адкуль вы даведаліся, што яго сям'я тут? І чаму ён сам не прыйшоў?

- Даведаўся, што ў яго тут ёсць жонка і сын Ігар.

- У мяне яшчэ ёсць і дачка Святлана. Праўда, муж не ведаў, што іменна будзе дачка, - задумалася жанчына, і на яе вачах з'явіліся слёзы.

- Чаго гэта вы?

- Малады чалавек, вы няпраўду кажаце. Каб мой муж быў блізка, ён бы наведаў сям'ю.

- Вы перакананы ў гэтым?

- Так.

- Можа, ён не ведае пра ваш лёс?

- Калі вы даведаліся, дык што можна сказаць пра бацьку дваіх дзяцей. Лепш скажыце праўду, што вы ведаеце пра яго?

- Хочаце, каб сказаў праўду?

- Так.

- Ваш муж цяпер камандзір партызанскай роты. Ён ажаніўся, узяў дзяўчыну, якую я кахаў. І, напэўна, у іх будзе дзіця.

- Дарагі таварыш, дык гэта праўда, што ён жывы? - Жанчына скрыжавала рукі на сваіх грудзях і ўгледзелася ў вочы партызана.

- Жывы і жанаты, - адказаў Валодзя.

- Пап! Папа! - закрычала жанчына і кінулася ў другую палавіну хаты. - Пятро жывы.

Але Шабліна напэўна баялася звесці позірк з партызана, каб больш пераканацца, што малады чалавек не жартуе злосна, а гаворыць праўду. Яна зноў падбегла да стала.

- Я вам чэснае камсамольскае даю, што гэта так. Ваш муж - былы палітрук, быў ля заходняй граніцы, але трапіў у акружэнне, і цяпер ён партызан. Хочаце, вы можаце з ім сустрэцца. Я вас правяду да штаба брыгады. Там вы раскажаце, хто вы ёсць і чаму муж вам здрадзіў.

- Не, ён не мог так зрабіць.

- Што вы гадаеце. Пойдзем, і вы ўсё зразумееце, убачыце.

- Папа! Ідзі сюды, - крыкнула Шабліна.

З другой палавіны хаты выйшаў чалавек не такі ўжо і стары, але з сівою барадой. Ён доўга глядзеў на Валодзю, а той яшчэ раз паўтарыў усе свае довады, што іменна Пётр Андрэевіч Шаблін цяпер камандзір іх роты.

- Што ж, сынок, верым табе. Схадзі, дачушка, калі чалавек згаджаецца правесці цябе. А я з дзецьмі пабуду.

Шабліна хуценька падала партызану вячэру, а сама пачала збірацца ў дарогу. Валодзя еў і працягваў адказваць на пытанні барадача. Жанчына развіталася з соннымі дзецьмі, прамакнула хусцінкай вочы, выцерла твар і адчыніла дзверы. Валодзя пайшоў услед.

На дварэ было цёмна і душна.


Загрузка...