XII


Блішчалі мокрыя боты, вада плыла і ў халявы. Як ні стараўся Валодзя ісці па мясцінах, дзе больш ніцая трава, але ўсё роўна трапляў у высокія зараснікі палыну і нават дзядоўніку. Тут яго і абдавала халодная раса. Палінялыя картовыя штаны не ўбіралі больш вады, а прапускалі яе да цела. Гарэлі калені, мулялі злубянелыя штаны. Спрабаваў звярнуць з мяжы і ісці па бульбе, дык яшчэ горш. На боты наліпае столькі зямлі, што ног не пацягнуць, а высокі бульбоўнік страсае расу ў халявы. Давялося зноў узысці на мяжу. Нічога, што мокры, у яго наперадзе цэлы дзень. Маці выпаліць у печы і высушыць усё адзенне, боты. А ўвечары ён, лёгка апрануты, пабяжыць у дамоўленае загадзя з перакладчыкам месца. Лепш пачакаць, чым спазніцца. Той жа кроку не ступіць без яго, Валодзі, ды асабліва ноччу.

Валодзя ўжо падыходзіў да свайго агарода. Ён ішоў насцярожана, аглядаўся па баках, не хацеў, каб лішнія вочы заўважылі яго. Ды і людзей саромеўся, бо раней яны глядзелі на Валодзю як на геройскага камандзіра, добра ўзброенага, вясёлага, а цяпер ён, нібы мокры певень пасля бойкі, брыдзе па мяжы да свайго двара.

- Стой! Рукі ўгору! - накіраваліся на Валодзю каля хлява з малінніку два вінтовачныя ствалы.

Гэта было ўпершыню ў баявым жыцці дыверсанта, калі яму давялося падняць рукі. А ён раней сваім хлопцам гаварыў, што ніколі не падніме рукі перад ворагам. Праўда, ёсць розніца: падняць рукі перад ворагам - адна справа, а тут давялося Валодзю стаяць перад сваімі. Валодзя пазнаў партызан - гэта тыя, што вялі яго на расстрэл. Адзін з іх нават у яго гімнасцёрцы, рудавокі, з маршчыністым ілбом.

- Што, вы страляць будзеце? Дык страляйце. Толькі папрашу, каб вы схадзілі на адно заданне, якое я павінен быў сёння выканаць.

- Уперад! Пайшлі, а то маці заўважыць, дык на ўсю вёску лямант узніме. Бач ты, Шурка? - звярнуўся рудавокі да свайго напарніка. - У яго ёсць яшчэ нейкае важнае заданне.

Па агародах Валодзю павялі вакол вёскі.

- Не надумайся цяпер уцякаць. Шаблін загадаў, каб мы злавілі цябе і даставілі ў атрад жывым. Над табой будзе паказальны суд за замах на жыццё камандзіра, - спакойна сказаў партызан, якога рудавокі назваў Шурка.

- Што ты яму ўводзіш у вушы, няхай ідзе, куды вядзём, і ўсё, - сказаў рудавокі. - Гэта падумаць, колькі часу мы за ім палявалі. Ціт пароль абяцаў прывезці, але чамусьці няма яго, яшчэ нас дзе затрымаюць. Стой, апусці рукі. Шурка, дай папругу, звяжам яму ззаду рукі і пойдзем хутчэй.

Валодзя паслухмяна падпарадкоўваўся, яму стала лягчэй на душы, калі пачуў, што яго павядуць усё ж у лагер. Хоць і са звязанымі рукамі, але ён ішоў хутка. Нарэшце будзе нейкая развязка, ды і не такая страшная, бо ўжо, напэўна, ведаюць пра здарэнне з ім і ў штабе брыгады. І не можа быць, каб Сяргееў, Ядловец ухвалілі дзеянні Шабліна. Таму ён, відаць, і забіў у хамут, каб Байкача не стралялі, а прывялі жывым. Але як ён цяпер будзе глядзець хлопцу ў вочы, што яшчэ надумае зрабіць? Не, Валодзя цяпер папросіць усіх, каб перайсці ад Шабліна ў другую роту, няхай толькі аддасць аўтамат. А калі ўнутры брыгады гэтага нельга зрабіць, няхай дазволяць перайсці ў другую. У Валодзі зброя ёсць, прымуць.

Хлопец думаў і ўвесь час сачыў за дарогай, па якой яго вялі. Ужо мінулі некалькі глухіх мясцін, яраў, дзе можна было расправіцца з ім, але ж канваіры ідуць моўчкі і не збочваюць з дарогі, што вядзе ў лагер.

Да месца, дзе размяшчалася рота, прыйшоў атрад «Будзёнавец». І вось паблізу лагера партызан у Валодзевай гімнасцёрцы выйшаў уперад. Гімнасцёрка на яго была вялікая, і хаця рукавы ён закасваў, але ж фігуру хлопца яна рабіла мешкаватай.

Раптам уперадзе, на павароце лясной дарогі, з'явілася трое партызан. Яны спыніліся і задаволена глядзелі, як іх таварышы вядуць палоннага, не інакш паліцая. А Валодзя адразу ж пазнаў Фімку, з якім пачынаў партызанскае жыццё. Толькі калі параўняліся, Фімка пазнаў Валодзю. Спачатку ён разгубіўся, бо чуў і быў перакананы, што дыверсанта Байкача няма ў жывых, а потым - як кінецца ды як закрычыць:

- Валодзя, друг, ты жывы?! Развяжыце рукі зараз жа і адыдзіце ад яго! - скінуў з плячэй дзесяцізарадную вінтоўку Фімка.

Усе нібы аслупянелі, а Валодзя апусціў галаву, і з яго вачэй пацяклі слёзы.

- Хаця пачакайце, рукі не развязвайце, у нашым атрадзе цяпер Сяргееў. Няхай гляне камісар брыгады, што зрабіў бандыт Шаблін.

- Я заяўлю камандзіру, што ты на яго гаворыш, - падышоў да Фімкі партызан, што ў Валодзевай гімнасцёрцы.

- Адыдзі! - замахнуўся Фімка прыкладам. - Два тыдні як у лесе, дык знайшоў занятак ганяцца за партызанам, які два гады ваюе.

- Я выконваю загад камандзіра.

- Прайдзісвета, а не камандзіра, ты яго вось цяпер злаві, падзяку вынесуць. Хопіць разважаць, пойдзем!

Валодзя слухаў гэтую размову і не разумеў: чаму Шабліна Фімка прайдзісветам назваў? Каго лавіць? Валодзя рыхтаваў сябе, каб не расплакацца пры сустрэчы з Сяргеевым, але дарэмнай была яго падрыхтоўка, а таксама і задума Фімкі, каб са скручанымі рукамі падвесці дыверсанта да камісара. Сяргеева ў атрадзе ўжо не было, ён паехаў.

Каля зямлянкі, у якой размяшчаўся Шаблін, стаяў Верабейчык. Ён звярнуў увагу на групу партызан, якая крочыла прама на яго.

- Вось і Валодзя Байкач, ён з таго свету, - сказаў Фімка.

Верабейчык уцягнуў галаву ў плечы, зморшчыўся і кінуўся да Валодзі, абняў і пачаў цалаваць. І потым толькі заўважыў, што ў дыверсанта звязаны папругай рукі.

- Хто гэта цябе так?..

- Вось гэтыя «героі», - паказаў Фімка на Валодзевых канваіраў.

- А-а, дык гэта ж яны пайшлі з атрада ў той дзень, у які і Шаблін уцёк. А нашы разведчыкі іх недзе шукаюць. Па дзесяць сутак гаўптвахты! Зараз жа развяжыце рукі Байкачу, - крыкнуў Верабейчык.

- Ён у мяне гімнасцёрку зняў, - паказаў на рудавокага Валодзя.

- Зняць зараз жа. І яшчэ дабаўлю табе пяць сутак... Пачакайце, я зайду да камісара і хутка прыйду.

Валодзя азірнуўся па баках: сабралася многа партызан. Ён заўважыў, як глянула на яго Валя і хуценька знікла. Гэта яна, не верачы сваім вачам, кінулася да будана, дзе адпачывалі Валодзевы сябры-дыверсанты.

Аб тым, што Байкач жывы, камандаванне ўжо ведала. А сярод партызан хадзілі чуткі, што Валодзю расстралялі. Дыверсанты лічылі, што іх былы камандзір забіты па ганебным загадзе Шабліна. І вось Валодзя цяпер стаіць перад імі, на душы лёгка, але знешне нешта гняце яго: не то сорам, не то нязвычнасць становішча, у якое ён трапіў. Усе глядзяць, а ён стаіць абяззброены, у мокрых штанах, брудных ботах.

Верабейчык цяпер быў камандзірам роты, а палітруком - Пінчук. Яны параіліся і пайшлі да камандзіра атрада. Хутка аддалі загад сабраць партызанскі сход. Валодзю паклікалі туды. Камандзіры слухалі хлопца, і ён заўважыў, як яны нервуюцца.

- Гэта ж цудоўна! Зараз раскажаш, у якіх умовах ты адзін змагаўся з ворагам, - гаварыў палітрук.

- Я не ўмею перад людзьмі гаварыць. І прасіў бы вас, каб я сёння не выглядаў нейкім героем. Лепш дайце мне хлопцаў, і я хутчэй пайду на выкананне вялікай справы. Мне а дванаццатай гадзіне ночы трэба быць у Слабадзе.

- Гм, - паціснуў плячамі Верабейчык і глянуў на Пінчука. - Там жа нямецкая дывізія стаіць.

- Ну і што, я там быў. Калі ўсё будзе ўдала, дык сёння не стане ў жывых генерала, камандзіра дывізіі, і ў нас будуць важныя дакументы.

Валодзя падрабязна расказаў аб падрыхтаванай аперацыі ў Слабадзе. Камандзіры здзіўляліся, але лічылі выкананне яе рэальнай справай.

- Я ўжо стаўлю пад сумненне ажыццяўленне любой задачы. Думаў: прыйду, адпачну, вазьму вінтоўку і пайду на сустрэчу, а тут каля свайго двара: «Рукі ўгору!» Гэта маё шчасце, што Шабліна няма, а то сустрэўся б не з перакладчыкам, а з сырой зямлёй.

- Ну, ты так ужо... Мы ж таксама думалі, што Шаблін накіраваў цябе ў штаб брыгады. А ён, бачыш, што зрабіў, - гаварыў Верабейчык.

- Таварышы камандзіры, давайце сход адкладзём або правядзіце без мяне.

- Як, ты ж віноўнік гэтага сходу, - сказаў камандзір атрада.

- Мне вярніце мой аўтамат. Дайце некалькі добрых хлопцаў, а не - дык я адзін пайду. Я не магу затрымлівацца.

Камандзіры пераглянуліся.

- Твая ж былая група пакуль бяздзейнічае. Вось і бяры яе, - сказаў Верабейчык. - Сапраўды, сход адкладзём. Ты ідзі да кухні, напэўна, прагаладаўся. А мы дадзім каманду падрыхтаваць для цябе ўсё.

Калі дыверсанты даведаліся, што Валодзю паставілі зноў на чале іх групы, яны не вытрымалі і прыбеглі да кухні. Жанчыны лаялі іх, што, маўляў, не дадуць хлопцу паесці, а Валодзя хуценька кінуў лыжку, устаў з-за дашчанага століка і пайшоў з хлопцамі.

Непадалёк стаяла Валя, яна чамусьці не падышла да Валодзі разам з усімі. Тады хлопец падбег сам да яе, прывітаўся. Дзяўчына пачырванела і сарамліва апусціла вочы.

Толькі па дарозе да Слабады, калі Валодзя з дзяўчынай крыху адсталі ад хлопцаў, яна прызналася, чаму сябе так няёмка адчувала.

Валя даведалася, што Валодзя быў забіты ў той дзень, калі Шаблін з Зінай рыхтаваліся пакінуць атрад. Дзяўчына плакала на вачах ва ўсіх партызан, лаяла Шабліна, а потым паспрачалася з Зінай, абазвала яе ўсякімі словамі і дакарала, што Валодзю загубіла толькі яна. А потым, усякія ёсць людзі, многія кпілі з Валі, што не без прычыны яна плача па Байкачу, вялікая любоў, значыць, у іх была.

- А я так, мне шкада цябе было. Успамінала, як у школе за адной партай сядзелі, які ты быў жартаўнік. Ты ўрокі не слухаў, а ўсё маляваў мяне. І я аднойчы заявіла настаўніцы. Вось дурная была.

- Я і слухаў, і маляваў. Памятаю гэты выпадак. Тады гістарычка на мяне сказала, што яшчэ адзін Цэзар знайшоўся. Я не ведаў, чаму яна так сказала, а потым толькі нехта растлумачыў, што Цэзар мог адразу выслухоўваць некалькі чалавек і тут жа кожнаму даць адказ.

- Сапраўды ты такі і быў, гаворыш са мной, а настаўнік выклікае, скажаш, што тлумачыць і ён.

- Валечка, ты за гэта мяне і цяпер шкадавала?

- Не, наогул шкада маладога чалавека. А я наслухалася пра цябе расказаў, які ты быў воін, дык ганарылася табой.

- А цяпер не будзеш?

- Цяпер паглядзім, - бліснуў з-пад верхняй губы дзяўчыны белы рад зубоў.

- Чаго ты смяешся?

- Мне неяк лёгка і весела. Здаецца, так бы ішла, ішла ў свет.

- Зразумела, толькі каб уперадзе такая ахова была, як цяпер.

- Хлопцы ўсе перажывалі за цябе. Галоўнае, за такую недарэчную смерць. Яны нават у пагоню за Шабліным кідаліся, а ён, гад, знік. Дагналі Зіну, дык што яна... Дамоў паехала. Кажа, што як толькі ад лагера ад'ехалі, дык ён узяў аўтамат і ў лес, а ёй сказаў ехаць дадому. Ты не ведаеш, Шаблін ніякі не палітрук. Ён быў чырвонаармеец, прозвішча Капыцкі, недзе нешта натварыў, дык яго прыслалі ў Ломжу ў будаўнічы батальён, у якім трымалі тых, хто правінаваціўся. А Шаблін-палітрук быў таксама ў Ломжы, толькі ў другой часці. І пры адступленні той прысмактаўся да Шабліна. Ёсць сяржант у штабе злучэння, які адступаў разам з палітруком, і ў адным баі яны разлучыліся, а Капыцкі застаўся з Шабліным. Вось Капыцкі і выцягнуў у Шабліна дакументы. Зразумела, што ў баі палітрук быў забіты або паранены.

- О, Божа мой, - зморшчыўся Валодзя. - І навошта я кідаў і сабе і яму пад ногі гранату? Гэта ж трэба было перарэзаць яго з аўтамата - і ўсё.

- Дык чаму ж па табе і перажывалі так.

- А дзе ён цяпер можа быць?

- Хто яго ведае, разведчыкі шукаюць.

- Трэба мне заняцца яго пошукамі.

- На чорта ён табе. Ты думаеш, так яго возьмеш?

- Толькі б напасці на след. Чаму мне адразу ніхто пра Шабліна-Капыцкага не расказаў?

- Гэта так прыелася, і здаецца, што ўсе ведаюць.

Валодзя ўзняў галаву. Здалося, што гойдаецца зямля пад нагамі і замітусілася надвячэрняе неба. Ён ухапіўся за Валіну руку.

- Што з табой? - запытала дзяўчына.

- Ведаеш, вось цяпер толькі ад мяне адхлынула напружанасць. Усё ж я быў правы, правы не ў паводзінах, дык у думках. Але хопіць пра гідоту гаварыць. Я ж быў у тваёй маці і дзве ночы начаваў там.

- Ты жартуеш?

- Не, Валечка, сапраўды. Ты так падобна на маці. Я сказаў, што я твой жаніх і, як толькі скончыцца вайна, буду зяцем.

Валя зноў пачырванела. А яшчэ больш падфарбоўваў яе твар чырвоны захад сонца. Валодзя паглядзеў на дзяўчыну, і яму здалося, што ён ідзе з Зінай, але не Шаблінай, а яго Зінай.

- Скажы, а як рэагавала Зіна на маю смерць?

- Так, як і на тое, калі цябе ў шпіталь адпраўлялі.

- Яна ж мяне кахала.

- Хто, яна? - насупіла бровы Валя. - Яна была камандзіршай і ганарылася гэтым.

- Раней яна мне гаварыла так...

- Пойдзем хутчэй, дагонім хлопцаў.

- Ну, чаго ты, Валечка?

- Я не хачу слухаць тваіх разважанняў пра Зіну. Ты не зразумеў яе. Мы ўсе плакалі, а яна пасміхалася і, напэўна, задаволена была геройскім учынкам свайго мужа.

Валодзя задумаўся. Хоць першы крок у яго каханні, але ж ён застанецца на ўсё жыццё вялікім урокам. Ён у шпіталі не разумеў, калі чытаў верш Сіманава «Чакай мяне».

Ён думаў, што гэты верш адрасаваны некаму іншаму, жанчынам, а не яго дзяўчыне. Валодзя паглядзеў на Валю і запытаў:

- Ты каго-небудзь кахаеш?

- Чаму гэта ў цябе такое пытанне раптам?

- Так.

- Я ж не Зіна, каб аднаго кахаць, а за другога замуж выйсці. Гэта ўжо занадта. Я не паспела яшчэ закахацца.

- Чаму, цябе ж многія, напэўна, любяць?

- Ну і што з таго?

- Так, кажуць, выйшла сонца з-за стагоў, ну і што з таго. Так і ты.

Валя засмяялася.

- Сапраўды, добра сказана.

- Валечка, у нас будзе час сёння зайсці да тваёй маці, зойдзем?

- Там жа немцы!

- Я сёння раніцай толькі адтуль. Ці ты саромеешся?

- Калі ты так гаворыш, дык я скажу, што дарэмна я плакала па табе.

Хлопца так кранулі гэтыя словы, што ён змоўк, узяў за руку Валю і задуменна ішоў па палявой дарозе.

Дагаралі апошнія жнівеньскія кветкі, ад праменняў заходзячага сонца пазалотай пакрыліся ржышча, прыдарожны быльнёг. А балота, зарослае лазняком і бярэзнікам, было шэрае, бо сонца не даставала да яго, толькі ледзь свяціліся шапкі стажкоў.

Валя не вызваляла руку, хаця хлопцы і азіраліся, каб паглядзець, наколькі яны адарваліся ад камандзіра. І пачуцці душы, і думкі ў Валі былі зусім іншыя, чым учора і нават сёння раніцай. Змяніліся яны толькі тады, калі Верабейчык аб'явіў, што групу зноў будзе ўзначальваць Валодзя Байкач.

Валя ішла і думала, што Валодзя не камандзір, а больш падобны на таго жураўля, які ляціць уперадзе і за сабою цягне ўвесь касяк - ён важак. Чамусьці хлопцы ленаваліся ісці на заданне, не жадала хадзіць і яна. Ужо думала перайсці зноў на кухню. А сёння ў яе з'явіліся крылы і, можа, больш таму, што яна заўважыла, як ажывіліся хлопцы. Яны гаварылі, што з Валодзем можна зрабіць такі подзвіг, які ўявіць сабе нельга. Хадзілі яны на чыгунку двойчы з новым камандзірам Вітушкам, ён у арміі старшыной быў. Перад тым як ісці на заданне, абавязкова ўсіх паставіць у шарэнгу. Раскажа, якая перад дыверсантамі стаіць задача, папярэдзіць, каб усе былі дысцыплінаванымі. А калі падыходзяць да чыгункі, камандзір ідзе ззаду, цяжка дыхае. Некаму з хлопцаў здасца, што ўперадзе бліснуў агеньчык, другі пацвердзіць, хаця і нічога не бачыў. «Лажысь! - падае каманду Вітушка. - Адпаўзаць!» Вернуцца ў вёску ў партызанскай зоне, з хаты без дазволу нікому не выходзіць! У адзінаццаць гадзін вечара адбой. Там іншыя партызаны вечарынку арганізавалі, а ім хочаш не хочаш - спі. Назаўтра зноў такі ж паход на чыгунку паўтарыўся. Дыверсантам адразу ж абрыдла такая гульня, і яны патрабавалі ехаць у лагер, маўляў, на зыходзе пароль, і іх хутка могуць свае пастраляць. Прыехалі ў лагер і ў адзін голас заявілі камандзіру роты, што з Вітушкам яны больш на дыверсіі не пойдуць. Верабейчык адпрэчыў новага камандзіра. І гэта было толькі пазаўчора. І на табе, нібы з таго свету з'явіўся Байкач. Гэтаму агеньчык не здасца ўваччу. Ён сам пільны, чуйны і заўсёды ідзе ўперадзе групы, а адыходзіць ззаду.

- Валя, аб чым ты думаеш? - раптам запытаў Валодзя.

- О, каб ты ведаў... Каб ты толькі ведаў...

- Ну, аб чым?

- Не скажу.

- І не кажы. Так, а як Пыліла да цябе адносіцца?

- Пасля таго выпадку ў лесе і не крануў мяне. Гаварыў, што вельмі перажываў, баяўся цябе.

- Дык ён быў задаволены, што мяне не стала.

- Не, я спачатку сама так думала, а потым пераканалася, што ён шкадаваў цябе. Нават мне сказаў, што лепш бы Валодзя выгнаў яго з групы, але сам жывы быў.

- Ты даравала яму?

- Ужо даўно злосць прайшла.

- Няхай ваюе, я таксама не буду яму пра тое ўспамінаць.

Сонца схавалася, і хлопцы спыніліся: чакалі камандзіра.

- Што, стаміліся?

- Не, - у адзін голас адказалі дыверсанты. - Не знаем, куды далей ісці.

- Тут разам пойдзем. Нам чакаць прыйдзецца да дванаццаці гадзін. Думаю, зойдзем у балоце да стажка і там адпачнём.

Валя параўнялася з Валодзем і ціха напомніла, што ён абяцаў правесці яе да маці.

- Так, вы каля стажка адпачняце, а я з Валяй у Слабаду схаджу, тут блізка. Няхай Валя да маці наведаецца.

- Мы здзіўляемся, ішлі вось і разважалі, - падышоў да Валодзі Анатоль Зубёнак. - Як у цябе ўсё атрымліваецца проста: «Сходзім у Слабаду», а там дывізія стаіць.

- Ну і што? - засмяяўся Валодзя. - Гэта ж лепш і бяспечней зайсці ў вёску ў такі час, а галоўнае, мы ведаем, што там размешчана дывізія. Больш было б небяспечна, скажам, тады, калі б мы ішлі ў вёску і не ведалі, што па ёй блукае дзесятак гітлераўцаў. А так што? Усе хаты яны не занялі, большасць салдат у палатках, дык і лічы, што па канцах вёскі, ля складоў, ля штаба - вартавыя, але ж не на кожнай баразне ў агародзе. Дык вось і ідзі смела. Якая б сіла ні была, галоўнае, ведаць, што яна там ёсць, і ведаць яе размяшчэнне.

Усе дыверсанты напружана слухалі свайго камандзіра. Пыліла нават забягаў наперад, адпіхваючы сяброў, каб крочыць побач з Валодзем.

Партызаны ўзышлі на тарфяную сцяжынку і гуськом расцягнуліся за камандзірам. Валодзя ім яшчэ ў вушы не ўвёў, што ноччу за імі можа быць пагоня. Ён будзе аналізаваць абставіны і тады аддасць каманду, што каму рабіць. А цяпер нельга адцягваць увагу хлопцаў ад галоўнага, ім трэба будзе цярпліва чакаць, каб сустрэць перакладчыка і палонных. Няхай нават на іх спінах сядзяць гітлераўцы.

Хлопцы спыніліся каля стажка, а Валодзя з Валяй пайшлі далей.

Валіна маці абрадавалася і разгубілася, як убачыла Валодзю. Раніцай, калі хлопец адыходзіў ад яе, ён выглядаў зусім інакш. А цяпер у вайсковай гімнасцёрцы і з аўтаматам. Размоў ніякіх у хлопца не магло быць з Тацянай Мікалаеўнай, бо за двое сутак яны перагаварылі аб усім. Валодзю пасля напружанага дня хацелася спаць, і ён сеў і схіліўся над сталом.

- Прайдзі ды на канапу прыляж, - сказала Валіна маці.

- Добра, добра, я крыху адпачну.

Спаў хлопец нядоўга і прахапіўся сам. Хаця Валя з маці і гаварылі шэптам, але абрыўкі іх размовы Валодзя чуў. Ён чуў, як маці ўспамінала нейкага Гутава сына, які заходзіць і ўсё пытае пра Валю, як дачка адказвала, што яна ненавідзіць яго, і раіла маці гнаць таго вон.

Валодзя ўстаў з канапы, размова спынілася. Ён узяў аўтамат і выйшаў на кухню.

- Колькі часу цяпер?

- Трэба было яшчэ адпачываць, - сказала Тацяна Мікалаеўна. - Я зараз пагляджу.

Яна падышла да сценкі, на якой цікалі ходзікі.

- Палавіна адзінаццатай, - сказала Тацяна Мікалаеўна.

- О, Валечка, трэба ісці. Пакуль да хлопцаў ды адтуль на месца...

- Пойдзем.

- Дзеткі мае, няхай вам Бог памагае, шчасліва, - сказала маці і правяла ў агарод.

Валя з Валодзем пайшлі, а постаць маці яшчэ доўга чорным слупком праглядалася на агародзе.

Чарот, ракітнік, бярозкі ўтрымлівалі незвычайную цішыню. Яны нібы прыслухоўваліся да навакольнага жыцця, улоўлівалі кожны гук, які даносіўся здалёку, і адразу ж глушылі яго. Сёння надзвычай таямнічым было балота. Здавалася, што і яно такое насцярожанае, як гэта групка партызан, і замерла ў трывожным чаканні.

Валодзя разумеў становішча Данілава. У перакладчыка сёння будзе першая дыверсія, а першая, яна заўсёды звязана з велізарнай душэўнай напружанасцю. Дыверсанты ж каля стажка былі ў прывычным стане, ім не ўпершыню сядзець у чаканні буры.

- У чым заключаецца наша задача сёння? - запытаў Пыліла, калі да стажка падышоў Валодзя.

- Задача можа быць вялікай, а можа быць нязначнай. Калі немцы кінуцца ў пагоню за перакладчыкам і палоннымі, справа, канешне, ускладніцца. Трэба будзе завязаць бой, каб адсячы пагоню, а калі не, дык гэта зусім проста: сустрэнем перакладчыка з палоннымі і пойдзем. Давайце паціху рухацца да назначанага месца.

Камандзір павёў групу наўпрасткі. І гэта не таму, каб хутчэй дайсці, а з мэтай перасцярогі. Мала што можа быць! І калі немцы зрабілі засаду, дык абавязкова яны будуць на сцяжынках паблізу таго месца, куды намячалася прыйсці партызанам. Хаця ў здраду перакладчыка Валодзя не верыў, адзін ён бы, можа, і па сцяжынцы пайшоў, а цяпер з ім людзі.

Ішлі ціха, боты глыбока пагружаліся ў мяккі мох. У Слабадзе ўжо зрэдку ў вокнах свяціліся агеньчыкі. У Карабанчыкавай хаце было цёмна.

- Спынімся пакуль што тут. Калі пачуем выбухі, кінемся да ўмоўленага месца.

Хутка дванаццаць. Усе дыверсанты нібы замерлі ў чаканні выбуху, і кожны па-свойму ўяўляў яго. Валодзя чакаў глухіх выбухаў гранат. Заставалася дваццаць хвілін да дванаццаці, як ад Карабанчыкавай хаты пачулася кароткая аўтаматная чарга. У Валодзі мільганула думка, што не так усё планавалася. Аўтаматных выстралаў не павінна было быць. І раптам два глухія выбухі, і ўзвіліся ўгору зыркія языкі полымя. Тады Валодзя кінуўся наперад, а за ім усе дыверсанты.

Хвіліны дзве пасля выбухаў у вёсцы стаяла цішыня, а потым пачуліся воклічы на нямецкай мове. Затахкалі вінтовачныя і пісталетныя стрэлы, узвіліся ракеты. Трывога пакацілася па ўсёй вёсцы. Раптам Валодзя заўважыў, як прама на іх бяжыць адзін чалавек. Ён падае, устае і зноў бяжыць. Камандзір выйшаў з-за куста і пайшоў яму насустрач. Перад ім, задыхаўшыся, спыніўся Данілаў.

- Прадаў, прадаў, гад, - ледзь пераводзячы дых, гаварыў перакладчык. - Пайшлі адсюль, пайшлі хутчэй...

- Сабак у дывізіі няма? - запытаў Валодзя.

- Не.

- Тады пойдзем па сцежцы, хутчэй будзе.

Партызаны падбеглі да вёскі Дубраўка і спыніліся на ўскраіне сасновага лесу. І адтуль над Слабадой было відаць зарава. Прыселі. Валодзя пачаў распытваць у перакладчыка, што там здарылася.

- Зрабіў я ўсё, як дамаўляліся. Перагаварыў з палонным, які меў уплыў на ўсіх астатніх. Палонныя ўзялі з сабой сякеру. Яны павінны былі аглушыць вартавога немца, які сядзеў у прылазніку, і падысці да мяне. Заўважыўшы іх, я б бясшумна расправіўся са сваім напарнікам-вартавым. Але а палове дванаццатай падбег да мяне капітан Генрых, ён немец, але сябар не толькі мой, але і ўсіх расейцаў, і кажа: «Данілаў, калі ёсць куды бегчы - уцякай, павесяць. Новы палонны прадаў вас». Генрых жыве якраз каля лазні. Палонны, як яго прозвішча... я ж пытаў у яго сам: Капытка, Капыткін...

- Можа, Капыцкі? - падказаў Зубёнак.

- Вось, вось, Капыцкі. Ён падбег і пастукаў капітану ў акно. Генрых выйшаў, палонны яго за рукаў - і павалок да лазні. Вартавы яшчэ трывогі не ўзнімаў, але ўжо стаяў на дварэ, наставіўшы вінтоўку на дзверы лазні. Капітан вярнуўся, узяў некалькі салдат з сабой і пайшоў у лазню. Абшукалі і знайшлі ў аднаго пад поясам сякеру. Гэты ж Капыцкі крычаў, што іх падгаварыў Данілаў. Хацелі генерала бух. Генрых пакінуў салдат і хутчэй да мяне. Перадаў ён гэта і хуценька пайшоў. А я да гэтага ўжо хату абліў бензінам. Што, думаю, рабіць? І тут жа вырашыў. Каля дзвярэй таптаўся мой напарнік. Я хутчэй да яго: даў чаргу ва ўпор і кінуў дзве гранаты праз акно ў пакой генерала. Падпаліў вугал хаты і пабег. Невядома, што з генералам, забіў я яго ці не.

Усе ўважліва слухалі перакладчыка. Валодзя не ўлавіў ноткі фальшу ў яго расказе.

- А якое ты, Валя, казала сапраўднае прозвішча Шабліна? - запытаў Валодзя.

- У тым жа ўся і справа, што прадаў Капыцкі, былы Шаблін, - сказаў Зубёнак.

- Так, Капыцкі. А што, вы яго ведаеце? Ён жа гаварыў мне, што ён палонны і зусім нядаўна ў Жлобіне з эшалона саскочыў.

- І вы паверылі таму прайдзісвету. Трэба было б, каб палонныя прыкончылі спачатку яго, а потым вартавога, - разважаў Пыліла.

- Я зусім не чакаў, што так можа здарыцца.

- Як вы думаеце, што з палоннымі зробяць? - запытала Валя ў Данілава.

- Расстраляюць, бо генерала я або раніў, або забіў.

- А Капыцкі?! - запытаў нехта.

- Капыцкі пойдзе ўгору. Ужо ў лазні пад вартай сядзець не будзе. Будзе накшталт старшыны: ганяць сваіх людзей на працу, у аблавах удзельнічаць, яго можа выкарыстоўваць і разведка. Хутчэй за ўсё яна яго і падбярэ.

- А якая магчымасць можа быць мне з ім разлічыцца? - запытаў Валодзя ў Данілава.

- Гэта не так цяжка. Пакуль што ён будзе на пабягушках. Напрыклад, ездзіць з людзьмі ў лес або вазіць на станцыю збожжа. Зразумела, ён не адзін будзе. Камандаваць будуць і салдаты. Але ж вёска вялікая, усе разам па хатах яны хадзіць не будуць. Вось дзе-небудзь у двары яго і ціскануць. Толькі ж ён адкормлены, здаровы, і аднаму з ім цяжка будзе справіцца.

- Я вазьму карабін і бясшумку.

- А што гэта за бясшумка?

- Ды ёсць прылада такая для бясшумнай стральбы.

- О, тады можна зусім лёгка з ім расправіцца.

- Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Жанчыну якую-небудзь.

У Дубраўцы партызаны зайшлі да дзеда Цімоха. Валодзя яго ведаў яшчэ з даваеннага часу. Дзед Цімох быў выдатны паляўнічы. Бывала, ідуць хлапчукі са школы, а ён насустрач нясе ўжо лісіцу або пару зайцоў. Старога ў першыя дні акупацыі арыштавалі, патрабавалі, каб аддаў ружжо, але ён выстаяў, не аддаў. І летась з аднаго выстралу карцеччу двух абходчыкаў на чыгунцы ўлажыў. Здарылася так, што зайшлі да яго дзве дзяўчыны-разведчыцы, у абедзвюх толькі пісталеты, а ім трэба чыгунку перайсці. Памкнуліся - немцы абстралялі. Тады дзед Цімох іх і перавёў.

Дзед Цімох падпаліў смаляк на камінку і агледзеў партызанаў.

- Здаецца, усіх ведаю, а вось хто вы будзеце? - запытаў ён у перакладчыка.

Данілаў паціснуў плячамі і ўсміхнуўся.

- Што, не разумееш нашай мовы?

- Чаму, ведаю.

- Дык ты наш, а я гляджу вось на шапку, на мундзір і думаю, што хлопцы ўжо недзе афіцэра злавілі.

- Не, дзядуля, гэта партызан, а форма яму такая патрэбна, - сказаў Валодзя.

- Старая мая нешта занядужала, дык я вам сам чаго-небудзь паесці дам.

Цімох пайшоў у бакоўку і вярнуўся з місай агуркоў і кавалкам сала. Партызаны селі за стол.

- Дзядуля, вы часам не ведаеце, у вашай вёсцы, можа, ёсць жанчына, у якой былі б сваякі ў Слабадзе? - запытаў Валодзя.

- Гм, пачакай, падумаю... - Стары пачаў пяцярнёй расчэсваць сівую бараду і ўслых пералічваць: - У Аўдоцці - не, у Зінкі - не, у Надзькі - не, у Алены - так, яна сама са Слабады, а сюды замуж выйшла.

- Яна маладая?

- Не, парахня ўжо сыплецца.

- Ну, а зможа яна там што-небудзь даведацца, заўважыць? - працягваў Валодзя.

- У-у, яна хітрая баба.

- Дзе ж нам пераспаць крыху?

- Дзяўчыне я на канапе пасцялю, а вам прынясу саломы, на падлозе давядзецца.

- А сенавал у вас ёсць?

- Ёсць.

- Мы туды лепш пойдзем.

- Ідзіце сабе. А я ўжо спаць не буду.

- Чаму?

- Пайду на вуліцу. Мала што, можа, чорт немцаў адкуль несці будзе, дык я здалёк чую.

Правільна гэта ці не, але Валодзя звычайна не выстаўляў вартавых. Сяргееў лаяў яго за гэта, але ж ён не падпарадкоўваўся. Дыверсанты часта начуюць у тых вёсках, дзе знаходзіцца вораг. Колькі разоў група спынялася і праводзіла дні і ночы ў Слабадзе. Прыйдзе скрытнымі мясцінамі ў двор надзейнага чалавека, размесціцца на сене і адпачывае. Па вуліцы праедуць немцы, паліцэйскія, недзе каля лесу акружаць і ператрасуць колькі двароў, а група ў бяспецы. Там, дзе немцы стаяць, яны не бегаюць кожны дзень у сотні хлявоў. А пастаў вартавога, ён адразу ж узніме трывогу. І вось тут пакідай вартавога і ўцякай або ўвязвайся ў бой. А так адпачыў, паклаў міну пад бок ворагу і пайшоў.

Праўда, звычайна гаспадары ўсё роўна трывожацца і ідуць на варту, як сёння дзед Цімох. Такую варту Валодзя прызнаваў. Дзядуля можа і з немцамі пагаварыць, і заўважыць іх настрой: паедуць яны далей праз вёску ці спыняцца тут. Дзед Цімох вярнуўся ў хату, калі ўжо добра развіднела. Валодзя перадрамаў у Валінай маці і цяпер не заснуў. Ён чуў, як ляпнуў дзвярамі дзед Цімох. Валодзя саскочыў з сенавала і пайшоў услед.

- Ведаеш, сынок, над Слабадой было нейкае зарава, і ўвесь час узвіваліся ракеты, - такімі словамі сустрэў дзядуля Валодзю. - Туды небяспечна ісці, там нешта здарылася.

- Я ведаю, там на нямецкага генерала замах быў, але невядома, чым усё скончылася. Скажыце, Алена ад вас далёка жыве?

- Не, цераз хату.

- А як яна да партызанаў?

- У яе сын лейтэнант у арміі.

- Дык трэба схадзіць да яе.

- Як хочаш, а не, дык я магу запрасіць сюды.

- Прашу вас, дзядуля, запрасіце.

Стары, ссутуліўшыся, пайшоў за дзверы. Валя роўна дыхала на канапе, сціснуўшы пухлыя губы. Валодзя падышоў і прытуліўся тварам да дзявочай шчакі. Успырхнулі яе чорныя вейкі. Яна закрыла рукою вочы, павярнулася і ціхім голасам прамовіла:

- Гэта ты, Валодзя, а я такі сон толькі што бачыла... і ты разбудзіў.

- Добры?

- Не ведаю, цябе бачыла...

- Я тут быў, дык ты і бачыла.

- Не, мы былі не тут. Потым раскажу, яшчэ пасплю крыху.

Бразнула клямка, і ў хату ўвайшлі дзед Цімох з Аленай. Па стомленых блакітных вачах, па маршчынках на твары было відаць, што жанчына перанесла за жыццё нямала пакут. І цяпер яе вочы былі мокрыя, нібы толькі што яна плакала.

Як высветлілася, у сорак першым годзе п'яны немец застрэліў яе мужа. А летась гітлераўцы схапілі ў Жлобіне на базары дачку і звезлі ў Германію.

- Скажыце, у вас ёсць хто ў Слабадзе са сваякоў? - звярнуўся да цёткі Алены Валодзя.

- А як жа, сястра там жыве.

- Дзе яна там жыве?

- Ды каля мосціка.

- Цудоўна, гэта ад калгаснай лазні недалёка?

- Ага, там.

- Цётачка, мы б вас вельмі прасілі схадзіць у Слабаду і разведаць, што там здарылася ў гэту ноч. Сястра будзе ведаць.

- Я ўсё і сама збіралася, але ніяк не выбралася. Добра, я зараз і схаджу. Я ўжо ўправілася. Тады сюды зайсці да вас?

- Так, сюды. Вельмі прашу...

Жанчына пайшла. А дзядуля ўзяў міску, хлеб і панёс у другую палавіну хаты, напэўна, бабулю карміць. Валодзя сеў і задумаўся. А што, калі б за гэты час, пакуль жанчына сходзіць у Слабаду, збегаць у Дубовую Граду да маці. Яна там недзе страшэнна хвалюецца за яго.

Устала Валя.

- Я ўжо не заснула, як ты разбудзіў.

- Спі, яшчэ рана. Я думаю ў Дубовую Граду прабегчы.

- Што, Зіну наведаць? - крыва ўсміхнулася Валя. - Дык яна яшчэ не радзіла.

- Я пра Зіну нават і не падумаў.

- Скажы, баяўся Капыцкага, дык не падыходзіў, а цяпер можна.

- Валечка, пойдзем са мной, калі хочаш.

- Яшчэ чаго не хапала. Я на яе глядзець не магла ў лагеры.

- Гэта ты яе раўнавала да Капыцкага, ён жа цябе таксама кахаў.

- Гэта каханне было, калі я толькі прыйшла ў атрад, тады я, дурная, плакала. На цяперашні розум - няхай сабе, што ён камандзір, а я яму б аплявуху дала.

- Я не ведаў, што ты такая злосная. І мне трэба баяцца цябе?

- Ты - іншая справа, - павярнулася да акна Валя.

Валодзя падышоў і пагладзіў яе па каштанавых валасах, якія буйнымі хвалямі лажыліся на плечы. Хлопец гаварыў ёй, што яго маці ведае, у якое становішча ён трапіў. І ўжо, напэўна, агледзела салому ў малінніку, дзе на яго рабілі засаду. Яго маці такая, што праверыць кожны слядок і пазнае, што сын быў каля двара.

- Пойдзем, Валечка, га?

Валя нічога не адказала, а села на край канапы і нацягнула боты, якія ёй падарыў Валодзя.

- Я не люблю гэтых ботаў, бо яны не мне прызначаліся.

- О, смешная ты, хіба разбярэшся, што каму прызначаецца ў такім жыцці. Я цябе два гады ў вочы не бачыў, хіба мог я што-небудзь прызначаць. А мне шкада цябе стала, што ты так апранута і абута была.

- Ай, - ушчыпнула Валодзю за бок дзяўчына. - Пойдзем.

Валодзя ціхенька адчыніў дзверы ў другі пакой і сказаў:

- Дзядуля, хлопцы няхай спяць, а мы з Валяй сходзім у Дубовую Граду, хутка вернемся.

- Добра, я скажу ім.

Валодзя з Валяй не пайшлі па вуліцы, а выйшлі на ўскраіну лесу і абагнулі вёску.

Ранішняе сонца ўжо свяціла, але яшчэ не грэла. Шэрымі разлівамі стаяў у лагчынах туман. Тлустыя жаваранкі ўжо не віселі ў паветры і не цягнулі сваю задуменную песню, а праляцяць крыху над полем і цяжка падаюць у ржышча. Над могілкамі ля Дубовай Грады мітусілася вараннё і драла на ўсё горла.

- Валя, ты была ў нашай вёсцы?

- Не.

- Бачыш, які ў яе цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Ды не такая града, якую ты бачыла ў горадзе. А паддонная марэна, пакінутая ледніком, зарасла дубамі. Дубы стройныя, вялізныя, немцы іх спілавалі. Частку вывезлі, а частка ляжыць. Ужо некаторыя аблупіліся і ляжаць, нібы мамантавы косткі, дзеля таго, каб людзі памяталі, што раслі яны тут калісьці.

- У мяне нешта сэрца трымціць. І на душы так, як тады, калі з эшалона нямецкага ўцякала, - прызналася Валя.

- Чаму?

- Усе ведаюць, што ты з Зінай хадзіў, а цяпер ужо... Ды каб з усёй групай, а то адна да тваёй маці іду.

- Мая маці добрая і адначасова раўнівая. Калі даведалася, што Зіна выйшла замуж, дык яна яшчэ вышэй галаву падняла і кажа: «Падумаеш, сынам маім пагрэбавала, у яго лепшыя за яе будуць». Ну, вось я і пазнаёмлю цябе.

- А для чаго, для насмешкі?

- Для якой насмешкі? Ты ж пр-прыгожая і разумная, - апошнія словы Валодзя неяк сарамліва выціснуў з сябе.

Адносіны паміж маладымі людзьмі пачыналі прымаць усё больш сур'ёзны характар, і таму гаварыць ім станавілася цяжэй. Гэта не тое што жартам сказаць: я цябе кахаю. Чым больш Валодзя размаўляў з Валяй, тым больш ахутвалі яго, скоўвалі нейкія няясныя хвалюючыя пачуцці. Хвалявалася яна, пачынаў хвалявацца і ён, а чаму, адказаць бы не змог. Ён задаволены, што зараз пазнаёміць яе з маці. Тая будзе рада, што сын прыйшоў у ранейшай форме, што побач з ім не Зіна, а другая прыгожая дзяўчына. А так маці крыўдна было, калі яе сын быў адзінокі, сумны, абяззброены. Яна ўсяго не ведала, што здарылася з ім, але ж сэрца маці адчувала няладнае.

- Вось і прыйшлі, - спыніўся ля свайго двара Валодзя і паглядзеў у Валіны вочы.

- Я, можа, пачакаю цябе тут на вуліцы, га?

- Што ты, Валечка, скажу маці, выйдзе, дык табе яшчэ больш сорамна будзе.

- Вунь Зіна, - ціха сказала Валя і пачырванела.

Валодзя азірнуўся. Сапраўды, пераходзіла вуліцу Зіна. Яна заўважыла партызан, спачатку спынілася, а потым хуценька пакрочыла да свайго двара, але ўжо не той паходкай, якую Валодзя памятаў. У хлопца ёкнула сэрца, ён стаяў моўчкі, нібы вінаваты, а перад кім - і сам не ведаў.

Маці заўважыла сына праз акно і выскачыла з хаты.

- Сыночак, чаго ж вы стаіцё, заходзьце.

- Пойдзем, Валя. Мама, яна не хоча ісці.

- Чаго гэта? Хадзі, ты ж партызанка, смелай павінна быць. Чаго ж ты не знаёміш, як яе завуць?

- Валя.

- Валечка, пойдзем.

- Ой, мне сорамна, - ужо ідучы ў хату, сказала Валя.

- Яна саромеецца са мной у вёсцы, нібыта Зіна была маёй жонкай.

- Я табе, сынок, раскажу, што яна прыдумала на цябе... Я вось разгубілася і не запрашаю Валю сесці. Сядай, Валечка, сядай.

- Дык што Зіна прыдумала на мяне?

- Я з ёй не размаўляю і не вітаюся нават. Гэта ж падумаць, на ўсю вёску разнесла, што Валодзя хацеў пабіць камандзіра, дык яго расстралялі.

- А-а, яна думала, што мяне няма ў жывых, а сёння ўбачыла.

- Зініна маці выхваляецца, што дачка прыехала дадому раджаць, а яе муж камандзір роты, ордэн мае.

- Лепш бы яна памаўчала аб сваім зяцю, дык больш шкада б было яе дачкі. Ты, мама, нікому не кажы толькі, Зінін муж здраднік, ён у немцаў.

- Ай, бацюхна, дык што ж яна будзе рабіць з дзіцем?

- Жыць і гадаваць яго. Ат, мы завялі нейкую непатрэбную размову. Мама, мы з Валяй знаёмыя яшчэ да вайны, сядзелі за адной партай. Я вельмі не хацеў садзіцца, але класная загадала. Дурны быў, праўда, мама?

- Мне яна больш падабаецца, як Зіна.

Валя пачырванела да вушэй і апусціла вочы. Валодзя ведаў, што маці яго не вельмі любіць партызанак. «Мужчыны павінны ваяваць, а жанчынам там рабіць няма чаго», - заўсёды зазначала яна.

- Мама, Валю гналі немцы ў Германію, і яна ўцякла. Ёй нічога не заставалася рабіць, як шукаць партызан.

- Адкуль жа Валя?

- Са Слабады, - адказала дзяўчына.

- А чыя ты?

- Голуба Рамана, калі чулі такое прозвішча, а маці Тацяна.

- О, я Тацяну Голуб ведаю. Прыгожая і сур'ёзная жанчына. Цяпер бы я сказала, што ты дачка яе, вельмі ж падобна.

Валя зноў пачырванела.

- Мама, хопіць табе допыт рабіць. Дай лепш нам паесці.

- Сапраўды, дзеткі, я загаварылася ад радасці. Зараз, зараз.

Маці пайшла ў сенцы. А Валодзя нагнуўся над Валяй і сказаў, каб не саромелася, бо ён калі ў яе маці быў, дык зусім інакш паводзіў сябе. Хлопец узяў з рук дзяўчыны карабін і паставіў яго ў кут. Увайшла маці, у руках яна трымала графін.

- Гэта ж вам настоечкі дам паспытаць, - сказала яна.

З печы дастала чыгуночак дранікаў і вывернула іх у міску. Валя ела моўчкі, і толькі пасля снедання яна звярнулася да Валодзевай маці:

- Вы ўгаварыце Валодзю, каб ён не ішоў у Слабаду, гэта вельмі небяспечна.

- А чаго ён туды пойдзе?

- Зінінага мужыка хоча забіць.

- Навошта ён, сынок, табе, няхай яго пранцы заб'юць.

- Мама, яна шкадуе Зінінага мужыка, таму так гаворыць.

- Нікога яна не шкадуе, а ведае, што там небяспечна. І я чула, што там поўна немцаў.

- Так, ледзь не забыў. Мама, перадай людзям, што да вас хутка прыедуць гітлераўцы па збожжа, і тыя людзі, што павязуць яго на станцыю, не вернуцца. Зразумела, яны будуць выбіраць маладых, здаровых. Трэба, каб варту ўстанавілі, і калі заўважаць, няхай усе бягуць у балота.

- Добра, сынок, я папярэджу ўсіх.

- Ну, мама, мы пойдзем. Я наведаў цябе, каб ты не хвалявалася.

- Я праводжу вас.

На вуліцы былі людзі: хто нёс ваду, хто некуды спяшаўся, а хто стаяў ля свайго двара. І Валодзя заўважыў, як усе са здзіўленнем глядзелі на яго і, пераканаўшыся, што гэта ён, - віталіся.

«Так, і сюды дайшла кепская чутка пра мяне. Напэўна, Зіне ў такі час было б лягчэй, каб мяне не было», - падумаў Валодзя.

Як хутка ў вайну можа мяняцца становішча чалавека! Учора Валодзя не мог так ісці па сваёй роднай вёсцы, яго вялі па загароддзю з паднятымі рукамі, а цяпер ён ідзе за маці, з партызанкай-сяброўкай і мае такую сілу, што паспрабуй вазьмі яго. Дужы чалавек бывае не толькі таму, што ў яго на плячах верны аўтамат, а і таму, што чалавек мэтанакіраваны і перакананы ў сваёй праваце. Сёння Валодзя псіхалагічна іншы, ён смелы і ўсё роўна пойдзе ў Слабаду, каб разлічыцца са здраднікам Капыцкім.

Маці праводзіла сына з дзяўчынай да палявой дарогі і спынілася.

- Пойдзеце, дзеткі, глядзіце, шануйце сябе.

Яна пацалавала сына і, на здзіўленне яму, Валю. Гэта ўпершыню праявіліся такія адносіны маці да Валодзевай сяброўкі. Ці яна ўжо лічыць сына сталым, ці спадабалася Валя, Валодзя ніяк не мог зразумець. Бо раней, калі размова заходзіла пра дзяўчат, маці хутка яе адводзіла ўбок. Яна рабіла выгляд, што і думкі не дапускае, каб яе сын мог пакахаць дзяўчыну. Але ж калі Зіна выйшла замуж, сябелюбства маці за сына праявілася адразу ж.

- Мая маці першую дзяўчыну пацалавала, гэта цябе, - ціха сказаў Валодзя.

- А ты? - усміхнулася Валя.

- Я... - Валодзя азірнуўся. - Маці стаіць яшчэ.

Сын падняў руку і памахаў, тады толькі маці павярнулася і пайшла.

Апошнія летнія дні былі ціхія і цёплыя. Але ўжо хуткакрылыя стрыжы згрупаваліся і насіліся ў паветры, нібы трэніраваліся перад адлётам. Затрубіў цягнік на Слабадской станцыі, данеслася рэха кулямётнай чаргі з-пад Жлобіна. У Слабадзе, як і ў навакольных вёсках, было ціха.

Валодзя з Валяй зайшлі ў хату дзеда Цімоха, калі ўжо цётка Алена сядзела ў акружэнні партызан. Камандзір глянуў на перакладчыка і зразумеў, што яго аперацыя прайшла не так ужо кепска. Данілаў быў усхваляваны. Калі б не здрада, ён бы зрабіў усё так, як меркавалася. У такім становішчы і то ён генерала цяжка параніў. Цяпер у Слабадзе і ў немцаў і ў нашых людзей на вуснах: «Данілаў, перакладчык». Усіх палонных, акрамя Капыцкага, са скручанымі калючым дротам рукамі, павялі на станцыю. Штаб згарэў. Што ўдалося немцам выхапіць адтуль, людзі не ведаюць. Генерала вынеслі і ноччу ў суправаджэнні лекараў на машыне павезлі ў Жлобін. Некаторыя жанчыны з вёдрамі ў гэты час былі ля Карабанчыкавай хаты. А потым немцы адмовіліся ад дапамогі жанчын і прагналі іх адтуль.

Перакладчыка ноччу шукалі ў хлявах, у суседніх са штабам хатах, і толькі раніцай яны знайшлі след, што вёў да балота.

Валодзя падзякаваў цётцы Алене і сказаў:

- Усё ясна, таварышы, пойдзем у лагер.


Загрузка...