І, высунуўшы язык, ён закруціў вачыма, як паміраючая каза.
Калі яны ўздыхалі — сцены хат надзімаліся, як бычыны пузыр… Такіх цяпер няма. Вывеліся.
Пі, але закусвай.
Сядзелі яны ля карчмы, і большасць лічыла сінякі.
— Плач і скрогат зубоўны, — сказаў жанчынападобны Ян. — Не наследуй злу, але дабру.
— Калі вока тваё спакушае цябе, — мацаў здаровы ліхтар Пятро.
А Тадэй выняў з рота зуб і сказаў сумна:
— Фокусы можна было б паказваць.
Пятро ўзарваўся:
— Што ж гэта, кожны раз нас так біць будуць? Куды ж такая работа?!
— Сказана бо: «Будуць біць вас у сінагогах», — сказаў Мацей.
— Пры чым тут сінагога, казёл?! — узлямантаваў Раввуні.
— Не, — усё яшчэ не мог супакоіцца Пятро, — як так далей жыць?! Ты, Езус! Ану, давай нам грошы і ежу, раз вучняў набраў! Хоць нарадзі, хоць з калена выламі, а дай.
— Гандляваць трэба, — сказаў Баўтрамей. — Унь царква індульгенцыямі гандлюе, зноў жа, мошчамі, і ніхто іх не б'е.
— А дарэмна, — сказаў Хрыстос.
— Ну? Дык што? Што?!
— Чакайце, — стомлена сказаў Ісус. — Ёсць план.
…Праз некаторы час прыйшлі яны ў Наваградак і там, не плацячы наперад, бо не мелі грошай, але спадзяваліся іх здабыць, размясціліся ў гасцёўні, што ў парафіі святой Тройцы. Ляглі з малітваю аб удачы замест вячэры.
Магдаліна ж, паказаўшы каму трэба пярсцёнак, дабілася вернага слугі і перадала з ім Ратму, што стаіць у гасцёўні. Яна вельмі спадзявалася, што ён з'явіцца адразу, і не памылілася ў сваіх спадзяваннях.
Ратма прыйшоў і цяпер стаяў у гэтым пакоі, румяны ад хвалявання. Глядзеў на вартую жалю мэблю, на скупое святло свечкі. Гэта была святая сціпласць. І, аднак, ён бачыў, што перад ім знатная дама. Магдаліна паспела выцягнуць з сакваў парчовае пакрывала, распяцце слановай косці і ружанец з рубінаў.
Яго здзіўляла такая сціпласць. Ён быў ад яе без памяці. Гэта была не Ганорыя з Валевічаў.
— Вы… прыйшлі. Вы абяцалі мне… і не падманулі.
— Я не падманваю ніколі… І асабліва такіх людзей… Прашу прабачэння, я нават не магу паднесці вам келіх віна. Я тры дні пасцілася, і вось мы спазніліся сюды, хаця пост мой скончыўся з захадам сонца. Крамы на замках, рынак пусты, у корчмах згас агонь. Міжволі мне давядзецца аддаць Богу і гэтую ноч. Я збіраюся не спаць. Добра, што вы падзеліце неспаннё са мной.
— Божа мой! — сказаў юнак. — Якая сціпласць! І, вы думаеце, я дам вам пасціць лішнюю ноч? Богу досыць і таго, што ён атрымаў. Я хачу вячэраць з вамі… Вы будзеце мяне слухаць… Ну!
І ён пазваў слугу Хроля і загадаў, каб той прывёз усяго патрэбнага і віна, што хутка было выканана, а пасля яны сядзелі побач, і елі, і суцяшаліся віном.
— Бачыце, я вам падчынілася, — сказала яна. — Хаця гэта і не кажа на карысць кабеты: сядзець уначы ў адным пакоі з мужчынам. Але я веру вам… Вось, адпіце з майго кубка. Гэта будзе прычасць вечнага нашага сяброўства.
І засумавала:
— Хутка мы ідзём далей за сваім святым.
— І вы кінеце мяне? — збялеў ён.
— Дурнік, гэта абяцанне. Але я вярнуся, — яна паклала руку яму ў далонь. — Як толькі давяду яго да ягонай мэты. Магчыма, мы сустрэнемся ізноў.
— Але, — у яго раздзімаліся ноздры. — Іначай мне хаця не жыць.
— Які вы. А ваш шлюб?
— Я дашлю іх да апраметнай!..
— Што вы?! — з жахам прашаптала яна.
— Прабачце, я забыў, хто вы… Але я дашлю іх… Я ненавіджу сваю так званую нявесту… Мне цяжка і страшна з ёю. Усё жыццё я шукаў такую, як вы… Як я доўга шукаў!
«Доўга, — падумала яна. — Колькі табе там было яшчэ шукаць?»
Ён быў у гневе, але ён нават рукі не працягнуў да яе.
— Я хачу вас… Я хачу жонкаю толькі вас… Я памру, калі гэтага не будзе… Я даб'юся гэтага… Заўтра ж.
— Вы небяспечны, — уздыхнула яна, нібы з сілаю адводзячы вочы.
Рукамі яна нібы адштурхоўвала яго, і ён міжвольна схапіў гэтыя рукі.
— Толькі вас… Пашкадуйце!
— Пашкадуйце вы мяне… Мне цяжка… Гэта вышэй за мяне.
У яго калаціліся плечы, зрываўся голас. І гэтым голасам з нечуванай пяшчотай ён прашаптаў:
— Што мне яшчэ зрабіць, каб вы былі маёю?
— Я мяркую, вам трэба замкнуць дзверы, — сказала яна.
Раніцаю ўвесь хаўрус займаўся тым, што штурхаўся па кірмашы, шукаючы, як бы тут змахляваць на ежу. Не было толькі Сымона і Баўтрамея, якія гойсалі загадам Братчыка па гарадскім сметніку, выкопваючы з адкідаў найбольш старыя, крый Божа, не сённяшнія, пляшачкі, бутэлечкі і бутэлькі, а пасля да слёзнай чысціні мыючы іх у рацэ.
Ва ўсіх добра круціла ў жываце ад голаду. У страўніках сядзела нібы гайня галодных ваўкоў.
Магдаліна, што праўда, перадала раніцай Братчыку залаты, але ён не сказаў сябрам, збярог манету. Мала што магло здарыцца. На ягоную прыдумку маглі і не клюнуць.
Кірмаш ляжаў на плошчы між чорным, дзікім Наваградскім замкам і вялізнай карчмою. Плыў натоўп, свісцелі свісцюлькі, вялі свой напеў сляпыя жабракі, нібы душу з казла цягнулі. Штурхаліся мужыкі, дзеўкі, багатыя кабеты. Зрэдку паважна, як каравела пад ветразямі, плыў праз натоўп дваранін у плашчы.
Магдаліна не знаходзіла сабе месца. Нават уначы, даводзячы каханка да непрытомнасці і ўтрапення, сама задыхаючыся ад яго абдымкаў, яна думала краем думкі, ці здолее выканаць загад, вызваліцца, магчыма, назаўжды застацца з гэтым. Не жонкай, дык каханкай. Бо гэтага яна не адпусціць. Гэты ніколі, удзячны ёй, не здолее забыць яе і гэтыя начныя пацалункі.
Трывога ўзрастала. Ці паспее сотнік? Ці атрымалі яны кліч? А можа, голуба сустрэла страла ці коршак?
На рынку было ўсё дорага. Нейкі скнара — па мордзе відаць, што пры выпадку растаўшчык, як муж каменнай бабы, гандляваў яйкамі. Юрась прыглядаўся да яго спачатку з усмешкай, пасля — з абрыдлівасцю.
— Пачым? — пытае бедная баба.
— Два грошы сотня, — голас такі, нібы глотка поўная скабак.
— А Божачка, гэта ж за свінню столькі…
— А ты вось і купі, і жары гэтую свінню… калі гэткая багатая. Ды яшчэ дастань яе. А яйкі — ежа панская. Не для твайго халуйскага хлябала. Бач, яйкі! Р-рас-пусціўся народ.
— Два шэлегі? — спытаў Юрась. — Бога пабойся, чалавеча. Сорам.
— Сорам, сабачы ты сын, людзям толькі ў лазні відаць.
У Хрыстовых вачах загарэлася раптам хітрае, з'едлівае і круцельскае.
— Добра. Угаварыў. Трымай прыпол — будзем лічыць.
Людзі, здзіўленыя вялізнай пакупкай, пачалі збірацца вакол. Бессаромны гандляр узняў прыпол даўжэзнай кашулі. Хрыстос пачаў класці яму ў прыпол яйкі.
— Пяць… Дзесяць… Дваццаць.
І тут Магдаліна з радасцю, аж упала сэрца, убачыла.
За натоўпам сядзеў на кані, падобны на самавар, чырвоны Карніла і аглядаў натоўп. Шалом трымаў у руцэ. Падстрыжаныя гаршком валасы падалі на нізкі лоб.
Шукаў змрочна і не знаходзіў. Яна хацела была падаць яму знак, але забаялася.
— Пяцьдзесят, — лічыў Хрыстос. — Дзвесце…
Гандляру было ўжо цяжка трымаць. І тады Хрыстос, нагнуўшыся, чыкнуў нажом па ачкуры ягоных портак. Порткі ўпалі. Скупірака, увесь чырвоны ад ганьбы, баючыся выпусціць яйкі, да белых суглобаў учапіўся ў прыпол. Уцякаць ён таксама не мог: порткі звязвалі ногі ля самай зямлі. І таму ён казаў людзям і далей сваю непрыглядную галізну.
— Бачыце? — пад агульны рогат спытаў Юрась. — Сорам у лазні.
І тут Магдаліна з радасцю ўбачыла, што Карніла пачуў рогат і глядзіць сюды.
…Убачыў. Крануў каня ў натоўп. А за ім, клінам рассоўваючы гурму, рушылі коннікі. Пайшлі перад імі поп і два ксяндзы.
— Сорам, бачыце, толькі ў лазні. А сорам твой і ў натоўпе можна купіць. Усяго за дзве сотні яек. Ану, людзі, бяры астатняе. Бяры, баба, малому ў ручку дасі.
Рогат аж глушыў… Магдаліна бачыла, што побач з канём Карнілы ідуць поп і два ксяндзы. Ясна чаму. Каб агаласіць загад аб узяцці ад імя царквы. Аб усім падумалі. Яна зразумела, што сёння ж будзе вольная, што сёння ж уладкуе сваё жыццё. Ратма не забудзе яе — яна цвёрда ведала гэта.
Юрась рагатаў разам з усімі, выскаляючы белыя зубы. І раптам змоўк — гэта штурхнуў яго Тумаш. Знікла ўсмешка. Разразаючы натоўп, набліжаўся да іх закуты ў латы і кальчугі конны атрад. Бязлітасныя, дрымучыя вочы Карнілы сустрэлі ненатуральна вялікія і празрыстыя вочы Хрыста. Сотнік усміхнуўся.
Зразумеўшы нешта, змоўк і народ. Цяпер жалезны конь высіўся над самім Юрасём. Сотнік паклаў адну руку на эфес мяча.
— Адгуляўся, шалбер. Ланцуг сюды!
І працягнуў руку ў жалезнай пальчатцы:
— Узяць!
— Што такое? Хто? За які грэх? — шапталі паўсюль галасы.
І тады заспявалі галасы свяшчэннікаў:
— Прысуд духоўнага суда… Злодзей… Блюзнер… Зневажальнік Бога і царквы… Па загаду святой службы.
Пачуўшы страшную назву, людзі пачалі адступаць. Вакол невялічкай купкі людзей лягла шырокая паласа адчужэння і жаху. І тут раптам дзікім голасам, нібы на судны дзень, залямантаваў Раввуні:
— Я табе дам ланцуг, басяк! Ты на каго руку ўзняў, ты на каго!..
Змрочная, нежывая ўсмешка зноў рассунула сотнікавы вусны.
— Н-ну… На каго?
— На Хрыс-та! — раптам нясцерпна ўзвысіў голас Юрась.
Натоўп ахнуў.
— Так, на Хрыста! — раўнуў Фама. — Чулі, у Гародні?
— Ці-ха! — узняў пальчатку сотнік. — Гэта не той. Гэта самазванец і шалбер па імю Якуб Мялшцінскі, уцякач з Польшчы, якога даўно шукае за ерась і злачынства доказная інквізіцыя.
Аб Мялшцінскім многія чулі. Гэта сапраўды быў самазванец, які няўдала выдаў сябе за месію. Месіі ў той час раслі як грыбы.
— Мана! — сказаў Братчык. — Ісцінна я — Хрыстос.
— Калі ён Хрыстос, — звярнуўся да натоўпу сотнік, — хай прылюдна створыць дзіва.
Юрась маўчаў. На гэты раз яго, здаецца, сапраўды спаймалі. На гэты раз не выкруцішся. Усё. Маўчаў і натоўп.
У гэты момант Хрыстоў позірк упаў на сляпых, што сядзелі ля аднаго воза. Страшныя буграватыя верхнія павекі, безудзельныя твары. Магчыма, вырвуць вочы і яму.
І тут ён здзівіўся. Адзін са сляпых, карыстаючыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ва ўсе вочы глядзеў на беспарточнага гандляра, на сотніка і на яго, Юрася.
З радасцю адчуваючы, як вяртаецца жыццё, Юрась непрыкметна паказаў яму залаты (якое шчасце, што яго не праелі!) і спытаў вачыма:
«До?»
«До», — апусціў «сляпы» вочы і пачаў шаптаць нешта суседу, чалавеку такога ж бандыцкага выгляду, як і ён.
Ноздры Хрыстовы раздзімаліся. Ён ускінуў галаву, і ў прыціхлы натоўп ударамі сякеры ўпалі словы:
— Будзе цуд!
Кірмаш замёр. На сотнікавым твары было непаразуменне.
— Прывядзіце мне… ну, хаця б унь тых сляпых.
Людзі кінуліся да калек, узнялі іх і на руках даставілі да Юрася. Натоўп глядзеў са свяшчэнным жахам на бугрыстыя, відаць, ад старых язваў, павекі. Сумнення не было.
— Але найперш я хачу спытаць у іх, ці хочуць яны зрабіцца відушчымі? На такі паскудны свет, можа, лепей і не глядзець… Людзі, хочаце вы пачаць бачыць?
— Бацюхна, — застагнаў першы, — ратуй. Дзеці малыя! Хоць пару год. Білі мяне людзі пана Жабы карбачом па галаве.
Народ змоўк. Ён не ведаў, што гэта круцялі, але свята ім верыў, занадта ўжо звычайныя рэчы яны казалі:
— Дзеля цябе выпаліла мне вочы ў маскоўскім паходзе.
— Божа! — лямантаваў трэці. — Дзеля цябе ў катоўні мне святлом у вочы цэлы тыдзень білі.
Натоўп ашчацініўся. І тут, разумеючы, што справа пакуль ідзе не на карысць сотніку, папы пачалі галасіць.
— Не слухай, люд наваградскі… Гэты ерэтык, а не Хрыстос!.. Злодзей!.. Схапіце! Выдайце святой службе. Не выпрабоўвайце Бога гуслямі чарнакніжнымі… На прэнг іх!
Нехта стаў перад імі:
— А я табе, папоўскае адроддзе, зараз дам, то ты і азадак небу пакажаш. Не перашкаджай. Хрыстос ці не — самі вочы маем. А сляпых не руш — бачыш, павекі якія? Ды ці не ў цябе яшчэ ў катоўні, дамініканская ты падла, яго і асляпілі.
Людзі моўчкі насоўваліся на раснікаў. Запанавала маўчанне.
Юрась шапянуў Тумашу:
— Ну, брат, калі выблытаемся, я ім пакажу. Думаў яшчэ, ці рабіць нам той фокус. А раз яны, царкоўныя пацукі, так з намі — ну, мы ім…
— Прабач, люд наваградскі, — у цішыні сказаў дамініканец.
— То ж бо… Давай, чалавеча.
Хрыстос схіліўся, чарпануў з-пад ног гразь і левай рукой узяў «сляпога» за руку. Залаты перайшоў «сляпому», і той моўчкі схіліў галаву: «До». І тады Хрыстос мазануў гразёю ўсіх трох па вачах.
— Ідзіце. Абмыйцеся. Будзеце бачыць святло нябёсаў… Людзі, адвядзіце іх да ручаіны, пакіньце на хвіліну адных.
Каб ён ведаў, якую памылку ён ледзь не дапусціў, ён бы пахаладзеў. Але ўсё, на шчасце, абышлося добра.
…«Сляпыя» ўмыліся ля крыніцы.
— Во халера, — сказаў адзін. — Як плюхнуў па вачах! А што, хлопцы, калі мы зараз яго кінем ды ўцячом? Залаты ў нас.
— Не кажы, — сказаў той, што глядзеў на Юрася. — А раптам дагоняць. Скажуць, ён вас вылечыў, а вы замест падзякі яго — на прэнг. Не, брат, давядзецца вярнуцца.
— Дый гразь нейкая смярдзючая, — сказаў трэці.
— Нічога, — сказаў ініцыятар. — Мы з яго за гэтую гразь ды за тое, што не ўцяклі, лішнія залатыя возьмем.
— Бедны, — сказаў першы.
— Чорт з ім. Ды яшчэ і з гледачоў здзяром. Пайшлі. Вымай гарох.
Яны вынялі з-пад павек пакладзеныя туды палавінкі гарошынак, праміргаліся і, заплюшчыўшы вочы, пайшлі назад.
Карніла з тупой іроніяй глядзеў на бадзяг. Убачыў, што сляпыя набліжаюцца, што вочы ў іх заплюшчаныя, і ўсміхнуўся:
— Што, выкручвацца хацеў? — не памагло?
Сляпых падвялі. Юрась перахрысціў іх.
— Бач! — загадаў ён. — Глядзі на Бога ў славе ягонай!
Сляпы «з цяжкасцю» прыўзняў павекі.
— Пане Божа, — крануліся шэптам вусны. — Бачу… Бачу, Пане Божа… Сузіраю светлы твар твой!
Зірнуў на сотніка:
— А гэта што за багабрыдкае рыла?
Сотнік разгубіўся. Два другія былыя слепакі глядзелі на яго з кепска прыхаванай агідай.
— Чорт, — сказаў адзін.
— Ясна, што сатана, — сказаў Раввуні. — Толькі рогі пад валасамі.
Два мешчаніны падышлі да сотніка.
— Н-ну, рыла. Гэта як жа? На Бога руку ўзняў. Саўл, пачэ калу смярдзяй.
Карніла наліўся барваю. Вырваў меч.
— Ці-ха, хлопы!
Гэта ён зрабіў дарэмна. Наваградскім мяшчанам, як і ўвогуле тагачасным мяшчанам, зброяю пагражаць не варта было. Рык натоўпу дайшоў да шалёнай раз'юшанасці. Гулка лопнуў аб галаву Карнілы пусты гаршчок. Коннікі пацягнулі з піхваў мячы. І тут белае, сіняе, чырвонае, золатавалосае, стракатае ад доўбняў, кіёў, кордаў, кляўцоў і дзід мора кінулася на іх з усіх бакоў. Паляцелі дзежкі, паленні, зафырчалі ў паветры бручыны.
Спалоханыя крыкам, аслепленыя, коні ярыліся і ўставалі дыбам, а потым чуйдух прабіліся праз натоўп і паляцелі прэч. Наўздагон ім для постраху пусцілі з дзесятак стрэл. Магдаліна ў адчаі глядзела на шалёныя ўцёкі латнікаў, ведала, што раней чым праз пару дзён (і то, узяўшы падмацаванне ў Любчы) Карніла сюды не вернецца. Ведала, што Хрыстос цяпер нагострыць адсюль лыжы, і, значыць, зноў дарогі, самыя глухія, дзе нават галубіных станцый няма, значыць, трэба ісці і кінуць Ратму.
Каб яна ведала, што гэтая акалічнасць уратуе яе, яна думала б іначай. Але яна не ведала і таму пайшла глухімі вуліцамі да замка, каб, магчыма, развітацца з Ратмам і ўзяць клетку з галубамі ў запас. Клетку яна атрымала, але хлопца не ўбачыла. Вартавы сказаў груба:
— Ідзі-ідзі. Ён пад замком.
— За што?
— Ну, значыцца, добрых спраў нарабіў.
Гэтая вестка напоўніла яе трывогай. Што такое магло здарыцца? Няўжо за начную прыгоду? А можа, ён усё адкрыў бацьку? Ну не, не можа ж ён быць такі дурны, каб вось так адразу. Усё гэта трэба было доўга рыхтаваць…Яна не ведала, што Радша і выявіўся менавіта такім «дурным». Ашалелы, звар'яцелы ад шчасця, кахання і цягі, ён адкрыў бацьку Мартэлу, што з нявестай у яго ўсё скончана, што ён не хоча з-за земляў быці пасмешышчам і вырашыў ажаніцца з другою. Бацька ўрэзоньваў яго, што ўсё гэта лухта, што радавітыя не гаспадары сабе, што, ажаніўшыся, можна пасля мець хаця сто палюбоўніц. Юнак ашалеў. І тады ваявода загадаў узяць яго пад замок.
Ёй было вельмі трывожна, і нейкае нібы прадчуванне мучыла, і цягнула, і смактала пад сэрцам.
…Між тым агульны энтузіязм дасягнуў апагея. Юрась бачыў, што на другім канцы плошчы ўжо стаіць над ручной каляскай, застаўленай закаркаванымі пляшачкамі, жаўтазубы Баўтрамей. Чакае, і твар — як кепская трагічная маска. І яшчэ Хрыстос бачыў, што ніхто да яго не падыходзіць, усе глядзяць на іх, і, значыцца, фокус пакуль выгарае. Усё ішло добра.
І тут да яго зноў падышлі два былыя слепакі. Народ сустрэў іх сяброўскімі крыкамі.
— Ну як, сталі бачыць? — спытаў ён.
— Але, — выскаляўся той, што ўзяў манету.
— То добра, ідзіце з мірам, — дружалюбна сказаў Хрыстос.
— Мір не танна дастаецца, — шапнуў мазурык. — Давай яшчэ тры залатыя.
Яны шапталіся з ласкавымі ўсмешкамі на вуснах. Народ з замілаваннем глядзеў на гэтую сцэну.
— Няма ў мяне больш. Слова. Пасля, можа…
— Крыкнем, — сказаў сляпы.
— А я вось зараз таксама крыкну, — сказаў Пятро, — што вы за вылячэнне яшчэ і грошай просіце. Тады вам жыва вочы выб'юць, а другога Хрыста — дай вам Бог, галубочкі, дажыць да яго з'яўлення.
Братчык з кранаючай пяшчотай абняў іх:
— Ідзіце да д'ябла, улюбёныя браты мае. Пакуль не пасыпаліся зоркі з вачэй вашых. Не хацелі па-добраму пачакаць. Страшыце? Копну вам у зад.
У натоўпе ўзніклі ўздыхі замілавання. Братчык падвёў «братоў» да прыступак паперці і непрыкметна даў ім моцнага выспятка ў азадак. Тыя з каметнай хуткасцю паляцелі праз натоўп.
— Бач, пабеглі як, — пракаменціравала баба. — З радасці, мілая!
— З радасці пабяжы-ыш.
…Магдаліна ішла, і трывога яе рабілася нясцерпная. Што ж, урэшце, здарылася? Яна раптам адчула самоту і жах. Ёй хацелася хутчэй дабрацца да тых, каго яна гадзіну назад ледзь не аддала ў рукі святой службы. З імі не так небяспечна, яны нешта прыдумаюць.
Гатычныя, папярочна-смугастыя дамы навісалі над ёю, здаецца, сачылі вострымі маленькімі акенцамі, прыціхлі. Яна фізічна адчувала, што за кожным рогам яе чакае небяспека.
Урэшце ў самым канцы вулачкі яна ўбачыла на прыступках храма Хрыста з хаўруснікамі, адчула гэта з раптоўнай радасцю і… стала.
Паміж ёю і Хрыстом стаяў і глядзеў на яе невялічкі, пераважна жаночы, натоўп. Былі тут касцельныя жоўтыя дэвоткі і чырвоныя маладзіцы з тупымі і злоснымі вачыма, былі вечныя «дзяўчаты» з вуліцы святой Цэцыліі, што глядзелі прагна, з адчуваннем сваёй бяспекі, было некалькі пажылых мужыкоў у пераломным узросце і манахаў з блудлівымі зрэнкамі. Было нават некалькі няпростых кабет у багатых сукнях.
Яе вочы з дзіўнай рэзкасцю бачылі ўсё гэта.
А наперадзе стаяла мажная кабета ў дзявочым шлягавым вянку. Расставіла ногі, склала на грудзях пачварнай магутнасці рукі. Грыбасты рот усміхаўся.
«Ганорыя з Валевічаў, — зразумела яна. — Усё. Адкрыў ёй стары хрэн ваявода».
Яна аглядала агульную і Ратмаву нявесту і міжволі іранічна думала: «Бедны Ратмір. Ну, гэтая яго навучыць».
— Вядзьмарка! — кінула Ганорыя ціхім голасам. — Абпаіла д'яблавым зеллем. Спакушальніца…
Магдаліна рушыла наперад, гледзячы ёй у вочы. Тая сумелася, і таму, здаецца, нахабства яе яшчэ ўзрасло.
— Ну, — сказала Магдаліна, — ачысці дарогу.
Натоўп па-ханжаску маўчаў. Баяўся смелых вачэй.
— Распусніца, — хавала вочы Ганорыя. — Самадайка. Вядзьмарка. Тварына. Жаніхоў чужых зводзіць?…
— Ты ўжо хто? — з усмешкай сказала «лілея». — Дарога кірмашная.
Яна адставіла клетку, каб часам не растапталі.
— Прыходзяць тут гнілыя… Хамка… На дваран замахваешся? Не па чыне.
— Адыдзі.
Голас быў такі ўладны, што нахабная бабішча адступіла была, з уласцівай усім такім подлай баязлівасцю, але вакол зашапталі:
— Не пускай… Не пускай.
Магдаліна зразумела: прайсці не выйдзе. Цяпер трэба было ўчыніць вялізную сварку — можа, пачуюць свае і вызваляць, пакуль не пабілі.
— Чарадзейка… Атрутніца… Вочы выдзеру, шлюха ты, — кідала Ганорыя.
— Маўчы, грамадская студня… Зажыва гніеш, а на маладога рыцара брудным вокам кідаеш… З турэмшчыкамі табе спаць, з пракажонымі, з катамі! І ён яшчэ з табою пойдзе, святы хлопец? А дулю.
— З табою хіба, з шалавай? — спытала гаспадыня Валевічаў.
— А і са мною. Арол такой гусі бруднахвостай не пара.
— А ты хто, хлопка?
— Ды ўжо ж не ты. Да чыйго дома ў горадзе самы біты шлях? — яна выдумвала, але ведала: з гэтай усё будзе — праўда. — Ці ёсць у Наваградку такі хаўрус, які б цябе «нашымі жорначкамі» не называў? Ды ў яго, калі ён дурань будзе, шыя зломіцца ад тых падарункаў, што ты яму да шлюбу назапасіла!
— Дрэнь! Чарнакніжніца! Ерэтычка!
— Ад каго браты зажыва засмярдзелі ды Божага царства пайшлі шукаць?! Хто ва ўласнай маткі ў дванаццаць год законнае права жонкі адабраў?
Удар нечакана трапіў у цэль. Ганорыя задыхнулася.
— У студні закінутай у яе пашукайце, — цадзіла Магдаліна (яна добра ведала норавы жанчын такога тыпу). — Бачыце, айцы святыя непарочнай яе агаласілі. За колькі? Ці мо натурай заплаціла? Можна і гэтак. Тыя казлы згодзяцца. Дзявочы вянок беднаму добраму Ратму. Ды табе б ганебны каўпак, ды прыпол абрэзаць, ды — віцамі! А лепей крыж забараніць насіць, ды радзюгу нашыць на плашч, лапічак, ды бранзалет на нагу[97].
— Ды што?! — не знайшлася шляхцянка. — Біце яе! За распусту бязбожную! На Евангеллі ў чысціні паклянуся!
Яны ўчапіліся адна ў адну. Магдаліна першым чынам збіла з галавы Ганорыі вянок. Абедзве валтузіліся. І тут нейкі клірык, з жоўтым, як чэрап, тварам і чорнымі вачыма, сказаў:
— Стой! Ну! Вы што, ля студні? А між тым яна ж царкву абразіла! Абразіла! Слова, якім касцёл заступіўся за цноту гэтай дзяўчыны. Чаму? Ачараваўшы ваяводскага сынка, жадала на іншых свае правіны скінуць. Між тым гэта адна з самых страшных кабет Гародні.
Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?
Яна зразумела, што гэта ўсё. Цяпер нішто не ўратуе. Пасля, на трупе, знойдуць той знак; клірыка за выкрыванне і забойства асабліва даверанай асобы, той, што можа загадваць ад імя царквы ўсім, аддадуць службе і знішчаць. Ці лягчэй ёй будзе ад гэтага? Яна склала рукі і адступіла.
— Распусніца! — узвыў народ.
— Бі яе!
— Дзеўкі, у камяні!!!
Камень ударыў Магдаліну вышэй скроні.
…І тут, пачуўшы гвалт, Раввуні штурнуў Хрыста.
— Глядзі!
— Што такое?
— Магдаліну, здаецца, б'юць, — прабасіў Тумаш.
Збялелы Юрась кінуўся да натоўпу. А гурма ўжо лезла наперад, ціскалася, выла. Лезлі ледзь не па галовах, каб дабрацца наперад, вішчалі. Недзе дурным голасам екатала апантаная бесам. Юрась штурхаў баб, адцягваў за валасы клікуш — і амаль дарэмна.
Але Тумаш добра разумеў, што такое азвярэлы натоўп, а асабліва жаночы. Ён выдзер аднекуль кол і арудаваў ім. Тут было не да ягонага «рыцарства да дамаў». Кол, прынамсі, цверазіў, прымушаў хапацца за выцятае і менш думаць аб ахвяры, а больш аб тым, як знікнуць.
Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.
Яшчэ адзін камень ударыў яе ў грудзі. Пасля трэці — па галаве… Павісла рука. Зямля пад яе нагамі штохвілінна гусцей пакрывалася плямамі. Яна заплюшчыла вочы, убачыўшы, як здаравенны манах узнёс доўбню. І тут нехта прыціснуўся да яе грудзей спіною, закрыў.
…Юрась перахапіў доўбню, з сілаю, выкручваючы ворагу рукі, выдраў яе і шпурнуў пад ногі наступаючым. Там заенчылі.
— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!
— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!
— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!
Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.
Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.
Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.
— Адступі!
Фанатычкі замерлі.
— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!
Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:
— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!
Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.
— Пісанне чытаеце?! А там што сказана? Хто без граху — першы кінь у яе камень… Хто кіне?… Ты?… Ты?…
Камні пачалі падаць з рук. Ляскалі па каменных плітах часцей і часцей.
— А цяпер пакажыце ж і вы сваю ўладу, мужыкі! Бярыце іх, хто за што здолее, ды ганіце дадому, а каго — у касцёл, бо там іхні дом, і спяць яны, відаць па іх, са статуямі. Гэх, дурніцы! Не з вашай галавою ў словах папоўскіх разбірацца. З вашай галавою — у гароху толькі сядзець!
Мужыкі патроху пачалі разганяць гурму. Дзе віцамі, а дзе і хапаючы. Віск, гвалт, тупат. Некаторых — па ўсім відаць, тых, што схапіліся за голавы — мужы вялі за касу і штурхаючы пад бакі. Чакала іх горкая чаша.
Хутка вуліца апусцела.
— Устань, жанчына, — сказаў Юрась, бо Магдаліна ад слабасці ўпала на калені. — Ніхто не кране. Хадзем у гасцёўню.
Са скроняй, па якой сплывалі кроплі крыві, з апушчанымі рукамі (у адной з іх была клетка), яна пайшла за ім. Апосталы зноў расселіся на прыступках і сталі сачыць за гаротным Баўтрамеем.
Намачыўшы губку ва ўчарашнім віне, ён абмываў ёй галаву. На акне, у праменнях сонца, вуркаталі галубы.
— Ну, на галаве толькі моцны сіняк… А тут, ля скроні, скуру рассекла. Нічога. Вось і кроў спыняецца. Смолкай залепім — і ўсё…
Тая раптам заплакала.
— Во, дурына! Кінь. І шнар будзе пад валасамі. Будзеш гэткая самая прыгожая. Вельмі прыгожая. Прыгажэйшая за ўсіх. Што яшчэ?
— Грудзі. Дыхаць цяжка.
— Ці не рабрыну зламалі?
— Н-не ведаю.
Ён пачухаў патыліцу:
— Раздзявайся.
— Ты што?
— Ладна, кінь дурэць. Часу мне няма. Іначай уся гэтая апостальская банда зноў галодная ляжа. А ў жыхароў цыганіць нельга.
Яна раздзелася. Ён пачаў абмацваць бок жанчыны. Проста і натуральна, нібы рабіў гэта Тумашу або Іудзе.
— Цэлая, — урэшце сказаў ён. — Хіба, можа, маленькая трэшчынка. Сёння дастанем насілы — будзем цябе дні два несці. Пойдзем, відаць, на Вільню. Уцякаць трэба.
— Адкуль насілы?
— Гэта не твой розум. Адзявайся.
Пасля ён пагладзіў яе па плячы.
— Па галаве не рызыкую. Вось ужо як зажыве. За што ў вас там бойка была — не мая справа. Але разумніца, дзяўчынка. Смелая. Так ужо іх трапала! Ну, ляж, ачуняй. І супакойся. Мы іх, у выпадку чаго…
Ён пайшоў. Некаторы час яна сядзела моўчкі. Гучна завуркаталі галубы. Ім было добра ў праменнях сонца, якое яна сёння ледзь не ўбачыла ў апошні раз. Нічога. Усё абышлося. Цяпер трэба ўбачыць Ратму.
Яна дзейнічала машынальна, як заўсёды. З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і «велля», і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча… Галубы… Значыць, запіска. Яна дастала маленькі скрутак танюткай паперы, ачыненае вераб'інае перайка, інкаўст[98] у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі:
«Эядянмяэлсчюпялёэасўтўсокмфсяегнчёэгмэяілаўшфупяэйспбфшямоыўняэчшярсб…»
Гэта была «літарэя за адной пячаткай», старажытны беларускі тайнапіс[99]. Магдаліна пісала ім спрытна і хутка. Машынальна рухалася рука. Думак не было. Нібы нейкая запруда стаяла перад імі. Нібы кій трапіў у кола і застопарыў яго.
І раптам яна ўспомніла цеплыню чалавечай спіны на сваіх грудзях. Спачатку толькі яе. Яна была непадобная на ўсе іншыя цёплыя спіны. А яна памятала іх шмат.
Яна ашчаперыла пальцамі галаву і, нягледзячы на боль, сядзела так некаторы час. Пасля ўдарылася лобам аб падвоканне. І яшчэ. Яшчэ. Адзіная вялікая кропля крыві ўпала на пергамент. Жанчына скамячыла яго.
Лілася кроў. На палях, у катоўнях, на вуліцы. Шмат крыві.
Жанчына думала яшчэ некаторы час. Пасля адчыніла клетку, звыкла — лапкі між пальцаў, вялікі палец на крылах — вынула аднаго голуба і падкінула ў неба. Той затрапятаў крыламі ў блакіце, пакружыў і памкнуў на паўночны захад.
З другім голубам пальцы нібы развучыліся. Ён забіў крыламі, вырваўся ўрэшце і паляцеў за першым.
Трэцяга яна проста вытурыла з клеткі, выпусціла, як жанчыны выпускаюць птушак на вялікдзень.
…Тры хустачкі ператварыліся ў кропкі, зніклі за акаёмам. З хвіліну яна думала, ці не варта адкрыць усё Хрысту. І спалохалася.
Ведала — не кране пальцам, але не даруе ніколі. І ёсць яшчэ Лотр, які ўрэшце ўсё ж спаймае і яго і — цяпер — яе. Ён учыніць ёй «веллю» не на сорак, а на восемдзесят гадзін, парве вены і ўсё ж спаліць жывою.
Яна адчувала сябе злачынцаю. Толькі так! Ні гонару, ні ўдзячнасці не было ў душы — толькі сабачая прыніжанасць. Яна выканала б усё, што ні загадаў бы ёй кардынал. Але не гэта.
«Хай рабуе, хай блюзнерыць, хай нават павесіць самога Лотра або замахнецца на папу — я не магу… Я не магу выдаць гэтага чалавека».
Баўтрамей выскаляў рэдкія жоўтыя зубы над сваімі пляшачкамі:
— Вось тавар! Вось святы тавар! Наваліся, хто грошы мае!
Апосталы з Хрыстом сядзелі ўбаку, грэліся на вячэрнім добрым сонцы.
— Няўжо яму павераць? — спытаў няверны Тумаш.
— Усяму павераць, — змрочна сказаў Хрыстос.
— Добра, каб паверылі, — сказаў Гарганцюа — Якуб. — Здаецца, Валаамаву асліху з'еў бы. Бывала, на возеры мянёў напячэш, ды юшка з акунькоў…
Тумаш недаверліва круціў галавою.
— Але ж вера… Вера, яна…
Хрыстос раззлаваўся:
— І ахвота табе гаварыць. Ну вера, вера! Плявузгае. А ў пісанні даўно аб ёй сказана, што вось… калі будзеш мець веру велічынёй з гарчычнае зернейка і скажаш унь той Замкавай гары перайсці адсюль — яна пяройдзе.
— Ну, з зернейка ў мяне ёсць.
Ён утаропіўся на вежы, напружыўся ўвесь і заплюшчыў вочы. Пасля расплюшчыў іх — гара была на месцы.
— Храновіну гародзіш, ойча.
— Трэба практыкавацца ў веры, — сказаў Хрыстос.
— Добра. Пастараюся.
Маўчалі.
— Што Анея? — шэптам спытаў Раввуні.
— Ніч-чога. Невядома дзе. Нават апошнія чуткі заглохнулі. Сёння пойдзем на поўнач, на Вільню. Усё адно — голка ў стозе.
Да Баўтрамея падышоў багата апрануты мешчанін. Узяў бутэлечку, страсянуў:
— Ды яна ў цябе пустая.
— Не боўтай, не боўтай, кажу, пляшачкі, — узяў яго на перапуд ліцадзей. — Няшчасця хочаш? Я т-табе дам, пустая!!!
Ад гэтага тону, а яшчэ больш ад трагічнай маскі — твару, мешчанін сапраўды перапалохаўся.
— А ў ёй што?
— Уздых святога Ёсіпа Арымафейскага. Што ён уздыхнуў, яшчэ калі Хрыста распіналі.
— І ва ўсіх — уздых?
— Уздыхнуў моцна.
— А… ад чаго памагае?
— Ад запою… — натхнёна збрахаў актор. — Ад хмялення.
Мешчанін падумаў трохі, адлічыў грошы. Пасля павагаўся і… пайшоў у карчму.
— Клюнула, — сказаў Пятро.
Хвілін праз дваццаць з карчмы выскачылі з дзесятак прапойцаў, хуценька купілі па пляшцы і вярнуліся.
Яшчэ праз палову гадзіны нейкі чалавек, па выгляду слуга духоўнай асобы, купіў бутэлечку і ў завулку перадаў яе таму самаму клірыку — «мёртвай галаве».
— Эг-ге, — выскаліўся Юрась. — Ну, д-добра. Цяпер я вам пакажу… І як святой службе нас аддаваць, і камяні, і ўсё.
Праз нейкую гадзіну пайшло і пайшло. Да Баўтрамея валіў і валіў народ. І дарога ў людзей была адзіная: Баўтрамей — карчма.
Пад вечар горад нельга было пазнаць. Нагадваў ён поле страшнага пабоішча. Людзі ляжалі паўсюль: на парогах, на вуліцы, у вокнах. І было гэта страшней, чым пасля татарскага ўварвання, калі выразалі яны Наваградак пад корань. Нават пасля татар так страшна не было.
Кожны ляжаў там, дзе засцігла яго варожая сіла. У кучах ці паасобку, ніцма ці дагары.
І сапраўды, няма каму было плакаць, бо ўсе ў капе бездыханна ляжалі. Занадта бо паспадзяваліся на сілы свае і на сілу новага святога патрона.
Спаў кустод у браме. Спала варта на вежах. Нават ваявода Мартэл спаў, мармычучы ў сне:
— Пагублю мудрасць мудрацоў і розум разумных адвергну.
Першая скарысталася з гэтага Магдаліна. Проста, нібы ў свой дом, прайшла ў замак да адзінага цвярозага жыхара горада, Радшы. Ёй чамусьці зусім не хацелася ісці да яго, і ўсё ж яна пайшла. Яна шкадавала гэтага юнака, памятала пра ўсё. І хіба ён не заплаціў воляй за тое, што ўпарта хацеў толькі яе?
На жаль, нельга было выпусціць яго. Ключар запёрся ў цямніцы і налакаўся ўжо там. Але яна гаварыла з Ратмам праз краты на дзвярах, казала, што вымушана ісці далей за сваёй мэтай, але абавязкова вернецца. І плакала. А ён (твар ягоны быў нібы з крэменю) сказаў ёй, што чуў, як яе сёння хацелі забіць за яго, што ніхто не прымусіць яго да шлюбу, што ён будзе чакаць.
…А ў цемры з уздыху святога Ёсіпа Арымафейскага скарысталіся і тыя, што сабралі яго.
З мяхамі яны хадзілі з касцёла ў касцёл, з плябаніі ў плябанію, з царквы ў царкву. Па пустым, нібы вымерлым, горадзе. І мяхі іхнія рабіліся ўсё цяжэйшыя і цяжэйшыя.
Рабавалі падчыстую. За спробу выдаць кату, за спробу потым забіць, за тое, што прымхліва надзерліся, а самі паўсюль крычалі аб цвярозасці. Рабавалі так, каб назаўтра няма з чаго было прычасціць. Паціры, дзіскасы, дарахранільні, лампады, грошы з тайнікоў і скарбонак, каштоўныя камяні. Здзіралі ўсё. Палахлівы мардач Андрэй аж стагнаў, што пагоняцца.
— Лухта! — белымі каменнымі вуснамі казаў Хрыстос. — Збаяцца. Не крычаць жа ім, што напіліся, як свінні. Маўчаць будуць.
Памылкова зайшлі ў нейкі багаты дом, палічылі за плябанію. І там сустрэлі яшчэ аднаго цвярозага.
Хрыста з імі не было. Мацей пачаў быў браць маёмасць.
Тумаш аглядаўся вакол. Непадобна было на папоўскі дом. Ат, усё адно!
І раптам…
— Гулі-гулі-гулі.
Стоячы ў калысцы, аптымістычна ўсміхнуўся бандзюгам дзіцёнак. Ружовы, толькі са сну.
Твары вакол былі ў ценях ад паходняў, зарослыя, з крывымі ўсмешкамі, катаржныя.
— Гулі-гулі-гулі.
Тумаш працягнуў да малога страшныя, з цэбар, далоні.
— Гу-у, гу-у, — усміхнуўся той.
— Ах ты мая гулечка, — расплыўся Фама. — Гу… Гу… І пялюшкі мокрыя.
Ён змяніў малому пялюшкі.
— Ну, ляжы, ляжы. Ах, яны — быдла! Ах, яны — дарослыя! Ну-ну-ну, мачыляпы… На… На вось коржык.
Малы радасна ўчапіўся ў коржык дзёснамі.
— Кідай усё, — скамандаваў Фама. — Дом багаты… Ну і што?… Нешта мне, хлопцы, нешта мне… неяк… Бач, як глядзіць…
І яны выйшлі.
У апошнім касцёле ледзь не памерлі з жаху. Тут таксама было поле бітвы. Спаў ля аргана арганіст. У абдымку ляжалі на амбоне пробашч і званар. Панамар звесіўся з месца для казаняў.
Хрыстос якраз узломліваў скарбонку. І раптам дзіка, як дэман, зароў арган. Затрэсліся шыбы. Ад нечаканасці скарбонка ўпала, з ляскам і звонам пакаціліся па плітах манеты.
Усе ўскінуліся. Але гэта проста арганіст упаў буянай галавою на клавіятуру.
— Тфу! — сказаў Хрыстос і вытрас грошы ў мех.
Абрабаваўшы ўсе храмы, нагружаныя скарбам, яны пад покрывам цемры пакінулі горад. На ўсякі выпадак ім трэба было пакінуць між сабою і Наваградкам як найбольш дарогі. Закусвалі на хаду. Частку нарабаванага вёз мул. На плячах у апосталаў Піліпа з Віфсаіды і Якуба Зеведзеева плыў біскупскі партшэз з Магдалінай. Пагойдваўся.
На паваротках дарогі мянялі сваё месца зоры. А яна сядзела і з трывогай і адначасова з дзіўным спакоем адданасці лёсу думала: «Чаму я так зрабіла? Хіба не быдла ўсе людзі і хіба не ўсё адно, каму служыць? Вось і гэтыя… абрабавалі. Сапраўды, блюзнеры, махляры, валацугі. Чаму ж мне не хочацца служыць супраць іхняга атамана?»
— Ну, быдла, — сказаў раптам Тумаш. — Ну, айцы душаў!
І змрочны Хрыстоў голас адказаў з цемры:
— Кінь. Яны ўсё ж вышэй за быдла. Можа быдла катаваць іншых? А прынізіць сябе? А сябе прадаць на таргах?
«Жывы, — падумала яна. — Проста ён жывы. І рабуе, і ўсё… а жывы. А тыя і рабуюць, і словы гавораць, а мёртвыя. Гандляры, дрэнь, золатам залітыя, гвалтаўнікі, мяснікі, каты майго цела — мёртвыя яны, вось і ўсё. А гэты глядзіць на мяне, як на дрэва, а жывы. Там, дзе мерцвякі глядзяць на мяне, як на дрэва, ён — як на жывую. І ў адзіным выпадку, калі яны глядзелі, як на жывую, ён, як на дрэва. Ну і схопяць. Вядома, з табою не толькі ў неба не трапіш, з круцялём і мазурыкам, а і на зямлі доўга не паходзіш, у зямное пекла пападзеш… Хай так. Не хачу баяцца. Ніколі больш цябе не прадам. Выкуплю грэх, ды можа, і вярнуся да Ратмы… Не хочацца вяртацца да Ратмы, хаця і ласкавы ён, і кахае, і кранальны да замілавання. А, усё адно!.. Вось дарога — і ўсё».
У дрымоце яна глядзела, як плывуць зоры, слухала, як крычыць драч, бачыла, як рухаецца на фоне зорак Хрыстова постаць, апранутая ў брудна-белы хітон.