II


Цяпер адрэзак чыгункі Жлобін - Чырвоны Бераг гітлераўцы лічылі менш небяспечным. Абапал яны высеклі снегазатрымальныя палосы акацый і елак, і чыгунка была як на далоні. Многія вёскі, якія размяшчаліся ад чыгункі на палёт кулі, спалілі, а сялянам забаранілі араць зямлю і наогул з'яўляцца на гэтыя ўчасткі. Лес ад чыгункі пачынаўся кіламетраў за пяць, толькі ў адным месцы дробны бярэзнік з саснячком клінам уразаўся ў поле, на ўскраіне якога раскінулася вёска Залессе. Вёска раздзялялася на дзве часткі балацянкай, зарослай густым лазняком. Летам балацянка высыхала і толькі пасярод яе бег паўнаводны ручай.

Чаму гэту вёску немцы не спалілі, розныя былі меркаванні. Старыя гаварылі, што абараніла царква, якая ўзвышалася над хатамі і глядзела ў неба гнілой цыбулінай. Маладзейшыя лічылі, што іх вёску немцы пакінулі з нейкай іншай мэтай, бо гітлераўцам добра было вядома, што ў Залессе партызаны наведваліся часцей, чым у тыя вёскі, якія ўжо былі спалены. У час блакады яны акружылі Залессе і толькі чакалі каманды, каб расправіцца з вёскай. Але са Жлобіна на машыне разам з гестапаўскім афіцэрам прыехаў поп. Афіцэр у яго прысутнасці загадаў зняць блакаду. Гэты факт і паслужыў падставай для розных разважанняў.

Першай пасля зняцця блакады ў Залессе прыехала на конях дыверсійная група на чале з Міколам Верасавым. Яна размясцілася ў знаёмага селяніна. Мікола доўга не затрымліваўся ў хаце. Напіўся вады і адразу ж знік. Ён перайшоў балацянку і пакрочыў за царкву на могілкі, адкуль добра была відаць чыгунка. Там узлез на разгалісты дуб і доўга назіраў у бінокль. Мікола меркаваў, што пасля блакады немцы аслабяць ахову чыгункі. І сапраўды, на кіламетровым адрэзку снавала ўсяго двое гітлераўцаў. Праўда, на даху цаглянага будынка, які стаяў ля пераезда, была зроблена своеасаблівая клетка, у якой сядзеў назіральнік. «Сцямнее, дык там яму няма чаго рабіць, злезе. Абходчыкі да будынка не даходзяць метраў на трыста і паварочваюць назад. Калі ж у іх такая ахова і ноччу, то эшалон скінем», - разважаў Мікола.

Сонца спускалася ўсё ніжэй. Мікола ўжо хацеў вярнуцца і ісці да хлопцаў: трэба было яшчэ адкапаць у агародзе гаспадара ўзрыўчатку, падрыхтаваць усё і скрытымі мясцінамі рухацца да чыгункі. Але раптам ён заўважыў, як палез з даху назіральнік, і рашыў прасачыць, куды той пойдзе. Ён ведаў, што ў доме немцы ніколі не начавалі. Звычайна на засады іх развозіў цягнік або машыны са Жлобіна ці з Чырвонага Берага. Гітлеравец з-за дома не паказваўся. Мікола пачаў пільна ўглядацца і за невялічкім кустарнікам, што рос вакол дома, заўважыў нейкія збудовы, частку сценкі. Ён насцярожыўся. «Напэўна, немцы пасяліліся ўжо там», - падумаў ён. Праз некалькі хвілін з дома выйшлі дванаццаць гітлераўцаў. Мікола прасачыў, дзе яны размясціліся ў засады. Метраў на дзвесце ад дзота ні адзін салдат не спыніўся на чыгунцы. Крыху далей ужо размясціліся засады. «Гэта добра, - падумаў Мікола, - я падыду да вас пад самы нос, к дому. Вы ніколі і не падумаеце...» Ён саскочыў з дуба і хутка пайшоў агародамі да хлопцаў.

Красавала жыта. Пад цяжарам жучкоў-кузькаў схіліліся яго светла-зялёныя каласкі. Каля межаў паказваліся сінія кошычкі васількоў, а побач з імі на валасатых ножках цягнуліся ўгару ружовыя сподачкі кукалю. Дзе-нідзе сплятаў іх з жытам вусаты гарошак, на кветкі якога павісалі чмялі.

Па мяжы адзін за адным крочылі партызаны. Яны абышлі балацянку і па нізінным выгане накіраваліся ў бок чыгункі. Непадалёк у лужыне плёхаліся дзеці. Убачыўшы ўзброеных людзей, яны павыскоквалі адтуль, пахапалі свае штонікі, сукенкі і без аглядкі памчаліся ў вёску.

- Бачыце, што нарабілі фрыцы, дзеці і сваіх пачалі баяцца, - сказаў Анатоль Зубёнак. - Раней гэтага не было. Памятаеце, як яны тут за намі бегалі? А некаторыя нават прасілі: «Дзядзька, дай стрэльнуць...»

- Не ім разбірацца ў гэтым жыцці. Мы значна старэйшыя і то многа чаго не разумеем. Вось я ўсё думаю, чаму немцы нікога не кранулі ў Залессі. А знішчалі нават тыя вёскі, дзе партызаны амаль не бывалі, - задуменна, ціха, нібы сам сабе, гаварыў Мікола.

- Дык нам жа казалі, што абараніў Залессе поп, - заўважыў Федзя Кісляк.

- Не веру я ў гэта. Немцы, браце, такія, што, калі ім не выгадна, яны ніякага чорта не паслухаюць. Магчыма, яны з якіх глыбокіх палітычных меркаванняў так зрабілі. Можа, завітаюць адкуль-небудзь сюды якія духоўныя айцы, і немцы ім прадэманструюць, як «храм божы» выратоўвае людзей, - штучна засмяяўся Мікола.

Калі падышлі зноў да жыта, камандзір загадаў усім прыгнуцца і крочыць за ім. Заданне дыверсанты ўяўлялі, але наперадзе было яшчэ шмат няяснасці. Раней яны выбіралі пэўны адрэзак чыгункі паміж засадамі і ведалі, што з абодвух бакоў у іх знаходзіцца не больш шасці гітлераўцаў, бо ў засаду на чыгунцы яны звычайна садзіліся ўтрох. А цяпер было невядома, колькі салдат размясцілася ў доме, а таксама, ці ёсць ахова вакол будынка. Праўда, камандзір думаў і быў нават перакананы ў тым, што метраў за дваццаць ад дома ў цёмную ноч не будзе сядзець засада, не будзе стаяць і вартавы. Такая думка ў яго з'явілася ўжо па дарозе.

Сонца зайшло, і неба хутка пачала зацягваць чорная коўдра. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі.

На ўзгорку ў жыце група спынілася. Усе партызаны сабраліся вакол камандзіра. Ён шэптам яшчэ раз паўтарыў план дыверсіі, кожнаму даў пэўнае заданне.

У прыглушаных галасах сваіх сяброў Мікола адчуваў хваляванне, а разам з тым жаданне хутчэй ісці на чыгунку, каб ашукаць немцаў і пад самым іх носам узарваць эшалон. Федзя, які павінен быў прыкрываць мінёраў з боку дома, папрасіў бясшумку. Ён даказваў, што яго фланг самы небяспечны.

- Не, - запярэчыў камандзір, - з твайго боку абходчык не павінен ісці. А калі і падымецца трывога ля дома, то трэба адкрыць масіраваны агонь, каб гітлераўцы падумалі, што на іх напалі. Тады яны пабаяцца рабіць пагоню. А так ранім аднаго, а ён гвалту наробіць і падыме ўсіх. Асвецяць ракетай і могуць кінуцца на нас. Чорт іх ведае, якая там сіла, - дом жа вялікі. Давайце выйдзем з жыта, а там да чыгункі будзем дабірацца паўзком.

Партызаны ціхенька пайшлі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Група яшчэ больш сцішыла крок. Усе стараліся ступаць мякчэй. Мікола ішоў першым, і з-пад яго ног раз-пораз успырхвалі сонныя жаваранкі. Неўзабаве да слыху партызан данёсся ціхі грукат з боку Жлобіна. Ён хутка нарастаў, пашыраўся. Было зразумела, што на захад бяжыць цягнік. Здалёку засвяцілася фара паравоза, і партызаны, ужо не захоўваючы асцярожнасці, прыбавілі крок. Лепш за ўсё падыходзіць да чыгункі пад грукат цягніка, таму яны і спяшаліся подбегам па той зоне, дзе меркавалася паўзці. Цягнікі дыверсанты пазнавалі не бачачы. Варта было ім пачуць ледзь улоўны звон пустых цыстэрн, і яны ведалі - гэта «наліўняк». Цяжкая работа паравоза гаварыла аб гружаным эшалоне, а працяглы гул з ціхім грукатам - аб пасажырскім цягніку. Хутка прамчаў цягнік, і хлопцы заляглі. Звечара трава не прыпала расою, і партызаны чакалі дажджу. Але ён і не крапнуў, хаця неба было абкладзена цёмнай хмарай. Нарэшце вецер крыху ўзмацніўся, і група паўзком рушыла ўперад. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Той поўз хутка, толькі калі-нікалі спыняўся, абапіраўся на локаць адной рукі, а другой выціраў пот з ілба, каб не плыў у вочы.

У двары дома мыкала цяля. Напэўна, салдаты прывезлі яго аднекуль з вёскі. Ля чыгуначнага насыпу, злева ад двара, была нізінка. Адтуль патыхала сырасцю.

Мікола першы выпаўз на высечаную снегазатрымальную паласу і залёг. Да яго падпоўз Анатоль, які нёс узрыўчатку. Астатнія партызаны павінны былі з флангаў ахоўваць мінёраў. Яны хутка занялі свае месцы і, затаіўшы дыханне, прыслухоўваліся да кожнага шолаху. Мікола з Анатолем таксама ўспаўзлі на насып. Камандзір ужо выцягнуў з кішэні дэтануючы шнур з капсулямі-ўзрывальнікамі, а Анатоль дастаў з рэчавага мяшка тол. Раптам Мікола схапіў Анатоля за руку, моцна ціскануў яе і высунуў уперад аўтамат. У трох кроках ад партызан стаяў чалавек. Мікола і раней яго бачыў, але лічыў, што гэта слуп з таго боку чыгункі. І толькі цяпер ён зразумеў, што гэта чалавек. Толькі чаму ён стаіць як укопаны? Камандзір крыху падаўся назад. Відаць, Анатоль зразумеў гэта як сігнал да адыходу, бо падхапіўся і, прыгнуўшыся, пабег ад чыгункі. Мікола застаўся. Засцерагальнік яго аўтамата быў адведзены. Варта было чалавеку зварухнуцца, як ён даў бы ва ўпор чаргу. Яшчэ раней былы камандзір групы Валодзя Байкач папярэджваў яго, каб на блізкай адлегласці ніколі не паварочваўся да ворага спіной, і Мікола ляжаў. Чалавек, які стаяў на чыгунцы, гучна загергетаў, штосьці пытаў у Міколы, а ён маўчаў. Тады ён, колькі ёсць сілы, закрычаў: «Партызан! Бандыт! Бандыт!» Мікола даў чаргу. Гітлеравец цераз рэйку рухнуў на Міколу, і ён ледзь паспеў прыбраць аўтамат. Адразу ж над домам узвілася ракета. Мікола павярнуўся і пакаціўся з насыпу. Ён толькі цяпер убачыў, што ўнізе ля чыгункі стаіць густы туман. Другая ракета прарэзала цемру і асвяціла гітлераўца, які ляжаў на рэйках.

- Адыходзьце! - крыкнуў камандзір і сам пабег, прытрымліваючы сумку з аўтаматнымі дыскамі.

Загрукаталі партызанскія боты. Наступную ракету гітлераўцы пусцілі над зямлёю. Яна пераляцела цераз дыверсантаў, зрыкашэціла, упала і дагарэла на зямлі. Ля дома ўзняўся шум. Нямецкія выкрыкі змешваліся з хрыплым рыканнем цяляці. З чыгункі пачулася доўгая аўтаматная чарга, з завалаў затрашчаў кулямёт. Гітлераўцы стралялі ўсляпую, але кулі цокалі паблізу партызан.

Група не давала аб сабе знаць, усе беглі ўрассыпную да жыта на пункт збору.

Немцы ж працягвалі пускаць ва ўсе бакі ад дома ракеты і страляць.

На захад імчаў цягнік. Прыбліжаючыся да дома, ён загуў, і чуваць было, як заскрыгаталі тармазы. Машыніст, напэўна, заўважыў чалавека, які ляжаў на рэйках, і, думаючы, што гэта партызан, вельмі напалохаўся. Але як толькі пераехаў яго, хуценька адключыў тармазы і зноў пачаў набіраць скорасць.

Група сабралася на ўмоўленым месцы. Не было толькі Паўла Пылілы. Мікола прыклаў кулак да губ і тройчы крыкнуў, імітуючы голас дзікай качкі. У партызан быў такі сігнал збору.

Але ў адказ - ні гуку. Навокал стаяла цішыня, толькі чуваць былі яшчэ адзіночныя стрэлы ля чыгункі. Камандзір успамінаў увесь шлях адыходу і аналізаваў, дзе б магло з Паўлам што здарыцца. Адыходзілі яны не так ужо хутка, каб ён мог далёка адстаць. Няўжо яго паранілі, а можа, забілі?.. Заблудзіцца ж ён не мог, бо напрамак, куды пабеглі партызаны, ведаў.

- Калі немцы ўдарылі з кулямёта, ты, Анатоль, не бег за мной? - запытаў Федзя.

- Я чуў, што справа і злева каля мяне бягуць, але ўперадзе нікога не бачыў.

- Тады гэта быў ён. Бег Павел за мной, прама на пяты наступаў, але кулі засвісталі, і я пачуў, як ён затупаў убок, дзе віднеліся нейкія бугаркі, кусты. Гэта было яшчэ недалёка ад чыгункі.

- У любой сітуацыі ён заўсёды круціць і ўсё хоча нешта зрабіць па-свойму, - незадаволена сказаў Мікола. - Я цяпер ведаю яго думку: «Вы, маўляў, пабеглі, а вось будзе пагоня, дык я заб'ю пару фрыцаў». Яго сапсаваў той першы трапны выстрал у былым ваенным гарадку, калі ён забіў фашыста. Дык дурань жа ён, калі зрабіў засаду. Немцы ў такую цемень не пакінуць свае ўмацаванні і не пабягуць у поле. Што ж, будзем чакаць, можа, прыйдзе.

Партызаны заляглі на ўскраіне жыта. Хлопцы затоена маўчалі ў чаканні свайго таварыша.

Камандзір падумаў, што дарэмна ў групу ўзяў Паўла. Хіба не ён на грэблі ля Дубовай Грады навязаў групе бой з узброенай да зубоў ротай гітлераўцаў. Ледзь тады паўцякалі. Хіба не ён употай ад групы пайшоў у вёску да дзяўчат, і давялося паўночы шукаць яго. «Не, няхай толькі вернецца, адпраўлю яго ў атрад», - заключыў у думках Мікола.

Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але затым хмары паступова зніклі, і пачало распагоджвацца. У жыце, недалёка ад партызан, закрычала перапёлка: «Падпалю-падпалю-падпалю...»

Партызаны чакалі, пакуль крыху развіднее, каб ісці шукаць Пылілу. З боку чыгункі даляцеў аддалены шум цягніка.

- Зручны момант, трэба скарыстаць гэты шум і пайсці на пошукі. Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федзя, ты трымайся таго напрамку, дзе бачыў кусты, і я разам пайду. Калі хто знойдзе труп, ніякіх гукавых сігналаў не падаваць, а сесці, яго сусед зробіць гэтак жа, і так па ўсім ланцугу, - сказаў камандзір і першым хутка пайшоў на правы фланг.

Усе спяшаліся параўняцца з ім і разыходзіліся на пэўную адлегласць. Цягнік быў яшчэ далёка, а каля дома зрэдку працягвалі ўзвівацца ракеты.

Партызаны прайшлі ўжо паўдарогі, як наперадзе ў іх пачала крычаць дзікая качка. Яна, напэўна, спазнілася вывесці дзяцей і цяпер па полі пераводзіла іх кудысьці ў вадаём. І вось сустрэлася з людзьмі. Яна лапатала крыламі, крычала, адрывалася ад зямлі, зноў падала. Гэта так адцягвала ўвагу ад качанят. А тыя заціўкалі і зашыліся недзе ў траву, нібы мышы.

Мікола схамянуўся і аж задрыжаў ад злосці. Ён падумаў, што гэта яго хлопцы падаюць сігнал. Але ж ён доўга іх вучыў гэтаму крыку, і так не атрымлівалася. Раптам качка ўзнялася і са свістам праляцела над галавой камандзіра. Тады ён толькі зразумеў, у чым справа, і падумаў: «Гэта добра. Калі Пыліла дзе заблудзіўся, дык пачуў сігнал».

Федзя змяніў свой напрамак і падышоў да Міколы.

- Нам трэба ісці крыху правей, бо ад чыгункі ён бег за мной вунь туды, у нізінку, да кусточкаў, - шэптам гаварыў ён, выцягнуўшы ўперад руку.

- Ты добра помніш? - запытаў Мікола.

- Так.

Пад грукат цягніка, які імчаў на ўсіх парах, камандзір хутка павярнуў убок і падышоў да куста, ля якога стаяла кволая вішанька. Далей цямнеў нейкі прадаўгаваты ўзгорачак. Мікола накіраваўся да яго. Гэта быў склеп. Навокал радочкамі тырчалі пачарнелыя невысокія пні. І ён зразумеў, што гэта хтосьці спілаваў абгарэлыя шулы.

Мікола сеў непадалёк ад склепа, да яго павярнуў Федзя, а за Федзем і ўвесь ланцужок. Усе прыселі ля камандзіра. Дом, у якім размяшчаліся гітлераўцы, знаходзіўся метраў за трыста ад іх. Трэба было захоўваць крайнюю асцярожнасць, бо гітлераўцы яшчэ былі ў стане трывогі. Хаця навокал ужо стаяла цішыня.

- Чорт яго ведае, куды знік гэты Пыліла? - услых разважаў Мікола. - Трэба, напэўна, рассыпацца і абшукаць усё гэта дворышча. Тут нехта жыў, але спалены быў раней, чым мы пачалі наведваць гэтыя мясціны, бо хаты тут я ніколі не бачыў.

Раптам недалёка нешта трэснула. Гук такі, нібы хто зламаў сухую палку. Партызаны насцярожыліся і напружана ўглядаліся ў цемру. Усім хацелася ўбачыць адну постаць.

- Гэта ў двары, немцы, - стоячы на каленях, шаптаў Анатоль.

- Ціха, нешта шуміць, - сказаў камандзір. - Машына ідзе са Жлобіна. Не... Гэта дрызіна. Кладзіцеся за склеп і будзьце напагатове.

Дрызіна спынілася каля дома. І адразу ж да слыху партызан данесліся нейкія выкрыкі. Узвілася ракета і, прарэзаўшы цёмнае неба, патухла.

- Гэта, напэўна, са Жлобіна карнікі прымчалі сюды. А можа, медыкі... па трупы. Няхай разбіраюцца. А мяне больш цікавіць, што гэта трэснула, - шаптаў камандзір Анатолю. - Ты кажаш, што ў двары, не, я сядзеў вышэй, і мне лепш чуваць было - гэта зусім блізка. «Хаця б нам не напароцца на засаду», - падумаў Мікола і звярнуўся да ўсіх: - Рабяты, давайце, пакуль немцы там будуць разбірацца, што ды як, дык мы абшукаем гэтую мясціну.

Партызаны, крадучыся, разышліся ва ўсе бакі, а камандзір прытрымаў Анатоля за рукаў і сказаў:

- Пойдзем удвух.

І камандзір з Анатолем папаўзлі да падазронага месца. Уперадзе куст, адтуль данесліся нечыя ўздыхі. Можа, у засадзе хто заснуў ды сапе, а можа, Пыліла паранены? Але зноў стала ціха. Мікола адпіхнуў Анатоля рукой і паказаў, каб ён не поўз побач. Рухаліся вельмі павольна, амаль разам падпаўзлі да куста, але там нікога не было. Што за праява? Можа, звер які бегае тут? Заляглі, слухаюць, зноў уперадзе, зусім блізка, нешта шоргае, грукае. Прыгледзеліся - роўнае поле, нікога не відаць. «Ці гэта ў вушах у мяне?» - перастаў верыць самому сабе камандзір. Ён падпоўз да Анатоля і ціха запытаў, ці чуе што ён. Той сцвярджальна кіўнуў галавой і паказаў рукой уперад. Мікола выставіў перад сабой аўтамат і зноў папоўз. Перад самым носам з'явілася нешта чорнае. Яма!

- Хто там? - запытаў Мікола.

Але адказу не было.

- Павел, Павел! - аклікнуў камандзір.

- Я, я! - данёсся з глыбіні голас.

- Ціха! Маўчы...

Мікола сказаў Анатолю сабраць хлопцаў. Хутка падышлі ўсе. Яны звязалі з рамянёў моцную вяроўку і апусцілі ў яму. Пыліла адразу ж учапіўся за канец, і хлопцы выцягнулі яго. Ужо наверсе ён збянтэжана глядзеў на ўсіх і часта дыхаў.

- Гэта ж трэба, і чаго яго чорт сюды пагнаў, - гаварыў камандзір. - Вунь дзе мы адыходзілі, а ён павярнуў і нібы знарок у яму.

- Гэта не яма, а калодзеж, і шчасце маё, што ён закіданы. Мне здалося, што за намі пагоня. Я хацеў залегчы і збоку страляць.

- Не знайшлі б мы, дык стрэліў бы.

- Я вылез бы, бо там зруб гнілы і я выразаў ужо некалькі ступенек. Ужо быў да паловы далез, але абарваўся.

- А, хопіць. У цябе нейкая дробязная хітрасць. Ты лічыў, што нас дагоняць, а цябе не знойдуць, - са злосцю гаварыў Анатоль. - Калі ты хітры, дык павінен ведаць, што немцы ў цемнаце не кінуцца на аўтамат. Тым больш што немцы не ведалі, колькі нас.

- Я ж бег ззаду. Мяне б першага схапілі.

- Вось ты і пацвердзіў маю думку. А павінен разумець, што калі б за намі была пагоня, то ніхто б цябе не пакінуў. А так, як ты дзейнічаеш, дык можаш і нас падвесці.

Камандзір, убачыўшы, што паміж Паўлам і Анатолем завязваецца сварка, паспяшаўся іх развесці. Цяпер не да гэтага. Пакуль не развіднела, трэба адыходзіць. Партызаны трапілі на баразну ў жыце і моўчкі адзін за адным пайшлі ў напрамку да Залесся. Неяк заўсёды атрымлівалася, што камандзір, ідучы на дыверсіі, быў першым, а вяртаючыся назад, - апошнім. Цяпер ён нават адставаў ад хлопцаў, лавіў расстаўленымі пальцамі мохрыкі з пылком з жытнёвых каласоў, браў у рот і жаваў іх. Бываюць і ў баявых абставінах у чалавека хвіліны, калі ён выходзіць з напружанага стану, забывае на час, у якім жыве, і глядзіць на сябе збоку, успамінае тыя моманты, калі жыццё праходзіла ў радасці, у светлых марах. Мікола нават забыў, што ў яго за плячамі аўтамат, што ўперадзе крочаць хлопцы.

Не, гэта ён ідзе па сцяжынцы пасля заканчэння дзесяцігодкі, а ўперадзе Ліда. Яны ўдваіх, яны толькі ўдваіх сярод жытнёвай нівы. Усё навокал чыстае: і блакітнае неба, пад якім вісяць званочкі-жаваранкі, і хвалькі ніў, і тая сцяжынка, што з'яўлялася тады яшчэ толькі стартавай пляцоўкай для палёту іх цудоўных мар. Ідуць удваіх, адчуваючы нейкае няўлоўнае спляценне маладых душ. І хочацца ім, каб тая сцяжынка і той дзень цягнуліся бясконца...

Паказалася вёска. Партызаны з агарода зайшлі ў двор. Зазвінелі цуглямі пад павеццю коні і перасталі жаваць траву. Яны нібы прыслухоўваліся, каб пазнаць, хто гэта.

- Свае, Вараны, свае, - абазваўся Мікола і пайшоў пад павець.

Конь затаптаўся, тыцкаў мордай у твар гаспадара, лашчыўся. Мікола вельмі любіў свайго каня: за хуткі бег, за паслухмянасць.

У баі па загаду Міколы Вараны лажыўся. Або саскочыць партызан з сядла і пабяжыць у двор, а конь нібы ўкопаны, стаіць на вуліцы, чакае.

Пакуль Мікола песціў свайго любімца, партызаны аб нечым шапталіся.

Камандзір толькі пачуў, што яны гаварылі Анатолю: «Ідзі папрасі, дасць».

Анатоль нясмелым крокам падышоў да павеці.

- Што ты хочаш? - запытаў камандзір.

- Мікола, мы хочам з'ездзіць у Ніўкі. Дык вось каб ты даў мне каня.

- А на сваім чаго не хочаш?

- Мой спатыкаецца, ды і выгляд не той...

- Гэта да пралетарачкі? Дык яна ж не любіць цябе, - засмяяўся Мікола. - Я і кроку б да такой дзяўчыны не зрабіў. Трэба ж табе мужчынскі гонар мець, хоць яна і прыгажуня.

- Няхай не любіць. Мы паслухаем гітару, спяе нам што-небудзь.

- Спяе. На заводзе ў нас была парачка... а яна была пралетарачка... Сапраўды, голас добры ў яе. А чаму ты думаеш, што я не паеду?

- Па настроі бачу.

- О, чэрці. Глядзіце толькі, пад самы нос да немцаў едзеце. Эх, любоў, любоў... З кім жа я застануся?

- З Пылілам. Назіраць за чыгункай будзе ён. А да вечара мы зноў будзем тут.

Мікола ў іншы момант мог бы і не даць каня, але цяпер ён яшчэ быў узрушаны сваімі ўспамінамі, а таму падумаў і вырашыў, што юным пачуццям трэба садзейнічаць, а не процістаяць, бо тады маладому чалавеку становіцца вельмі горка і крыўдна.

«Тая ж адпрэчыць яго сама, а не дам каня, дык будзе лічыць, што я вінаваты ва ўсім. На яе не пакрыўдзіцца, а на мяне... Няхай пагарцуе там...» - падумаў Мікола і сказаў:

- Бяры! А я пайду адпачываць. Але вазьмі і мой аўтамат з сабой, я з дзесяцізарадкай застануся.

- О, добра, о!..

Мікола паклікаў Паўла і першы палез на вышкі. Ляглі на сене. Хутка тупат капытоў Варанога сціх. У вёсцы не чуваць было ні гуку. Толькі недзе каля царквы пратарахцелі калёсы. Павел адразу ж засоп, а Мікола неяк падсвядома стараўся вызначыць, у які бок аддаляліся калёсы. Грукат станавіўся ўсё цішэйшым і цішэйшым. Мікола заключыў, што нехта паехаў у Жлобін. Ён адкінуўся на спіну і заплюшчыў вочы. Прыемна пахла свежым сенам. Соладка зліпаліся павекі. Хлопец заснуў.

Ён, напэўна, спаў бы доўга, каб не пачуў, што па двары ходзіць гаспадар, кашляе, нечым бразгае. І партызан злез з вышак. Ён заўважыў, што гаспадар прынёс ад суседзяў плужок-абганялку. Мікола адразу ж зразумеў, што стары хоча папрасіць каня, бо яго гнядога забралі немцы.

- Думаеце бульбу абганяць? - запытаў Мікола.

- Так, сынок, хацеў бы пад дожджык. Пырнікам дужа зарастае.

- Дык бярыце любога каня. Праўда, не ведаю, які з іх лепш ходзіць у баразне.

- Нічога, я схаджу па дачку, яна мне паводзіць. Хаця вунь яна сама ўжо ідзе, - усміхнуўся стары.

Жанчына год трыццаці хутка ішла па вуліцы супраць ветру, трымаючыся рукой за ражкі хусткі.

Мікола ніколі не бачыў дачкі гаспадара і таму глядзеў на яе з цікавасцю. Прывітаўшыся, сказаў:

- На лаўца і звер бяжыць. А бацька па вас толькі хацеў ісці.

- Мяне паслалі не да бацькі, а да вас.

- Што вы кажаце? Каму ж я так спатрэбіўся?

- Ведаеце, прыйшло дзевяць немцаў... - жанчына ўсміхнулася, а Мікола спахмурнеў.

Адразу нібы токам ударыла хлопца. Але мільганула думка, ці не дурная гэта жанчына: прыйшлі ў вёску немцы, а яна смяецца.

- Але вы не бойцеся, не бойцеся, немцы прыйшлі здавацца ў палон. Дык вакол іх сабралася многа людзей. Афіцэр просіць, каб правялі іх да партызан.

Падышоў стары, Мікола павярнуўся да яго, каб паглядзець, як ён будзе рэагаваць на паведамленне дачкі. Тая паўтарала, што сапраўды немцы шукаюць партызан, каб перайсці да іх. Тады толькі хлопец паверыў, што жанчына ў поўным розуме.

- Можа, гэта ашуканства якое? - звярнуўся да яе Мікола.

- Хто яго ведае? Спачатку і мы ўсе так думалі. А потым яны кажуць, каб вялі іх у лес. Мы адмаўляліся, што не ведаем, дзе партызаны. А нехта сказаў, што яны вельмі далёка. Дык афіцэр - ён крыху гаворыць па-расейску - просіць, каб усё ж правялі.

- Сапраўды, яны ж бы не адважыліся ісці ў глыб лесу, - выказаў сваю думку Мікола. - А якая ў іх зброя?

- У трох салдат нічога няма, у афіцэра аўтамат і ў пяцярых салдат вінтоўкі.

Жанчына расказала, што ў немцаў з сабою чамаданы, скручаныя палаткі, звязаныя ў клункі посцілкі. Пасля гэтага Мікола канчаткова паверыў, што немцы ідуць здавацца. Але тут яго зацікавіла другое: адкуль жанчына ведае, што партызаны ў яе бацькі, і хлопец запытаў:

- Вы ведалі, што мы тут?

- Так.

- А хто вам сказаў?

Жанчына прыкметна разгубілася ад нечаканага пытання і, не знайшоўшы, што адказаць, патупіла вочы ў зямлю.

Мікола глянуў на старога.

- Не, я не паведамляў, - адказаўся той.

- Нехта ўчора вас бачыў, - нясмела сказала жанчына.

- Бацька, - звярнуўся партызан да старога. - Гэта яе муж лейтэнант Чырвонай Арміі, што вы гаварылі, на вайне?

- Так, так.

- Добра, жанчына, ідзіце і скажыце немцам, няхай ідуць да балацянкі, мы іх будзем на мосціку чакаць.

Жанчына павярнулася і, задаволеная, амаль пабегла. А Мікола пайшоў будзіць Паўла.

- Хопіць спаць, - сказаў ён. - Пакуль хлопцы прыедуць, дык мы ўжо палонных немцаў будзем трымаць.

- Якіх немцаў? - павярнуўся і пазяхнуў Павел.

- Аднекуль з часці ўцяклі, шукаюць партызан.

- Што мы будзем з імі рабіць, на чорта яны нам. Няхай ідуць ды самі свой эшалон скінуць пад адхон. А так бачаць, што наша перамога, дык яны ў кусты, каб толькі жраць. У нас сваіх едакоў хоць адбаўляй.

- Што ты трызніш, уставай!

Павел ляніва стаў на калені і пасунуўся да лесвіцы.

- Хутчэй, хутчэй, - падганяў Мікола - Пойдзем на балацянку.

- Няхай у лес ідуць, лепш там сустрэнемся.

- Ты б, можа, хацеў, каб яны самі і ў атрад прыйшлі?

- На чорта яны. Я схадзіў бы лепш да дзевак пагуляў, а тут з імі важдайся. Гэта ж ворагі, возьмем, дык пасвіць трэба.

- Хопіць табе...

Мікола абгледзеў Анатолеву вінтоўку, пашчоўкаў затворам, уставіў магазінную каробку з патронамі і пайшоў са двара.

Следам за ім моўчкі ішоў Павел.

Стары чамусьці хваляваўся. Ён забег у хату, хутка надзеў палатняны пінжачок і выйшаў за вароты, нешта прабубнеў сам сабе, перахрысціўся і паціху пайшоў услед за хлопцамі. У канцы вуліцы ён стаў ля плота і глядзеў то на партызан, якія ўжо набліжаліся да мастка, то на поле, то азіраўся на вуліцу.

Вёска была сумная. Не чулася людскіх галасоў. Вецер шматаў галіны дрэў. Нізка, амаль дастаючы купал царквы, плылі шэрыя хмары. Мікола таптаўся на грэбельцы, а Павел сеў на масток, звесіў ногі і кідаў дубчыкі ў паўнаводны ручай.

Раптам на вуліцы паказаліся немцы.

- Павел, устань, - гукнуў камандзір, не зводзячы вачэй з салдат.

Тыя ішлі адзін за адным па ўзбочыне дарогі, ціснучыся да платоў. У руках яны неслі чамаданы, клункі. Толькі высокі афіцэр ішоў уперадзе і быў падобны больш на бандыта, чым на чалавека, які палічыў сябе пераможаным.

У правай руцэ ствалом уніз ён трымаў аўтамат, а левай размахваў, нібы ў страі. Але як толькі мінуў апошні двор і заўважыў партызан, суцішыў крок, павярнуўся да сваіх, нешта гучна сказаў па-нямецку. Салдаты адразу ж пачалі адставаць, а затым спыніліся, паставіўшы ля ног свае ношы, але вінтовак з плячэй не знялі. Афіцэр яшчэ раз азірнуўся. Мікола хуценька адшпіліў кабуру пісталета, у канал вінтоўкі даслаў патрон. Афіцэр хутчэй пачуў, чым убачыў гэта, і стаў. Мікола жэстамі паказваў, каб немцы клалі зброю і паднімалі рукі ўгору. Афіцэр падняў адну руку, а ў другой па-ранейшаму трымаў аўтамат. Услед за ім паднялі рукі салдаты, але вінтоўкі заставаліся вісець у іх на плячах.

Мікола занепакоіўся. Ён зноў паўтарыў тыя ж жэсты. Але немцы нібы ўкапаныя працягвалі стаяць з паднятымі рукамі. Мікола крыху адступіў з грэбелькі да кустоў, сышоў з мастка і Павел.

Тады афіцэр паклаў перад сабой аўтамат, узняў рукі і крыкнуў:

- Ком гер!

- Коммен зі гер! - адказаў Мікола.

Афіцэр павярнуўся і нешта сказаў салдатам. Тыя з паднятымі рукамі пачалі набліжацца, стараючыся рассыпацца па ўсёй дарозе.

Мікола яшчэ крыху падаўся да кустоў. Афіцэр узяў аўтамат, падняў яго над галавой, дэманструючы, што ён трымае рукі ўгору, і пайшоў прама на партызан.

Мікола з Паўлам па кустах пачалі адыходзіць, а немцы крочылі за імі, і афіцэр усё паўтараў:

- Ком гер! Ком гер!

- Як гэта па-нямецку будзе: «Кладзі зброю»? - запытаў Мікола ў Паўла.

- Чорт яго ведае. Яны разумеюць, што мы ад іх патрабуем, але ж не выконваюць.

Мікола глянуў паміж кустоў - немцы па-ранейшаму ішлі за імі з паднятымі рукамі. Ён яшчэ раз паказаў, каб клалі зброю, але афіцэр паўтараў сваё «ком гер» і ішоў першым. Хлопцы прыбавілі кроку. Шпарчэй пайшлі і немцы. Вось ужо блізка поле. Партызаны па рэдкім хмызняку кінуліся бегчы, каб крыху адарвацца ад гітлераўцаў і схавацца ў жыце. Але афіцэр раптам апусціў аўтамат і даў чаргу. Міколу здалося, быццам калом хтосьці ўдарыў пад калена. Ён скокнуў некалькі разоў на адной назе, а затым упаў.

Партызан аберуч схапіўся за падвернутую нагу. Ён разадраў мокрую ад крыві калашыну і глянуў на белую чашачку, якая вылузнулася з калена. Побач пачуліся стрэлы. Ён не памятаў, у які бок упаў галавой, і не зразумеў, хто страляе. Здалося, што цяпер толькі адчуў, што з неймавернай сілай круціцца зямля, а з ёю і час. На двары стаіць маці, а ўперадзе па сцяжынцы сярод жыта ідзе Ліда. І вось тупат нечых ног. Мікола выхапіў з кабуры пісталет. Зямны шар шчоўкнуў і спыніўся.

Павел схіліўся над камандзірам і разгублена глядзеў яму ў твар.


Загрузка...