XVII


- Мамачка, мама!.. Панок, забі і мяне... Прашу... забі і мяне... Валечка, тата, дзе вы?..

Галя ўстала з санак і ўпала ніц на роўны бялюткі снег. Яна паўзла, але не да забітай маці, якая яшчэ ўздрыгвала, трымаючыся за кончык вяровачкі, што была прывязана да санак. Яна паўзла да немца. Гітлеравец адступіў крыху назад да тоўстай сасны. Не, ён не баяўся хворай дзяўчынкі, яе спалоханых вачэй у слязах, а адступіў, каб сфатаграфаваць гэтую жудасную карціну, якую сам стварыў.

- Дзядзечка, - звярнулася Галя да Гута, які стаяў побач з фашыстам, - папрасі пана, каб ён забіў і мяне, папрасі... папрасі...

Дзяўчынка залілася ў плачы, гітлеравец павярнуўся і пайшоў на дарогу, за ім пакрочыў і Гут. Праз некалькі хвілін Галя зноў папаўзла да маці, падграбаючы пад сябе снег голымі рукамі. Прыпала да яе грудзей і колькі было сілы крычала. Потым сціхла і прыслухалася. Сэрца маці яшчэ зрэдку стукала. Галя схапіла яе за галаву і хацела падняць.

- Мамачка, міленькая, устань, - прасіла і цалавала ў халадзеючыя шчокі дачка. Але галава маці была цяжкая, а вочы заплюшчаны. - Мамачка, мая мамачка, ты ж казала, што мяне будзеш вазіць у калясцы, каб толькі я жыла. Як я хацела, каб ты не ведала праз мяне пакутаў, мамачка... чаму ён мяне не забіў, пракляты, а цябе... - прычытвала Галя.

Раптам у Альхоўцы затрашчалі кулямёты. Спачатку іх глушыў шматгалосы крык людзей, а потым ён паступова слабеў, і ўжо больш выразна чуваць былі кулямётныя чэргі. Глуха зашумеў стары бор і нібы пахіліўся ў бок вёскі. Гэта полымя, якое ахапіла вёску, пацягнула навакольнае паветра ў створаны фашыстамі смерч.

«Страляюць без выбару, усіх», - падумала Галя. Яна прыўзнялася на калені і прыслухалася яшчэ ўважлівей. А кулямёты працавалі няспынна. Немаведама адкуль з'явілася сіла. Адным рыўком Галя падцягнула санкі і паклала маці ў сваю пасцель. Зноў сціснулі горла спазмы і вочы наліліся слязьмі. Галя ўпрэгла свае кволыя плечыкі ў вяроўку і паўзком пацягнула санкі назад у бок Слабады. Не, яна не пацягне маці ў вёску, там поўна немцаў. Яна завязе яе да могілак, але ж як там пахаваць? Не, яна не павязе маці на могілкі, яна павязе яе на прасеку, што цераз балота, куды летам вазіла яе маці, дзе многа было кветак і пахла свежаскошанай травой. Адтуль яна будзе прабірацца на ўсход. Там яна сустрэне сваіх і раскажа ім пра ўсё. Можа, убачыць і бацьку.

Пакуль так разважала дзяўчынка, дык не адчувала ні стомленасці, ні холаду. У думках яна ўжо пераадолела кіламетры чатыры і набліжалася да балота. Калі ж спынілася і зноў стала на калені, то ўбачыла: адпаўзла зусім недалёка. Яшчэ чуваць былі глухія адзіночныя стрэлы ў Альхоўцы. Рукі гарэлі, а кончыкі пальцаў былі нібы не яе. Яна пачала расціраць іх і адчула, як у пальцы закалола. Гэта і навяло яе на думку прапаўзці яшчэ крокаў колькі ўперад і раскапаць мурашнік - вунь той, што стаіць белай копкай ля сасны. Няхай кусаюць, яна будзе цярпець. Чым глыбей раскопвала Галя мурашнік, тым цяплей рабілася яе рукам. «Гаварыла ж я маці, што буду вучыцца хадзіць, ужо спіна не баліць. Дык не, паляжы яшчэ з паўгода. А як добра было б цяпер, каб я стаяла на нагах», - думала Галя.

Маці ўгаворвала ляжаць, бо баялася, каб Галя не засталася гарбатай, але не гаварыла пра гэта дачцэ, а дачка і сама ведала, што можа з ёй здарыцца, калі ўстане. І ляжала амаль увесь час дагары на голых дошках. Спрабавала тайком ад маці сесці іншы раз на ложку, але галава пачынала кружыцца, а з ёю і вокны, і сцены... Тады Галя хуценька лажылася, і ўсё спынялася. Маці вельмі чакала вызвалення. Тады ўжо, думала яна, падніме дачку. Многа яна перапакутавала і за здаровую, старэйшую. Гітлераўцы схапілі Валю і гналі ў Германію. Не, ужо лепш калека пры маці, чым здаровая ў фашысцкай няволі на чужыне. Нават так даводзілася разважаць маці. Бо іншы раз зойдуць немцы ў хату, а яна і скажа ім, што дзіця хворае, дык яны хуценька і выметуцца. Вось чаму жанчына падзяляла немцаў на людзей і на звяроў. Яна не ведала, што гэтыя звяры - прамыя носьбіты палітыкі фашызму, а наватарства іх у забойствах савецкіх людзей не мела рубяжа і ніякім правам і законам не абмяжоўвалася. А былі і такія немцы, якія іншы раз самі здзіўляліся нечалавечай палітыцы сваёй дзяржавы, але лічылі, што яны няправільна ўсё разумеюць, і баяліся нават сваіх думак. Вось і сёння фашысты яшчэ раз падмацавалі сваю палітыку дзеяннямі ў палескіх вёсках.

Бор змяніўся кволым, але густым бярэзнікам. Цяжка было Галі прабірацца з санкамі. На дарогу яна паказвацца баялася, бо толькі што з Альхоўкі праехала некалькі машын з гітлераўцамі.

Галя жывая, галава яе поўная думак, сэрца б'ецца, а вось ніяк не можа стаць на ногі. Не, яна ўсё роўна будзе хадзіць, так гаварыла ёй і маці. Вось толькі ўбачыць сваіх салдат, яна ўстане. Будзе хістацца - падтрымаюць, дапамогуць устаяць, пайсці. З імі ж недзе і яе бацька. Толькі ці жывы ён? Дзяўчынка яшчэ мацней закруціла на рукі нейкія анучкі і, пятляючы між бярозак, працягвала паўзці, цягнучы за сабой санкі.

Пачынала цямнець. Дзяўчынка спяшалася, але ад гэтага яшчэ мацней забілася сэрца, больш балюча ўпівалася ў плечы вяроўка. Стома ўсё больш агортвала Галіну душу і цела.

Спачатку Галя думала, што будзе прытрымлівацца дарогі і не спыніцца нідзе нават і ўначы. Яна не ведала сваёй сілы і таму не магла разлічыць яе на ўвесь свой цяжкі шлях. Дзяўчынка рухалася, а думкі ўжо не ляцелі, як раней, удалячынь, а былі канкрэтныя. Дзе б напаткаць якую зямлянку або стажок, каб закапацца ў яго з галавою і праляжаць да раніцы. Бо страшна ноччу ў лесе, можна натрапіць на шалёнага ваўка або сабаку. Расказвалі, што ў гэтым лесе блукае многа адзічэлых сабак-аўчарак. Яны былі вартавымі ў ваенным гарадку, але ў сорак першым іх пакінулі ў лесе, цяпер яны дзікія і зласнейшыя за ваўкоў. Людзей не баяцца, падбягаюць, абнюхваюць і накідваюцца, ірвуць.

Неба было ахутана хмарамі, і на ноч мароз не ўзнімаўся; снег ляжаў мяккі. Галя была ўся мокрая і ад поту, і ад снегу. Спыніцца дзе-небудзь пад дрэвамі было немагчыма. Хоць бы запалкі былі ў дзяўчынкі, яна б расклала агеньчык, праляжала б каля яго ноч. Есці маці нешта пад галаву на санкі клала, а вось запалак няма. Галя спынілася. Крыху раней яна глядзела толькі ўперад, і неяк страшна было азірацца на нежывую маці, а цяпер, калі пацямнела, дзяўчынцы хацелася быць побач з ёю. Галя наблізілася да маці, зноў заплакала і ўпала на яе грудзі. Цалавала халодныя рукі, прасіла: «Мамачка, устань, ужо цёмна, я баюся». Галя адкруціла з рукі анучу, расшпіліла матчына паліто, і праз горыч у душы дзяўчынкі бліснула іскрынка радасці. У кішэні матчынага халата яна знайшла запалкі. Гэта яшчэ як заходзіў Данілаў, дык прынёс ім некалькі карабкоў. Маці эканомна расходавала іх. Раніцай, калі распальвала ў печы, дык часта раздзьмухвала вугольчыкі.

У Галі раптам прыбыло сілы, і яна зноў упрэглася ў вяроўку і пачала выбірацца з бярэзніку, каб трапіць у вялізны чорны ельнік, што віднеўся ў глыбіні лесу. Пад некаторымі ялінамі не было нават снегу, ляжала мяккая сухая ігліца. Галя спынілася пад густым шатром старой елкі. Наламала сухіх галінак, каля сучка на кары абмацала нават смалу, крыху надрапала яе і распаліла агеньчык. Доўга яшчэ поўзала яна ад дрэва да дрэва, каб назбіраць на ўсю ноч дроў.

Нерухомы твар маці пад бляскам агню нібы ажыў: ён то святлеў, то цямнеў. Галя глядзела на маці і думала: «А можа, мне гэта толькі здаецца, можа, гэта я сню сон, што бачу яе такой. Не, - стукнула дзяўчынка сябе ў грудзі. - Не, я не сплю, і мама не спіць, яна забітая. Я не буду хаваць маці, я не разлучуся з ёю да таго часу, пакуль не сустрэну бацьку. Буду везці на ўсход па кустах, па полі. Няпраўда, я ўсё роўна сустрэну нашых. І дзе б бацька ні быў, яго знойдуць, і ён прыедзе, ён жа лейтэнант, а цяпер, можа, ужо і старшы, яго адпусцяць, і ён пахавае маці і забярэ мяне. Я навучуся хадзіць і ў Германію зайду. Буду блукаць там усё жыццё, пакуль не знайду гэтага гада, які забіў маму, я запомніла яго і сама павешу Гута».

Галя, узняўшы галаву, глядзела ў цёмны ельнік, а гарачыя слёзы цяклі і цяклі па твары. Дзяўчынка разумела, што яна цяпер бездапаможная пылінка, але яна верыла ў сілу бацькі, сястрычкі Валі, у сілу сваіх. Здаецца, які б чалавек ні быў па характары, па паходжанні, веравызнанні, а ў вялікім няшчасці ён імкнецца да другога чалавека, і той дапаможа яму. А вось тут па дарозе на машынах праязджаюць людзі, але да іх не звяртаецца трынаццацігадовая хворая, і ў такім стане, дзяўчынка. Лепш трапіць да ваўкоў або адзічэлых сабак, чым да іх.

На грудзях у маці, здавалася, яшчэ ўтрымлівалася цяпло. Галя падлезла пад паліто, каленямі ўперлася ў халодную подсцілку з яловай ігліцы і прыціснулася да маці. Ззаду патрэскваў слабы агеньчык, але ад яго дзяўчынка не адчувала цяпла. Яна трымцела ці то ад холаду, што ішоў ад каленяў уверх па целе, ці то ад страху. Галя хацела хоць на хвілінку заснуць, але не магла. А можа, яна і спала, бо не ведала, як раптам перад ёю з'яўляліся і знікалі немцы, чамусьці доўга рагатаў і хітранькі Гут. Нават чула, як пасопвае чырванашчокі з навіслымі над барадою сіняватымі, нібы п'яўкі, губамі. Яны то расцягваюцца, то сціскаюцца і горбяцца, утвараючы дзве літары «С». Галя ўздрыгнула і выцягнула галаву з-пад матчынага паліто. Сапраўды, вось ён, забойца, паказваецца, хавае твар.

- А-а-а! - закрычала Галя.

- Га-а-а! - імітаваў гітлеравец і пабег.

Дзяўчынка павярнулася і глядзела толькі на агонь. Яна баялася цемры. Там яны, гады, кішаць у ельніку, назіраюць за ёй, смяюцца, прыцэльваюцца: «Ну страляйце, страляйце ў спіну». Галя сябе бачыць на агні: ёй добра і цёпла, нібы на сонцы. Штосьці зашумела і шлёпнулася ззаду, у яе ёкнула сэрца. Не, гэта снег ссунуўся з галінак. Дзяўчынка нібы толькі што прачнулася, крыху пасмялела і зноў павярнулася да маці. З маці заўсёды хораша быць малому. Яна можа ахвяраваць сабою ў абарону яго. Агонь жа з даўніх часоў існуе як сродак, які падтрымліваў бадзёрасць чалавека, жыццё. Галя была паміж агню і маці, у якой адабралі цеплыню, сілу чужынцы. Дзяўчынку ўсю ноч вабіў то першабытны заклік продкаў да агню, то матчына, хаця і спыненае, сэрца. Ужо днела, і хаця мароз не мацнеў, але Галі зрабілася вельмі холадна. Яна зашпіліла гузікі на матчыным паліто, хустачкай закрыла яе твар, а сама распаліла большы агонь і ціснулася да яго, каб нагрэцца на цэлы дзень.

Цёплую зіму звычайна людзі называюць сіроцкай. Вось і цяпер у сіраціны не было ўжо слёз, а зіма плакала. Развіднела, і Галя заўважыла на галінках буйныя кроплі, мокрую бліскучую ігліцу. «Гэта добра, я не замерзну, не...» - суцяшала сябе дзяўчынка. Раптам здалёк данёсся нейкі трэск. Галя нібы акамянела. Што ж, няхай заб'юць: яна будзе ляжаць побач з маці, без пакутаў. Усё ў дзяўчынкі сціснулася і дыханне заняло. Чуваць было, што па яе следзе нехта крадзецца. Дзяўчынка павярнулася і бездапаможна глядзела на след, які ўчора яна праклала. Яна ўжо не чула ніякага шораху, а толькі адчувала, як б'ецца сэрца і пячэ ў скронях. Інстынктыўна падпаўзла да маці, прытулілася. Ёй здалося, што і маці заварушылася, хоча ўзняць галаву і паглядзець, хто там ідзе. Раптам паміж кустоў з'явілася некалькі чалавечых постацей. Нікога яна не пазнала, апрача аднаго.

- Мамачка!.. Ідзе ён, Гут! - зажмурыла вочы і ўпала на маці Галя. Дзяўчынка не чула чалавечых крокаў, і толькі калі хтосьці моцна ўзяў яе пад пахі, яна павярнулася і крыкнула: - Бі і мяне!

Момант быў жудасны. Валодзя глянуў на Гута. Валя ўпала на маці і пачала плакаць, крычала і прычытвала Галя.

Валодзя, прысеўшы ля агеньчыка, падграбаў недагарэўшыя галінкі і пакрэктваў, сцяўшы зубы. Прыселі каля яго і хлопцы, дзед Астап, збоку стаяў Гут. Ён быў разгублены, перад ім зноў з'явілася амаль тая ж карціна, якую ён ужо назіраў. Толькі тады Гут быў у ролі прысяжнага засядацеля на «судзе», які праводзіў фашысцкі разбойнік. А цяпер ён стаіць нібы на вуголлі, углядаецца на Галю і чакае, што вось-вось яна гляне яму ў вочы. Гут не вытрымае яе позірку, ён штосьці скажа, але што сказаць? Што ён адкажа Галі, чаму прысутнічаў пры забойстве маці? Чаму не прызнаўся, што Валіна маці забітая? Гут адчуў, што трапіў у пастку, і ў яго мільганула думка вызваліцца. Ён пакруціўся на месцы, глянуў навокал і ціхенька пакрочыў да вялікай елкі.

- Куды вы? - Валодзя павярнуў галаву.

Гут спыніўся, але на сваё месца не вярнуўся. Ён сагнуўся, сцягнуў крыху бот, зноў падцягнуў халяву. Камандзір бачыў, як Гут завіхаецца, але не прыдаў гэтаму ніякага значэння. І раптам штосьці стукнула па лысай галаве дзеда Астапа, які сядзеў бліжэй да нябожчыцы, трымаючы ў руках шапку, і адразу ж за елкай грымнуў выбух. Гут кінуўся ў кусты. Але Анатоль імгненна павярнуўся і даў чаргу з аўтамата. Падхапіўся камандзір і таксама ў той бок пусціў чаргу. Але Гут ужо качаўся на снезе. Партызаны абступілі здрадніка.

- Я ўвесь час назіраў за ім, - гаварыў Анатоль. - Ён неўзаметку выцягнуў з калашыны гранату і шпурнуў у нас. Такой гранатай ён бы нас не забіў, але параніць мог.

- А ўсё ж нехта з нас шчаслівы. Глядзіце, напэўна, моцна старому галаву разбіў. Валя снегам прыкладае, - гаварыў камандзір.

Яшчэ ніхто з партызан не ведаў, што Гут прысутнічаў пры забойстве жанчыны. Камандзір увесь час думаў пра злачынствы гітлераўцаў у Альхоўцы і нават не задумваўся, хто ж такі гэты мізэрны чалавечак Гут. Анатоль жа западозрыў у ім хітрага прайдзісвета і ўпотай сачыў за ім. Можна было зразумець Гута, які не хацеў ісці па следзе. Ён нават прабубнеў, што, напэўна, хтосьці цягнуў дровы ці з Альхоўкі ўцёк. Але Валя тады адказала, што гэта іх санкі. Гут па дарозе спрабаваў звярнуць убок, але за ім звярнуў і Анатоль. Здраднік мала верыў у тое, што яны напаткаюць дзяўчынку жывой, бо немцы з Альхоўкі ўжо праехалі па дарозе. «Яны маглі забіць яе або пераехаць машынай», - думаў Гут.

Цяпер Гута па просьбе Галі падцягнулі да агню. І дзяўчынка расказала, як Гут бегаў па вёсцы, вадзіў немцаў па хлявах, па скляпах, выдаваў людзей.

Валодзя падышоў да Гута, павярнуў яго дагары.

- Дык мы не такія крыважэрныя, як твае новаз'яўленыя гаспадары. Мы больш гуманна аднясёмся да цябе, хаця ты і вораг. Мы маглі б адцягнуць у глыб лесу і кінуць, зразумела, Сукач Піліп-Гут, а так мы паступім міласэрна.

Лясную цішыню абудзіла кароткая аўтаматная чарга...

Хлопцы сцягнулі з Гутавых ног боты і ў ражку анучы знайшлі цяжкі вузельчык. Там было некалькі залатых пярсцёнкаў, манет і нават зубы.

- Ён ужо паспеў па чужых схованках палазіць. А гэта што? - запытаў Анатоль.

У крысе пінжака была зашыта паперка, на якой надрукавана машынкай на нямецкай і беларускай мовах:


«Настаяшчая выдадзена Піліпу Сукачу ў тым, што ён са спецыяльным атрадам нямецкага войска прымаў удзел у аперацыі «Балотная ліхаманка». Гэты дакумент дае права Піліпу Сукачу прымаць удзел і ў іншых аперацыях, якія будуць праводзіцца па ўзгадненню з Дзяржаўным камісарам Усходняга Абшару.

14 ліпеня 1943 г.

Штурмбанфюрэр Гольдман».


- О, гуцік, дык ён удзельнічаў яшчэ летам у блакадзе партызан сумесна з залатым чалавекам Гольдманам, - сказаў Валодзя.

- Я ж гаварыў, але вы не прыдалі значэння, што яго прозвішча як здрадніка было запісана ў блакноце Данілава, - прамовіў Грышка.

- Ну і чорт яго бяры, адцягніце куды-небудзь далей у лес, - махнуў рукой камандзір. - А як у цябе, дзядуля, галава баліць?

- Гузак пасадзіў, баліць. Але я рад, што мая галава зберагла некага з вас, дзеткі.

- Ты шчаслівы, дзед Астап, з другога пекла выйшаў жывым, - сказаў Валодзя.

- Калі Святое палілі, мяне не было там, я на плёсе рыбу лавіў. А калі пачуў страляніну і ўбачыў полымя, уцёк у кусты і прасядзеў там, а людзей пастралялі - і старую маю забілі, і дачку. А цяпер та-ак... самі бачылі, у якім я пекле быў.

...Стары Астап хацеў будавацца, але сумна аднаму без людзей, і ён пакінуў прыбярэзінскую пустку і падаўся да знаёмых у Дубраўку. Астап добры майстра: сталяр, цясляр, і ён не баяўся загінуць без кавалка хлеба. Але і Дубраўку не абмінула фашысцкая навала. У адну ноч гітлераўцы забралі ўсіх: старых, малых - і пагналі ў Альхоўку. Немцы казалі людзям, што быццам у Дубраўцы намячаюцца жорсткія баі, і таму, каб зберагчы людзей, іх трэба эвакуіраваць у больш глухую вёску. І толькі калі гітлераўцы адабралі ад людзей лепшыя рэчы, жывёлу, стала зразумела, куды і для чаго яны эвакуіравалі ўсіх.

Астапа разам з дзецьмі і старымі жанчынамі немцы ўпіхнулі ў гумно. На вуліцы людзі стаялі нібы ў чарзе, толькі невядома за чым. Усяго ў Альхоўку фашысты сагналі больш тысячы чалавек. Некаторыя спрабавалі кінуцца агародамі наўцёкі, але іх адразу ж прыстрэльвалі. Невялікая вёска была з усіх бакоў акружана мноствам гітлераўцаў. Людзі да апошняга часу не верылі, што іх будуць расстрэльваць. Астап жа па почырку разумеў захопнікаў, і таму ён дзень і ноч капаў у гумне ямку. Узадраўшы гліняны ток, палкамі, рукамі выграбаў ён зямлю. Затым прапанаваў схаваць туды дзяцей і закрыць іх глінянымі каўрыгамі. Але ніводная маці не згадзілася на гэта, ды і дзяцей не адарваў бы ад матчыных рук. Людзі былі нібы паралізаваныя, усе думалі, што будзе далей. А стары Астап працаваў.

Раніцай праз шчыліны жанчыны заўважылі немца, які хадзіў вакол гумна з каністрай. Неўзабаве едкі пах бензіну напоўніў гумно. Загаласілі жанчыны над сваімі дзецьмі. Раптам гумно ўспыхнула полымем і затрашчалі кулямёты. Нехта прапанаваў зламаць вароты. Людская лавіна кінулася на вароты, і яны адчыніліся. Але нікому не ўдалося ўцячы, людзі адразу ж падалі, падкошаныя кулямі. Астап жа ляжаў у яме, закіданы зямлёй і глінай. Хутка крык людзей аціх, стары ляжаў нібы ў печы, далей трываць было немагчыма. Ён вызваліўся з-пад цяжару і папоўз у вароты. На дварэ ўціснуўся між трупаў і застаўся ляжаць.

Гумно з людзьмі дагарала. Ніхто з гітлераўцаў чамусьці не падышоў да гэтага сапраўднага пекла.

Пераканаўшыся, што гітлераўцы паехалі, Астап устаў і пакрочыў у напрамку да лесу. Раптам нехта аклікнуў яго, ён азірнуўся і ўбачыў узброеных людзей. «Цяпер смерць», - падумаў і спыніўся Астап. Партызаны падышлі да старога. Ён адразу ж пазнаў Валодзю, і твар яго змяніўся, вочы засвяціліся радасцю.

- Дзе ж вы былі, дзеткі, раней, можа б, напалохалі гэтых людаедаў і не далі б зрабіць ім вось... - развёў чорнымі рукамі стары.

- Мы спазніліся. Як жа ты, дзядуля, застаўся жывы? - запытаў Валодзя.

- Так, выпадкова. Неяк ужо і не радуе жыццё, лепей бы... - падняў руку ў неба Астап і дадаў: - І я дымам пайшоў.

- Вы не бачылі тут жанчыну з дзяўчынкай, яна яе везла на санках? - запытала Валя.

- Хворых, старых, дзяцей тапталі ў гумно, а потым яго запалілі. Але жанчыны такой я не бачыў.

- Мы прайшлі, агледзелі трупы і таксама не знайшлі. Хіба, можа, дзе ў хаце спалілі, ды санак нідзе не відаць. Але вось гэты чалавек, - паказаў Валодзя на Гута, - сцвярджае, што яе гналі сюды. Гэта была маці нашай партызанкі.

- А вы па дарозе не ішлі?

- Не.

- Пакуль з Дубраўкі нас прыгналі, дык хворую жанчыну і аднаго старога па дарозе забілі. Адвялі крыху на абочыну і...

- Дык пройдзем, таварышы, па дарозе. Ты ў якім месцы ўцёк? - звярнуўся Валодзя да Гута.

- Там, далёка.

- Пойдзем, дзед Астап, з намі, - прапанаваў камандзір. - Табе трэба жыць - аднаму жывому сведку вось гэтага злачынства гітлераўцаў.

Валодзя з Валяй ішлі ўперадзе. Валя плакала, а Валодзя ўсё супакойваў яе, хоць у самога на душы было таксама горка. «Столькі людзей, столькі людзей знішчылі», - думаў ён. Паўставалі адзін за другім знаёмыя твары цяпер ужо нежывых людзей.

Неўзабаве партызаны трапілі на след санак...

Пакуль хлопцы рабілі насілкі, каб занесці ў Дубраўку забітую маці і пахаваць яе там, групу нагнаў Павел Пыліла. Ён і змяніў намечаныя планы партызанаў. Амаль па пятах Пылілы ў Дубраўку наехала шмат немцаў, і яны пачалі там акопвацца. Партызанскае камандаванне накіравала Паўла перадаць групе, што на злучэнне са сваімі войскамі пакуль ісці рана. Немцы мяркуюць абсталявацца, чаго б гэта ні каштавала, на Дняпроўска-Бярэзінскім плацдарме, нягледзячы на тое, што нашы войскі сумесна з партызанамі фарсавалі ў некаторых месцах Бярэзіну. Але сіл вялікіх яшчэ нашы не падцягнулі. Немцы спешна ўмацоўваюцца на чыгунцы Жлобін - Калінкавічы.

- Так, гэты рубеж для іх зручны. Яны будуць на ўзвышшы, а нашым трэба штурмаваць іх цераз вялізны масіў балота, які цягнецца ад Жлобіна і немаведама дакуль на Палессе. Умацуюць якіх-небудзь дзве грэблі - і ні танкі, ні артылерыя не змогуць прайсці. Нашым трэба будзе чакаць, пакуль балота замерзне, - седзячы над картай, разважаў Валодзя. - Што ж, у Дубраўку ісці няма як, трэба рухацца далей на захад, можа, там якія вёскі засталіся. Неабходна знайсці прытулак для Галі і дзеда Астапа. А нам работы хопіць. Немцы на франтавой паласе адразу ж ажывяць чыгункі, - працягваў ён. - Пайшлі.

Ціхім і задуменным быў лес. Раней ён абуджаўся тарахценнем калёсаў, непрыглушанай размовай партызанаў, якія вярталіся з задання, а іншы раз і галасамі жанчын. Цяпер жа ўсе партызаны злучыліся са сваімі войскамі, навакольныя вёскі апусцелі. Гітлераўцы зрабілі сваю справу і лічаць, што за спіною ў іх савецкіх людзей няма.

Асцярожна крочыць групка дыверсантаў па заснежаным лесе. Вялікімі ахлопкамі пачаў падаць снег. Ён засыпаў свежую сцяжынку, зробленую партызанамі, назаўсёды, бо яна ім тут больш не спатрэбіцца. Няма чаго рабіць невялікай групцы партызан у апусцелым лесе. Павел прынёс поўны рэчавы мяшок патронаў, капсуляў-дэтанатараў. Хутка партызаны пракладуць сцяжынку да былога ваеннага гарадка, каб браць адтуль некалі нарыхтаваны тол, бо яго ў прыфрантавой паласе спатрэбіцца многа. Валодзя гаварыў Паўлу, што дарэмна ён столькі патронаў нёс. Усё роўна давядзецца пераходзіць на нямецкую зброю. Нямецкім тылавым цэнтрам на гэтым участку цяпер будзе Бабруйск, і па ўсіх дарогах і ўдзень і ўначы павінны шастаць немцы. Дзе ні паставім пастку - не трэба баяцца, што ў яе трапяць свае партызаны або мірныя жыхары. У яе абавязкова ўлезе немец.

А групка - не партызанская брыгада, і засячы яе не так проста. Вось толькі няшчасце ў Валі. Як супакоіць яе, як зрабіць баяздольнай, усё думаў Валодзя. Ён не падыходзіў да яе, не чапаў, няхай выплачацца, што зробіш. Калі засталася жывой Валодзева маці, дык яе ўжо недзе вызвалілі свае. Што ж, цяпер яна і Валіна будзе маці, так скажа ёй Валодзя.

Камандзір ішоў першы. Ён трымаў напрамак на Шчотаўку.

Гэта вёска не лічылася партызанскай, бо стаяла на полі, непадалёк ад шашы. За некалькі сот метраў на пясчаным узгорку ўзвышаўся могільнік. Вось там яны і пахаваюць маці дзяўчат.

Але калі выйшлі з лесу, Валодзя паглядзеў у бінокль і заўважыў, што па шашы з боку Бабруйска на фронт цягнецца нямецкі абоз, які абганяюць машыны. У Шчотаўцы ходзяць людзі, значыць, там ёсць жыццё. Партызаны спыніліся, каб параіцца: ісці ім у гэтую вёску ці лепш збочыць у Астравок. Да яго ісці далей, але там больш бяспечна.

Валодзя задумаўся. Ці бяспечней цяпер на самай справе ў вёсцы, якая стаіць бліжэй да лесу? Немцаў беларускі лес наогул насцярожвае. Тым больш што амаль усё іхняе войска адчула на сабе ўдары партызанскага злучэння на Бярэзіне.

Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Некаторыя гаварылі, што гэта вёска ніколі не была партызанскай, і таму хто ведае, якія там людзі?

- Якія людзі? - задаў пытанне Валодзя і тут жа адказаў: - Нашы, савецкія. Можа, і ёсць які соцкі, дык побач жа Чырвоная Армія. Ён будзе рады хоць чым-небудзь нам дапамагчы. А на зіму франтавыя нямецкія салдаты прыдарожныя вёскі не паляць. Яны нярэдка забягаюць туды самі, каб пагрэцца. У такіх вёсках, як Астравок, нам самім давядзецца іншы раз начаваць. Дык дзе будзе бяспечней Галі і дзеду Астапу?

Хлопцы згадзіліся з довадамі камандзіра, яны былі вельмі слушныя, і група па заснежаным садзе падышла да Шчотаўкі.

- Я сам пайду разведаю, што там, і хутка вярнуся, - сказаў Валодзя.

Валя памкнулася, як заўсёды, за ім, але неўзабаве спынілася, прамовіўшы нешта незразумелае. Як ніколі раней, яна адчувала сябе адзінокай, і Валодзя гэта разумеў. Пахаваюць маці, і ён будзе яшчэ больш уважлівы да яе. А цяпер гаварыць ёй што-небудзь, супакойваць зусім недарэчна.

Валодзя перажываў за Валю, можа, таму і пайшоў у разведку, каб менш быць побач і не глядзець на гэту жудасную карціну. А Валя ў сваю чаргу думала: «Пайшоў, можа, і ён дзе... бо адно ліха не ходзіць». Не, яна тады не вытрымае, застрэліцца і сама. Вось як раптам да яе прыйшоў адчай.

А нядаўна Валя думала зусім інакш. Уяўляла радасныя і светлыя дні. То яна шукае бацьку сярод мноства савецкіх байцоў і знаходзіць яго. Затым яны з Валодзем студэнты, яна расказвае сяброўкам, як яны ваявалі.

Не, не пра сябе, а больш пра Валодзю...

Валя стаяла і глядзела то на санкі, то на насілкі, зробленыя з шыняля, на якіх ляжала маці.

Раптам Валя пачала таптацца на месцы, крышку ажывілася.

Валодзя вяртаўся з вёскі.

- Таварышы, усё добра. Быў тут адзін паліцай і той з сям'ёю некуды даў драпака. Людзі не пускалі, нават гужы пасеклі на запрэжаным кані паліцая. Кажуць, няхай нашы прыйдуць, тады і паедзе... Так, знайшоў хату, у якой жыве адна толькі старая, але яшчэ даволі моцная жанчына. Дзед Астап ёй па гаспадарцы дапаможа, а яна Галю дагледзіць.

- Я сама ўстану, я буду хадзіць, - глянула на Валодзю і сказала Галя.

- Добра, добра, ніхто табе не пярэчыць, будзеш хадзіць. А нашы прыйдуць, лекары паглядзяць.

Партызаны пайшлі ў вёску. Валодзя не сказаў, што ён папрасіў людзей, каб хуценька зрабілі дамавіну. А ямку на могільніку яны самі выкапаюць.

Як толькі ўвайшлі ў хату, хлопцы, дзе хто мог, прыселі і неўзабаве пачалі кляваць насамі.

У камандзіра таксама падкошваліся ногі, але ён не садзіўся. У хату сабралася многа жанчын, яны трымалі кончыкі хустак бліжэй да вачэй, хрысціліся, усхліпвалі. У іх вёсцы многа хадзіла чутак пра партызан, што яны нядрэнна ўладкаваліся. Сядзяць сабе ў лесе, ядуць кароў, свіней. Яшчэ і дадому носяць пажыткі. Апранаюцца ў што хочуць. А цяпер яны на свае вочы ўбачылі партызанскую сям'ю.

«Божа мой, Божа, маладзенькія ўсе...», «Апрануты хто ў што...», «А калі ж ім давядзецца так зімаваць?..», «Галодныя, напэўна...» - перашэптваліся між сабой жанчыны.

Затым некаторыя з іх выйшлі з хаты і хутка вярнуліся. Прынеслі місы, хлеб, сала.

Валодзя падышоў да жанчын:

- Мы вельмі хочам есці, дзякуем. Але ж спачатку пахаваем маці партызанкі, а потым...

Дзве жанчыны засталіся ў хаце з Галяй, а астатнія пайшлі на могільнік.

Ужо змяркалася. У вёсцы было ціха, толькі з боку шашы даносіўся гул машын.

Жанчыны далі выпіць Галі нейкі супакойваючы настой, дзе быў мак, і яна заснула.

Вярнуліся з пахавання, калі ўжо зусім сцямнела. Вокны ў хаце былі завешаны, на коміне гарэла лучына. Два сталы былі застаўлены місамі, а побач з імі стаялі нават бутэлькі з самагонкай.

- Бачыце, якія шчырыя і добрыя нашы людзі. Кажуць, немец немцу дарэмна закурыць не дасць, а нашы людзі апошні кавалак падзеляць, - расчулена гаварыў Анатоль сваім хлопцам.

Анатоля можна было зразумець. Колькі яго маці карміла, пераапранала палонных, партызанаў. А потым немцы расстралялі яе. Расстралялі толькі за тое, што яна не магла раўнадушна глядзець на галоднага, каб не падзяліцца з ім апошняй крошкай. Не, немцам не зразумець нашых людзей. Не зразумець ім нашай беларускай бескарыслівасці і гасціннасці. А колькі такіх жанчын спалілі, расстралялі толькі ў Альхоўцы, а за што? За тое, што яму, немцу, яйкі, малако давалі, а потым галоднага партызана, свайго сына накармілі... Анатоль расказваў, як у пачатку вайны прыплялася пад іх хлеў нейкая бяздомная сучка і ашчанілася там. Дык яго маці, калі агледзела, колькі туды перанасіла малака. Сучка была злосная, але зразумела чалавека і перабралася ў двор, пад павець, з малымі.

А потым немец зайшоў - малака патрабуе. Маці выліла гладышку і з паўлітра пакінула, кажа, забяліць трэба сабачкам. Немец пайшоў і адразу ж забіў старую і ўсіх шчанят.

З якой мэтай ён гэтак зрабіў, невядома. Няўжо з нізкай рэўнасці, што і сабак трэба было карміць, а яны былі адданы толькі гаспадарам.

Партызаны павячэралі.

Цяпер хлопцы вельмі баяліся, каму з іх выпадзе ісці на варту. Бо стаяць на варце будзе вельмі цяжка, напэўна, заснеш, а гэта можа скончыцца кепска для ўсёй групы. Камандзір усё гэта разумеў і таму палічыў за лепшае папрасіць двух старых жыхароў вёскі, каб яны пастаялі на варце.

Тыя згадзіліся. Хлопцы кінуліся хто дзе і неўзабаве засаплі.

Валодзя нахіліўся да Валі, якая лягла за сталом.

- Пастарайся заснуць, Валечка, і табе лягчэй стане, - шаптаў Валодзя.

- Без мяне ты зусім бы па іншаму плану дзейнічаў, так? - уздыхнула Валя.

- Жыццё не сплануеш, ды яшчэ ў такі час. Цяпер для нас галоўнае, што ёсць мэта, напрамак.

- Мне здаецца, што я іх не бачу.

- Няпраўда.

- Ты ляж, Валодзя, вось тут ля ўслона, а я рукой буду трымацца за цябе, мне не будзе так страшна, і ты паспіш.

- Валечка, як я цябе шкадую, люблю, люблю...

- Ты будзеш мяне любіць заўсёды?..

Па двары нехта прабег. Вось ён ужо ў сенцах, ідзе ў хату.

- Немцы з шашы ідуць у вёску, - прыглушана сказаў на парозе хаты адзін з вартавых.

- Вось чорт бы іх пабраў, нясе... не далі перадыхнуць, - з болем у душы сказаў Валодзя і пачаў вобмацкам пад услонам шукаць свой аўтамат.

- Дык я пабягу дадому, - сказаў вартавы.

- Ідзіце, дзякую вам.

- Хлопцы, пад'ём, пад'ём, немцы ў вёску ідуць, - па чарзе штурхаў кожнага партызана камандзір.

Хлопцы падхапіліся і, нібы злоўленыя птушкі, якіх толькі што выпусцілі ў хаце, кідаліся да завешаных акон, біліся ў сцены, лавы.

Яны яшчэ не зусім прачнуліся і адразу не маглі зразумець, дзе знаходзяцца, але на двор выйшлі ўсе ў поўнай гатоўнасці.

- Дзе-небудзь даспім, - сказаў Валодзя і падышоў да Валі. - На тваё запытанне я адкажу ўсім сваім жыццём, якое будзе побач з табою.

Стары Астап адвесіў акно і глядзеў, як аддаляліся партызаны чорнымі кропкамі па белым снезе, глядзеў, пакуль іх не праглынула ноч.


Загрузка...