Бураціна знаёміцца з жыхарамі сажалкі, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет і атрымлівае ад чарапахі Тарцілы залаты ключык

Не трэба забывацца, што Бураціна быў драўляны і таму не мог утапіцца.

Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай.

Вакол яго сабраліся жыхары сажалкі: усім вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонікі, вадзяныя жукі з заднімі лапамі, падобнымі на вёслы, п'яўкі, лічынкі, якія елі ўсё, што траплялася, нават саміх сябе, і, нарэшце, розныя дробныя інфузорыі.

Апалонікі казыталі яго цвёрдымі губамі і з асалодай жавалі кутасік на каўпачку. П'яўкі запаўзлі ў кішэню куртачкі. Адзін вадзяны жук некалькі разоў узлазіў на яго нос, які высока тырчаў з вады, і адтуль кідаўся ў ваду — ластаўкай.

Дробныя інфузорыі, звіваючыся і таропка дрыжучы валаскамі, якія замянялі ім рукі і ногі, спрабавалі падхапіць якую-небудзь спажыву, але самі траплялі ў рот лічынкам вадзянога жука.

Бураціна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамі па вадзе:

— Пайшлі прэч! Я вам не здохлая кошка.

Жыхары сажалкі шмыгнулі хто куды. Ён перавярнуўся на жывот і паплыў.

На круглых лістах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелі жабы з вялікімі ратамі, вылупленымі вачыма пазіралі на Бураціна.

— Нейкая каракаціца плыве, — квакнула адна.

— Нос, як у бусла, — квакнула другая.

— Гэта марская жаба, — квакнула трэцяя.

Бураціна, каб перадыхнуць, вылез на вялікі ліст гарлачыка. Сеў на ім, шчыльна абхапіў калені і сказаў, ляскаючы зубамі:

— Усе хлопчыкі і дзяўчынкі напіліся малака, спяць у цёплых ложках, адзін я сяджу на мокрым лісце… Дайце паесці чаго-небудзь, жабы.

Жабы, як вядома, вельмі халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў іх няма сэрца. Калі Бураціна, дробна ляскаючы зубамі, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылі, мільганулі заднімі нагамі і нырнулі на дно сажалкі.

Яны прынеслі адтуль здохлага жука, страказінае крыльца, кавалачак твані, зернетка ракавай ікры і некалькі гнілых карэньчыкаў.

Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бураціна, жабы зноў ускочылі на лісты гарлачыкаў і сядзелі, як каменныя, узняўшы галовы з вялікімі ратамі і вылупленымі вачыма.

Бураціна панюхаў, пакаштаваў жабіны пачастункі.

— Мяне знудзіла, — сказаў ён, — якая брыда!..

Тады жабы зноў — усе адразу — боўтнулі ў ваду…

Зялёная раска на паверхні сажалкі загайдалася, і з'явілася вялікая, страшная змяіная галава. Яна паплыла да ліста, дзе сядзеў Бураціна.

У яго ўстаў дыбам кутасік на каўпачку. Ён ледзь не зваліўся ў ваду ад страху.

Але гэта была не змяя. Гэта была нікому не страшная, пажылая чарапаха Тарціла, з падслепаватымі вачыма.

— Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі! — сказала Тарціла. — Сядзеў бы ты дома ды старанна вучыўся! Занесла цябе ў Краіну Дурняў.

— Дык я ж хацеў здабыць чым болей залатых манет для таты Карла… Я надзвычччай добры і разважлівы хлопчык…

— Грошы твае ўкралі кот і лісіца, — сказала чарапаха. — Яны прабягалі каля сажалкі, спыніліся напіцца, і я чула, як яны хваліліся, што выкапалі твае грошы, і як пабіліся за іх… Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі!..

— Не лаяцца трэба, — прабурчаў Бураціна, — тут памагчы трэба чалавеку… Што я цяпер буду рабіць? Ой-ой-ой!.. Як я вярнуся да таты Карла? Ай-ай-ай!..

Ён цёр кулакамі вочы і хныкаў так жаласна, што жабы раптам усе адразу ўздыхнулі:

— Ух-ух… Тарціла, памажы чалавеку.

Чарапаха доўга пазірала на месяц, штосьці ўспамінала…

— Аднойчы я вось гэтак жа памагала аднаму чалавеку, а ён потым з маёй бабулі і майго дзядулі нарабіў чарапахавых грабянцоў, — сказала яна. І зноў доўга пазірала на месяц. — Што ж, пасядзі тут, чалавечак, а я папоўзаю па дне, — можа, знайду адну карысную рэч.

Яна ўцягнула змяіную галаву і паволі апусцілася пад ваду.

Жабы прашапталі:

— Чарапаха Тарціла ведае вялікую таямніцу.

Мінула шмат-шмат часу. Месяц ужо хаваўся за ўзгоркі…

Зноў загайдалася зялёная раска, з'явілася чарапаха, трымаючы ў роце маленькі залаты ключык.

Яна паклала яго на ліст ля ног Бураціна.

— Бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі, — сказала Тарціла, — не бядуй, што лісіца і кот укралі ў цябе залатыя манеты. Я даю табе гэты ключык. Яго ўпусціў на дно сажалкі чалавек з барадой такой даўжыні, што ён яе запіхваў у кішэню, каб яна не замінала яму хадзіць. Ах, як ён прасіў, каб я адшукала на дне гэты ключык!..

Тарціла ўздыхнула, памаўчала і зноў уздыхнула так, што з вады пайшлі бурбалкі.

— Але я не памагла яму, я тады была вельмі злосная на людзей за маю бабулю і майго дзядулю, з якіх нарабілі чарапахавых грабянцоў. Барадаты чалавек шмат расказваў пра гэты ключык, але я ўсё забылася. Памятаю толькі, што трэба адамкнуць ім нейкія дзверы, і гэта прынясе шчасце…

У Бураціна закалацілася сэрца, загарэліся вочы. Ён адразу забыўся на ўсе свае няшчасці. Выцягнуў з кішэні куртачкі п'явак, паклаў туды ключык, ветліва падзякаваў чарапасе Тарціле і жабам, кінуўся ў ваду і паплыў да берага. Калі ён чорненькім ценем паказаўся на краі берага, жабы вухнулі яму ўслед:

— Бураціна, не згубі ключык!

Загрузка...