У пяці кіламетрах ад нашага штаба знаходзілася вёска Бабінковічы Сенненскага раёна. У ёй пражываў падпольшчык Барыс. Я аднесла яму лістоўкі, узяла неабходныя звесткі і з данясеннем вярталася ў партызанскі атрад. Ноч была ціхая, месячная. Па вузкай сцяжынцы я асцярожна прабіралася між кустоў. Калі скончыліся кусты, пайшоў сасновы лес. У ім было вялікае круглае возера. Пасярод возера, на астраўку, стаяла вёска Курмялі. Тут і размяшчаўся штаб нашага партызанскага атрада.
Недалёка ад возера лес скончыўся і зноў пайшлі кусты. Раптам з кустоў данёсся ціхі шорах. Я спынілася і прыслухалася. Да вушэй даляцелі гукі нечых крокаў. «Напэўна, партызаны ідуць на заданне»,— падумала і пачала чакаць, што будзе далей. Праз некалькі хвілін у кустах затрашчала сухое галлё. Пры святле месяца я ўбачыла конніка. Ён ехаў проста на мяне. Неўзабаве забрахаў сабака. Ён, мабыць, пачуў чужога чалавека. Тут я здагадалася, што гэта нямецкі шпік.
Што мне рабіць? Куды хавацца?
На памяць прыйшла размова аднаго вопытнага партызана, які калісьці расказваў, як і дзе трэба хавацца ад сабакі-сышчыка.
— Калі за табой ідзе сабака,— казаў ён нам,— то схаваць сляды можна толькі ў вадзе.
Звярнуўшы ўбок, я хутка пабегла да возера. Сабака забрахаў мацней і кінуўся за мной. Я дабегла да возера і скокнула ў ваду. На беразе рос вялікі лазовы ці альховы куст. Я пайшла да яго. Вада займала вышэй пояса. Дно гразкае, рухацца было вельмі цяжка. Каб не нарабіць шуму, я лягла на ваду і ціхенька паплыла. Дабраўшыся да куста, учапілася рукамі за галінкі, прыціснулася да іх шчыльней і стаілася.
Да берага падбег вялікі сабака і спыніўся на тым месцы, адкуль я скокнула ў ваду. Ён панюхаў, паглядзеў на возера і забрахаў. Я задрыжала ад холаду і страху. Пад'ехаў коннік. Гэта быў немец. Цяпер я бачыла яго выразна. Ён стаў прыглядацца да берага. Страх мой узмацніўся, я старалася нават не дыхаць. Немец пастаяў некалькі хвілін і паехаў назад. Сабака неахвотна пабег за ім.
Калі шум заціх, я вылезла з вады, прыхінулася да куста і пачала слухаць. У тым баку, куды паехаў коннік, не чутно было ніякіх гукаў. Пастаяўшы крыху, кранулася ісці. Але не паспела ступіць некалькі крокаў, як зноў пачуўся брэх. Я зразумела, што немец хітраваў: ён ад'ехаў і чакаў, калі я вылезу з возера. Я зноў залезла ў ваду.
Бераг у гэтым месцы быў абрывісты. Немец, каб і хацеў, не мог заехаць на кані ў ваду. Зноў падбег сабака і пачаў брахаць. За ім пад'ехаў коннік. Я прыліпла да берага і старалася не варушыцца.
Мне зрабілася холадна, і я задрыжала ўсім целам. Раптам па назе ў мяне нешта папаўзло, заказытала і пачало ўпівацца ў цела. Потым пачуўся боль. Я асцярожна нагнулася і стала абмацваць рукамі. Мне папалася нешта мяккае і слізкае. Я здагадалася, што гэта п'яўкі. Некалькі п'явак я адарвала ад нагі, а рэшту, што былі ніжэй, не магла дастаць: асцерагалася, каб не паваліцца і не нарабіць шуму.
Немец пастаяў і, не пачуўшы нічога падазронага, паехаў. Я пачакала з паўгадзіны, вылезла на бераг, села на зямлю і прыслухалася. Чакала, што будзе рабіць немец. Навокал было ціха-ціха. Я скінула астатнія п'яўкі і асцярожна пайшла да пераправы.
На пераправе заўсёды дзяжурыў перавозчык. Ён перавёз мяне ў лодцы на астравок. Я прыйшла ў атрад уся мокрая. У зямлянцы хутка пераапранулася і накіравалася да камандзіра атрада, дзядзькі Алёшы. Убачыўшы мяне, ён спытаў, ці выканала я заданне.
— Выканала,— адказала я.
— А чаму ў цябе мокрыя валасы? — спытаў ён.
Я расказала, што было са мной у дарозе.
— Малайчына! Ты хоць і малая, але здагадлівая,— пахваліў ён.— А тое, што ты паведаміла, для нас вельмі важна...
— А што мне цяпер рабіць? — спытала я.
— Заўтра будзе відаць,— адказаў ён.— А цяпер ідзі ў зямлянку і адпачывай.
ЗОЯ ВАСІЛЕЎСКАЯ