XXVII


Але я ўсё скасаваў. Я прамантачыў спадчыну. Я дазволіў зруйнаваць паняцце Чалавека.

Аднак, каб уратаваць гэты культ Уладара, сузіранага праз паасобныя асобы, і высокую годнасць чалавечых адносін, заснаваных на гэтым кульце, мая духоўная культура затраціла шмат сілы і творчага натхнення. Усе намаганні Гуманізму былі скіраваны да гэтай мэты. Гуманізм абраў сабе выключную місію — растлумачыць і ўвекавечыць прымат Чалавека над асо-бай. Гуманізм прапаведаваў Чалавека.

Але як толькі справа заходзіць пра Чалавека, наша мова апынаецца ў бяссіллі. Чалавек — гэта нешта іншае, чым людзі. Пра храм немагчыма сказаць нічога істотнага, калі гаварыць пра адны камяні. Немагчыма нічога істотнага сказаць і пра Чалавека, калі спрабаваць акрэсліць яго толькі якасцямі людзей. Пагэтаму гуманізм заведама ішоў па шляху, які вёў яго ў тупік. Гуманізм намагаўся вывесці паняцце Чалавека з дапамогай лагічных і маральных аргументаў і гэткім чынам укараніць яго ў свядомасці людзей.

Ніякае вуснае тлумачэнне ніколі не заменіць назірання. Адзінства Сутнасці немагчыма перадаць словамі. Калі б я захацеў абудзіць любоў да айчыны ці да маёнтка ў людзей, духоўнай культуры якіх такая любоў была б невядомая, я не меў бы ніякіх довадаў, кааб усхваляваць іх сэрцы. Маёнтак — гэта палі, лугі і статкі. Прызначэнне кожнай з гэтых частак і ўсіх разам — прыносіць прыбытак. Аднак любому маёнтку ўласціва нешта такое, што ўнікае пры разглядзе складаных яго элементаў: ёсць жа такія землеўласнікі, што гатовыя дайсці да галечы, толькі б уратаваць любімы маёнтак. Гэтае нешта якраз і надае асаблівую каштоўнасць усяму, што складае маёнтак, надзяляе іх дзівоснымі якасцямі. I вось яны робяцца статкамі гэтага маёнтка, лугамі гэтага маёнтка, палямі гэтага маёнтка…

Гэтак і чалавек робіцца чалавекам сваёй айчыны, свайго рамяства, сваёй духоўнай культуры, свайго веравызнання. Але каб сцвярджаць, што ты неаддзельны ад такіх сутнасцей, неабходна спачатку стварыць іх у самім сабе. Таму, у каго няма пачуцця радзімы, нельга ўнушыць яго ніякай казанню. Стварыць у сабе Сутнасць, якую ты называеш сваёй, можна толькі пры дапамозе дзеяння. Сутнасць належыць не сферы мовы, а сферы дзеяння. Наш Гуманізм не браў пад увагу дзеянне. Яго намаганні аказаліся марныя.

Самае важнае дзеянне атрымала сваю назву. I назва гэта — ахвяраванне.

Ахвяраванне не азначае ні беззваротнай страты нечага свайго ўласнага, ні пакаяння. Перш за ўсё, яно — дзеянне. Аддаванне сябе Сутнасці, ад якой, як ты лічыш, ты неаддзельны. Толькі той зразумее, пгго такое маёнтак, хто ахвяруе яму частку самога сябе, хто будзе змагацца за яго ўратаванне, не шкадаваць сваіх сіл для таго, каб ён стаў яшчэ лепшы. Тады да яго прыходзіць любоў да маёнтка. Маёнтак — гэта не сума прыбытку, было б памылкай меркаваць гэтак. Маёнтак — гэта сума прынесеных дароў.

Раз мая духоўная культура абапіралася на Бога, яна магла выратаваць гэтае паняцце ахвяравання, якое стварала Бога ў сэрцы чалавека. Гуманізм забыў пра важнейшую ролю ахвяравання. Ён намерыўся зберагчы Чалавека з дапамогай слоў, а не дзеяння.

Каб выратаваць вобраз Чалавека, бачны праз людзей, Гуманізм меў у сваім распараджэнні толькі адно гэтае слова «Чалавек», аздобленае вялікай літарай. Нам пагражала скочванне па небяспечным адхоне і падмена Чалавека нейкай усярэдненай асобай ці сукупнасцю людзей. Нам пагражала падмена нашага Храма кучай камення.

I спакваля мы страцілі нашу спадчыну.

Замест таго каб сцвярджаць правы Чалавека ў асобе, мы загаварылі пра правы калектыву. Спакваля ў нас з'явілася мараль Калектыву, якому няма справы да Чалавека. Гэтая мараль можа растлумачыць, чаму асоба павінна ахвяраваць сабой дзеля Супольнасці. Але яна не можа растлумачыць без слоўнага штукарства, чаму Супольнасць павінна ахвяраваць сабой дзеля аднаго чалавека. Чаму справядліва, каб тысяча людзей прыняла смерць дзеля выратавання аднаго, асуджанага несправядліва. Мы яшчэ прыгадаем гэты прынцып, але спакваля забываем яго. А менавіта ж у гэтым прынцыпе, які карэнным чынам розніць нас ад мурашак, перш за ўсё і заключаецца наша веліч.

Мы скульнуліся — з-за недахопу плённага метаду — ад Чалавецтва, заснаванага на Чалавеку, да гэтага мурашніка, заснаванага на сукупнасці асоб.

Што маглі мы супрацьпаставіць культу Дзяржавы або культу Гурмы? Чым стаў наш велічны вобраз Чалавека, спароджанага Богам? Яго ўжо амаль немагчыма разгледзець скрозь словы, якія страцілі ўвесь свой сэнс.

Спакваля, паступова забываючы пра Чалавека, мы абмежавалі нашу мараль праблемамі паасобнай асобы. Мы сталі патрабаваць ад кожнага, толькі каб ён не шкодзіў другому. Ад кожнага каменя, каб ён не шкодзіў другому каменю. I канечне, яны не шкодзяць адзін аднаму, калі бязладна валяюцца ў полі. Але яны наносяць шкоду храму, які яны маглі б скласці і які ўзамен адзяліў бы сэнсам кожнага з іх.

Мы ўсё прапаведавалі роўнасць паміж людзьмі. Але, забыўшы пра Чалавека, мы перасталі ўжо разумець, пра што гаварылі. Не ведаючы, што пакласці ў аснову Роўнасці, мы ператварылі яе ў цьмянае сцверджанне, карыстацца якім ужо развучыліся. Як вызначыць Роўнасць паміж мудрацом і тупіцай, паміж прыдуркам і геніем? Што да будаўнічага матэрыялу, то, калі мы хочам вызначыць і ажыццявіць іх роўнасць, неабходна, каб усе яны займалі аднолькавае месца і ігралі адну і тую ж ролю. А гэта бязглузда. Бо прынцып Роўнасці выроджваецца тады ў прынцып Тоесамасці.

Мы працягвалі прапаведаваць Свабоду чалавека. Але, забыўшы пра Чалавека, мы вызначылі нашу Свабоду як нейкую беспакаранасць, пры якой дазволены якія хоч учынкі, абы толькі яны не чынілі шкоды другому. А гэта пазбаўлена ўсякага сэнсу, бо не існуе такога ўчынку, які б не закранаў другога чалавека. Калі я, салдат, калечу сябе, мяне аддаюць пад суд. Не існуе адасобленых асоб. Той, хто адгароджвае сябе ад супольнасці, наносіць ёй шкоду. Той, хто ў суме, наганяе сум на іншых.

Гэтак разумеючы права на свабоду, мы развучыліся карыстацца ім, каб не натыкнуцца на неадольныя супярэчнасці. Не здольныя вызначыць, у якім выпадку мы зберагаем наша права на свабоду, у якім страчваем, мы, каб уратаваць хоць які няўцямны прынцып, крывадушна заплюшчылі вочы на процьму перашкод, якія любое грамадства непазбежна выстаўляла перад нашымі свабодамі.

Што ж да Любові да бліжняга, то мы нават не пасмелі болей прапаведаваць яе. Некалі Любоўю да бліжняга іменавалася самаахвярнасць, якая стварала пэўную Сутнасць, калі гэтая самаахвярнасць ганаравала Бога цераз яго чалавечы вобраз. Цераз асобу мы аддавалі належнае Богу ці Чалавеку. Але, забыўшы пра Бога ці пра Чалавека, мы сталі ганараваць толькі асобу. I тады любоў да бліжняга часта рабілася абразлівай. Справядлівасць пры размеркаванні матэрыяльнага дастатку павінна забяспечвацца Грамадствам і не можа залежаць ад прыхамаці той ці іншай асобы. Вартасць асобы не дапускае, каб яна аказалася ў залежнасці ад шчодрасці іншай асобы. Было б недарэчнасцю, калі б паны, валодаючы сваім багаццем, патрабавалі яшчэ і ўдзячнасці ад галетнікаў.

Самае ж галоўнае ў тым, што наша кепска разуметая Любоў да бліжняга выступала супроць самой сябе. Аснаваная выключна на жаласлівасці, яна адмовіла б нам у люб-якім выхаваўчым пакаранні. Сапраўдная Любоў да бліжняга, якая ёсць служэнне Чалавеку, а не паасобнай асобе, наканоўвала нам змаганне з асобай, каб узвысіць у ёй Чалавека.

Так мы страцілі Чалавека. А страціўшы Чалавека мы пазбавілі цеплыні тое самае братэрства, якое прапаведавала наша духоўная культура, бо братам магчыма быць толькі ў нечым і немагчыма быць братамі наогул. Дзяліцца з некім яшчэ не азначае быць яму братам. Братэрства ўзнікае толькі ў самаахвяраванні. Яно ўзнікае ў агульным дарунку нечаму болей велічнаму, чым мы самі. Але, падмяніўшы гэты корань любога сапраўднага быцця бясплённым здрабненнем, мы звялі наша братэрства толькі да ўзаемнай маўклівай цярплівасці.

Мы перасталі даваць. Але калі я гатовы даваць толькі самому сабе, я нічога не атрымліваю, бо я не ствараю нічога такога, ад чаго я неаддзельны, а значыць, я — нішто. I калі ад мяне пачнуць вымагаць, каб я памёр дзеля нейкіх выгод, я адмоўлюся паміраць. Выгода найперш за ўсё загадвае жыць. Якое парыванне любові акупіць маю смерць? Паміраюць за дом, а не за рэчы і сцены. Паміраюць за храм — не за камяні. Паміраюць за народ — не за натоўп. Паміраюць з любові да Чалавека, калі ён аснова Супольнасці. Паміраюць толькі за тое, дзеля чаго варта жыць.

Наш лексікон, здавалася, амаль не зыначыўся, аднак словы, калі мы спрабавалі імі карыстацца, страціўшы свой рэальны сэнс, вялі нас да безвыходных супярэчнасцей. I мы былі змушаны заплюшчваць вочы на гэтыя звады. Не ўмеючы будаваць, мы змушаны былі пакінуць сярод поля кучу камення і з апаскаю гаварыць пра Калектыў, не смеючы ўдакладняць, што мы маем на ўвазе, бо на самой справе мы мелі на ўвазе нешта неіснавальнае. Слова «Калектыў» не мае сэнсу датуль, пакуль Калектыў не нітуецца нечым. Сукупнасць не ёсць Сутнасць.

Калі наша Грамадства яшчэ мела права на існаванне, калі ў ім яшчэ захоўвалася нейкая павага да Чалавека, дык таму толькі, што сапраўдная духоуная культура, якой мы здраджвалі сваім невуцтвам, усё яшчэ выпраменьвала сваё асуджанае святло і без нашага ведама ратавала нас.


Як нашы праціўнікі здолелі зразумець тое, чаго ўжо не разумелі мы самі? Яны бачылі ў нас толькі кучу камянёў. Яны спрабавалі вярнуць сэнс Калектыву, сэнс, які мы самі ўжо не ўмелі растлумачыць, бо забыліся пра Чалавека.

Адны з іх адразу ж, нядоўга думаючы, прыйшлі да крайніх лагічных вывадаў. Кучы камянёў яны надалі самагоднае значэнне. Камяні павінны быць атаясамлены з камянямі. I кожны камень падначалены толькі самому сабе. Анархія яшчэ помніць пра культ Чалавека, але цалкам пераносіць яго на паасобныя асобы. I гэта вядзе да супярэчнасцей, яшчэ болей непрымірымых, чым нашы.

Іншыя пазбіралі камяні, бязладна параскіданыя сярод поля. Яны прапаведавалі правы Мас. Але іхняя тэорыя непрыгодная. Бо калі нельга дапусціць, кааб адзін чалавек тыраніў Масу, дык, вядома, нельга дапусціць і таго, каб Маса падаўляла аднаго чалавека.

Трэція завалодалі гэтымі бяссільнымі камянямі і з сукупнасці іх стварылі Дзяржаву. Сходная Дзяржава таксама не ўзвышае людзей. Яна таксама толькі ўвасабленне Сукупнасці. Яна ёсць улада Калектыву, перададзеная ў рукі асобы. Яна ёсць панаванне каменя, які з выгляду атаясамлівае сябе з іншымі камянямі, над сукупнасцю камянёў. Гэта Дзяржава, не тоячыся, прапаведуе мараль Калектыву, якую мы пакуль адхіляем, але да якой самі ж ідзём спакваля, бо мы забылі пра Чалавека, — а ён жа адзін мог паслужыць апраўданнем нашага непрымання.

Прыхільнікі гэтага новага веравызнання не дапусцяць, каб некалькі шахцёраў рызыкавалі жыццём дзеля выратавання аднаго засыпанага ў шахце таварыша. Бо гэта нанесла б шкоду кучы камянёў. Яны даб'юць цяжкапараненага, калі ён будзе замінаць прасоўванню арміі. Пра дабро для Супольства яны будуць меркаваць з дапамогай матэматыкі — і матэматыка будзе кіраваць імі. Ім няма выгоды ўзвышацца да нечага болей вялікаснага, чым яны самі. I таму яны ўзненавідзяць усё, што будзе розніцца ад іх, бо яны па-за межамі саміх сябе не знойдуць нічога, з чым яны маглі б зліцца. Любы чужы звычай, інакшая раса, інакшая думка непазбежна стане для іх абразай. Яны не будуць здольны прылучаць да сябе, бо кааб прылучыць Чалавека да сваёй веры, трэба не адсекчы яго, а растлумачыць яму ягоную ролю, паказаць мэту яго памкнення і даць яму магчымасць практычна выпрабаваць свае сілы. Прылучыць да сваёй веры заўсёды азначае вызваліць. Храм можа прылучаць да сябе камяні, і яны набываюць у ім сэнс. А куча камянеў нічога не прылучае да сябе, і, не ўмеючы рабіць гэтага, яна проста гняце. I гэта праўда — але чыя віна ў гэтым?

Я болей не здзіўляюся таму, што куча камянёў якая гняце ўсім сваім цяжарам, перамагла камяні, бязладна раскіданыя сярод поля.

I ўсё-такі я мацнейшы, чым яна.


Я мацнейшы, калі я зноў знайду сябе. Калі наш Гуманізм адновіць Чалавека. Калі мы здолеем заснаваць нашу Супольнасць, прымяніўшы для гэтага адзіна дзейсны сродак: самаахвярнасць. Супольнасць, створаная нашай духоўнай культурай, таксама не была сукупнасцю выгод — яна была сукупнасцю дарункаў.

Я мацнейшы, бо дрэва мацней рэчываў, што ствараюць глебу. Яно ўбірае іх у сябе. Яно ператварае іх у дрэва. Храм ззяе куды ярчэй, чым куча камянеў. Я мацнейшы, бо мая духоўная культура здольна злучыць у адно цэлае, нікога не адсякаючы, усю разнастайнасць чалавечых якасцей. Яна не толькі наталяе смагу з крыніцы сваёй моцы, яна разам з гэтым і ўлівае ў яго новае жыццё.


Вылятаючы, я хацеў нешта набыць раней, чым аддаць самому. Маё жаданне было бязглуздае. Яно нагадвала той сумны ўрок граматыкі. Перш чым набыць, неабходна аддаць, — перш чым пасяліцца ў доме, неабходна пабудаваць яго.

Мая любоў да сваіх заснавана на тым, што я гатовы аддаць за іх сваю кроў, як любоў маці заснавана на тым, што яна аддае дзіцяці сваё малако. Менавіта ў гэтым уся таямніца. Каб даць жыццё любові, неабходна пачынаць з самаахвяравання. Потым любоў можа натхніць на новыя ахвяраванні, і яны прывядуць да новых перамог. Чалавек заўсёды мусіць зрабіць першы крок. Перш чым існаваць, ён павінен нарадзіцца.

Па звароце з задання я ўжо адчуў сваю роднасць з пляменніцай фермера. Яе ўсмешка была такая чыстая, і праз гэтую ўсмешку я ўбачыў маю вёску. А праз маю вёску — маю краіну. А праз маю краіну — іншыя краіны. Бо я неаддзельны ад духоўнай культуры, якая сваёй асновай абрала Чалавека. Я неаддзельны ад групы 2/33, якая выказала гатоўнасць змагацца за Нарвегію.


Можа здарыцца, што заўтра Аліяс пашле мяне на іншае заданне. Сёння я надзяваў сваю лётную рызу, каб служыць богу, якога не бачыў — бо быў сляпы. Агонь над Арасам сарваў заслону з маіх вачэй, і я авідушчаў. Тыя, ад каго я неаддзельны, таксама авідушчалі.

I калі на досвітку я зноў узлячу ў неба, я ўжо буду ведаць, за што я змагаюся.

Але я хачу запомніць, што ўбачыў. А для гэтага я маю патрэбу ў звычайным Сімвале Веры.


Я буду змагацца за прымат Чалавека над паасобнай асобай, — як агульнага над прыватным.


Я веру, што культ Агульнага ўзвышае і яднае ў адно духоўныя скарбы паасобных асоб і засноўвае адзіную сапраўдную гармонію — гармонію жыцця. Дрэва — сама гармонія, хоць карані яго і не падобныя на крону.


Я веру, што культ паасобных асоб спавадуе толькі смерць, бо ён імкнецца заснаваць гармонію на падабенстве. Ён падмяняе адзінства Сутнасці тоесамасцю яе частак. I разбурае храм, каб выкласці ў рад складаючыя яго камяні. Пагэтаму я буду змагацца супроць кожнага, хто стане абвяшчаць перавагу нейкага аднаго абраду над другім, нейкага аднаго народа — над іншымі народамі, адной расы — над іншымі расамі, нейкай адной думкі — над іншымі думкамі.


Я веру, што прымат Чалавека закладвае аснову толькі Роўнасці і Свабодзе, адзіна якія і маюць сэнс. Я веру ў роўнасць правоў Чалавека ў кожнай асобе. I веру, што Свабода — гэта Свабода ўзыходжання Чалавека. Роўнасць не ёсць тоесамасць. Свабода не ёсць узвялічванне асобы на шкоду Чалавеку. Я буду змагацца супроць кожнага, хто задумае падначаліць свабоду Чалавека адной нейкай асобе ці сукупнасці асоб.


Я веру, што мая духоўная культура імянуе Любоўю да бліжняга дабравольную самаахвярнасць, якая прыносіцца Чалавеку, каб сцвердзіць ягонае царства. Любоў да бліжняга ёсць дар Чалавеку, які прыносіцца праз пасрэдніцтва асобы. Яна засноўвае Чалавека. Я буду змагацца супроць кожнага, хто, сцвярджаючы, што мая любоў да бліжняга ганаруе пасрэднасць, стане адмаўляць Чалавека і гэтым самым замкне асобу ў турму безвыходнай пасрэднасці.


Я буду змагацца за Чалавека. Супроць яго ворагаў. Але таксама і супроць самога сябе.


Загрузка...