Разбойнікі вешаюць Бураціна на дрэва

Ад стомленасці Бураціна ледзь перастаўляў ногі, як муха восенню на падаконніку.

Раптам праз галінкі арэшніку ён убачыў прыгожую палянку і пасярод яе — маленькі, асветлены месяцам домік на чатыры акенцы. На аканіцах намаляваны сонца, месяц і зоркі.

Навокал раслі вялікія блакітныя кветкі.

Дарожкі пасыпаны чыстым пясочкам. З фантана біў тоненькі струмень вады, у ім падскакваў паласаты мячык.

Бураціна рачком узлез на ганак. Пастукаў у дзверы. У доміку было ціха. Ён пастукаў гучней, — мабыць, там моцна спалі.

У гэты час з лесу зноў выскачылі разбойнікі. Яны пераплылі возера, вада лілася з іх ручаямі. Убачыўшы Бураціна, нізенькі разбойнік агідна зашыпеў па-кацінаму, высокі заяхкаў па-лісінаму…

Бураціна грукаў у дзверы рукамі і нагамі:

— Памажыце, памажыце, людзі добрыя!..

Тады ў акенца высунулася кучаравая прыгожанькая дзяўчынка з прыгожанькім кірпатым носікам. Вочы ў яе былі заплюшчаны.

— Дзяўчынка, адчыніце дзверы, за мною гоняцца разбойнікі!

— Ах, якое глупства! — сказала дзяўчынка, пазяхаючы прыгожанькім ротам. — Я хачу спаць, я не магу расплюшчыць вачэй…

Яна ўзняла рукі, сонна пацягнулася і знікла ў акне.

Бураціна ў роспачы ўпаў носам у пясок і прыкінуўся мёртвым.

Разбойнікі падбеглі да яго:

— Ага, цяпер ад нас не ўцячэш!..

Цяжка ўявіць, чаго толькі яны не выраблялі, каб прымусіць Бураціна разявіць рот.

Калі б у час пагоні яны не згубілі нажа і пісталета, — на гэтым месцы і можна было б скончыць расказ пра няшчаснага Бураціна.

Нарэшце разбойнікі вырашылі яго павесіць уніз галавой. Прывязалі да ног вяроўку, і Бураціна павіснуў на дубовай галіне… Яны селі пад дубам, выцягнуўшы мокрыя хвасты, і чакалі, калі ў яго вываляцца з рота залатыя манеты…

На світанні ўзняўся вецер, зашумелі на дубе лісты. Бураціна гойдаўся, як дзеравячка. Разбойнікам надакучыла сядзець на мокрых хвастах…

— Павісі, дружа, да вечара, — сказалі яны злавесна і пайшлі шукаць якую-небудзь прыдарожную харчэўню.

Загрузка...