ПРА НАШУ СЯМ'Ю

Нямецкія ворагі напалі на ўсю краіну. Дапялі яны і да нашай вёскі. Сталі хадзіць па хатах і пытацца, ці ходзяць да нас партызаны. Мы сказалі — не. Яны і паехалі. Адзін раз узарвалі партызаны на шашы мост. Немцы тут як тут. Пачалі яны шукаць партызан.

Мы ўцяклі ў лес. Нас было ўсіх дзесяць: бацькі, сястрычак сем і брат — адзін, Міша. Маіх сястрыц звалі: Маня, Надзя, Галя, Соня, Зіна і Ніна. Мы пражылі ў лесе ледзь не месяц. Фашысты тады ў нашай вёсцы спалілі некалькі хат і хлявоў. Калі нацешыліся, то паехалі.

Адна дзяўчына з сваім брацікам ехала з Мінска, не ведала, што ў вёсцы немцы. Немцы злавілі яе і сталі мучыць. Потым, калі яна прыйшла дамоў, расказала пра ўсё свайму бацьку. Бацька яе пераказаў партызанам, і партызаны прыехалі.

Яны хацелі адпомсціць за дзяўчыну. Але немцаў ужо не было.

Калі стала ціха ў нашай вёсцы, мы вярнуліся з лесу. Аднойчы вечарам прыехалі партызаны. Мама мая пачала гатаваць ім вячэру, а партызаны селі гаманіць з бацькам. Мама ўжо згатавала вячэру, партызаны селі за стол. Аж тут яна пачула — нешта на двары трашчыць. Мама выйшла з хаты, а на двары ўжо немцы. Яны акружылі наш дом і забралі маму, бацьку і двух партызан. А сястру Маню ранілі і не ўзялі.

Назаўтра немцы зноў прыехалі да нас, хацелі ўзяць раненую. Але ноччу, пасля немцаў, прыязджалі партызаны і павезлі сястру ў атрад. Мой брат Міша таксама пайшоў тады ў партызаны. Мы засталіся адны.

Як ішла блакада, то майго брата Мішу забілі. Ён быў смелы і адважны: калі ні хадзіў у разведку, заўсёды добра выконваў заданні, хоць колькі ды заб'е немцаў. Як успомнім, то ўсё плачам, што мы засталіся без мамы, без бацькі; і адзін браток быў — і таго забілі.

Сястра наша прыйшла з партызан і стала жыць з намі. Аднойчы яна паехала ў Мінск, і яе арыштавалі і пасадзілі ў турму. Яна сядзела там тры тыдні. Раз мужчыны выціснулі акно і вылезлі, і мая сястра — за імі і яшчэ хто мог. Старыя людзі, каторыя прасядзелі па чатыры месяцы ў той турме, не мелі ўжо сіл, там яны і загінулі. Наша сястра вярнулася да нас.

Калі прыйшла Чырвоная Армія, то мы моцна ўзрадаваліся. Скончыліся нашы пакуты. Калі ў маленькай сястрычкі Ніначкі чырвонаармейцы запыталіся, дзе яе бацька, яна сказала:

— Майго татку забралі немцы.

Ёй было пяць год.

Цяпер мы ў дзетдоме ў Смалявічах. Нам тут вельмі добра. Аб нас клапоцяцца наш дырэктар і выхавальнікі. Яны нас вучаць к добраму, а не к дрэннаму. Мы ім спасібуем, што яны нас добра глядзяць.


ТАНЯ ЗАЛАТАРОНАК (1935 г.)

г.Брэст, рамеснае вучылішча № 26.

Загрузка...