Раздзел LX. Вера Фамы

І як моцна захочаш, то збудзецца ўсё:

Бунт, каханне, царства, жыццё.

Балада

Фама бачыў усё, што бачыў Хрыстос, хаця вочы ягоныя былі залітыя слязамі. Ён бачыў усё, таму што ўсё разумеў. І ён не мог больш. Ён маліўся, пакутліва напружваючы ўсю сваю веру, якой у яго было вельмі мала, і ўсё жаданне сваё, якому не было мяжы.

— Цуда! Цуда! Не толькі я — усеУсе хочуць цу-да! Хай знікне з ганебнага гэтага эшафота! Хай знікне! Хай знікне!

Ён да болю зажмурыў вочы, да знямення сціснуў валасатыя задзірыстыя, грэшныя свае кулакі.

— Малю. Малю. Усе моляць. Хай знікне. Хай будзе ў палях. Сярод добрых, сярод сваіх… Хай знікне з гэтага Садома! Хай знікне!

І тады ўдарыў пярун.

Ён ударыў так моцна і страшна, што ўсіх хістанула паветрам.

Фама расплюшчыў вочы. Над мурам, над тым, што калісьці было мурам, стаяла страшная, чорная з крывавым хмара, і адтуль падалі камяні і цягнуўся на натоўп, хаваў яго, задушлівы дым.

Але Фама глядзеў не на хмару. Ён глядзеў на эшафот са зламаным крыжам. Каля эшафота ляжалі кат і падручныя. Ляжалі ніцма і тыя, багата разубраныя. А на эшафоце нікога не было.

Загрузка...