У Іуды была скрынка.
Не ўсім дастаюцца порткі, хто ім жадзён.
Яны ўцякалі ўначы, бо ведалі: за тое, што зрабілі ў Любчы, мала ім не будзе. Яны не ведалі аб тым, што па слядах іхніх імчыць Карніла, але, пабойваючыся любчанскага кашталяна, блыталі сляды, ідучы непрамою дарогай.
Адну ноч, замятаючы сляды, яны ішлі прэч ад Наваградка, на поўнач, начавалі ў пушчы, а потым рушылі кружным шляхам, кіруючыся на Ўсялюб. Апоўдні наступнага дня наблізіліся яны да сяла Хадасы.
Магдаліна ішла з Хрыстом, быццам баючыся, што вось цяпер ён можа ўзяць і знікнуць. А ён, апусціўшы галаву, думаў пра сваё, не заўважаючы нічога вакол… Усё ж гэта былі чуткі. Зноў чуткі. Толькі чуткі. А мінулі тыдні, і лета ўвайшло ў панаванне сваё. І невядома, ці сапраўды Анею схавалі, ці яна сама кінула яго.
І трывога разрывала ягонае сэрца. І нічога ён не заўважаў. А заўважаць было што. Вёска нібы вымерла. На прыгуменні ля першай хаты дзікага выгляду чалавек трыбушыў карову з уздзьмутым жыватом, выбіраў нейкія кавалкі, і мухі віліся над ім хмараю.
На хатах нідзе не было стрэх.
Яны ішлі праз чорнае ад гора сяло. Хрыстос глядзеў у зямлю. Апосталы балбаталі пра нешта сваё. А ззаду ўсіх цягнуўся цыбаты і, аднак, невялікі ростам недалужны Іуда з грашовай скрынкаю цераз плячо.
Змрочныя вочы на худым і цёмным твары варочаліся туды і сюды.
Іудзей аніяк не мог уцяміць, у пекле ён ці на зямлі, пакуль не зразумеў:
— Голад!
Голад. Чорная гразь на дарозе. Чорныя хаты. Чорныя сады.
І ля кожнай хаты сядзелі дзеці, падобныя на старых. Безнадзейна праводзілі вачыма прахожых апосталаў.
Не прасілі. Толькі глядзелі.
І ўспомніў ён усіх кінутых і галодных, і абурыўся ў сэрцы сваім.
І, праходзячы паўз кожную чарговую хату, рабіў ён непрыкметны жэст рукою. Колькі дзяцей — столькі і жэстаў.
Дзеці непаразумела глядзелі ў кулачкі на маленькія жоўтыя сонцы. І ўсё ніжэй і ніжэй, у бяссіллі сваім, апускаў галаву Раввуні.
…Толькі за весніцамі дагнаў ён Хрыста.
— Ты што гэта такі лёгкі? — спытаў той.
Іуда зірнуў на неба і перарывіста ўздыхнуў:
— Нашаму слонімскаму рабіну — а ён, трэба вам сказаць, быў проста аж царскі дурань — кожны вечар клалі на пуза гарачую мокрую палатніну. Дык ён меў звычай казаць, калі яму дакаралі: «Мяса мірнай ахвяры ўдзячнасці належыць настаўніку з'есці ў дзень прынашэння яе; не трэба пакідаць ад яго да раніцы». У гэтым сэнсе ён ведаў Біблію і Талмуд нават лепей за мяне.
Ненарокам ён страсянуў скрынкаю, і ў ёй зазвінела самотная манета.
І тут Хрыстос, успомніўшы, што ідуць яны ўсё ж насустрач нявесце, сказаў:
— Трэба, Іуда, палатніны купіць. Ты паглядзі на ўсіх. Гэта ж хаўрус бандзюг, а не апосталы. Дзеўкі глядзяць на іх і хіхікаюць і, вочы хусткаю прыкрыўшы, глядзяць з-пад хустак.
Тады Раввуні пачырванеў, бо яго спаймалі на месцы злачынства, за растратаю агульных грошай, і сказаў:
— Купіць. На што купіць? У цябе ёсць лішнія грошы? Галоўнае, каб была галава і каб у гэтай галаве была ідэя палатніны, дзе яе дастаць, як сказаў… А хто яго сказаў?… Ну, няхай Хіва.
Ён выказаў погляды некаторых філосафаў аб тым, што толькі чалавечыя ўяўленні — рэальнасць, але не ганарыўся, таму што не ведаў, якое гэта адкрыццё.