НАША СЯБРОЎКА

Мы ведаем Рыму Кунько са школьнай парты. Разам з ёю вучыліся з пятага да дзевятага класа.

Яна была жывая, рухавая дзяўчынка, шчырая сяброўка. Сама вучылася добра і старалася, каб і аднакласнікі не адставалі.

Памятаем такі факт. Рыма вельмі любіла геаграфію і заўсёды адказвала толькі на «выдатна». А ў класе было некалькі адстаючых. Яна парашыла дапамагчы ім. Аднойчы на класным сходзе яна сказала:

— У нас ёсць некалькі таварышаў, якія адстаюць па геаграфіі. Гэта не да твару піянерам. Мы павінны вучыцца так, каб да канца навучальнага года не мець ніводнай дрэннай адзнакі і ўсім да аднаго перайсці ў сёмы клас.

Вучні падтрымалі прапанову Рымы. Пасля гэтага яна знаходзіла час, каб і самой вывучыць урокі і папрацаваць з адстаючымі. Яна расказвала, паказвала на карце, задавала пытанні. Да заняткаў рыхтавалася сур'ёзна. Калі чаго не ведала, звярталася да выкладчыка, і Нікіфар Дзмітрыевіч Ламака дапамагаў парадамі. У выніку ўсе вучні ў тым годзе паспяхова перайшлі ў наступны клас.

Рыма вызначалася асаблівай настойлівасцю. Калі яна хацела чаго-небудзь дабіцца, то абавязкова дабівалася. Аднаго разу яна запрасіла нас да сябе на навагоднюю ёлку. Сабралася шмат дзяўчынак-вучаніц. Мы спявалі, танцавалі. Рыма танцавала дрэнна. Ёй нехта заўважыў:

— Ты танцуеш нязграбна.

Рыма падышла да нас і спытала, ці праўда гэта. Мы сказалі, што яна сапраўды танцуе няважна. Рыма парашыла авалодаць танцамі і папрасіла дапамагчы ёй. Мы згадзіліся.

У вольны час мы заставаліся ў школе, заходзілі ў пусты клас і вучылі яе танцаваць. Калі не выходзіла, паўтаралі па некалькі разоў. Рыма цярпліва пераносіла няўдачы. Яе старанні не прапалі дарма. У хуткім часе яна танцавала не горш, а лепш за нас. З танцамі выступала на школьных вечарах, удзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах мастацкай самадзейнасці. Яна неаднаразова прэміравалася за свае выступленні ў Асіповічах і Магілёве.

Цікавая гісторыя адбылася з ёю зімой 1940 года. Вось што расказала пра гэта яе маці Вера Маркаўна.

У час вайны з Фінляндыяй старэйшы брат Рымы Валодзя добраахвотна з інстытута пайшоў на фронт. Калі аб гэтым даведаліся Рыма і малодшы брат Марк, вучань дзесятага класа, яны задумаліся і хадзілі маўклівыя.

Аднаго разу да іх прыйшлі дзве настаўніцы і падалі тэлеграму на імя Марка. Маці ўзяла тэлеграму і прачытала: «Ваша залічэнне ў армію ўзгоднена з камандаваннем. Неадкладна выязджайце». Рыма заззяла. У гэты час у хату ўвайшоў Марк. Ён глянуў на сястру, а потым, нібы пытаючыся, на маці. Тая падала яму тэлеграму і сказала:

— Перш чым ехаць, узваж і прадумай усё.

Марк прачытаў тэлеграму і адказаў:

— Усё ўзважыў і прадумаў перш, чым пісаць.

Праз чатыры гадзіны ён паехаў.

Маўклівая Рыма хадзіла як цень. Маці думала, што дачка непакоіцца за жыццё братоў, і старалася развесяліць яе. Але не гэта хвалявала Рыму. Аднойчы яна падышла да маці і заявіла:

— Мама, я пайду на вайну.

Маці пачала ўгаварваць, кажучы, што яна яшчэ малая і нават страляць не ўмее. Рыма выслухала, а потым сказала:

— Ты, мама, не права. Гады тут ні пры чым, Усё, усё можна зрабіць, калі захочаш. А работа мне знойдзецца. Буду раненых ратаваць у час бою. Буду разведчыцай, а мне гэта лягчэй, як чырвонаармейцу.

— Заб'юць цябе,— сказала маці.

— Не трэба, каб адразу забівалі... Я пастараюся выратаваць хоць аднаго раненага,— падумаўшы, адказала Рыма.

Маці прытуліла да сябе дачку і ласкава сказала, што цяпер рана так рабіць, што яна яшчэ малая.

Рыма маўчала. А на другі дзень цішком уцякла з дому. Маці здагадалася, у чым справа, кінулася ка станцыю і села ў цягнік. Дагнала ўжо ў Оршы. Рыма нецярпліва глянула на матку і скрозь слёзы прагаварыла:

— Я ведаю, чаму ты не пускаеш мяне. Баішся, каб не забілі. Як настаўніца гаворыш адно, а думаеш пра другое. Якая ганьба!

Матцы было сорамна, і смешна, і крыўдна. Па дарозе дадому Рыма сказала:

— Ты не права, мама, і я ўсё жыццё буду помніць твой учынак.

Рыма не толькі добра вучылася, але і любіла чытаць мастацкую літаратуру. Чытала яна сістэматычна і абдумана. Беручыся за творчасць якога-небудзь пісьменніка, старалася прачытаць усё, што можна было дастаць у школьнай бібліятэцы, у таварышаў ці знаёмых.

Мы заўсёды адчувалі, што яна ведае больш за нас. Часта па тых ці іншых пытаннях звярталіся да яе і атрымлівалі адказ. Але ніколі нам не прыходзілася заўважаць, каб яна задавалася сваімі ведамі, сваёй перавагай.

Вясёлая, жыццярадасная, яна любіла пажартаваць, сказаць вострае слоўца. Летам разам купаліся ў Свіслачы, каталіся на лодцы. Хадзілі ў лес па ягады, грыбы, а ранняй вясной збіралі кветкі. Рыма любіла кветкі. Вакол іх дома былі клумбы. Тут цвілі астры, вяргіні, настурцыі, гваздзікі. У яе пакойчыку, на стале, заўсёды можна было бачыць букет кветак.

Яна ніколі не грубіяніла і не пераносіла грубасці другіх. Пра такіх Рыма гаварыла:

— Яны падобны да жывёлы.

I мы, яе сяброўкі, ва ўсім імкнуліся браць прыклад з яе. Яна неяк выдзялялася з асяроддзя сваіх равеснікаў уменнем зрабіць уплыў на другога. Не паслухацца яе, не падначаліцца ёй было проста немагчыма. Яе паважалі вучні і настаўнікі ўсёй школы.

Іншы раз, сабраўшыся групкай, мы пачыналі марыць, кім будзем, калі вырасцем. Рыма гаварыла, што яна скончыць дзесяцігодку і пойдзе вучыцца на настаўніцу-географа.

Але марам яе не суджана было збыцца.

Успыхнула вайна. Пачалася мабілізацыя. Мужчыны і хлопцы адпраўляліся ў армію. На другі дзень і мы пайшлі праводзіць сваіх аднавяскоўцаў у мястэчка Ліпень. Сустрэліся з Рымай, якая ў той час была дома адна. Валодзя быў у Мінску — ён вучыўся ў політэхнічным інстытуце,

Марк — у Магілёве, а маці — на лячэнні ў Севастопалі. Рыма ведала, што немцы бамбардзіравалі Севастопаль, і вельмі хвалявалася за маму.

— Можа, мамы няма ўжо...— сказала яна.

— Хворых, напэўна, вывезлі,— супакойвалі мы.

Рыма маўчала. Дадому пайшлі заклапочаныя. Пасля гэтага доўга не бачыліся з ёю, таму што немцы хутка занялі Ліпень і мы баяліся хадзіць туды.

У нашай вёсцы Брыцалавічы, што ў чатырох кіламетрах ад Ліпеня, з'явіліся партызаны. Аднаго разу яны зрабілі налёт на паліцаяў. Тры паліцаі былі забіты, астатнія раззброены.

Марк дружыў з Нініным братам Васілём. Яны ўстанавілі сувязь з партызанамі і сталі ім дапамагаць. Хутка вярнуўся дадому і Валодзя. Ён адразу пайшоў у партызаны. Браты параіліся між сабою і рашылі адправіць сястру ў Дукору, да бабулі, але Рыма не згадзілася. Яна таксама хацела ісці ў партызаны.

Неяк уранні да Ніны прыбегла Рыма. Яна была ўся мокрая. Ніна дала ёй пад'есці. Затым Рыма палезла на печку, каб прасушыцца. Ніна спытала, што здарылася. Вось што расказала ёй Рыма.

Марку даручылі ўзарваць будынак гарнізона. Далі ўзрыўчатку. Ён прынёс яе дадому і схаваў пад камодай. Але тол патрэбна было пераправіць бліжэй да гарнізона. Зрабіць гэта ўзялася Рыма. Яна палажыла ў кошык тол, зверху прыкрыла бульбянымі лушпайкамі і аднесла да знаёмай Зіны Сушко.

Ноччу брат падпоўз да гарнізона, без шуму зняў вартавога і, падлажыўшы пад сцяну тол, падпаліў шнур і — ходу. Хутка пачуўся выбух. Да раніцы Марк прасядзеў у кустах. Затым вярнуўся дадому. Рыма чакала яго ў садзе. Брат стаў пераапранацца, а Рыме загадаў пільнаваць. Не паспеў ён надзець сарочку, як прыбегла Рыма і сказала, што ў садзе немцы. Рыма і Марк выскачылі з дому, пераплылі раку і кінуліся ў лес. Марк астаўся паглядзець, што будуць рабіць немцы, а яна пабегла да Ніны.

Рыма пераначавала ў таварышкі і пайшла шукаць партызан.

Некаторы час мы пра яе нічога не чулі. Потым Марк і Валодзя сталі заходзіць да нас. Яны сказалі, што Рыма ў атрадзе Каралёва, і даручылі нам перадаваць запіскі ў Ліпень Мазалеўскаму (ён быў стараста воласці і трымаў сувязь з партызанамі).

Узімку немцы пачалі часцей наведваць Брыцалавічы і распраўляцца з жыхарамі. Тут яны схапілі і забілі Мазалеўскага, сяброўку Ніны Олю Альховік, спалілі спачатку пяць хат, а потым усю вёску разам з людзьмі. Мы ўцяклі ў лес.

Праз дзень трапілі ў атрад Рыгора Нікіфаравіча Баразны.

Каля адной зямлянкі Ніна сустрэла Рыму. Яна несла ваду. Убачыўшы Ніну, Рыма паставіла на зямлю вядро і кінулася да таварышкі.

Яны абняліся і шчыра пацалаваліся. Рыма папрасіла зайсці ў зямлянку.

Яе нары знаходзіліся ў кутку. Дзяўчынкі селі і разгаварыліся. Ніна паведаміла, як уцякла з дому, а Рыма сказала, што яна была ў атрадзе Каралёва і нядаўна перайшла ў гэты. Ніна спытала, чаму яна не засталася разам з братам.

— У тым атрадзе,— расказвала Рыма,— мяне паслалі ў гаспадарчую роту. Я вымушана была чысціць бульбу і выконваць іншыя дробныя работы. Але мне не хацелася сядзець склаўшы рукі,— не для гэтага я пайшла ў партызаны. Прасіла залічыць у баявое аддзяленне, каб помсціць немцам. Мяне не пусцілі. (Рыме тады ішоў пятнаццаты год.) Я рашыла пакінуць яго і пакінула.

Гэта здарылася тады, калі загікуў яе старэйшы брат Валодзя. Вось як гэта было.

Валодзя быў смелы і адважны партызан. Не адзін раз ён наводзіў страх на немцаў. У снежні 1942 года на заданні яму адарвала абедзве нагі. На другі дзень ён памёр...

Са шпіталю яго прывезлі ў лагер. Рыма балюча перажывала страту любімага брата. Але, убачыўшы яго мёртвага, яна знайшла ў сабе сілы стрымацца і не заплакаць. Маўчала яна і тады, калі Марк угаварваў яе, каб яна так не перажывала: вайна...

Рыма і Марк абмылі Валодзю, апранулі ў чыстае адзенне. Усю ноч прасядзелі ля труны. Лепшыя воіны-партызаны стаялі ў пачэсным каравуле. Рыма ўсё аб нечым думала. I ўжо глыбокай ноччу яна раптам сказала Марку:

— Пахаваем Валодзю, і я адразу пайду ў баявую роту, каб адпомсціць немцам. Адпусцяць мяне ці не адпусцяць, захочуць перавесці ці не, але я ўсё роўна перайду ў баявую і буду помсціць...

Раніцай, у дзесяць гадзін, Валодзю пахавалі на партызанскіх могілках, недалёка ад лагера. Ён клаўся ў зямлю трэці з атраднікаў. Усе байцы і камандзіры прысутнічалі на пахаванні. Камісар Шыёнак расказаў аб мужнасці і бясстрашшы загінуўшага. Слухалі з увагай. Настаў момант развітання. Марк кляўся адпомсціць за заўчасную смерць дарагога брата. А Рыма пацалавала Валодзю, стала на калені, прыклала да грудзей сціснутыя ў кулакі рукі і выразна сказала:

— Валодзя, над тваёй магілай я клянуся, што кожная кропля тваёй крыві будзе каштаваць не аднаго нямецкага жыцця. Ляжы спакойна, а я буду страшна помсціць за цябе і за нашу Радзіму.

Труну закрылі і апусцілі ў яму. Сястра і брат кінулі першыя жмені жоўтага жвіру. За імі гэта зрабілі астатнія. Хутка над зямлёй вырас невялікі ўзгорак. Раздаўся трохразовы салют з аўтаматаў. Усе пайшлі, а Рыма, Марк і двое самых блізкіх Валодзевых сяброў доўга яшчэ стаялі ля свежай магілы брата і таварыша.

Вярнуўшыся ў зямлянку, Рыма падсела да Пелагеі Аляксандраўны Сакольчык, бабулі, з якой разам працавала ў гаспадарчай роце, заплакала і спытала:

— Цётачка, няўжо няма Валодзі?

— Канечне, няма,— адказала бабуля і пачала супакойваць: — А ты не плач. Яго такі лёс. I нам можа быць тое самае...

Рыма падумала і ўжо цвёрда сказала:

— Заставацца тут я больш не магу. Пайду ў атрад Баразны і папрашу, каб ён залічыў мяне ў баявую роту. Да вас я ўжо не вярнуся.

— Як ведаеш,— адказала Пелагея Аляксандраўна і не стала адгаварваць.

Вечарам Рыма сабралася і пайшла.

...Ніну залічылі ў аддзяленне, у якім была і Рыма. Рыма ў гэты час разам з дарослымі хадзіла ў засады, удзельнічала ў баявых аперацыях. Ніна зайздросціла сяброўцы. Не раз яна прасіла камандзіра ўзвода Іванова ўзяць яе з сабой, але той адказваў:

— Ты яшчэ не ўмееш страляць. Ды і вінтоўкі ў цябе няма.

— А чаму Рыма ходзіць? — пытала яна.

— Кунько ўжо вывучыла зброю і навучылася валодаць ёю,— адказаў Іваноў.

Ніна і сама бачыла, што Рыма больш вопытная за яе і Полю.

Пайшлі дні партызанскага жыцця. Рыма, як і раней, хадзіла на заданні. Мы выконвалі, галоўным чынам, гаспадарчыя работы. Неяк мылі мы бялізну. Раптам Рыма кажа:

— Ніна, давай памыем і ўсім мужчынам нашага адцзялення.

— Давай,— згадзіліся мы.

Гуртам пайшлі ў зямлянку і прапанавалі хлопцам, каб яны далі нам бялізну.

Хлопцы спачатку адмаўляліся.

— Не трэба. Мы і самі памыем...

Рыма пачала настойваць. Яна сказала, што нам усё роўна — памыць адну кашулю ці некалькі. Хлопцы нарэшце згадзіліся.

Мы старанна вымылі, высушылі, выпрасавалі і самі аднеслі ў аддзяленне. Убачыўшы чысценькую, акуратна складзеную бялізну, партызаны шчыра падзякавалі нам. Мы таксама былі рады, што наша работа прыйшлася ім да густу.

Пасля гэтага выпадку дзяўчаты другіх аддзяленняў пачалі рабіць тое самае.

Мыццё бялізны было ў нас самай вясёлай часінай. Сядзім, бывала, ля кастра, жартуем, смяёмся. Будучы разам, мы ніколі не бачылі, каб Рыма была сумная, задуменная. Яе бадзёрасць перадавалася і нам.

Рыма ніколі не сядзела без работы. Яна хадзіла на аперацыі, у нарад. У вольны час чытала. У гэтым відаць было колішняе захапленне кнігамі. Асабліва падабалася ёй аповесць Гогаля «Тарас Бульба». Яна на памяць дэкламавала цэлыя ўрыўкі з гэтага твора. Па душы прыйшлася ёй ваяўнічасць галоўнага героя.

Часам Рыма выказвала незадавальненне сваім становішчам. Гэта было ў такія моманты, калі ёй не давалі волі. Аднаго разу яна пачала размову аб тым, каб самавольна пайсці на адказнае заданне, напрыклад, падрыў варожага эшалона. Яна падгаварвала і нас. Мы сказалі, што за гэта нас могуць прагнаць з атрада за недысцыплінаванасць, Рыма нахмурылася, падумала і заявіла:

— Тады я пайду адна. Толькі аб гэтым нікому ні слова. Не скажаце?

Мы абяцалі маўчаць.

Але Рыма не ведала, як абыходзіцца з капсулем. Памеркаваўшы крыху, яна парашыла авалодаць падрыўной справай.

У гэты дзень партызаны былі заняты хто чым. Адны спалі пасля начнога паходу, другія чысцілі зброю, трэція елі. Ротны «спец», падрыўнік Алёша Міцюраў, раскладваў свае капсулі. Рыма падышла да яго і ціха, нібы так сабе, сказала:

— Міцюраў, пакажы, як ужываецца гэтая штучка.

Той нават не пацікавіўся, навошта ёй. Ён, мусіць, лічыў, што кожны партызан павінен ведаць падрыўную справу. Ён тут жа пачаў тлумачыць, як зроблены капсуль, як ён ужываецца, У Рымы была добрая памяць, і яна ўсё адразу зразумела і запомніла. Затым яна наблізілася да Міцюрава і нечакана выхапіла ў яго з рук адзін капсуль. Міцюраў схапіў Рыму за руку.

— Аддай капсуль! — крыкнуў ён.

— Не, не аддам.

— Навошта ён табе?

— Трэба.

Пасля доўгай спрэчкі Рыма прызналася. Міцюраў забраў капсуль і пачаў угаварваць, каб яна не рабіла нічога.

— Падрыўная справа вельмі небяспечная. Малейшая неасцярожнасць, і ты загінеш,— гаварыў ён.

Рыма і слухаць не хацела. Скончылася тым, што яна пасварылася з Міцюравым і перастала размаўляць з ім. А Ніне яна радасна сказала:

— Ну, цяпер я адпомшчу і за Валодзю, і за твайго брата, і за ўсіх...

У душы мы былі згодны і не згодны з ёй. Тое, што яна хацела помсціць, было і нашым жаданнем. Але што яна збіралася ісці адна, ды яшчэ самавольна, трывожыла нас. Мы імкнуліся пераканаць, каб яна не рызыкавала сабою. На нашы ўгаворы яна ўпарта адказвала:

— Я павінна ісці помсціць. I я гэта зраблю...

Пасля сутычкі Міцюраў хаваў баначку з капсулямі ў галавах сваіх нараў. Рыма чакала зручнага моманту, каб выкрасці. I ён надышоў.

Міцюраў вярнуўся з задання. Ён вельмі прыстаў і змарыўся. Не распранаючыся, паваліўся на нары. Рыма не спала і сачыла за ім. Як толькі Міцюраў заснуў, яна ціхенька падышла да нар і ўзяла адзін капсуль. Яна ведала, што ўзяць тол і бікфордаў шнур потым будзе не цяжка: Міцюраў іх не хаваў.

Рыма ўзрадавалася і пачала рыхтавацца да выканання задуманага. Мы параіліся паміж сабой і рашылі сказаць Міцюраву, каб ён схаваў тол і шнур. Ён так і зрабіў. Калі ў наступны раз Рыма хацела ўзяць узрыўчатку, то яе на старым месцы не было.

Рыма здагадалася, што гэта падстроілі мы, усердзілася і пачала дакараць:

— Вы думаеце, што зрабілі мне лепш? — пакрыўджана казала яна.— Не. Што я задумала, тое і зраблю.

Ведаючы яе настойлівасць і рашучасць, мы ўзяліся дапамагчы.

Падпільнаваўшы, калі ў зямлянцы не было ні Міцюрава, ні другіх партызан, мы ўзялі шнур і некалькі толавых шашак, якія звязалі разам. Усё гэта склалі ў мяшок і схавалі пад нары. Калі даведалася Рыма, яна павесялела і ажывіліся. Нам яна сказала:

— Дзяўчаткі, цяпер-то я спушчу эшалон...

Той жа ноччу яна пайшла, пакінуўшы камандзіру атрада запіску такога зместу:

«Я пайшла на жалезку. У лагер не вярнуся датуль, пакуль не ўзарву эшалон. Аба мне не турбуйцеся».

А Міцюраву ў пісьме, якое ён знайшоў у сваёй баначцы з капсулямі, яна пісала так:

«Цяпер я ўзяла яшчэ адзін капсуль. Задуманае выканаю. Усе твае перакананні дарэмны. Угаварваючы мяне, ты думаў, што робіш мне дабро. У сапраўднасці ты быў шкодны і злы для мяне чалавек. Калі мне ўдасца спусціць эшалон, то, вярнуўшыся ў лагер, можа быць, і буду размаўляць з табой, а калі не, то ніколі з табой больш не загавару».

Знікненне Рымы першы заўважыў камандзір аддзялення Кузняцоў Іван. Ён прыйшоў у зямлянку, разбудзіў нас і стаў дапытвацца, дзе Рыма.

— Не ведаем,— адказвалі мы.— Яна нічога нам не гаварыла.

Не дабіўшыся ад нас праўды, ён далажыў камандзірам узвода і роты.

Ім мы адказвалі адно і тое ж: нічога не ведаем. Тады нас паклікаў начальнік штаба Патапейка і камісар Шыёнак. I гэтым мы сказалі, што не ведаем. Нарэшце з пісьма камандзіру атрада яны даведаліся, у чым справа. Пачалі чакаць.

Вярнулася Рыма праз трое сутак. Яна была стомленая, мокрая, але вясёлая і задаволеная. Вочы яе блішчалі ад шчасця. Яна кінулася да нас і пачала расказваць, як усё адбылося.

У першую ноч цягнікі зусім не ішлі. На другую таксама. Ад крыўды Рыма аж заплакала. Але ўсё ж яна наважыла дачакацца. Ноччу Рыма ляжала каля палатна чыгункі, уважліва прыслухоўваючыся да навакольных гукаў і да болю ў вачах узіраючыся ў густую цемру. Днём залазіла ў стог сена і адпачывала. На трэція суткі ішоў ваенны эшалон. Рыма падклала міну, прывязала шнур, адпаўзла і пачала чакаць. Калі падышоў цягнік, яна тузанула шнур. Раздаўся выбух. Сэрца яе забілася ад радасці і шчасця. Яна паглядзела яшчэ, як валіліся пад адхон вагоны, і кінулася прэч ад гэтага месца.

— А што ты ела? — спыталі мы.

— Я схадзіла ў вёску Залессе і папрасіла ў сялян,— адказала яна.

У атрадзе спачатку не далі веры, што адна дзяўчынка магла ўзарваць цягнік. Каб праверыць, ці праўда гэта, камандзір выслаў разведку. Тая вярнулася і далажыла, што на перагоне між станцыямі Татарка і Асіповічы, якраз у тым месцы, якое ўказвала Рыма, сапраўды спушчаны пад адхон нямецкі воінскі эшалон. А раз ніхто другі з атрада на жалезку не хадзіў, усім стала ясна, што гэта справа Рыміных рук.

Пасля гэтага выпадку ў партызан з'явілася яшчэ большая ахвота ісці на дыверсіі.

Але Рыма не супакоілася на гэтым, а адразу ж узялася за стварэнне першай у атрадзе падрыўной групы з адных толькі дзяўчат. У яе ўвайшлі мы і Надзя Суравец. Рыма была кіраўнік. Яна вучыла, як падпаўзаць, падкладаць тол, устаўляць капсуль. Калі мы авалодалі падрыўной справай, яна папрасіла камандзіра атрада, каб ён дазволіў ёй са сваёй групай пайсці на жалезку. Камандзір згадзіўся. Памятаем, яна ўскочыла ў зямлянку радасная, узбуджаная. Твар яе ззяў, ярка блішчалі вялікія вочы.

— Дзяўчаткі, хадзем! — крыкнула яна.

Мы падхапіліся з нар і пачалі збірацца. Узялі тол, шнур, капсулі, харчы, зброю і завідна адправіліся ў дарогу. Лесам ішлі пятнаццаць кіламетраў. Цямнела, калі выйшлі на ўскраіну, адкуль відаць была чыгунка. Спыніліся, агледзеліся. Паблізу нікога не было. Заляглі і сталі чакаць. Але ў першую ноч нам не пашанцавала — цягнікі не ішлі. Пад дзень паліў дождж. Мы прамоклі, пачалі мерзнуць. За кіламетры тры ад нас, на лузе, стаяў стажок сена. Мы забраліся ў яго. Трошкі сагрэліся і заснулі. Прахапіліся ў поўдзень. Пад'елі, пагутарылі аб тым-сім і зноў адправіліся на чыгунку. У ляску дачакаліся цемры.

Пакуль ляжалі, Рыма размеркавала, што каму рабіць. Поля і Надзя засталіся ля шнура, а Ніна і Рыма з толам папаўзлі да палатна. Недалёка ад яго пачуліся нечыя крокі. Дзяўчынкі прыціснуліся да зямлі і стаіліся. Гэта ішлі два нямецкія вартавыя. Прапусцілі іх, пачакалі крыху і — далей. Толькі падпаўзлі — воддаль пачуўся ціхі грукат цягніка. Фінкай зрабілі падкоп пад рэйкай, залажылі тол, уставілі капсуль са шнурам. А шум цягніка нарастаў. Рыма і Ніна хутка папаўзлі назад, а потым ускочылі і пабеглі. Калі цягнік падляцеў блізка, яны ўпалі на зямлю. Поля і Надзя тузанулі шнур. Раздаўся аглушальны выбух пад паравозам, і ўгору ўзляцеў велізарны слуп агню. Пачуліся трэск, лязгат, стогны. З вартавых будак па нас адкрылі агонь з кулямётаў. Немцы стралялі наўгад, і кулі не маглі прынесці нам ніякай шкоды. Мы ляжалі да таго часу, пакуль не спынілася страляніна. Затым узняліся і рушылі ў лагер. Гэта была Рыміна другая, а наша першая баявая аперацыя на жалезцы.

Ад імя камандавання брыгады нам была аб'яўлена падзяка.

Праз некалькі дзён мы зноў пайшлі на жалезку, але нас сустрэла няўдача. Цягнік, не падышоўшы да нас, спыніўся. На другім участку партызаны рвалі рэйкі. Мы думалі, што гэта падрыўнікі нашага атрада. Вельмі шкадавалі, што не ўдалося ўзарваць эшалон. Асабліва перажывала Рыма. Яна з нездавальненнем гаварыла: — Навошта нас пасылалі? Як потым высветлілася, рэйкі рвалі не нашы падрыўнікі, а партызаны з атрада Ціхамірава. Неўзабаве Рыма і Поля адправіліся на ст. Татарка. Яны падлажылі пад рэйкі міну і сталі чакаць. Раней іх на дыверсію пайшоў Міцюраў са сваімі падрыўнікамі. Яны ўзарвалі эшалон і пайшлі. Немцы пусцілі дапаможны цягнік, які хадзіў то ўзад, то ўперад. Узрываць яго не было ніякага сэнсу. Нягледзячы на дождж, дзяўчынкі цярпліва чакалі. Вось прайшлі вартавыя, але шнура не заўважылі. Затым са станцыі выйшаў дзяжурны з кішэнным ліхтарыкам. Ён падышоў да гэтага месца і ўбачыў шнур. Раздаўся свісток. Выхаду не было.

— Трэба рваць,— прашаптала Рыма.

— Рві,— згадзілася Поля.

Тая пацягнула за шнур. Выбух. Дзяўчынкі ляжалі ў некалькіх метрах ад чыгуначнага палатна, і іх аглушыла выбуховай хваляй. Яны не змаглі адразу падняцца. Праз некалькі хвілін усё-такі ўсталі і, падтрымліваючы адна адну пад рукі, дабраліся да лагера.

На другі дзень разведчыкі данеслі, што дзяжурны немец быў разарваны ў шматкі.

Каб абараніцца ад партызан, немцы пачалі мініраваць абочыны дарогі. Але гэта не магло спыніць партызанскіх падрыўнікоў.

У наступны раз Рыма пайшла на жалезку з партызанам Патапейка Васілём. Яны наткнуліся на нямецкую міну, і абое былі ранены. Рыма — у левую сківіцу, а Васіль — у нагу. Ісці ён не мог. Перамагаючы боль, Рыма восем кіламетраў цягнула на сабе таварыша.

Лячылася Рыма ў грамадзянскім лагеры. Будучы хворая, яна часта прыходзіла ў атрад. У гутарках з намі яна шкадавала, што часова выбыла са строю. Паправіўшыся крыху, яна стала прасіцца, каб яе вьшісалі. Урачы пярэчылі. Тады яна самавольна пакінула шпіталь і вярнулася ў атрад. Яе сэрца прагнула барацьбы.

...Рыма і Ніна пайшлі на заданне. На гэты раз ім удалося спусціць пад адхон эшалон недалёка ад Асіповіч.

Рыма ўдзельнічала і ў многіх іншых аперацыях. Яна была нястомная.

Вярнуўшыся з аднаго задання, прасілася на другое. Мы дзівіліся, адкуль браліся ў яе сілы і энергія. Стаўшы байцом, яна ганарылася гэтым і старалася на справе апраўдаць назву народнага мсціўца.

У вольную часіну мы заводзілі размовы аб тым, чым зоймемся, калі злучымся з Чырвонай Арміяй. Рыма заўсёды адказвала:

— Я пайду на фронт дабіваць немца.

Яна лічыла, што для перамогі зрабіла яшчэ вельмі мала.

Летам 1944 года са зводак Саўінфармбюро мы даведаліся аб вялікім наступленні Чырвонай Арміі ў Беларусі і шпаркім прасоўванні нашых войск. Сабраўшыся групай, дзяўчынкі гаварылі пра тое, што хутка скончыцца вайна, наша родная Беларусь стане вольная, і мы выйдзем з лесу. Але тое, што многія не ўбачаць сваіх родных, засмучвала нас. Рыма ў такіх выпадках з тугой казала:

— А Валодзю-то я ніколі больш не ўбачу.

I вось у атрадзе з'явіліся два разведчыкі-чырвонаармейцы. Партызанам было аб'яўлена, што атрад імя Ракасоўскага ідзе на ўз'яднанне з часцямі Чырвонай Арміі.

У Ліпені мы ўпершыню ўбачылі нашых савецкіх танкістаў. Што гэта была за радасць, цяжка апісаць.

Немцы здаваліся пачкамі.

З Ліпеня мы рушылі ў Асіповічы. У гэты час здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Па шашы Мінск — Бабруйск рухаліся часці немцаў, якія вырываліся з бабруйскага «катла». Яны напалі на наш атрад. Партызаны заляглі каля шашы.

Завязаўся жорсткі бой. Было падбіта два танкі і некалькі машын. Рыма з сямю чалавекамі вяла бой са значна большай колькасцю немцаў. Калі выйшлі патроны, яна паднялася ў атаку. У гэты час варожая куля скасіла яе.

Ужо мёртвую яе прывезлі ў Асіповічы. Тут яе і пахавалі. Над свежай магілай палітрук роты Мацвей Патапейка расказаў аб баявых справах юнай партызанкі. Звяртаючыся да ўсіх, ён сказаў:

— Мы страцілі адважную партызанку, гарачую патрыётку, якая ўсе свае сілы, усю сябе і сваё жыццё аддала за нашу Радзіму, за шчасце народа. Спі, наш дарагі, юны друг. Справу, за якую ты бясстрашна змагалася, мы давядзём да канца: даб'ём фашысцкую гадзіну ва ўласным берлагу і ўзнімем над Берлінам сцяг перамогі! Бывай, Рыма!

Партызаны ўсяго атрада сумавалі па Рыме. А мы, сяброўкі, слёзна плакалі. Вельмі шкода было Рыму, з якой прайшлі ўвесь баявы шлях, перанеслі ўсе цяжары і нястачы партызанскага жыцця... Асабліва крыўдна было, што яна загінула ў шчаслівы дзень вызвалення.

Хоць Рыма Кунько загінула, але яна жыве ў нашых сэрцах і сэрцах тых, хто жыў і змагаўся разам з ёю.


ПОЛЯ I НІНА БАРАЗНА

в. Ігнатковічы, Асіповіцкі раён.

Загрузка...