Чарапаха Тарціла не паказала дарогі з Краіны Дурняў.
Бураціна бег куды вочы глядзяць. За чорнымі дрэвамі блішчалі зоркі. Над дарогай звісалі скалы. У цясніне ляжала воблака туману.
Раптам наперадзе Бураціна заскакаў шэры камячок. Тут жа пачуўся сабачы брэх.
Бураціна прыціснуўся да скалы. Міма яго, сярдзіта сапучы насамі, прамчаліся два паліцэйскія бульдогі з Горада Дурняў.
Шэры камячок кінуўся з дарогі ўбок — на адхон. Бульдогі — за ім.
Калі тупат і брэх аддаліліся, Бураціна кінуўся бегчы так шпарка, што зоркі хутка-хутка паплылі за чорнымі галінамі.
Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бураціна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на ім верхам, трымаючы яго за вушы, сядзіць бледны маленькі чалавечак.
З адхону пасыпаліся каменьчыкі, — бульдогі ўслед за зайцам пераскочылі дарогу, і зноў усё заціхла.
Бураціна бег так шпарка, што зоркі цяпер, як шалёныя, імчаліся за чорнымі галінамі.
Трэці раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькі чалавечак, зачапіўшыся галавой за галіну, скінуўся з яго спіны і шлёпнуўся проста пад ногі Бураціна.
— Ррр-гаў! Трымай яго! — праскакалі ўслед за зайцам паліцэйскія бульдогі: вочы іх былі так наліты злосцю, што не заўважылі ні Бураціна, ні бледнага чалавечка.
— Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды! — плаксівым голасам прапішчаў чалавечак.
Бураціна нахіліўся над ім і са здзіўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулі з доўгімі рукавамі.
Ён ляжаў галавой уніз у каляіне і, відаць, лічыў сябе ўжо мёртвым і прапішчаў загадкавую фразу: «Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды!» — развітваючыся з жыццём.
Бураціна пачаў яго трэсці, пацягнуў за нагу, — П'еро не варушыўся. Тады Бураціна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кішэні, і прыставіў яе да носа чалавечка, які ўжо не дыхаў.
П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, заківаў галавой, адарваў п'яўку і прастагнаў:
— Ах, я яшчэ жывы, як відаць!
Бураціна схапіў яго за шчокі, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся:
— Як ты сюды трапіў? Чаму ты імчаўся верхам на шэрым зайцы?
— Бураціна, Бураціна, — адказаў П'еро, палахліва азіраючыся, — схавай мяне хутчэй… Гэта ж сабакі гналіся не за шэрым зайцам, яны гналіся за мною… Сіньёр Карабас Барабас ловіць мяне дзень і ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў паліцэйскіх сабак і пакляўся схапіць мяне жывым або мёртвым.
Удалечыні зноў зацяўкалі сабакі. Бураціна схапіў П'еро за рукаў і пацягнуў яго ў зараснік мімозы, усыпанай кветкамі ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухіркоў.
Там, лежачы на прэлых лістах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму:
— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра…