ДЗВЕ МАГІЛЫ

Было гэта ў першы год вайны, восенню, у ясны дзень, калі так хацелася выбегчы на вуліцу, пашукаць самыя прыгожыя апалыя ліпавыя лісты. Але я вымушаны быў сядзець у хаце. У суседнія вёскі — Конаўку, Паровіўку, Цёплыя — прыехалі карныя нямецкія атрады. У нашай вёсцы, Хварасцянах, карнікаў яшчэ не было, але іх з вялікім жахам чакалі і тут. Страляніна была чуваць навокал. Хадзілі чуткі, што карнікі расстрэльваюць усіх, каго застануць за вёскай. I мая маці, заклапочаная, бледная, амаль кожную хвіліну гаварыла адно і тое ж:

— Глядзі, не выходзь нікуды... А то сам ведаеш...

Паміраць я не хацеў, а таму і не працівіўся матцы. Не адыходзячы ад акна, увесь час глядзеў я ўдаль і гатовы быў схавацца пад печ ці зарыцца ў пасцель, калі пакажуцца нямецкія разбойнікі. Але дарога была пустынная, і я час ад часу адыходзіў ад акна.

Першых немцаў я заўважыў здалёк, яшчэ за Таранковым дваром, калі яны толькі паказаліся на веласіпедах з-за горкі. Я хацеў быў схавацца, але мяне зацікавіла, што побач з веласіпедамі варушыліся дзве дзіцячыя постаці. Хутка я разгледзеў двух немцаў у касках. Яны ехалі схіліўшыся, адзін за адным, а за першым веласіпедам беглі два цяплыньскія хлопчыкі. На іх тварах былі вялізныя сінякі, цёк брудны пот. Вочы вылазілі на лоб. Яны бесперастанку лізалі языкамі сухія губы. Задні немец іх падганяў, і яны не адставалі ад першага веласіпеда.

Немцы паехалі к лесу. Праз кароткі час адтуль пачуліся два сухія выстралы.

— Няўжо тых дзяцей?..— са слязамі на вачах ламала мама рукі...

Назаўтра, калі немцы кудысьці зніклі, бацькі знайшлі сваіх дзяцей у хварасцянскім ельніку мёртвымі.

Іх везлі на калёсах праз нашу вёску. Усе хварасцянцы выйшлі насустрач. Маткі дзяцей-нябожчыкаў ехалі на тых жа калёсах і галасілі. Я ішоў побач, і слёзы каціліся з маіх вачэй. Целы забітых былі закрыты белай прасціной, я не мог іх разглядзець. Маткі нахіляліся да сынкоў і, заліваючы прасціну слязьмі, прыгаварвалі:

— Намазолілі вы вочы разбойнікам... За што ж яны вас?.. Няма ў іх нічога чалавечага...

Пахавалі іх на тым месцы, дзе знайшлі забітымі, і паставілі два крыжы.

Цяпер я часта хаджу на гэтыя могілкі, і перад маімі вачыма ясна паўстае ўвесь жудасны малюнак.

Яны загінулі смерцю нявінных, не дачакаўшыся светлых дзён.


САША МУКГОРАЎ (1930 г.) г. Мінск,

2-гі Р, Люксембург зав., д. № 11.

Загрузка...