XVI


На мокрую зямлю густа валіў снег. Чарнелі толькі свежыя дарогі, а тыя, па якіх ніхто не ступаў, зараслі быльнягом і цяпер ляжалі пад белай коўдрай. Падбяліў снег і дворышчы спаленых вёсак.

Фашысты паўзлі ад Бярэзіны наўпрасткі. Дзе-нідзе ім удалося фарсаваць рэчку, і цяпер яны ехалі і брылі разрозненымі групамі.

Работы дыверсантам было многа і асабліва Данілаву. Ён увесь час гарцаваў на Валодзевай кабыле і з снежнай муці выскокваў да немцаў, папярэджваў іх, каб не імкнуліся на гравейку, што вядзе на Слабаду, бо масты ўсе знішчаны і яна замініравана. Так ён накіраваў многа машын і пяхоты па грэблі ў балота.

Раптам дыверсанты заўважылі, што з правага боку гравейкі ў невялічкай вёсцы спынілася каля батальёна гітлераўцаў. Данілаў у гэты момант якраз пад'ехаў да сваёй групы.

- Таварыш камандзір, - звярнуўся ён да Валодзі, - немцы рухаюцца па пракладзенай дарозе ўслед за тымі, якіх я накіраваў у Алёс. А вы ўжо гравейку замініравалі?

- Мала мін, трэба эканоміць. Некалькі паставілі. Ты зараз жа здымай іх дарожны ўказальнік, бяры адну міну, паедзеш на тую дарогу і ўсё паставіш там. Указальнікам накіруй немцаў на нас, інакш кажучы, на гэту вёсачку. Міну пастаў за ўказальнікам на каляіне. Хто захоча ехаць прама, таму яна будзе пачастункам. Няпраўда, аглоблі павернуць. Калі добра сцямнее, мы раздзелімся на дзве групы: адна ў кустах ля гравейкі будзе, а другая падыдзе да вёскі. Як толькі накіраваная табой калона пакажацца, па ёй ад вёскі нашы хлопцы адкрыюць агонь, а ў адказ паляцяць нашы чэргі ў вёску. А калі немцы завяжуць між сабой бой, мы па кустах адступім назад. Нас сустракай вунь у тым лажку, зразумела?

- Так.

Данілаў узяў міну, выцягнуў кол з указальнікам і зноў знік у снежнай віхуры. Валодзя ўпершыню заўважыў, што кабыла не зусім ахвотна пабегла, і толькі цяпер успомніў, што хутка суткі, як яна не кормлена. Хлопцы грызлі сухары, а ў камандзіра ад учарашняга нічога ў роце не было. Не бачыў ён, каб і Валя свой рэчавы мяшок развязвала. Смачна запахла яго набрынялая скуранка, і ён некалькі разоў праглынуў сліну.

- Камандзір, дык чаго стаім? - звярнуўся Анатоль.

- Так, ты, Грышка і Калоша пойдзеце да вёскі, а мы з Валяй застанёмся тут. Калі пакажацца, што вашага агню мала, кіньце гранату, каб больш уцягнуць немцаў у бой.

Хлопцы пайшлі, а Валодзя зняў рэчавы мяшок, сеў пад лазовы куст і разаслаў крысо скуранкі.

- Сядай, Валечка. Давай хоць па сухару з'ядзім. Я думаю, што калі ў нас будзе і далей такое напружанне і на дварэ давядзецца начаваць, дык ты пойдзеш у Дубовую Граду да маёй маці. Па-мойму, туды немцы не зойдуць. Ты там і пачакаеш, пакуль нашы прыйдуць.

- Ты не прастудзіўся?

- Чаму?

- У цябе, напэўна, тэмпература. Хопіць, што ў Дубовай Градзе ўжо адна партызанка сядзіць...

- Ты ўпадзеш, не здолееш хадзіць.

- Жанчына можа большыя цяжкасці перанесці, чым мужчына, гэта табе зразумела? Я не буду есці сухар, і вось пабачыш...

- Еш са снегам, смачней. Чаго ты злуеш? Каб ты была да гэтага не паранена, дык і сілы больш было б. Табе зусім не сорамна пачакаць вызвалення дзе-небудзь на печы.

- Так і табе я магу параіць. Мы ж пойдзем за немцамі, якія адступаюць. Я ведаю, што маці маёй у Слабадзе не будзе.

- Чаму?

- Так бамбілі. У каго мужчыны ёсць, дык тыя зрабілі бліндажы і, можа, сядзяць. А маці з хворай Галяй... што яна, бедная, зробіць?

Валодзю кранула Валіна размова, і ён нічога не мог сказаць ёй для ўцехі, а толькі ўгаворваў, каб яна грызла сухар. Будзе больш сілы, і яны прабяруцца ў Слабаду і наведаюць маці.

Ён уяўляў, як цяжка цяпер быць людзям у фашысцкім акружэнні, але маўчаў.

- Ты чуеш? Машыны ідуць сюды, - сказаў Валодзя і пачаў хуценька завязваць рэчавы мяшок.

Валя стала на купіну, і хаця снег ужо падаў радзей, але нічога не было відаць. Гул імгненна нарастаў. Раптам яна спалоханым голасам глуха прамовіла:

- Танкі!

Валодзя ўстаў, схапіў Валю за руку і пацягнуў хутчэй за сабой у гушчар. Два танкі паціху ўспаўзлі на гравейку, за імі ішлі аўтамашыны. Ад вёскі пачулася доўгая чарга з аўтамата, за ёй яшчэ, а потым выбух. Валодзя пусціў чаргу па вёсцы. І раптам ззаду грымнуў выбух. Гэта першы танк узышоў на супрацьпяхотную міну. Другі танк развярнуў вежу і ўдарыў па вёсцы. Гітлераўцы саскочылі з машын і пачалі страляць. У адказ ім таксама ляцелі кулі, праўда, гэта пакуль яшчэ білі хлопцы. Нарэшце за гравейку паляцелі міны. Вёска загрукатала. Бліснуў агонь з гарматы за гравейкай. Завязаўся страшэнны бой. Загарэлася вёска.

- Ну вось і звялі дурняў лоб у лоб. Хай б'юцца! - задаволена пацёр рукі Валодзя.

Дыверсанты беглі хутка, не адчуваючы стомленасці, у вызначанае месца. У лажку сяброў ужо чакаў Данілаў.

- Малайчына, Мікола, мы свайго дасягнулі, - задыхаючыся, гаварыў Валодзя. - У вёсцы больш цярплівыя немцы, спачатку памоўчвалі.

- Яны не маглі ўцяміць, як гэта наступаюць партызаны і раптам - танкі. А гэтыя пабывалі пад партызанскім агнём за Бярэзінай, дык без ніякага сумнення ўступілі ў бой, - сказаў Данілаў.

Бой сціхаў. Валодзя выйшаў з-за кустоў і паглядзеў у бінокль. На гравейцы танкаў і аўтамашын не было. Міны клаліся ўжо далей. На полі штосьці гарэла. Калона гітлераўцаў уцякала на сваю ранейшую дарогу. Дыверсанты падышлі да камандзіра: куды ён скажа ісці, каб хоць крыху пагрэцца, адпачыць. А Валодзя яшчэ сам не думаў, па якім маршруце лепш ісці, каб правесці ноч без трывогі.

Параіўшыся, хлопцы вырашылі ісці ў Дубраўку, хаця гэта і далёка. Да гэтай вёскі падыходы кепскія, можа, там немцаў не будзе. Валодзя на кабылу не сеў. Ён угаварыў ехаць Валю.

Зарава засталося ззаду. Хмары над зямлёй віселі вельмі нізка, і партызанам здавалася, што яны ўвесь час ідуць з гары ў якуюсьці цемру. Кожны глядзеў уперад напружана. Змрок улоўліваў на белай коўдры то шэры кусточак, то цёмную сасонку. Усе былі насцярожаны, але адзін аднаму не выказвалі свайго настрою і крочылі моўчкі. Сырое надвор'е глушыла ўсе гукі, і таму, напэўна, акрамя сваіх крокаў, дыверсанты больш нічога не чулі. Маўчала неба, маўчала зямля. Не чуваць было ні стрэлаў, ні гулу машын, ні нават сабачага брэху. Дзе-нідзе ў наваколлі хмару асвеціць мутны бляск ракеты, але да слыху стрэл не далятае.

Партызаны пакуль што ішлі па незнаёмых мясцінах. І хаця без компаса, без карты, але ніхто не трывожыўся, што не трапіць у патрэбнае месца. Валодзя часта гаварыў камандзірам, што ў любы час сутак, у любое надвор'е ён адчувае сабою, плячамі, дзе поўдзень, а дзе поўнач, дзе захад, а дзе ўсход.

Напэўна, з дзяцінства беларускіх хлопцаў навучыла арыентавацца сама прырода: хмарныя дні, непраходныя балоты, цёмныя бары. І цяпер яны ходзяць у любых напрамках беспамылкова.

Апоўначы група падышла да Дубраўкі і спынілася за агародамі. У вёсцы было цёмна і ціха, але камандзір загадаў зрабіць разведку. Ён накіраваў Грышку на адзін канец вёскі, а Калошу на другі. Камандзір сказаў хлопцам агледзець дарогу і па слядах вызначыць, ці заязджаў або заходзіў хто ў Дубраўку.

Звычайна, якім бы глыбокім сном ні спала вёска, але варта пасядзець крыху паблізу - і ты адчуеш жыццё. То дзе жывёліна грукне, то дзверы скрыпнуць, а дзе дзіця заплача і агеньчык блісне ў акне.

Дубраўка стаіць зацярушаная снегам, прытуліўшыся адным бокам да лесу. Яна нібы прытаілася, каб не выдаць чым сябе. І гэта незвычайная цішыня трывожыла Валодзю, але ён не рабіў, тым больш не выказваў ніякіх вывадаў і чакаў разведчыкаў.

Нарэшце хлопцы прыйшлі. Яны паведамілі, што ні каляін, ні слядоў свежых няма.

- Што ж, рушым, - сказаў камандзір і першым пайшоў каля плота да хаты.

З агарода ён пастукаў у акно, але ў хаце ніхто не аказваўся. Тады ён адчыніў варотцы са штыкету і падышоў да сянец.

- Няўжо так моцна спяць? - шэптам сказаў Валодзя.

Адзін за адным партызаны ўвайшлі ў хату. Данілаў бліснуў запальнічкай. Падлога чыстая, ложкі засланы, на сцяне - фотакарткі, а крыху вышэй - маўклівыя ходзікі з апушчанай да адказу гірай. Праўда, было холадна, амаль як на дварэ.

- Адпачываць ёсць дзе, але ж тут не нагрэешся, - сказаў Анатоль.

Валодзя загадаў хлопцам агледзець суседнія двары. Выйшаў і сам, каб паставіць кабылу ў хлеў. Яго здзівіла, што і каровы ў хляве няма, а па ўсім відаць - нядаўна была. Нават сена нарыхтавана поўна. «Няўжо ад усяго жывога вёску ачысцілі гітлераўцы?» - падумаў Валодзя. Навязаў кабылу ў хляве, выйшаў, захапіў пад павеццю бярэмя дроў і вярнуўся ў хату. Хутка вярнуліся хлопцы.

- Палавіну вёскі абышлі, і - ні душы, нават у дварах жывёлы ніякай няма, - дакладваў Анатоль.

- Мяне толькі здзіўляе, як маглі немцы так ачысціць Дубраўку, каб ні аднаго чалавека не засталося. Нават агнём знішчалі вёскі і то хоць хто-небудзь з жыхароў ды заставаўся жывым, - разважаў камандзір.

Валя, не даслухаўшы размовы, распаліла ў печы, наліла чыгунок вады і паставіла яго ў печ.

- Давай скавараду, - сказаў Анатоль. - Я ў адной хаце на паліцы кавалак сала знайшоў.

- Малайчына, - пахваліў камандзір. - Давайце смажыць, але ж некаму трэба ісці і на варце пастаяць. Я не думаю, што за намі немцы будуць паляваць, але ж могуць адступаць і трапіць сюды на агеньчык.

- Я пайду, - сказаў Грышка. - Толькі ж пакіньце мне сала.

- Добра, будзе. Праз дзве гадзіны цябе зменім. А цяпер глядзі, не блукай пасярод вуліцы, хадзі ціха і, галоўнае, прыслухоўвайся, бо вораг невядома адкуль можа з'явіцца, - сказаў Валодзя.

- Ёсць!

Грышка пайшоў. Каля печкі завіхалася Валя, а хлопцы сціхлі і драмалі. Дзяўчына заўважыла, што ў Валодзі апусцілася на грудзі галава. Яна падышла і прашаптала, каб ён пайшоў і лёг. А ён працёр рукою вочы, устаў і падышоў да печы:

- Я доўга драмаў?

- Не.

- Ведаеш, здалося, што я дома і без ніякай трывогі лёг у ложак. Ты будзіш, а мне мроіцца, што гэта маці. Далібог, была нейкая шчаслівая даваенная хвілінка майго існавання.

- Дык дарэмна я разбудзіла цябе?

- Гэта ж быў толькі сон, а ў сапраўднасці ж не так. Ужо напэўна такога жыцця не будзе, якое было ў дзяцінстве, а будуць заўсёды перад табой клопаты. Здаецца, каб адваяваўся ды вярнуўся назад у тое даўняе басаногае дзяцінства, дык быў бы самы шчаслівы.

- Валодзенька, я ўпершыню ад цябе чую такія размовы.

- Якія?

- Скіраваныя назад. Ты заўсёды жыў і думаў наперад, а цяпер хочаш вярнуцца ў безразважнае жыццё. Ты стаміўся, табе трэба адпачыць. Мы тую ноч спалі, а ты не. Наступае ж самы радасны момант, наша вызваленне. Ён радасны і для дзіцяці.

- Так... я стаміўся. Напружанне знікла, і ў думках я лячу ў нікуды. Я балюча пераношу вось такія з'явы. Няма цэлай вёскі людзей. Можа, такое ж становішча і ў Слабадзе і ў Дубовай Градзе.

- Дык пры чым ты тут?

- Якая ж тады мая перамога. Гітлераўцы, нібы рыбу ў трал, зграблі людзей, а мы два гады тут адстойвалі жыццё. Ты ж бачыш, яго няма цяпер. Каты - і тыя без людзей падохнуць.

- Мы тут будзем жыць! А не мы, дык іншыя нашы людзі. Ты б сказаў, на чорта вайна ўвогуле, а не твая барацьба. Ты бачыў, колькі фашыстаў бяжыць, і не можаш тралам захапіць, дык расчараваўся. Возьмуць недзе ж і іх, ідуць твой бацька, мой. Хтосьці ж гоніць гітлераўцаў, не самі ж яны бягуць.

- Я гэта ўсё разумею, але ж, здаецца, лепш было б пражыць хоць год дзіцем. Хіба толькі з'явяцца якія новыя вялікія захапленні і праблемы ў жыцці, дык зможам забыць на ўсе пакуты людзей. Ты думаеш, што Пыліла сапраўды захварэў і не пайшоў з намі? Шкада, што такія людзі застануцца, і з імі ў мірны час будзе цяжэй весці барацьбу.

- Ты б хацеў, каб я была дарослая, а ты дзіця?

- Не, я хацеў бы, каб і ты са мной на прызбе корпалася бесклапотна. А можа, і лепш, што мы такія, - усміхнуўся Валодзя, абняў і пацалаваў Валю. - Хаця вось жыццё ідзе сваёй чаргой. Гэта калі не будзе ўсіх людзей, тады толькі напэўна спыніцца яно. А хоць і будзе існаваць, дык нікім не пазнанае. А гэта ўжо рэч у сабе. І асэнсавана жыццём ніхто не будзе задаволены.

- Будзі хлопцаў, няхай стол аслабаняюць. Паясі, паспіш і весялейшым станеш. А то ты пануры, як надвор'е.

Разаспаўшыся за сталом, хлопцы гатовы былі адмовіцца нават ад яды, абы толькі іх не чапалі, але Валодзя раскатурхаў усіх...

На досвітку Валодзя, Валя і Анатоль пайшлі да Слабады, а астатнія, хто ноччу стаяў на варце, засталіся ў Дубраўцы.

Пахмурную раніцу на нейкі момант ажывіла ружовая палоска з усходу, але хутка і яе сціснулі і нібы праглынулі снежныя хмары. Пачалі часцей і часцей даносіцца выбухі. Толькі ля Дубраўкі лес стаяў маўкліва. З яго выйшлі тры чалавекі і накіраваліся ў вёску. Раней у чыім-небудзь двары сабака заліўся б брэхам, а цяпер узброеныя людзі тапталіся ціха каля двароў і разглядвалі свежыя сляды. Калоша выпадкова выйшаў на ганак, заўважыў незнаёмых і хуценька павярнуў назад. Праз некалькі хвілін трое партызан выйшлі з хаты. Іх заўважылі прышэльцы і насцярожыліся. Нясмела падыходзілі да іх і партызаны. Ні ў тых, ні ў другіх пароля не было. Толькі сярод адной тройкі быў чалавек у форме савецкага лётчыка, а сярод другой - Данілаў у форме гітлераўскага афіцэра. Наступаў напружаны момант сустрэчы.

- Як далёка накіраваліся? - неўзабаве запытаў Грыша.

- Куды трэба, а вы куды? - прабасіў шыракаплечы мажны чалавек і злосным позіркам акінуў партызан.

Данілаў прыгледзеўся да аднаго з прышэльцаў і хуценька палез у кішэню. Ён дастаў блакноцік і ўслых прачытаў:

- Сукач Піліп - Гут са Слабады. Дык гэта вы і ёсць?

Гут разгублена глянуў на сваіх таварышаў, нібы з імі хацеў параіцца, што адказаць, але тыя маўчалі. Тады ён паправіў на плячы вінтоўку, штучна ўсміхнуўся і сказаў:

- Бачыце, знаёмы знайшоўся, фрыц... Мы партызаны.

- І мы партызаны, - спакойна адказаў Данілаў. - Напэўна, вы ўсё ж мяне ведаеце.

- Вось камандзір партызанскага атрада Заякін, - паказаў Гут на вялікага чалавека, што стаяў побач. - Вы яго павінны ведаць.

- Я крыху ведаю і Заякіна. Вы, напэўна, жартуеце, - сказаў Грыша.

- Які тут жарт, я і ёсць Заякін. А вы з якога атрада?

- Мы з «Будзёнаўца».

- Ну, адзін час мы стаялі побач з вашым атрадам.

- Можа, і стаялі, - паціснуў плячамі Грыша. - Дык куды ж вы цяпер без войска?

- Нам трэба хутчэй злучыцца са сваёй арміяй і далей біць фашыстаў, - сказаў Заякін. - Трэба вось лётчыка праводзіць, яго збілі тут ля Слабады.

- А-а, мы дык пакуль што не маем намеру злучацца са сваімі.

- Як гэта не маеце? Загадаю, і пойдзеце са мною. А не - дык давайце па-добраму. Пойдзем да нашых і скажам, што ўсе з аднаго атрада. Заякін - гэта мая мянушка.

- О, знайшоўся камандзір, - усміхнуўся Грыша. - У нас ёсць свой, і ён хутка будзе тут. Чаго гэта мы з вамі пойдзем.

Лётчык не мог зразумець такіх адносін паміж партызанамі і маўчаў. Хаця ў душы, відаць, быў на баку Заякіна, які вёў яго хутчэй на злучэнне са сваімі. Данілаў таксама маўчаў, але ён усумніўся, што гэтыя двое ў цывільным адзенні партызаны. І не мог ён зблытаць Гута з кім-небудзь іншым.

- Я быў у якасці перакладчыка пры штабе нямецкай дывізіі, - пачаў Данілаў. - І вы, Сукач, да мяне прыбягалі, каб прадаць савецкіх людзей.

Гэтыя словы нібы апарылі Гута, і ён закрычаў:

- Цяпер я ўспомніў, гэта фашысцкі служака. І, напэўна, яны ўсе такія, таму і не хочуць ісці з намі.

У Заякіна імгненна нарадзілася думка, каб арыштаваць Данілава і яго таварышаў: «Здам савецкаму войску перакладчыка і выведу лётчыка - гэта ж заслуга, гонар. І няхай з імі там разбіраюцца, а я буду на вышыні».

Раптам пачулася ржанне.

- А чый гэта конь тут? - запытаў Заякін.

- Нашага камандзіра, - адказаў Грыша.

- Дзе ваш камандзір?

- Ён пайшоў з хлопцамі, хутка будзе, і мы вас праверым.

- Загадваю ісці са мною, - сказаў Заякін.

- Нікуды мы не пойдзем, - зноў засмяяўся Грыша.

- Ты, перакладчык, давай аўтамат, - падскочыў да Данілава Заякін.

- Пайшоў прэч, - адступіўся Данілаў і толькі ўзяўся за аўтамат, як яго апякла чарга.

Заякін адскочыў убок, а Грыша з Калошам схапілі Данілава, які коўзаўся падэшвамі па снезе і хацеў устаяць на нагах.

- Кідайце яго і пойдзем, загадваю! - крыкнуў Заякін.

Хлопцы асцярожна апусцілі на снег Данілава. На іх ужо былі наведзены аўтамат і вінтоўка. Разгублена глядзеў і не дакранаўся да свайго пісталета лётчык.

У Данілава з носа пабег струменьчык крыві.

- Я не баяўся смерці... Скажыце... Я ведаў, за што ішоў паміраць... Скажыце... Перадайце маці, братам... - Ён не дагаварыў і сціх.

Валодзя пачуў аўтаматную чаргу, крык і першым кінуўся па вуліцы, за ім пабеглі Анатоль з Валяй.

Заякін заўважыў партызан і шмыгнуў цераз плот. Гут апусціў вінтоўку і стаяў побач з лётчыкам. Грыша кінуўся вакол двара, каб перахапіць Заякіна. Валодзя таксама пабег туды.

- Забіў Данілава, гад, - крычаў Грыша.

Валодзя ўбег у двор, каб трапіць на след бандыта, але ў хаце пачуў голас Анатоля: «Вылазь, вылазь!» Валодзя ўскочыў у хату. З-пад адчыненай падложыны шалёна зіркнулі вочы бандыта, які спяшаўся перазарадзіць пісталет. Анатоль стаяў белы як палатно, прыціснуўшыся да сцяны. Вінтоўка ў яго была за плячамі. Валодзя даў чаргу, пасыпаліся на падлогу пустыя гільзы патронаў.

- Мяне б забіў бандыт, ды ў яго была асечка, - уздыхнуў Анатоль.

- Дык хто ж бяжыць у хату і вінтоўкі з плячэй не здымае! - злосна сказаў Валодзя. - Забіў бы...

Хлопцы выцягнулі з-пад падлогі нежывога бандыта, забралі нямецкі аўтамат, парабелум і пайшлі з хаты.

- Чаго ты стаіш рот разявіўшы? - сказаў на Калошу Валодзя. - Зараз жа адбяры ў іх зброю.

Лётчык глянуў на зорачку, што была ў Валодзі на пілотцы, і моўчкі аддаў пісталет, а Гут апусціў вінтоўку, і яна ўпала яму пад ногі. Больш за ўсё Сукач напалохаўся, калі заўважыў Валю.

Валодзя з Анатолем нагнуліся над Данілавым. Раскінутыя рукі, твар іх баявога сябра былі белыя. Нерухомыя вочы, накіраваныя ў хмарнае неба, заліліся празрыстымі слязьмі.

- Хто вы? - разагнуўся Валодзя і падышоў да лётчыка і Гута.

- Я савецкі лётчык, збіты тут над лесам, а яны сказалі мне, што партызаны.

- А ты хто? - звярнуўся камандзір да чалавека ў цывільным.

- Я са Слабады, - Гут паглядзеў на Валю. - Яна ведае.

- Як ты трапіў сюды?

- Мяне гналі разам з усімі людзьмі ў Альхоўку на расстрэл, але я ўцёк.

- Маю маму вы не бачылі? - раптам запытала Валя.

Гут таптаўся, лыпаў вачамі і не ведаў, што адказаць дзяўчыне.

Сказаць, што бачыў, дык адразу нібы распране сябе. Ён жа амаль усе слабадскія сем'і характарызаваў немцам і праводзіў у апошні шлях аднавяскоўцаў. Бачыў і Валіну маці, якая па ледзь зацярушанай снегам дарозе цягнула на санках сваю меншую дачку. Гэта была жудасная карціна нават для самога Гута, які ведаў, што жанчына вязе сваё дзіця не дзеля таго, каб выратаваць, а на смерць.

Валодзя заўважыў, што Гут запнуўся і не ведае, што адказаць.

- Чаго маўчыш? Каб не бачыў, дык адразу б сказаў, - гэтыя Валодзевы словы нібы апяклі Гута.

Ён адразу ж вымавіў:

- Бачыў, яе таксама пагналі ў Альхоўку.

Валя захвалявалася і адвярнулася.

Падышоў Грыша:

- Дык што, Гут, ты таксама хацеў страляць партызан?

- Не, я не ведаў, што вы партызаны...

- А ты ведаў свайго паплечніка? - запытаў камандзір.

- Не, я з ім сустрэўся выпадкова ў лесе, а потым мы напаткалі лётчыка.

- А хто ты ёсць, ведаеш? - зноў запытаў Валодзя. - І чаму ў цябе мянушка Гут?

- Я ў імперыялістычную вайну трапіў да немцаў у палон, і, калі вярнуўся дадому, мяне так празвалі людзі.

...На ўсходзе грымела, ужо нават чуваць былі асобныя выбухі. Валодзя падышоў да Валі, крыху супакоіў яе, а потым павярнуўся і сказаў:

- Хутчэй знайдзіце рыдлёўкі і пахаваем Данілава вось тут, у кветніку пад бэзам.

Хутка вырасла магіла, над ёй убілі дошчачку з надпісам: «Адважны партызан Мікола Данілаў, 1918 г. нараджэння. Загінуў 23.XI.1943 г.».

Валодзя зняў са сваёй пілоткі зорачку і прымацаваў яе да дошчачкі.

- Ты сапраўдны савецкі пілот? - звярнуўся камандзір да чалавека ў форме лётчыка.

- Вось мае дакументы, глядзіце.

- Дайце яму аўтамат. Няхай будзе партызанам.

Лётчык узяў аўтамат і запытаў:

- А што за камандзір мяне вёў, што вы забілі?

- Гут, прызнайся, хто гэта з табой быў? - сказаў Валодзя.

- Ведаю, што ён раней быў у Жлобіне начальнікам нямецкай турмы, а цяпер казаў, што партызан.

- Чуеш, лётчык, кім быў твой камандзір? - горка ўсміхнуўся Валодзя.

- Так, складаныя тут абставіны, цяжка ў іх адразу разабрацца. Гэта не тое, што ў нас у чыстым небе.

- Грыша, бяжы прывядзі маю кабылу, - сказаў камандзір.

...Лес не гойдаўся, але здавалася, што пад нізкімі свінцовымі хмарамі ён стогне. Партызаны пайшлі ад вёскі на захад.


Загрузка...