Страшэнны бой на ўзлессі

Сіньёр Карабас Барабас трымаў на прывязі двух паліцэйскіх сабак. Убачыўшы на роўным полі ўцекачоў, ён разявіў зубасты рот.

— Ага! — закрычаў ён і спусціў сабак.

Раз'юшаныя сабакі спачатку пачалі драць заднімі лапамі зямлю. Яны нават не гыркалі, яны нават глядзелі ў другі бок, а не на ўцекачоў, — так ганарыліся сваёй сілай.

Потым сабакі павольна пайшлі да таго месца, дзе ў жаху спыніліся Бураціна, Артамон, П'еро і Мальвіна.

Здавалася, усё загінула. Карабас Барабас касалапа ішоў следам за паліцэйскімі сабакамі. Барада яго штохвіліны вылазіла з кішэні курткі і блыталася пад нагамі.

Артамон падкурчыў хвост і злосна гыркаў. Мальвіна трэсла рукамі:

— Баюся, баюся!

П'еро апусціў рукавы і глядзеў на Мальвіну, упэўнены, што ўсё скончана.

Першы апамятаўся Бураціна.

— П'еро, — закрычаў ён, — бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзі!.. Артамон, скідай клункі, здымай гадзіннік, — будзеш біцца!..

Мальвіна, ледзь толькі пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона і, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро — за ёю.

Артамон скінуў клункі, зняў з лапы гадзіннік і бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы і скочыў улева, скочыў управа, размінаючы мускулы, і таксама пачаў з адцяжкай драць заднімі нагамі зямлю.

Бураціна ўзлез па смалістым ствале на верхавіну італьянскай сасны, што адзінока стаяла ў полі, і адтуль закрычаў, завыў, запішчаў на ўсё горла:

— Звяры, птушкі, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце ні ў чым не вінаватых драўляных чалавечкаў!..

Паліцэйскія бульдогі нібы толькі цяпер убачылі Артамона і разам кінуліся на яго. Спрытны пудзель выкруціўся і зубамі хапіў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.

Бульдогі нязграбна павярнуліся і зноў кінуліся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусціўшы іх пад сабой, і зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому — спіну.

Трэці раз кінуліся на яго бульдогі. Тады Артамон, апусціўшы хвост да травы, памчаўся кругамі па полі, то падпускаючы блізка паліцэйскіх сабак, то кідаючыся ўбок перад самым іх носам…

Кірпатыя бульдогі цяпер па-сапраўднаму раззлаваліся, засаплі, беглі за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мітуслівага пудзеля.

Тым часам Карабас Барабас падышоў да італьянскай сасны, ухапіўся за ствол і пачаў трэсці:

— Злазь, злазь!

Бураціна рукамі, нагамі, зубамі ўчапіўся за галіну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдаліся ўсе шышкі на галінах.

На італьянскай сасне шышкі — калючыя і цяжкія, велічынёй з невялікую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве — дык ой-ёй!

Бураціна ледзь трымаўся на галіне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай і бегае ўсё павальней.

— Аддавай ключык! — загарланіў Карабас Барабас, разявіўшы ляпу.

Бураціна папоўз па галіне, дабраўся да здаравеннай шышкі і пачаў перакусваць сцябло, на якім яна вісела. Карабас Барабас страсянуў мацней, і цяжкая шышка паляцела ўніз, — бах! — проста яму ў зубастую пашчу.

Карабас Барабас ажно прысеў.

Бураціна адарваў другую шышку, і яна — бах! — Карабасу Барабасу проста ў цемя, як у барабан.

— Нашых б'юць! — зноў закрычаў Бураціна. — На дапамогу ні ў чым не вінаватым драўляным чалавечкам!

Першымі на дапамогу прыляцелі стрыжы, — брыючым палётам пачалі стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакі дарэмна ляскалі зубамі, — стрыж не муха: як шэрая маланка — ж-жык міма носа!

З воблака, падобнага на кашэчую галаву, упаў чорны каршун — той, што звычайна прыносіў Мальвіне дзічыну; ён упіўся кіпцюрамі ў спіну паліцэйскага сабакі, узляцеў на цудоўных крылах, падняў сабаку і выпусціў яго…

Сабака, скуголячы, пляснуўся дагары лапамі.

Артамон збоку наляцеў на другога сабаку, ударыў яго грудзьмі, паваліў, укусіў, адскочыў…

І зноў памчаліся па полі вакол адзінокай сасны Артамон і за ім памятыя і пакусаныя паліцэйскія сабакі.

На дапамогу Артамону ішлі жабы. Яны цягнулі двух вужоў, якія аслеплі ад старасці. Вужам усё роўна трэба было паміраць — альбо пад гнілым пнём, альбо ў жываце ў чаплі. Жабы ўгаварылі іх загінуць геройскай смерцю.

Высакародны Артамон вырашыў цяпер распачаць адкрыты бой.

Сеў на хвост, ашчэрыў іклы.

Бульдогі наляцелі на яго, і ўсе ўтрох пакаціліся клубком.

Артамон ляскаў сківіцамі, драў кіпцюрамі. Бульдогі, не звяртаючы ўвагі на ўкусы і драпіны, чакалі аднаго: дабрацца да Артамонавага горла — мёртвай хваткай. Віск і выццё стаялі на ўсім полі.

На дапамогу Артамону ішла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі.

Ляцелі, гулі тоўстыя чорна-аксамітныя чмялі ў залатых плашчах, шыпелі крыламі злосныя шэршні. Паўзлі жужалі і куслівыя жукі з доўгімі вусамі.

Усе звяры, птушкі і насякомыя дружна накінуліся на ненавісных паліцэйскіх сабак.

Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі згортваліся ў клубкі і з хуткасцю кракетнага шара білі іголкамі бульдогаў у морду.

Чмялі, шэршні з налёту джалілі іх атрутнымі джаламі. Сур'ёзныя мурашкі не спяшаючыся залазілі ў ноздры і там пускалі ядавітую мурашыную кіслату.

Жужалі і жукі кусалі за пупок.

Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.

Матылькі і мухі шчыльным воблачкам таўкліся перад іх вачыма, засланяючы святло.

Жабы трымалі напагатове двух вужоў, гатовых памерці геройскай смерцю.

І вось, калі адзін з бульдогаў шырока разявіў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кіслату, стары сляпы вуж кінуўся галавой наперад яму ў горла і вінтом пралез у страўнік.

Тое ж здарылася і з другім бульдогам: другі сляпы вуж кінуўся яму ў пашчу.

Абодва сабакі, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, — задыхаючыся, пачалі бездапаможна качацца па зямлі.

Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.

Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велізарнага рота калючую шышку.

Ад удару па цемені ў яго вылезлі на лоб вочы. Хістаючыся, ён зноў схапіўся за ствол італьянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.

Бураціна заўважыў, седзячы на самай верхавінцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеіўся да смалістага ствала.

Бураціна павіс на суку і, дражнячыся, запішчаў:

— Дзядзечка, не дагоніш, дзядзечка, не дагоніш!..

Саскочыў на зямлю і пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставіўшы рукі, каб схапіць хлапчука, пабег за ім, хістаючыся, вакол дрэва.

Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, і схапіў сагнутымі ў крук пальцамі хлапчука, які ўцякаў ад яго, абабег другі, абабег трэці раз…

Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.

Калі барада скончылася і Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бураціна паказаў яму доўгі язык і пабег да Лебядзінага возера — шукаць Мальвіну і П'еро.

Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за ім кульгавым сабачым трушком.

На полі засталіся два паліцэйскія сабакі, за жыццё якіх, відаць, нельга было даць і здохлай сухой мухі, і разгублены доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да італьянскай сасны.

Загрузка...