VI


— Капітан… курс!

Сапраўды. Я адхіліўся ўлева. I невыпадкова… Мяне адштурхоўвае горад Альбэр. Я прадчуваю яго, хоць ён яшчэ вельмі далёка. Але ён ужо гняце на маю плоць усім цяжарам сваёй «бясспрэчна неадольнай загароды». Колькі ўспамінаў тоіцца ў абшары майго цела! Яно помніць неспадзяваныя кулянні, пераломы чэрапа, цягучую, як сіроп, непрытомнасць, шпітальныя ночы. Маё цела баіцца ўдараў. Яно намагаецца абысці Альбэр. Ледзь толькі спускаю з яго вока, як яно забірае ўлева. Яго цягне ўлева, як старога каня, які ўсё жыццё будзе шарахацца той перашкоды, якая аднойчы перапалохала яго. I справа менавіта ў маім целе… а не ў маім духу… Варта мне толькі адцягнуць увагу, як маё цела хітра скарыстоўвае гэта і непрыкметна стараецца ўнікнуць Альбэра.

Бо зараз мяне ж не дужа каб што гняло. Цяпер я ўжо не хацеў бы, каб вылет адмянілі. А зусім нядаўна ж я, здаецца, марыў пра гэта. Я думаў: «Ларынгафоны сапсуюцца. Мне страшэнна хочацца спаць. Пайду пакімару». I я ўяўляў, з якой асалодай буду песціцца ў пасцелі. Але ў глыбіні душы я ўсё-такі ведаў, што адмена вылету не абяцае нічога, апрача пакутлівай нудзьгі. Быццам чакаў нейкага абнаўлення, а яно не адбылося.

Мне прыгадваецца школа… Калі я быў падлеткам…

— …капітан!

— Што такое?

— Не, нічога… мне падалося…

Нічога добрага не магло яму падацца. Ну, дык вось… Калі я быў падлеткам, у школе мы ўставалі страшэнна рана. А шостай гадзійе раніцы. Халадэча. Трэш кулакамі вочы і загадзя пакутуеш у чаканні нуднага ўрока граматыкі. I марыш захварэць, каб прачнуцца ў лазарэце, дзе манашкі ў белых чэпчыках будуць падаваць у пасцель падсалоджанае пітво. Чаго толькі не навыдумляеш сабе пра той рай! Вось чаму, калі я прастуджваўся, я кашляў трошкі мацней, чым гэта трэба было. I прачынаючыся ў лазарэце, я чуў, як для іншых звініць званок. Калі я задужа прыкідваўся хворым, гэты званок сурова караў мяне: ён ператвараў мяне ў прывід. Там, за сценамі лазарэта, ён адзвоньваў сапраўдны час, час строгай цішыні класных заняткаў, час тлуму пераменак, утульнасці сталоўкі. Для жывых там, за сценамі лазарэта, ён ствараў насычанае быццё, поўнае нягод, спрэчак, надзей, весялосці. А я быў абкрадзены, забыты, мяне нудзіла ад агідных адвараў, ад волкай пасцелі і безаблічных гадзін.

Не, адмена вылету нічога добрага не абяцае.


Загрузка...