БСЭ называе Сталіна актыўным змагаром за ажыццяўленне ленінскіх запаветаў (1974) . І раптам — тыран! Хлусіць БСЭ. Грубы каўказец вучыўся ў іншага настаўніка — таго, што вывеў у вялікія сыны шалапутнага македонца. Сталін ажыццяўляў запаветы Арыстоцеля.
Якімі ж зёлкамі напаіў славуты грэк памежнага горца? Тымі ж, што і Аляксандра Вялікага. Вось тыя зёлкі:
„Тыран павінен знішчыць выдатных людзей у краіне, таму што яны могуць стаць небяспечнымі. Ён павінен закрыць усе клубы і асцерагацца ўсяго, што здольна абудзіць мужнасць сярод яго падданых. Ён не можа дапусціць існавання аб'яднанняў, у якіх абмяркоўваюцца складаныя пытанні. Тыран павінен сачыць за тым, каб яго падданыя як мага менш сустракаліся адзін з адным, ён павінен вынішчаць дружбу паміж імі і мець скрозь шпіёнаў, якія павінны не толькі падслухоўваць, пра што падданыя гавораць, але і сачыць, каб тыя не выказвалі сваіх поглядаў і наогул іх не мелі”.
Цяпер вам ясна, хто выспеліў Сталіна? Чаму ж тады гісторыкі ўтойваюць кніжную ісціну? Арыстоцеля не чыталі? Дапускаю такую магчымасць. Дык на гэтым палетку сярэднявечча, удзельныя княствы, свае настаўнікі і тыраны. Латышонак тыраніць разбойных балахоўцаў, Туронак — сябрукоў Вільгельма Кубэ, Мірановіч — камунякаў („нашых хлопцаў”), Глагоўская — патрыётаў. У кожнага свая дзялка, свае градкі. Неахопнае не ахопіш. Праўда, імкнецца гэта здзейсніць Яновіч, але ён яшчэ да Арыстоцеля не дабраўся.
А тут і агульная хвароба — гісторыкі паказваюць не рэальныя з'явы, а ілюзорныя. Кожны перарабляе падзеі на свой капыл. Усё, каб аплесці нас сваім ачмурэннем.
Узбаламучаны век. Сталін, каб яму серай адрыгнулася, тварыў пекла, а мы думалі — будуе рай на зямлі. Цяпер, грэючы ў пекле азяблыя косці, смяецца з нас, задаволены.
Сядзіць Сталін у сагане,
Падспеўвае сатане:
— Я тыран і ты тыран,
Садавіся ў саган.