Я ачынаюся ад сваіх летуценняў. Маёр здзіўляе мяне дзіўнай прапановай:
— Калі вам задужа не па душы гэтае заданне… Калі вы сёння не ў форме, я магу…
— Ну што вы, пан маёр!
Маёр выдатна ведае, што падобная прапанова неда-рэчная. Але калі экіпаж не вяртаецца, усе ўспамінаюць, якія пахмурныя былі твары людзей перад вылетам. Гэтую пахмурнасць тлумачаць прадчуваннем. I грызуць сябе за тое, што не надалі ёй значэння.
Ваганні маёра напамінаюць мне пра Ізраэля. Пазаўчора я курыў ля акна ў аддзеле разведкі. Праз акно я заўважыў Ізраэля. Ён некуды спяшаўся. Нос у яго быў чырвоны. Доўгі нос, вельмі яўрэйскі і вельмі чырвоны. Ён неспадзявана ўразіў мяне, гэты чырвоны нос Ізраэля.
Да Ізраэля, нос якога падаўся мне такім дзіўным, я пачуваў глыбокую прыязнасць. Гэта быў адзін з найадважнейшых лётчыкаў у нашай групе. Адзін з самых адважных і самых сціплых. Яму столькі надзяўблі пра яўрэйскую асцярожлівасць, што ён лічыў за асцярожлівасць нават сваю адвагу. Бо гэта ж асцярожлівасць — быць пераможцам.
Дык вось, я заўважыў яго доўгі чырвоны нос, які бліснуў на адзін толькі момант, бо Ізраэль крочыў вельмі хутка і адразу ж знік разам са сваім носам. Без намеру жартаваць я абярнуўся да Гавуаля:
— Чаго гэта ў яго такі нос?
— Гэткім ужо матка яго адарыла, — адказаў Гавуаль. I дадаў: — Бязглуздае заданне на малой вышыні. Ён зараз вылятае.
— А!
А ўвечары, калі мы перасталі ўжо чакаць звароту Ізраэля, я, канечне, успомніў гэты нос, які на выключна спакойным твары з нейкім асаблівым талентам выказаў надзвычайную заклапочанасць. Калі б гэта я загадаў вылятаць Ізраэлю, выгляд гэтага носа доўга праследаваў бы мяне як папрок. На загад вылятаць Ізраэль, безумоўна, адказаў толькі адно: «Ёсць, пан маёр. Ясна, пан маёр. Слухаю, пан маёр». На твары Ізраэля, безумоўна, не ўздрыгнуў ніводзін мускул. Але спакваля, падступна, здрадніцкі пачаў загарацца яго нос. Ізраэль умеў валодаць выразам свайго твару, але не колерам свайго носа. I нос злоўжыў гэтым, самавольна ўмяшаўся ў справу. Нос, без ведама Ізраэля, маўкліва выказаў маёру сваё глыбокае неадабрэнне.
Магчыма, пагэтаму маёр і не любіць адпраўляць у палёт тых, якія, на яго думку, прыгнечаны прадчуваннямі. Прадчуванні амаль заўсёды ашукваюць, але з-за іх баявыя загады набываюць гучанне выраку. Аліяс камандзір, а не суддзя.
Вось што на днях адбылося з сяржантам Т.
Наколькі Ізраэль быў адважны, настолькі Т. быў баязлівы. Гэта адзіны знаёмы мне чалавек, якога так відочна мучыў страх. Калі Т. атрымліваў баявы загад, з ім тварылася нешта неверагоднае. Ён проста ўпадаў у транс. Яго апаноўвала здранцвенне, яно павольна і няўмольна захліствала яго з ног да галавы. 3 твару быццам змывала ўсякі выраз, а вочы загараліся пустым бляскам.
У процівагу Ізраэлю, чый нос здаўся мне такім збянтэжаным — збянтэжаным ад магчымай смерці Ізраэля — і адначасова вельмі ўгневаным, Т. не выяўляў ніякага хвалявання. Ён не рэагаваў: ён панікаў.
Пад канец размовы рабілася зразумела, што Т. проста-такі ахоплены жахам. I ад гэтага па твары яго пачынаў разлівацца нейкі няўзрушны спакой. 3 гэтага моманту Т. быў як недасягальны. Адчувалася, як паміж ім і светам распасціраецца пустыня абыякавасці. Ніколі і нідзе, ані ў кога на свеце я не назіраў, каб нервовае ўзбуджэнне выяўлялася ў такой форме.
— Я ні ў якім разе не павінен быў пасылаць яго тады, — гаварыў пазней маёр.
У той дзень, калі маёр абвясціў яму пра вылет, Т. не толькі спалатнеў, але нават пачаў усміхацца. Проста ўсміхацца. Так, мусіць, усміхаюцца пакутнікі, калі кат пераходзіць ужо ўсялякія межы.
— Вы занядужалі. Я замяню вас…
— Не, пан маёр. Раз гэта мая чарга, значыць — мая.
I Т. здранцвела стаяў навыцяжку перад маёрам і глядзеў на яго.
— Але калі вы не ўпэўнены у сабе…
— Сёння мая чарга, пан маёр, мая.
— Паслухайце, Т…
— Пан маёр…
Т. нібы ператварыўся ў каменны слуп.
— I я дазволіў яму ляцець, — дадаў Аліяс.
Тое, што адбылося потым, так і засталося загадкай. Т., стралок на борце самалёта, заўважыў, што яго спрабуе атакаваць варожы знішчальнік. Але ў гэтага знішчальніка заела кулямёты, і ён павярнуў прэч. Пілот і Т. перагаворваліся паміж сабой амаль да самага аэрадрома, і пілот не заўважыў нічога незвычайнага. Але за пяць хвілін да пасадкі стралок перастаў яму адказваць.
А вечерам Т. адшукалі з праламаным чэрапам: яго ўдарыла хваставым апярэннем. Ён выскачыў з парашутам у дзікіх умовах, на поўнай хуткасці, прычым над сваёй тэрыторыяй, калі яму ўжо не пагражала аніякая небяспека. З'яўленне знішчальніка падзейнічала на яго, як няўмольная позва, і ён не вытрымаў.
– Ідзіце апранайцеся, — кажа нам маёр, — вылет у пяць трыццаць.
— Да пабачэння, пан маёр.
Маёр адказвае няпэўным жэстам. Прымхі? Мая цыгарэта патухла, і я марна шару па кішэнях.
— Чаму ў вас ніколі няма запалак? — дадае Аліяс. Ён мае рацыю. I, выпраўлены ў дарогу такімі развітальнымі словамі, я выходжу за дзверы, пытаючыся ў сябе: «Чаму ў мяне ніколі няма запалак?»
— Не па душы яму гэтае заданне, — заўважае Дзютэртр.
А я думаю: яму начхаць! Але несправядліва асуджаючы Аліяса, я думаю не пра яго. Мяне шакіруе факт, якога ніхто не хоча прызнаць: жыццё Духа падчас замірае. Толькі жыццё Розуму несупыннае ці амаль несупыннае. Мая здольнасць аналізаваць не надта схільна зыначвацца. Аднак для Духа маюць значэнне не самі рэчы, а сэнс, які нітуе іх паміж сабой. Тое сапраўднае аблічча рэчаў, якое Дух спасцігае праз вонкавую абалонку. Празорлівасць Духа мяжуе з поўнай слепатой. Для таго, хто любіць свой дом, настае час, калі ён знячэўку робіць адкрыццё, што гэта толькі зборышча разрозненых прадметаў. Для таго, хто лю-біць сваю жонку, настае час, калі ён пачынае бачыць у каханні адны толькі турбацыі, уціск і непрыемнасці. Для таго, хто ўпіваецца нейкай мелодыяй, настае час, калі яна перастае кранаць яго. Настаё час, як сёння, — калі я ўжо болей не разумею сваю радзіму. Радзіма — гэта не сукупнасць мясцін, звычаяў, рэчаў, якія ў любы час здольны ахапіць мой розум. Радзіма — гэта Сутнасць. I вось настае час, калі я раптам выяўляю, што я перастаў бачыць Сутнасць.
Маёр Аліяс правёў усю ноч у генерала ў чыста лагічных спрэчках. А чыстая логіка разбурае жыццё Духа. Потым Аліяса выматалі на зваротным шляху бясконцыя дарожныя заторы. Вярнуўшыся ў групу, ён сутыкнуўся з мноствам дробязей — з тых, што спакваля пажыраюць вас, як безліч вынікаў горнага абвалу, які немагчыма затрымаць. I нарэшце ён выклікаў нас, каб паслаць на невыканальнае заданне. Мы — частка ўсеагульнага розруху. Мы для маёра не Сэнт-Экзюперы ці Дзютэртр, надзеленыя сваім уласным дарам бачыць рэчы альбо не бачыць іх, думаць, хадзіць, піць, усміхацца. Мы — часткі нейкай агромністай будыніны, і каб зразумець яе ў адзіным цэлым, неабходна мець і час і цішыню. Калі б мяне мучыў нервовы цік, Аліяс заўважыў бы толькі гэты цік. Ён адправіў бы ў палёт над Арасам толькі вобраз гэтага ціку. У віры пастаўленых перад ім праблем, у гэтым няўмольна-імклівым зрынанні лавіны мы самі параспадаліся на кавалкі. Голас. Нос. Цік. А кавалкі не хвалююць.
Справа не толькі ў маёры Аліясе, але і ва ўсіх людзях. Калі мы заклапочаны пахаваннем, то як бы мы ні любілі нябожчыка, мы не сутыкаемся непасрэдна са смерцю. Смерць — гэта нешта неаб'емнае. Гэта новы ланцуг узаемасувязей з думкамі, рэчамі, прывычкамі нябожчыка. Гэта новы лад свету. 3 выгляду нічога не зыначылася, на самой жа справе зыначылася ўсё. Старонкі ў кнізе тыя ж, але сэнс яе стаў інакшы. Каб адчуць смерць, мы павінны ўявіць сабе момант, калі нам пазарэз патрэбен нябожчык. Менавіта тады нам яго і не хапае. Уявіць сабе момант, калі мы маглі б спатрэбіцца яму. Але мы яму болей не патрэбны. Уявіць сабе хвіліну сяброўскіх адведак. I адчуць іх пустэчу. Мы звыклі бачыць жыццё ў перспектыве. Але ў дзень пахавання няма ні перспектывы, ні прасторы. Нябожчык у нашай свядомасці яшчэ раздроблены на часткі. У дзень пахавання мы мітусімся, паціскаем рукі сапраўдным і ўяўным сябрам, займаемся дробязямі. Нябожчык памрэ толькі заўтра, калі ўсталюецца цішыня. Ён з'явіцца перад намі ва ўсёй сваёй цэласнасці, калі ва ўсёй сваёй цэласнасці адымецца ад нашай сутнасці. I тады мы закалоцімся ў рыданнях, што ён пакідае нас, а мы не можам яго ўтрымаць.
Я не люблю лубачных карцінак, якія малююць вайну. Там суровы воін змахвае слязіну і пад грубымі жартачкамі хавае сваю ўсхваляванасць. Лухта ўсё гэта. Суровы воін нічога не хавае. Калі ён выпускае з вуснаў жарт, значыць, жарт у яго і наўме.
Справа не ў чалавечых якасцях. Маёр Аліяс надзіва ўражлівы. Калі мы не вернемся, ён, можа, будзе пакутаваць болей, чым хто іншы. Пры ўмове, што ў ягонай свядомасці будзем мы, а не нейкая там сукупнасць прыватнасцей. Пры ўмове, што западзе цішыня і ён узновіць нашы абліччы. Бо, калі сёння ўночы судовы выканаўца, які праследуе нас, змусіць групу зноў мяняць месца дыслакацыі, то ў лавіне турбот нейкае зламанае кола грузавіка выцясніць нашу смерць з ягонай свядомасці. I Аліяс забудзе аплакаць нас.
Я ж і сам, вылятаючы на заданне, не думаю пра барацьбу Захаду з нацызмам. Мяне паглынаюць надзённыя дробязі. Бязглуздасць палёту над Арасам на вышыні сямісот метраў. Нікчэмнасць звестак, якіх чакаюць ад нас. Маруднае пераапрананне, якое здаецца мне ўбіраннем у кашулю смяротніка. А яшчэ — пальчаткі. Дзе, чорт пабяры, узяць мне пальчаткі? Свае я згубіў.
Я ўжо не бачу храма, у якім я жыву.
Я ўбіраюся для служэння мёртваму богу.