П'еро расказвае, якім чынам ён, верхам на зайцы, трапіў у Краіну Дурняў

— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра. Сіньёр Карабас Барабас сядзеў каля камінка і курыў люльку. Усе лялькі ўжо спалі. Я адзін не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакітнымі валасамі…

— Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, — перабіў Бураціна. — Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкі — з каморкі з павукамі…

— Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакітнымі валасамі? Ты бачыў маю Мальвіну?

— Падумаеш — дзіва! Плакса і прыставайла…

П'еро ўсхапіўся, размахваючы рукамі.

— Вядзі мяне да яе… Калі ты мне паможаш знайсці Мальвіну, я табе адкрыю таямніцу залатога ключыка…

— Як! — закрычаў Бураціна радасна. — Ты ведаеш таямніцу залатога ключыка?

— Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што ім трэба адамкнуць адны дзверцы… Я падслухаў таямніцу, і таму сіньёр Карабас Барабас шукае мяне з паліцэйскімі сабакамі.

Бураціна страшэнна захацелася зараз жа пахваліцца, што таямнічы ключык ляжыць у яго ў кішэні. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок і запхнуў яго ў рот.

П'еро ўпрошваў весці яго да Мальвіны. Бураціна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна і небяспечна, а вось калі развіднее — яны пабягуць да дзяўчынкі.

Прымусіўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мімозы, Бураціна прамовіў шарсцяным голасам, паколькі рот яго быў заткнуты каўпачком:

— Шашкажвай…

— Дык вось, — аднойчы ноччу шумеў вецер…

— Пра гэта ты ўжо шашкажваў…

— Дык вось, — працягваў П'еро, — я, разумееш, не сплю і раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў…

Сіньёр Карабас Барабас забурчаў: «Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?»

— Гэта я — Дурамар, — адказалі за акном, — прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню.

Мне, разумееш, вельмі захацелася паглядзець, якія бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я ціхенька адхінуў ражок фіранкі і прасунуў галаву ў пакой. І — бачу:

Сіньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступіў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся і адчыніў дзверы.

Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькім-маленькім тварам, такім зморшчаным, як грыб смарчок. На ім было старое зялёнае паліто, на папружцы віселі абцугі, кручкі і шпількі. У руках ён трымаў бляшаную банку і сачок.

— Калі ў вас баліць жывот, — сказаў ён, кланяючыся, нібы спіна была ў яго зламана пасярэдзіне, — калі ў вас моцна баліць галава ці стукае ў вушах, я магу вам паставіць за вушы паўтузіна найлепшых п'явак.

Сіньёр Карабас Барабас прабурчаў:

— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькі ўлезе.

Дурамар стаў спінай да камінка.

Адразу ж ад яго зялёнага паліто пайшла пара і запахла тванню.

— Дрэнна ідзе гандаль п'яўкамі, — сказаў ён зноў. — За кавалак халоднай свініны і шклянку віна я гатовы вам прыставіць да сцягна тузін цудоўных п'явачак, калі ў вас ламата ў касцях…

— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! — закрычаў Карабас Барабас. — Ежце свініну і піце віно.

Дурамар пачаў есці свініну, твар яго сціскаўся і расцягваўся, як гумавы. Наеўшыся і напіўшыся, ён папрасіў на люльку тытуню.

— Сіньёр, я сыты і сагрэты, — сказаў ён. — Каб заплаціць вам за вашу гасціннасць, я вам адкрыю таямніцу.

Сіньёр Карабас Барабас пасоп люлькай і адказаў:

— Ёсць толькі адна таямніца на свеце, якую я хачу ведаць. На ўсё астатняе я пляваў і чхаў.

— Сіньёр, — зноў сказаў Дурамар, — я ведаю вялікую таямніцу, яе паведаміла мне чарапаха Тарціла.

Пры гэтых словах Карабас Барабас вылупіў вочы, усхапіўся, заблытаўся ў барадзе, паляцеў проста на спалоханага Дурамара, прыціснуў яго да жывата і зароў, як бугай:

— Шаноўнейшы Дурамар, найдаражэйшы Дурамар, кажы, кажы хутчэй, што табе паведаміла чарапаха Тарціла!

Тады Дурамар расказаў яму наступную гісторыю:

«Я лавіў п'явак у адной бруднай сажалцы каля Горада Дурняў. За чатыры сольда ў дзень я наймаў аднаго беднага чалавека, — ён раздзяваўся, залазіў у сажалку па шыю і стаяў там, пакуль да яго голага цела не прысмоктваліся п'яўкі.

Тады ён выходзіў на бераг, я абіраў з яго п'явак і зноў пасылаў яго ў сажалку.

Калі мы налавілі такім чынам колькі трэба было п'явак, з вады раптам паказалася змяіная галава.

— Паслухай, Дурамар, — сказала галава, — ты перапалохаў усё насельніцтва нашай цудоўнай сажалкі, ты каламуціш ваду, ты не даеш мне спакойна адпачываць пасля снедання… Калі скончыцца гэты непарадак?..

Я ўбачыў, што гэта звычайная чарапаха, і, ніколькі не баючыся, адказаў:

— Пакуль не вылаўлю ўсіх п'явак у вашай бруднай лужыне…

— Я гатова адкупіцца ад цябе, Дурамар, каб ты пакінуў у спакоі нашу сажалку і больш ніколі не прыходзіў.

Тады я пачаў здзекавацца з чарапахі:

— Ах ты, стары плывучы чамадан, дурная цётка Тарціла, чым ты можаш ад мяне адкупіцца? Хіба сваёй касцяной чарапашынай, куды хаваеш лапы і галаву… Я прадаў бы тваю чарапашыну на грабеньчыкі…

Чарапаха пазелянела ад злосці і сказала мне:

— На дне сажалкі ляжыць чароўны ключык… Я ведаю аднаго чалавека, — ён гатовы зрабіць усё на свеце, каб атрымаць гэты ключык…»

Не паспеў Дурамар вымавіць гэтыя словы, як Карабас Барабас залямантаваў з усяе сілы:

— Гэты чалавек — я! я! я! Паважанейшы Дурамар, дык чаму ж ты не ўзяў у чарапахі ключык?

— Вось яшчэ! — адказаў Дурамар і сабраў у маршчыны ўвесь твар, так што ён зрабіўся падобны на вараны смарчок. — Вось яшчэ! Прамяняць найцудоўнейшых п'явак на нейкі ключык… Карацей кажучы, мы пасварыліся з чарапахай, і яна, узняўшы з вады лапу, сказала:

«— Прысягаю — ні ты і ніхто іншы не атрымае чароўнага ключыка. Яго атрымае толькі той чалавек, хто прымусіць усё насельніцтва сажалкі прасіць мяне аб гэтым…

З узнятай лапай чарапаха апусцілася ў ваду».

— Не трацячы ні хвіліны, бегчы ў Краіну Дурняў! — закрычаў Карабас Барабас, паспешліва засоўваючы канец барады ў кішэню, хапаючы шапку і ліхтар. — Я сяду на беразе сажалкі. Я буду ласкава ўсміхацца. Я буду прасіць і маліць жаб, апалонікаў, вадзяных жукоў, каб яны прасілі чарапаху… Я абяцаю ім паўтара мільёна самых тлустых мух… Я буду рыдаць, як адзінокая карова, стагнаць, як хворая курыца, плакаць, як кракадзіл. Я стану на калені перад самым маленькім жабянём… Ключык павінен быць у мяне! Я пайду ў горад, я зайду ў адзін дом, я прабяруся ў пакой пад лесвіцай… Я адшукаю маленькія дзверцы, — міма іх усе ходзяць, і ніхто не заўважае іх. Усаджу ключык у замочную шчыліну…

— У гэты час, разумееш, Бураціна, — расказваў П'еро, седзячы пад мімозай на прэлых лістах, — мне так стала цікава, што я ўвесь высунуўся з-за фіранкі.

Сіньёр Карабас Барабас убачыў мяне.

— Ты падслухоўваеш, нягоднік! — і ён рынуўся, каб схапіць мяне і кінуць у агонь, але зноў заблытаўся ў сваёй барадзе і са страшэнным грукатам, перакульваючы крэслы, расцягнуўся на падлозе.

Не памятаю, як я апынуўся за акном, як пералез цераз плот. У цемры шумеў вецер і хвастаў дождж.

Над маёй галавой чорная хмара асвятлілася маланкай, і за дзесяць крокаў ззаду я ўбачыў Карабаса Барабаса і прадаўца п'явак, якія беглі за мною. Я падумаў: «Загінуў», — спатыкнуўся, упаў на нешта мяккае і цёплае, схапіўся за чыесьці вушы…

Гэта быў шэры заяц. Ён са страху заверашчаў, высока падскочыў, але я моцна трымаў яго за вушы, і мы памчаліся ў цемры цераз палі, вінаграднікі, агароды.

Калі заяц стамляўся і садзіўся, пакрыўджана жуючы раздвоенай губой, я цалаваў яго ў лобік.

— Ну, калі ласка, ну яшчэ трошкі праскачам, шэранькі…

Заяц уздыхаў, і зноў мы імчаліся невядома куды — то ўправа, то ўлева…

Калі хмары разагнала і ўзышоў месяц, я ўбачыў пад гарою гарадок з пахіленымі ў розныя бакі званіцамі.

Па дарозе да горада беглі Карабас Барабас і прадавец п'явак.

Заяц сказаў: «Эхе-хе, вось яно, заечае шчасце! Яны ідуць у Горад Дурняў, каб наняць паліцэйскіх сабак. Гатова, мы прапалі».

Заяц зусім абвяў. Уткнуўся носам у лапкі і апусціў вушы. Я прасіў, я плакаў, я нават кланяўся яму ў ногі. Заяц не варушыўся.

Але калі з горада выскачылі галопам два курносыя бульдогі з чорнымі павязкамі на правых лапах, заяц дробна задрыжаў усёй скурай, — я ледзь паспеў ускочыць на яго верхам, і ён даў шалёнага драла па лесе…

Астатняе ты сам бачыў, Бураціна.

П'еро скончыў расказ, і Бураціна спытаў яго асцярожна:

— А ў якім доме, у якім пакоі пад лесвіцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык?

— Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта… Ах, ці не ўсё роўна нам, — ключык на дне возера… Мы ніколі не ўбачым шчасця…

— А гэта ты бачыў? — крыкнуў яму ў вуха Бураціна. І, выцягнуўшы з кішэні ключык, пакруціў ім перад носам П'еро. — Вось ён!

Загрузка...