XVIII


І ўсё-такі гэтая вайна, калі не браць пад увагу той духоўны сэнс, які зрабіў яе неабходнай нам, вялася так, што здалася нам бязглуздай вайной. Я ніколі не саромеўся гэтага слова. Ледзь толькі мы аб'явілі вайну, як адразу ж, не маючы магчымасці ісці ў наступленне, мы сталі чакаць, калі ж, урэшце, зробяць ласку ды звядуць нас са свету!

I нас звялі з яго.

Для змагання з танкамі мы мелі толькі снапы жыта. Снапы жыта аніяк не падыходзілі для гэтага. I сёння вось знішчэнне завяршылася. Няма болей ні арміі, ні рэзерваў, ні сувязі, ні зброі.

А я працягваю свой палёт з няўзрушнай руплівасцю. Я зніжаюся да нямецкіх пазіцый з хуткасцю восемсот кіламетраў у гадзіну і пры трох тысячах пяцістах трыццаці абаротах у хвіліну. Навошта? Што за пытанне! Ды каб нагнаць на іх страху! Каб яны вымяталіся з нашай тэрыторыі! Паколькі разведдадзеныя, патрабуемыя ад нас, бескарысныя, гэтае заданне не можа мець іншай мэты.

Бязглуздая вайна.

Зрэшты, я перабольшваю. Я нашмат знізіўся. Сістэма кіравання і рукаяткі параставалі. Я лячу па гарызанталі з нармальнай хуткасцю. Я прарываюся да нямецкіх пазіцый з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну і з лікам абаротаў дзве тысячы дзвесце ў хвіліну. А шкода. Я куды меней напалохаю немцаў.

Нас будуць папракаць, што мы назвалі гэтую вайну бязглуздай вайной!

Але ж «бязглуздай» называем мы яе самі! Значыць, нам яна сапраўды здаецца бязглуздай. Мы маем права кпіць з яе як хочам, бо ўсе ахвяры мы бяром на сябе. Я маю права кпіць са сваёй смерці, калі такія жарты могуць развесяліць мяне. I Дзютэртр таксама. Я маю права цешыць сябе парадоксамі. Бо сапраўды, навошта дагэтуль палаюць вёскі? Чаму іх жыхары не маюць даху над галавой? Чаго мы з такой няўзрушнай перакананасцю кідаемся ў жалезную мясарубку?

Мне дазволена ўсё, бо ў гэтую секунду я выдатна ўсведамляю, што раблю. Я іду на смерць. Я іду не на рызыку. Я прымаю не бой. Я прымаю смерць. Я спазнаю вялікую ісціну. Вайна — гэта не прыманне рызыкі. I не прыманне бою. Наступае час, калі для байца гэта ўсяго толькі — прыманне смерці.


У гэтыя дні, калі за мяжой меркавалі, што прынесеных намі ахвяр недастаткова, я, сведак таго, як адлятаюць і не вяртаюцца нашы экіпажы, задаю сабе пытанне: «Дзеля чаго мы аддаём сваё жыццё? Хто адплаціць нам за гэта?»

Бо мы паміраем. Бо за два тыдні ўжо загінула сто пяцьдзесят тысяч французаў. Мажліва, іх смерць і не сведчыць пра нейкае надзвычайнае супраціўленне. Я не ўслаўляю надзвычайнае супраціўленне. Яно немагчыма. Але ж ёсць атрады пехацінцаў, якія ідуць на смерць, абараняючы асуджаны хутарок. Ёсць авіягрупы, якія растаюць, як воск, кінуты ў агонь.

Вось хоць бы мы, лётчыкі групы 2/33, — чаму мы ўсё яшчэ згаджаемся паміраць? Каб здабыць павагу свету? Але павага прадугледжвае наяўнасць суддзі. А хто з нас дасць каму б там ні было права судзідь? Мы змагаемся ў імя справы, якую лічым агульнай справай. Зараз на карце свабода не толькі Францыі, але ўсяго свету: на нашу думку, выступаць у ролі арбітра занадта ёмка. Мы самі судзім арбітраў. Мае таварышы з авіягрупы 2/33 судзяць арбітраў. I хай не кажуць нам, хто пакорна адлятае ў разведку, а на зварот маецца толькі адзін шанц супроць трох (і то — калі заданне лёгкае!), — хай не кажуць лётчыкам з іншых авіягруп, хай не кажуць майму таварышу, якому асколкам снарада так знявечыла твар, што ён навек пазбаўлены натуральнага права падабацца жанчынам, пазбавіўся яго, як вязень за кратамі турмы, гарантаваўшы сабе цноту ўласным калецтвам надзейней, чым крапаснымі сценамі, — хай не кажуць нам, што нас судзяць гледачы. Тарэадоры жывуць дзеля гледачоў, але мы не тарэадоры. Калі б Ашэдэ сказалі: «Ты павінен ляцець, бо цябе судзяць сведкі», Ашэдэ адказаў бы: «Памыляецеся. Гэта я, Ашэдэ, суджу сведак…»

Дык за што ж, урэшце, мы працягваем змагацца? За Дэмакратыю? Калі мы паміраем за Дэмакратыю, значыць, мы салідарныя з дэмакратычнымі краінамі. Хай тады і яны змагаюцца разам з намі! Але самая магутная з іх, адзіная, якая магла б нас выратаваць, ухілілася ад гэтага ўчора і ўхіляецца яшчэ сёння. Ну што ж! Гэта яе права. Але гэтым самым яна дае зразумець нам, што мы змагаемся толькі за ўласныя інтарэсы. А між тым мы добра ведаем, што ўсё прапала. Тады навошта ж мы прадаўжаем паміраць?

3 адчаю? Але няма ніякага адчаю! Вы не маеце ніякага ўяўлення пра разгром, калі думаеце, што ён нараджае адчай.


Ёсць болей высокія ісціны, чым усе довады розуму. Нешта западае ў нас і кіруе намі, я падпарадкоўваюся гэтаму нечаму, хоць яшчэ і не здолеў яго ўсвядоміць. Дрэва не мае мовы. Мы — голле дрэва. Ёсць ісціны, якія відавочныя, хоць іх немагчыма выказаць словамі. Я паміраю зусім не дзеля таго, каб затрымаць нашэсце, бо няма гэткай крэпасці, дзе б я змог укрыцца і супраціўляцца разам з тымі, каго люблю. Я паміраю зусім не дзеля таго, каб уратаваць гонар, бо я не лічу, што закрануты нечы гонар, — я не прызнаю суддзяў. I, тым больш, я паміраю не ад роспачы. I ўсё-такі я ведаю, я ўпэўнены, Дзютэртр, які зараз узіраецца ў карту, вылічыць, што Арас недзе там, на курсавым вугле сто семдзесят пяць градусаў, і праз паўхвіліны скажа мне:

— Курс сто семдзесят пяць, пан капітан…

I я вазьму гэты курс.


Загрузка...