Памыслі, мог я без вачэй вільготных
На твар зямны глядзець, на воблік той,
Так звернуты, што плач вачэй гаротны
Між ягадзіц каціўся баразной?!
Дзе ты, бяда, радзілася,
Што за мяне ўчапілася?
Яны стаялі ў вялікай суднай зале, толькі цяпер не ля дзвярэй, а ля ўзвышэння, на якім высіўся стол. Нікога больш сёння ў зале не было: занадта важлівая была справа, каб дапусціць кагосьці з пабочных, хай сабе і багатых людзей.
Толькі гэтыя трынаццаць з трапяткімі адбіткамі полымя на тварах (перад імі стаяла жароўня, і ад яе агню, здавалася, былі ружовыя хітоны з радна і крывавыя твары). Ды яшчэ варта (латы іхнія ад вобліскаў наліваліся чырванню, дрыжэлі і нібыта плавіліся). Ды яшчэ кат са скрыжаванымі на грудзях, голымі па локаць рукамі ля дзвярэй у катоўню.
Ды яшчэ, высока за сталом, увесь вялікі гародзенскі сінедрыён. Войт Жаба ад замкавага і магістрацкага суда, адзін у двух іпастасях; Юстын і радцы — ад магістрата, радзецкага і лаўнічага суда; Балвановіч з чатырма бязлікімі папамі і Лотр з Камаром і Басяцкім — ад суда духоўнага.
Іосія паказаў вачыма Братчыку на канец прэнга. Каб даўжэйшы быў падважнік, канец гэты прасунулі ў адтуліну ля дзвярэй катавальні: правасуддзе прыгадала падсудным, што яно такое, намякнула, якое яно, прыўзняло з сапраўднага свайго аблічча краёчак самавітай і гожай маскі.
Круцельскі Юрасёвы твар скрывіўся. Ён уздыхнуў.
— Зала чалавеказнаўства, — прашаптаў іудзей.
Братчык нявесела ўсміхнуўся.
— Тут прызнаюцца ў тым, чаго не рабілі, — сказаў Іосія.
— Ну, гэта не навіна, — аднымі вуснамі сказаў Братчык.
Упаў удар молата.
— Дык вось, — сказаў Лотр. — Што прымусіла вас, агідныя ерэтыкі, імя Хрыста, Пана Бога нашага, і апосталаў ягоных сабе прыпісаць і прыўлашчыць?
— Мы ліцадзеі, — з воцатнай усмешкай сказаў лысы Мірон Жарнакрут. — Праўдзівей, я ліцадзей. Іх я проста ўзяў у сябры. Астатнія, былыя мае сябры, выгналі мяне.
— Разам з фургонам? — спытаў Басяцкі.
Маўчанне.
— Добра, — сказаў Лотр. — А што прымусіла вас, няшчасныя, пайсці з ім? Ну вось хаця б ты, мардаты? Як цябе?…
Малады бялёсы мардач спалохана заміргаў вачыма.
— Хлеб.
Сінедрыён нават не пераглянуўся. Але кожнаму нібы стукнула ў сэрца. Гэтыя дні… Суд над мышамі… Збіццё хлебніка… Сённяшняя анафема… Пабоішча на Ростані… Магчыма, змова… Агульнае незадавальненне… І тут яшчэ гэтыя.
— Хлеб? — з асаблівай значнасцю спытаў Камар.
У Братчыка нешта нібы заенчыла, замерла ўнутры. Спачатку Пархвер паказаў ім таямніцу Жалезнага Ваўка, якая, магчыма, магла ўратаваць караля ад нападу. Цяпер ім задалі гэтае пытанне. Ён зразумеў, што паратунку няма і што ведае гэта ён адзін.
Юрась пакасіўся на астатніх. Відовішча, вядома, не з лепшых. Радно, скураныя поршні, зблытаныя валасы. Морды людзей, што здабываюць штодзённую лусту хлеба круцельствамі і маной.
— Жарнакрут брэша, — сказаў ён. — Усе яны прысталі да мяне. Мы, вядома, трохі махлярылі, але мы не зрабілі нічога дрэннага. І нават калі мы зрабілі невядомы нам злачын — адказ мой.
Лотр глядзеў на яго дапытліва. Высокі, дужа добра збіты, валасы залатыя, а твар нейкі смешны: густыя бровы, вочы ненатуральна вялікія і празрыстыя, аблічча мятае. Чорт ведае, што за чалавек.
— Ты хто? Адкуль?
— Юрась Братчык з П'янага Двара. Пачынак П'яны Двор.
— Прасачы там, — сказаў Лотр пану земскаму пісару.
Пісар зашалахцеў вялізнымі аркушамі скураной кнігі. Гэта быў «Вялікі чарцёж Княства». Кардынал глядзеў у вочы чалавеку. Вочы не міргалі. Наадварот, Лотр раптоўна адчуў, што з іх нешта нібыта льецца і памякчае ягоны гнеў і ягоную цвёрдую рашучасць. Не магло быць сумнення — гэты запылены прайдзісвет, гэтая шэльма, што гандлюе ўласным круцельствам, нібыта рабіў яго, кардынала, дабрэйшым.
Лотр адвёў вочы.
— Няма такога пачынка П'яны Двор, — спалохана сказаў пісар.
— Ну? — спытаў Лотр.
— Правільна. Няма. Цяпер яго няма. І жыхароў няма, — сказаў Юрась.
— Ну-ну, — успыхнуў Камар. — Ты тут на нашых душах не іграй. Татары, ці хто, пабілі?
— Татары, толькі не абрэзаныя. Не раскосыя. Не ў чалмах.
Басяцкі звузіў вочы.
— Ясна. Не круці. Чаму няма ні ў чарцяжы, ні ў пісцовых кнігах?
— І не магло быць.
«Ясна, — падумаў Юстын. — Пайшлі, відаць, у лес, расчысцілі пачынак дый жылі. А потым з'явіліся… татары… і пабілі. За што? А Бог яго ведае за што. Можа, ад пабораў уцяклі людзі? А можа, сектанты. Веру сваю ерэтычную ратавалі. І за тое і за другое выбіць маглі».
— Ляднікі? — спытаў Балвановіч. — Вольныя аратаі лясоў?
— Не магу напэўна сцвярджаць, — сказаў з усмешкай Братчык. — Мне было сем год. Я вырас на гнойнай кучы, а ўзмужнеў сярод ваўкоў.
— Так, — сказаў Лотр. — Ты гаворыш не як прасталюдзін. Чытаць умееш?
— Умею.
— Распусцілі гадаў, — буркнуў Жаба.
— Дзе вучылі?
— У калегіюме.
«Ясна, — зноў падумаў Юстын. — Бацькоў, відаць, выбілі, а дзіця аддалі ў Божы дом, а потым, калі ўбачылі, што не здох, узялі ў калегіюм».
Ён думаў так, але паручыцца нізавошта не мог. Магло быць так, а магло быць і так, што прайдзісвет маніць. Можа,і зусім таго П'янага Двара не было, а гэты — каралёў злачынец ці ўвогуле адроддзе пекла.
— У якім калегіюме?
— Я шкаляр Мірскага калегіюма…
— Калега! — зароў Жаба. — «Evoe, rex Juppiter…»[61]
Лотр пакасіўся на яго. Жаба змоўк. Бурмістр Юстын бачыў, што ўсе, акрамя яго і пісара, глядзяць шкаляру ў вочы. Ён не глядзеў. Так яму было лягчэй.
Пісар гартаў другую кнігу.
— Няма такога шкаляра, — сказаў ён. — Ні ў Міры і ні ва ўсіх калегіюмах, парафіяльных школах, бурсах, царкоўных і іншых школах няма такога шкаляра.
— Так, — сказаў Братчык. — Цяпер няма. Я былы мірскі шкаляр.
Пісар працаваў як машына:
— І сярод тых, што скончылі і атрымалі…
— Мяне выгналі з калегіюма.
Дзіўна, Юстын фізічна адчуваў, што гэты невядомы хлусіць. Мо таму, што не глядзеў яму ў вочы. І яму было дзіўна яшчэ і тое, што вераць гэтаму валацугу ўсе астатнія.
— За што выгналі? — прачнуўся біскуп Камар.
— За памяркоўнасць, спагаду і… сумненні ў веры.
Юстына аж перасмыкнула. Вераць і дапытваць не будуць. Вераць, што ты з П'янага Двара, што ты шкаляр. Але што ж ты гэта зараз сказаў? Як з месіка зваліўся, дурыла. Распісаўся ў самым страшным злачынстве. Хай бы тут быў папа, Лютар, усе бацькі ўсіх цэркваў — для ўсіх іх няма нічога горшага за гэта. Цяпер канец. І як ён сочыць за тварамі ўсіх.
— Іншаверцам, пэўна, спагадаў? — спытаў Лотр.
Юрась усё маўчаў. Глядзеў у вочы людзей за сталом. Адна нянавісць была ў іх. Адно непрыняцце. Братчык адвёў вочы. Спадзявацца не было на што.
— У чым сумняваўся?
— У святасці Лота, пан Лотр. Я чытаў… Я даволі добра ведаю гэтую гісторыю. Анёлы дарэмна ўступіліся за свайго сябра. Не трэба было паліваць нечасцівыя гарады агнём. Няварта было ратаваць адзінага праведніка. Ледзь ён пазбегнуў небяспекі, як учыніў яшчэ горшае. Паўсюль адна брыда. Павольна жывуць і змяняюцца людзі. Цяжка жыць сярод іх і паміраць. Але што зробіш? Вольныя мы з'явіцца ў гэтым свеце і ў гэты час, але не вольныя выскачыць з іх. Кожнага кліча ў свой час зямля.
— Нешта такое дзівотнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, — ялейна сказаў Басяцкі. — Ні храна не зразумець… Ну?
— Ну, я і пайшоў па зямлі… Без надзеі, але каб ведаць усё і жыць, як усе. Ні мне, ні ім і ні вам анічога не дапаможа. Шчасце не з'явіцца перадчасна. Але застаецца цікаўнасць, дзеля якой мы… ну, як бы гэта вам сказаць… з'яўляемся ў гэты свет, калі… наш Бог вядзе нас у яго.
«Паверылі ўсякаму, нават самаму цёмнаму слову, — падумаў Юстын. — Што за сіла? Іншых ужо катавалі і правяралі б. А тут… Але нічога, вогнішча яму не мінуць».
Маўчанне вісела над галовамі. Усе невыразна адчувалі нейкую няёмкасць.
— Гм, — сказаў Лотр. — Ну, а ты адкуль, іудзей? Ты хто?
Іудзей паспрабаваў выпрастацца, але яму гэта дрэнна ўдалося. Развёў вузкімі далонямі. Насцярожана і сурова глядзеў на людзей за сталом. Пацягнуўся быў пальцам да скроні, але ўраніў руку.
— Ну, што вам казаць? Ну, мяне выгналі-ткі са Слонімскага кагалу. Я Іосія бен Раввуні. І бацька ў мяне быў бен Раввуні. І дзед. Д'ябал… прабачце, лёс прыгнаў прадзеда майго дзеда сюды. Спачатку з Іспаніі пайшлі маўры… Потым яму давялося ўцякаць і з Мальоркі. Каму ахвота быць чуэтам?[62] Потым быў Ціроль і была разня… Потым разня ўжо была паўсюль. І адусюль беглі сюды, бо тут быў прыстанак. Хто ведае, ці доўгі ён будзе?
Дамініканец усміхнуўся. Братчык заўважыў гэта і перавёў позірк з яго на іудзея, незнаёмую аповесць якога ён слухаў з жахам, спагадаю і агідай.
— Я быў у Іспаніі, — сказаў Басяцкі.
Раввуні глядзеў на яго і адчуваў, як жах бяжыць у яго ад лапатак да самага таго месца, дзе, як сцвярджаў папа Сікст, ва ўсіх ягоных супляменнікаў знаходзіцца хвост. Ніхто лепей за Раввуні не ведаў, як мала грунту пад гэтай гіпотэзай. Але неўгрунтаванасць і няслушнасць у гэтым выпадку можна было б пераканаць, толькі ўсё жыццё ходзячы без портак. І не аднаму яму.
А гэтага не дазволіў бы ніводны цывілізаваны ўрад, ніводная рада.
І таму ён халадзеў. Яму не раз ужо даводзілася бачыць такія вочы. Няхай нават не самому. Няхай памяццю прашчура. Вось яны з'явіліся і тут. Наколькі лягчэй было жыць між напалову паганскага народа.
Але ён быў выносны і ўчэпісты, як дзяржы-дрэва на скале. І таму ён не закрычаў, а, упершыню за ўвесь час, усміхнуўся. І тут адкрыліся зубы такой сляпучай белі, што бурмістр Юстын усміхнуўся ў адказ.
— Прыемна чуць, што вы пабывалі ў такім падарожжы, — сказаў езуіту Раввуні. — Колькі вы ехалі адтуль?
— Два месяцы.
— Ну вось. А мне на гэта спатрэбілася амаль два вякі. Можаце-ткі мне паверыць.
— У мяне ў Іспаніі быў адзін друг, — усміхнуўся Басяцкі.
— Толькі адзін? — нечакана для сябе самога спытаў Багдан Роскаш.
— Ён адзін быў варты тысяч, — і мніх зноў усміхнуўся, бо ўспомніў парады гэтага друга наконт народа беларускай зямлі, які ўграз у язычастве, дагэтуль трымае ідалаў і слова і больш, чым у Хрыста, верыць у Маці Божую[63] (хаця ўсім вядома, што яе адзіная заслуга была нарадзіць Богачалавека), які ўвесь засмечаны ерассю. Успомніў ён і другія парады вялікага друга. Наконт гэтых, якім па недахопу рэўнасці Божай і дбання аб ягонай велічы далі тут прытулак. Успомніў ён і парады аб ведзьмах і ведзьмарах.
І таму, што ўсяму гэтаму заставалася жыць нядоўга, і таму, што вось гэтых ужо заўтра ўзвядуць на вогнішча, каплану стала лягчэй, і ён усміхнуўся яшчэ. На гэты раз іудзею, Роскашу і Юрасю.
— Гэты друг казаў мне, што калі ерэтыкі, накшталт гэтага шкаляра, пусцілі такіх, як ты, сюды — над галовамі прыхадняў віліся совы.
Раввуні таксама разумеў, што заўтрашняга полымя не абмінуць.
— Наўрад ці. Ніхто не разводзіць соваў. Мы — таксама.
— Гэта няпраўда, мніх, — сказаў Братчык. — Я ведаю. Чалавек, які быў пры гэтым, усё запісаў. Я чытаў яго запісы. Гэта праўдзівая кніга. Кніга жыцця. Больш ніхто не запісаў бы так.
Іудзей зноў усміхнуўся белазубаю ўсмешкай. Лыцар Езуса паглядзеў на яго і раптам спытаў:
— Гэта праўда, што вы ўзялі ад старажытных ібераў[64] агідны і брыдкі Богу звычай паласкаць свае зубы мачою і таму — вось хаця б у цябе — яны такія белыя?
— У мяне яны таксама белыя, — сказаў Братчык. — І ў многіх тут, хто здаровы.
Але яго ніхто не слухаў.
— Ну? — спытаў дамініканец.
— Адкуль гэта вядома? — спытаў Іосія.
— Катул, хаця быў паганец і кнігі яго паляць, данёс да нас гэтую звестку: «Чым хвалішся, трусінае адроддзе, ты, кельцібер брыдкі, мо выскалам зубоў, што ты мачой мыеш?» І яшчэ: «І хто з тых кельцібераў белазубейшы, той, значыць, і мачу хлябтаў руплівей за ўсіх».
— Гэта брыдка, — раптам сказаў Юстын.
— Вядома, брыдка, — згадзіўся Жаба.
— Гэта абрыдліва, — сказаў Юстын.
— Ну? — спытаў Фларыян.
— Магчыма, — сказаў Раввуні. — Я вось увесь час гляджу на вас. У вас зубы яшчэ бялейшыя за мае… І вы былі ў Іспаніі.
Па зале пракаціўся кароткі рогат. І змоўк. І толькі тут усе заўважылі, што ў мніха сапраўды белыя, але вострыя, як у сабакі, зубы. Ніхто неяк раней не заўважаў, таму што ён вечна ўсміхаўся, але толькі аднымі вуснамі.
— Гэта мярзотна, урэшце, — узвысіў голас Юстын. — Я забараняю гэта. Няхай агонь, абы не пляваць на вогнішча. Звер ірве ворага на кавалкі, але не паплюжыць яго. І чаго варты воін, які займаецца тым, што ганьбуе і бэсціць праціўніка? Што б вы сказалі аб бітве, дзе абодва бакі замест таго, каб біцца, узводзяць паклёпы адзін на другога?
— Вы што? — шчыра здзівіўся мніх.
— Мне абрыдла. Я хрысціянін і, як хрысціянін, дбаю аб веры і таксама не люблю людзей, якія распялі майго Бога. Але тое, што вы кажаце — паклёп. Гэты ваш пісака, па-першае, не бачыў ніводнага іудзея. Ён проста няславіў шчаслівага суперніка ў каханні. Не ведаю, ці хлябталі кельціберы мачу, — хай гэта будзе на ягоным сумленні. Калі гэта не так — ён проста брахун, як усе пісакі. А вы — горшы за яго. Вы — паклёпнік. У той час ва ўсёй Іберыі не было ніводнага іудзея. Ніхто не патрабуе, каб дзве арміі паклёпнічалі адна на адну. Іхняя справа — біцца… Кажы далей, іудзей.
Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі, адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар быў у гэты момант страшны. З-пад падстрыжаных у скобку валасоў вуголлямі гарэлі вочы. І раптам з яго нібы нехта выпусціў паветра. Ён сеў і безнадзейна махнуў рукою:
— А-а, што там. Усё адно.
З гэтай хвіліны бурмістр нібы звяў і да самага канца ўжо не праяўляў ніякай цікавасці да таго, што адбывалася ў зале.
Басяцкі непаразумела зірнуў на Лотра. Той паціснуў плячыма, — нічога, маўляў, глупства, бывае — і пакруціў пальцам ля лба.
— То за што цябе выгналі? — спытаў Лотр.
— Дзіўнае пытанне. За што выганяюць людзей? За тое ж, за што і яго, Братчыка.
— Раскажы падрабязней.
— Гм, мая справа пачалася два гады таму, на яўрэйскае свята Рабігул Ахір. Менавіта тады я пачаў хаця трохі разумець усе кнігі. І якраз тады ў абшчыне з'явіўся адкупшчык Шамоэл. Бачылі б вы ягоныя вочы. Гэта быў… Ну… Мне не хапае слоў… Ну, воўк… Ну, Алаферн… Ну, Сенахірым… Ён быў для іудзеяў горшы за ўсіх самых страшных ворагаў. І не было волі Божай, каб ён здох, як… асірыянін… Пачалося пекла… Абшчынны збор вырас так, што нам не было як жыць, і ўвесь ён трапіў у гэтыя рукі… Бачылі б вы гэтыя рукі! Тлустыя, у поўсці, усе ў бранзалетах… І з ім была трэць абшчыны, а астатнія не мелі кавалка салонай рыбы. Ён разарыў і ўсё наваколле, нячысты пёс. Ён і астатнія ягоныя людзі багацелі. І калі раней я думаў, праходзячы паўз могілкі, што тут ляжаць самыя лепшыя гоі, то цяпер я зразумеў, што вораг — ён, бо ён точыць… знутры… Бо ён філісцімлянін… Бо ён вораг іудзею і ўвогуле чалавеку. Як вы. Мне варта было б маўчаць, але дурны Іосія не маўчаў, і вось яго выгналі, і ён быў па-за законам для сваіх і чужым, падазроным для іншых… Мне варта было б маўчаць. Але я ўстаў і стаў крычаць на яго, і бэсціць… і выкрываць яго, як Іерамія… Гора мне! Першы раз я крычаў на яго ў мінулым ліпені, на пост руйнавання храма. Я крычаў, што такіх, як ён, не павінна насіць зямля, што ён — паківанне галавою для іншых. А ён і ягоныя блюдалізы смяяліся. А наш рабін дакараў мяне.
(Ён яшчэ трохі выпрастаўся. І тут усім стала ясна, што ў гэтым кволым целе гарыць магутны дух старажытных прарокаў. Гарыць нават за баязлівасцю. Рукі гэтыя не маглі ўдарыць, але нельга было згасіць гэтае полымя.)
І потым я выкрываў яго на Хамішо. Я пляваў у ягоны бок і казаў, што ён рабуе сваіх. Я пляваў у ягоны бок, а яны ўсе плявалі ў мой бок. І мне б… маўчаць… Але я забыў лёс прарокаў і тое, што іх заўсёды пабівалі каменнямі. І я выкрываў яго на пост Хедалі і крычаў, што Ізраіль стаў раб і зрабіўся здабычаю гэтай чумы і яго, Шамоэла, трэба пабіць каменнямі, бо мужыкі з-за яго наракаюць на нас і край гэты можа зрабіцца для нас краінаю змроку. І рабін наклаў на мяне пакаянне, а тыя бэсцілі мяне, а іншыя наракалі на мяне, хаця не мелі кавалка хлеба… І потым я, думаючы, што абудзіцца сорам у народа майго, выкрываў Шамоэла на першыя дні… кучак. Я казаў, што ў яго лоб блудніцы і ён апаганіў… зямлю і што ён знішчальнік народа… А ён сядзеў і звінеў бранзалетамі на тлустых руках, і на мяне наклалі другое пакаянне, і лаялі мяне, а бедныя ад мяне адступіліся… Паршывыя авечкі! Баязлівыя жывёліны!.. А я чытаў кнігі і разумеў, што так не павінна быць, а раз ёсць, то кнігі хлусяць, а раз кнігі хлусяць, то нашто яны? І не можа слова праўды не дайсці, хаця… дагэтуль пасля кожнага такога слова ён з падвойнай прагнасцю жор людзей. І я выкрываў яго на пост Эстэр і на Пурым. І я крычаў, што ўразяць яго леў і барс, а ён сказаў, што яны тут не водзяцца. І я крычаў на яго і ўсіх, хто з ім, што яны, як адгадаваныя коні, гігочуць на жонку другога, і гэта была праўда. І крычаў, што ўсе яны згубіцелі Ізраіля і што з-за іх пакаранне ўпадзе на ўсіх. І крычаў я, што рабін — асёл і птушкалоў нечасцівы і пераступіў усялякую меру ў зле, як усе яны, і што дамы іхнія поўныя падману і таму самі яны тучныя і тлустыя і справядлівай справе жабракоў не даюць суда. І не саромеюцца яны, і не чырванеюць, робячы брыду. І кадзяць Ваалу, які ёсць — грошы… І яны хацелі пабіць мяне каменнямі, а народ разводзіў рукамі і пляваўся. Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам!.. Нікому не даваў я ў рост, і мне ніхто не даваў у рост, а ўсе праклінаюць мяне! І перад самым пейсахам яны адлучылі мяне ад абшчыны і выкінулі з кагалу. Але я… не хацеў ісці і казаў, што ісці трэба і м, бо яны ўсе — пастыры, якія губяць авечак сваіх, сасуды непатрэбныя. І тады яны выкінулі мяне, і бедныя не заступіліся за мяне… І цяпер кожны мог забіць мяне і не адказваць.
Раввуні прыкрыў вочы рукою. Стаяў, як жывая статуя адчаю і ярасці. І нават тым, што ніколі і не былі людзьмі, стала непамысна.
— Раскажы падрабязна пра сваё жыццё ад выгнання і да гэтага дня, — сказаў Камар. — Яны правільна зрабілі, што выгналі цябе. Мы б зрабілі тое самае… Раскажы, якімі новымі злачынствамі ты пацвердзіў справядлівасць прысуду.
Але іудзей нічога не сказаў і толькі жаласна аглянуўся. Шалёны парыў прароцтва прайшоў, і ён цяпер не ведаў, што і як яму казаць. Толькі што мова ягоная лілася вадаспадам, толькі часам запінаючыся на асобных словах, як плынь на асобных камнях. А цяпер ён з цяжкасцю шукаў гэтыя словы, размаўляючы больш рукамі, чым вуснамі. Так бывае, калі ў паэта праходзіць натхненне. Толькі што быў тытан, і вось ужо маленькі, бадай што варты жалю чалавечак.
— Я… гм… Ну, яны ткі схапілі мяне… і… дацягнулі да… Я хачу, прабачце, каб вы зразумелі… мяне… Я вельмі кепска ведаю… беларусінскую мову…
— Можа, ты будзеш гаварыць на нейкай другой? — спытаў самавіты Лотр.
— Я ведаю сваю… Ведаю старажытную… Ведаю іспаньёльскую… Прабачце… З гэтых — лепей за ўсё старажытную.
Суддзі пераглянуліся.
— Гэта нашто? — спытаў Басяцкі.
— А нашто вам латынь? — спытаў раптам Братчык. — Дый вам не зашкодзіла б ведаць старажытную, раз на ёй напісана Біблія. Я вось не ведаю і шкадую. Трэба ведаць усё, раз мы людзі… Неяк у нас гэта не прадумалі…
— Пляваў я на ўсё гэта, — нахмурыў грозныя бровы Камар. — Я ведаю ідэнтычную Біблію, і грэцкую, і Біблію на вульгаце…
— І потым, — перабіў яго каплан, — чалавеку непадрыхтаванаму, чалавеку, які не прайшоў усіх ступеняў ведаў, не належыць самому, без рукі ўказальнай, чэсці Біблію, ніжэ Евангелле, каб не папсавацца ў розуме… Ты будзеш нешта казаць, іудзей?
Братчык уздыхнуў:
— Вы бачыце, ён збіваецца. Ён разгубіўся. Ён не можа. Астатняе я ведаю, як і ён… Магчыма, я мог бы расказаць?
— Кажы, — сказаў Балвановіч.
Юрась пацёр лоб.
— З Міра я прыйшоў у Слонім. Мне давялося шмат блукаць да гэтага, і галадаць, і начаваць Бог ведае дзе. Я ніколі не думаў, што мне будзе так цяжка. Год за дзвесце… відаць… было лягчэй. У Слонім я прыйшоў пад вечар. Там вакол густыя і вельмі прыгожыя лясы, а між іх, на ўзгорках, дзіўнай утульнасці гарадок. Я ішоў і думаў, дзе мне начаваць і колькі яшчэ беспрытульных начэй мяне чакае.
Дарога мая ішла паўз падвор'е старой Слонімскай сінагогі. Вы ведаеце, дзе яна. Высокі каменны мур, а за ім куб з дзікага каменя пад вострым дахам… Сам не ведаю чаму, але я спыніўся насупраць увахода на падвор'е сінагогі, там, дзе стаяць дзве каменныя жанчыны.
— Якія жанчыны? — спытаў Жаба.
— Каменныя. Калі пан магнат не быў там — магу растлумачыць. Кароль Жыкгімонт вывез іх з Нямеччыны і, не ведаю, падчас якога падарожжа, загадаў паставіць іх у Слоніме, на знак таго, што хаця і вельмі старая слонімская абшчына, але ў веры яна — сляпая. Адна жанчына, з паходняю ў руцэ, Касцёл. Другая, з павязкаю на вачах, Сінагога, бо пазбаўлена яна святла і блукае ў цемры.
— Чаму ты ўсміхаешся? — спытаў Жаба.
— Ды так, я падумаў, што і ў самых цёмных душах неўсвядомлена жыве справядлівасць… Дык вось, усе гэтыя дужа высокія думы былі незразумелыя людзям. Ніхто не мог уцяміць, чаму паставілі на скрыжаванні вуліц дзвюх дзевак і чаго адна свеціць другой, калі тая гуляе ў жмуркі. Нейкія людзі, відаць, рупліўцы аб чысціні нораваў, паадбівалі ім насы, бо жанчыны былі амаль голыя… Другія, відаць, лыцары плоці, хацелі, напэўна, пераканацца, што жанчыны каменныя, і пакінулі сям-там сляды сваіх лапаў… А астатнія нанеслі пад камяні, на якіх стаялі жанчыны, кучу смецця.
Я стаяў і думаў, куды мне ісці, калі ўбачыў, што ў браме падвор'я сінагогі нешта кішыць. Потым адтуль вывалілася чалавек пятнаццаць ягоных супляменнікаў. Яны былі вельмі багата апранутыя. Лісіныя плашчы, доўгія, з дарагога сукна… халаты, ці як яно там… На галовах — жоўтыя з золатам вялікія павязкі. На руках — бранзалеты з вітога срэбра і золата. Астатнія — іх было многа, і яны былі ў больш цёмных вопратках — стаялі на вуліцы і на падвор'і і маўчалі. А гэтыя цягнулі вось яго… Але Бог ты мой, што гэта былі за морды! Ноздры вонкі і трапечуць, рукі тлустыя, вочы і павекі чырвоныя ад гневу. А адзін, самы здаравенны, а па выгляду не іудзей, а каваль і бандзюга з вялікай дарогі, крычаў: «Начальніка ў народзе тваім зласловіў! Біце яго каменнямі!» Але людзі толькі падымалі ўгору рукі.
— Шамоэл аслападобны, — сумна сказаў Раввуні.
Ніхто яго, Раввуні, не біў. Пэўна, не хацеў. Але ніхто і не заступаўся. Ніводная душа.
— Што рабіць па-за абшчынай? — мармытаў іудзей. — Паміраць? Яны баяліся. І ўсе ж яны свінні. Яны ж таксама — абшчына.
Яны падцягнулі вось яго да брамы, але тут ён учапіўся за шулы, як «дзед» за валасы, і хаця яны былі страшэнна тлустыя і здаровыя — яны нічога не маглі зрабіць з ім адным. Бо яны перашкаджалі адзін аднаму, а ён, такі ўчэпісты, упяўся ў шулы, як самшыт дрэва ў расколіну скалы. Прызнацца, я адразу ўхваліў яго, і ён мне гэтым спадабаўся. Заўсёды прыемна, калі адзін мужна трымаецца супраць многіх… Я трохі разумею мясцовую гаворку і пачуў…
— Зладзеі вы! — крычаў ён. — Каб вы рэдзькай раслі і каб гэтая бедная ваша задніца матлялася ў паветры.
Яны пыхкалі, і саплі, і вазіліся, як вожыкі, а я сачыў за імі. Мне не было куды спяшацца і не было куды ісці. У гэтым прытульным месцы для мяне не было месца.
Яны таўкліся, але нічога не маглі зрабіць з ім. Ён трымаўся і крычаў:
— Ва ўсіх разбойнікаў на зямлі адна мова! Яе-ткі вы… але, яе-ткі вы ведаеце! Што б сказалі вашы нябожчыкі, вашы богабаязныя бабулі, вашы набожныя продкі?! Яны перакруціліся б у магілах… задам да Ерусаліма, які вы прадалі! Нашто вам спісак Пана Бога — у вас спіскі нарабаванага.
І тут нечы выспятак выбіў, урэшце, яго з брамы. Ён паляцеў і пляснуўся ў пыл. А потым ускочыў і распачаў такую ярасную Іерэміяду, якой мне ніколі не даводзілася бачыць і чуць:
— Гігочаце вы над падзеннем народа свайго, як коні! Шакалы вы! Каб вам ціснуцца да гною, каб вашая скура стала сухая, як дрэва! Вушы ў вас неабрэзаныя, у трунах вы пачуеце; самі свінні і свінняў жарэце, і мярзотнае варыва ў гаршках вашых.
І раптам так закрычаў, што мяне аж разабраў смех:
— Басякі-і! Тфу на вас! Тфу!
Ён кідаў у іх прыгаршчамі пылу і плакаў ад бяссілля, бо гэта ім было, як і словы, — аб сценку гарох. Тады я падумаў, што яго і сапраўды могуць пабіць каменнямі і гэта будзе дрэнна. Я падышоў і сказаў яму: «Хадзем, братка».
— Ён сказаў мне: «Хадзем, братка», — прамармытаў Іосія. — І я пайшоў. А што мне яшчэ заставалася рабіць?
— Мы пайшлі ўжо двох. У Слоніме нам заставацца не выпадала. Раввуні меў рацыю: Бог нібы адабраў у гэтага Шамоэла розум. Ён хапаў, як воўк, за жывое. Пасля мы даведаліся, што мужыкі забілі яго і двух ягоных хаўруснікаў і яшчэ двох невінаватых.
— Ты ведаеш, што ён заплаціў доўг Слонімскага войта і атрымаў за гэта права выбіваць нядоімкі з ягоных мужыкоў? Што ён дзейнічаў законна, як то кажа права княства? — спытаў Жаба.
— Ён выбіваў… Ды хто там лічыў, колькі ён выбіваў? — сказаў Раввуні. — Я папярэджваў яго, але ён не паслухаўся. Шкада невінаватых… Але, як не лічыць іх, мужыкі зрабілі святую справу, забіўшы яго. Таму што выбіў ён удвая больш, як заплаціў. І калі адкупшчыкі будуць і далей грабежнічаць — будзе не забойства, а бунт. Пераб'юць не толькі адкупшчыкаў — іудзеяў, беларусаў і немцаў. Будуць біць і вас[65].
— Но-но, — сказаў Камар. — Бліжэй да справы.
— Мы баяліся заставацца ў Слоніме. Баяліся людзей Шамоэла і баяліся мяшчан. І ўсё ж я адчуваў сябе такім моцным, якім ніколі дагэтуль не быў. Кепска аднаму, і лепей, калі ёсць побач хаця нехта падобны.
— Адзін з людзей мяне падабраў, — сказаў іудзей. — І да яго я прыляпіўся. Іначай — смерць. Ля сінагог мяне сустрэлі б каменнем. Ля чужых парогаў — непаразуменнем.
— То, можа б, ты гаварыў? — спытаў Басяцкі.
— Не слухайце яго. Ён гаворыць глупства. Яму цяжка гаварыць, і таму ён гаворыць лухту. Няма да чаго яму было ляпіцца. Я ж такі самы выгнаннік, як ён. Я таксама згубіў сваё племя… І што гэта за свет, дзе адны выгнаннікі чагосьці вартыя?
Дык вось, мы спяшаліся пакінуць між сабою і Слонімам як мага больш стадый. Я радаваўся, што я не адзін, і сілы мае прыбылі.
— Т-так, — сказаў Басяцкі. — Вось як, значыцца, ты прыдбаў свайго першага апостала, «Хрыс-тос».
— Пад вечар мы прыйшлі з ім на бераг Бяздоннага возера пад Слонімам і тут вырашылі начаваць. Галоднымі, бо я не спадзяваўся на тое, што нешта спаймаю сваёй самаробнай вудай. Возера было ўсё празрыста-чырвонае гладкае, як люстра. І лясы вакол яго былі таксама зялёна-аранжавыя.
— Што гэта ён гаворыць? — спытаў Жаба.
— Н-не ведаю, — паціснуў плячыма Балвановіч[66].
— Мы селі на адзіным голым узгорку, які зарос доўгай, як косы, травою. Гэта, відаць, быў нейкі могільнік, бо сям-там, прадзершы зямную шкуру, тырчалі з зямлі вострыя камяні. Як піраміды. Толькі вузкія ля зямлі і доўгія, амаль у чалавечы рост. То прамыя, а то і нахіленыя. Якая з трыма бакамі, а якая і з чатырма, як дах чатырохкутнай вежы.
— Я ведаю гэты могільнік, — ашчэрыўся Камар. — Гэта праклятае месца. Гэты могільнік паганскіх волатаў, пярэваратняў, ваўкалакаў. Хрысціяніну грэх нават глядзець на яго і падобна таму, як душу загубіць, — сядзець там… Запішы і гэтую іхнюю правіну, пісар[67].
— Не ведаю. Нам было там хораша і спакойна. Захад. Чырвонае возера. Старажытныя камяні. Камашня таўчэ мак.
Мы развялі вогнішча. Я ўзяў нітку і гачок і рушыў да берага, каб спаймаць нешта. Але як толькі я падышоў да вады, я пачуў, што з возера імчыць густая лаянка, якая абражала і возера, і магілы, і гэты спакой.
…Непадалёку адзін ад аднаго стаялі два чаўны. Стаялі і, відаць, не маглі раз'ехацца, бо мярэжы іхнія зблыталіся і спляліся, а якраз у месцы спляцення білася вялізная рыба. Дальбог, я яшчэ не бачыў такой. Вялізны сом сажня ў паўтара — калі не ў два — даўжынёй. Відаць, ён заблытаўся ў адну мярэжу, пацягнуў яе, наскочыў на другую і зблытаў іх. Сом гэты біўся, раскрываў шырокі рот, плямкаў грыбамі, варушыў вусамі і вытрэшчваў маленькія вочы.
Братчык спыніў свой позірк на Жабе і ўсміхнуўся. Вельмі хітравата.
— З таго часу варта мне толькі ўбачыць тлустага дурня пры выкананні ім службы — і мне адразу ўспамінаецца гэты сом.
А ў чаўнах біліся і цягалі адзін аднаго за чубы людзі. У адным чаўне вось гэтыя два браты, а ў другім — гэтыя. Таксама браты.
— До, — сказаў Лотр. — Цяпер яны. Ты хто?
Наперад выступіў кучматы і зарослы чалавек з падступнымі вачыма забіякі, адзін з тых «рымскіх ваякаў», што дзялілі ля крыжа адзенне. У адным з куткоў рота — пагардлівая ўсмешка; тытунёвыя вочы нядобра бегаюць. На галаве, як ва ўсіх кучаравых, што ўвайшлі ва ўзрост, пачынае прабівацца лысіна.
— Лявон Конаўка, — з выхвальствам сказаў чалавек.
Ягоны сусед, падобны да яго, але яшчэ па-юначаму танклявы (ды яшчэ ў вачах, замест выхваляння і нахабства, баязлівасць), дадаў:
— А я яму брат. І нічога мы больш не рабілі. Мы рыбакі.
Камар, які зноў заснуў, раптам прачнуўся, спытаў:
— Па чужых стайнях рыбакі?
І тут выступіў наперад той, цыганаваты, з вугольнымі бліскучымі вачыма, са жвавым, як у малпы, абліччам, які так спрытна ставіў падножкі ў часе сутычкі.
— Па чужых стайнях — гэта быў я. Міхал Іліяш маё прозвішча.
— Ты — пасля, — сказаў Камар. — Не хвошчуць — не дрыгай нагамі.
— Гэта я разумею, — выскаліў зубы Міхал.
— Н-ну, браты… То з кім гэта вы біліся?
Два былыя «эфіопы» выйшлі і сталі побач з імі. Адзін, здаровы, як халера, тугі, з платаядным ротам і самовымі вочкамі — сапраўдны Гарганцюа, — сказаў басам:
— Я таксама рыбак. Лаўлю выразубаў, мірон, а асабліва самоў. Гэта калі іх вымачыць ды патлушчыць іхнім жа тлушчам, — ён прыклаў да вусоў пальцы, — м-м-нм… А прозвішча маё Сіла Гарнец… А ото мой нягожы братка. Такі няўдалы, што двухгадовага шчупака толькі з цяжкасцю з'есць. Зваць яго Ладысь.
Ладысь Гарнец выступіў наперад. Худы, вельмі падобны на дзяўчыну, з доўгімі рыжавата-залацістымі валасамі. Рот прыадкрыты, як у юрода, у вачах мудрагельства.
— Рыбак. Але ў ісціне хадзіць хачу. У ісціне.
— Вы не глядзіце, што ён такі… прыдуркаваты, — сказаў Сіла. — Ён два гады ў царкоўнай школе вучыўся. Выгналі. Мудрагеліць пачаў, прароцтвы чытаць… Сапсулі яго там… І зараз не сваімі словамі гаворыць, а не можа запомніць, у якім зарожку больш рыбы. А гэта проста… Вось, скажам, ля могільніка, там бялёзны — ані-ані…
— До, — сказаў Лотр.
— І балабы няма…
— Не рыбу, але будзеце ўлаўляць чалавекаў, — сказаў Ладысь.
— До. Кажы далей ты, Сіла.
— Ну вось, і атрымалася ў нас у той дзень з Конаўкамі бойка. Конаўкі ж таксама рыбакі, але горшыя. Сказаць, скажам, дзе ў нас там кляпцы водзяцца — гэта ім слабіна.
— Брэшаш, — сказаў Лявон Конаўка.
— Ваша правялебнасць, — сказаў Лотру Басяцкі, — хай бы ён і далей казаў. А то іншыя непрыдатныя. Адзін — трусік. Другі — рыбаед, і, як гаворыць, то рыбай нясе. А трэці — юрод не ад Пана Бога нашага.
— Ваша праўда, — сказаў кардынал. — Кажы ты, старэйшая конаўка.
Лявон выступіў наперад і абег усіх вачыма, ад якіх любой падножкі можна было чакаць.
— Гэта ён брэша ўсё, гэты Сіла. Ніякага ведання ў яго нямашака. Дый як можа быць, калі ў яго галава, як у сома — самі бачыце, якія вочкі, — і калі ён толькі жарэ. Першыя рыбакі і на нашым возеры — вось я, Лявонька, а калі брат у розум увойдзе-ўбярэцца, то і ён будзе разумнейшы за таго сама. І мы заўсёды пану нашаму літасціваму, хаця ён і не ўтаропае нічога, але, папраўдзе, як то рабам шчырым належыць, па пісанню, больш за ўсё лепшай рыбы прыносім. А пан наш не схізмат які-небудзь, як мы, мужыкі-дураломы, бабовыя галовы, а высакародны Дамінік Акавіты, і дадзены яму, за рупнасць аб веры святой, лацінскі надпіс на шчыт: «Rex bibendi»[68].
— Гэтага можна б і пусціць, — амаль расчулена шапянуў Лотру Басяцкі. — Лепшы матэрыял. Богабаязны чалавек, паналюбівы і… дурны, хаця і хітры.
Лявон раптам ганарліва ўскінуў галаву: відаць, не вытрымаў, сарваўся, няхай і на шкоду сабе. Хітрыя вочы забіякі засвяціліся.
— Каму разбірацца сярод гэтага мужычча? Мне дваццаць адзін… Яны ўсе дурні… А ў нас у хаце сам кроль Аляксандр дваццаць два гады таму спыняўся і начаваў і ўсіх жыхароў яе ласкаю сваёй крулеўскай адзначыў.
— Чулі, што вярзе? — шапянуў Лотр Басяцкаму. — Вось вам і адпусціць. Хай лепей пісар занясе, акрамя багахульства, яшчэ і абразу нябожчыку каралю.
— Чаму? — шэптам спытаў Балвановіч. — Магло быць. Ён быў добры кароль. Нас любіў. Просты. І, між іншым, ніводнай бабы, нават з курнай хаты, калі толькі магчыма было, ласкай і прыязнасцю сваёй не абмінаў. Гэта вам не іншыя. І што дзіўна, самі бабы так да яго і ліпнулі. Можа, таму так мала і цараваў.
— Магло-о быць, — перадражніў Лотр. — Магло быць, ды не тут. Дзеці іхняе мосці зараз ледзь дзеўкамі цікавіцца пачынаюць… Колькі год, як кароль памёр? Ага. А цараваў колькі? Чатыры гады і восем месяцаў. То за колькі год да ягонага царавання гэты боўдур нарадзіўся? Магло-о бы-ыць.
Лявон Конаўка зразумеў, што рэкнуў лішняе. Тытунёвыя вочкі забегалі.
— То вось у той вечар мы з гэтымі непадобнымі, з мужалапамі гэтымі пабіліся. Сіла гэты як пачаў крычаць і торгаць за сетку:
— Мая мярэжа!
— Ты яе разблытай спачатку, тады ўбачыш — чыя! — крыкнуў яму я.
— Ён за мярэжу — торг! Я таксама — торг! Тады ён разварочваецца і мне па пысе. Аж дзень залатымі мухамі пайшоў.
— Гэта ў мяне… мухамі, — сказаў Сіла. — Бо ён мяне — таксама…
— А тады гэты вось юрод, прарок-недавучка, Ладысь, абразіць мяне вырашыў.
— Вочы ў цябе, — кажа, — у неналежным месцы.
Я яму таксама — плюху. Але ён, відаць, збаяўся мне адказаць. Ён Аўтушка майго схапіў. А той яшчэ ў розум не ўвайшоў.
— Ён мяне схапіў, — сказаў трохі баязліва Аўтух.
— Чую — чабарох! — гэта яны, значыцца, у ваду ўпалі. Мне глядзець няма калі — я Сілу ваўтужу. Толькі чую: хістаецца човен. Братка, значыцца, вызваліўся ад таго і вылазіць. Толькі потым адштурхнуў старэйшага Гарнца і… Што такое?… Малодшы Гарнец у маім чаўне сядзіць… А мой Аўтушок у Сілавым чаўне. Пераблыталі. Тут Сіла, пэўна, зразумеў: са мною яму не здужаць.
— Гэта ты зразумеў, — сказаў Сіла. — Куды карасю супраць ліна?
— Я тады размахнуўся ды гэтаму ягонаму Ладысю — балазе ён у маім чаўне — поўху. Гляджу — Сіла вачыма закруціў:
— Ах, ты майго брата?… Дык — на і твайму, — і як дасць Аўтушку. Той, бедны, аж зубамі ляснуў. Мне яго, канечне, шкада. Я шалею. Я тады зноў Ладысю як даўдаў. Крычу:
— Гэ, ты майго любага брата? Хай і твой атрымае!
— І твой!
— І твой!
І дайшлі б мы абавязкова да смертазабойства, каб браты не здагадаліся. Скокнулі яны ў ваду ды паплылі да берага, як, шануючы вас, дзве сучкі… А ўва мне аж усё заходзіцца. Аж сэрца кіпіць. Хапаю я сякеру. І Сіла сякеру хапае. І тут прыбавілася б у нас у галовах яшчэ па адной дзірцы, каб ён не спалохаўся.
— Гэта ён спалохаўся, — сказаў Сіла, — нібы рак у вершы.
— Не спалохаўся я. Я, калі я ў шал увайду, нічога не баюся. Тады мне не супярэч. Развярнуўся я ды сякерай па ягонай мярэжы.
— Брата майго — крычу, — біў. Вось тваёй мярэжы! Вось!
— І тваёй на! — крычыць ён.
Тут сеткі нашы пачалі раскручвацца. Гулькнула рыба, паказала нам хваста…
— Добрая штука самовы хвост, — крэкнуў Жаба.
— …дый пайшла да сябе. І тут я гляджу — стаіць Сіла, сагнуўшыся, хэкае і сваю мярэжу сячэ… Я — рагатаць… Але тут гляджу — і я ўвесь час сваю сек… Гляджу — гэны дурань гэта зразумеў ды раптам як дасць абухом у дно маёй душагубкі — аж вада засвістала. Чую — ногі амаль па калені ў вадзе. Тут я думаю: «Будзе мне — будзе і табе». Ды як вухну сякерай у дно ягонага чаўна — так і вываліў кавалак велічынёю з добрае сцябла[69]. Пайшлі нашы чаўны да азёрнага бога. І мярэжы з імі пайшлі, і, вядома, сякеры.
— Бо яны не плаваюць, — растлумачыў Сіла.
— А мы па шыю ў вадзе. І тады мы паплылі на бераг. А там нашы браты сядзелі ўжо з гэтымі двума… І ўсё, можа, было б добра, калі тут Іосія пачаў божкаць аб рыбе, хаця і не ядуць яны самоў.
— Яны шчупака ядуць, — басам сказаў Сіла. — Хаця і нельга шчупака есці па духоўных прычынах, і хто яго есць, асабліва галаву, таго на тым свеце прымусяць дзярмо есці.
— Што ты там вярзеш? — спытаў Лотр. — Як гэта нельга есці шчупака? Якія гэта «духоўныя прычыны»?
— Хто шчупака есць, а галаву асабліва, той грэшнік горш за каталіка і ерэтык горшы за Лютара ў сарамаце сваёй, — сказаў Ладысь.
— Гэта яшчэ чаму, паганец ты?! — ускочыў Басяцкі.
— А таму, — навучальна сказаў Сіла, — што ў шчупаковай галаве ёсць усё начынне, якім Хрыста каралі. Косткі такія накшталт храшчоў. Тут табе крыж, тут табе цвікі, тут табе і дзіда. Дарма, думаеце, іудзеі так шчупака любяць?
— Дурніла ты, вось хто, — сумна сказаў Раввуні. — Галаву на плячах мець трэба, вось што.
Лотр паціснуў плячыма:
— Гэтыя людзі закаснелі ў паганскіх павер'ях сваіх і ў самай абрыдлівай ерасі. Хіба гэта хрысціяне? Адзінае, што вылечыць іх ад дысідэнцтва — ачышчальнае вогнішча… Ну, далей. Значыцца, іудзей пачаў божкаць аб рыбе.
— Але, — сказаў Іосія. — Я пакляўся Выйсцем, што з-за такога Левіяфана, можа, і варта было біцца і ён быў бы тут вельмі дарэчы.
— І тут я сказаў, што буйную рыбу мы аддаём пану. А іудзей сказаў, што ён заўсёды лічыў рыбакоў за разумных людзей і сёння ўпэўніўся ў гэтым. Тады гэты Братчык спытаў, нашто мы з-за панскай рыбы секлі свае мярэжы.
Толькі тут я апамятаўся, што і мярэжы пасечаныя не нашы, і чаўны патопленыя — ад пана. І, значыцца, чакае нас кум-бізун і сядзенне ў калодках ля царквы прынамсі на чатыры нядзельныя імшы, а можа, і нешта горшае.
Тут Ладысь загудзеў:
— Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!
І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.
— Наро-од, — кажа, — сядзець і слухаць і зразумець. Назад вам нельга… І таму ідзіце вы з намі, хаця, вядома, дурань у дарозе не набытак.
Мы зразумелі, што ўсё гэта праўда, сяк-так памірыліся, з'елі на знак клятвы трохі зямлі, калі ўжо нічога больш ядомага ў нас не было, і пайшлі з імі.
У горадзе між тым зусім не было спакойна, нягледзячы на тое, што ўсе даўно разышліся вячэраць. Заставалася якая гадзіна да захаду сонца, і ўсе, у каго было што есці, спяшаліся з'есці гэта пры дзённым святле: улетку варта загадвала гасіць агні разам з канцом прысмерку. «Гэта не зіма: дні доўгія, надвор'е сухое — ці доўга да начнога пажару».
У слабадах вяшчальнікі ўжо былі, і цяпер іхні крык раздаваўся на ўскраінах:
— Аг-ні гасіць! Пе-чы, лучні-кі га-асіць! Не спіць агоонь! Каганцы гасі-іць! Горны гасі-іць! Матка Бо-жая і святы Юры, злі-ітуйцеся з нас!
— …на-ас!
— …а-ас! — аддавалася недзе далёка, у ганчарным канцы.
Здавалася, павінна б быць цішыня, звычайная вячэрняя цішыня і мір. Але яе не было.
…Па Кавальскай, а потым па Мечнай вуліцах бег захэканы Кірык Вястун, грукатаў у аканіцы, біў нагамі ў дзверы і трубна крычаў адно і тое ж самае:
— Да замка! Да замка! Хрыста забіваць павялі! Забойства!
Калі б нехта глянуў з вышыні, ён бы ўбачыў, што па вуліцах, у розных канцах, мітусіцца некалькі такіх фігурак.
На Піўной кідаўся ад дзвярэй да дзвярэй Зянон:
— Людзі! Хрыста забіваюць! Хрыстос прыйшоў!
Крык каціўся вулкамі. Але рэдка-рэдка дзе расчынялася акно. Вуліцы, здавалася, вымерлі, безудзельныя ад адчаю.
Раўла на вуліцы Стрыхалёў дуда.
— На дапамогу! Хрыстос прыйшоў у Гародню!
У рэдкіх непрыкрытых аканіцамі шыбах дагараў крывавым святлом захад. Так слаба і неахвотна, так рэдка. Згасаў, як воля вялікага горада да ўставання. Яна ледзь тлела за гэтымі рэдкімі шыбамі. І лямантам у пустэлі былі крыкі, што глуха згасалі ў цяснінах вуліц.
— Хрыстос! Хрыстос з апосталамі прыйшоў у Гародню!
Кляонік і Марка лупілі ва ўсе дзверы Разьбярнага Кута.
— Людзей забіваюць! — крычаў Кляонік.
— Ну чаго там? — пытаў сонны голас з-за аканіц.
— Людзей забіваюць! Кажуць, Хрыста!
— А-а.
Першая зорка запалала ў празрыста-сінім небе.
Апошнія промні заранкі адбіваліся на руках Вуса, якімі ён грукатаў у дзверы. Рукі ў яго былі цяпер нібы з чырвонага золата.
— А-а. Тфу! Свінні сонныя.
Пабег, спатыкнуўся аб жабрака, які спаў на ўзбочыне.
— Хрыстос прыйшоў.
— Кінь, спаць хачу.
Гіаў Турай схапіў загрудкі чалавека ў багатай вопратцы, патрос. Ім аказаўся немец.
— Хрыстос у Гародні! Хрыстос уваскрэс!
— А-а, — сказаў немец. — Ён і ф мінулы гот такой ша штука фыкінуў.
— Тфу, каўбаса, — махнуў рукою Турай.
Згасалі верхнія вокны ў дамах. Безнадзейна згасала воля вялікага горада. І ўсё ярчэй у ліпеньскім небе разгараліся зыркія зоры. Ззяў золатам прыгажун Арктур, рассыпаліся ля яго валасы Беранікі.
Зіхацела на поўначы, зусім нізка ад далягляду, шматкаляровая Капэла, і беглі да яе паўз Альтаір і Дэнэб туманныя віхуры Шляху Продкаў. І тады, у адчаі ад таго, што нічога нельга зрабіць, што ўсе глухія ў гэтым горадзе, Кірык Вястун стаў перад парталам касцёла дамініканцаў і, узняўшы рукі ўгору, з апошніх сіл, непрытомна і раз'юшана залямантаваў:
— Хрыстос прыйшоў у Гародню!
Маўчанне. Касцёл, здавалася, падаў на чалавека. Высокі, да зор шпілямі. Цішыня. Больш на паўночны захад зіхацелі над самай зямлёй Блізнюкі — брат залаты і брат белы. Яны бліжэй адзін да аднаго, чым людзі. Або унь як цесна збіліся вакол Нявесты, вакол белай Нявесты[70], яе жаніхі, два браты — плячо да пляча[71], і іхні нізенькі сапернік[72]. Так блізка, як ніколі не бываць людзям.
І ў адчаі, разумеючы, што ўсё адно, што ў лепшым выпадку варта схопіць яго за буянства, Кірык зноў ускінуў да зор рукі і закрычаў:
— За-бі-ва-юць Хрыста-а-а-а!
Рэха, што заўсёды было ў вежах, падхапіла крык, пачало адкідаць, гуляць з ім, як з мячом. У верхніх ярусах званіцы пачалі выбухаць дзіўныя гукі:
— …ва-а… та-а… та-та-та!
І раптам здарылася дзіва. Ляснулі аканіцы, і ў акне з'явіўся белы твар.
— Чаго?
— Хрыста катаваць павялі.
Яшчэ і яшчэ галовы з'яўляліся ў вокнах.
— Дзе? Дзе?
— Хрыста забіваюць! У замку! Хрыстос прыйшоў у Гародню. Нас бараніць.
Адзін чалавек выйшаў з дому і другі. І трэці… Цяпер крычалі чатырох. Выйшаў заспаны чалавек з кордам.
— Што такое?
— Катаваць павялі! Ганец сказаў, што яны яго — па гардзёлцы! Што нам не ён патрэбен, а даўгавая турма!
Гэтая абраза перапоўніла чашу цярпення. Узвіўся да шпіляў званіц рык.
…І тут пайшло. Выбеглі з халупы два чалавекі з молатамі. Кінуўшы бедную крамку, выскачыў з бязменам гандляр.
— Хрыста ратаваць! — крычалі дзесяткі галасоў.
Усё абрастаючы, натоўп каціўся за Кірыкам. Грукалі ў дзверы, у вокны. Білі ў іх молатамі так, што ўздрыгвалі дамы, і, хочаш не хочаш, трэба было выходзіць.
Ля карчмы натоўп вырас удвая, прыядналіся бражнікі. Карчмар крыкнуў і, скінуўшы з пожага ў агонь курай — полымя шуганула, нібы з пекла, — прыяднаўся да тых, што ішлі. П'янічкі захапілі паходні. І калі раней у канцы вуліцы, на захадзе, ззяў у вочы людзям жоўты Арктур, пуцяводная лампада, то цяпер зоры нібы пабляклі ў чырвоным зарыве.
Непадалёку ад Ростані прыяднаўся да гурмы Зянон з сотняй людзей, а на самой Ростані — натоўп, які вялі Кляонік і Марка.
Валілі і валілі з дамоў, завулкаў, тупікоў яшчэ і яшчэ людзі. З ланцужнымі жгутамі, з доўбнямі, з іржавымі сякерамі, з друкамі, выламанымі з платоў, з лукамі.
Кінуўшы ля мясных радоў статак, прылучаўся да плыні пастух з прашчою, мяснік з разаком.
— Хрыстос прыйшоў у Гародню!
Цяпер ужо аніяк не менш за семсот чалавек валіла да замка.
Ноч чырванела агнём.
Сінедрыён на ўсе вочы разглядаў Багдана Роскаша. Відовішча было сапраўды дзіўнае. Пад мешкавінаю хітона тапырылася пацёртая шляхецкая чуга, у запазусе была мехавая шапка (нібы кот прыгрэўся і спаў). А на нагах — такія самыя мужыцкія поршні, як ва ўсіх.
Роскаш стаяў, ганарліва адставіўшы нагу. Даволі магутнае пуза — наперад, грудзі напнуў, твар — чырвоны, вочы — вырачаныя, вусы — заліхвацкія, звіслі да сярэдзіны грудзей, шчокі — трохі адвіслыя і такія круглыя, быццам ён іх назнарок надзьмуў.
Непрымірыма глядзелі на сінедрыён каламутна-сінія вочкі. Грэбліва быў скрыўлены рот — рот аматара выпіць і задзіры. Для паўнаты карціны не хапала толькі шаблі.
— Ты хто? — спытаў Лотр.
— Не чулі, ці што? — грэбліва кінуў Багдан. — Я Роскаш Багдан. Беларускі шляхціц. Вось.
— Ты зараз не шляхціц, а падсудны, — сказаў Лотр.
— Гэта вы — адзін выгляд, а шляхта была, ёсць і будзе. Зброю вось толькі я ў фургоне пакінуў, а то не на мяне б вы зараз выскаляліся, а на вечка сваёй труны.
— Што ж ты, шляхта, сярод валацуг? — спытаў з'едліва Лотр.
— Сам ты хамло і бадзяга, — сказаў Роскаш.
Лотр ледзь стрымаўся:
— Добра, кажы.
Роскаш стаў яшчэ больш зухаваты, адставіў нагу яшчэ далей.
— Мужыцкая толькі морда можа не ведаць, што такое род Роскашаў і да якога роду, суёму[73] і герба мы належым. Але я не здзіўляюся і велікадушна вам дарую, бо папы — збольшага ўчарашнія мужыкі — і самых важлівых рэчаў могуць і не ведаць.
Былі мы калісьці багатыя, як халеры, але літоўскі напад выбіў славуты род Роскашаў з сядла, хаця і не збіў з ног… Фальшывым загадам гэтага хама, гэтай кіслай аўчыны, Міндаўга, адабралі ў нас набытак продкаў, землі, і аддалі такому самаму кіпацю, як і Міндаўг, нейкаму бязведамнаму Квясткгайле. Засталіся мы на гэтай нашай зямлі гасцямі і высіліліся, але гонару не страцілі.
І асабліва заеўся я з гэтым аслянём, з малодшым Квясткгайлам, Тадэем. Мала яму было таго гонару, што на зямлі, якая яму няправедна належыць, сядзіць былы гаспадар, чалавек такога роду, як я, — ён падумаў з мяне яшчэ нейкую «гарэнду» браць, барбар такі… Вядома, не бачыў ён ад мяне дулі з макам і скідзельскага пачастунку.
У той дзень я высакародна араў сваё поле. Быў у гэтай вось футраной шапцы і, як то належыць лыцару, пры мячы на баку, пры гакаўніцы за спіною, пры рагу для пораху, або, як мы кажам, «маку». Зброя павінна быць пры сабе, бо твой гонар у тваіх руках, і яшчэ… кожную хвіліну нехта слабы можа прыпасці да ног тваіх, молячы аб лыцарскай тваёй дапамозе.
Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойскага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваёй сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу.
І тут пад'ехаў на паршывым сваім варанку гэты хам у магнацкай вопратцы, якая сядзела на ім, як на карове шытае сядло. Пад'ехаў і, паколькі не ўмеў весці высокую бяседу, адразу пачаў непрыстойна лезці і прыставаць з гэтай сваёй «гарэндай».
Некаторы час я маўчаў. Гэта таму, што гэтыя худародныя сівалапы маюць кепскі слых. Скажаш ім: «Слава Езусу» — Божага імя яны, пыхатыя, не чуюць. Але затое варта камусьці ў іхняй кампаніі трахнуць — яны пачуюць адразу. Кожнаму сваё. Кожны чуе тое, да чаго найбольш звык. Іхнія вушы прыстасаваныя не для гучання Божага імя, а для больш нізкіх гукаў. Вусны іхнія забылі, як вымаўляецца слова «Езус», і памятаюць толькі словы: «Ф-фу, хамства».
І вось ён ехаў побач са мной і звягаў. А я маўчаў. Аж датуль, пакуль ён не сказаў нешта наконт таго, што хай ён не будзе Тадэем Квясткгайлам, калі не прымусіць мяне заплаціць. Толькі тады, учуўшы брыдкае Богу ягонае імя, я зрабіў ласку адказаць і кінуў:
— Што твая «гарэнда» перад шляхецкім гонарам? Тфу!
Тады ён пачаў непрыстойна выхваляцца сваім захудалым шляхецтвам. І я сказаў яму з годнасцю:
— Тфу ты, а не шляхта! Вы з лясоў жмойскіх прыйшлі. Вы пісьма не ведалі, а Роскашы — карэнныя тутэйшыя. Вы на мядзведзях жаніліся, калі нас князь Усяслаў у лыцары вялебна ўсвяціў.
— Брэшаш. Мы вас заваявалі.
— Гэта мы вас заваявалі, — кажу. — На чыёй мове гаворыш, дзікун?!
Яму няма чым адказваць.
— Давай, — крычыць, — грошы!
А я яму, як соллю ў вочы, праўду:
— Вы ад Гедыміна па пятай бакавой малодшай лініі, а я ад Усяслава Полацкага — па другой. Тфу тваё дваранства перад маім!
— Хам! — насмеліўся ён.
— Дзікуны вы. З быдлам вы спалі ў круглых халупах сваіх. У шкурах хадзілі вы!
— Мужык!
Тут я, нібы праполваючы, выдраў чартапалох, святую нашу гербавую расліну, і сунуў яго пад хвост хамскаму каню гэтага хамскага нібы магната. Конь гэты даў свечку, і той вылецеў з сядла і бразнуўся ўсім целам аб раллю… І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў — хіба што толькі зусім п'яны.
Я стаў над ім — не рухаецца.
— Я т-табе дам «мужык», — спакойна сказаў я.
Падумаў трохі, а потым выпраг каня, каб не пакутавала жывёліна, пацалаваў у храпу вернага свайго баявога сябра дый пайшоў па раллі да пушчы.
Перад Лотрам стаяў чарговы са святога сямейства. Той самы боўдзіла, што граў у містэрыі Хрыста. Ён перамінаўся з нагі на нагу, і падлога стагнала пад ім. Цяпер на ім не было залацістага парыка. Свае валасы, бруднавата-рыжыя ў іржу, былі зблытаныя. Лоб нізкі. Надброўныя дугі вялізныя. Тупаваты, але даволі дабрадушны твар — увасабленне флегмы.
— А ты? — спытаў Лотр.
— Гэна… Я? — спытаў, нібы здзівіўшыся, целяпень.
— Гэна… ты, — сказаў кардынал.
— Акіла Кіёвы, — сказаў чалавек.
— Распавядай, — сказаў Балвановіч. Целяпень плямкаў вуснамі, як мень.
— Гэна… А я што? Я лесаруб… Прыстаў да іх, хай яно… Лесаруб я… Хаціну меў… гэткую… Ледзь, можа, болей… ну… за дупло… З хаціны… як жа яно… сагналі… Лес стаў запаветны… каралеўскі… Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.
— Нішто сабе, — сказаў Лотр.
— Гэна… А чаго «нішто»? На мяне адноечы стогадовы ўпаў. І нічога. Часам толькі… як жа яго… гэна… у вушах страляе.
— М-м, — у адчаі замычаў Басяцкі.
— Клянуся Маці Божай і святым Міхалам, — упадаючы раптам у прыпадак гневу, сказаў Пархвер, — вось каго проста і Бог не дазволіць пакінуць без вогнішча. Ягоны тлушч адзін каштуе больш, чым усё ягонае вартае жалю жыццё.
— Гэна… А чаго маё… гэта… жыццё… Яно мне — нічога.
І тут раптам ускіпеў Багдан:
— Ты… хамуйла… Які ж ты тхор!.. Я пачынаю сівець, ты, шчанюк, і яшчэ нікога не дапікнуў жыццём. Мы памром. Але ты, вось так дакараючы людзей самым каштоўным, што ім дадзена, памрэш раней. А калі дажывеш да маіх год і не атрымаеш плахі ў загрывак ці стралы ў тэльбух — значыць, беларусы сталі быдлам і іхняя высокай пробы храбрасць памерла.
Роскаш быў такі страшны, што, баючыся праклёну асуджанага, у які тады верылі значна больш, чым цяпер, суддзі змоўчалі, і нават Пархвер сцішыў свой гнеў.
— Добра, — ціха сказаў Лотр. — Ну, а ты… наступны?
Наступны, чалавечак год пад сорак, гарбаносы, са сквапным ротам у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, з шэрымі, адначасова фанатычнымі і сварлівымі вачыма, раптам закрычаў нейкім бязглузда-страсным голасам:
— А што наступны?! Што наступны?! — Вочы ягоныя бегалі.
— Ну, ты што? — спытаў Басяцкі. — Можа, хаця ты сумленны чалавек?
— Чаго сумленны?! Нашто?! Сярод такіх людцаў ды сумленны?! Я не сумленны, я — мытар! Мытнік я! Мытар!.. Данель Кадушкевіч маё прозвішча.
Братчык усміхнуўся.
— Чаго ж ты з мытараў пайшоў? — у мядзведжых Балвановічавых вочках бліснула цікавасць. — Праца пачэсная… Харошая… Сам апостал Мацей быў мытар.
— А што Мацей?! Што Мацей?! Яму, старой перачніцы, добра было. Яго Бог да сябе прыблізіў. Ён цуды бачыў. А я нават звера Какадрыла толькі ў гішпанскай кніжцы глядзеў. І манаха марскога не бачыў. Чаго з мытараў пайшоў? А таго. Абрыдла ўсё. Раніцай устанеш, часам памыешся, пад'ясі. А што за ежа? А дзярмо ў нас ежа! Продкі тура елі — хаця б табе тут турыны капыт. Зямля аскудзела. Дзіваў мала. А што?! Няпраўда?! Захоча чалавек разнасол з'есці, звычайнае, скажам, зубрынае вымя, чаго дзяды і за ежу не лічылі, а яму пруць кожан дзень мядзведжую шынку або чорнага бусла. А ён мне абрыднуў, як гнілая рыба… А потым ідзеш мыт браць, вазы чапамі мацаць, каб не везлі недазволенага. А чаго яны там вязуць? Хіба гарэлку?! Няма таго, каб нешта такое, ну, гэтакае… Каб аж вочы на лоб палезлі. Ну, хаця б нейкага там аднарога… А потым дадому ды дадому, ды зноў есці, ды вячэраць, ды жонцы пад бок. Хаця б жонка нейкая… такая… дык не — баба… Каб жа ж гэта яна — мурынка, або… русалка, ці што, або, на горшы выпадак, турэцкая княгіня. Абрыдла мне ўсё. Есці абрыдла, мыта абрыдла, жонка абрыдла. У іншых краінах дзівы здараюцца, каметы кожны дзень, зямля цераз ноч трасецца, у небе тым розныя знакі. А ў нас толькі што цмокі ў Лепельскім возеры паздыхалі, дык я і тых не бачыў… Кінуў я ўсё… Лухта ўсё, лухта! Дзіва бы мне, дзіва, — няма дзіва. Я, можа, увогуле прарокам быць хацеў, а мне — мытарам. А што?! Тфу, вось што.
Лотр паціснуў плячыма. Паказаў на лысага Мірона Жарнакрута:
— Ну, доўга не будзем тут языком мянціць. Вячэраць час. А пра цябе я і так усё ведаю. Былі вы камедыянты. Выгналі цябе за бяздарнасць. Ты пайшоў, а паколькі ўсе спалі, то ты і фургон з вопраткай і іншым з сабою прыхваціў.
Лысы Жарнакрут падціснуў вусны. Вакол іх сабралася мноства зморшчынак, і рот стаў нагадваць зашмаргу каліты. Такія раты бываюць толькі ў з'едлівых і скупых да апошняга людзей.
— Я-як за бяздарнасць?! — спытаў Мірон, і голас ягоны зарыпеў, нібы нехта сапраўды пачаў круціць жорны. — Я?! За бяздарнасць?!
Бровы ягоныя палезлі на лоб, у вачах з'явіўся гнеў. Зашмарга каліты распусцілася, паказаўшы жоўтыя рэдкія зубы. Твар стаў падобны на бяздарна зробленую трагічную маску. Ён засмяяўся, і гэты смех спачатку рыпеў, як жорны, а потым перайшоў у трагічнае «ха-ха-ха».
— Ды я!.. Ды яны… Самі вы бездары. Вось, глядзіце! — Мірон стаў у позу.
Дакуль ты будзеш…
Нібы нясцерпна зарыпелі жорны. Праўдзівей, стары вятрак. Бо ліцадзей не толькі рыпеў, але яшчэ і шалёна махаў рукамі ў паветры.
Дакуль ты будзеш, Саўл,
Дом Езусаў шматаць,
Мужоў па стогнах… э-э… цягнуць
І ў турму саджаць?
— До! — залямантаваў раптам Лотр. — До, до, до!
Гэта быў хутчэй крык адчаю, а не гневу.
— Бачыце? І вы не вытрымалі, правялебнасць, — задаволена сказаў Мірон. — Здольнасць таму што. А вы кажаце — бездар.
— Наступны! — раз'юшана і амаль непрытомна закрычаў Лотр. — За адно гэта з вас з усіх галовы пасцінаць трэба.
Бамбіза, даўжынёй з ангельскую мілю, зрабіў крок наперад і гукнуў. Асавелыя вочкі; падстрыжаны па-бурсацку, у доўгай, да пят, бурсацкай світцы пад хітонам і, дзіўна, з мордаю мамчынага сынка, нягледзячы на ўзрост. Нос панылы, куцейны.
— Jacobus sum, — сказаў ён. — Якуб Шалфейчык аз. Быў бы дыякан, ды толькі цяпер ужо не памятаю, ці мяне з бурсы выперлі, ці з дыяканаў ужо расстрыглі… Памяць мая, дзякуючы хваробе маёй, а значыцца, і Богу — tabula rasa, чыстая дошка… Ік… Suum cuique кожнаму сваё. Адны п'юць і блукаюць у завулках. Другія носяць чырвоныя мантыі.
— Ты заўтра раніцай таксама атрымаеш чырвоную мантыю, — сказаў Пархвер. — Зыркую мантыю.
— Pollice verso[74], — сказаў бамбіза.
— Прахвост ты, — сказаў Лотр. — Валацуга ты, а не дыякан.
— Не верыце? Дык вось… «Ангел вапіяша благадатней: «Чыстая дзева, радуйся».
Голас быў страшэнны, мядзведжы, яловы. Ён біў па галаве і нібыта пакідаў сотні скабак у вушах. Гаслі свечы. Дрыжала і дзерлася слюда ў вокнах.
— «І пакі рэку-у!!!»
Якуб устаў на дыбачкі, наліўся крывёй. Нехта нябачны пачаў гартаць адразу ўсе кнігі на стале, за якім сядзелі суддзі.
— Хопіць. Па-мойму, гэта не «ангел вапіяша», а падземны дух, копша, — сказаў Басяцкі. — Наступны!
Наступны выйшаў з рада. У ягоным хітоне было, бадай што, больш дзірак, чым у хітонах усіх астатніх. Варушыліся ў шырокіх драных рукавах спрытныя, нібы зусім без костак, доўгія пальцы рук. Каўнер ягонага хітона быў падобны на манашы, шырокі, у складках, і ў гэтым каўняры, нібы ў глыбокай місе, ляжала правільна-круглая галава з рэдкімі, у некалькі кучаравых валасоў, вусамі. Тая галава была надзіва пыхлівая, з хуткімі жывымі вочкамі, з такой вялізнай верхняй губой, нібы чалавек заўсёды трымаў пад ёю ўласны язык. Гэта, аднак, была няпраўда: язык гэты боўтаўся і званіў, як хацеў.
— Глядзіце, — шапянуў Лотр. — Галава, якая гаворыць.
Басяцкі ўсміхнуўся:
— Уценьце гловы свентэго Яна, даруй мне, грэшнаму.
— Сљдзіце вы нас не як суддзі ізраільскія. Няправедна судзіце. А самі не чулі, хто такі Ян Каток. — І ён ударыў сябе шчыпоццю ў грудзі. — Утучняеце сябе, нібыта свінні непатрэбныя, а не ведаеце, што і храм Божы не гэтак для душы ўратавальны, як я.
Ён палез у кішэнь і дастаў адтуль голуба. Голасна зашаптаў яму «на вуха»:
— Ляці да Пана Бога. Скажы: фокусніка самой Маткі Боскай судзяць.
Падкінуў голуба, і той вылецеў у акно.
Каток чакаў. Потым аднекуль, і здавалася — з ягонага зада, пачалі гучаць струны арфы. Фокуснік нібы прыслухоўваўся да іх:
— Га? Га? Кажаш, не за тое, што трэба, судзяць? Правільна, не за тое. Кажаш, адмечу цябе дабратворнасцю? Адмячай, адмячай.
У Карнілы, а потым і ва ўсіх, палезлі на лоб вочы: проста з ілба ў Яна Катка вырас і пацягнуўся ўгору куст ружаў, якія струменілі ззянне і водар.
— Ммм-а, — зажмурыўся Жаба.
— І яшчэ прагну раскошы тваёй…
Вакол бандыцкай морды запалаў зорны німб. Каток склаў рукі на грудзях і заплюшчыў вочы. І тут успыхнуў рогат. Фокуснік азірнуўся і плюнуў. У тонкай ягонай механіцы нешта не так спрацавала.
— У Яна Катка вырас вялізны і зіхоткі павін хвост.
— Тфу. Памылачка атрымалася.
— А казаў жа я… Пі… піць не трэба было.
— І ўрэшце ты, апошні, — сказаў цыганаватаму кардынал. — І хутчэй. Бо першая варта ідзе да канца.
— Пане Божа, — уздыхнуў Лявон. — То ж бо, гляджу, я аж раз'юшыўся, так есці хачу.
— Нагаду-уюць вас, — іранічна сказаў Лотр. — Назаўсёды нагадуюць… Ну, кажы.
Вясёлы чорны чалавек відавочна махлярыў, нават вачыма.
— Я Міхал Іліяш. Майстра на ўсе рукі.
Ягоны рот усміхаўся вуснамі, зубамі, мускуламі шчок. Дрыжэлі, нібы ад затоенага смеху, бровы.
— Спачатку я… гм… гандляваў конямі… У мяне бабуля цыганка. Каралева краіны Цыганіі. Тут ужо нічога не зробіш. Супраць крыві не папрэш. Так наканавана, і гэта яшчэ Ян Багаслоў казаў, калі ўвесь іхні апостальскі хаўрус абвінавацілі ў канакрадстве.
— Няпраўда, — сказаў Камар. — Якое там яшчэ канакрадства? Іх не за тое…
— Хэ! А як яны белага асла дасталі? Бог ім сказаў, а яны пайшлі браць, а гаспадары спыталі, нашто ім асёл… А тыя ўзялі. То конь асёл ці не? Конь. То што вам яшчэ трэба? Шкада толькі, што так павольна дабрэе чалавек. Тады Пану Богу нашаму за гэта некалькі калоў загналі. Цяпер беднаму цыгану заганяюць адзін, але так, што гэта не лягчэй, і ніякага я тут поступу не бачу… Але дзед мой і маці з бацем былі тутэйшыя… Кінуў я гэты занятак. Нездаровы занятак дужа. Пайшоў прафесарам у акадэмію.
— Дабрэча ты іх, відаць, вучыў, — сказаў Басяцкі.
— А чаго? Студэнты ў мяне былі цямлівыя, кемныя. Як, скажам, вы. Налажыліся да сваёй вучобы лепей, чым пан нунцый да латыні. Бывала, прыйдзе такі дзікі — жах. А там, глядзіш, і нічога.
І вось аднойчы стаю я на акадэмічным двары з улюбёным сваім студэнтам, Міхасём, ды вучу яго: «Так, братка. Ану, паўтарэнне. Яно, братка, матэр студыёрум. Ану, дыяканскую велікодную службу… Ды, так, ведаеш, каб зразумела было, што п'яны».
— Глупства кажа, — сказаў Камар. — П'янству ніякага дыякана вучыць не трэба. Гэта ў іх у крыві.
— Міхась лапы счапіў ды як раўне.
— Чакай, якія лапы? — абалдзела спытаў Лотр.
— Дык я ж, бацю, у якой акадэміі выкладаў? Я ў Смаргонскай. Я мядзведзяў вучыў. І такі гэты Міхал быў кемны, такі здаравеня!
Пасля велікоднай службы я яму і кажу:
— Так. Ану, пакажы, як нашы панкі да сябе дабро грабуць?
Ён і тут усё ведае. Сеў на пілавінне з пяском і пачаў яго да сябе лапамі грэбці. Азвярэла грабе.
Гэты самы пясок з пілавіннем мяне і падвёў. Прыглушыў конскія крокі. Загадваю гэта я, а за маёй спіною стаяць трох коннікаў. І галоўны з іх пан — гетман Агінскі.
— Э-эх, — кажу, — Міхась. Ты мацней, весялей грабі. Панскага размаху ў цябе няма.
Міхал лапамі мацней замахаў. І тут мне ззаду — карбачом між вушэй. І ўбачыў я ў адну хвіліну і Частагоў, і матку Астрабрамскую, і ўсе чыста, колькі іх ні ёсць, цэрквы дый мячэці. Таму што цыганы заўсёды былі той веры, якая ў той вёсцы, ля якой стаў табар.
— Пане гетман, — крычу, — пане… Міхал! Міхал! Ану пакажы, які пан Агінскі смелы, ды прыгожы, ды мужны на вайне.
Тут яно і здарылася. Ад многай навукі мядзведзь адурэў. Ці то ён зблытаў з бабай, якую муж з іншым заспеў, ці дужа быў разумны — толькі схапіўся ён за жывот і зароў. А потым пачаў стагнаць і качацца на пяску.
Гетман — за меч. І было б тут два Іліяшы, ды я раптам… убачыў… паказваю рукой:
— Бацюхны, глядзіце!
На Іліяшавым твары быў такі нясцерпны жах, што сінедрыён увесь нібы сціснуўся, гледзячы туды, куды ён паказваў. У наступны момант усе пачулі, як Карніла ціха сказаў: «Гэ-э, брэшаш…» Усе зноў павярнуліся. Сотнік ля дзвярэй трымаў Іліяша за шкірку.
— Ды не ўцякаю я. Гэта я вам проста паказаць хацеў, як я тады ўцёк. Яны ўсе азірнуліся, а я скочыў цераз плот і кінуўся бегчы, як ніводны ніколі не бегаў. Яны за мной. Я ад іх. Лесам. Да Віллі.
…Скочыў я са стромы да ракі і пакаціўся. І тут убачыў човен, а ў ім дванаццаць чалавек.
— Браткі, ратуйце!
…Коннікі выскачылі на крутаяр… Але човен з намі ўжо закруціла, панесла сястрычка Вілля.
Пасля хвіліны маўчання Лотр сказаў ціха:
— Што ж. Самазванства, спроба выдаць сябе Бог ведае за каго. Твая, Братчык, ерэтычная дабрыня да іншаземцаў, твае сумненні ў веры… І тое, што ты разам з іудзеем начальнікаў у народзе тваім зласловіў, і адкупшчыкаў асуджаў.
— І тое, што совы лёталі над галавою, — сказаў Басяцкі. — І мача, якой зубы паласкаў.
— І тое, што падбілі чатырох прыгонных уцячы ад пана і заклікалі Біблію і Евангелле самім, без папа чытаць, — сказаў Балвановіч.
— І тое, што папсавалі панскую маёмасць, — сказаў Жаба. — І ганьбілі нябожчыка караля, хлусліва сцвярджаючы ману.
— І казалі ерась аб шчупаку, — сказаў Камар. — І праз гэтага шляхцюка абражалі магнатаў і суд, называючы іх хамамі.
— За дуб, што ўпаў на зборшчыка, — сказаў Лотр.
— За тое, што знакаў чакалі нябесных, калі іх саміх чакала мытарская служба, — сказаў Балвановіч.
— За блюзнерства і апаганьванне брыдкімі фокусамі імя Божага і тое, што арфы нябеснага Ерусаліма гралі ў яго ў непадыходзячым месцы, — сказаў Балвановіч. — І за абразу гетману… Па ўсіх грахах вашых адно вам пакаранне.
Хаўруснікі апускалі галовы ніжэй і ніжэй. Усё было ясна.
— Смерць, — сказаў Лотр. — Страта. Заўтра. На світанні.