IX


Як зараз, бачу яго на шпітальным ложку. Калі Сагон скакаў з парашутам, ён зачапіўся за хваставое апярэнне, але нават не адчуў штуршка. Твар і рукі даволі моцна апалены, але агульны стан яго не выклікае вялікай трывогі. Ён расказвае нам пра гэтае здарэнне нетаропка, абыякавым голасам, нібы здае справаздачу пра выкананую работу.

— …Я сцяміў, што яны страляюць, калі ўбачыў вакол трасіруючыя кулі. Прыборная дошка разляцелася на друзачкі. Потым я заўважыў лёгкі дьмок, тоненькі такі дымочак! Аднекуль спераду. Я падумаў, што гэта… вы ведаеце, што там маецца злучальная трубка… Полымя было невялікае…

Сагон хмурыцца, натужвае сваю памяць. Яму здаецца, што нам важна ведаць, вялікае ці невялікае было полымя. Ён вагаецца:

— I ўсё-такі гэта было полымя… Тады я загадаў ім выскокваць…

Бо полымя за дзесяць секунд ператварае самалёт у паходню.

— Я адкрыў люк. Я не павінен быў рабіць гэтага. Полымя пацягнула ў кабіну… Мне стала трошкі не па сабе.

На вышыні сямі тысяч метраў паравозная топка выплёўвае вам проста ў жывот космы полымя, а вам трошкі не па сабе! Я не хачу грашыць супраць Сагона і не буду выхваляць ягоны гераізм ці ягоную сціпласць. Сагон не прызнаў бы за сабой ні гераізму, ні сціпласці. Ён сказаў бы: «Так, мне сапраўды стала трошкі не па сабе…» I ён, між іншым, яўна стараецца быць дакладным.

Да таго ж я перакананы, што поле дзеяння свядомасці вельмі абмежаванае. За адзін раз яно ахоплівае толькі адну праблему. Калі вы пусцілі ў ход кулакі і апанаваны стратэгіяй бою, вы не адчуваеце болю ад удараў. Калі я неяк пацярпеў аварыю на гідраплане і быў упэўнены, што тану, ледзяная вада здалася мне цёплай. Ці, дакладней, мая свядомасць не рэагавала на тэмпературу вады. Яна была заклапочана іншым. Тэмпература вады не пакінула ў маёй памяці ні следу. Так і свядомасць Сагона была завалодана тэхнікай скачка. Свет Сагона звузіўся да рукаяткі адкіднога люка, да колца парашута, якое ён ніяк не мог знайсці, да дэталей выратавання экіпажа. «Вы ўжо выскачылі?» Маўчанне. «Ёсць хто-небудзь на борце?» Маўчанне.

— Я вырашыў, што застаўся адзін. Я вырашыў, што можна скакаць (твар і рукі яго былі ўжо апалены)… Я прыўстаў, перакінуў нагу за борт кабіны і затрымаўся на крыле. Яшчэ раз нагнуўся ўперад: штурмана не было.

Штурман, забіты напавал чаргою знішчальніка, ляжаў у глыбіні кабіны.

— Тады я адступіў назад, гляджу — стралка таксама няма…

Стралок таксама быў мёртвы.

— Я вырашыў, што застаўся адзін…

Ён разважаў:

— Калі б я ведаў… Я мог бы зноў улезці ў кабіну… Гарэла не гэтак ужо й моцна… Я доўга ліпеў на крыле… Перш чым пакінуць кабіну, я паставіў самалёт на кабрыраванне. Машына ішла правільна, дыхаць сяк-так можна было, і я не зусім пагана адчуваў сябе. Так, я даволі доўга трымаўся на крыле… Я не ведаў, што рабіць…

Перад Сагонам зусім не паўставалі нейкія невырашальныя праблемы: ён думаў, што застаўся на борце адзін, самалёт яго гарэў, а знішчальнікі ўсё заходзілі і заходзілі на яго, усё палівалі кулямі. 3 расказу Сагона нам стала ясна адно: ён не адчуваў ніякіх жаданняў. Ён нічога не адчуваў. Часу ў яго было аж занадта. Яму выключна не было чаго рабіць. I спакваля да мяне даходзіў гэты незвычайны душэўны стан, які часам суправаджае немінучасць блізкай смерці: раптам выяўляецца, што табе зусім няма чаго рабіць… Як усё гэта не падобна на ўсялякія байкі пра галавакружэнне, пра кулянне потырч у небыццё! Сагон пачуваў сябе там, на крыле свайго самалёта, быццам ён адрынуты па-за межы часу.

— А потым я скокнуў, — сказаў ён, — скокнуў няўдала. Мяне крутанула, бы ў віры. Я баяўся зарана тузнуць за колца, каб не заблытацца ў парашуце. Счакаў, пакуль не выраўняюся. О, чакаў я доўга…

Такім чынам, Сагону запомнілася, што ад пачатку да канца падзеі ён нечага чакаў. Чакаў, пакуль полымя стане мацнейшае. Потым невядома чаго чакаў накрыле. I ў свабодным падзенні на вертыкалі таксама чакаў.

I гэта быў Сагон, так, гэта быў самы звычайны Сагон, яшчэ спакайнейшы, чым заўсёды, Сагон, які стаяў над прорвай і з недаўменнем і злосцю таптаўся на месцы.


Загрузка...