Лісіца Аліса думала, што Бураціна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярпліва выцягнуўшы нос.
Тады Аліса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў бліжэйшае паліцэйскае аддзяленне.
Там, у накураным пакоі, за сталом, закапаным чарнілам, густа хроп дзяжурны бульдог.
Лісіца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму:
— Пане мужны дзяжурны, ці нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсім багаценькім і паважаненькім грамадзянам гэтага горада.
Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лісіцай ад страху расплылася лужынка.
— Крррасці! Гам!
Лісіца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка — Бураціна — заўважаны на пустцы.
Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазваніў. Уварваліся два доберманы-пінчэры, сышчыкі, якія ніколі не спалі, нікому не верылі і нават саміх сябе падазравалі ў злачынных намерах.
Дзяжурны загадаў ім даставіць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне.
Сышчыкі адказалі коратка:
— Цяў!
І памчаліся на пустку асаблівым хітрым галопам, заносячы заднія ногі ўбок.
Апошнія сто крокаў яны паўзлі на жыватах і адразу кінуліся на Бураціна, схапілі яго пад пахі і пацягнулі ў аддзяленне.
Бураціна дрыгаў нагамі, упрошваў сказаць — за што? за што? Сышчыкі адказвалі:
— Там разбяруцца…
Лісіца і кот, не трацячы часу, выкапалі чатыры залатыя манеты. Лісіца так спрытна пачала дзяліць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе — тры.
Кот моўчкі ўчапіўся кіпцюрамі ёй у морду.
Лісіца моцна абхапіла яго лапамі. І яны абое некаторы час качаліся клубком па пустцы. Каціная і лісіная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца.
Абадраўшы адзін аднаму бакі, яны падзялілі манеты папалам і ў тую ж ноч зніклі з горада.
Тым часам сышчыкі прывялі Бураціна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала і сам абшукаў яго кішэні.
Не знайшоўшы нічога, апрача кавалачка цукру і крошак міндальнага пірожнага, дзяжурны люта засоп на Бураціна:
— Ты зрабіў тры злачынствы, нягоднік: ты — беспрытульны, бяспашпартны і беспрацоўны. Завесці яго за горад і ўтапіць у сажалцы.
Сышчыкі адказалі:
— Цяў!
Бураціна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкі падхапілі яго, галопам зацягнулі за горад і з моста кінулі ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак і лічынак вадзянога жука.
Бураціна плюхнуўся ў ваду, і зялёная раска сышлася над ім.