Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла

У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўні прыяцель, катрыншчык, якога звалі Карла.

Калісьці Карла ў шыракаполым капелюшы хадзіў з цудоўнай катрынкай па гарадах і спевамі і музыкай зарабляў сабе на хлеб.

Цяпер Карла быў ужо стары і хворы, і катрынка яго даўно паламалася.

— Дзень добры, Джузэпэ, — сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзіш на падлозе?

— А я, ведаеш, згубіў маленькую шрубку… Ды ну яе! — адказаў Джузэпэ і скоса глянуў на палена. — Ну, а ты як жывеш, стары?

— Дрэнна, — адказаў Карла. — Усё думаю — як бы мне зарабіць на хлеб… Хоць бы ты мне памог, параіў бы, ці што…

— Вельмі проста, — сказаў весела Джузэпэ і падумаў сам сабе: «Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена». — Вельмі проста: бачыш — ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмі ты гэтае палена, Карла, і занясі дадому…

— Эх-хе-хе, — нявесела адказаў Карла, — а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават і печкі ў каморцы няма.

— Я табе не абы-што кажу, Карла… Вазьмі ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць і танцаваць, ды і насі па дварах. Заробіш на кавалак хлеба і на шклянку віна.

У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, піскнуў вясёлы галасок:

— Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!

Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькі здзіўлена азіраўся, — адкуль голас?

— Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параіў, вазьму, бадай-што, тваё палена.

Тады Джузэпэ схапіў палена і хутчэй сунуў яго сябру. Але ці ён нязручна сунуў, ці яно само падскочыла і стукнула Карла па галаве.

— Ах, вось якія твае падарункі! — пакрыўджана крыкнуў Карла.

— Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.

— Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?

— Не, дружа, — відаць, само палена цябе стукнула.

— Хлусіш, ты стукнуў…

— Не, не я…

— Я ведаў, што ты п'яніца, Шызы Нос, — сказаў Карла, — а ты яшчэ і манюка.

— Ах, ты — лаяцца! — крыкнуў Джузэпэ. — А ну, падыдзі бліжэй!..

— Сам падыдзі бліжэй, я цябе схаплю за нос!..

Старыя абодва надзьмуліся і пачалі наскакваць адзін на аднаго. Карла схапіў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапіў Карла за сівыя валасы, што раслі каля вушэй.

Пасля гэтага яны пачалі заўзята дубасіць адзін аднаго кулакамі. Прарэзлівы галасок на варштаце ў гэты час пішчаў і падбухторваў:

— Лупі, лупі як след!

Нарэшце старыя стаміліся і засапліся. Джузэпэ сказаў:

— Давай памірымся, ці што…

Карла адказаў:

— Ну што ж, давай памірымся…

Старыя пацалаваліся. Карла ўзяў пад паху палена і пайшоў дахаты.

Загрузка...