XX


Нягледзячы на вышыню семсот метраў, я спадзяваўся. Нягледзячы на танкавыя паркі, нягледзячы на полымя Араса, я спадзяваўся. Я безнадзейна спадзяваўся. Я вяртаўся памяццю ў сваё маленства, каб зноў адчуць сябе пад яго высокай аховай. Для дарослага няма аховы. Калі ты стаеш дарослы, цябе адпускаюць аднаго… Але хто асмеліцца пакрыўдзіць хлопчыка, якога трымае за руку ўсемагутная Паўла? Паўла, я засланіўся тваім ценем, як шчытом…

Я выкарыстаў усё, што мог. Калі Дзютэртр сказаў мне: «Справы дрэнь…», я ператварыў у надзею нават саму гэту грозьбу. Мы на вайне: дык трэба ж, каб вайна праявілася хоць у чым-небудзь. I яна праявілася ўсяго толькі ў некалькіх зіхоткіх росчырках: «I гэта тая славутая смяротная небяспека над Арасам? Проста смяхоцце!..»

Асуджаны на смерць уяўляе сабе ката як нейкага безаблічнага робата. Але вось прыходзіць даволі-такі прыемны чалавек, які ўмее чыхаць і нават усміхацца. Асуджаны чапляецца за гэтую ўсмешку, нібы яна — шлях да выратавання… Але гэта прывідны шлях. Кат, хоць сабе і чхае, усё роўна адатне яму галаву. Але хіба можна адмовіцца ад надзеі?

Як мог не ашукацца і я ў ветлівым прыёме, калі пад намі рассцілаліся такія мілыя, вабныя мясціны, калі так прыязна паблісквалі мокрыя чарапічныя дахі, і хоць прамінала хвіля за хвіляй — нішто не мянялася і нават не падавала знаку, што зменіцца? Калі мы трое — Дзютэртр, стралок і я — проста спакойна вярталіся з прагулянкі за аселіцай, нават не дужа стараючыся настаўляць каўняры, бо ў сапраўднасці зусім не дажджыла? Бо ў глыбіні нямецкіх пазіцый не выяўлялася нічога такога, што сапраўды заслугоўвала насцярогі, бо не мелася ніякай яўнай прычыны, якая ў далейшым абавязкова павінна была б зыначыць воблік вайны. Бо мроілася, што вораг развеяны, раствораны ў бязмежнасці палёў, што, магчыма, усяго толькі і засталося па аднаму салдату на дом, па аднаму салдату на дрэва, і толькі хто-колечы, час ад часу згадваючы пра вайну, пачынаў страляць. Яму задурылі галаву бясконцым паўтарэннем аднаго і таго ж: «Ты павінен страляць па самалётах…» Але зараз гэта прыгадвалася цьмяна, як скрозь сон. Салдат даваў кароткую чаргу, сам добра не ўсведамляючы, ці трэба гэта. Так некалі на вячэрніх прагулках з мілай сэрцу спадарожніцай я паляваў на качак. Я страляў па іх, а сам гаварыў зусім пра іншае. Качак гэта цалкам задавальняла…

Вельмі проста ўбачыць тое, што хочаш убачыць: вось гэты салдат цэліцца ў мяне, але так, абы-абы, і кулі яго ляцяць міма. Іншыя салдаты ўвогуле прапускаюць нас. Тыя, хто ў пэўнай ступені мог бы падставіць нам ножку, магчыма, з асалодай удыхаюць у гэты момант водар начы, або закурваюць цыгарэту, або дагаворваюць анекдот, — і ўсе яны прапускаюць нас. Раскватараваныя вунь у той весцы салдаты, можа, акурат у гэты момант з кацялкамі ў руках выстройваюцца ў чарзе за супам. А тут узнікае і замірае нейкі гул. Свой ці чужы? Ім няма калі разбірацца, яны сочаць за сваім напоўненым кацялком — і прапускаюць нас. А я, засунуўшы рукі ў кішэні і пасвістваючы, спрабую як ні ў чым не бывала прашмыгнуць цераз гэты садок, дзе забаронена прагульвацца, але куды кожны вартаўнік — які разлічвае на пільнасць другога — бесперашкодна прапускае мяне…

Я такі непаражальны! Самая мая бездапаможнасць — сіло для іх: «Навошта нам хвалявацца? Яго саб'юць трошкі далей…» Гэта так відавочна! «Ну й пайшоў сабе прэч! Хай цябе збівае хто хоча!..» Яны перакладваюць гэтую нудлівую работу на іншых, каб не прапусціць сваёй чаргі па суп, каб не перапыніць жарту або каб проста нацешыцца вячэрнім ветрыкам. А я карыстаюся іх нядбальствам, я вырываю сваё выратаванне ў гэтай хвіліны, калі вайна стаміла іх, усіх да аднаго, як наўмысна — а чаму б і не? I ўжо наперад прыкідваю, што ад салдата да салдата, ад узвода да ўзвода, ад вёскі да вёскі я спраўлюся са сваім заданнем і дабяруся дадому. Урэшце, мы ўсяго толькі нейкі самалёт, які пралятае ў вячэрнім небе… 3-за яго і галаву паднімаць не варта!


Канечне, я спадзяваўся вярнуцца. Але адначасова я ведаў: нешта павінна адбыцца. Вас асудзілі да пакарання смерцю, але турма, дзе вы сядзіце, яшчэ агорнута нематою. Вы адчайна чапляецеся за гэтую цішыню. Кожная наступная секунда — як папярэдняя. І няма выключна ніякага рэзону меркаваць, што яшчэ адна, наступная, пераверне свет. Гэткая работа занадта цяжкая для яе. Кожная секунда, адна за адной, ратуе цішыню. I ўжо здаецца, што яна будзе вечна…

Але вось — крокі таго, чый прыход немінучы.


У наваколлі нешта парушылася. Гэтак палена, якое, здавалася, загасла, нечакана з трэскам шпурляе ўгору сноп іскрынак. Якая таемная сіла прымусіла ўсю даліну імгненна зрэагаваць на нашу прысутнасць? Восенню дрэвы рассяваюць сваё насенне. Чаму яно раптам імкліва ляціць у нас і, здаецца, запаўняе сабой увесь свет?

Маё першае адчуванне — што я ў нечым схібіў. Я ўсё скасаваў. Калі раўнавага занадта няўстойлівая, дастаткова бывае міргнуць вокам ці варухнуць пальцам. Альпініст кашлянуў, і лавіна скранаецца з месца. А калі яна скранулася, літасці не чакай.

Мы з цяжкасцю брылі па гэтым сінім балоце, ужо затопленым цемрай. Мы ўзбаламуцілі спакойную твань, і вось яна ўскінулася да нас дзесяткамі тысяч залатых бурбалачак.

На сцэну выскачыла процьма жанглёраў. Процьма жанглёраў ускідвае ўгору дзесяткі тысяч шарыкаў, якія адзін за адным ляцяць у наш бок. 3-за адсутнасці вуглавога адхілення яны здаюцца нам нерухомымі, але потым, як тыя шарыкі, што хвацкі жанглёр не падкідвае, а нібы выпускае на волю, павольна ўзнімаюцца ўгору. Я бачу, як зіхоткія слёзы цякуць да мяне скрозь багністую цішыню. Цішыню, якая бласлаўляе выступленне жанглёраў.

Кожная кулямётная чарга ці залп хуткастрэльных зенітак вышпурвае сотні снарадаў ці трасіруючых куль, якія прасоўваюцца, як пацеркі ружанцаў. Тысячы гнуткіх ружанцаў цягнуцца да нас, іх пругкія ніткі напінаюцца з такой сілай, што рвуцца на нашай вышыні.

А калі паглядзець збоку, відно, што снарады, якія не пацэлілі ў нас, на самай справе ляцяць з галавакружнай хуткасцю. Слёзы ператвараюцца ў бліскавіцы. Я трапіў у бязмежнае поле траекторый, якія адліваюць золатам спелай пшаніцы. Я трапіў у непраходныя нетры ўскінутых коп'яў. Мне пагражае процьма іголак, якія ўчынілі нейкі галавакружны карагод. Уся даліна працягнула да мяне свае ніці і тчэ вакол мяне зіхоткі невад.

Калі я схіляюся над зямлёй, бачу столькі бліскучых бурбалак, якія ўзнімаюцца марудна, быццам плёнка туману. Я бачу павольнае віраванне насення: гэтак узлятае мякіна, калі малоціш сноп! Але калі глядзець па гарызанталі — вакол мяне адны коп'і, жмукі коп'яў! Агонь? Ды не ж! Мяне атакуюць халоднай зброяй! Я бачу адны зіхоткія мячы! Я адчуваю… Якая там небяспека! Я аслеплены дзівоснасцю наваколля!

— Тр-р-рах!

Мяне на дваццаць сантыметрау падкінула над сядзеннем. На самалёт быццам абрушыўся ўдар тарана. Ён раструшчаны, расцёрты ў парашок… Але не… не… я адчуваю, што ён яшчэ паддаецца кіраванню. Гэта толькі першы ўдар абяцальнага граду ўдараў. Аднак я зусім не заўважаю выбухаў. Відаць, дым зліваецца з цёмнай зямлёй: я ўзнімаю галаву і гляджу ўгору.

I бачу — ратунку няма.


Загрузка...