Уладзімір Караткевіч Хрыстос прызямліўся ў Гародні Евангелле ад Іуды

Слова двух сведкаў

…і на пачатку панавання таго Жыкгімонта Першога быў нейкій… который з лёгкості якой умысліў або рачэй з роспачы імя із зверхность Хрыста господа собе прыпісаў і прівлашчаў.

«Кроніка Белай Русі…» каноніка жмойскага Мацея Стрыкоўскага

Будучы на схіле дзён, рыхтуючыся да агульнай чашы чалавечай — яе ж ніхто не праміне, — ведаючы, што за крэсам не сустрэнемся зноў, бо веры мы рознай, а магчыма, і за крэсам ляжыць «можа быць» ці ўвогуле «нішто», вырашылі мы, адзін пісьменны, а другі памятлівы, распавясці вам, людзі, аб Юрасю Братчыку, якога царква назвала «лжэ-Хрыстом».

Ілжа і мана! Многіх яны так білі каменнямі, а потым кананізавалі. Гэтага — наўрад. Абылгалі і забылі пісьменныя, абылгалі багатыя, абылгалі кніжнікі прадажныя імя яго. І запісалі аб ім толькі Мацей Стрыкоўскі, ды Квангін Алесь-летапісец, ды Варлам Аршанскі, ды Збароўская пісцовая кніга, ды Андронік, Лагафіл па прозвішчы, з Буйнічаў Магілёўскіх.

Але першыя два, кнігі свае ратуючы, дзеля страху іудзейска, аб Гародні нібы і не помняць; рабунак Цудатворнай з Вільні ў Частагоў адносяць; злодзеем адным яго робяць, жартам шалберскім[1] усё паказваюць, гішторыяй круцельскай. А астатнія, калі і гавораць аб бунце і вялікай гародзенскай разні, то, ведаючы мала, радкамі двума, ад адной літары чырвонай да другой: «Хрыстос той рачоны горад узяў і людзей пабіў, але потым…» І, яшчэ словы два сказаўшы, гавораць потым, як карова ў ратмана[2] на лёдзе нагу зламала і што сена дужа ў гэтым годзе дарагое было. Патрэбнае хіба свінням непатрэбным сена?!

Як збіраюцца прылічваць кагосьці да ліку святых — спамінаюць, ці стварыў ён да скону хаця бы два цуды. І «адвакат д'ябла»[3] тыя цуды пытае сумненнем, спрабуе давесці, што былі гэта не цуды, а якіясь чары і гуслі і блуд лотраўскі[4], і доказаў патрабуе, што дзівы гэтыя былі.

У яго, у Юрася Братчыка, цудаў было больш. І галоўнае цуда — мёртвыя ўсталі, калі прыйшоў ён.

І таму аблудам гэтым, чарнакніжнікам, давялося б вырашаць і выракаць пытанне аб другім прышэсці сына Божага на зямлю, а гэта цяжэй, чым кілка там дурняў у святыя запісаць.

Маўчаць яны. Маўчаць і кнігачэі. Хто ведае — той сказаць не можа ці не хоча. Хто можа сказаць — той не ведае.

А мы можам. Мы ведаем. Мы хадзілі з ім. І старыя мы ўжо. Няма чаго нам, як кату ля гарачага сала, хадзіць. І сала нам непатрэбнае, і лазіна нястрашная. Дый раней мы пісалі. Толькі тое рукапісанне знікла, пакралі яго.

І мы б з адвакатам д'ябла згодныя былі. Не было цудаў. І былі цуды. І не быў ён Бог, а быў чалавек. Але для нас, чалавекаў, нават для тых, што ведалі яго, быў ён — Бог.

І замыслілі мы пакінуць праўду. Можа, яна дойдзе, калі пачнуць кананізаваць не ў святыя, а ў Людзі. То й хай будзе праўда.

Аман!

Загрузка...