VII


Канечне, часам, як сёння вось, заданне можа быць нам і не даспадобы. Надта ж ужо відавочна, што мы проста-такі гуляем у вайну. Мы гуляем у казакоў-разбойнікаў. Мы дакладна прытрымліваемся маралі нашых кніг па гісторыі, правілаў нашых падручнікаў. Сённня ноччу, да прыкладу, я выехаў на машыне на аэрадром. I вартавы, у адпаведнасці з інструкцыяй, перагарадзіў дарогу штыком машыне, якая з гэтакім жа поспехам магла б быць і танкам! Вось так мы і гуляем — штыхом перагароджваем дарогу танкам!

Адкуль узяцца натхнёнасці, калі ў гэтых жорсткіх шарадах мы так відавочна выконваем ролю статыстаў, а ў дадатак ад нас яшчэ патрабуюць ісці на смерць? Смерць занадта сур'ёзная штука для шарады.

Хто стане з уздымам нацягваць на сябе лётны рыштунак? Ніхто. Нават Ашэдэ з ягонай заўсёднай гатоўнасцю да самаахвяравання, якая і ёсць вышэйшае праяўленне чалавечнасці, — нават праведнік Ашэдэ — і той замыкаецца ў моўчу. Апранаючыся, мае таварышы маўчаць і хмурацца, і гэта зусім не сціпласць герояў. За гэтай пахмурнасцю не тоіцца ніякага ўздыму. Яна выказвае толькі тое, што выказвае. I я разумею яе. Гэта панурасць лёкая, які не згодны з распараджэннямі, якія зрабіў гаспадар, а сам паехаў. Аднак лёкай усё-такі застаецца верны гаспадару. Усе мае таварышы мараць пра свой ціхі пакойчык, але між нас няма ніводнага, хто б сапраўды аддаў перавагу сну.

Бо важны не ўздым. Калі церпіш паражэнне, няма чаго разлічваць на ўздым. Важна апрануцца, сесці у кабіну, узляцець. Тое, што пра гэта сам ты думаеш, не мае ніякага значэння. Хлопчык, які з уздымам марыў бы пра ўрокі граматыкі, здаўся б мне няшчасным, ненатуральным. Важна здолець авалодаць сабою дзеля мэты, хай сабе яна ў гэты момант і не надта зразумелая. Гэта мэта зусім не для Розуму, а для Духа. Дух умее любіць, але ён дрэмле. У чым заключаецца спакуса, я ведаю не горш, чым любы бацюшка. Спакуса — гэта нясцерпнае жаданне паддацца доказам Розуму, калі дрэмле Дух.

Што карысці з таго, што я рызыкую сваім жыццём, кідаючыся ў гэтую лавіну? Не ведаю. Мне стакроць даводзілі: «Згаджайцеся на іншую работу. Ваша месца там. Там вы прынясеце куды больш карысці, чым у эскадрыллі. Лётчыкаў можна рыхтаваць тысячамі…» Доказы былі неабвержныя. Доказы заўжды неабвержныя. Мой розум згаджаўся з імі, але мой інстынкт браў верх над розумам.

Чаму ж гэтыя разважанні здаваліся мне хісткімі, хоць я і не мог нічога супрацьпаставіць ім? «Інтэлігентаў трымаюць у запасе на паліцах аддзела прапаганды, як слоікі з варэннем, каб падаць іх пасля вайны…» Але ж гэта не адказ!

А сёння, гэтаксама як і мае таварышы, я падняўся ў неба насупор усялякім відавочнасцям, насупор усяму, што я мог у тую хвіліну адказаць. Я знаю, настане час, і я зразумею, што, зрабіўшы насуперак свайму розуму, я зрабіў разумна. Я паабяцаў сабе, калі буду жывы, начную прагулку па вёсцы. Тады, магчыма, я нарэшце спасцігну самога сябе. Я навучуся бачыць.

Магчыма, мне не будзе чаго сказаць пра тое, што я ўбачу. Калі жанчына здаецца мне цудоўнай, мне няма чаго сказаць, Я проста любуюся яе ўсмешкай. Аналітык раскладае аблічча і тлумачыць яго па частках, але ўсмешкі ён ужо не бачыць.

Спазнаць — зусім не азначае раскласці на часткі альбо растлумачыць. Спазнаць — гэта прыняць тое, што бачыш. Але для таго, каб убачыць, трэба ўдзельнічаць. А гэта суровая школа…

Цэлы дзень мая вёска была схавана ад мяне. Да вылету гэта былі толькі глінабітныя сцены ды даволі-такі зашмальцаваныя сяляне. Цяпер — гэта толькі жменя жвіру за дзесяць кіламетраў пада мною. Вось яна, мая вёска.

Але сёння ноччу, магчыма, пракінецца і забрэша вартавы сабака. Я заўсёды з асалодай убіраў у сябе магічныя чары вёскі, якая яснай ноччу размаўляе ў сне голасам адзінокага вартавога сабакі.

Я не маю ніякай надзеі, што мяне зразумеюць. I гэта мне абсалютна ўсё роўна. Хай толькі проста пакажацца мне гатовая да сну мая вёска з яе замкнёнымі дзвярыма на адрынах, на хлявах, на векавых звычаях!

Сяляне, вярнуўшыся з поля, павячэраюць, закалышуць дзяцей і, пагасіўшы лямпу, растворацца ў нямой суцішнасці. I ўсё знікне, і застанецца адно толькі мернае дыханне пад моцнымі шорсткімі саматканымі дзяружкамі, мора, якое заціхае пасля буры.

Ноччу, калі падводзяцца вынікі, бог на момант адводзіць людзей ад карыстання іхнімі скарбамі. I пакуль людзі будуць адпачываць, перада мною больш выразна паўстане зберажоная імі спадчына.

Тады, магчыма, мне раскрыецца тое, што цяжка выказаць словамі. Я прыйду да агню, як сляпы, якога вядуць яго далоні. Ён не змог бы апісаць агонь, і ўсё-такі ён яго знайшоў. Гэтак, магчыма, і да мяне прыйдзе тое, што трэба абараняць, тое, што не бачна, але што жыве накшталт жарынкі пад прыскам вясковых начэй.

Мне не было чаго чакаць ад адмены вылету. Каб зразумець звычайную вёску, трэба перш за ўсё…

— Капітан!

— Шэсць знішчальнікаў, шэсць, наперадзе — злева!

Гэта прагучала, як удар перуноў.

Трэба… трэба… Але я хацеў бы своечасова атрымаць тое, што мне належыць. Я хацеў бы набыць пра-а на любоў. Я хацеў бы ўразумець, за каго паміраю…


Загрузка...