XIII
Двое сутак дыверсійная група правяла ў лагеры. А цяпер зноў ішла на выкананне баявых заданняў. Валодзя за гэты час пабываў і ў штабе брыгады. Доўга размаўляў з Сяргеевым і Ядлоўцам. Яны выклікалі да сябе і перакладчыка. З яго расказу камандаванню стала дакладна вядома, што гітлераўцы ўсё ж плануюць рабаваць сялян і вывозіць збожжа. Партызанская брыгада шмат дапамагла сялянам у часе ўборкі, і цяпер нельга было дапусціць, каб гітлераўцы забралі хлеб. Тым больш што разам з зернем яны мяркуюць вывезці ў Германію і здаровых людзей. Ядловец з Сяргеевым прынялі рашэнне паслаць на шляхі ад Слабады да навакольных вёсак баявыя роты. А Валодзю было дадзена канкрэтнае заданне: неадкладна знішчыць Капыцкага, каб атрады заставаліся ў бяспецы. Байкачу выдалі пісталет, бінокль, бясшумку, многа капсуляў-дэтанатараў, шнура, узрыўчаткі, вярнулі яму каня, а групе - баян.
Дыверсійная група спынілася ў Ніўках. Цяпер яна ўжо была колькасна большай. Валодзю дазволілі ў групу ўзяць перакладчыка і аднаго невялічкага, сухенькага партызана Калошу, які вельмі добра іграў на баяне. Вёска Ніўкі стаяла абапал гравейкі. У адным канцы яе амаль да самых двароў падыходзіў лес. Для партызан гэта вёска з'яўлялася зручным месцам.
Размясцілася група ў крайняй хаце каля лесу, у знаёмай Анатолю Зубёнку сям'і. Ён сюды іншы раз заязджаў. У гаспадыні была дачка, не такая ўжо прыгожая, як з прыемным і звонкім голасам. Цудоўна яна спявала, асабліва пад гітару. Але сёння яна саромелася спяваць, а ўсё слухала песні, якія развучвалі партызаны. Валодзя знайшоў свой сшытак з новымі песнямі, які прывёз са шпіталя. Баяністу варта было паслухаць тую ці іншую песню, і ён хутка падбіраў на баяне матыў. Партызаны ўжо добра спявалі «Цёмную ноч».
- А цяпер давайце, хлопцы, развучым:
Девушка, помни меня,
Милая, помни меня,
За тебя и край родной
На бой, на бой...
Раптам у хату ўскочыў вясковы хлапчук і, задыхаючыся, сказаў:
- Дзядзькі, са Жлобіна па гравейцы ляціць матацыкл. Партызан нібы ветрам здзьмула: усе выскачылі на двор.
- Хлопцы, на той бок хаты, і не стойце ўсе разам, - крыкнуў камандзір, а сам выскачыў на вуліцу.
За штакетам на двары засталіся перакладчык і Валя. Матацыкл хутка набліжаўся. Валодзя стаў за шула і прыціснуўся да варот. Вось матацыкл ужо метраў за сто ад двара. Камандзір размахваецца і кідае гранату. Уперадзе матацыкла выбух. Валодзя націснуў на спускавы кручок аўтамата: адзіночны выстрал, і аўтамат заела. Матацыкл спыніўся супраць камандзіра. Матацыкліст саскочыў і падняў рукі ўгору, па яго твары бег струменьчык крыві. Афіцэр, які сядзеў у люльцы, устаў, глянуў на Валодзю і пачаў адкручваць з доўгай ручкай гранату. Каля вуха камандзіра пратрашчала чарга. Гэта праз штакет страляў перакладчык. Матацыкліст упаў, а афіцэр саскочыў з люлькі і з усіх ног кінуўся за хлеў, што стаяў на другім баку вуліцы. Валя справілася стрэліць у афіцэра, але ён не ўпаў.
- Дай мне шомпал! - крыкнуў Валодзя.
Валя падала шомпал і выскачыла сама на вуліцу. Камандзір выбіў патрон з адарванай пяткай, пабег на другі бок вуліцы і цераз хлеў кінуў яшчэ адну гранату. Афіцэр выскачыў і без аглядкі пабег па агародзе. Валодзя пусціў доўгую чаргу.
Афіцэр схапіўся за бок і ўпаў.
- Хлопцы, сюды! - крыкнуў камандзір.
Усе выскачылі на вуліцу. Валодзя накіраваўся да забітага афіцэра. Той ляжаў дагары з раскінутымі рукамі. Валодзя зняў гадзіннік, пісталет, выняў дакументы і пайшоў на вуліцу, дзе ля матацыкла тоўпіліся партызаны. Данілаў завёў яго, крыху праехаў і павярнуў назад.
- Мы далёка забеглі і матацыкла нават не бачылі, - сказаў Пыліла.
- Якраз наадварот. Праскочыў бы ён міма нас, тады што, даганяй?.. А так бы ён увесь час быў пад агнём. Ну і гранаты ты мне даў, - звярнуўся Валодзя да перакладчыка. - Такія яйкі толькі пад гуску падкладваць. Разарвалася перад самым матацыклам і толькі твар аднаму фрыцу крыху падрапала. Вось каб я «эфку» сваю пусціў, дык іх бы на катлеты змяшала. Труп гэты сцягніце ў траву за плот. Мы паедзем, людзі пахаваюць.
- Дык мы паедзем адсюль? - запытаў Анатоль.
- Так. На вось нямецкі пісталет, і хопіць з цябе ў Ніўках трафеяў, - засмяяўся Валодзя. - Паедзем у Маркаўшчыну, тая вёска не на такім бойкім месцы, і стаяць нам будзе бяспечней.
Пыліла пайшоў у двор па сваю параконку. Ён быў паганятым на ёй. А камандзір з Анатолем былі верхавыя. Перакладчык завёў матацыкл і ў люльку пасадзіў Валю.
Толькі партызаны пакінулі вёску і па палявой дарозе ўз'ехалі на ўзгорак, як з-за Нівак па іх пачалі біць з кулямёта. Было ўжо далёка, але кулі рыкашэцілі і са свістам праляталі над галовамі. Усе кінуліся хутчэй у лагчыну, толькі Данілаў саскочыў з матацыкла і пачаў штосьці корпацца ў ім.
Валодзя павярнуў каня і крыкнуў:
- Давай хутчэй адтуль.
Перакладчык сеў на матацыкл і ціха паехаў з узгорка.
- Што там у цябе здарылася? - запытаў Валодзя.
- Пярэдняе кола спусціла, прабіта асколкам.
- Зараз жа знішчай яго. У партызанах на матацыкле, ды яшчэ няспраўным, ваяваць нельга, - сказаў камандзір.
Валя выскачыла з люлькі і пайшла да падводы, а Данілаў яшчэ ціскаў кола, таптаўся каля матацыкла. Відаць было, што яму шкада машыны, але ж нічога не зробіш, трэба спаліць. Ён дастаў каністру з бензінам, абліў матацыкл, памачыў нейкую анучу ў бензін, адышоў убок, запаліў яе і кінуў на люк. Матацыкл успыхнуў, нібы свечка. Данілаў пабег даганяць сваіх. Неўзабаве пачуўся выбух. Перакладчык растлумачыў, што гэта ўзарваўся бак з бензінам.
Пара дужых коней ішла напружана, бо на калёсах сядзела аж восем чалавек. Валодзя падумаў, што трэба недзе ўзяць яшчэ некалькі коней з сёдламі, тады манеўраваць будзе значна лягчэй. Разведчыкі ведаюць у нейкай вёсцы майстра, што робіць сёдлы, можна будзе заказаць таму, каб зрабіў штукі тры.
Камандзір звярнуў увагу на перакладчыка, які сядзеў на калёсах у задку і нізка звесіў галаву. Для яго тут усё новае. Да партызанскага жыцця трэба прывыкнуць. Хутка ўцягнецца, Валодзя дасць яму такое заданне, што сумаваць не будзе калі. Камандзір ужо думаў пра гэта. Будзе ён у такой форме спыняць нямецкія машыны, падвозіць немцаў да партызанскай засады. А пашанцуе, спыніць і танк... Першая сур'ёзная аперацыя будзе тут, на мосце, непадалёк ад Маркаўшчыны. Невыпадкова таму камандзір вядзе групу ў гэту вёску. Яму трэба прасачыць за рухам цягніка. Валодзя не пакінуў сваю ранейшую задуму - узарваць чыгуначны мост. Вось калі група сядзе пад выглядам паліцэйскіх у цягнік, там павінен праявіць сябе Данілаў, бо ў вагонах будуць немцы.
Партызаны прыехалі ў Маркаўшчыну на захадзе сонца і спыніліся ў сувязнога Войціка. Валодзя спяшаўся. Ён зняў сваю гімнасцёрку, пілотку і аддаў Івану Жураўчыку, а ў таго ўзяў цывільную сарочку, пінжак і кепку. У адну кішэню паклаў пісталет, а ў другую бясшумку і некалькі патронаў да яе.
- Давай, Валечка, свой карабін і пойдзем у Слабаду пасвіць Капыцкага. Чаго ж вы не жадаеце ні пуху ні пер'я? - засмяяўся Валодзя, махнуў рукой і з Валяй пайшлі са двара.
Сонца садзілася ў хмары, пачынаў гуляць лёгкі ветрык. Валодзя звярнуў з дарогі і паўз балота ўзяў напрамак на Слабаду. Валя не адставала ад яго. Шалясценне пад ветрам лісточкаў бярозак, шыпенне хвой наганялі маркоту. Валодзя думаў, што каб не Валя побач, дык зусім кепска было б на душы. А Валя ў сваю чаргу думала, што каб не з Валодзем, дык яна ні з кім бы не згадзілася ісці. Ёй здавалася, што яна паглядзіць у Слабадзе на абставіны і падкажа Валодзю, як дзейнічаць. Ды і наогул, калі ён разам з ёй, дык будзе цэлым і здаровым. Але сэрца таксама сціскалася, і дзяўчыне не хацелася гаварыць. Так яны ішлі моўчкі амаль да слабадскога балота, а потым Валодзя запытаў:
- Вашы суседзі не ведаюць, што ты ў партызанах?
- Дакладна не ведаюць дзе.
- Але ўсё роўна табе на вуліцу паказвацца нельга. Залезеш на сена і будзеш там, пакуль я зраблю сваю справу.
- Ага, я баюся адна.
- А са мной?
- З табой - не. Валодзя, я не люблю, што ты такі.
- Які? - спытаў хлопец.
- Ты можаш ураз галаву скласці. Ну, хаця б сабе з матацыклам гэтым. Добра, што афіцэр разгубіўся і не выхапіў пісталет, а з гранатай пачаў важдацца. Так бы стрэліў ва ўпор, і ўсё.
- Трэба так і ваяваць, каб вораг не мог апамятацца. Ты шкадуеш мяне?
- А чаму не!
- Тады я буду слухаць цябе... Як стала цёмна, дзе ж тут была сцяжынка, а... вось яна. Па балоце трэба ісці ціха.
У вёсцы загула машына, і чуваць было, што пайшла яна ў бок станцыі. Зноў да сэрца падкочвалася трывога. Ісці ноччу значна лягчэй і весялей, калі размаўляеш.
- Я адзін таксама на сена не пайду. Я не засну, - павярнуўся і шэптам сказаў Валодзя.
- Дык у хату пойдзем.
- У хаце небяспечна, Валечка.
- Ціха, і я пайду з табой.
- А ты не баішся?
- Не, з табой я магу ў глухім лесе быць і не баяцца.
- Малайчына.
- Што?
- Малайчына, кажу.
Неба зацягнула хмарай, і стаў накрапваць дожджык. Валя ледзь знайшла сцяжынку на свой агарод. Падышлі да хлява.
- Трэба было б у хату зайсці ды паслаць што-небудзь, - сказала Валя.
- Ды не турбуй ты маці, бо не будзе спаць.
Валя падышла і ціхенька адчыніла вароты.
- Заходзь, мы адсюль зашчэпім.
Валодзя ўвайшоў. Валя пералезла цераз бярвенчаты завал і папаўзла па сене, а за ёй Валодзя. Залезлі пад самае падстрэшша, раскапалі крыху сена і ляглі. Валодзя абняў Валю. Яна яго рукі не скідала, а ціха сказала:
- Не чапай толькі.
Валодзя прытуліўся тварам да яе шчакі і маўчаў. Ён адчуваў, як Валіна шчака станавілася ўсё цяплей і цяплей. Ён павярнуў яе галаву і пацалаваў у губы.
- Не трэба, я і так цябе люблю, - шэптам сказала Валя і пачала гладзіць Валодзю па валасах.
Хлопцу было так прыемна, што здавалася, ён ніколі не быў у падобным стане. А можа, не здавалася, а сапраўды не быў? Валодзя лічыў Валю грубаватай дзяўчынай, калі назіраў, як яна адносілася да другіх партызан. А тут такая пяшчотная рука, такія далікатныя губы, такі прыемны, з цёплым подыхам шэпт... Валодзя цалаваў і цалаваў яе. А потым запытаў, з кім яна цалавалася раней.
- Капыцкі хацеў пацалаваць, дык я плюнула яму ў твар. Тады ён, як звер, схапіў мяне і сукенку разарваў, а я вырвалася і да настаўніка Дзеравякі ўцякла. А больш?.. Чамусьці мяне баяцца, ніхто і не асмеліўся гэта рабіць.
- А вось я не баюся.
- Ну, ты, ты - нікога не баішся.
- Так, я нікога не баюся, а вось каб ты грубае на мяне што сказала, я не крануў бы цябе. Значыць, баюся.
- Навошта на цябе мне грубае гаварыць. Ты для мяне самы прыгожы і самы добры. І ведаеш, калі я да такога вываду прыйшла? Ужо ў вайну. Пачала перадумваць, з кім вучылася разам, і ты ў мяне амаль кожны дзень стаяў перад вачамі. Ты думаеш, выпадкова было, калі Зіна прыходзіла ў разведку ў Слабаду і я ў яе пра цябе пытала? Я ведала пра твае адносіны з Зінай і была задаволена, што яна выйшла замуж. У мяне, калі хто пытаў, чаму я ні з кім не сябрую, дык я адказвала, што я люблю аднаго. І мела на ўвазе цябе.
- Ну, а калі б ты мне не спадабалася?
- Я ў гэта не верыла. Бо калі цябе ў дзевятым класе пасадзілі са мной, дык мне класная гаварыла, што ты мяне адну павінен быў слухацца і не балавацца.
- О, вывад зрабілі правільны. Я цябе тады кахаў, але на адлегласці, а класная - раз, і пасадзіла побач. І гэта мяне на некаторы час скавала. Але я ўсё роўна ні разу не сказаў, нават намёку не зрабіў, што ты мне падабаешся.
- Я без твайго прызнання ведала.
- Дык і я ведаў, што я табе таксама...
- Ну і правільна. Але хто мы тады былі, дзеці...
- А пачуццё ўжо абуджалася. І не трэба думаць дарослым, што ў такім узросце, калі мы былі ў школе, няможна кахаць або зусім кахання няма. Яно ёсць, але своеасаблівае, нясмелае, якога часта сам баішся.
Быў позні час, шалясцеў па страсе дождж, а спаць ні Валодзя, ні Валя не прапаноўвалі. Яшчэ больш устрывожылі яны свае маладыя душы ўспамінамі і цяпер бліжэй туліліся адно да аднаго.
- Я ніколі не думаў, што так прыемна будзе цалаваць цябе, - шаптаў Валодзя.
- А я ніколі не думала, што мне так прыемна будзе быць з табой. Ты цяпер разумееш, як мне было, калі я пачула, што цябе ўжо няма?
- А хто такі Гут у вашай вёсцы?
- Ай, гідота нейкая. Ты яго павінен ведаць. Ён у дзесятым вучыўся. І вось быў як панадзіўся хадзіць да нас... Гэта калі я дома яшчэ была. Я яму кажу: «Што ты такі здаровы і не ідзеш ваяваць?», а ён адказвае: «Куды я пайду? Я нямецкую мову дасканала вывучаю, прачытаў ужо шмат кніжак. Трэба рыхтаваць сябе да вялікага жыцця». Я пытаю, хто ж яму дасць тое вялікае жыццё. Трэба ісці ваяваць з нашымі або з ворагам. А то чакае нейкага незвычайнага жыцця, кажуць, сядзіць на палацях без штаноў у доўгай матчынай сарочцы. І нацягваў штаны толькі тады, калі да нас прыходзіў.
- А ўсё ж нацягваў, - засмяяўся Валодзя.
- Людзі гавораць, што ніякай ён мовы не вывучае, а Біблію. Ён баптыст нейкі. Я яго выганяла з хаты, а ён усё роўна сляпіцай лезе. Дык я рабіла так: ён у хату, а я з хаты. Гут сядзе з маці і разважае, што нам цяжка без мужчыны жыць, хваліцца, што ён добры гаспадар... Маці мяне аднойчы дакарала, што непрыгожа так уцякаць з хаты, калі хлопец прыходзіць. Я сказала, што сыду з дому куды вочы глядзяць, калі маці будзе яго падтрымліваць і ён будзе поўзаць сюды. Тады маці, напэўна, штосьці сказала яму, і Гут перастаў хадзіць да нас. Але нядаўна зноў быў, распытваў, дзе я. Ён бы пісьмо напісаў. Дурны Гут.
- Чаму? Ён кахае цябе.
- Дык кахаць трэба хоць крыху да сябе падобнага чалавека. Ну, скажам, не тварам, дык поглядамі на жыццё... А то ўяві сабе: вялізны дубіна ў матчынай сарочцы на палацях сядзіць, і вочы блішчаць, нібы ў ката, адтуль, з-пад столі. Валодзечка, мне здаецца, што гэта не чалавек, а вар'ят.
Валодзя абняў Валю за талію і прыціснуўся да яе грудзей.
- Не трэба так. А то ўстану і пайду ў хату.
Хлопец адсунуўся і сказаў:
- Добра, будзем спаць.
- О, які ты разумны, я хацела табе аб гэтым сказаць, але баялася пакрыўдзіць.
Валодзя заснуў не скора. Ён яшчэ доўга ляжаў і думаў, думаў.
Раніцай хлопец пачуў, як нехта стукаў у вароты. Валодзя разбудзіў Валю, і яна хуценька саскочыла з сена і зняла зашчапку. Гэта была маці. Яна здзівілася, убачыўшы тут Валю разам з Валодзем. Праўда, нічога не сказала, але па ўсім было відаць, што ёй няёмка за дачку, што начавала з хлопцам.
Тацяна Мікалаеўна сказала, што нічога небяспечнага няма і можна ісці ў хату. Ужо ў сенцах Валодзя шэптам прызнаўся дзяўчыне, што яму сорамна.
- Нічога, маці павінна ведаць, што я ў партызанах і ўсяк даводзіцца начаваць. Галоўнае, як я паводжу сябе.
- Малайчына, а я думаў, што і табе няёмка.
Маці хутка вярнулася ў хату. Яна расказала пра апошнія падзеі ў Слабадзе. Бачыла ўжо таго палоннага, які прадаў сваіх сяброў. Ён бегае па хатах у нямецкай форме і ганяе людзей на работу ў лес. Але пасля Данілава гітлераўцы вельмі асцярожна ставяцца да здрадніка Капыцкага. Усё роўна ён на палацях у лазні спіць. Праўда, без аховы.
- А ён па дварах са зброяй бегае? - запытаў Валодзя.
- З вінтоўкай.
- А чаго яны кожны дзень бегаюць?
- Бо кожны дзень людзям новую работу загадваюць. Вось учора ганялі на станцыю, а адтуль на падводах людзі вазілі цэмент, ці што, добра не ведаю. Іншы раз гоняць у лес, іншы раз зямлю капаць. Сёння хутка будуць бегаць. Праўда, на нашай вуліцы салдаты загадваюць. А той палонны на Карпілаўцы. Людзі бачылі, як немцы білі тады палонных, дык ненавідзяць гэтага здрадніка, але і баяцца яго больш, як немца.
- Дык мне трэба спяшацца. Але гэта горш, што Капыцкі на той вуліцы бегае. Вінтоўку не панясеш, з пісталета забіць проста, але паднімеш яшчэ трывогу, і цяжка будзе выскачыць. Трэба з бясшумкі.
- Што, ты яго хочаш забіць? - здзівілася Тацяна Мікалаеўна.
- Так. Абавязкова.
- Удзень? Тут жа па вуліцы такія маладыя хлопцы не ходзяць. Цябе любы немец адразу затрымае.
- Дайце мне сваю якую-небудзь старую сукенку, толькі каб шырокая была.
Тацяна Мікалаеўна пайшла, адчыніла шафу і дастала адтуль карычневую сукенку з паяском.
- Вось, вось, добра будзе, - сказаў Валодзя.
Ён выйшаў у сенцы і праз некалькі хвілін вярнуўся ўжо ў сукенцы.
- Цяпер дай мне карабін, Валя.
Валодзя ўзяў вінтоўку, паклаў у магазінную каробку два патроны для бясшумнай стральбы, карабін падсунуў пад сукенку і падвязаўся поясам. Бясшумку і пісталет паклаў за пазуху.
- Ну, вось і грудзі ёсць!
Маці і Валя былі ўсхваляваны, але ўсміхнуліся. Валодзя завязаў хустку ў гарошак.
- Ну, чым не жанчына? Цяпер пайду праз агароды на Карпілаўку. У якім двары там толькі засесці?
- Трэба ісці ў той двор, дзе конь ёсць, - сказала Тацяна Мікалаеўна і падвяла Валодзю да акна. - Бачыш, вунь хата гонтай пакрыта. А побач, справа, яшчэ хата, там жыве стары, яго кожны дзень куды-небудзь ганяюць.
- Добра, пайшоў, - хлопец хацеў яшчэ пацалаваць Валю, але яна адступілася.
Маці ўсміхнулася.
Валодзя ішоў хутка, прыціскаючы рукой да цела вінтоўку. За хлявом ён залез у грады, дзе рос кіяшнік, зняў хустку і замаскіраваўся якраз супраць дзвярэй у сенцы. Там на вінтоўку надзеў бясшумку.
Хутка па вуліцы прайшло, двое салдат. Яны аб нечым размаўлялі паміж сабой. Затым праехала грузавая машына, і чуваць было, што непадалёк яна стала. Валодзя падумаў: «Напэўна, людзей павязе куды-небудзь на працу».
Неўзабаве ля веснічак спынілася двое немцаў. Адзін нешта гаварыў, а другі маўчаў і толькі размахваў рукамі. Калі немцы ўвайшлі ў двор, Валодзя пазнаў Капыцкага. Капыцкі ішоў першым. Ён адчыніў дзверы сянец і прапусціў уперад немца. Валодзя хуценька паклаў вінтоўку на жэрдку агароджы і прыцэліўся паміж лапатак Капыцкага. Той узяўся за ручку дзвярэй і толькі паспеў адной нагой ступіць на парог, як шчоўкнуў баёк затвора Валодзевай вінтоўкі. Капыцкі прыняў нагу з парога і, трымаючыся за ручку дзвярэй, захістаўся. Валодзя імгненна кінуўся за хлеў, падсунуў пад сукенку вінтоўку і пабег. Калі ўскочыў у двор Тацяны Мікалаеўны, на Карпілаўцы прагучалі адзін за адным два выстралы.
Валодзя хутка ўвайшоў у хату, абхапіў і падняў угару Валю.
- Давай пайшлі хутчэй, - сказаў Валодзя і выскачыў у сенцы, каб пераапрануцца.
Тацяна Мікалаеўна вынесла лусту хлеба і скварку сала.
- На, хоць па дарозе з'ясі.
- Не, дзякую, я зусім не хачу есці.
- Вазьмі ты, Валя, аддасі яму.
- Заставайцеся жывы і здаровы, мы пайшлі.
Валін агарод падыходзіў да самага балота, і яны хутка прабеглі яго.
- Вось цяпер толькі палягчэла, - сказаў Валодзя, калі яны ўвайшлі ў балотныя зараснікі.
- Капыцкі адзін быў? - запытала Валя.
- Не, з немцамі. Але ён перш прапусціў у сенцы салдата, а затым ішоў сам. Вось я яго і прашыў. Той і не заўважыў, што Капыцкі захістаўся і павіс на дзвярах. Цяпер сярод немцаў будзе перапалох, бо пра нашу бясшумку яны нічога не ведаюць. Нават Данілаў пытаў у мяне, што гэта за бясшумка... Ну, што маці гаварыла табе пра наш начлег?
- Задавала хітрыя пытанні, дык я прызналася, што люблю цябе, але да жаніцьбы ў нас вельмі далёка. Скончыцца вайна, і мы пойдзем вучыцца. І ты ёй спадабаўся, кажа, што вельмі харошы хлопец.
- А мне сорамна было.
- А мне ні кроплі. Што, мы цяпер у лагер пойдзем?
- Напэўна, не. Пашлю каго-небудзь аднаго, няхай камандзіру даложыць, што Капыцкага ўжо няма, бо атрады вялікую ахову выставілі, сакрэты. Баяцца Капыцкага, каб немцаў не прывёў. Ужо думалі, ці не перайсці лепш у іншае месца. А мы будзем рыхтавацца да самай складанай аперацыі, якой у мяне яшчэ не было ў жыцці. Ты, зразумела, з намі не пойдзеш.
- Не, пайду. Я буду побач з табой.
- Аперацыя самая небяспечная, і ты не пойдзеш.
- А для цябе асабіста яна бяспечная?
- Мяне Капыцкі не ўзяў, дык цяпер буду жыць сто гадоў.
- Валодзечка, я пайду разам.
- Сказаў не - і ўсё. Ты будзеш песні спяваць з баяністам, - усміхнуўся Валодзя. - Мы ўжо з табой адно заданне выканалі, якое нам было непасрэдна ад камандзіра і камісара брыгады.
- Ты выканаў, а што я?
- Неабавязкова абаім страляць, а выканалі мы ўдваіх.
- Якая ж цяпер будзе аперацыя?
- Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік.
- Ты як выдумаеш што - дык жах бярэ. Мы не дачакаемся вызвалення, хаця і армія наша ўжо блізка.
- Я і хачу, каб вызваленне было хутчэйшым, таму так і раблю.
Закрапаў буйны дождж. Валодзя зняў пінжак, накрыў ім Валіну галаву і сваю.
- Пойдзем наўпрасткі - і хутчэй, - сказаў Валодзя.
Дыверсанты не чакалі, што іх камандзір так рана вернецца. Адны спявалі ў Войцікавай хаце, а другія пайшлі ў суседнія хаты, дзе ёсць дзяўчаты. Толькі перакладчык сядзеў моўчкі і смактаў самакрутку.
- Што, цыгарэт ужо няма? - як толькі ўвайшоў у хату, запытаў Валодзя.
- Няма.
- Прывыкай да самасаду. Дзяды заўсёды выручаць.
- Чаго вы так хутка вярнуліся? Гаварылі, што, напэўна, сутак трое прыйдзецца быць? - запытаў Федзя Кісляк.
- Ужо няма чаго там рабіць. Капыцкага скапыцілі - і ўсё.
Данілаў узняў галаву і здзіўлена паглядзеў на Валодзю. Напэўна, ён у тую хвіліну падумаў, што і з ім магло такое быць, каб не прыйшоў сам. Ён павесялеў і запытаў:
- І як гэта вам удалося?
- На двары з бясшумкі прашыў і ўцёк. Праўда, быў у сукенцы Валінай маці і бег, як жанчына.
- Прызнацца, я мала верыў у поспех гэтай аперацыі, але ж камандзіра неяк няёмка было папярэджваць, а тым больш спыняць. Я хваляваўся за вас. Ай, як добра, ай, як добра, што такую мярзоту прыкончылі. Мне расказалі хлопцы пра яго, дык гэта ж першы прайдзісвет, - гаварыў Данілаў.
- Вось так, браце, мы і ваюем, вучыся. У нас фронту няма.
- Сапраўды, складаная вайна.
- Віктар, давядзецца табе ісці ў лагер і далажыць камандаванню, што Капыцкі забіты. Скажаш, што дні праз тры група вернецца. Калі ж ніякіх тэрміновых даручэнняў нам не будзе, можаш заставацца ў лагеры і чакаць нас. Ля навакольных вёсак ад Слабады ідзі скрытымі мясцінамі.
Віктар ускінуў вінтоўку на плячо і пайшоў. Валодзя сеў каля старога Войціка і павёў размову наконт прыгараднага цягніка. Той паведаміў, што першы раз са Жлобіна цягнік ідзе зусім рана, а са Слабады вяртаецца ўжо відна. А праз якой паўгадзіны ён будзе ісці другі раз. Немцаў ездзіць у ім зусім мала, больш рабочых, якія працуюць на чыгунцы, і служачых з нямецкіх устаноў. Войцік адзін раз толькі ездзіў на цягніку ў Жлобін, гэта тады, калі сын яго, партызанскі сувязны, быў у паліцыі. Сын, калі згубіў сувязь з Валодзем, наладзіў яе з дыверсійнай групай з-за Дняпра, і цяпер ён з паліцыі ўцёк у партызаны.
- Многа ён для нас зрабіў карыснага, добры хлопец, - сказаў Валодзя.
- За ім у апошні час ужо сачыла гестапа. Але яму падказалі, і ён уцёк.
- Дамоў не прыходзіць?
- Адзін раз быў. З-за Дняпра не так лёгка дабірацца сюды.
Валодзя ўстаў, прайшоў па пакоі і запытаў у хлопцаў, дзе яго бінокль, Федзя падаў бінокль.
- Пайду паназіраю крыху за чыгункай.
Валодзя пайшоў у двор, узяў лесвіцу ад хаты, паставіў яе да страхі хлява і палез туды. Спачатку ён паглядзеў на чыгунку, а потым пачаў аглядаць усё наваколле. «Што гэта за падвода пайшла па дарозе з Маркаўшчыны на Ніўкі?» - здзівіўся Валодзя і пачаў уважліва прыглядацца, хто сядзіць на калёсах. Ён пазнаў Віктара. Партызан не пайшоў пеша, а вырашыў пад'ехаць і ў некага ўзяў каня.
«Ай, дурніца, і пагнаў жа чорт у Ніўкі, трэба ж было абысці іх! Учора ў вёсцы трупы немцаў пакінулі, а сёння ён едзе туды», - падумаў камандзір, саскочыў з хлява і ўбег у хату.
- Федзя, зараз жа знайдзі Анатоля і хутчэй да мяне!
Федзя знік за дзвярамі, а Валодзя ўсё лаяўся і хадзіў па пакоі. Кажуць: «Пашлі дурнога, а ўслед другога».
- Таварыш камандзір, а ў чым справа? - запытаў Данілаў.
Валодзя не паспеў нічога адказаць Данілаву, як у хату ўскочыў Анатоль.
- Хуценька, браце, сядлай свайго Варанога і імчы па дарозе на Ніўкі. Можа, паспееш дагнаць. Віктар паехаў на калёсах туды. Адбяры і завярні каня, а ён няхай ідзе пеша і так, як я яму гаварыў, скрытнымі мясцінамі.
- Добра, - сказаў Анатоль і знік з хаты.
- Дзядзька Войцік, у каго тут шэры конь? - запытаў Валодзя.
- Шэры, з чорным хвастом і грывай? - перапытаў Войцік.
- Так.
- Вунь на абочыне ля копанкі хата стаіць, - ён паказаў праз акно.
Валодзя хваляваўся. Ён не вытрымаў і пайшоў да гаспадара каня, на якім паехаў Віктар. Звычайна партызан людзі падвозяць ад вёскі да вёскі на сваіх конях. А тут Віктар паехаў адзін. Няўжо ён рашыў на кані ў атрад ехаць? І гэта для камандзіра было загадкай.
У хаце сядзела адна гаспадыня, і Валодзя, як толькі пераступіў парог, запытаў, ці ў іх гэта партызан узяў каня. Тая адказала, што ў іх. Стары недзе косіць, а партызан спяшаўся і паабяцаў пакінуць каня ў першым двары, як уязджаеш у Ніўкі. Гаспадар павінен пайсці вечарам і забраць.
Валодзя вярнуўся да Войціка, зноў залез на хлеў і пачаў глядзець у бок Нівак. Ён заўважыў, што пад гарою, каля самай вёскі, Анатоль спыніўся і павярнуў назад. А падводы ўжо не было відаць. «Не дагнаў, але ж чаму ён далей не паехаў?» - задумаўся камандзір. Валодзя пачуў, што з боку Жлобіна грукоча цягнік. Ён павярнуўся і стаў назіраць за чыгункай. Супраць Маркаўшчыны цягнік на хвілінку спыніўся, з вагонаў выскачыла некалькі чалавек рабочых, і ён пайшоў далей. «Напэўна, заўтра мы цябе накіруем у апошні шлях», - падумаў Валодзя.
Да двара прыскакаў Анатоль, і камандзір злез з хлява. Анатоль насустрач яму вёў каня. Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца.
- Віктара, напэўна, забілі, - сказаў Анатоль і пачухаў патыліцу. - Не бачыў, але думаю, што гэта так. Таму што як толькі ён пад'ехаў да вёскі, пачуліся стрэлы. Я нават чуў нямецкія воклічы. Таму вырашыў туды не паказвацца.
Ужо ў хаце Валодзя гаварыў сваім дыверсантам:
- Выпадак з Віктарам павінен з'явіцца для ўсіх урокам. Гэты ўрок паказвае, якое бяздарнае можна прыняць рашэнне і загубіць сваю галаву. Захацеў пад'ехаць... Гэта тое ж самае, калі б мы з Валяй селі на коней і паехалі ў Слабаду. Не пад'ехалі б мы і на тры кіламетры да вёскі, як за намі ўжо сачылі. Ай, ай, маці ж яго не перанясе: страціць другога сына на адным годзе. Дарэмна я яго пасылаў. Але ж думаў, што гэта для яго лепш будзе, чым ехаць з намі на мост. А яго, аказваецца, нельга было ні на крок ад сябе адпускаць. Іван, трэба ісці табе з данясеннем. Ты ведаеш, пра што дакладваць камандаванню?
- Я чуў, як вы гаварылі Віктару.
- Можа, нельга такія заключэнні паспешныя рабіць? А што, калі Віктар жывы? - разважала Валя.
- Як ён мог застацца жывым, калі я быў за горкай і чуў тры выстралы з нямецкай вінтоўкі і нават нямецкую мову, - сказаў Анатоль.
- Як бы мы ні жадалі гэтага, але выратавацца ён мог толькі цудам. Варажыць не будзем. Ідзі, Іван, толькі на чорта вам тыя Ніўкі. Вунь наўпрасткі, каля балота пайшоў - і бліжэй і бяспечней. Шчаслівай дарогі, - на развітанне сказаў Валодзя.
Настрой у партызан быў сапсаваны. Усе сядзелі моўчкі. Ці выпадак з Віктарам іх так крануў, ці адказная аперацыя, якую камандзір намячае правесці заўтра, прыгнятае іх і прымушае думаць, думаць. Зразумела, што страта таварыша з групы заўсёды накладала свой адбітак на душу кожнага яе члена. Чалавек тады задумваўся і пра свой лёс, што вось, можа, так зусім нечакана і яму давядзецца дзе-небудзь загінуць. О, каб ведаў чалавек хоць крыху раней, што яго чакае, ён бы ведаў, дзе ступіць, як паводзіць сябе. Звычайна ён хвалюецца перад выкананнем складанага задання, правядзеннем разведкі ў логаве ворага, а гіне ў большасці выпадкаў там, дзе пра смерць нават не мог і падумаць.
- Калоша, ты ўмееш іграць паланез Агінскага, вазьмі баян і сыграй, калі ласка, - раптам сказаў Валодзя. - Я яго вельмі люблю.
Усе адразу неяк ажывіліся. Калоша ўзяў баян, і палілася мелодыя паланеза. Здавалася, што яна не разносіцца па ўсёй хаце, не вырываецца за яе вокны, а толькі ўліваецца ў душу кожнага партызана, бурліць там, ап'яняе кроў. Валя сядзела каля стала, падпёршы рукой падбародак, і глядзела ў акно. Яе вялікія чорныя вочы заблішчалі, нібы пераспелыя вішні пасля буйной расы ў праменнях узыходзячага сонца. Ледзь краталіся ноздры яе крыху кірпатага носа, усё мацней сціскаліся губы. Амаль кожная гарадская дзяўчына пазайздросціла б яе бледна-ружоваму твару. Нельга паверыць, што на ім няма ніякай парфумы. А мыецца дзяўчына дзе давядзецца: і ў канаве, выкапанай у тарфяністым балоце, і ў палявым раўчуку, і ў лужыне на поплаве.
Валодзя вельмі хацеў бы ведаць, пра што думае цяпер Валя. Напэўна, у кожнага маладога чалавека бывае такое жаданне, каб даведацца пра думкі сваёй сяброўкі, сябра. Але гэта заўсёды застаецца толькі жаданнем, а даводзіцца верыць адным словам. Добра, калі словы ідуць ад душы. З такім чалавекам лёгка сябраваць, такога чалавека прыемна кахаць. Але ж ёсць людзі, якія ў сяброўстве або каханні адбіраюць у сваёй галаве толькі такія словы, якія можна сказаць, а галоўны напрамак іх думак застаецца не выказаным. З такім чалавекам цяжка сябраваць, а яшчэ цяжэй яго кахаць.
Валодзя верыў усяму, пра што казала яму Валя. Але глыбокае яе задуменне кранала і цікавіла хлопца.
Яшчэ лілася мелодыя паланеза, калі ў хату ўвайшоў высокі, сутулы, худы чалавек. Ён прывітаўся, і позірк яго спыніўся на перакладчыку. З хвіліну стаяў моўчкі. Ці не памыліўся ён? А потым паглядзеў на Анатоля, і на яго твары ледзь намецілася ўсмешка. Але чалавек стрымліваў яе. Ці не памыліўся, што ён ведае гэтага партызана.
- Праходзьце, дзядзька Змітро! - сказаў Анатоль.
Ён ведаў гэтага чалавека. Дзядзька Змітро некалі быў лесніком, а цяпер ён партызанскі сувязны, жыве ў Ніўках. Анатоль яшчэ з Міколам некалі былі ў яго хаце.
Дзядзька Змітро шырока засмяяўся і адышоў ад парога.
- Я разгубіўся, думаў, тут немцы з паліцаямі сядзяць.
- Ды не, што вы? Гэта ўсе свае, - сказаў Анатоль.
- На маіх вачах, напэўна, вашага партызана забілі. Я пазнаў, што конь з Маркаўшчыны, і рашыў схадзіць сюды.
Дзядзька Змітро расказваў, што ён касіў за вёскай у кустах. Раптам на канцы вёскі - стрэлы. Праз некалькі хвілін ён пачуў, што нехта бяжыць і стогне. Змітро прысеў за куст. Паўз яго прабег хлопец, які ў адной руцэ трымаў вінтоўку, а другая матлялася і была ў крыві. Хлопец прабег яшчэ крокаў дваццаць і ля раўчука сеў. Зняў шапку, зачарпнуў ёю вады і пачаў піць. А потым другі раз зачарпнуў, закінуў угару галаву і працягваў прагна глытаць. Змітро ўжо хацеў устаць з-за куста і падысці да хлопца, як паблізу пачуў нечыя крокі. Ён прыгледзеўся і заўважыў двух немцаў. Яны краліся, нібы драпежныя звяры, спыняліся і разглядалі кроў на лісточках бярозак, на траве. У Змітра сціснулася сэрца, нібы схапіў яго немец у сваю пяцярню. Змітро зразумеў, што папярэдзіць хлопца ён ужо ніяк не зможа, і працягваў сядзець за кустамі. Немцы асцярожна зрабілі некалькі крокаў і заўважылі партызана. Адзін зняў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Хлопец паціху павярнуў галаву, паглядзеў на неба і ўткнуўся тварам у зямлю. Гітлераўцы падышлі да яго, узяліся за сарочку і адцягнулі ад раўчука.
- Божа мой, я ў жыцці не бачыў такога дзікунства. Фашысты выцягнулі свае штыкі і прыселі ля трупа. Прасвідравалі лоб і выразалі пяцікутную зорку, такую ж зорку выразалі і на грудзях. Затым памылі свае штыкі ў раўчуку, забралі вінтоўку і са смехам, весела пайшлі назад. Я адцягнуў хлопца з таго месца ў кусты і накрыў галінкамі.
Калі прыйшоў у вёску, то заўважыў запрэжанага каня, які стаяў каля плота. Жанчына мне сказала, што гэта на ім ехаў партызан... У Ніўкі яшчэ ўчора прыехала многа немцаў. Яны забралі трупы, абгарэлы матацыкл. Па дарозе ехаць баяліся, напэўна, думалі, што замініравана, дык яны аб'язджалі па полі. Цяпер немцаў у Ніўках чалавек пятнаццаць і машына.
- Невядома, у які бок яна пойдзе, а то на самай справе замініравалі б дарогу, - сказаў Валодзя.
- У Маркаўшчыну яны не паедуць, пабаяцца, - паківаў галавой Змітро.
- Я ведаю, але ж у бок Жлобіна ці Слабады? Вы, дзядзька Змітро, крышку пачакайце нас, мы сабяромся і пойдзем пахаваем Віктара Маланку. Не пойдзем па дарозе, а ў абход. Анатоль, а дзе Пыліла? - запытаў камандзір.
- Ды ён тут, у суседа.
- Можа, у суседкі. Зараз жа прывядзі яго сюды і папрасі там рыдлёўку. А ты, Федзя, вазьмі ў дзядзькі Войціка рыдлёўку, сякеру і пару цвікоў.
Войцік адчыніў куфар і дастаў прасціну.
- Дзякуем, вазьмі, Валечка, - сказаў Валодзя.
Быў надвячорак хмурага і доўгага дня. Партызаны паміж кустоў адзін за адным моўчкі ішлі па мокрай траве. І толькі паблізу Нівак дзядзька Змітро выйшаў наперад.
- Вось тут ён недзе блізка, - сказаў Змітро.
- Давайце падыдзем да раўчука, адтуль вам лепш будзе арыентавацца, - прапанаваў камандзір.
- Ды не, вунь пад тым кустом ён.
Дзядзька Змітро падышоў, адкінуў галінкі. Партызаны абступілі труп і замерлі на хвіліну.
- Давайце аднясём труп да гравейкі і там на ўзбочыне пахаваем, паставім пакуль што дубовы крыж. Павел, ссячы вунь той дубок, - сказаў Валодзя.
Над зямлёй згушчаўся змрок. Партызаны пахавалі свайго сябра. Яны не пасадзілі кветак на свежай магіле, не маглі зрабіць развітальны салют. А пайшлі моўчкі, каб заўтра зноў уступіць у бой і помсціць ворагу за баявога друга.
Вярнуліся назад, калі было ўжо цёмна. Войцік зварыў вялікі чыгун бульбы, паставіў місу памідораў са смятанай. І ўжо нават падрыхтаваў на падлозе пасцель.
На гэты раз Валодзя хацеў парушыць сваю традыцыю: паставіць на варту хаця б аднаго партызана. Трывожылі яго Ніўкі. Але дзядзька Войцік сказаў, што ён усё роўна спаць не будзе, дык каб далі яму вінтоўку, і ён стане на варту.
- Я кожны кусточак ведаю, кожны слупок, да мяне і ўначы ніхто не падыдзе, - гаварыў Войцік. - Калі да мяне партызаны з сынам прыязджалі, я таксама стаяў на варце. Так што баяцца не трэба, спіце спакойна. А ты, дзяўчына, кладзіся на мой ложак.
- Толькі ж разбудзіце нас на досвітку, мы павінны да цягніка паспець. Скажыце, каля чыгуначнага моста ўсё як было, так і ёсць?
- Кажуць, што цяпер у гэтым доміку чатырнаццаць немцаў, а раней была ахова з шаснаццаці. Ноччу з абодвух бакоў моста стаяць вартавыя, а як толькі развіднее, дык адзін лезе, ну, у гэту клетку на дах.
- Я гэта ведаю.
Войцік узяў вінтоўку і пайшоў з хаты.
- Хлопцы, давайце ўсё яшчэ раз прадумаем і абмяркуем. У нас два рэчавыя мяшкі толу, форма ўсім ёсць, павязкі паліцаяў таксама, гранаты ва ўсіх ёсць. Анатоль, да сваёй «эфкі» прывяжаш яшчэ дзве чатырохсотграмовыя шашкі. Ты будзеш першы кідаць гранату праз акно, і выбух павінен быць наймацнейшай сілы. Цяпер, як толькі цягнік спыніцца на паўстанку мы ўсе будзем стаяць на месцы. Данілаў з Грышкам лезуць у паравоз. Я думаў аднаго Грышку паслаць, але машыніст немец і можа адразу гвалт падняць. А так Данілаў ускочыць першы, скажа пару цёплых слоў, а Грышка з пісталета стукне. Я думаю, у вагонах і не пачуюць. Потым Данілаў саскочыць - і да нас. Мы сядзем у вагон, а Грышка павядзе паравоз. Хуткасць павінна быць малой, бо тут да моста блізка. Наша дзейнасць у вагонах заключаецца ў наступным: Данілаў запрашае салдата прайсці з ім у другі вагон, з якога ўсіх рабочых мы папросім перайсці ў наступны. Як толькі салдат зойдзе, Анатоль з бясшумкі б'е яго. Ты не моршчыся, калі тваю сям'ю расстрэльвалі, дык так не рэагавалі. Данілаў ідзе за наступным, а потым за апошнім. Іх заўсёды ездзіць трое. Ну, а калі ўжо немцаў будзе многа, дык да моста яшчэ ёсць прыпынак, мы сыдзем, пазавём Грышку і пойдзем. А калі немцаў будзе чатыры, пяць - дык будзем біць ва ўпор з пісталета. Каля моста Грышка спыняе цягнік, я з бясшумкі буду страляць па вартавому, які сядзіць на даху. Пасля гэтага ўсе бяжым да дома і ў вокны закідваем гранаты. Павел да дома не бяжыць, а выносіць тол да моста. Валя, напэўна, з намі не пойдзе.
- Пайду - і ўсё.
- Дык у якой ты ролі будзеш: жанчына-паліцэйскі, ці што?
- Возьмеш вінтоўку сам, пакуль я ў вагон зайду. Буду не паліцэйскім, дык жонкай яго.
- Як вы думаеце, хлопцы?
- Няхай ідзе, - у адзін голас адказалі дыверсанты.
- Што ж, тады пойдзеш, толькі я на прыпынку буду з аўтаматам і з тваёй вінтоўкай.
- Добра.
- Таварыш камандзір, а чаму толькі адзін машыніст у паравозе? - запытаў Данілаў.
- Тут цягнік на пятнаццаць кіламетраў ходзіць. Напэўна, немцы палічылі, што двух не патрэбна трымаць. Я гэтым таксама цікавіўся.
- А цяпер скажыце, якія абавязкі ў вагонах выконваюць салдаты?
- У гэтым цягніку могуць ехаць толькі тыя людзі, хто ў іх працуе. Ва ўсіх падазроных салдаты правяраюць дакументы. Яны нібы праваднікі.
- Зразумела, - сказаў Данілаў.
- У каго ёсць яшчэ якія пытанні?
- Няма, размяцём, - сказаў Анатоль. - Давайце спаць.
Партызаны ляглі, але кожны асабіста яшчэ абдумваў план дзеяння. Калі ўсё так гладка атрымаецца, дык будзе вельмі добра. Але ж Валодзя не раз хлопцам гаварыў, што бой заўсёды ўносіць у план свае карэктывы. А як інакш можа атрымацца, ніхто не ўяўляў ды, напэўна, і не жадаў уяўляць. Данілаў толькі думаў, што за ўсю вайну ён ні разу не ўдзельнічаў у такіх складаных аперацыях. Вось яна - вайна! А немцы спачатку не надавалі вялікага значэння партызанскаму руху. Яны імкнуліся паказаць яго ў друку, як вылазкі бандытаў-адзіночак або фанатыкаў. Данілаў жа сярод хлопцаў не бачыць ніводнага фанатыка. Цяпер ён не сумаваў, што служыў у немцаў, а дакараў сябе за тое, што не падумаў раней, як ён можа быць патрэбны партызанам. Раней сваёй ролі сярод тупых бандытаў, як называлі немцы партызан, ён нават не ўяўляў. А цяпер ён засынаў з радасным пачуццём, што трапіў у такую групу. Тут ён зможа праявіць сябе, і ніхто не папракне яго ранейшай службай у ворага, бо ў немцаў ён быў толькі іхнім языком, а тут воінам.
Спіць Маркаўшчына пад засланкай хмарнага начнога неба, спіць разам з ёй і групка партызан. Затое над Слабадою ўзвіваюцца пад хмары раз-пораз ракеты. Праз густую цемру ўрываецца ў вокны святло, поўзае па ложках, па сценах. Трывожна спіць гітлераўская дывізія. І як яна будзе спакойна спаць, калі за адну ноч быў цяжка паранены генерал, згарэў штаб. А праз суткі ад кулі ўпаў Капыцкі, які жадаў аддана для іх паслужыць.
Ранішні сон салодкі, але ўжо з паста прыйшоў Войцік.
- Хутчэй збірайцеся і ўцякайце. Па чыгуначным палатне з боку Жлобіна ідуць немцы. Першы, напэўна, узвод павярнуў у нашу вёску. А там за ім метраў за трыста ідзе яшчэ калона.
- Так, - сказаў камандзір, - аперацыя сарвана, бо чыгуначны мост побач.
Група хуценька сабралася і гуськом пакрочыла да балота.