Бураціна даведваецца пра таямніцу залатога ключыка

Карабас Барабас і Дурамар падсілкоўваліся смажаным парасём. Гаспадар падліваў віна ў шклянкі.

Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару:

— Дрэнь у цябе віно, налі хіба мне вунь з таго збана! — і паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бураціна.

— Сіньёр, гэты збан пусты, — адказаў гаспадар.

— Хлусіш, пакажы.

Тады гаспадар падняў збан і перакуліў яго. Бураціна з усяе сілы ўпёрся локцямі ў бакі збана, каб не вываліцца.

— Там нешта чарнеецца, — прахрыпеў Карабас Барабас.

— Там нешта бялеецца, — пацвердзіў Дурамар.

— Сіньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паясніцу, — збан пусты!

— Калі так, стаў яго на стол — мы будзем кідаць туды косці.

Збан, у якім сядзеў Бураціна, паставілі паміж дырэктарам тэатра лялек і прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бураціна пасыпаліся абгрызеныя косці і скарынкі.

Карабас Барабас, выпіўшы шмат віна, падставіў да агню бараду, каб з яе капала наліплая смала.

— Пакладу Бураціна на далонь, — выхваляючыся, гаварыў ён, — другой далонню плясну, — мокрае месца ад яго застанецца.

— Нягоднік цалкам гэтага заслугоўвае, — пацвярджаў Дурамар, — але спачатку яму добра было б паставіць п'явак, каб яны выпілі ўсю кроў…

— Не! — стукаў кулаком Карабас Барабас. — Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык…

У размову ўмяшаўся гаспадар, — ён ужо ведаў пра ўцёкі драўляных чалавечкаў.

— Сіньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамі. Зараз я паклічу двух кемлівых малайцоў, — пакуль вы падмацоўваецеся віном, яны хутка абшукаюць увесь лес і прыцягнуць сюды Бураціна.

— Добра. Пасылай малайцоў, — сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялізныя падэшвы. І паколькі ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:


Дурны і рахманы

Мой народ драўляны.

Уладарнік лялек —

Вось хто я, каб зналі…

Грозны Карабас,

Слаўны Барабас…

Лялькі прада мною

Сцелюцца травою.

Нават і на кралю

Біч не мае жалю,

Біч у сем хвастоў,

Біч у сем хвастоў.

Як махаць ім стану —

Мой народ слухмяны

Песенькі спявае,

Грошыкі збірае

У маю кішэнь,

У маю кішэнь…


Тады Бураціна змененым голасам завыў з глыбіні збана:

— Адкрый таямніцу, няшчасны, адкрый таямніцу!..

Карабас Барабас ад нечаканасці гучна ляснуў сківіцамі і вылупіўся на Дурамара.

— Гэта ты?

— Не, гэта не я…

— Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямніцу?

Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпіў шмат віна. Твар у яго пасінеў і зморшчыўся ад страху, нібы грыб смарчок.

Гледзячы на яго, і Карабас Барабас заляскаў зубамі.

— Адкрый таямніцу, — зноў завыў таемны голас з глыбіні збана, — інакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!

Карабас Барабас паспрабаваў усхапіцца, але не мог нават і прыўзняцца.

— Яку-ку-кую та-та-таямніцу? — спытаў ён, заікаючыся.

Голас адказаў:

— Таямніцу чарапахі Тарцілы.

Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвісла сківіца.

— Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? — нібы вецер у коміне ў асеннюю ноч, правыў голас.

— Адкажу, адкажу, замоўкні, замоўкні! — прашаптаў Карабас Барабас. — Дзверы — у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камінкам…

Толькі ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.

— Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сіньёр, хоць самога чорта…

І ён паказаў на лісіцу Алісу і ката Базіліо, якія стаялі на парозе. Лісіца пачціва зняла стары капялюш.

— Сіньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, і мы аддадзім вам у рукі нягодніка Бураціна, не сыходзячы з гэтага месца.

Карабас Барабас залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, выняў дзесяць залатых.

— Вось грошы, а дзе Бураціна?

Лісіца некалькі разоў пералічыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавіну кату, і паказала лапай:

— Ён у гэтым збане, сіньёр, у вас пад носам…

Карабас Барабас схапіў са стала збан і раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў і кучы абгрызеных костак выскачыў Бураціна. Пакуль усе стаялі, разявіўшы раты, ён, як страла, кінуўся з харчэўні на двор проста да пеўня, які ганарліва разглядаў то адным вокам, то другім здохлага чарвячка.

— Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! — злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бураціна. — Ну, цяпер імчы што маеш духу…

І ён моцна ўчапіўся ў яго генеральскі хвост. Певень, нічога не разумеючы, растапырыў крылы і кінуўся бегчы на цыбатых нагах. Бураціна — у віхры — за ім, — з гары, цераз дарогу, па полі, да лесу.

Карабас Барабас, Дурамар і гаспадар харчэўні апамяталіся нарэшце ад здзіўлення і выбеглі ўслед за Бураціна. Але колькі яны ні азіраліся, яго нідзе не было відаць, толькі далека па полі імчаўся з усяе сілы певень. Але паколькі ўсім было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня ніхто не звярнуў увагі.

Загрузка...