IV


Раніца была ціхая, і з зямлі паміж дрэў паднімаўся рэдзенькі туман. Валодзя вылез з будана, глянуў навокал: яшчэ ніхто не хадзіў па лагеры, толькі чуваць было, як недзе стогне паранены партызан. Валодзя скінуў сарочку, павесіў яе на галінку дрэва і пайшоў да крыніцы мыцца. Сцяжынка была пераплецена росным павуціннем. Хлопец разарваў голымі грудзьмі адну павучыную заставу, а каля другой спыніўся. «Разумная істота, - падумаў ён. - Хто без прылад хутчэй за яго вытча такі ўзор. Звечара тут ніводнай не было, а за якіх пяць гадзін столькі сетак». Павучкі добра ведаюць звычкі сваіх ахвяр. На сцяжынцы заўсёды бываюць пахі: то ад згубленых крошак, то ад партызанскіх кацялкоў, якія носяць сюды мыць. Мухі здалёк чуюць гэтыя пахі і ляцяць на сцяжынку, вось тут для іх павукі і робяць пасткі.

Валодзя стаяў і ціха напяваў:


Знать не можешь доли своей,

Может, крылья сложишь посреди степей...


Ён не чуў, як да яго ззаду падышла Валя, і нават крыху спалохаўся, калі яна запытала:

- Каму ты такую калыханку спяваеш?

- Гэта не калыханка, а цудоўная песня.

- Сапраўды, я чую ўпершыню.

- Дык дзе ж ты магла чуць - дома на печы?

Валодзя гэтым хацеў больш падкрэсліць, што хоць ён і аднагодак з Валяй, але ўжо бывалы баец. Атрымалася ж так, што і сябе не ўзняў і дзяўчыну пакрыўдзіў.

- Чаму ж так, на печы?.. - сціснула пухлыя губы, праглынула сліну і дадала: - Мяне немцы схапілі ў Жлобіне і пасадзілі ў турму, а потым везлі невядома куды, і я праз акенца вагона выціснулася і ўпала на хаду цягніка...

Валодзя губляўся, калі заўважаў, што ён незнарок пакрыўдзіў чалавека. Хлопец імгненна ставіў сябе ў становішча субяседніка і тады цяжка перажываў за яго. А здаралася так у яго нярэдка. Ці па маладосці, ці таму, што фармаванне характару прыйшлося на віхуру вайны, дзе думка звычайна спрацоўвае маланкава і на глыбокія разважанні не хапае часу. Вось ён і робіць іншы раз заключэнні, з якімі тут жа і сам не згаджаецца.

- Даруй мне, Валя, я захапіўся гэтым карункам і нават не заўважыў, калі ты падышла... Я вось думаў, як несвядомыя павукі міны разумна ставяць, а мы, людзі - і не заўсёды ўмеем так тонка зрабіць. Глядзі, учора вось гэтых мін тут не было, а колькі ўжо ў іх уплецена сягоння мух і камароў. Усё таму, што ведаюць, дзе сетку расцягнуць, хоць і такія малыя істоты, а? - Валодзя засмяяўся.

Валя павесялела, нахілілася і разглядала росную павуціну.

- А чаго ты так рана ўстала? Табе ж на дыверсію не ісці? Ведаеш, я дык ледзь світання дачакаўся. Гэта пасля такога перапынку я зноў іду па сваёй зямлі! Не сказаў ні Сяргееву, ні Шабліну, дзе буду. Я разбяруся, як загінуў Мікола, бо там нешта ёсць таямнічае, сам схаджу ў Жлобін, увогуле прайдуся па ўсіх вузлах і, можа, давядзецца разблытаць іх. Зразумела?..

- Я таксама не спала і думала, што буду прасіцца да цябе ў групу. І вось заўважыла, што ты пайшоў...

- Табе камандзір не дазволіць ісці са мной.

- Адкуль ты ведаеш? - здзіўлена паглядзела Валя.

- Пойдзем туды, да крыніцы, а то тут яшчэ хто падслухае нашу размову.

Яны ціха пайшлі па сцяжынцы. Саскочыў бусел з гнязда і залунаў над вершалінамі дрэў. Лес неяк раптам ажыў: зашчоўкалі, зашчабяталі невыразнымі галасамі птушкі. Звычайна так бывае ў пару, калі старыя ўжо не спяваюць, а жаўтаротая моладзь радуецца навакольнаму свету і дзярэ на ўсе лады, блытае мелодыі песень бацькоў і думае, што ўсё вельмі добра. А старыя рады і гэтаму, няхай спяваюць, абы есці не прасілі. Але радасць у іх бывае нядоўгая. Дзеці прагаладаюцца і, гледзячы бацькам у рот, пішчаць, трапечуць крыльцамі. Зробяцца такімі лагоднымі, жаласнымі, што тым нельга ўседзець на галінцы, каб адпачыць, і яны ўздымаюцца на крыло і знікаюць у пошуках ежы. А дзеці, больш дысцыплінаваныя, садзяцца ў радок, нават не штурхаюць адно аднаго і пільна сочаць за кожным рухам у лесе. Яны здалёк, па лёту пазнаюць сваіх бацькоў. Варта толькі тым паказацца, як у іх, нібы па камандзе, шырока адкрываюцца дзюбы.

Валодзя мыўся сцюдзёнай вадой, а Валя сядзела побач на пяньку і гаварыла, што ёй трэба хоць на хвілінку заскочыць дадому і ўзяць неабходныя рэчы. Яна саромелася прызнацца хлопцу, што ёй даводзіцца хадзіць да рэчкі мыць сукенку і чакаць там, пакуль яна высахне, бо ніякай змены ў Валі няма. Абяцаў камандзір, што хутка пусціць яе наведаць маці, але пасля таго, калі Валя схадзіла з ім на баявое заданне, ён перамяніў сваё рашэнне.

- Я разумею, Валечка, як гэта надакучліва маладому чалавеку быць ля кухні, ведаю, што табе трэба схадзіць да маці, але ж Шаблін цябе не пусціць, тым больш са мной. Бачыла б ты, як ён крывіўся, калі камісар брыгады Сяргееў даваў мне заданне, не дапускаючы нават думкі, што Шаблін супраць таго, каб я быў камандзірам групы. Сяргееў рабіў хітра, бо ён заўважыў, што камандзір роты хацеў мяне прытрымаць у разведцы, а з якой прычыны, камісар так і не ведае.

- Дык камісар не ведае, што Зіна жонка Шабліна?

- Не.

- А табе шкада яе?

- Ну, як табе адказаць на гэта? - уздыхнуў Валодзя, патаптаўся і сеў на купіну. - Калі б я ведаў, што цябе арыштавалі немцы, я больш шкадаваў бы цябе, чым Зіну, якая выскачыла замуж за камандзіра.

- Пры чым тут я?

- Ведаеш, яе ўзяў свой чалавек, прытым камандзір. А нам трэба закончыць вайну і ісці вучыцца.

- Ты думаеш, што Зіна шчаслівая? - з усмешкай глядзела на Валодзю дзяўчына.

- Так.

- Ой не, ой не! - закрыла Валя рукамі твар. - Што ён мне гаварыў, калі б толькі ведала Зіна.

- Мала што ён табе гаварыў.

- Не, калі б гэта быў мой муж і ён каму-небудзь так гаварыў, я аднаго б дня не была з ім.

- А што такое?

- Не, Валодзя, я не скажу.

- Тады пойдзем адсюль. Я сам пагавару з Шабліным, што ты хочаш у нашу групу і мы не супраць.

- Будзь сябрам, зрабі так, бо я не магу больш тут заставацца.

- Як цябе разумець?

- А вось так, буду прасіцца ў другую роту.

Валодзя паглядзеў на дзяўчыну і пайшоў за ёй следам.

«Як вырасла, - думаў ён. - Мне яна ўяўлялася ўвесь час такой, якой была тады ў школе. І як я саромеўся сядзець з ёй за адной партай. Дурны быў», - сам сабе ўсміхнуўся Валодзя і завярнуў да будана, дзе спаў іх настаўнік. Хлопец залез у будан і лёг побач з ім.

- Мікалай Паўлавіч, гэта я, - сказаў Валодзя.

- Чаму не спіш?

- Дык і ваш жа сябар ужо знік недзе.

- Ён на кухні, дзяжурны.

- А я з Валяй размаўляў, просіцца да мяне ў групу.

- Трэба ўзяць, бо ёй цяжка будзе адбіцца ад гэтага... Ах і камандзір, дзе яго сумленне! Ты разумееш, звечара ён павёў роту да катлавана. Па яго загаду мы адкрылі агонь па чыгунцы. Немцы ў адказ з кулямёта, і вось двух нашых пахавалі. Добра, што ахова з чыгункі хутка ўцякла, а калі б пратрымалася больш? У нас было мала патронаў, і стралялі мы ўсляпую. Праўда, узарвалі катлаван і думаем, як хутчэй вярнуцца назад. Не, Шаблін стаіць на тым, каб начаваць у лесе. А што з параненымі рабіць? І вось нехта прапанаваў несці іх у Горнаўку, там, маўляў, фельчарыца жыве. Ну, добра, хлопцы панеслі, а я застаўся з усімі. Мы зайшлі ў непралазную глухамань і пападалі дзе хто. Мне не спіцца, не разумею такога начлегу. Гляджу, камандзір узвода Пінчук, Шаблін расклалі агеньчык, дасталі біклажку з гарэлкай, выпілі. Неўзабаве Шаблін пайшоў ад агню. Чую, накіроўваецца ў мой бок, а недалёка ад мяне, пад елачкай, спала Валя. Ён разбудзіў яе і павёў да кастра. Усё настойваў выпіць, але я не ведаю, узяла яна ці не, і хутка вярнулася на сваё месца. Раптам агеньчык пагас, і Шаблін зноў з'явіўся каля Валі. Што яна ні гаварыла - і прасіла, і сарамаціла, а ён сляпіцай лезе. Я ўжо хацеў падняцца і вылаяць яго. Але яна вырвалася і падбегла сама да мяне. Я прытварыўся, нібы толькі прачнуўся. Гавару: «Табе страшна, кладзіся ля мяне, кладзіся». І так ён адчапіўся. Доўга яе плечы калаціліся, усё плакала. А раніцай я дастаў іголку з шапкі, і дзяўчына зашыла падраную сукенку. Яна гаварыла, хоць бы як вырвацца дадому ды пераапрануцца, сорамна дзяўчыне так хадзіць. Але ён яе не пусціць, надзьмуўся, гыркае на яе. Не ведаю, трэба неяк вышэйшым камандзірам далажыць. Што гэта? Ажаніўся, дык жыві як чалавек.

Валодзя слухаў расказ настаўніка, а думаў больш пра Зіну. Цяпер зразумела яму, як Зіна трапіла ў жонкі да камандзіра. А бацька ж яе гаварыў Валодзю: «Глядзі, сынок... Шануй Зіну». У такім выпадку, калі Зіна ўжо замужам, невядома, што рабіць хлопцу. Расказаць пра ўсё яе маці, але што гэта дасць? Толькі прыбавіць турбот жанчыне. «Трэба, напэўна, пра ўсё расказаць Сяргееву, - вырашыў Валодзя і адразу ж адмовіўся ад сваёй думкі. - Не, пагляджу больш сам, што гэта ўсё ж за камандзір». За буданом Валодзя пачуў гамонку і высунуў галаву. Ён заўважыў, што барадаты партызан павёў камандзіру каня. А ўслед за ім на асядланым кані ехаў малады разведчык. Гэта ён будзе суправаджаць некуды камандзіра, так зразумеў Валодзя. Ён павярнуўся і зноў лёг побач з настаўнікам.

- Мікалай Паўлавіч, камандзір кудысьці паедзе. Што, калі я хуценька з'езджу да камандзіра атрада і папрашу яго, каб дазволіў Валі ісці з намі?

- Ён чалавек сумленны, думаю, што дазволіць, - адказаў настаўнік. - Трэба, каб яна схадзіла дадому. Аб яе лёсе нават маці нічога не ведае. Ды і абнасілася дзяўчына. Толькі ж ён запытае, а дзе Шаблін?

- Я скажу, што некуды паехаў, а мне трэба неадкладна ісці.

- Зрабі так.

Валодзя выцягнуў рэчавы мяшок з-пад галавы, спрытна развязаў яго і паказаў Дзеравяку боты.

- Я іх зараз жа аддам Валі, а то ў сваіх яна да Слабады не дойдзе. Гэта ж са шпіталю з Вялікай зямлі Зіне прывёз і аддаў ужо быў, ды Шаблін за іх вылаяў яе і мне назад іх кінуў.

- Будзь ад Зіны далей, бо ад такога чалавека, як яе муж, можна ўсяго чакаць. Мне здаецца, што ён вельмі недалёкі камандзір. Трэба бачыць шырэй. А ў яго душы нізкая рэўнасць да людзей, да поспехаў іх. Неяк даведаўся, што з суседняга атрада партызаны на гравейцы два танкі падарвалі. Ён зараз жа да камандзіра разведкі Верабейчыка: «Маўляў, як гэта нашы разведчыкі не маглі раней заўважыць іх». Бо Шаблін павінен быў першым тыя танкі знішчыць. Убачыў у партызана скураное паліто, невядома, якім чынам, але забраў. З'явіцца прыгожая дзяўчына ў атрадзе, павінна прайсці праз яго рукі.

- І гэта ўсё вы называеце нізкай рэўнасцю?

- А як інакш можна назваць. Не ўбачыў бы ён цябе ля Валі - і на падрыў катлавана яе не браў бы. Што гэта? Быў малы атрад, былі камандзіры Ядловец, Сяргееў, хіба можна іх параўнаць?

- Ядловец - сакратар райкома, - сказаў Валодзя.

- Пры чым тут сакратар? А хіба Шаблін не камуніст?

- Тады і я Шабліна не разумею, хоць ён і з ордэнам Чырвонага Сцяга.

Валодзя меркаваў, што такі ордэн можа мець толькі вельмі храбры і сумленны чалавек. Хлопцу было надта цікава паразмаўляць з настаўнікам, але ж ён хацеў хутчэй пакінуць атрад і паглядзець на навакольнае жыццё сваімі вачамі, бо як-ніяк доўга не быў у родных мясцінах. Ён вылез з будана са зброяй і рэчавым мяшком. Адышоў крыху, а потым зноў вярнуўся.

- Мікалай Паўлавіч, як прозвішча камандзіра атрада?

- Булынка.


Шызы дымок над партызанскай кухняй слупком цягнуўся між дрэў угору. Прыемны пах смажанага мяса стаяў у ранішнім лясным паветры.

Валодзя ў задуменні пастаяў крыху, паглядзеў навокал і пайшоў сядлаць каня. Ён не ведаў Булынку і таму крыху хваляваўся.

Камандзіра атрада на месцы не было, і Валодзя трапіў да начальніка штаба Харамца. Той прыняў яго ветліва. Ён больш распытваў і слухаў, чым гаварыў сам. Яму спадабалася, калі хлопец сказаў:

- Я павінен перш за ўсё разабрацца ў загадкавай гібелі Міколы. Там была здрада, і яна не павінна заставацца нераскрытай.

Калі хлопец завёў размову пра Валю, Харамец на момант задумаўся і сказаў:

- Баязлівасць аднаго члена групы можа дрэнна ўплываць на іншых. Ты ж не ведаеш, як яна будзе паводзіць сябе ў баі.

- Хопіць таго, што яна адважылася скокнуць на хаду з фашысцкага цягніка.

- Нешта Шаблін ёю незадаволены.

- Дык, можа, камандзір роты незадаволены і мной...

- Ну, добра, няхай ідзе.

- Дзякую, можна ісці?

- Ідзі.

Валодзя выскачыў з будана і ціха заспяваў:


Пусть ярость благородная

Вскипает, как волна...


Настрой быў прыўзняты. Начальнік штаба нібы вярнуў хлопца да тых асэнсаваных цяжкіх і прыемных будняў партызанскага жыцця, якія былі раней. Валодзя ўскочыў на каня і памчаў. У лагеры ён заўважыў Валю ля кухні і амаль подбегам пайшоў да яе. Тая ўбачыла яго і неяк сарамліва пачала выціраць рукі аб фартух. Жанчыны, што былі ля кухні, здзіўлена глядзелі на хлопца. Валодзя ўзяў Валю за руку і ціха сказаў:

- Пойдзем.

Тая, не ведаючы яшчэ куды, паслухмяна пакрочыла за ім. Хлопец на хаду развязаў рэчавы мяшок, дастаў з яго боты.

- На, насі, яны табе будуць якраз.

- Што ты, Валодзя?

- На, гавару!

Дзяўчына спынілася і не то ад нечаканасці, не то ад крыўды апусціла галаву і глядзела сабе пад ногі. Цяпер толькі Валодзя заўважыў, што ў яе на баку сцягнута ніткамі падраная сукенка. І яму было брыдка ўспамінаць пра ўсё, што расказаў яму настаўнік пра іх камандзіра. А Валя стаяла і ўсім цяжарам свайго цела ціснула ногі ў цёмна-зялёны мох, каб схаваць чаравікі, якія ўжо даўно «выскалілі зубы».

- Ты ж у сваіх не дойдзеш, - сказаў Валодзя.

- Мне няма куды ісці.

- Вось дурань, я не сказаў нават, што табе дазволілі ісці з намі... І да маці зойдзем.

Валя ўзняла галаву і глянула на хлопца. Вільготныя вочы яе засвяціліся, нібы малыя чыстыя крынічкі.

- А хто дазволіў? - недаверліва глядзела яна ў Валодзевы вочы, каб, не пачуўшы яшчэ адказу, разгадаць, ці не жарт гэта.

- Начальнік штаба. Я толькі што ад яго.

- Праўда? Ой, Валодзечка, як я рада. Толькі ж у мяне ніякай зброі няма.

- А дзе вінтоўка?

- Шаблін забраў. Кажа, яна табе не спатрэбіцца ля кухні.

- У нас ёсць. Застаўся ж Міколаў аўтамат.

- Надоўга мы ідзём?

- Зразумела, не менш як на тыдзень.

- Ой, як добра. Толькі хутчэй трэба ісці, пакуль Шаблін не вярнуўся.

- Мы зараз збірацца будзем. Вось я іду да хлопцаў. На, нацягвай боты.

- Дзе ты іх узяў?

- З Вялікай зямлі прывёз.

- Каму?

- Якая табе справа?.. Таму, хто босы... Чаго ты смяешся? У такога камандзіра, як Шаблін, жонка заўсёды будзе ў добрых ботах хадзіць.

- Дзе ён тых ботаў набярэцца?

- А ён будзе жонак у ботах браць.

- Я думаю, што такі чалавек на гэта не глядзіць.

- На што ж?

- О, які ты стаў! Калісьці быў такі сарамлівы.

- Так, не хацеў з табой за адной партай сядзець. Дык гэта калі было... калі было, Валечка... Добра, я пайшоў, і ты збірайся.

- А снедаць?

- Зараз наша група будзе тут! - крыкнуў Валодзя.

На ўскраіне лагера ў вялікім будане размяшчаліся дыверсанты. Але ўсе яны ўжо тапталіся ля століка, чысцілі зброю. Валодзю яны ўбачылі ў добрым настроі і самі павесялелі. Прывітаўшыся, камандзір запытаў, ці ёсць у лагеры для групы павозка.

- Навошта яна нам? - здзівіліся хлопцы. - Мы ўсе вярхом.

- Ну, а ўзрыўчатку везці?

- На плечы возьмем, - сказаў Павел.

- Ух ты, сілач... З намі яшчэ партызанка будзе.

- Хто? Зіна? - ускрыкнуў Анатоль.

- Не, Валя.

- Дык павозка ёсць. Ты паедзеш вярхом на Міколавым кані, а я свайго асла запрагу, - гаварыў Анатоль.

- Ты ўжо на Вараным ездзі. Мне расказвалі, што ў цябе дзяўчына прыгожая з'явілася. А да прыгожай дзяўчыны на абы-якім кані не пад'едзеш. Хлопцы, давайце збірацца, хутка, хутка.

Толькі дыверсійная група пакінула лагер, як туды ўляцеў Шаблін у суправаджэнні разведчыка. Коні іх часта дыхалі, былі ўсе ў гразі. Шаблін саскочыў з сядла і загадаў разведчыку, каб той зараз жа паклікаў камандзіраў узводаў, Верабейчыка і дыверсанта Байкача.

Усе сабраліся, толькі не было Валодзі. Шаблін глянуў на разведчыка і са штучным выразам роздуму і дзелавітасці запытаў:

- Дзе Байкач?

- Ён зусім нядаўна паехаў з групай, - адказаў за свайго разведчыка Верабейчык.

- Вярнуць!

Разведчык прышпорыў каня і знік у гушчары ялін. А Шаблін усіх запрасіў да сябе ў зямлянку.

За столікам Зіна штосьці шыла. Муж глянуў, махнуў рукой, і жонка, нібы кот, ураз перабегла на нары.

Верабейчыку здалося, што ў зямлянцы надта цёмна, і ён сказаў:

- Што ты, Зіна, тут вочы псуеш. Так светла і добра на дварэ...

- Хопіць! - перабіў камандзір. - Я сам асабіста ездзіў правяраць сакрэтныя пасты і заўважыў, што паўз чыгунку з боку Шацілак у нашым напрамку рухаецца каля дваццаці гружаных нямецкіх фурманак. Салдат там мала, і едуць яны вельмі павольна. Мяркую, што рота з падтрымкай групы падрыўнікоў абоз захопіць.

- А навошта падрыўнікі, павозкі ўзрываць? - запытаў Верабейчык.

- У іх добрая зброя, - адказаў камандзір. - Засаду ж рабіць прапаную на ўскраіне вялікай паляны.

- На якой ускраіне, з нашага боку ці ад Шацілак? - зноў уклініўся камандзір разведкі.

- Зразумела, з таго, адкуль рухаюцца немцы. Прапусціць іх і біць ззаду, - гаварыў Шаблін.

- Таварыш камандзір! - усунуў галаву ў дзверы разведчык. - Вас можна на хвілінку?

Шаблін выйшаў. А Верабейчык пачаў размову з камандзірамі ўзводаў.

- Я думаю, таварышы, лепш за ўсё рабіць засаду не з таго боку, адкуль рухаецца вораг, а выпусціць яго на паляну, і тады біць у галаву. У такім выпадку ў нас адыход, ёсць тыл. А так тыл - паляна.

- Што тыл - паляна? Нам ніякія тылы не патрэбны. Я сам іду. Стройце ўзводы! - паказаў галаву з-за дзвярэй Шаблін.

- Дзе ж Байкач? - запытаў хтосьці.

Шаблін нібы не пачуў гэтага пытання, а толькі кінуў позірк на Зіну, якая ўзняла галаву і таксама хацела паслухаць, чаму не вярнуўся Валодзя. Камандзір не хацеў прызнацца, што той не падпарадкаваўся разведчыку без пісьмовага загаду. Хоць адначасова ён падумаў, што не вярнуўся Байкач зусім па іншай прычыне.

- Хутчэй пайшлі, хутчэй! - сказаў Шаблін.

Узводы адзін за другім пакрочылі наўпрасткі да паляны. Уздоўж калоны вярхом на кані скакаў Шаблін. Ён то заязджаў уперад, то цягнуўся па грузкім балоце ў хвасце.

Партызаны па дарозе перашэптваліся, хвалячы яго за тое, што ідзе ў бой разам з імі. Прысутнасць баявога камандзіра асабліва натхняла маладых байцоў.

Вось ідзе ў шарэнзе, увесь час наступаючы пярэдняму на ногі, светлавалосы, з блакітнымі вачамі юнак. Ён некалькі дзён назад прыйшоў з Дубраўкі са сваёй зброяй - абрэзам.

Шаблін звярнуў увагу на юнака і паклікаў яго да сябе.

- Ты з якога ўзвода?

- З трэцяга.

- А чаму без зброі?

- Іду, каб захапіць аўтамат ці хоць вінтоўку, - сказаў юнак і выцягнуў з-за пояса абрэз.

- А як цябе зваць?

- Юра.

- Добра, Юра, трымайся каля мяне, будзеш сувязным.

Нарэшце паляна. Рота спынілася, і Шаблін напаўголаса аддаў Пінчуку загад, куды ісці і дзе рабіць засаду. Сам павярнуў каня і паехаў цераз паляну. За ім натрухам бег юнак. Партызаны гуськом пакрочылі бліжэй да чыгуначнага насыпу. Там, метраў за сорак ад чыгункі, выступаў на паляну ражок хмызняку. Для засады месца даволі зручнае. З кустоў добра праглядаецца дарога, па якой едуць гітлераўцы.

Партызаны рассыпаліся і пачалі маскіравацца. Камандзір разведкі пайшоў наперад, каб паглядзець, ці далёка гітлераўцы. Абоз быў ужо метраў за чатырыста. Верабейчык хутка вярнуўся, прайшоў па размяшчэнні партызан і паведаміў, што сілы гітлераўцаў на чыгунцы зусім малыя, а гэта насцярожвае, што частка іх магла ісці ў абход.

Шаблін з сувязным былі ў лесе метраў на дзвесце ззаду роты. Камандзір роты непакоіўся, што не вызначыў пэўнага арыенціру, да якога павінна дайсці першая павозка, і толькі тады можна пачаць абстрэл. Ён цяпер прыблізна падлічваў, на якую адлегласць расцягнуцца дваццаць фурманак. Пакуль ён займаўся падлікамі, прыкідваў інтэрвалы паміж фурманкамі, з-за кустоў паказалася першая пара коней.

- Юра, бяжы да камандзіра трэцяга ўзвода Бізунка і скажы, што адкрываць агонь можна толькі тады, калі першая фурманка будзе вунь ля той, з сухой вершалінай сасонкі. Толькі трымайся кустоў.

Юнак з абрэзам у руках хутка пабег. І прыкладна прабег паўдарогі, як там, толькі крыху глыбей у лесе, грымнуў стрэл.

Шаблін захваляваўся: «Вось, чорт, пашлі дурнога, а ўслед другога. Што ён, заблудзіўся?» Камандзір ірвануў каня і хуткім крокам паехаў сам. Толькі выехаў на прасеку, як справа ад яго зноў пачуўся стрэл. Мільганула думка, што страляе Юра, але конь прысеў і мордай тыцнуўся ў зямлю. Шаблін імгненна пераваліўся на левы бок каня, ледзьве паспеў выхапіць нагу са стрэмя і папоўз назад. У кустах падхапіўся і з усіх ног кінуўся бегчы.

Камандзіраў узводаў насцярожылі стрэлы, якія пачуліся ў іх за спіной. І асабліва таму, што немцы на павозках амаль на іх не рэагавалі. Значыць, яны ў надзеі, што гэта страляюць нямецкія салдаты. Потым некаторыя партызаны заўважылі гітлераўцаў, якія, сагнуўшыся, беглі па кустах да месца выстралаў. Нехта з камандзіраў даў доўгую чаргу з аўтамата. Партызаны вырашылі, што гэта сігнал, і адкрылі ўраганны агонь па павозках. Дыбіліся коні, кідаліся пад адхон чыгункі гітлераўцы.

Бізунок колькі было сілы крыкнуў:

- Ззаду ў нас немцы!

Некаторыя партызаны пачулі яго голас адразу і пачалі страляць у другі бок. Адтуль зараз жа засвісталі кулі і нават паляцелі гранаты. Па агні Бізунок зразумеў, што назад шлях адсечаны. Ён сагнуўся і пабег на павозкі з крыкам:

- Уперад! За мной! Ура-а!

Гітлераўцы пакінулі свае павозкі і ўжо схаваліся недзе ў кустах. Ззаду партызан прыкрываў усё той жа ражок хмызняку. Але ім трэба было перабегчы чыгуначны насып, каб апынуцца ў лесе на другім баку. Бізунок першы ўскочыў на насып і залёг. Рой куль пасыпаўся ўслед за ім. Камандзір адстрэльваўся і крычаў:

- Кулямёты, агонь!

Гітлераўцы кінуліся ў атаку. Але загаманілі партызанскія кулямёты, і яны заляглі.

- За мной! За мной! - крычаў Бізунок і пасылаў аўтаматныя чэргі ў бок немцаў.

Партызаны дружна перабеглі цераз насып. Некалькі чалавек упала.

- Не пакідаць забітых!

Пад прыкрыццём кулямётаў і аўтаматаў партызаны сцягнулі з чыгуначнага насыпу забітых і параненых. За насыпам застаўся толькі адзін камсамолец Алесь Раманчык. Ён, паранены, пакаціўся назад і, каб не трапіць жывым у рукі гітлераўцаў, узарваў на сваім рэмені гранату.

Ідучы па лесе, партызаны пыталіся ў камандзіраў, як маглі ў іх ззаду з'явіцца немцы?

- Тут няма ніякай загадкі. Звычайна, рухаючыся па лясной партызанскай зоне, яны пасылаюць моцны абход. Вось і напароліся на нашу засаду. Я думаю і нават веру, што першыя два выстралы былі зроблены па нашаму камандзіру і таму юнаку, - адказаў Бізунок.

Панурыя, ішлі партызаны па мокрым густым хмызняку. У другой палове дня яны ўвайшлі ў густы лес. Ля дарогі на ўзгорку пад белай акацыяй выкапалі магілу і пахавалі там сваіх чатырох баявых сяброў. Маўкліва, як і партызаны, стаяў стары лес. Крышку загудзеў, калі грымнулі над пясчанай магілаю стрэлы, і зноў сціх.


Загрузка...