XIV


Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Тады зноў ярка зазелянее атава, скіне сівізну ржышча, больш акрэсленымі стануць малюнкі дарог. У густой нябеснай сіні паплывуць белыя павуцінкі - караблі павучкоў-дэсантнікаў. Бывала, гадзінамі прастойваў Валодзя на поплаве і назіраў за імі, затым бег дадому і пытаў у бацькі ці маці, адкуль бяруцца такія павуцінкі. Бацька адкажа, што з павукоў - і ўсё. А гэта не задавальняла сына.

Цяпер жа не толькі ён, але ўсе хлопцы з групы час ад часу паглядваюць угору і назіраюць ужо не столькі за белымі павуцінкамі, колькі за чорнымі павукамі, за крыжамі на крылатых гітлераўскіх сцярвятніках. Наблізіўся фронт, і варожыя самалёты ўсё часцей і часцей пачалі паласаваць неба над беларускай зямлёй.

Валодзя з групай сядзеў кіламетраў за сем ад Жлобіна каля вялізнага каменя на ўскраіне лясной прасекі і чакаў паліцэйскага, які меўся прыйсці на сувязь. Гэта павінна была быць другая сустрэча і ўжо з больш канкрэтнай і сур'ёзнай размовай. Ад яе будзе залежаць далейшы план дзеяння групы: пойдзе яна на знішчэнне моста цераз Добысну або не пойдзе. Хаця амаль усё, што неабходна для таго, каб спаліць мост, дыверсанты падрыхтавалі. З вялікімі цяжкасцямі хлопцы прывезлі бочку смалы, выплавілі са снарадаў дастатковую колькасць толу, нават нарыхтавалі два мяшкі сухіх смалякоў. Па думцы камандзіра, крайне неабходны быў і бензін. Паліцэйскі Баннік паабяцаў дастаць каністру. Камандзір вырашыў, што для таго, каб спаліць мост, больш нічога не патрэбна, акрамя знішчэння галоўнай перашкоды. Адразу ж за мостам на высокім крутым беразе рэчкі стаяў вялікі дом. Ад яго пачыналася вуліца, якая вяла да базарнай плошчы горада. У адной палавіне дома знаходзіліся чатыры гітлераўцы на чале з камендантам участка, а ў другой дзевятнаццаць паліцэйскіх са сваім начальнікам. У абавязкі паліцыі з самага пачатку яе за-снавання ўваходзіла ахова моста. Кантраляваў дзейнасць паліцаяў сам камендант. Вартавымі каля дома і ўдзень і ўначы былі паліцэйскія. І толькі з месяц назад камендант на начную варту пачаў ставіць і свайго салдата. Акрамя ахоўнікаў, якія знаходзіліся ў доме, метраў за чатырыста размяшчаўся яшчэ і нямецкі гаспадарчы ўзвод. Ён таксама падпарадкоўваўся каменданту.

Валодзя ведаў, што, каб знішчыць мост, трэба знішчыць і дом з яго жыхарамі. Інакш паднімецца трывога, і ад моста цяжка будзе ўцячы, бо закрытых мясцін побач няма, а толькі поле. Знімаць вартавых на мосце, рабіць начны налёт на дом Валодзя не адважваўся. Ажыццяўленне такой задумы магло б закончыцца трагедыяй для групы. І таму камандзір вырашыў звязацца з паліцэйскім. Доўга ён шукаў гэтай сувязі і ўрэшце знайшоў. Дапамог стары Войцік з Маркаўшчыны. Ён пазнаёміў Валодзю з дзядзькам Банніка, і той праз яго наладзіў сувязь.

Надышоў час сустрэчы, і з кустоў на сцяжынку выйшла двое паліцэйскіх. Камандзір насцярожыўся: Баннік не ведаў, што Валодзя будзе з групай, бо ў мінулы раз яны сустракаліся адзін на адзін. Калі паліцэйскія падышлі, Валодзя пільна ўгледзеўся ў вочы Банніку. Але камандзір толькі заўважыў, што Баннік сёння больш вясёлы і смелы. У мінулы раз паліцэйскі змяніўся з твару, гаварыў дрыжачым голасам, без адзінай усмешкі. І Валодзя заключыў тады, што Баннік баязлівец. Сёння ж ён падае лепшыя надзеі.

Баннік прадставіў свайго сябра. Той хуценька назваў прозвішча - Арлоў.

- Ну і прозвішча ў цябе, зусім не падыходзіць з такім прозвішчам у паліцыі служыць.

Той паціснуў плячамі, пачырванеў і апусціў вочы.

- Нічога, не саромейся, прозвішча гэта наша, і ты з яго зможаш сцерці ганебны налёт, і яно па-нашаму загучыць. Правільна, хлопцы? - звярнуўся камандзір да сваіх дыверсантаў.

- Правільна! - адказалі яны.

- Бачыш, усе так думаюць, - паляпаў Валодзя па плячы Арлова. - А ты не баяўся да нас ісці?

- Баяўся, але падумаў: лепш смерць, чым працягваць служыць у паліцыі.

- А даўно ты там?

- Ужо тры месяцы...

- А я ў партызанах нядаўна - усяго два гады.

Напэўна, Арлоў не зразумеў гумару і ніяк не адрэагаваў. Толькі пачаў расказваць, што ён са Жлобіна, дома засталася адна маці. У паліцыю ён трапіў не добраахвотна, а па мабілізацыі, як называлі немцы.

- Добра, нашы новыя сябры. Скажыце, калі ласка, вам на месцы відней, як можна спаліць мост?

- У нас ужо ёсць каністра бензіну, - пачаў Баннік. - Мы яе прыкапалі пад абрывам ля моста. Трэба ісці тады, калі мы з Арловым будзем стаяць на варце. Усе разам абальём бензінам і падпалім. Мы яшчэ каністру знойдзем.

- А далей?.. Адразу ж у доме паднімецца трывога. У вас каля дома нават ёсць акопы, траншэі. Выскачыць ваша ўсё войска і з кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак прыцісне нас на голым полі. Значыць, каб спаліць мост, трэба знішчыць і ваша войска?

- Ведаеце, добрая палавіна паліцэйскіх амаль адкрыта гаворыць, каб як устанавіць сувязь і пайсці да партызан. Ці варта такім паліцэйскім навязваць нечаканы бой?

Валодзя задумаўся і адказаў:

- Правільна ты гаворыш, нельга навязваць нечаканы бой. Трэба, каб тыя, хто за нас, былі папярэджаны, што па іх прыйдуць партызаны. Дату не кажы, а прасачы за іх дзеяннямі. У вас ва ўсіх пароль адзін?

- Так.

- Дык з немцам, які будзе стаяць на варце, пагаворыць на іхняй мове наш таварыш Данілаў. Ён з бясшумкай наведае каменданта і астатніх салдат. Я са сваімі хлопцамі зайду да паліцэйскіх. Толькі трэба, каб на варце стаяў таксама наш чалавек.

- Будзе, ёсць у мяне хлопцы, што папросяць каго-небудзь падмяніць, - сказаў Баннік.

- А дзе знаходзіцца зброя паліцэйскіх?

- У козлах, каля парога.

- Гэта вельмі добра. Так, а начальнік ваш дзе спіць?

- Ён бывае толькі днём і ўвечары, а начуе там, недалёка, у адной жанчыны. Яна развялася з мужам.

- Хлопцы, самалёт ідзе прама на нас! - крыкнуў Данілаў.

Усе кінуліся за дрэвы. І не паспелі аглянуцца, як самалёт чыркануўся па зямлі, клюнуў носам і перавярнуўся ўгару коламі. Адбылося ўсё гэта так нечакана, што спачатку ўсе аж разгубіліся.

Над нямецкім самалётам, які няўдала прызямліўся, кружыў яшчэ адзін сцярвятнік з чорнымі крыжамі. Вось ён зрабіў разварот і пайшоў на пасадку. Але гэты самалёт не садзіўся на ржышча, а на роўную шырокую лясную прасеку, якую, напэўна, ніхто ніколі не араў. Дыверсанты кінуліся па прасецы да самалёта. І тут Валодзя зрабіў непапраўную памылку: не дабегшы метраў на пяцьдзесят, ён пусціў па ім чаргу з аўтамата. Самалёт адразу ж крануўся і пабег. Хлопцы стралялі ўслед з вінтовак, але ён адарваўся ад узгорка і ўзняўся над лесам.

Валодзя дакараў сам сябе за гэту памылку. Трэба было пачакаць, пакуль вылезе лётчык, расстраляць яго і знішчыць самалёт. Напэўна, хлопец ніколі так не перажываў, як цяпер. Цяжка ў яго было на душы яшчэ і таму, што ён не мог вылаяць самога сябе ўслых. Было няёмка - прысутнічалі паліцэйскія.

Дыверсанты разумелі Валодзю, але таксама маўчалі і хутка ішлі да перакуленага самалёта.

- Той, напэўна, садзіўся, каб дапамагчы гэтаму, але не давялося, - сказаў Баннік.

- Канешне, - буркнуў Валодзя.

Нямецкі лётчык быў жывы, але кабіну так прыціснула да зямлі, што ён не мог яе адчыніць. Партызаны, хто рукамі, хто штыком, хто палкай, адкопвалі кабіну. Гітлераўскі лётчык, пачуўшы людзей, пачаў крычаць. Данілаў прысеў на калені і прыслухаўся.

- Хутчэй ратуйце, мне вельмі дрэнна, - пераклаў Данілаў і па-нямецку адказаў, што няхай патрывае крышку, зараз вызваляць.

Партызаны спяшаліся, бо са Жлобіна да самалёта могуць выехаць немцы. Яны ўжо б'юць прыкладамі па крышцы кабіны, каб адсунуць яе назад. Крышка дэфармавалася, і адбіць яе ўдалося з вялікімі цяжкасцямі. Лётчык высунуў спачатку рукі, а потым галаву і засеў. Партызаны схапілі яго і выцягнулі. Ён з хвіліну паляжаў з закрытымі вачамі, а калі глянуў, позірк яго спыніўся на камандзіру. Лётчык, напэўна, не паверыў сваім вачам, што перад ім стаіць хлопец у пілотцы з зорачкай, і пачаў праціраць іх. Зноў паглядзеў на Валодзю, на яго аўтамат і крыкнуў:

- Хто вы ёсць?

- Партызаны, - падышоў і сказаў Данілаў.

Лётчык з цяжкасцю ўстаў, але Валодзя заўважыў, як ён, круцячыся на зямлі, адшпіліў кабуру пісталета. Камандзір адцягнуў затвор аўтамата. Лётчык шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет.

Тр-р-р-р - камандзір пусціў чаргу з аўтамата. Ён перабіў лётчыку вышэй кісці руку і прастрэліў бок. Той скурчыўся, закрычаў, кінуўся да самалёта і ўпаў на крыло.

- Данілаў, абшукай яго і забяры дакументы, - сказаў Валодзя.

- У каго ёсць патроны з бранябойназапальваючымі кулямі?

- У мяне, - адказаў Анатоль.

- Дзе ў іх самалёце размешчан бензабак, за спіной лётчыка ці ў іншым месцы? - задумаўся Валодзя.

- Ды я прастрэлю самалёт ва ўсіх напрамках, - сказаў Анатоль.

Падышоў Данілаў і пачаў праглядаць дакументы лётчыка.

- Ён член нацыянал-сацыялісцкай партыі.

- А што ён табе гаварыў? - запытаў Валодзя.

- Сорак сем самалётаў збіў і, гаворыць, не думаў, што напаткае яго такая смерць у свінячай Расеі. Ганарысты фашыст, - усміхнуўся Данілаў.

- Ну, няхай вісіць ён там на крыле, а ты, Анатоль, страляй. Давай адыдзем далей, - загадаў камандзір.

Анатоль выпусціў некалькі куль, і раптам - выбух. Самалёт уздрыгнуў, і ад яго ў розныя бакі паляцелі палаючыя асколкі.

- Данілаў, - звярнуўся Валодзя, - якой гэта маркі самалёт?

- Гэта іх навейшы «ястрабок» - «фоке-вульф».

- А як жа з яго гармат страляюць праз прапелер? - здзіўляўся Валодзя.

- Так усё разлічана, што снарады не пападаюць у вінт, - адказаў Данілаў.

Група ўвайшла ў лес. Валодзя запытаў у паліцэйскіх, ці не будзе іх лаяць начальнік, што яны так доўга адсутнічалі. Аказваецца, што не. Яны мінулую ноч стаялі на варце і адпрасіліся ў начальніка, каб схадзіць у Жлобін. Цяпер яны будуць мост вартаваць праз дзве ночы на трэцюю.

Валодзя спецыяльна падкрэсліў, што вельмі хутка прыйдуць нашы войскі і трэба спяшацца зрабіць подзвіг. І яны пакляліся, што зробяць усё, што ад іх залежыць. Камандзір разумеў маладых хлопцаў, якія не былі сацыяльнымі ворагамі, а трапілі ў паліцыю пад прымусам і, вядома, хацелі як мага хутчэй адтуль вырвацца. Баннік вырашыў так, што паліцыя - не так ужо і страшна: ён возьме зброю і адразу перабяжыць да партызан. Але наслухаўся ў першыя дні размоў паміж старэйшымі паліцаямі, і яго адолеў жах. Пры сустрэчы з партызанамі, аказваецца, яму трэба будзе абавязкова прызнацца, што ён паліцэйскі. А з якой ён мэтай ідзе да іх? Як пераканаць партызан, што ён не здраднік, а сумленны савецкі хлопец, і ці павераць яны ў яго словы? І дзядзька з Маркаўшчыны яму сказаў, што спачатку трэба наладзіць сувязь з партызанамі, выканаць якое-небудзь іх заданне, а потым можна перайсці і ў атрад.

Час ішоў, а сувязь наладзіць ніяк не ўдавалася. Стаж паліцая рос, а з ім рос і жах перад партызанамі і перад радзімай. І цяпер хлопцы шчыра хочуць дапамагчы партызанам, каб да сустрэчы з нашымі войскамі на іх уліку быў хоць адзін патрыятычны ўчынак.

- Таварыш камандзір, прыходзьце паслязаўтра да моста ў дванаццаць або ў гадзіну ночы, - сказаў Баннік.

- Мы прыедзем.

- Ну, прыязджайце. Толькі адразу на мост не едзьце, бо вартавы немец пачуе грукат і насцярожыцца.

- Улічым. Дык што, развітаемся да паслязаўтрашняй ночы.

- Так, так, мы чакаем, - сказаў Баннік, і паліцэйскія пайшлі з лесу на палявую дарогу, а партызаны ўзялі напрамак на Дубовую Граду.

Ішлі яны па задуменным восеньскім лесе. Сонца свяціла ярка, каля палян стаялі залацістыя вастрарогія стажкі-бярозкі, сярод цёмных елак ружавелі трапяткія лісточкі асін, а з рабіны, нібы ярка-чырвоныя грудзі снегіроў, кідаліся ў вочы гронкі ягад. Каля дарогі на тоўстай сасне дзяцел раздзёўбваў заціснутую ў паз шышку. Ён моцна ўчапіўся вострымі кіпцюрамі за кару, але сам трымаўся не столькі тонкімі ножкамі, колькі пругкім хвастом, якім звычайна падпіраецца.

Хутка махаючы крыламі, пералётваў з верхавіны адной сасны на другую сокал. Ён не садзіцца ў гушчары, а на такое дрэва, з якога відаць усё наваколле. Гэта пугач з натапыранымі вушкамі або сава баяцца сонца і хаваюцца ў цемень хвой.

Хлопцы ішлі па лясной дарожцы і разважалі, што магло здарыцца з фашысцкім самалётам, які рабіў вымушаную пасадку на полі. Адны сцвярджалі, што раптам у маторы штосьці сапсавалася, другія лічылі, што самалёты вярталіся з паветранага бою, і гэты, што ўпаў, быў падбіты. Таму што нашы бамбавікі робяць глыбокія налёты на варожыя аб'екты не толькі ўначы, але і ўдзень. Звычайна яны ляцяць пад прыкрыццём знішчальнікаў. Аб гэтым нядаўна пісалі і ў брыгаднай газеце. Валодзя схіляўся да думкі тых, хто сцвярджаў, што самалёт быў падбіты. Другі нямецкі лётчык, напэўна, ведаў пра гэта і суправаджаў свайго напарніка.

Партызаны ўвайшлі ў вёску. Быў абедзенны час, і на вуліцы ані душы. Спыніліся каля Валодзевай хаты і параіліся, куды хто пойдзе. Раней заходзіла група ў вёску, дык пра гэта гутарка не вялася, бо ўсе былі тутэйшымі. А цяпер яна больш як на палавіну абнавілася. Чацвёрка хлопцаў загінула, і Зіна ўжо не партызанка.

Валодзя адчыніў веснічкі і пайшоў. Кабыла, што стаяла пад павеццю, пачуўшы голас свайго гаспадара, заржала. Валодзя як толькі пераступіў парог, адразу ж запытаў:

- Мама, кабыла, напэўна, не поеная стаіць?

- Што ты, сынок, я сама вядро вады занесла, і яна выпіла, - трымаючы лыжку ў руцэ, сказала маці. - Якраз на абед, сядай, сынок.

- Цешча яшчэ жывая, - пажартаваў Валодзя, паставіў у кутку аўтамат і памыў рукі.

- Цешчы будуць, быў бы ты цэлы, - сказала маці.

Валодзя пацалаваў маленькага браціка, які сядзеў за сталом побач з сястрычкай, і адказаў маці, што нічога страшнага няма, расце падмена. Маці не любіла слухаць такія размовы. Яна чакала, што хутка атрымае ліст з фронту ад бацькі, і хацела, каб жывы быў і сын. О, якія маці гэтага не жадалі, яны нават навучыліся маліцца, чаго раней не ўмелі рабіць.

- Кажуць, што таго здрадніка, які палонных у Слабадзе прадаў, забілі, і невядома хто. А яшчэ ходзяць чуткі, што гэта быў Зінін муж, - напаўголаса гаварыла маці Валодзю.

- Праўду кажуць, зямля слыхам жыве. Адкуль гэта ўсё вам вядома?

- Тут жа былі партызаны, яны гаварылі.

Валодзя змоўк, у яго з'явілася думка схадзіць да Зіны. Яна, напэўна, таксама ведае пра гэтыя чуткі. Цікава хлопцу, як рэагуе яна на іх. Ён устаў з-за стала, прайшоў у другі пакой і агледзеў сябе ў люстэрка.

- Мама, а дзе ж наш дзядуля?

- Пайшоў голле дубовае церабіць, дроў мала, сынок.

- Я пайду, - сказаў Валодзя і накіраваўся да дзвярэй.

- Куды?

- Ды куды-небудзь прайду, - не прызнаўся Валодзя маці.

Але па адказу сына маці здагадвалася, што ці не да Зіны ён накіроўваецца, і запытала:

- Што адказваць хлопцам?

- Скажаш, што хутка вярнуся.

Не без хвалявання ўвайшоў Валодзя ў Зініну хату. У пярэднім пакоі нікога не было, ён пастукаў у дзверы другога.

- Заходзьце, - пачуўся голас.

Хлопец адчыніў дзверы, зрабіў крок і стаў.

- Можна? - запытаў ён.

Зіна сядзела на ложку і штосьці шыла. Яна глянула на Валодзю, уторкнула іголку ў паркаль і схавала яго пад падушку.

- Можна, - кволым голасам адказала Зіна.

Валодзя паставіў аўтамат ля дзвярэй, прайшоў па пакоі і сеў на крэсла. Хвіліну было маўчанне, а потым хлопец запытаў:

- Што ты шыеш?

Зіна апусціла галаву, глыбока ўздыхнула і маўчала. Не прызнавацца ж ёй, што шые распашонку.

Валодзю здалося, што Зіна глытае не сліну, а слёзы, і ён зразумеў, што пытанне яго з'явілася зачэпкай не для звычайнай размовы, а закранула нешта больш сур'ёзнае. Хлопец не ведаў, што гаварыць далей. Запытаць, як жыццё, дык яно відаць, паглядзеўшы на яе. Зіне ўжо было цяжка хадзіць. І хлопец маўчаў. Зіна ўзяла з кішэні халата хустачку, выцерла вочы, нос і сказала:

- Валодзя, навошта ты зайшоў?

- Я не разумею цябе.

- Не трэба да мяне заходзіць.

- Чаму, ты ж была наша партызанка, а мая сяброўка.

- Гэта ўсё было, але нібы ў сне. Я цябе неяк убачыла з Валяй і з таго часу вось ляжу, не хачу выходзіць на вуліцу.

- Раней выходзіла, таму што лічыла мяне забітым?

- Так, лягчэй было.

- Я ніколі не думаў, што ў цябе такі характар.

- Дык чаму я сама сябе забіла, а ты жывеш?

- Ты ж таксама жывеш, а чаму маёй смерцю задаволена была?

- Неаднолькавыя задавальненні ёсць. Напрыклад, я задаволена, што забілі Шабліна. Калі б ён нават не быў здраднікам, усё роўна такому агіднаму чалавеку на зямлі нельга жыць. Вось... А ёсць задавальненне іншае, яно роўна самагубству. Гэта, калі хочаш, каб чалавек не думаў, нічога не бачыў, а спаў вечным сном. Я шкадавала тады цябе, мяне гад той нават пабіў за гэта. І вось цяпер перадумала і жадаю табе ўсяго добрага, але хачу, каб ты з'ехаў куды-небудзь далёка-далёка. А так мне сорамна жыць.

- Гэта таму, што з Валяй мяне ўбачыла?

- І таму, і таму...

- А мне Валя падабаецца.

Зіна павярнула галаву ўбок:

- Ну, Валя іншы чалавек, яна жорсткая.

- Няпраўда, яна вельмі ласкавая, добрая.

- Да цябе, можа быць. Я, дурная, заўсёды да ўсіх была добрай. Не трымалася на пэўнай дыстанцыі ад мужчын, а трэба было паводзіць сябе інакш. Дык характар жа такі, што не хацелася нікога пакрыўдзіць. І праз яго я загубіла сябе, загубіла. Як усё атрымалася ў мяне з Шабліным, я не магу і цяпер асэнсаваць. Але мне трэба было называцца яго жонкай.

Зіна разгаварылася, і ёй стала лягчэй. Але гэта душэўная лёгкасць часовая. Варта застацца ёй адной, і зноў непамерны цяжар сцісне грудзі, палезуць у галаву надакучлівыя думкі. Жанчыны і маці пераконвалі яе, што народзіцца дзіця і яна сама зменіцца. Але Зіна пакуль што ў новым стане сябе не ўяўляла. Маладой жанчыне лёгка чакаць дзіця, калі побач з ёю любімы чалавек. І рэдка якая не разгубіцца, калі побач такога чалавека няма. Зіне вельмі хацелася больш падрабязна ведаць пра Валодзевы адносіны да Валі, і яна запытала здалёк:

- Каб я не выйшла замуж і ты вярнуўся, у нас бы, напэўна, ранейшых адносін не было?

- Чаму?

- Ужо была Валя ў нас.

- Ну і што?

- У мяне яшчэ да вайны рэўнасць узнікла, і толькі праз яе. Ды і Шаблін гаварыў, што ён паспяшаўся, што ажаніўся са мной.

- Не Шаблін, а Капыцкі, так яго сапраўднае прозвішча, і ён у паводзінах не прыклад для хлопцаў і мужчын.

- Капыцкі? - здзівілася Зіна.

- Так, і ён ніякі не палітрук. Прайдзісвет. Жыў па дакументах палітрука. А ты думала, што такі агідны чалавек мог палітруком быць?

- Вось чаму ён і звярэў, калі я выказвала свае сумненні, ці быў ён палітруком.

- Ты думаеш, што ў мяне з-за цябе адбыўся з ім такі канфлікт?

- Не, я так нават і не думала. Ён усіх імкнуўся падпарадкаваць, ды не ведаў як. Падхалімы яму падабаліся. А ты пачаў пярэчыць. І з гэтага ў вас усё і пачалося.

- Я не магу дурню падпарадкоўвацца, а загады разумнага буду выконваць, не лічачыся ні з чым, але ж без падхалімства. Памятаю, перад вайной мне бацька расказаў анекдот, і ён мне моцна ўрэзаўся ў памяць. Можна расказаць?

- Расказвай.

- Спыніўся генерал каля вялізнага каменя, паклікаў да сябе афіцэра сярэдняга рангу і кажа: «Паслухай, пішчыць штосьці пад каменем». Той прысеў на калені, прыслухаўся, а потым устаў і адказвае: «Так точна, пішчыць, ваша высакароддзе». Паклікаў генерал да сябе афіцэра чынам ніжэй. Той пацвердзіў свайго папярэдніка. Потым генерал паклікаў сяржанта. Ён прыслухаўся і кажа: «Так, ваша высакароддзе, папісквае хтосьці». Рашыў генерал выклікаць салдата. Салдат папоўзаў вакол каменя, затым устаў і гаворыць: «Ваша высакароддзе, гэта ў вас у вушах пішчыць». Генерал падзякаваў салдату і сказаў, што ён самы сумленны воін.

Зіна ўсміхнулася, памаўчала, потым вярнулася да свайго ранейшага пытання. Яе здзіўляла: адкуль Валя ведала ўсё пра яго. Яна сказала, што ў многіх тады яшчэ складвалася ўражанне, што дзяўчына чакала Валодзю са шпіталя. Можа, ён калі хлопцам што расказваў, а тыя перадавалі ёй. Валодзя прызнаўся, што спачатку ён вельмі перажываў за Зіну. А потым свае асабістыя няўдачы паступова выцеснілі яе з сэрца. А канчаткова душэўны боль за Зіну заглушыла і зняла Валя.

- І ты кахаеш яе? - запытала Зіна.

- Вельмі.

- Добра, што ты зайшоў, мне лягчэй стала. Дык мне было б балюча, калі б я ведала, што ты нікога не кахаеш.

- Штосьці ў цябе ўсё атрымліваецца наадварот: то ты рада была, што мяне расстралялі, а цяпер радуешся майму новаму каханню.

- Напэўна, калі не шкадуеш самога сябе, тады не шкадуеш нікога.

- О-о не, ты нешта не тое гаворыш. Іншы раз не шкадуеш самога сябе дзеля другога чалавека. Канешне, калі перакананы, што той, другі чалавек, заслугоўвае гэтага...

- Дзе ж Валя цяпер, у тваёй маці нябось?

- Яна паранена, і тут яе няма.

- Вось чаму ты і зайшоў да мяне... - І памаўчаўшы: - Валю шкадуеш, а бярэш з сабой на аперацыі...

- А табе яе не шкада?

- Я яе ненавіджу таму, што яна мяне ненавідзела.

- Дык яна раўнавала да Капыцкага.

- Патрэбен ён быў ёй. Ведаю я чаму.

- Можа, правільна яна рабіла?

- Не ведаю. І цяжка яе параніла?

- Лёгка, у нагу.

- Дык глядзі, яшчэ заб'юць.

- Не, я ёй цяпер не дазволю ўдзельнічаць у цяжкіх і складаных аперацыях.

- Толькі сам будзеш ваяваць... Глядзі, зберажэш яе для каго-небудзь іншага...

- Ну і што ж. Тады такі мой лёс - захоўваць дзяўчат для іншых.

- Цябе б не параніла, і не было б са мной нічога падобнага.

- Ты ўпэўнена, а я не веру. Можа, гэта і лепш, што мяне не было тут, бо такі, як Капыцкі, ён бы ні перад кім не спыніўся. Узяў бы мяне з сабой куды на заданне і прыстрэліў бы ў спіну.

- Хаця так, я згодна з табой. Каб не выкрылі яго, ён бы і Валі ў групе не дазволіў быць. Я яго намер разумела, але паміж імі ты стаяў.

- Я не станавіўся паміж імі.

- Няхай сабе не станавіўся, але ж Валя ўсёй душой імкнулася да цябе.

- Я гэтага не заўважаў.

- Дык я заўважала і ведала.

- Праз сценкі зямлянкі? Можа, толькі табе, як камандзіршы, дакладваў хто-небудзь, а я вось не ведаў.

- А цяпер пераканаўся?

- Што ты мне - допыт учыняеш? Мяне, напрыклад, не цікавіць, як ты кахала Капыцкага.

Валодзя сядзеў у Зіны да захаду сонца. І перад адыходам яны абое доўга маўчалі. А калі Валодзя ўстаў і накіраваўся да дзвярэй, Зіна заплакала і ўпала тварам у падушку. Яна не таму заплакала, што Валодзя адыходзіў, а таму, што разбудзіла ў сабе ўсё перажытае за апошнія два гады. Валодзя вярнуўся і падышоў да ложка. Ён прасіў, каб яна не плакала. Прыйдуць нашы, і жыццё ва ўсіх зменіцца. Зіне не будзе сорамна, бо яна была партызанкай. А што натрапіўся нягоднік і ашукаў дзяўчыну, дык гэта застанецца ў даўнасці і забудзецца.

- Не, не, - усхліпваючы, паківала галавой Зіна. - Ты з маёй размовы заключыў, што я пустая і пагэтаму бадзёрая. Як мне цяжка, не хачу жыць, не хачу...

Зноў уткнулася яна ў падушку. Валодзя стаяў і не ведаў, што сказаць, каб яна супакоілася. Сапраўднае каханне зусім не гіне і хоць далёкім рэхам, але абуджае душу.

Валодзя таптаўся каля ложка і не дакранаўся рукою да Зіны, як рабіў гэта раней. Ён гаварыў, што яны і надалей застануцца сябрамі, толькі не трэба крыўдаваць ні на Валю, ні на яго.

Зіна крыху супакоілася, і Валодзя пайшоў. «Добра, што яна не ведае, хто забіў Капыцкага, а то сустрэча была б, відаць, зусім інакшай», - падумаў Валодзя. Ён застаўся незадаволены сабою, што зайшоў да Зіны. Не трэба было варушыць пачуцці маладой жанчыны, калі яна ў такім стане. Яна толькі перанесла непрыемную вестку пра бацьку яе будучага дзіцяці, як наляцела новая хваля думак пра свой лёс. У такім выпадку - чым вышэйшы плот паміж Валодзем і Зінай, тым лепш будзе ёй.


Сын прыйшоў у дрэнным настроі, і маці адразу ж заўважыла гэта.

- Шкадуеш Зіну? - запытала яна.

- Цяжка ёй.

- Але ж толькі з-за жалю вяртацца да яе нельга, сынок.

- Ні пра якое вяртанне я не думаў і не думаю. Мяне кахае Валя і я яе.

- Дык і сябруйце. А да жанчыны хадзіць... - зморшчылася маці і, нібы сама сабе, дадала: - Рушаная зямля дажджу патрабуе.

Валодзя не зразумеў сэнсу гэтых слоў і адказаў:

- Так, яна плача.

- Нічога, паплача і сціхне. Не адна яна ў гэту вайну мужа страціла. А ёй наогул у такія гады не варта было заводзіць мужа, каб потым па ім ліць слёзы. Дурная тая дзеўка, якая ў такі жудасны час замуж выходзіць. Пакахала чалавека - кахай, час не з'явіцца перашкодай, а толькі праверкай, ці сур'ёзна ўсё гэта.

Маці не расказвала Валодзю, што з яе некаторыя жанчыны смяяліся, маўляў, Зіна за камандзіра замуж выйшла, а яе сынка адпрэчыла. І ўжо гонар насцярожваў маці, каб сын цяпер не ішоў да Зіны. Вось чаму, калі Валодзя сказаў, што ён больш не будзе сустракацца з Зінай, маці ажывілася, павесялела і пачала хваліць Валю.

- Як жа ў яе з нагой? - запытала маці.

- А ўжо добра, раны зажываюць.

- Гэта ж маглі і забіць. Сыночак, глядзі ты сябе цяпер, не лезь нікуды бяздумна.

- Бяздумна я не лезу, бо нічога тады не атрымліваецца.

- Наша ж армія вось-вось прыйдзе. Усё роўна немцы яе не спыняць, не павернуць, дык чаго табе лезці на ражон.

- Трэба арміі памагаць. Уяві сабе, фрыцы адступаюць, а цераз рэчку моста няма. Вось іх і прыціснулі. А як цяжка будзе нашым, калі гітлераўцы без перашкод пераедуць на другі бок і самі мост узарвуць.

- Ты заўсёды дакажаш. Я згаджалася з табой, што трэба ваяваць, калі нашы адступалі.

- Ты, мама, думаеш, што з вызваленнем Дубовай Грады і вайна закончыцца. Не, закончыцца яна недзе ў Берліне.

- Ну, трэба ж хоць жывому дачакацца сваіх.

- Невядома, хто яшчэ застанецца жывым. Фашысты на шляху адступлення робяць мёртвую зону, яны знішчаюць жанчын, дзяцей, а гэта значыць, жыццё. І задача партызан не даваць магчымасці ім гэта рабіць.

- Давай, сынок, кладзіся спаць. Я табе вось паслала на ложку, а дзядуля палезе на печ.

Двое сутак дыверсанты стаялі ў Дубовай Градзе, і ні разу не рыпнуў баян, не прагучала песня. Вельмі ж жывыя раны ў мацярок, сыны якіх былі ў дыверсійнай групе і загінулі. Хлопцы схадзілі на могілкі. Над магіламі Міколы і Федзі стаялі звычайныя крыжы, бо нельга было партызан хаваць інакш, ставіць абеліскі і ўвенчваць іх зорачкамі. Немцы іншы раз наведваліся на могілкі, пасля чаго ні зорачкі, ні насыпу ўжо нельга было заўважыць. І даводзілася герояў-партызан хаваць так, як звычайных жыхароў вёскі. Хлопцы зрабілі з яловых лапак вянкі, усклалі іх на магілкі баявых сяброў і пайшлі збірацца да ад'езду.

На калёсах было ўсё неабходнае, каб падпаліць мост. Іван нават два кулі саломы паклаў і сцвярджаў, што смала з саломай будзе вельмі добра гарэць. З ім згадзіліся.

На змярканні партызаны рушылі ў напрамку да Жлобіна. Яны не выбіралі глухіх мясцін і сцяжынак, а паехалі па бойкай дарозе, што вяла прама на мост. Валодзя з Анатолем ехалі верхам на конях уперадзе, а параконка з астатнімі хлопцамі - за імі. Шлях быў не блізкі, але партызаны не спяшаліся. Ноч была цёмная і ціхая, што не вельмі добра было для выканання сённяшняй аперацыі. Хоць бы вецер скавытаў!..

За кіламетр ад моста партызаны спынілі коней. Валодзя з Анатолем адразу ж спешыліся і павялі сваіх коней па полі да лагчынкі, дзе было некалькі кусточкаў. Там яны прывязалі коней і вярнуліся да калёс.

- Цяпер, хлопцы, будзем рухацца вельмі ціха. На каляінах падтрымлівайце калёсы, каб не грукалі. Я з Анатолем пайду ўперадзе, а вы ад нас трымайцеся на пэўнай дыстанцыі, - сказаў Байкач.

Ён не заўважыў, а больш адчуў, што хлопцы вельмі насцярожаныя, сціснутыя, нібы тыя спружыны. І ён разумеў іх стан: яны ідуць амаль у горад, адкуль далятаюць і скрыгатанне, і гудкі паравозаў, і трэск матацыклаў, і гул машын. Чужых, варожых паравозаў, машын... Час ад часу дзесьці над складамі ўзвіваюцца ракеты. Валодзя ў душы таксама адчувае хваляванне, але ж ён ведае, што такі стан бывае толькі да пачатку дзеяння. А ўжо ў баі ён нібы разраджаецца, і партызаны змагаюцца з незвычайнай энергіяй і адвагай.

Дыверсанты спыніліся за пясчаным узгоркам, метраў за дзвесце ад моста. Валодзя пайшоў на ўзгорак, адкуль былі відаць мост і дом, дзе размяшчалася ахова. Камандзір стаяў там нядоўга, бо ўсё навокал было яму вядомае. Ён вярнуўся да хлопцаў і шэптам сказаў:

- Павел, ты будзеш з коньмі тут да таго часу, пакуль не заўважыш, што гарыць дом. Гэта табе будзе сігнал, што ахова ліквідавана. Тады хуценька гані коней на мост. Там Грышка з Іванам табе дапамогуць разліць смалу, раскідаць смалякі. Данілаў, вазьмі ў Анатоля вінтоўку з бясшумкай, а яму аддай свой аўтамат. А вы, хлопцы, бярыце тол, кабель і пойдзем.

Дарога, па якой ехалі партызаны, упіралася ў шашу. І хлопцы па ўзбочыне шашы пайшлі да моста. Адзін з паліцэйскіх, што стаяў на варце, адкрыта курыў. І па гэтым камандзір заключыў: стаяць сувязныя. Ён рукой паказаў хлопцам, каб яны крыху адсталі, а сам смела пакрочыў уперад. Паліцэйскі заўважыў яго і таксама пайшоў насустрач.

- Усё зроблена як належыць. На варце каля дома таксама свой хлопец, - не гаварыў, а выдыхаў словы Баннік.

- Добра, - адказаў Валодзя. - Ідзі вазьмі бензін і аблівай мост. Калоша, ты дапаможаш яму, а мы пойдзем на той канец і паставім міну. Мы падпалім мост і частку яго ўзарвём, каб немцы, калі кінуцца тушыць, не маглі падступіцца.

Партызаны паціху падышлі да Арлова, які стаяў на мосце з боку Жлобіна. Валодзя хуценька паклаў на бэльку дзве вялікія пліты толу, замацаваў капсуль-узрывальнік і сказаў Івану:

- Завяжаш канец кабелю за чаку толькі тады, калі ўсё на мосце будзе гатова для падпальвання. А ты, Грышка, разматвай кабель цераз мост і там кладзіся ў адхоне шашы. Калі мост будзе падпалены, тады кабель пацягнеш, і міна ўзарвецца.

Арлоў сказаў Данілаву пароль, і яны ўдвух пайшлі на круты бераг да дома першымі. Валодзя з Анатолем крочылі следам за імі.

Немец, які стаяў на варце, заўважыў, што хтосьці ідзе, зрабіў некалькі крокаў уперад і стаў. Данілаў сказаў па-нямецку пароль, не чакаючы воклічу вартавога, і смела падышоў да яго. Той бліснуў ліхтарыкам, пазнаў Арлова, а да Данілава звярнуўся з пытаннем, хто яму патрэбны?

- Камендант, - адказаў Данілаў.

- Дакумент, - патрабаваў вартавы.

Данілаў працягнуў руку да кішэні, паклаў палец на спускавы кручок вінтоўкі і хутка накіраваў ствол пад бараду вартавога. Шчоўкнуў затвор, і вартавы, нібы сноп, упаў пад ногі партызана. Арлоў здзівіўся такой маланкавай аперацыі, але нічога не сказаў, а схапіў Данілава за рукаў і хутчэй павёў у пакой да каменданта.

Валодзя з Анатолем кінуліся да вартавога паліцэйскага.

- Вы партызаны? - ціха запытаў той.

- Так ідзі ў пакой і запальвай святло, - сказаў Валодзя.

Паліцэйскі адчыніў дзверы і ўключыў электрычнае святло. На вуліцы пачуўся немы крык. Некаторыя паліцэйскія ўзнялі галовы і прыжмуранымі вачамі глядзелі ў парог. Валодзя з Анатолем ужо стаялі ля козлаў са зброяй.

- Здавайцеся! Здавайцеся! - колькі было сілы крыкнуў Валодзя.

Паліцэйскія ў бялізне саскоквалі з двухпавярховых нараў. Некаторыя адразу ж паднялі рукі, а некаторыя кінуліся да акна, выламалі раму і ляцелі адзін цераз аднаго ў цемень. Валодзя, можа б, і парушыў умову не рабіць гукавых стрэлаў, але ж наперадзе стаялі паліцэйскія, якія ўзнялі рукі, і цераз іх страляць было немагчыма.

- Малайцы, хлопцы, а тыя няхай бягуць, - сказаў камандзір.

- Апранайцеся, пойдзем з намі.

Усе хуценька апрануліся.

- Зброю пакуль мы вам не дадзім, - сказаў Валодзя.

- Некаторым можна даць, бо мы яе не занясём, - зморшчыўся вартавы.

- Дык выдай таму, у кім упэўнены.

Вартавы выдаў дзевяць вінтовак, а траім паліцэйбкім не рашыўся даць. Тыя так паглядзелі на Валодзю, што ён паднёс і сам даў ім у рукі вінтоўкі. Тады вартавы раздзяліў паміж паліцэйскімі астатнія вінтоўкі, а сам узяў кулямёт. Камандзір разрэзаў некалькі сеннікоў на нарах і падпаліў.

- Цяпер пайшлі, хлопцы!

На двары Данілаў падбег да Валодзі і сказаў, што трэба дзейнічаць хутчэй, бо каменданта ён упусціў.

- Як гэта?

- Увайшлі мы ў пакой, а камендант сядзіць супраць завешанага акна за сталом у сподняй сарочцы і штосьці піша. Я яму гавару, што так позна нельга працаваць. Камендант паглядзеў на мяне і адказвае: «Калі трэба - дык трэба». Ён толькі працягнуў руку, каб узяць прамакатку, а я стук - і адчуў, што куля не паляцела. Гітлеравец не разгубіўся і скокнуў у акно пад занавеску. Я здагадаўся, што забыўся перазарадзіць вінтоўку, і ляпнуў па пустым патроне. Пакуль я даслаў другі патрон, камендант ужо закрычаў за акном. Я расчыніў дзверы ў суседні пакой і там прыстрэліў яшчэ двух гітлераўцаў.

З птушкафермы данеслася кулямётная чарга. А полымя ўжо вырвалася вонкі і папаўзло па даху. На мосце стала зусім відна. Баннік з Калошам аблілі яго бензінам і не ведалі, што рабіць далей. Трасіруючыя кулі па-над рэчкай роем ляцелі на мост. Пыліла з коньмі не з'яўляўся. Камандзір вылаяўся і як мага хутчэй пабег за пясчаны ўзгорак. Пыліла назіраў за мостам і толькі калі заўважыў, што нехта бяжыць, кінуўся да калёс. Валодзя выхапіў у яго з рук лейцы і хутка пагнаў коней.

Узмацняўся кулямётны і вінтовачны агонь з боку птушкафермы. Адна за адной узвіваліся ў чорнае неба ракеты. На мосце нікога не было відаць, усе заляглі. З грукатам узбеглі на яго коні, і толькі пасярод моста Валодзя іх спыніў. Стаў на калёсы, прагнаў Паўла, кульнуў бочку са смалой, скінуў мяшкі са смалякамі і кулі саломы на мост. Затым злез з калёс і завярнуў коней. Валодзя паглядзеў на мост. Хлопцаў там не было. Коні ківалі галовамі, тапталіся, ірваліся бегчы, але камандзір моцна трымаў за лейцы. Затым ён прысеў і падпаліў куль саломы. Партызан не ўлічыў, што мост ужо абліты бензінам. Полымя імгненна ахапіла ўвесь мост. Коні рвануліся на шашу. І не паспеў камандзір ускочыць на калёсы, як за яго спіной грымнуў выбух. Але не хваля выбуху кінула Валодзю на зямлю. Ён працягнуўся на лейцах за калясьмі і адарваўся сам. Грукат аддаліўся па шашы ў напрамку да прыдняпроўскай вёскі, у якой размяшчаўся нямецкі гарнізон.

Валодзя ссунуўся ў адхон, дзе былі палонныя паліцэйскія і яго хлопцы. Не было толькі Пылілы.

- На мосце ж яго не было, калі я падпальваў, - здзівіўся камандзір.

- Ну і ў гэты бок ён не бег, - адказаў Анатоль.

- Застаўся, мусіць, недзе на тым баку, цяпер ён тут цераз рэчку не перабярэцца, - сказаў камандзір. - А нам трэба ісці хутчэй.

Здараецца, што і на пажар бывае глядзець цікава і радасна. А ён быў прыгожы, і асабліва тады, калі гарэў мост. Здавалася, што палінялыя ружовыя хусткі калышуцца не толькі над вадою, але і глыбока ў рэчцы. Полымя асвятляла пясчаны круты бераг і дрэвы з пажоўклымі лісцямі. І бераг не быў шэрым, як пры дзённым святле, а здаваўся нейкім казачным і таямнічым сярод густой цемры.

Не назіраў за пажарам толькі Пыліла. Ён сапраўды застаўся на тым баку і, напалоханы выбухам, які аглушыў яго, без аглядкі бег каля рэчкі. Затым прысеў на беразе адпачыць крыху і задумаўся, як перабрацца на другі бок. І раптам ён заўважыў на вадзе каля берага нешта чорнае, накшталт лодкі. Пыліла кінуўся туды. На рачной плыні ледзь пагойдвалася вялікая лодка, але ад яе на бераг спаўзаў ланцуг, канец якога быў абкручаны вакол жалеза і замкнёны вялізным замком.

Як толькі Павел ні стараўся адчапіць ланцуг, нічога не атрымлівалася. Ён падкапаў жалеза, біў па ім прыкладам, расхістваў, і ўсё ж сілы не хапіла, каб выцягнуць. Доўга завіхаўся Павел каля лодкі, і нарэшце ў яго з'явілася думка: разбіць замок куляй. Ён падвёў ствол вінтоўкі да замка і стрэліў. Але першая куля не прынесла поспеху, замок яшчэ нельга было зняць. Павел хацеў яшчэ раз стрэліць і раптам заўважыў, што па беразе рэчкі па яго ж слядах нехта ідзе. Ён сагнуўся і колькі было сілы пабег да кустоў. Вырашыў ісці ўверх каля рэчкі, а там, ён ведаў, ёсць кладкі. Праўда, гэта будзе намнога кружней, каб трапіць у Дубовую Граду, але ж нічога не зробіш, трэба ісці.

Ужо неба асвятляла ранішняя зорка, а звон у Паўлавых вушах не знікаў. Партызан крочыў па травяністым беразе, азіраўся і зноў заўважыў, што за ім нехта ідзе. Павел хацеў спыніцца, але не адважыўся. Мільганула думка стрэліць, але ён тут жа пачаў пераконваць сябе, што так нельга. Можа, гэта ідзе іх сувязны паліцэйскі. Вырашыў ісці хутчэй, а калі развіднее, ён разгледзіць, хто гэта.

Павел перайшоў у вузкім месцы рэчку і ўжо каля Дубовай Грады спыніўся. Чалавек жа, па меры таго як віднела, адставаў ад Паўла, але не губляў яго з поля зроку. І цяпер Пыліла не мог пазнаць, хто за ім крочыць. Ён набраўся адвагі і рашыў пачакаць.

Ужо ў вёсцы Павел дакладваў камандзіру, што ён прывёў начальніка паліцыі, а як яму ўдалося захапіць яго, пра гэта не сказаў. І не прызнаўся, што ён перапалохаўся да смерці, калі ўбачыў, што ў чалавека, які быў ужо ў некалькіх кроках ад яго, на плячы вісеў нямецкі аўтамат. І толькі на допыце Валодзю стала ясна, як трапіў да іх начальнік паліцыі.

Начальнік спаў. Ён прачнуўся толькі тады, калі застракатаў кулямёт на птушкаферме. Хуценька апрануўся і выбег на вуліцу. Ужо гарэў дом, дзе размяшчаліся паліцаі. Начальнік спачатку кінуўся бегчы да яго, але на мосце - выбух, і ён спыніўся. А потым прабраўся да берага рэчкі, адкуль нават чуў размову партызан, і прыкладна вызначыў, у якім напрамку яны пайшлі. Што рабіць? Думаў начальнік ісці ў камендатуру і сказаць, што ён начаваў у сваёй каханай і нічога не ведае, як знішчаны паліцыя і немцы. Дык там не павераць у гэта. У каменданта ўзнікне падазронасць, што ён прывёў партызан, і таму сам застаўся жывы. А калі і павераць яму, дык гэта не зніме адказнасці. Чаму належным чынам не арганізаваў ахову, чаму не быў на месцы сам? І начальнік вырашыў, што пятлі не прамінуць. А вось калі пайсці да партызан, зрабіць які-небудзь подзвіг для іх, можна яшчэ выратаваць сваё жыццё. Пасля доўгіх разваг начальнік паліцыі рашыў ісці каля рэчкі ў той бок, куды накіраваліся партызаны.

Калі ж Пыліла кінуўся ад лодкі і пабег у кусты, начальнік зразумеў, што ён трапіў на след партызана, і ўжо неадступна трымаўся яго.

Валодзя шкадаваў, што за ўчынак, які зрабіў Пыліла, ён ужо не можа пакараць яго, як меркаваў. Камандзір толькі не паказваў выгляду па дарозе ад моста, і калі моршчыўся і скрыгатаў зубамі, дык тлумачыў хлопцам, што ў яго моцна баляць калені і локці, з якіх ён здзёр на шашы скуру. А на самай справе ён злаваў на Пылілу. Валодзя разумеў, што Пыліла проста пабаяўся ехаць на мост, калі ўбачыў, што туды паляцеў рой трасіруючых куль.

Не, Байкач сёння ўсё ж папросіць камандзіра роты, каб той асабіста пагаварыў з Пылілам і сур'ёзна яго папярэдзіў.

Запрэжаных коней не было, і партызаны не захацелі прасіць людзей, каб іх падвезлі, а вырашылі ісці пеша. Тым больш што ісці было весела, калі перад імі крочаць столькі паліцэйскіх на чале з самім начальнікам. Але ўсе паліцэйскія былі незадаволены, што ідуць разам з начальнікам. Баннік з Арловым наогул стараліся адстаць ад сваіх паплечнікаў па службе і імкнуліся далучыцца да партызан. Усе лічылі, што начальнік паліцыі зрабіў нашым людзям значна больш шкоды, чым яны. У многіх выпадках паліцэйскія хаця і неахвотна, але выконвалі яго прамыя загады.

Начальнік у доўгай карычневай скуранцы, праўда, без зброі, ішоў першым і імкнуўся не адстаць ад коней, на якіх ехалі Валодзя і Анатоль. Ён не ўяўляў сабе, што трапіць да такіх партызан. Вельмі ж маладымі здаваліся яны яму. Пытацца было няёмка, але яго здзіўляла: няўжо такая групка магла адважыцца ля самага Жлобіна нападаць на паліцыю, немцаў і знішчыць мост. Ён сумняваўся і лічыў, што частка партызан пайшла іншым шляхам, бо ён чуў нават там грукат калёс, а ў гэтай групе падводы няма. Яму спадабаўся гэты малады камандзір: ён без фанабэрыі, уважліва выслухоўваў яго на допыце, не тузаў, не пагражаў. Калі ўсе партызанскія камандзіры такія, дык яны значна адрозніваюцца ад іхніх. Ён бы партызана так не дапытваў. Праўда, яму гэтага не даводзілася рабіць, але ж ён прысутнічаў на допытах людзей у камендатуры, гестапа. Там пакуль душу ад цела не аддзеляць, дык чалавека, хоць і нявіннага, не адпусцяць.

Дрэнна, што партызаны не знішчылі ўсіх паліцэйскіх, думаў начальнік, і яму давядзецца гаварыць праўду, а ў ёй будзе многа агіднага, чаго няможна было рабіць на сваёй зямлі. Але ж немцы яму загадвалі, а ён сваім падначаленым, і непасрэдныя выканаўцы ўсё ж былі паліцэйскія. І на думку начальніка, гэта павінна было змякчаць віну. Начальнік не лічыў сябе зусім не вінаватым, і ён шукаў шляхі, як бы лепш апраўдаць свае паводзіны, каб хоць крыху рэабілітаваць сябе. Ён перабраў у думках усіх палонных паліцэйскіх і ўяўляў, што той або іншы можа сказаць пра яго. І пераканаўся, што калі ўсе яны раскажуць праўду, дык многа ёсць ганебнага ў яго адрас. Калі мінулі першага вартавога ля партызанскага лагера, начальніку стала страшнавата. Ён, калі вырашыў ісці да партызан, дык і не падумаў, што сустрэнецца з такой колькасцю сваіх паліцэйскіх. Што ж, няхай судзяць, толькі каб не пакаралі смерцю, думаў начальнік паліцыі. Усё роўна ад расплаты не схаваўся б, бо перамога на баку Чырвонай Арміі, партызан.

У лагеры народныя мсціўцы праводзілі паліцэйскіх злоснымі позіркамі. Валодзя пад'ехаў да камандзірскай зямлянкі, саскочыў з сядла і прывязаў кабылу да сасны. Паліцэйскія спыніліся непадалёку і стаялі, панура апусціўшы галовы.

Валодзя доўга не выходзіў ад камандзіра роты, і паліцэйскія думалі, што ўся размова ідзе толькі пра іх. Нарэшце ён выскачыў з зямлянкі ў вясёлым настроі і, не падышоўшы да паліцэйскіх, адвязаў кабылу і павёў яе па сцяжынцы. Многія паліцаі зусім упалі духам, бо яны хацелі, каб на ўсіх допытах і сустрэчах з вышэйшым начальствам прысутнічаў і камандзір групы.

Валодзя думаў зусім аб іншым. Ён коратка далажыў камандаванню аб усіх паліцэйскіх, і цяпер няхай яны дэталёва разбіраюцца з кожным паасобку. Ён ведаў, што Валя хвалюецца, чакае яго кожны дзень, кожную гадзіну і перадумала, напэўна, ужо аб усім на свеце. І вось цяпер Верабейчык моцна паціснуў Валодзеву руку за ўдалыя аперацыі, і ён, задаволены, спяшаецца да яе, Валі. Валодзя перадаў кабылу партызану з гаспадарчага ўзвода і пабег. Але ў будане дзяўчыны не было. Ён прайшоў па лагеры, пытаў пра яе ў многіх знаёмых, але ўсе адказвалі, што не бачылі. І толькі дзяўчына, якой ён даваў сшытак з тэкстам песень, сказала Валодзю, што Валя на паляне вучыцца хадзіць. Валодзя пабег туды.

Валя ўжо сядзела на пні, плячамі да сонца, задуменная, і палкай калупала зямлю. Валодзя пастаяў крыху і пайшоў да яе. Валя заўважыла і кінулася яму насустрач. Яны моцна абняліся.

- Бачыш, як я ўжо бегаю, - прашаптала яна і паглядзела ў вочы хлопцу.

- Я ведаю, што ты гэтым хочаш сказаць, - таксама ціха прамовіў Валодзя.

- Што? Ну што? Гавары.

- Што ўжо можаш ісці з намі.

- Зразумела... Мне так надакучыла тут, каб ты ведаў. А спаць проста не магу. Як толькі засну, адразу ж бачу цябе. Здаецца, ты бяжыш, страляеш, а немцы акружаюць. У гэту ноч як крыкнула і сама ад свайго голасу прахапілася. І так ужо не заснула, усё думала і думала, дзе ты і што з табой.

Валодзя ўзяў Валю за руку, і яны пайшлі па паляне.

- Можа, калі ты крыкнула, дык я цягнуўся на лейцах за калясьмі...

- Як гэта? - паглядзела дзяўчына на Валодзю.

- Мы спалілі мост, і партызанскія коні ўцяклі некуды да немцаў. Я хацеў утрымаць іх, а яны мяне працягнулі і самі ўцяклі.

- Цяжка табе было на мосце?

- Не, лягчэй, як на чыгунцы. Па-першае, не было цябе, а па-другое, начальнік паліцыі ўзяў у палон Пылілу, праўда, прывёў яго да нас. Вось як бывае.

- Ты смяешся.

- Ну, спытаеш у яго.

- Добра, спытаю. А дзе вы стаялі тыя дні?

- У Дубовай Градзе.

- Зіну бачыў?

- Валечка, не толькі бачыў, а заходзіў да яе і размаўляў.

- Я так і ведала, ты кахаеш яе.

- Мне б вельмі хацелася, каб ты дзе-небудзь збоку чула нашу размову. Але наогул я дрэнна зрабіў, што пайшоў, і маці мяне лаяла за гэта. Я ўшчэнт расчараваў яе і прызнаўся, што кахаю цябе.

- Ты ёй зманіў!

- Міленькая, ты сама ведаеш, а толькі так гаворыш.

- Я ведаю, што ты нікому іншаму не загадаў забіць Капыцкага, а сам пайшоў з-за рэўнасці.

- Здраднік першы мяне хацеў забіць, а чаму я не мог потым адпомсціць? Я лічу, што гэта мая самая ўдалая аперацыя...

- А што Зіна пра мяне гаварыла?

- Казала, не любіць цябе таму, што ты яе ненавідзіш.

- Ты б сказаў, што я яе цяпер люблю...

- Я так ёй і даў зразумець, што ты вельмі добрая. Ты ведаеш, яна прызналася, што была рада маёй смерці.

- Дык я ж ведала гэта. Мне яшчэ тады перадалі яе словы, маўляў, Валя думала, што дыверсант будзе яе, а яго ўжо няма. Я тады заплакала, падышла да яе, назвала свіннёй і сказала, што сорамна ёй радавацца смерці сябра.

- Валечка, - спыніўся Валодзя, абняў яе і паглядзеў у вочы, - я толькі ў баі забываю пра цябе.

- Скажы, цяпер, калі ты быў у Зіны, таксама думаў пра мяне?

- Думаў, нават у час размовы з ёй.

Валя ўзяла хлопца за рукі, падцягнулася і пацалавала яго ў губы.

Якое б задавальненне ні было ў маладога чалавека ад праведзенай ім удалай аперацыі, усё роўна яно адрозніваецца ад таго, якое прыходзіць ад чыстага і моцнага кахання. Здаецца, што толькі ад яго залежаць і асэнсаваная барацьба, і праца, і жыццё на зямлі.

Былы Валодзеў і Валін настаўнік стаяў на ўскраіне паляны і назіраў за імі. У яго цяклі слёзы ад радасці за маладых людзей, якіх ён выхоўваў. Хіба можна дазволіць, каб стаў паміж імі чужаземец, разлучыў іх і зняважыў пачуцці. О, гэта немагчыма, думаў настаўнік. А Валю ўжо везлі на чужую зямлю, дзе зняважылі б яе гонар і годнасць, адцвіла б дзяўчына не расцвіўшы.

Доўга яшчэ па паляне хадзілі маладыя людзі.

- Цяпер я пераканаўся, што ты можаш ісці на заданне, - усміхнуўся Валодзя. - Толькі хутка нашы прыйдуць, і мы будзем чакаць іх вось тут або пойдзем насустрач.


Загрузка...