Было ў IV ст. да н.э. Піліп, цар Македоніі, запрасіў у сталіцу Пелу Арыстоцеля.
— Вучы майго ёлупа,— кажа, прадстаўляючы мысляру шалапутнага сына.
Пасяліўся мысляр у царскім хароме і ўбівае ў дубіну высокія матэрыі. А царэвічу ў галаве адно гулькі. Тым часам цар драхлее: абрыдлі яму і заваёвы, і ложкавыя ўцехі. Хто прадоўжыць вялікія справы?
І прыходзіць у думаўку мудрага „Стагірыта” смелая ідэя. Ідзе ў спачывальню царыцы, гіпнатызуе ўладарку, унушаючы:
— Саня не ад Піліпа. Саня ад Зеўса!
Прачнуўшыся, царыца кліча сына і выяўляе тайну:
— Сынок, ты не ад нямоглага бацькі. Я ўбакавілася і пачала цябе з царом багоў.
І падзеі разгарнуліся ў патрэбным напрамку. Саня адчуў у сэрцы слодыч неўміручасці, а ў руках — ваяцкі сверб. Стаў Лясандрам. Расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і антымакедонцамі. Заваяваўшы ўладу над дзяржавамі Грэцыі, пайшоў на Усход, здабываць рэшту свету.
Чым гэты ўсходні „дранг” кончыўся, добра ведаеце.
Прайшло 2255 год (!). Бяздарнаму капралу прысніўся сон: спускаецца з неба Бог і шэпча яму на вуха:
— Адолька, ты — мая прычындала вогненная! Ich liehe dich!..
Прачнуўшыся, капрал абнародаваў сон і стаў фюрэрам III рэйха. Далей — як у старой эры. А ў міжчассі колькі такіх цароў і капралаў насіла наша зямля. І ўсе ганарыстыя карлікі з прыроднымі тромбамі ў мазгах, ашалелыя праводцы — з дзікім полымем у вачах, з каршуновымі кіпцюрамі. І ўсе параноідныя псіхапаты — „уладкоўвалі” свет у імя ілжывай місіі.
Слабая ўцеха, што канчалі аднолькава — гэты гатунак гомасапуна размнажаецца самагіпнозам.