V


Страх узнікае тады, калі страчана пэўнасць, што я — гэта я. Калі я чакаю весткі, ад якой залежыць, быць мне ў радасці альбо ў горы, я тады адкінуты ў небыццё. Пакуль няпэўнасць трымае мяне ў невядомасці, мае пачуцці і мае паводзіны — усяго толькі часовая маскіроўка. Час, секунда за секундай, падобна на тое, як ён стварае дрэва, — перастае ствараць тую асобу, якой я буду праз гадзіну. Гэтае незнаёмае «я» ідзе мне насустрач звонку, як прывід. I тады мяне апаноўвае страх. Благая навіна выклікае не страх, а пакуту — гэта ўжо зусім іншая рэч.

Але вось час перастаў сплываць марна. Я нарэшце бяруся за справу. Я ўжо не люструюся ў безаблічную наступнасць. Я ўжо не той, хто, мажліва, у космах полымя ўвойдзе ў штопар. Будучае ўжо не ўяўляецца мне нейкім дзіўным прывідам. 3 гэтага моманту яго паступова пачынаюць ствараць мае дзеянні. Я той, хто сочыць за компасам і трымае курс 313. Хто рэгулюе абароты вінтоў і тэмпературу масла. Звычайныя, натуральныя клопаты. Хатнія турботы, дробныя штодзённыя абавязкі, за якімі нават не заўважаеш, як старэеш. Дзень абарочваецца добра дагледжаным домам, старанна адглянцаваным плашчаком, правільна адрэгуляваным паступленнем кіслароду. Я акурат правяраю падачу кіслароду, бо мы імкліва набіраем вы-шыню: шэсць тысяч семсот метраў.

— 3 кіслародам усё ў парадку, Дзютэртр? Як самаадчуванне?

— Усё ў парадку, пан капітан.

— Эй, стралок! Кісларод у парадку?

— Я… ага… У парадку, пан капітан…

— Вы ўсё яшчэ шукаеце аловак?

Я раблюся і тым, хто націскае на кнопку S і на нопку А, каб праверыць свае кулямёты. Дарэчы…

— Эй, стралок! Там ззаду, у вашым сектары, няма ніякага буйнага населенага пункта?

— Гм… не, няма, пан капітан.

— Тады давайце. Праверце кулямёты.

Я чую чэргі.

— Добра працуюць?

— Добра.

— Усе кулямёты?

— Гм… Ага… усе.

Я таксама страляю. Цікава, куды ляцяць усе гэтыя кулі, якімі мы проста так паліваем родныя абшары. Яны ніколі нікога не заб'юць. Зямля вялікая.

Ну вось, я ўжо жыву зместам кожнай хвіліны. Я адчуваю страх не болей, чым наліўны плод. Вядома, умовы палёту зыначацца. I ўмовы і задачы. Але я сам уцягнены ў стварэнне гэтай наступнасці. Час спакваля лепіць мяне. Дзіця ніколі не жахаецца, што ён цярпліва стварае з сябе дзядулю. Дзіця ёсць дзіця, яно бавіцца ў свае дзіцячыя гульні. Я таксама баўлюся. Я пералічваю цыферблаты, пераключальнікі, кнопкі, рычагі майго царства. Я налічыў сто тры прыборы, за якімі трэба сачыць, якія трэба паварочваць альбо націскаць. (Папраўдзе, я трошкі змахляваў, двойчы палічыўшы баявы спуск маіх кулямётаў: там маецца яшчэ і засцерагальнік.) Вечарам я здзіўлю фермера, у якога кватарую. Я спытаюся ў яго:

— А вы ведаеце, колькі цяпер у лётчыка прыбораў, за якімі ён павінен сачыць?

— Адкуль жа мне ведаць?

— Ну а ўсё-такі, назавіце якую-небудзь лічбу.

— Ну, якую лічбу магу я вам назваць?

Які ён недалікатны, мой гаспадар.

— Назавіце любую лічбу!

— Ну, сем.

— Сто тры!

I я буду задаволены.

Мне спакойна, бо ўсе прыборы вакол мяне занялі свае месцы і набылі свой сэнс. Усё гэтае начынне з трубак і правадоў ператварылася ў сець кровазвароту. Мой арганізм зросся з самалётам. Самалёт стварае мне камфорт: я паварочваю пераключальнік, і маё адзенне і кісларод пачынаюць падагравацца. Дарэчы, кісларод перагрэўся ўжо і прыпякае мне нос. Сам кісларод таксама падаецца ў залежнасці ад вышыні пры дапамозе складанага прыбора. Мяне жывіць мая машына. Перад вылетам усё мне здавалася жорсткасцю, а цяпер, калі сама машына сілкуе мяне, я пачуваю да яе нейкую сыноўнюю пяшчоту. Нешта накшталт пяшчоты немаўлятка. А цяжар майго цела размеркаваўся па пунктах апоры. Тры столкі адзення, цяжкі парашут за спіной гнятуць на сядзенне. Вялізныя футравыя боты ўпіраюцца ў педалі. Рукі ў тоўстых, нягнуткіх пальчатках, такія нязграбныя на зямлі, лёгка спраўляюцца са штурвалам…

— Дзютэртр!

— …тан?

— Неадкладна праверце кантакты. Я чую вас толькі ўрыўкамі. Вы чуеце мяне?

Голас Дзютэртра зноў робіцца выразны:

— Чую вас выдатна, пан капітан!

— Добра. Ну вось, сёння кіраванне зноў замярзае: штурвал ходзіць туга, а педалі дык і зусім заела!

— Вясёленькія справы. А якая вышыня?

— Дзевяць тысяч семсот.

— Тэмпература?

— Сорак восем ніжэй нуля. Як у вас з кіслародам?

— Парадак, пан капітан.

— Стралок, з кіслародам усё ў парадку?

Ніякага адказу.

— Дзютэртр!

— Пан капітан?..

— Аклікніце яго!

— Стралок! Гэй, стралок!

Ніякага адказу.

Але перш чым пайсці на зніжэнне, я рэзка ўстрэсваю самалёт — гэта разбудзіць стралка, калі ён заснуў.

— Пан капітан!

— Гэта вы, стралок?

— Я… гм… Ага…

— Вы што, не зусім упэўнены ў гэтым?

— Ды я!

— Чаму вы не адказвалі?

— Я правяраў перадатчык. Я адключаўся!

— Доўбня! Трэба ж папярэджваць! Я ледзь не спікіраваў: думаў, вы памерлі!

— Я?.. Не…

— Веру на слова. Але болей не выкідвайце мне такіх конікаў! Папярэджвайце мяне, чорт пабяры, перш чым адключыцца!

— Прашу прабачэння, пан капітан. Слухаю, пан капітан! Буду папярэджваць.

Справа ў тым, што арганізм не адразу адчувае парушэнне ў падачы кіслароду. Спачатку наступае лёгкае забыццё, а праз некалькі секунд — страта прытомнасці, а праз некалькі хвілін — смерць. Таму пілот павінен пастаянна кантраляваць паступленне кіслароду і сачыць за самаадчуваннем экіпажа.

I я мну трубку сваёй маскі, каб носам адчуць цёплы струмень, які нясе жыццё.


Словам, я заняты сваім рамяством. Я не адчуваю нічога, апрача фізічнай асалоды ад насычаных сэнсам, самадастатковых дзеянняў. У мяне няма ні адчування вялікай небяспекі (я куды мацней хваляваўся, калі рыхтаваўся ў палёт), ні такога пачуцця, нібыта я выконваю вялікі доўг. Змаганне паміж Захадам і нацызмам на гэты раз, у межах маіх дзеянняў, зводзіцца да кіравання рукаяткамі, рычагамі і кранікамі. Гэтак і павінна быць. Любоў дыякана да бога зводзіцца да любові запальваць свечкі. Дыякан мерна, спакойна крочыць па царкве, якую ён не заўважае, задаволены, як адзін за адным расцвітаюць яго кандэлябры. Калі ўсе свечкі запалены, ён пацірае рукі. Ён ганарыцца сабою.

Я таксама беззаганна адрэгуляваў абароты вінтоў і трымаю курс з дакладнасцю да градуса. Гэта павінна замілаваць Дзютэртра, калі толькі ён паглядвае на компас…

— Дзютэртр… Я… Курс па компасу правільны?..

— Не, пан капітан. Значнае адхіленне. Вазьміце ўправа.

От прыкрасць!

— Пан капітан, перасякаем лінію фронту. Пачынаю здымаць. Што ў вас на вышынямеры?

— Дзесяць тысяч.


Загрузка...