VII


Другі дзень дыверсанты сядзяць у пуні на свежым мурожным сене, назіраюць за рухам цягнікоў па чыгунцы і чакаюць, калі вернецца іх камандзір Байкач са Жлобіна. Час цягнецца вельмі марудна. Але партызаны не ідуць у вёску, тут, у Маркаўшчыне, раней яны знішчылі некалькі паліцэйскіх. І цяпер няма поўнай надзеі, што не знойдзецца злыдзень, які захоча іх прадаць. А гітлераўцы побач - ля чыгуначнага моста, што перакінуты цераз рэчку. Весялей хлопцам, калі наведваюць іх гаспадары з крайняга двара.

Вось і нядаўна жанчына прынесла кавалак сала і спечаны на явары духмяны бохан хлеба. А пацямнее - і яшчэ прынясуць адтуль гладыш малака.

Не есць чамусьці толькі Пыліла, ляжыць нічком у баку ад усіх і цяжка ўздыхае. Хлопцы не ведаюць, што Павел апошні раз з імі. Больш ён не будзе ў групе, так сказаў яму камандзір. Валодзю Валя расказала ўсё. І ён нават саромеўся за Пылілу. Якое дзікунства выяўляецца іншы раз у людзей? З'явілася сапраўднае каханне ў Пылілы, дык шанаваць трэба яго, а ён... Валодзя ўсё думаў, якое б спагнанне накласці на Паўла, але вырашыў прагнаць з групы, і на гэтым усё. Быў бы камандзір роты іншым чалавекам, яны б удвух прыдумалі яму пакаранне, але і той не лепшы за Пылілу. Гэты хоць перажывае, раскайваецца ў сваім учынку.

Валя недзе дома, пайшла наведаць маці і, напэўна, зараз вернецца. Прыйдзе і камандзір. Паўлу стане яшчэ горш. Калі б не разбітыя губы, яму лягчэй было б глядзець у вочы сябрам. А так здаецца, што ўсе ведаюць, хто гэта і за што яму стукнуў.

Заязджаць адсюль да маці ў Дубовую Граду таксама сорамна.

- Здаецца, камандзір ідзе, - сказаў Федзя і яшчэ бліжэй падпоўз да шчыліны ў падстрэшшы.

З алешніку выйшаў хлопец, азірнуўся навокал і паўз жыта накіраваўся да вёскі. Адразу нельга пазнаць Валодзю ў новай форме. Не многа дзён прайшло, а ўжо дыверсанты прывыклі бачыць свайго камандзіра ў вайсковай форме. А цяпер ідзе хлопец у чорным пінжачку і ў шэрых шырокіх штанах.

- Так, камандзір, - глянуўшы ў бінокль, сказаў Анатоль.

Усе адразу ж пачалі поўзаць па сене, збіраць свае анучы, абувацца. Хлопцы чакалі нейкіх незвычайных навін ад камандзіра, бо за час адсутнасці Валодзі ў Жлобін ніхто не хадзіў, і нават згубілася сувязь з паліцэйскім Войцікам. Не таму, што яны баяліся, а не было пільнай патрэбы. А вось немцы пачалі аднаўляць чыгунку, і камандзір ужо штосьці прыдумаў незвычайнае, каб перашкодзіць ім. Пасля рэйкавай вайны на чыгунцы ад моста, што пад Жлобінам, і да Шацілак руху не было. А цяпер гітлераўцы спяшаюцца ажывіць гэту магістраль. Валодзя, перад тым як ісці ў горад, доўга назіраў за рухам на чыгунцы, за аховай моста. У яго з'явіліся нейкія планы, але ён пра іх тады не сказаў хлопцам. А цяпер, калі ўвайшоў Валодзя ў пуню, партызаны з нецярпеннем чакалі, што ён скажа. Па настроі камандзіра можна было заўважыць, што яго сустрэчы са жлобінскімі сувязнымі былі паспяховыя.

- Дзе знайсці машыніста? - запытаў Валодзя.

Усе здзіўлена глядзелі на камандзіра і маўчалі. Толькі Грыша паціснуў плячамі і запытаў:

- А якога класа?

- Няхай самага апошняга, толькі каб паравоз умеў пусціць і спыніць.

- Дык гэта і я ўмею. Я ж да вайны Жлобінскае чыгуначнае вучылішча скончыў і крыху памочнікам паездзіў, але захварэў і пасля таго на паравоз не вяртаўся, - сказаў Грыша.

- А я сёння ўсю дарогу толькі і думаў, дзе машыніста знайсці. Шанцуе, яй-богу, шанцуе. Цяпер і вам раскажу, навошта ён. Праз тры дні тут, у вёсцы, у бацькоў Войціка для ўсіх нас будзе падрыхтавана форма паліцэйскіх. Павязкі, усё як мае быць. Нам ужо вядома, што прыгарадны цягнік раніцай ідзе да Слабады і адразу ж вяртаецца назад у Жлобін. У ім звычайна едзе трое немцаў і чацвёрты машыніст. На кожным паўстанку цягнік спыняецца і ў яго садзяцца людзі, якія працуюць на чыгунцы ці на іншай рабоце ў Жлобіне. Вось мы ў форме паліцэйскіх і сядзем. Войцік кажа, што немцы ніякай падазронасці на паліцэйскіх не маюць. З бясшумкі на хаду цягніка знішчаем трох немцаў. Грыша з пісталетам прабіраецца на паравоз і распраўляецца з машыністам. Каля моста ў тым драўляным доміку, вы бачылі яго, знаходзіцца шаснаццаць гітлераўцаў, адзін з іх пад грыбком на страсе. Гэта ўжо развіднее, але яшчэ рана, уся ахова будзе спаць. Грыша спыняе цягнік на мосце, а мы адразу ж з бясшумкі здымаем вартавога і кідаем у вокны доміка гранаты і шашкі толу. Затым мініруем мост і падрываем разам з цягніком.

- А як жа з людзьмі, што будуць у цягніку? - запытаў хтосьці з хлопцаў.

- Калі пачуюць выбухі, дык яны ўсе самі ўцякуць з вагонаў. Што яны - дурныя, не зразумеюць? Мяне турбуе іншае: Войцік каля гэтага доміка быў з месяц таму назад. Ніякіх байніц і вартавога ля ўвахода, кажа, няма. А што, калі цяпер ужо ёсць?

- Не можа быць, каб немцы ўмацоўвалі ахову іменна тут. Няма такой патрэбы, бо ўперадзе, у партызанскай зоне, многа іхніх салдат. Ну, гэтых, што аднаўляюць чыгунку, - заўважыў Анатоль.

- Так, правільна, - згадзіўся камандзір. - Потым у хляве, што ля доміка, ёсць пакойчык, дзе жыве нейкі стары. Ён нарыхтоўвае немцам дровы, зімой паліць печы, даглядае пару коней, кабылу начальніка аховы. Мы яе ўчора бачылі. Гэта яна, малочнага колеру, танцавала там на двары. Войцік гаварыў, што не кабыла, а жар-птушка. Я думаю сёння ноччу зрабіць разведку ля доміка. Калі аховы няма, дык і небяспекі не будзе, а калі ёсць, тады трэба план падрыву моста па-іншаму распрацаваць. Можа, давядзецца спыніць цягнік і аднаму ісці да доміка і там зняць вартавога. Карацей кажучы, я на месцы там сарыентуюся.

- А як ты перабярэшся цераз рэчку? - запытаў Грыша.

- Пераплыву!

- Я думаю, не трэба сёння лезці туды, - сказаў Анатоль.

- Не трэба, - падтрымаў Анатоля Федзя.

- Не трэба, - ціха сказаў Пыліла.

Камандзір на нейкі момант задумаўся, а потым адказаў:

- Не, я з вамі не згодзен. Сем разоў адмерай, раз адрэж. Нельга ўсляпую наступаць. Уявіце, што адтуль па нас зроблены адзін стрэл. Трывога - і ў пятнаццаці чалавек, якія сядзяць ва ўкрыцці, у руках зброя. Завяжам бой, у іх тэлефонная сувязь ёсць, адразу ж дапамогу выклікаюць. І тады нам не ўцячы.

Хлопцы згадзіліся з довадамі Валодзі. Толькі Анатоль хацеў таксама разам пераплысці рэчку. Але камандзір зноў адхіліў яго прапанову, бо аднаму заўсёды прасцей і лягчэй у такіх выпадках.

Нават самыя асцярожныя крокі двух чалавек ужо робяць больш шуму.

У пуні сцямнела. Валодзя ўзяў аўтамат і пайшоў у хату, каб аддаць гаспадару яго вопратку і апрануць сваю. А хлопцы адразу ж пачалі далей абмяркоўваць план прадстаячай аперацыі.

- Правільна гаворыць Валодзя, што трэба дэталёва разведаць, бо па плану заўсёды атрымліваецца гладка. Я вось ніколі не думаў, што ў час наступлення на слабадскую паліцыю руку мне пераб'юць. Здавалася, што паліцаі аднаго выстралу не змогуць зрабіць, а як атрымалася? Ідзём ноччу, а насустрач паліцай. Ён у самаволку збег, і сутыкнуліся мы. Дык той як нарабіў ляманту і пераблытаў нам увесь план, - расказваў Грыша.

- Ды ўжо сядзець тут надакучыла, - сказаў Анатоль.

- Хочаш у Ніўкі да дзяўчыны? - пажартаваў Федзя.

- Мне хоць куды.

- А можа, камандзір Валю будзе чакаць, дык яшчэ давядзецца сядзець тут, - выказаў сваё меркаванне Пыліла.

- Пры чым тут Валя, яна недзе нас ужо ў Дубовай Градзе чакае, - сказаў Анатоль.

Партызаны прыляглі на сена. Чуваць было, як папіскваюць і капошацца мышы пад сенам, ды зрэдку даносіліся са Жлобіна кароткія гудкі манеўровага цягніка. Лягчэй стала на душы ў Пылілы. Ён цяпер горш за ўсё пераносіў прысутнасць Валодзі і Валі, а іх пакуль што няма. Вельмі добра, што Валя ў Дубовую Граду пайшла і не сядзіць тут у яго перад вачамі. Калі хоць бы кропля спачування ў яе была да Паўла, дык яна б нікому не сказала пра ўсе бяздумныя яго дзеянні. Але няхай круціць носам, хутка партызаны злучацца з часцямі Чырвонай Арміі і далей пойдуць біць ворага, а Павел застанецца. Хлопцаў мала вернецца з гэтай вайны, і Валя яшчэ будзе рада яму. Яны пажэняцца, але ён не раз яе папракне за гэты душэўны боль і сорам, што пераносіць цяпер.

Так, забягаючы далёка ўперад, думаў Павел. Ён не лічыў, што пакрыўдзіў сумленную дзяўчыну, не. Вайна... Кулі не баіцца, а яго, Паўла, які потым можа стаць яе мужам...

За варотамі пуні пачуўся ціхі голас камандзіра. Усе зразумелі, што Валодзя з некім размаўляе. І вось увайшлі двое, і камандзір сказаў:

- Цяпер мы ўсе ў зборы, Валя прыйшла. О чорт, маці не наведаеш, у Дубовай Градзе немцаў поўна. Вывозяць нарыхтаваныя дубы, якія летась мы не далі ім забраць. Думаюць, блакада прайшла, дык мы адсюль кудысьці далёка збеглі. Трэба спяшацца, каб зацемна і там мінку падкласці. Ну, вы тут чакайце, а Федзя бяры вінтоўку і пойдзем да рэчкі.

- І я пайду, - сказаў Анатоль.

- Добра, пойдзем.

Асцярожна адхінаючы лазняк, партызаны ціха ішлі па мяккім тарфяністым беразе. Чым далей яны адыходзілі, тым ніжэй апускаўся на сінім даляглядзе мост. Трэба было адысці на такую адлегласць, каб вартавы на мосце не мог пачуць усплёскі вады. І вось невялікае калена, рэчка павярнула ўбок. Камандзір загадаў Федзю сесці там і ў выпадку трывогі біць па мосце, па ахове, хаця доміка, у якім яна размяшчалася, ужо не было відаць. Прайшоўшы далей за паварот рэчкі, Валодзя распрануўся, папрасіў у Анатоля кепку, уклаў у яе пісталет і нацягнуў сабе на галаву.

- Я хутка вярнуся, чакай мяне тут, - сказаў ён і пагрузіўся ў ваду.

Імклівая плынь рэчкі падхапіла яго і панесла наўскасяк да таго берага. Валодзя не зрабіў ніводнага ўсплёску і неўзабаве знік у прыбярэжным ракітніку. Там ён узяў у рукі пісталет і ціха пайшоў па беразе ў бок моста. Рэдкія кусты цямнелі над шызай коўдрай туману. Валодзя яшчэ не бачыў, але ўжо адчуваў, што вось-вось павінен паказацца двор аховы. Добра, што туман. Лягчэй падысці да доміка незаўважаным. Вось толькі дэталёва разведаць, што робіцца вакол яго, было немагчыма: у такое ціхае надвор'е ў лепшым становішчы знаходзіцца той, хто стаіць на месцы. Валодзя ціхенька, сагнуўшыся, падышоў да вугла доміка і спыніўся. Стаіўшы дыханне, ён прыслухоўваўся, ці не зробіць вартавы, калі ён там ёсць, хоць адзін крок. Валодзя нічога не чуў, і неяк раптам яго ахапіў холад. Ён дрыжаў, аж зубы ляскалі, але працягваў стаяць. Пераканаўшыся, што каля доміка нікога няма, Валодзя выпраміўся. «Значыць, акрамя вартавога, што стаіць на мосце, тут болей пастоў не ставяць», - падумаў партызан і ціха пайшоў да хлява.

Валодзя абышоў вакол хлява і спыніўся ля варот. Па-ранейшаму яму было холадна, і моцна білася сэрца. «Зайду» - рашыў ён. Абмацаўшы жалезную ручку на варотах, партызан паціху адчыніў іх і пралез у хлеў. З варыўні, што стаяла ў кутку, праз невялічкае акенца падала ў хлеў цьмянае святло. І адбівалася чырванаватым бляскам на вачах устрывожаных коней. Валодзя адчыніў дзверы і ўвайшоў у варыўню. На тапчане, каля сцяны, ляжаў барадаты дзядуля. Ён быў нераспрануты, але босы. Глыбокае дыханне з працяглым хрыпам у грудзях сведчыла аб тым, што дзядуля спіць. Ён заснуў чамусьці незнарок, бо не патушыў нават ліхтара. Ля дзвярэй на доўгім кастылі, забітым у сцяну, віселі сядло, аброць. У Валодзі імгненна нарадзілася думка - забраць каня. Ён зрабіў некалькі крокаў уперад і ціха патрос старога за плячо. Той лыпнуў вачамі і ўзняў галаву. Партызан крыху адступіў назад і, працягнуўшы руку, у якой трымаў пісталет, сказаў:

- Дзядуля, ціха, ціха.

Дзядуля ўжо сядзеў на тапчане, пальцамі церабіў сваю доўгую бараду і з жахам з ног да галавы аглядаў голага партызана.

- Я хачу, каб вы асядлалі мне кабылу, - сказаў Валодзя.

- А хто вы будзеце?

- Вам не ўсё роўна? Што вы толькі фашыстам яе сядлаеце?

- Не, я так пытаю, адкуль вы, сынок?

- Я ўцёк са Жлобіна з-пад расстрэлу, мне трэба конь.

- Трэба дык трэба, - устаў дзядуля. - Толькі ж, сынок, што мне заўтра скажуць, мяне ж заб'юць.

- Вам могуць нічога не зрабіць, а цяпер маўчыце, бо страляю адразу ж.

- Добра, я асядлаю кабылу, толькі вы мяне тады замкніце адтуль. Я буду сядзець у варыўні да раніцы і скажу, што нехта ўкраў.

- Малайчына, дзядуля, пайшлі.

Валодзя адышоў у куток, узяў ліхтар і ззаду падсвечваў старому. У таго дрыжалі рукі, і ён ледзь ускінуў сядло на спіну кабылы. Пяшчотна пагладзіў яе, адчапіў ад шула і выцягнуў з-пад аброці грыву. Было відаць, што дзядуля не так баіцца немцаў, як прывык да жывёліны і шкадуе яе. Але хутка перадаў повад у рукі Валодзю і пайшоў у варыўню. Партызан начапіў клямку на прабой і заціснуў палку. Адчыніў болей вароты, вывеў кабылу, але ў сядло адразу не садзіўся, і толькі ля рэчкі ён ускочыў на каня. Кабыла смела пайшла ў ваду і, выцягнуўшы ўперад шыю, паплыла да другога берага.

Анатоль напалохаўся, калі заўважыў, што плыве хтосьці на кані. Ён схаваўся за куст і падрыхтаваў аўтамат. Але на беразе Валодзя саскочыў з каня і аклікнуў сябра.

- Каня ўзяў? - абрадавана падбег Анатоль.

- Мне далі. На, патрымай, а я апрануся.

Анатоль узяў павады і падышоў да кабылы. Даўгашыяя, яна высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі.

- Супакойся, ты ўжо на нашым баку, паслужыш партызанам, - гладзіў мокрую шыю кабылы Анатоль.

Ён быў вельмі рады, што Валодзя набыў сабе такую кабыліцу. Цяпер Вараны будзе канчаткова замацаваны за ім.

- Пойдзем, - сказаў камандзір.

- Дык ты сядай ды едзь.

- Не, яна тады пачне танцаваць, а тут грузка. Ды і Федзя насцярожыцца, падумае - хто гэта на кані?

- Хаця, праўда...

Федзя сустрэў хлопцаў, глянуў на кабылу і здзівіўся:

- Дзе гэта вы яе захапілі?

- У хляве. Дзядуля асядлаў і ўручыў мне.

- Добра, дык ён жа зараз можа сказаць немцам, што партызаны былі. Тыя ў пошукі не кінуцца, але вартавых паставяць.

Валодзя ў той час, калі быў у дзядулі, пра гэта нават не падумаў. І атрымалася выпадкова, што ён не назваў сябе партызанам.

- Я так зрабіў, што немцы і ўявіць не змогуць, што там партызан быў. Бо голы зачыніў дзядулю ў варыўні і кабылу ўкраў. Яны падумаюць, што трапіў туды бадзяга нейкі, і супакояцца.

- Хіба толькі, - сказаў Федзя.

- Вы ідзіце ў двор, а я да астатніх забягу, скажу, каб хуценька збіраліся.

Валодзя забег у пуню. Некаторыя хлопцы ўжо спалі. Ён напаўголаса скамандаваў:

- Пад'ём!

Зашамацела сена, і партызаны адзін за адным з'яўляліся перад камандзірам.

- Каб праз пяць хвілін усе былі на конях. Віктар, ты паедзеш з Валяй на калёсах па вёсцы. Будзе менш падазронасці, бо ў аб'езд па кустах будуць тарахцець калёсы. Вартавы на мосце пачуе. Свайго гнядога дай Паўлу, няхай вядзе, - на хаду гаварыў Валодзя.

На двары ўжо ля хлопцаў стаяў гаспадар і ўсё хваліў кабылу:

- За ўсё сваё жыццё не бачыў такіх коней. Ай, афіцэр завые. Ён жа па вёсцы тут не адзін раз гарцаваў. Вы ўдзень гэтай кабылы не бачылі, яна ж колеру сонца.

- Пабачым, бацька, - сказаў Валодзя і ўзяў у рукі павады. - Ну, дзякуем вам за ўсё, бывайце.

Камандзір спрытна ўскочыў у сядло, і кабыла пачала тупаць доўгімі нагамі, прысядаць, нібы лябёдка, выгінаць шыю.

Ён першым выехаў са двара і туга нацягнуў павады, каб ціха пакінуць вёску.

Валодзя Байкач быў задаволены сваёй разведкай. Гэты маленькі поспех яму нібы адчыніў дзверы да здзяйснення вялікага подзвігу. Падрывам моста яны спыняць далейшае аднаўленне чыгункі, на якой немцы ў апошні час так заўзята пачалі працаваць. Цяпер яму трэба многа ўзрыўчаткі, бікфордава шнура, гранат. Не знойдзе ў сваім атрадзе, дык дойдзе да штаба брыгады, там сабяруць. Валодзя ехаў па палявой дарозе, а ў думках ужо пабываў і ў сваёй брыгадзе, і праехаў на нямецкім цягніку, і паспяхова закончыў баявую аперацыю, і, здавалася, наблізіў канец вайны.

Уперадзе чуваць было, як грукочуць калёсы. Гэта паехалі Віктар з Валяй. Валодзя рашыў дагнаць іх. Ён адпусціў павады і злёгку ўдарыў кабылу абцасамі пад бакі. Раптам нібьі шалёны вецер падзьмуў у твар, і Валодзю здалося, што ён не імчыць па роўнай дарозе, а ляціць некуды ўніз, у бяздонную цемрадзь. Нават напалохаўся, каб не разбіцца, і моцна нацягнуў павады. Кабыла звярнула ў жыта і пачала танцаваць ужо побач з калёсамі. Пад'ехалі хлопцы.

- Вось цяпер відаць, што камандзір на кані, - сказала Валя. - Толькі Шаблін убачыць, дык можа на беланогага памяняць з табой.

- Сказаў бы я... ды што, калі ты дзяўчына. Сяргееў, калі б папрасіў памяняцца, я згадзіўся б. Наогул добраму камандзіру аддаў бы, а сам пеша хадзіў. А то Шаблін. Я думаю, што ён хутчэй цябе забярэ. Навошта яму добры конь, куды яму ездзіць? Перад дзяўчатамі танцаваць? Ведаеш, колькі нашых камандзіраў сустракаў у сорак першым, у шпіталі ў палаце ляжаў з афіцэрамі, а такога хітрага дурня нідзе не бачыў. Ёсць злосныя, жорсткія камандзіры, але ж не такія, як Шаблін. Гэта чалавек, які глядзіць на другога і ў думках пнецца, каб зрабіць яму што-небудзь агіднае. Я не ведаю, якія ў мяне з ім далей адносіны будуць. Увесь час маўчаў, а ў душы ў мяне кіпела. Цяпер прыедзем, паглядзім, як ён паставіцца да таго, што я тады не вярнуўся. Напэўна, яго ўжо ў вайну палітруком прызначылі так, не разабраўшыся. Хаця чорт яго ведае, можа, ён у баі вельмі вынаходлівы і смелы. Трэба запрасіць яго з сабой на мост ды паглядзець.

- Таварыш камандзір, мы ў Дубовую Граду едзем? - запытаў Пыліла.

- Не, там немцаў поўна. Давайце тут спынімся, і колькі ў нас толу ёсць - пад мост на грэблі пакладзём, замініруем. Другім жа шляхам немцы дубы на станцыю не павязуць.

Дыверсанты спыніліся і саскочылі з коней. Пыліла дастаў з-пад сена на калёсах торбу з толам і аддаў Байкачу.

- Пад машыну хопіць, - сказаў той.

Грэбля была зусім блізка ад таго месца, дзе спешылі партызаны. Узышоўшы на яе, хлопцы заўважылі свежыя сляды ад машын. Зразумела, што лягчэй было б паставіць міну націскнога дзеяння ў каляіне, але дыверсанты хацелі заадно і пашкодзіць драўляны мост. Давялося ісці далей. Нарэшце мост. Вады ў магістральным канале было мала. Валодзя з Анатолем спусціліся пад мост на мяккую броўку. Валодзя выкладваў з торбы шашкі, а Анатоль асвятляў запальнічкай сярэднюю бэльку моста.

Тол падвешваць не будзем? - запытаў Анатоль.

- Не, пакладзём вунь там і дроцік ад чакі працягнем наверх.

Камандзір запхнуў шашкі за канец бэлькі, у шчыліну прасунуў канец дроту і паклікаў Анатоля:

- Трымай чаку, каб не выцягнулася, а я пайду наверх.

Валодзя нацягнуў дроцік і прымацаваў яго над зямлёю за галінкі ламачча, што ляжала ля моста.

- Толя, пускай чаку, але глядзі, каб там дроцік быў не надта нацягнуты.

- Добра, - сказаў Анатоль і выскачыў з-пад моста.

- Ніяк машына не міне нашай пасткі, - сказаў Байкач. - Пайшлі.

Ужо развіднела, але сонца яшчэ не зусім выкацілася з-за гарызонту, толькі ўгору ўскінула свае праменні-вейкі і нібы паглядвала, што робіцца на зямлі.

Партызаны ехалі па сваёй зоне. Палявая пясчаная дарога нібы калыхала іх, хіліла да сну, асабліва Валодзю. Пасля душэўнага напружання і нялёгкага пераходу цела не трымалася, павекі сталі цяжкімі і закрывалі вочы. Валодзя паклаў галаву на шыю кабылы і звесіў рукі. Хлопцы назіралі за ім ззаду і ехалі ціха. Кабыла ці то ад стомленасці, ці ад таго, што адчувала, што яздок спіць, не спяшалася.

Раптам недзе далёка грымнуў глухі выбух, і Валодзя страпянуўся. Шпарчэй пакрочыла кабыла.

- Гэта наша міна ўзарвалася. Здаецца, там. - Ён паказаў назад рукой і ўсё круціў галавой, глядзеў навокал, каб сарыентавацца пасля сну, дзе ён.

Абапал дарогі тырчаў шызы палын, зелянеў дурнап'ян. А там, вышэй на ўзгорку, побач з даўно адкрасаваўшым рэдзенькім жытам цвіла грэчка. І гэта нібы сцвярджала, што недзе далёка тут ёсць жыццё. Да блакады гітлераўцаў у такі час ужо цягнуўся ў неба дым над вёскай, ныралі ўніз жураўлі калодзежаў. А цяпер не відаць нічога, бо ўсё тое, што было зроблена рукамі селяніна ў вёсцы, фашысты спалілі. Няма дзе прысесці нават птушцы, якая прывыкла жыць побач з чалавекам. Вось вылецела з лесу з дзесятак галубоў, яны пакружыліся над полем і паселі ля грэчкі. Сярод дзікіх шызых вехіроў ёсць некалькі белых, гліністых.

- Глядзіце, самая мірная птушка і тая ў партызаны пайшла, - сказаў Валодзя.

- Вы не бачылі, якіх мы аднойчы за Бярэзінай напаткалі хатніх звяроў? Залезлі мы ў стары бліндаж, а там нешта фыркае, бліскае мноствам агеньчыкаў. Мы засвяцілі ліхтарыкам, а перад намі сядзяць сем катоў. Усе, нібы тыгры, паласатыя, паднялі на спінах поўсць, закруцілі хвасты і скаляць зубы нам. Я схапіў аднаго, дык ён мне кіпцюрамі рукі абадраў, кусаў за пінжак. Ледзь укінулі яго ў торбу. Прывезлі ў лагер і ля кухні выпусцілі. Кот прылёг, агледзеўся і наўцёкі ад людзей. Так болей ён і не з'яўляўся нам на вочы, - расказваў Іван Жураўчык.

- Нічога, затое людзі не адзічэюць за час вайны, - сказаў Валодзя. - Наадварот, усё, што было дзікае ў каго, вылезе з цёмных тайнікоў душы наверх. А пакажацца яно, людзі саскрабуць яго, не дачакаўшыся гэтага, сам носьбіт адкіне сваё дзікунства. І вось застануцца людзі чыстыя, сумленныя, якія будуць ведаць кошт жыццю.

Камандзір зноў зажмурыў вочы і пачаў драмаць у сядле. Але раптам трасянуў галавой, тузануў павады і паехаў рыссю. У яго цяпер была адна думка: хутчэй заехаць у лагер, кінуцца ў будан ды паспаць.


Загрузка...