V


Раніца была светлая, цёплая. Як матылькі вакол кветак, трапяталі лісточкі асінак, ледзь чутна шапацелі маладыя бярозкі, а высокія сосны нібы супакоўвалі іх: «ціш-ш-ш, ціш-ш-ш» і, нарэшце, махаючы вялікімі лапамі, пачалі сварыцца між сабой. Лес абудзіўся. На небе з'явіліся шматкі хмар. І пабеглі цені па полі, па лесе. З узгорка было відаць, як пад гэтымі ценямі хмурнелі дубы, хавалі золата стройныя сосны. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Сена, кружачыся, паволі апускалася ўніз: павісла на кустах, ляцела на маршчыністую паверхню вады і разам з сярэбранай плынню імкліва бегла да берага.

Група партызан ехала па пясчанай дарозе. Валодзя акідваў вачыма ландшафт родных мясцін. Ён улоўліваў змены, што адбыліся за час яго адсутнасці, і прыгадваў, дзе стаяў вятрак, дзе ўзвышалася труба крухмальнага завода, дзе стаяла перад вайной адбудаваная прыгожая вёска. Цяпер нічога гэтага не было. Валодзя падумаў: «Як лёгка і хутка можна знішчыць мноства збудаванняў, і як потым цяжка і марудна людзям аднавіць усё гэта».

Уперадзе з-за прыгорка паказаўся крыж, а за ім, нібы пасінелая на жывым целе скула, купал царквы.

- Залессе? - павярнуўся на калёсах Валодзя.

- Так, - адказала Валя.

- Быў я шмат разоў у гэтай вёсцы і ніколі не падумаў бы, што знойдзе тут сваю смерць мой лепшы сябра, - уздыхнуў партызан. - У такіх пераплётах Мікола быў - і заўсёды ўсё канчалася добра. А тут?.. Іншая справа, калі б наткнуўся на засаду ля чыгункі ці быў дзе ў жорсткім баі... Вось што значыць наша неасцярожнасць. Хаця... хто можа ведаць, дзе каго стрэне куля.

- Напрыклад, я сядзела дома, і то немцы схапілі.

- Што, і схавацца нельга было?

- Дзе? Гэта ж у час блакады. Прыгналі нас у Жлобін - і ў цягнік. Як мы хацелі, каб дзе на дарозе наш эшалон партызаны падарвалі. Але я не дачакалася гэтага і выскачыла на хаду.

- Ведаеш, мы не імкнёмся падрываць тыя цягнікі, што ідуць з боку фронту. А іншы раз, відаць, трэба. Падарваць на пад'ёме каля лесу, крушэння вялікага не здарыцца, і палонныя разбягуцца. Да нас прыйдуць.

- Прыйдуць... Вось я прыйшла, а яшчэ ніякай карысці партызанам не прынесла.

- Ты хочаш, каб адразу і карысць прынесці. Карысць ужо тая, што ты на немцаў не працуеш.

Мерна тупалі коні. Спераду падводы, на якой былі Валодзя з Валяй, ехалі верхавыя. Раптам пярэднія спыніліся.

- Таварыш камандзір, разведку ў вёску пашлём? - запытаў Анатоль.

- Праскоч да Ігната, ты ж на ліхім кані.

Анатоль памчаўся. Заклубіўся пыл на дарозе і нібы дымам засланіў ад вёскі групу партызан. Усе спыніліся. Валя саскочыла з калёс на ўзбочыну дарогі, адарвала некалькі лістоў конскага шчаўя і выцерла ім боты. Валодзя глядзеў на дзяўчыну, а думаў пра Зіну і ўяўляў яе чачоткай у клетцы.

- Чаго ты так задумаўся? - запытала Валя.

- Ат, думаў, вярнуся з Вялікай зямлі і буду ў сваім лесе спяваць песні пад баян. А тут усё змяшалася, усё стала інакшым. Загінуў сябра, і... - Валодзя задумаўся.

- Што і... Зіна замужам, - усміхнулася Валя.

- І... баян забралі ў другую роту.

- Баяніст ужо быў у групе, а потым Шаблін сказаў, што ваяваць трэба, а не музыкай займацца.

- Жывы буду, баян вярну.

Вярнуўся Анатоль. Конь расшыранымі ноздрамі дыхнуў Валодзю ў твар.

- У вёсцы нікога няма: ні нашых, ні немцаў, - далажыў Анатоль.

- Добра, тады паехалі.

Валодзя ўспомніў пра старога Ігната з Залесся. З яго, толькі з яго трэба пачаць расследаванне. Трэба даведацца, адкуль вядома яго дачцэ, што ў бацькі стаяць партызаны. Тым больш што іх у вёсцы даўно не было.

Супраць Ігнатавага двара партызаны спыніліся. Валодзя саскочыў з калёс і першым пайшоў у двор. Ля павеці таптаўся стары чалавек. Валодзя пазнаў Ігната. А той адразу глянуў на яго і ўсміхнуўся, а потым раптам схамянуўся і са здзіўленнем глядзеў у твар партызану.

- Чаго, бацька, здзівіўся?

- Так, нічога! - Убачыўшы ў двары Анатоля, стары засмяяўся і дадаў: - Я незнаёмых узброеных людзей усмешкай не сустракаю. Мала з якім ён намерам да мяне, а ты яму зубы скаль. А вось цяпер бачу - гэта свае.

- Зойдзем, дзядзька Ігнат, у хату, - прапанаваў Валодзя, - размова ёсць.

У пярэднім пакоі было цемнавата. Адно невялічкае акно прапускала мала святла. Здавалася, што больш бляску ў пакоі ад цыраты, якой пакрыты стол. Пад прыпечкам з нейкага чарапка кошка сёрбала малако, а збоку да яе паўзло яшчэ зусім маленькае кацяня. Хтосьці з партызан прыгнуўся, каб узяць яго, але кошка спрытна схапіла зубамі кацяня за хіб і шмыганула пад печку. Усе засмяяліся.

Валодзя прайшоў і першы сеў ля стала на ўслон.

- Вось так, бацька, трэба ратаваць дзяцей, - сказаў хлопец.

Ігнат прысеў з другога боку стала і ўважліва глядзеў на Валодзю. Вайсковая форма вылучала хлопца сярод іншых партызан, і стары, відаць, меркаваў, што гэта новы камандзір. Ігнат чакаў нейкага запытання ад яго.

- Што ў вас чуваць, дзядзька?

- Нічога, - паціснуў плячамі Ігнат.

- А як загінуў Мікола, што людзі гавораць?

- Кажуць, глупства зрабіў.

- Якое?

- Што застрэліўся. Як толькі Мікола паслаў сабе кулю, немцы сагнуліся і пабеглі назад. Напэўна, думалі, што ён залёг і абараняецца. Няхай бы ён так і зрабіў, а то трэба ж, абойму з пісталета выняў і адкінуў убок, пакінуў адзін патрон і ім... - зморшчыўся стары.

- Абойму адкінуў, каб немцам у камплекце пісталет не застаўся.

- Яно так... А навошта ж адразу сябе...

- Ну, пра гэта разважаць не будзем. Скажыце, хто ведаў, што партызаны ў вас?

- Калі Мікола хадзіў на могілкі і адтуль назіраў за чыгункай, яго, зразумела, маглі бачыць, але калі вярнуліся хлопцы з чыгункі, па-мойму, ніхто не ведаў.

- Чаго ж прама да вас бегла дачка?

- Яе накіравалі.

- Вось, вось, а хто?

- Не пытаўся, не ведаю.

- Федзя, схадзі разам з дзядзькам да яго дачкі і папрасі, каб яна зараз жа прыйшла сюды, - сказаў камандзір.

Партызан павярнуўся і пайшоў услед за старым.

Валодзя сядзеў за сталом, абапёршыся на руку, і думаў.

- Анатоль, ты не пытаўся ў дзядзькі Ігната, пасля вас тут былі якія-небудзь партызаны? - неўзабаве сказаў ён.

- Пытаўся, не было, кажа.

- Бачыце, дык і немцы больш не прыходзілі «здавацца». Вось, браткі, што я думаю: сёння мы пакажамся ў вёсцы, таксама правядзём назіранне з могілак і адыдзем начаваць у поле, каб на світанні мы маглі бачыць, хто куды і адкуль ідзе. Карацей, увесь рух вёскі. Валя ўжо паглядае на сваю сукенку. Світку на ноч знойдзем, не замерзнеш.

- Не-е, - саромеючыся, адказала дзяўчына. - Я толькі думаю, колькі трэба мець і развагі, каб ваяваць і жыць.

- А-а, у лагеры ты б гэтага не ўбачыла. Там стаяць сакрэты, вартавыя, спі сабе. А дыверсанту трэба кожны крок узважваць. Хлопцы вось ведаюць.

Партызаны засмяяліся.

- Камандзір, навошта Валі світка, я накрыю яе, - сказаў Анатоль.

- Ну, ну, ты ўжо сваю «пралетарачку» накрывай. Ці прыгожая яна? Як, Павел, ты больш разбіраешся?

- Нішто сабе!

- Я вам не пакажу.

- Пакінуў камандзіра і паляцеў на яго кані.

- Хто ж ведаў, што так здарыцца, - спахмурнеў Анатоль.

- Нічога, будзем вяртацца назад, мы да яе ўсе заедзем. Я таксама люблю слухаць гітару.

Паўз акно мільганулі тры постаці, і партызаны сціхлі. Першай зайшла ў хату дачка Ігната, прывіталася. Але ад парога не адыходзіла.

- Праходзьце і сядайце, - прапанаваў Валодзя.

- Я разгубілася, тут столькі хлопцаў.

- Дык вы ж ведаеце ўсіх. Я і то прыпамінаю вас. Калісьці былі на нашай вечарынцы.

- Я вас таксама памятаю, але вы вельмі змяніліся.

- Час прайшоў.

- Так. На майго мужа падобны сталі.

- Гэта толькі формай. Але ж ваш муж лейтэнант быў. Памятаю, хваліліся, - засмяяўся Валодзя. - Толькі не ведаю, як завуць вас.

- Лора.

- Ларыса Ігнацьеўна, значыць. Праходзьце.

- Жанчына прайшла і села на бацькава месца.

- Мы вас запрасілі, каб даведацца, хто вам сказаў у мінулы раз, што ў вашага бацькі знаходзяцца партызаны.

- Не памятаю. Немцы стаялі ўбаку, а нас, жанчын, многа сабралася... - яна задумалася.

- Ну і што далей?

- Нехта тады сказаў, каб я схадзіла да бацькі і паведаміла партызанам, што немцы прыйшлі здавацца. Я спачатку адмаўлялася, што ніякіх партызан у бацькі няма. Але мяне пераканалі, што немцы прыйшлі, каб іменна здацца ў палон.

- А вы ведалі, што партызаны тут ёсць?

- Мяне запэўнілі, што ёсць. Я прыйшла і сапраўды...

- Хто, хто вас запэўніў?

Жанчына зноў задумалася і адказала:

- Не памятаю.

Валодзя некалькі хвілін маўчаў, а Анатоль са злосцю заўважыў:

- Тады яна ведае ўсіх, хто там быў, няхай назаве, а я зараз жа прывяду іх сюды.

- Так, назавіце жанчын. Ці таксама не памятаеце?

- Мне загадалі не казаць, а чаму, я не ведаю.

- Хто? - падхапіўся камандзір. - Немцы?

- Не.

- Жанчыны?

- Ну і яны.

- Хто першы? Адзін хтосьці ж сказаў?

- Поп, - ціха сказала Ларыса Ігнацьеўна. - А ён вёску выратаваў, і ўсе яго слухаюць. Але каб я ведала, што так здарыцца, то, наадварот, перадала б, каб партызаны ўцякалі.

- Чаго ж вы баяліся прызнацца?

- Ды што здарыцца з папом, дык мне ад бабулек-суседак жыцця не будзе, з'ядуць. А забітага партызана ўжо ўсё роўна не вернеш.

- А колькі ён мог бы яшчэ знішчыць, вы пра гэта не думалі?

- Я думала, што партызаны пасля такога выпадку ўжо не трапяць на такую вуду. А дурная, і не падумала, адкуль поп ведае, што немцы здавацца ідуць, бо пры нас ён з імі не размаўляў. Праўда, я папу не паверыла. Але падышоў да нас афіцэр і гаворыць: «Дзе партызаны, мы плен, мы плен». Я гляджу - ён быў без зброі, у руках трымае чамадан. Ну, я і пайшла...

- Мы за тое не абвінавачваем, верым, што вы хацелі добрую паслугу нам зрабіць, але ж ваша непрызнанне магло прывесці да гібелі ўсіх нас. Воляй-няволяй вы дапамаглі ворагу, а гэта ўжо злачынства.

- Каб я ведала, што вы тут, я прапанавала б не заставацца нанач.

- А каго трэба баяцца, вы б не сказалі.

- Можа б, канкрэтна і не сказала, а што баяцца трэба...

- Добра, толькі я вам напаследак скажу, што так жонцы савецкага афіцэра да сваіх людзей адносіцца няможна. Калі на каго падазронасць пала, што ён здраднік, трэба паведаміць нам, а мы разбяромся. Можаце ісці.

- Толькі нікому не гаварыце, што я сказала, а то маю сям'ю таксама расстраляюць, - на адыходзе папрасіла жанчына.

- Не, мы зараз пойдзем у царкоўны звон біць, а калі збяруцца людзі, аб'явім, што сказала яна, - засмяяўся камандзір. - Дык бачыце, што святы айцец зрабіў, а?

- Пайду зараз на кавалкі разнясу чорта валасатага, - падхапіўся з услона Пыліла.

- Пойдзем, пойдзем, - падтрымалі яго некаторыя партызаны.

- Так ужо адразу! Прыедуць - вёску спаляць і нашых людзей паб'юць.

- Дык што - жывым пакінуць? - наступаў Павел.

- Ніхто гэтага не сказаў. Трэба, каб здраднік на злачынным дзеянні душу аддаў, а не ў падушках. Бацька мой заўсёды папракаў маці, калі яна пачынала біць ката за тое, што ён учора смятану злізаў. Трэба захапіць на месцы, калі шкоду робіць, тады і пакараць. Вось і ў нас павінна быць так, пайшоў поп шкоду рабіць - атрымай па заслугах. Я ўжо вам гаварыў, пабудзем на могілках, пакруцімся каля папоўскага двара і пойдзем, толькі не ў поле, а на жлобінскую дарогу. Поп павінен ехаць з даносам. Мы прапусцім, няхай паведаміць, а на зваротным шляху справім яму паніхіду. Ён з немцамі разам ехаць не будзе. Вось яны яго і падбяруць на дарозе. Паспрабуй разбярыся, каго напаткаў ён. Ідэя. Каля яго і мінку падкладзём. Там нашы людзі не ходзяць. Праўда, дзядзька Ігнат? Чаго такі сумны?

- Мне сорамна за дачку. Падумайце, якая дурніца, папу даверыла. Ён-то многім уцёрся ў давер'е, але ж я думаю, як дачка паддалася?

- Я чамусьці перакананы, што мы сёння адплоцім за Міколу. Ты, Валя, пабудзь у хаце, можаш легчы адпачыць, а мы пойдзем.

Сонца зніжалася, і цені ад дрэў лажыліся папярок вуліцы. Вецер сціхаў, і над вёскай усталёўвалася цішыня. Толькі ў некаторых дварах брахалі сабакі. Валодзя не мог цярпець іх брэху і гаварыў, што ў яго на чарзе яшчэ адна аперацыя - пастраляць у Залессі ўсіх сабак. Бо ноччу прыйдзі ў ціхае нацвор'е, і яны паднімуць такі лямант, што самы дурны немец ля чыгункі і той насцярожыцца і праз якія паўгадзіны будзе чакаць партызан.

- Хлопцы, хто хоча есці, разыдзіцеся па хатах па двое або па аднаму і папрасіце, а я, Анатоль і Павел пойдзем да могілак.

Камандзір узяў Пылілу з сабой дзеля таго, каб поп падумаў, што гэта тыя ж самыя партызаны. Не магло таго быць, каб не паведамілі яму, што жывым застаўся партызан, які накульгваў. І поп разумеў, што з ім ходзіць невялікая група, якая падрывае цягнікі.

На ўскраіне, непадалёк ад царквы, партызаны спыніліся. Валодзя ўзяў у Анатоля бінокль, нібы ўпершыню назіраў за рухам на чыгунцы. Прайшоў адзін эшалон на захад з цыстэрнамі, за ім другі - санітарны, а вось і на ўсход ідзе адзін - на платформах нейкія скрыні, машыны. Камандзір раптам абудзіўся, хадзіў узад-уперад, моршчыўся, нібы ў яго што забалела. «Вось халера! З Германіі ідзе, і ніхто не кульнуў», - падумаў Валодзя.

- Вунь пабег гад, а гэта...

Толькі Валодзя махнуў рукой у бок царквы, як рыпнулі веснічкі агароджы і каля іх з'явіўся поп. Ён ледзь паварочваў галаву, кідаў позірк на партызан і не сыходзіў з месца.

Валодзя падміргнуў хлопцам, і яны пайшлі з могілак. Поп доўга глядзеў ім услед, а партызаны жартавалі, смяяліся. Папа злаваў смех хлопцаў, і ён ужо, відаць, думаў над ажыццяўленнем свайго плана. Ён і не ўяўляў, якую сустрэчу рыхтавалі яму партызаны. А ўяўляў такую сустрэчу з партызанамі, пасля якой ужо ні адзін з іх не будзе хадзіць па залескай зямлі. Аднаго ж загубіў, і ўсё ціха: партызаны забралі труп і павезлі.

Вечар. Не бязмежнае неба, а высокі, цёмны, нібы зрашэчаны кулямі купал накрыў зямлю. Там за ім, напэўна, дзень і ў шчыліны падаюць праменні сонца, зіхацяць, як зіхацяць спарахнелыя вільготныя трэскі з асінавай калоды на зямлі, якую сёння Ігнат раскалоў ля павеці. Хрумстае спелая трава на зубах у коней, звіняць цуглі. З Ігнатавай хаты выйшаў малады партызан Віктар, пастаяў на ганку, паглядзеў навокал і пайшоў у агарод. Крокаў за трыццаць ад хаты ён замаскіраваўся ў густым вішняку ля плота і пачаў назіраць за поплавам, які раскінуўся абапал раўчука. Камандзір сказаў Віктару, што стаяць на варце яму доўга не давядзецца. Хто-небудзь ды павінен падысці да Ігнатавай хаты, іменна тут Віктару і трэба было прасачыць, хто з'явіцца да Ігнатавага двара і як ён будзе сябе паводзіць.

Калі ўглядаешся доўга ў цемнату, іншы раз і пень здаецца постаццю чалавека, а куст можа быць падобен да каня, каровы, сабакі. Віктар углядаўся ў слупок ля кладкі, якая ляжыць цераз раўчук. Слупок доўга тырчаў адзін, а потым расшырыўся і раздзяліўся надвае. Той, другі, адарваўся ад першага і рухаецца па балоце ў напрамку Ігнатавага агарода. Віктар замёр. Чалавек набліжаўся вельмі асцярожна, ледзь перастаўляючы ногі. Ён быў у чаравіках ці ў падраных ботах, бо чуваць было, як цвыркае вада. Чалавек абышоў агароджу і спыніўся ля глухой сцяны хаты. Потым сагнуўся і ціха пасунуўся за вугал. Віктар ведаў, што з таго боку свеціцца акно. Ад смалякоў, якія гарэлі на камінку, святло было цьмянае. Нарэшце чалавек паказаўся ля павеці, пастаяў крыху там і хуценька пайшоў наўпрасткі па агародзе. Хвілін праз дзесяць аб усім гэтым Віктар дакладваў партызанам.

- Напэўна, сам поп быў. Але я дакладна не магу сказаць, бо распазнаць ясна нельга было. Рост, як у папа, ззаду, на патыліцы, нібы кудлы ці чорная хустка. І недзе ў ваду ўлез, бо ўвесь час пад нагамі цвыркала.

- Мы пераабуем яго сёння, - сказаў камандзір. - Вось бачыце, ён ужо перакананы, што партызаны начуюць тут. Дзядзька Ігнат, мы паедзем, а вы старанна замяціце ўсе нашы сляды. Калі хто заўтра спытае, то скажыце, што ля вашага калодзежа ўзброеныя людзі вечарам паілі коней і кудысьці паехалі.

Ігнат сцягнуў з печы світку і прапанаваў Валі:

- Вазьмі, дзяўчына, ноччу цяплей будзе.

- Дзякую, дзядзечка, - сказала Валя і накінула світку на плечы.

Партызаны выйшлі з хаты. Ужо на калёсах Валодзя жартаваў з Валі, як яна дзякавала старому за рызман. Світка пахла прэлым сенам. Напэўна, Ігнат у ёй многа гадоў даглядаў жывёлу. Адслужыўшы сваё, світка трапіла на плечы партызанкі.

Валодзя расказваў дзяўчыне, як аднойчы такую партызанскую світку захапілі немцы.

- Быў у нашай групе Сашка, баяніст. Ён пасля загінуў. І больш за ўсё ён любіў свой баян вазіць не на калёсах, а толькі вярхом на кані. Раздабылі яму скакуна. А вось сядла нідзе не знайшлі, дык Сашка клаў замест яго на хрыбетнік каню старую, падраную світку, а з путаў рабіў страмёны. І так гарцаваў, нібы кавалерыст. Аднойчы ўдзень пад'язджаем да вёскі, а хтосьці па нас чаргу з аўтамата... Мы хутчэй з коней на зямлю. Было нас трое. Двое коней пабеглі назад, а Сашкаў чамусьці ўперад. Неўзабаве страляніна спынілася, і мы заўважылі, што немцы пакінулі вёску. І вось людзі пасля расказвалі нам, як гітлераўцы акружылі каня і са здзіўленнем разглядалі загадкавае сядло. Доўга яны баяліся нават крануць яго. Рукавы світкі Саша звязаў вузлом, і немцы напэўна думалі, што там міны і што партызаны спецыяльна пусцілі да іх гэтага каня. Прывязалі яны каня да плота, самі ўсе разбегліся, і толькі адзін немец пры дапамозе доўгай жэрдкі сцягнуў сядло. Бачыш, колькі страху было ад той світкі.

- Дык яна ж была на кані, - засмяялася Валя.

- А-а, ты хочаш сказаць, што на табе немцы такой вопраткі не спалохаюцца. Зразумела, яны засмяюцца і скажуць: «Гут паненка».

- Не, я ўжо ў іх руках пабывала. Для іх гут ці не гут, упіхнуць у вагон, які ў нас называецца цялятнік, і дзверы на замок. Хопіць, цяпер я жывой ім не дамся ў рукі.

Мінуўшы поле, партызаны спыніліся. Анатоль, які ехаў уперадзе, прыпыніўся і запытаў у камандзіра, як яны паедуць далей. Валодзя саскочыў з калёс, прайшоў крыху ўбок і прапанаваў ехаць да кар'ера паўз лес.

Група рушыла наперад. Цёмнай сцяной стаяў збоку бор. Павявала халадком.

Ля кар'ера партызаны павярнулі на прасеку. Яна ўжо зарасла невялічкімі асінкамі, беразняком. Валодзя з Валяй саскочылі з калёс і пайшлі пеша. Калёсы тарахцелі па купінах, і камандзір туга нацягваў лейцы, каб конь ішоў цішэй.

Спыніліся дыверсанты на ўскраіне палянкі пад разгалістай сасной. Валодзя расслабіў церассядзельнік і падкінуў каню сена.

- Павел з Валяй застануцца тут з коньмі і будуць чакаць нас, - сказаў Валодзя.

- Чаму я? - здзівіўся Пыліла.

- Ісці па лесе да той дарогі яшчэ вельмі далёка, зразумела?

Ён глянуў на Валю і згадзіўся. Партызаны ўзялі міну і пайшлі. Валя ўхуталася світкай і ўладкавалася на калёсах. Да яе падсеў і Павел. Ён уздыхаў і неўпрыкметку прытуліўся да Валінага пляча.

- Праклятая вайна, не дала пажыць удосталь. Быў бы стары, дык і загінуць не страшна, - сказаў Павел, - а так яшчэ вельмі пажыць хочацца.

- Усім страшна, - адказала Валя. - Праўда, гледзячы як загінуць. Калі гэта неабходна для свайго народа, то можна. А вось калі вораг бярэ цябе і гоніць, як жывёліну, невядома куды, тады страшна і шкада самога сябе.

- Так, усе мы загінем, і дурны той чалавек, які шкадуе сябе.

- Я не разумею, што ты гаворыш?

- Я кажу, колькі таго жыцця, трэба не шкадаваць сябе.

- Не шкадаваць сябе для другога, каб той жыў, так?

- Не. Не шкадаваць сябе для сябе.

- Гэта нейкая незразумелая мне філасофія.

Павел прасунуў руку пад Валіну світку і ўзяў дзяўчыну за локаць.

- Куды ты, куды? - сказала Валя, але рукі не вызваліла.

- Якая ты палахлівая, а яшчэ кажаш - не трэба шкадаваць сябе.

- Гледзячы дзе.

- Дык ты ж са мной не загінеш.

- Я і ў партызаны пайшла, каб жыць.

- А што ты разумееш пад жыццём?

- Тое, што і ўсе.

- Калі няма надзеі на жыццё, дык жыць трэба поўна.

- Як гэта - поўна?

- Ну, хоць бы як наш камандзір роты.

Валя ўсміхнулася і замоўкла. Прыгадала тую ноч у лесе, калі яна была таксама па-за лагерам. Размова Паўла нагадвае нечым размову Шабліна. Дзяўчыне стала нават страшна. Была б яна тады так з камандзірам адзін на адзін, што б здарылася, невядома.

Пыліла і да гэтага паглядаў на Валю, але ў яго галаве ніякіх канкрэтных думак не з'яўлялася. А цяпер што з ім робіцца? Раптам нібы ап'янеў. Думкамі затарможвае сябе, а пачуцці вясновым патокам наступаюць, рушаць у галаве ўсё. Ён ужо не чуў, як грызуць коні траву, як грукоча на чыгунцы цягнік. Хацелася нешта сказаць, але баяўся, каб Валя не адпіхнула яго і не саскочыла з калёс. Тады не будзеш бегаць за ёю па паляне, калі разамкнеш гэты першы кантакт. Ён пачаў тварам церціся аб падраную світку. Не, не цвілым сенам пахла ад яе, і не была яна бруднай, а здавалася прыгожай кветкай, якую нюхаеш, і хаця паху няма, але ад твару не аднясеш.

Пыліла баяўся брацца вышэй локця за Валіну руку, а пускаў у разведку толькі ўказальны палец: казытаў ім і гладзіў. Валя не рэагавала. Тады ён прасунуў сваю руку вышэй. Дзяўчына выпрамілася і пачала адсоўвацца. Павел сціснуў Валіну руку, а другой схапіў яе за калена.

- Што гэта? Пусці! - пачала вызваляцца дзяўчына.

- Колькі таго жыцця! - скрыпнуў зубамі Павел. Затым абхапіў дзяўчыну за шыю і паваліў на калёсы. Накінуўся на яе ўсім целам і тварам лез да шчакі.

Яна схапіла рукой Пылілу за падбародак і колькі было сілы старалася спіхнуць. Павел упёрся каленямі ў драбіны і ціснуўся да яе. Але раптам калені яго саскочылі, і ён грымнуўся пад калёсы. Валя саскочыла следам і глядзела, як ён нязграбна паднімаўся. Ёй было неяк сорамна, нават шкада Пылілу. Яна пачала дапамагаць яму ўстаць.

- От дурная, ледзь не забіла.

- Сам ты дурны, чаго лезеш.

- Дык я... я ж бы ажаніўся.

- Сам гаварыў, што куля ажэніць.

- Хоць да смерці пажыць.

- Вайна скончыцца, тады, - засмяялася Валя.

- Ты на мяне не злуеш?

- Яшчэ няма за што. Я вось не спала, а ты не даеш. Паглядзеў бы лепш коней, а я прылягла б.

- Добра, лажыся адпачываць, а я пайду на той бок паляны.

Валя зноў узлезла на калёсы.

Павел глянуў на яе і пайшоў.

«Гэта была разведка... другая б крыку нарабіла, а яна не. Напэўна, яна толькі сама сябе баіцца, што не дазволіла нават пацалаваць. Такія дзеўкі - агонь», - думаў Пыліла. Ён паглядзеў на коней і сеў на пянёк. Зноў думкі паплылі ў ранейшым напрамку, зноў яго вабілі калёсы. Такога моманту можа больш і не быць. Не запытаў ён у Валодзі, ці Валя прыйшла ў групу назаўсёды, ці толькі каб дадому з'ездзіць. Здаецца, Валодзя да яе нічога не мае, ён сумуе па Зіне. Напэўна, Валя першы і апошні раз з імі. А там будзе з партызанамі і злюбіцца з некім. Як яна, такая прыгожая дзяўчына, яшчэ не звязалася ні з кім. А можа, там хто і ёсць, ды Павел не ведае. А наогул, будуць смяяцца з яго, сталага хлопца, што ноч правёў у лесе ўдваіх з дзяўчынай і яна не закахалася ў яго. Толькі крыху карацейшая адна нага, а так ён прыгожы хлопец, і яна магла б кахаць. Ды і ў баях Павел сябе баязліўцам не лічыў. Праўда, Мікола мог бы яго ўжо пакінуць у лагеры, але гэта ўсё адышло на задні план. Цяпер, каб з Валяй ён зблізіўся, дык і не шкадаваў бы пакінуць групу. Пайшоў бы назад у гаспадарчы ўзвод. А якія ў Валі ногі, а фігура. Колькі ў Паўла было знаёмых дзяўчат і жанчын, Валя лепшая за ўсіх.

Па ўсім целе прабегла асалода, і Пыліла ўстаў. «Не, яна павінна дастацца мне», - падумаў ён і пайшоў. Чым бліжэй падыходзіў да калёс, тым больш здаровая нага трымцела, падламвалася, і ўвесь корпус падаў на хворую, карацейшую, якая ад думак рэагавала не так успрымальна. Грудзі расшырыліся, і сэрца білася, нібы птушка ў пустым корабе.

Ужо бралася на зорку, пасвятлела на ўсходзе неба. Павел не хацеў, каб развіднела. Але падышоў да калёс і быў задаволены, што стала святлей. Валя ляжала ўздоўж калёс дагары, галавой да каня, а світку нацягнула на твар. Плацце падцягнулася вышэй каленяў, а стройныя Валіны ножкі ў ботах ляжалі адна на адной. Павел доўга стаяў ля задка калёс, а потым прайшоў, прыслухаўся, ці спіць Валя. Яна роўна і глыбока дыхала. Ён зноў вярнуўся на сваё месца, працягваў галаву ўперад і не ведаў, што рабіць. Прылегчы да яе, зноў скіне і ўжо не толькі так не ляжа, але і не сядзе на калёсы.

І стукнула ў Пылілавай галаве думка, якая заканчвалася калясьмі, дзяўчынай і тым момантам. Ён і не ўяўляў, што будзе потым. Нібы злодзей, Павел ціхенька ўзлез на калёсы і наваліўся на Валю. Валя спрасонку рванулася, але ўстаць не змагла. Ёй здалося, што яна трапіла ў нейкі мяшок. Пачала задыхацца і раптам зразумела, пад кім яна. Дзяўчына крутанулася і лягла ніц, біла Паўла ботамі і паўзла назад. Так Павел з'ехаў і зваліўся з калёс, на гэты раз ужо разам з Валяй. Цяпер яна яму не дапамагала ўстаць, а рвала за валасы і ўдарыла ў твар ботам.

- Я гэтага не дарую, я раскажу ўсім, няхай застрэляць гідоту, - з плачам гаварыла яна.

Пыліла прыкладваў руку да сваіх губ, шалёна глядзеў на дзяўчыну і маўчаў. А Валя лаяла яго, лаяла.

Нарэшце ён ачомаўся і кінуўся дзяўчыне ў ногі.

- Не дарую, не дарую, - крычала Валя.

- Я люблю цябе, люблю, - плакаў Пыліла.

- Бугай, якая ў цябе любоў.

- Я застрэлюся, загіну, калі ты не будзеш любіць мяне.

- Во дурніца, ён не просіць, каб злачынства даравала, а яшчэ любі яго. Ды каб мяне нават звязалі разам з табой, я адразу б памерла.

Пыліла поўз на каленях зноў да Валіных ног, а яна павярнулася, узяла на калёсах вінтоўку і пайшла цераз паляну. Ён яшчэ болей напалохаўся, што дзяўчына не сказала ніводнага слова, з якога можна было б зразумець, што яна пра гэта нікому не скажа. Павел ведаў, што за такія штукі партызанскі суд выносіць самы жорсткі прыгавор, аж да расстрэлу. Але ж ён ёй нічога не зрабіў і будзе гаварыць, што жартаваў. Трэба і яе так пераканаць, што гэта жарт быў. Чаго ён, як зваліўся, адразу не засмяяўся, а прыняў, як і яна, усё ўсур'ёз. Было ўжо відна, і Павел спяшаўся знайсці Валю і сказаць ёй пра гэта. Ён убачыў яе ля высокай сасны непадалёку ад паляны і падышоў. Дзяўчына плакала.

- Чаго ты, я пажартаваў і ўсім так скажу, калі ты разнясеш гэта. Няхай лекар цябе праверыць, будзе сорамна.

- Ідзі адсюль, а то застрэлю, - Валя ўзяла вінтоўку.

Пыліла патаптаўся крыху збоку і пайшоў назад.

Па прасецы да паляны ішлі хлопцы. Яны гучна гаманілі, смяяліся. А ў Паўла было на душы пагана як ніколі. Не былі б разбітыя губы, ніхто б не заглядаў у яго душу і не зразумеў бы, што робіцца ў ёй. А так заўважаць сябры і запытаюць, што здарылася. Паспрабуй скажы, што конь убрыкнуў, - засмяюць.

Камандзір першым падышоў да калёс і крыкнуў Паўлу:

- Дзе Валя, збірайцеся, і хуценька паедзем.

Дзяўчына панура ішла цераз паляну. Але пачула гоман, выцерла слёзы, паправіла валасы і закрочыла хутчэй.

Пыліла ўскочыў на свайго каня і тварам не паварочваўся да хлопцаў.

- Ну, як вы тут з Паўлам, выспаліся? - спытаў Валодзя.

Дзяўчына нічога не адказала і адвязала лейцы ад драбін.

Валодзя падцягнуў церассядзельнік і запытаў у Валі:

- Чаго ты нейкая?..

- Якая?

- Ну, не такая, як была.

- Слава Богу, такая.

- Па дарозе раскажаш? - Валодзя ўскочыў на калёсы: - Валечка, сядай хутчэй, паедзем.

- А як у вас справы?

- Папа няма. Ды гэта ніякі і не поп. Ён прызнаўся, што накіраваў яго начальнік паліцыі ў царкву як сувязнога. Аніякіх адносін да свяшчэннаслужыцеля ён ніколі не меў. «Поп»-паліцай ужо ад'ездзіўся ў Жлобін... А хутка нехта і з яго абаронцаў у паветра ўзляціць.

Загрукаталі калёсы, і партызаны зноў выехалі на светлую ўдалечыні прасеку.


Загрузка...