Дзяўчынка з блакітнымі валасамі выратоўвае Бураціна

За галінамі дуба, дзе вісеў Бураціна, пачынала світаць.

Трава на палянцы зрабілася шызай, блакітныя кветкі пакрыліся кропелькамі расы.

Дзяўчынка з кучаравымі блакітнымі валасамі зноў высунулася ў акенца, працерла і шырока расплюшчыла заспаныя прыгожанькія вочы.

Гэтая дзяўчынка была самай прыгожай лялькай з тэатра лялек сіньёра Карабаса Барабаса.

Не маючы сілы цярпець грубыя выхадкі гаспадара, яна ўцякла з тэатра і пасялілася ў адзінокім доміку на шызай палянцы.

Звяры, птушкі і некаторыя з казюлек вельмі палюбілі яе, — мабыць, таму, што яна была выхаваная і лагодная дзяўчынка.

Звяры прыносілі ёй усё, што патрэбна для жыцця.

Крот прыносіў спажыўныя карэнні.

Мышы — цукар, сыр і кавалачкі каўбасы.

Высакародны сабака — пудзель Артамон — прыносіў булкі.

Сарока крала для яе на рынку шакаладныя цукеркі ў сярэбраных паперках.

Жабы прыносілі ў арэхавых шкарлупінах ліманад.

Коршак — смажаную дзічыну.

Хрушчы — розныя ягады.

Матылькі — пылок з кветак — пудрыцца.

Вусені — пасту для чысткі зубоў і змазвання рыпучых дзвярэй.

Ластаўкі знішчалі паблізу дома восаў і камароў…

Дык вось, расплюшчыўшы вочы, дзяўчынка з блакітнымі валасамі адразу ж убачыла Бураціна, які вісеў уніз галавой.

Яна прыклала далоні да шчок і крыкнула:

— Ах, ах, ах!

Пад акном, матляючы вушамі, з'явіўся высакародны пудзель Артамон. Ён толькі што абстрыг сабе заднюю палавіну тулава, што рабіў кожны дзень. Кучаравая поўсць на пярэдняй палавіне тулава была расчасана, кутасік на канцы хваста перавязаны чорным бантам. На пярэдняй лапе — сярэбраны гадзіннік.

— Я гатоў!

Артамон павярнуў убок нос і прыўзняў верхнюю губу над белымі зубамі.

— Пакліч каго-небудзь, Артамон! — сказала дзяўчынка. — Трэба зняць небараку Бураціна, перанесці ў дом і запрасіць доктара…

— Гатоў!

Артамон ад гатоўнасці так закруціўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго задніх лап…

Ён кінуўся да мурашніка, брэхам пабудзіў усё насельніцтва і паслаў чатырыста мурашак — перагрызці вяроўку, на якой вісеў Бураціна.

Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлі адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлі на дуб і перагрызлі вяроўку.

Артамон падхапіў пярэднімі лапамі Бураціна і занёс яго ў дом… Паклаўшы Бураціна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснік і адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу і народнага лекара Багамола, падобнага на сухі сучок.

Сава прыклала вуха да грудзей Бураціна.

— Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, — прашаптала яна і адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў.

Жаба доўга ціскала вільготнай лапай Бураціна. У роздуме глядзела вытрашчанымі вачыма адразу ў розныя бакі.

Прачаўкала вялікім ротам:

— Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы…

Народны лекар Багамол сухімі, як травінкі, рукамі пачаў кратаць Бураціна.

— Адно з двух, — прашапацеў ён, — або пацыент жывы, або ён памёр. Калі ён жывы — ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калі ён мёртвы — яго можна ажывіць або нельга ажывіць.

— Шшшарлатанства, — сказала Сава, узмахнула мяккімі крыламі і паляцела на цёмныя вышкі.

У Жабы ад злосці надзьмуліся ўсе бародаўкі.

— Якое брррыдкае невуцтва! — квакнула яна і, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп.

Лекар Багамол на ўсякі выпадак прыкінуўся высахлым сучком і вываліўся за акенца.

Дзяўчынка пляснула прыгожанькімі рукамі:

— Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне?

— Рыцынай, — квакнула Жаба з-пад падлогі.

— Рыцынай! — пагардліва зарагатала Сава на вышках.

— Або рыцынай, або не рыцынай, — праскрыгатаў за акном Багамол.

Тады падрапаны, у сіняках, няшчасны Бураціна прастагнаў:

— Не трэба рыцыны, я вельмі добра сябе адчуваю.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі клапатліва нахілілася над ім.

— Бураціна, прашу цябе — зажмурся, заткні нос і выпі.

— Не хачу, не хачу, не хачу!..

— Я табе дам драбок цукру!..

У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.

— Ты яго атрымаеш, калі будзеш мяне слухацца, — сказала дзяўчынка.

— Адзін цууууукар дайце…

— Ды зразумей жа, — калі не вып'еш лекаў, ты можаш памерці…

— Лепш памру, чым піць рыцыну…

Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:

— Заткні нос і глядзі ў столь… Раз, два, тры.

Яна ўліла рыцыну ў рот Бураціна, адразу ж сунула яму драбок цукру і пацалавала.

— Вось і ўсё…

Высакародны Артамон, які любіў усё, што добра канчалася, схапіў зубамі свой хвост, круціўся пад акном, як віхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы бліскучых вачэй.

Загрузка...