XXVI


Лёгка стварыць парадак у грамадстве, на падпарад-каванні кожнага члена вызначаным правілам. Лёгка выхаваць сляпога, які пакорна падпарадкоўваўся б па-вадыру альбо Карану. Але наколькі цяжэй вызваліць чалавека, навучыўшы яго панаваць над сабой.

Што азначае «вызваліць»? Калі ў пустыні я вызвалю чалавека, які нікуды не імкнецца, чаго варта будзе ягоная свабода? Свабода існуе толькі для некага, хто некуды імкнецца. Вызваліць чалавека ў пустыні, значыць, абудзіць у ім смагу і паказаць яму дарогу да калодзежа. Тады толькі ягоныя дзеянні набудуць сэнс. Няма сэнсу вызваляць камень, калі не існуе сілы прыцягнення. Бо вызвалены камень не рушыць з месца.

Мая духоўная культура імкнулася пакласці ў аснову чалавечых адносін культ Чалавека, які стаіць вышэй адзінкавай асобы, каб паводзіны кожнага ў адносінах да самога сябе і да іншых не былі сляпым падпарадкоўваннем законам мурашніка, а зрабілася свабодным праяўленнем любові.

Нябачныя сілы любові вызваляюць чалавека. Мая духоўная культура імкнулася зрабіць з кожнага чалавека Пасланца аднаго і таго ж уладара. Яна разглядвала асобу як шлях ці праяўленне волі таго, хто вышэй яе; яна давала ёй свабоду ўзыходжання туды, куды імкнулі яе сілы прыцягнення.

Я ведаю, адкуль паходзіць гэтае сілавое поле. Вякамі мая духоўная культура праз людзей сузірала Бога. Чалавек быў створаны па абліччу і падабенству божаму. I ў чалавеку шанавалі Бога. Людзі былі братамі ва Хрысце. Гэты водбліск Бога надаваў кожнаму чалавеку неад'емную вартасць. Адносіны чалавека да Бога выразна акрэслівалі абавязкі кожнага перад самім сабою і перад іншымі.

Мая духоўная культура — спадкаемніца хрысціянскіх каштоўнасцей. Каб лепей зразумець архітэктуру храма, я задумаюся, як ён збудаваны.

Сузіранне Бога служыла асновай роўнасці людзей — бо яны ж былі роўныя ў Богу. I сэнс гэтай роўнасці быў зразумелы. Бо роўнымі можна быць толькі ў нечым. Салдат і капітан роўныя ў сваім народзе. Роўнасць абарочваецца пустым гукам, калі няма нічога, што нітавала б гэтую роўнасць.

Я разумею, чаму роўнасць, якая была роўнасцю правоў Бога, увасобленых у індывідуумах, забараняла абмяжоўваць узыходжанне адзінкавай асобы: Бог жа мог выбраць яго за свой шлях. Але раз справа была і ў роўнасці правоў Бога на асобу, я разумею, чаму асобы, якія б яны ні былі, выконвалі адны і тыя ж абавязкі і падпарадкоўваліся адным і тым жа законам. Слугуючы Богу, яны былі роўныя ў сваіх абавязках.

Я разумею, чаму роўнасць у Богу не спрычыньвала ні супярэчнасцей, ні бязладдзя. Дэмагогія ўзнікае тады, калі, за адсутнасцю агульнай меры, прынцып роўнасці выроджваецца ў прынцып тоесамасці. Тады салдат адмаўляецца аддавасць чэсць камандзіру, бо чэсць, аддаваная камандзіру, азначала б ганараванне асобы, а не Нацыі.

Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну Бога, заснавала роўнасць людзей у Чалавеку.


Я разумею, адкуль паходзіць павага чалавека да чалавека. Вучоны павінен быў паважаць грузчыка, бо ў гэтым грузчыку ён ганараваў Бога, чыім Пасланцом грузчык з'яўляецца нароўні з вучоным. Якія б ні былі вартасці аднаго і пасрэднасць другога, ніводзін чалавек не меў маральнага права зрабіць другога рабом. Нельга ж прыніжаць Пасланца. Але гэтая павага да чалавека не прыводзіла да рабалепства перад пасрэднасцю, перад глупствам і невуцтвам, бо ў чалавеку ганаравалася найперш за ўсё годнасць Пасланца Бога. Так любоў да Бога закладвала аснову ўзвышаных адносін паміж людзьмі, паколькі справы вяліся паміж Пасланцамі, незалежна ад вартасцей асобы.


Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну ад Бога, стварыла павагу да чалавека, незалежна ад яго асобы.


Я разумею паходжанне братэрства паміж людзьмі. Людзі былі братамі ў Бозе. Братамі можна быць толь кі ў нечым. Калі няма ніякага вузла, які б звязваў людзей у адно, яны будуць стаяць адзін каля аднаго, не звязаныя паміж сабой. Нельга быць проста братамі. Мае таварышы і я — браты ў групе 2/33. Французы браты ва Францыі.


Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну Бога, заснавала братэрства людзей у Чалавеку.


Я разумею значэнне любові да бліжняга, якой навучылі мяне. Любоў да бліжняга была служэннем Богу праз асобу. Яна была данінай Богу, якой бы пасрэднай ні была асоба. Гэтая любоў не прыніжала таго, каму яна была адрасавана, не знявольвала яго ланцугамі ўдзячнасці, бо гэты дар прыносіўся не яму, а Богу. Менавіта пагэтаму такая любоў не ператваралася ў ганараванне пасрэднасці, глупства ці невуцтва. Абавязак доктара быў, рызыкуючы жыццём, лячыць чумнога хворага, хто б ён ні быў. Доктар служыў Богу. Яго не прыніжала бяссонная ноч, праведзеная ля ўзгалоўя злодзея.


Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну ад Бога, ператварыла любоў да бліжняга ў дар Чалавеку, перадаваны праз асобу.


Я разумею глыбокі сэнс Пакорлівасці, якую патрабавалі ад асобы. Пакорлівасць ніколькі не прыніжала асобу. Яна ўзвышала яе. Яна раскрывала асобе яе ролю Пасланніцы. Патрабуючы ад яе ганаравання Бога цераз бліжняга, яна адначасова патрабавала ганаравання яго і ў самой сабе, усведамлення сябе Пасланніцай ад Бога, якая ідзе шляхам, вызначаным Богам. Пакорлівасць вымагала ад асобы забывання пра сябе, і праз гэта — узвышэння сябе, бо калі асоба пачне перабольшваць сваё значэнне, шлях яе ўткнецца ў сцяну.


Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну ад Бога, прапаведавала і ганараванне самога сябе, гэта значыць — ганараванне Чалавека цераз самога сябе.


Я разумею, нарэшце, чаму любоў да бога ўсклала на людзей адказнасць адных перад другімі і надзяліла іх галоўнай вартасцю — Надзеяй. Бо кожнага чалавека яна ператварала ў Пасланца аднаго і таго ж Бога, у рукі кожнага аддавала выратаванне ўсіх. I ніхто не меў права на роспач, бо кожны быў вестуном некага болей велічнага, чым ён сам. Роспач была раўназначна адмаўленню Бога ў самім сабе. Абавязак Надзеі можна было б выказаць так: «Значыць, ты надаеш сабе такое вялікае значэнне? Колькі самаздаво-ленасці ў тваёй роспачы!»


Мая духоўная культура, маючы правы на спадчыну ад Бога, зрабіла кожнага адказным за ўсіх людзей і ўсіх людзей — адказнымі за кожнага. Асоба павінна ахвяраваць сабой дзеля выратавання калектыву, але справа тут зусім не ў элементарнай матэматыцы. Уся справа ў павазе да Чалавека цераз асобу. Гэта праўда, веліч маёй духоўнай культуры ў тым, што сто шахцёраў будуць рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання аднаго засыпанага ў шахце таварыша. Бо яны ратуюць Чалавека.


Толькі цяпер я разумею, што значыць свабода. Гэта свабода дрэва расці ў сілавым полі свайго зернейка. Яна — сукупнасць умоў узыходжання Чалавека. Яна падобная на спадарожны вецер. Толькі дзякуючы ветру паруснік свабодны ў адкрытым моры.


Чалавек, выхаваны ў гэтых правілах, меў бы сілу дрэва-волата. Якую б пространь мог бы ён ахапіць сваімі каранямі. Якія чалавечыя вартасці мог бы ён увабраць у сябе, каб яны ўсквітнелі на сонцы!


Загрузка...