З размовы з былым памочнікам першага сакратара абкама партыі:
— Навошта вам гэтая гісторыя? Не хачу гаварыць! Дзеля чаго? Усё звалілі на камуністаў… Нацкавалі на нас народ… Семнаццаты год… Па знаёмым сцэнарыі… Яшчэ адзін семнаццаты год… У нас дырэктара керамічнага завода рабочыя на тачцы вывезлі за вароты. Гарлапанілі. Білі вокны. Забыліся, што далей у гэтым сцэнарыі, у наступным акце: брат пойдзе на брата, сын на бацьку… Гісторыя паўтараецца… Тыя ж дзеючыя асобы…
Сядаю ў таксі.
— Скора камуністаў біць будзем? — пытаецца ў мяне кіроўца.
— Дык гэта ж зноў кроў?
— А без крыві ў нас нічога не атрымаецца. Я спачатку б усіх камуністаў перастраляў. А пасля брокераў і спекулянтаў. І спаліў бы гэтыя ларкі!
Музыка грае. Добрыя цыгарэты. І страляў бы! Страляў!
Вось яна — радзіма Пугачова і Сценькі Разіна… Падабаецца кроў пусціць… За справядлівасць! Толькі, як дым развеецца, убачаць, што брат забіваў брата. А вы кажаце — народ. Народ сам пра сябе сказаў, што з яго — і дубіна, і абраз.
Не хачу адказваць на вашы пытанні! Не буду! Навошта вам гэтая гісторыя? Ён, як і я, з тых, каго вы збірасцеся судзіць… Наладзіць Нюрнберг… Крычаць на вуліцах: «Давялі краіну! Разрабавалі! Злачынная партыя! Крывёю залілі…» Хочуць судзіць і жывых і мёртвых… У сталіцы б'юць, скульваюць помнікі днём, прынародна, а ў нас, у правінцыі, тайком, уначы. Помнікі Марксу, Леніну… Кажуць, рабочыя сцягнулі Леніна на жалезным тросе ўніз і кукішаў яму надавалі. Уначы скульваюць… Як злодзеі… Навошта? Развітайцеся з бальшавізмам сумленна. Навука прынесла чалавецтву куды больш незлічоныя беды. Давайце тады вынішчым вучоных! Абвесцім анафему бацькам атамнай бомбы… Марксізм, як любая вялікая ідэя, даў сваіх пакутнікаў і сваіх нягоднікаў. У гэтым «чырвоная рэлігія» падобная на ўсе іншыя рэлігіі.
Хто я зараз? Звычайны школьны настаўнік. Выкладаю гісторыю. Па старых падручніках… Новыя яшчэ не напісаны… Адыходзіць адна міфалогія, прыходзіць другая. Ніякіх ідэалаў… Я ўжо не кажу пра ідэалы… Ніякіх ідэй…
Навошта вам гэтая гісторыя? Гэтая недарэчная смерць… Невытлумачальная…
Вы думаеце, што сёння бяспечна быць шчырым? Што змянілася? Ва ўсім абвінавацілі камуністаў. Іх няма ва ўладзе. І што змянілася? Прыйшлі дэмакраты і хутчэй да той жа кармушкі, да рога, з якога многа… Цяпер вы зразумелі, што не ў камуністах справа? А ў кармушцы… А там усё строга па рангу… Як яшчэ і пры Сталіне… Пра гэта хадзіла нямала партыйных легенд… Напрыклад, як пры Сталіне загадчыкам сектараў цэка разносілі гарбату з бутэрбродамі, а лектарам толькі гарбату. Але пасля ўвялі пасады намесніка загадчыка сектара. І вось у кіраўніцтве спраў доўга думалі, як быць. Скончылася тым, што намеснікам пачалі падаваць гарбату без бутэрброда, але на белай сурвэтачцы. Ідэальная вечная схема: спачатку п'ю звычайную гарбату і мару пра гарбату на белай сурвэтцы; атрымаўшы гарбату на белай сурвэтцы, хачу гарбату з бутэрбродам. Хто вам сказаў, што Сталін памёр? Вы што — чалавека зменіце? Вінавацяць ідэю… Пры чым тут ідэя? Вялікая ідэя… Чалавек вінаваты… Ён ані кроплі не змяніўся з часоў Старога Рыма і старажытнага Ерусаліма. Чалавек гісторыяй не жыве… Ідэяй не жыве… Чалавек жыве іншым: нарадзіўся, закахаўся, ажаніўся, машыну набыў, дом паставіў. Кагосьці раўнуе, камусьці зайздросціць, чагосьці ўвесь час хоча. Мы пра ідэю гаворым, пра гэта прынята ў нас гаварыць, але мы ёю не жывём. Вось у мяне хварэе дачка… У яе прамянёвая хвароба… У дзяўчынкі… Я гэтым жыву… Некага жонка кінула… Ніхто не жыве ідэяй, толькі тыя, што розум страцілі. Наіўныя. Я страчаў такіх, але сярод партыйных і прафесіяналаў іх не было.
Я баюся быць шчырым… Я баюся за сваю сям'ю, за дзяцей. Да маёй дачкі, яна вучыцца ў пятым класе, падышлі на перапынку аднакласнікі:
— Мы з табой сябраваць не будзем. Твой тата ў абкаме партыі працаваў.
— Мой тата добры.
— Добры тата не мог там працаваць. Мы ўчора на мітынгу былі.
Я прашу бацькоў: ніколі не бярыце дзяцей на мітынгі! Ці вы хочаце новых Гаўрошаў і Паўлікаў Марозавых? Толькі па іншы бок барыкад…
У камуністаў майго пакалення заставалася мала агульнага з Паўкам Карчагіным. Я так мяркую, што ў нас былі тры пакаленні камуністаў: першае — прафесійныя рэвалюцыянеры, з партфелямі і рэвальверамі, гэтыя хацелі развесці пэўны тып людзей, а ад астатніх пазбавіцца; другое — самыя шчырыя, сумленныя, яны выраслі пасля Кастрычніка, калі ідэя яшчэ была маладая, моцная, і яны верылі ў камунізм, іх у трыццаць сёмым у лагерах знішчылі; і трэцяе, апошняе — гэта мы — служкі партыі, клеркі. Мы проста працавалі. Гэта была добрая работа. Ніхто пра ідэю ніколі не гаварыў, ставіліся да яе, як да абраду. Існаваў такі абрад — светлая будучыня. Без яго нельга было выйсці на трыбуну, падняцца на сцэну, вынесці чырвоны сцяг. Мы разумелі, што чалавек ідэяй не жыве, але яна павінна існаваць, ззяць з вышыні. Ідэя пакідае чалавека ў гісторыі. А ў нас была вялікая ідэя! Без ідэі мы — хто? Гаворачая гліна…
Як, скажыце, без светлай будучыні мне прыходзіць штодня ў школу? У клас…
Я не пазнаю твары людзей на вуліцы… Яны перамяніліся… Яны перамяніліся вельмі хутка, імгненна. І яны мне не падабаюцца… Мне не падабаюцца гаворкі маіх вучняў пра курс долара і нямецкай маркі…
І вашы пытанні мне не падабаюцца… Дзеля чаго вам гэтая гісторыя?
Праз некалькі гадзін ён сам адшукаў мяне ў гатэлі.
— І ўсё-такі: навошта вам гэтая гісторыя? Хочаце парадаваць абывацеля? Не кожны дзень камуністы канчаюць самагубствам… Тым больш работнік абкама партыі… Абывацель будзе ў захапленні! Гісторыя паўтараецца… Раю перачытаць «Акаянныя дні» Івана Буніна. Многія мясціны з гэтай кнігі я ведаю на памяць. Супадае! Усё супадае! Мы вярнуліся на семдзесят гадоў назад… Вось, напрыклад, гэтая мясціна: «Памятаю старога рабочага ля варот дома, дзе былі раней «Одесские новости», у першы дзень панавання бальшавікоў. Раптам выскачыла з-пад варот чарада хлапчукоў са стосамі толькі што аддрукаваных «Известий». і з крыкам «На адэскіх буржуяў накладзена кантрыбуцыя ў 500 мільёнаў!» — Рабочы захрыпеў, захліпнуўся ад лютасці і злараднасці: «Мала! Мала!»
Пазнаяце?! Як быццам на нашых сённяшніх вуліцах падслухана і запісана…
Вы па гэта прыехалі? Напісаць, як камуністы сёння выкідваюцца з восьмага паверха? (Маўчыць.) Даруйце… (Памкнуўся пайсці, але застаецца.) Гэта была простая і невытлумачальная смерць… Зразумелая і незразумелая… Я блізка ведаў яго і адчуваю сваю адказнасць за версію, з якою вы адсюль паедзеце. Адны, я здагадваюся, адмоўчацца, адхрысціўшыся ад свайго «камуністычнага мінулага», — такіх зараз большасць, іншыя распавядуць па чутках, прыдуманае. Гэта цяпер, праз семдзесят гадоў, мы чытаем успаміны пра Калчака, Дзянікіна і спрабуем іх зразумець… А тады — праклёны і свіст над магіламі… Галёканне… Я — гісторык, я пра гэта думаю… Мы асуджаны на вяртанне. Пракляўшы чужыя магілы, паміраем, каб тое ж самае паўтарылі над нашымі… Вы ж памятаеце, як пакідаў свой прэзідэнцкі кабінет Гарбачоў? Яго штурхалі ў плечы. Барабанілі! Як усе радаваліся, калі наклаў на сябе рукі Пуга! Самае страшнае, што з намі адбылося — мы перасталі баяцца смерці. Мне калісьці стары святар, якога я з новенькім універсітэцкім дыпломам пераконваў, што Бога няма, валок Бога за бараду на зямлю, мне гэты святар расказаў анекдот.
Рэвалюцыя… У адным куце царквы п'юць, балююць чырвонаармейцы, а ў другім — іхнія коні ядуць авёс і мочацца. Дзячок бяжыць да настаяцеля:
— Бацюшка, што яны робяць у святым храме?
— Гэта не страшна. Гэтыя пастаяць і пойдуць. Страшна будзе, як іхнія ўнукі вырастуць…
У вялікай ідэі два жыцці: чыстае — у розуме, у кнігах, і другое, зямное жыццё, жыццё ў рэальнасці. У Крамлі сядзелі крамлёўскія летуценнікі і аб сусветнай рэвалюцыі думалі, а ў царкве чырвонаармейцы пілі, гулялі і іхнія коні мачыліся. Ідэя цудоўная! Але што вы з чалавекам зробіце? Чалавек не змяніўся з часоў Старога Рыма…
Навошта вам гэтая гісторыя? Хіба хто-небудзь можа зразумець смерць? Мы з ім у апошнія дні шмат гаварылі. Але ж самае галоўнае адбылося потым, пасля яго…
Ну, для пачатку я вам скажу, што гэта быў тыповы партработнік. Сістэма адбору партыйных кадраў жорстка рэгламентавалася. Даходзіла да смешнага. Ветэрынар, напрыклад, мог стаць другім сакратаром райкама партыі, а лекар-тэрапеўт не, бо ў апарат бралі толькі вытворцаў, тэхнічную інтэлігенцыю. Гуманітарыі не цаніліся, ім не давяралі, яны заўсёды былі як бы на падазрэнні. Гэта цяпер драматургі і перакладчыкі, малодшыя навуковыя супрацоўнікі могуць кіраваць краінай, а ў тыя часы — гэта было справай партыйных прафесіяналаў. Сакратаром па ідэалогіі звычайна была жанчына. Яе саджалі ва ўсе прэзідыумы, у цэнтры. Але чаму — жанчына? А для аздобы… Як на плакаце… Я вам казаў ужо, што існаваў абрад… Абрад светлай будучыні… Абрад улады… Але тэхнакратызм, вядома, накладваў адзнаку. Думка, што народ можа выйсці на вуліцы, здавалася неверагоднай. Ці можа бунтаваць турма? Ці можа бунтаваць армія? Мне цяпер таксама незразумела, чым сілкавалася гэтая наша ўпэўненасць?
Так, дык вось, ён быў тыповы партработнік, яму больш за ўсё падабаўся брэжнеўскі час. Ён мог вынесці пытанне на бюро абкама, на сакратарыят… Напісаць пастанову… Засакрэціць дакумент… Пакласці пад сукно… Выканаць любую каманду… Але ў ягонай галаве не магла нарадзіцца аніводная ідэя, бо ён — па сваёй прыродзе — толькі выканаўца: як быў некалі інжынерам на заводзе, так ім і застаўся. Загадаюць — зробіць, даложыць. А пачалася перабудова… Па тэлевізары выступаў Гарбачоў і абяцаў народу дэмакратыю… Народ выходзіў на цэнтральную плошчу горада і патрабаваў то хлеба, то волі, то мяса, то курыва… Такога народа ніхто з нас не ведаў. Мы прывыклі да арганізаваных майскіх калон.
Ён адказваў у абкаме партыі за навуку і культуру… І вось гэты чалавек прыходзіў да мяне ў кабінет і пытаўся: ці трэба яму чытаць «Дзяцей Арбата» Анатоля Рыбакова. І што адказваць, калі на сустрэчы ў тэхнікуме ці ў інстытуце ў яго спытаюць пра Салжаніцына? Якая на гэты конт паступіла каманда зверху? Грымнулі такія дні, калі для яго нічога не было страшнейшага, чым выехаць куды-небудзь з дакладам, сустрэцца з людзьмі. Ён прыходзіў з ранку на працу і сядзеў, не выходзіў са свайго кабінета. Ён баяўся тэлефонных званкоў… Яны вымагалі імгненных рашэнняў, яго ўмяшальніцтва: у школе забаставалі настаўнікі, у тэатры малады рэжысёр рэпеціруе забароненую п'есу… Выйшлі на мітынг старыя — ахвяры сталінскіх рэпрэсій… Па-мойму, вайскоўцы — гэта былі адзіныя людзі, якіх ён яшчэ неяк разумеў. Сістэма каардынат тут супадала…
Пра што мы гаварылі? Я быў нашмат маладзейшы, але нават не гэта, а тое, што я знаходзіўся як бы паблізу ад улады, яго да мяне прываблівала. І тое, што я быў малады, значыцца, я быў бліжэй да таго, што рабілася на вуліцы, я толькі што з таго жыцця прыйшоў сюды. Мяне ўзялі на работу ў абкам з абласной газеты. «Вось вы — маладыя», — пачынаў ён. Маладыя — значыць, адказныя за тое, што адбываецца, пераварочваецца. Ён гаварыў аб цвёрдай руцэ, аб парадку, аб тым, што ўсё развальваецца. Іншых пытанняў ён сабе не задаваў. Ён ніколі не чытаў Маркса, зрэшты, як і я. У ВНУ мы калісьці ўсё гэта пралісталі перад экзаменамі. Маркса і Леніна я стаў чытаць цяпер, калі зносяць помнікі ім, валакуць на звалку…
Я яго бачыў тым днём… За некалькі хвілін, як ён выскачыў… Выходжу ў калідор: ён ходзіць без пінжака, адчынены дзверы ў туалет, а там вокны — насцеж… Неяк вінавата ўсміхнуўся мне… Пінжак вісіць на ручцы дзвярэй… Мільганула: чаму ён тут, на восьмым паверсе? Быццам ніхто яго не выклікаў… На восьмым паверсе быў кабінет першага сакратара абкама, сюды ці выклікалі, ці запрашалі. Уявіць, каб хто-небудзь проста так падняўся туды і паходжваў, немагчыма. Ніхто нават са сваіх работнікаў не заходзіў, акрамя мяне, яго памочніка, і сакратар-машыністкі. Мы былі побач, нашы кабінеты. Існаваў этыкет, які не парушаўся. Краем свядомасці прабегла думка: быццам ніхто яго не выклікаў… Я забраў у прыёмнай аддрукаваныя старонкі (якраз пісаў даклад першаму сакратару) і вярнуўся да сябе. Праз некалькі хвілін чую крыкі ў калідоры…
Нядаўна я недзе прачытаў, што раб згадвае не толькі бізуны ланцугі, якімі ён быў прыкаваны да галераў, але і прыгажосць мора, і салёны вецер у твар… Дзеля чаго я пра гэта? Гэта ўжо зусім пра іншае. Ці не?.. Пра тое ж. Ва ўніверсітэце я думаў пра сябе, што я — незалежны. А ў арміі спаймаў сябе на думцы, што шчаслівы стаяць у шарэнзе па стойцы «смірна», і ўзнікла жаданне страляць… Гэта ўжо пра іншае… Гэта ўжо пачуцці, эмоцыі… А нам патрэбны факты…
Ён прыйшоў тым днём на працу ў старым касцюме… У старых чаравіках… Я пасля думаў, што ён ішоў і ўяўляў, як будзе гэта рабіць… Вось гэтую паслядоўнасць: дзе, як, калі? Адчыніць, падняцца, ступіць… Хто б мог падумаць, што ён будзе на гэта здатны? Паслушнік па сваёй прыродзе… Ён парушыў усе правілы гульні…
Загадчык аддзела абкама партыі — наменклатура цэка. І раптам ён кідаецца з восьмага паверха, разбіваецца насмерць… Гэта ўсё роўна, што ісці на маршы і ўхітрыцца павесіцца. Быў пярэпалах. Неўразуменне. Прыязджалі камісіі…
Я магу пераказаць вам тэкст нашых тлумачальных запісак, нават з захаваннем стылю партыйных дакументаў, я іх нямала ў свой час напісаў. Нешта накшталт таго, што некалькім работнікам абкама партыі было прапанавана падшукаць іншую працу ў сувязі з тым рэфармаваннем партыі, якое адбываецца ў краіне. У ліку іх быў і Ігнат С. Былі варыянты: пасада дырэктара кінатэатра ці начальніка «Саюздруку», выкладчыцкая работа ў Сельгасакадэміі. І гэтак далей. У службовай паперы выкладалася службовая праўда… У ёй не было нашых гаворак і яго разгубленасці, неразумення таго, што адбываецца наўкол. Ён служыў партыі, як ён лічыў, верай і праўдай, ні разу не свавольнічаў, заўсёды быў пад рукой, напагатове, і раптам яна яго выганяе. Яна яму здраджвае. Інакш, чым здраду, ён гэта расцаніць не мог. Ён жа быў такі, якім партыя хацела, якім яна яго зляпіла і ўціхамірыла, ён стаў яе атамам, яе, жывой клеткай. Яму падабалася гэта вялікая, бязлітасная машына. Аднойчы ён мне прызнаўся, што марыў быць вайскоўцам, але не прайшоў па конкурсе ў вайсковую вучэльню.
Як гэты чалавек узбунтаваўся? Гэты паслушнік. Я дагэтуль зразумець не магу. Ён заўсёды рабіў тое, што яму загадаюць…
У яго была прыгожая жонка. Бухгалтар у будтрэсце. Двое сыноў. Ён атрымаў для кожнага кватэру. Купіў ім машыны. Але, але, усё гэта было, і ён гэта ўсё ўмеў — узяць, атрымаць, пазваніць, папрасіць, націснуць, выбіць. Казённая дача… Прадуктовыя заказы ў абкамаўскім буфеце… Але не з-за гэтага са стометровай вышыні — на камень? Не з-за сыравэнджанай кілбасы і ікры…
Яго выгналі, яму здрадзілі… Ён не мог з гэтым прымірыцца…
Была яшчэ адна акалічнасць. Хатняя. Інтымная. Я не ўпэўнены, што маю права прыадкрываць яе. Але калі без імя… Інкогніта… Калі жонка даведалася, што ён ідзе з абкама, прыгразіла: «Забірай сваю старую маці! Вязі назад у вёску! Мне абрыдла з-пад яе гаршкі насіць…» Маці цяжка хварэла… Ён папрасіў у абкаме машыну, і шафёр расказваў, як яны адвозілі ў вёску яго хворую маці. Праедуць дзесяць кіламетраў:
— Стой! Паварочвай назад.
Выйдзе. Папаліць.
— Едзем далей.
Пакінуў ён маці ў старой, халоднай хаце. На чужых людзей. Плакаў. Прасіў. Гэта ён, да каго ўся вёска прыязджала шукаць справядлівасці?! Гэта ён, хто быў — улада.
Чалавек зламаўся. Я думаю, ён канчаткова зламаўся там, у машыне, калі ён сядзеў у кабіне, а напаўспаралізаваная маці ляжала ў кузаве, у кабіну яна не ўлезла. Усё ў жыцці перамешана: сыравэнджаная кілбаса, ікра, улада і смерць. Я не спрабую выклікаць у вас спачуванне. Гэта наша вар'яцкае, безразважнае наша жыццё… Па Бібліі чалавек жыве не пры капіталізме, не пры сацыялізме, а на Зямлі. Я павінен вытлумачыць гэтае жыццё сваім вучням…
Тэатр абсурду! Самае галоўнае здарылася потым, пасля яго… Праз некалькі месяцаў мы ўсе шукалі іншую работу. Партыя, якая на момант яе закрыцця мела трынаццаць мільёнаў сябраў, перастала існаваць аб адным дні. Мне пазванілі раніцай: «Абкам зачыняюць. У нас дзве гадзіны, каб забраць свае рэчы». Узвінчаны натоўп ля будынка абкама… Крыкі і абразы… Прымусілі раскрыць партфель… Вывернуць кішэні і зняць паліто… Кабінеты апячатвала камісія: нейкі слесар, няўдачнік-журналіст, маці пяцярых дзяцей… Яе я запомніў па мітынгах, яна заўсёды выступала і расказвала, што жыве ў шматсямейным бараку, з дзецьмі, патрабавала кватэру. У маім кабінеце ўсё перавярнулі, прапала попельніца і запальнічка… Дарэчы сказаць, праз год я спаткаў тую жанчыну, спытаў: «Ці атрымалі вы кватэру?» Яна пагразіла кулаком у бок будынка былога абкама партыі: «І гэтыя падлюгі мяне падманулі!» Першы сакратар абкама зараз — намдырэктара саўгаса, ён — неблагі інжынер. Другі сакратар — дырэктар кінатэатра… Я — настаўнік… Ніхто не адчувае сябе катам… Усе адчуваюць сябе ахвярамі… І ўнізе, і наверсе… Усіх асудзілі на здраду… Хто? Адны кажуць, што ідэя нам здрадзіла… Другія, што мы ёй здрадзілі…
Усё адбываецца па знаёмым сцэнарыі… Вы чалавека не пераменіце… І без намаганняў сістэмы чалавек хоча знікнуць у масе. Здаецца, гэта словы Оруэла. Калі чалавек у масе, ён невідочны, але ён бессмяротны. Сацыялізм змушаў чалавека жыць у гісторыі, тварыць гісторыю… Ён гуртаваў, з'ядноўваў адным дзеяннем, адным накірункам руху. Вялікая ідэя падпарадкоўвала хаос… Яна ззяла з вышыні, няхай недасяжная, і нават лепш, што недасяжная. Народ адчуваў сябе ў гісторыі, што ён здзяйсняе гістарычныя ўчынкі, што ён пры чымсьці вялікім прысутнічае… Такое пачуццё ён зведваў яшчэ толькі ў вайну… А што вы яму дасце? Сытае жыццё? Дабрабыт? Яны ніколі не будуць для нас вышэйшай мэтаю. Іншы замес. Нам патрэбны трагічны ідэал… Быў абрад — светлая будучыня… І быў гэты трагічны ідэал… Вы яго не растопчаце. Не адбераце. Ён будзе жыць. Ну што ж, пішыце. Цяпер усё можна пісаць, і ўсе пішуць, а дзе літаратура? Дзе што-небудзь адпаведнае таму, што з намі адбываецца? Хоць бы вось адна яго смерць… Гэтая смерць…