Бураціна, лісіца Аліса і кот Базіліо спусціліся з гары і ішлі, ішлі — праз палі, вінаграднікі, праз сасновы бор, выйшлі да мора і зноў павярнулі ад мора, праз той жа бор, вінаграднікі…
Гарадок на ўзгорку і сонца над ім паказваліся то справа, то злева…
Лісіца Аліса гаварыла, уздыхаючы:
— Ах, не так гэта лёгка трапіць у Краіну Дурняў, усе лапы сатрэш…
Пад вечар яны ўбачылі збоку ад дарогі стары дом з плоскім дахам і з шыльдай над уваходам: харчэўня «Трох печкуроў».
Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку і нізка кланяўся, просячы зайсці.
— Не шкодзіла б нам падсілкавацца хоць сухой скарыначкай, — сказала лісіца.
— Хоць скарыначкай хлеба пачаставалі б, — паўтарыў кот.
Зайшлі ў харчэўню, селі каля камінка, дзе на ражнах і скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.
Лісіца ўвесь час аблізвалася, кот Базіліо паклаў лапы на стол, вусатую морду — на лапы, утаропіўся на яду.
— Гэй, гаспадар, — важна сказаў Бураціна, — дайце нам тры скарыначкі хлеба…
Гаспадар ледзь не ўпаў ніцма ад здзіўлення, што такія паважаныя госці так мала патрабуюць.
— Вясёленькі, дасціпненькі Бураціна жартуе з вамі, гаспадар, — захіхікала лісіца.
— Ён жартуе, — буркнуў кот.
— Дайце тры скарыначкі хлеба і да іх — вунь таго цудоўна засмажанага баранчыка, — сказала лісіца, — і яшчэ тое гусяня, ды два галубы на ражончыку, ды, бадай-што, яшчэ пячоначкі…
— Шэсць штук самых тлустых карасёў, — загадаў кот, — і дробнай рыбы сырой на закуску.
Карацей кажучы, яны ўзялі ўсё, што было на камінку; для Бураціна засталася адна скарыначка хлеба.
Лісіца Аліса і кот Базіліо з'елі ўсё разам з касцямі. Жываты ў іх надзьмуліся, морды заблішчалі.
— Адпачнем гадзінку, — сказала лісіца, — а роўна апоўначы выйдзем. Не забудзьце нас пабудзіць, гаспадар…
Лісіца і кот разваліліся на двух мяккіх ложках, захраплі і засвісталі. Бураціна прыкархнуў у кутку на сабачай падсцілцы…
Яму снілася дрэўца з кругленькімі залатымі лістамі… Толькі ён працягнуў руку…
— Гэй, сіньёр Бураціна, пара, поўнач ужо…
У дзверы стукалі. Бураціна ўсхапіўся, працёр вочы. На ложку — ні ката, ні лісіцы, — пуста.
Гаспадар растлумачыў яму:
— Вашы паважаныя сябры мелі ласку раней устаць, падсілкаваліся халодным пірагом і пайшлі…
— Мне нічога не загадалі перадаць?
— Вельмі нават загадалі, — каб вы, сіньёр Бураціна, не трацячы ні хвіліны, беглі па дарозе да лесу…
Бураціна кінуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукі ў бокі:
— А за вячэру хто будзе плаціць?
— Ой, — піскнуў Бураціна, — колькі?
— Роўна адзін залаты…
Бураціна адразу ж хацеў прашмыгнуць міма яго ног, але гаспадар схапіў ражон, — шчаціністыя вусы, нават валасы над вушамі ў яго сталі дыбам.
— Плаці, нягоднік, а не — дык праткну цябе, як жука!
Давялося заплаціць адзін залаты з пяці. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бураціна пакінуў праклятую харчэўню.
Ноч была цёмная, — гэтага мала — чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькі над галавой Бураціна нячутна лятала начная птушка Сплюшка.
Закранаючы мяккім крылом яго нос, Сплюшка паўтарала:
— Не вер, не вер, не вер!
Ён са злосцю спыніўся:
— Чаго табе?
— Не вер кату і лісіцы…
— Ды ну цябе!..
Ён пабег далей і чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон:
— Бойся разбойнікаў на гэтай дарозе…