Каяўся ў грахах Вавілон і Навухаданасор, цар ягоны… І, кажуць, Навухаданасор, каючыся, пасыпаў сабе галаву попелам і пылам. Але пыл той быў пылам разбітых ім гарадоў, а попел — попелам спаленых ім ахвяр.
Хрыстос выйшаў на плошчу пад абшчынны дуб і, уражаны, ледзь зноў не кінуўся ў завулак. Гэткае відовішча заўсёды прымушала ягоныя ногі рухацца нібы самастойна.
Пад дубам доўгім глаголем стаялі сталы. За імі сядзелі людзі ў дамініканскіх расах. Убаку сядзеў над жароўняй кат, чысціў трэсачкай пазногці. Чалавек пяцьдзесят людзей, закутых у латы, пакарбаваныя крыжамі — чэрнь на срэбры, — абкружала стол: духоўная варта, гвардыя царквы.
Некалькі «гвардзейцаў» атачылі маленькую купку людзей. Паўсюль шныпарылі служкі ў расах. Цягалі лаўжы і паленні пад пяць дубовых слупоў, укапаных у зямлю з падветранага боку.
Апосталы стаялі наводдаль, і Хрыстос пайшоў да іх. Баяцца асабліва не было каго. Іх трынаццаць, усе ўзброены, танна жыцця не прададуць у выпадку чаго.
Ён страшэнна не любіў ордэн псоў Пана Бога. Вынюхваць, шукаць, караць — вось у чым бачаць яны служэнне Богу. Шкада, што нельга напасці і разагнаць гэтую падлу. Слабыя сілы. Каб жа яшчэ быў тут вясковы народ! Але гэта не горад, жыхары, відаць, у жаху пахаваліся. Стаіць маленькая купка людзей. Можа, сваякі схопленых.
Хрыстос падышоў да сваіх.
— Доказная інквізіцыя засядае, — невядома каму растлумачыў дурыла Якуб, — святая служба.
Вочы Хрыстовы сустрэліся з вачыма Іуды. Той быў толькі зеленаваты, і шкаляр зразумеў, што Раввуні відавочна не па сабе.
— І сюды дабраліся, — сказаў іудзей. — Дзвесце пяцьдзесят год паўзлі. Дацягнулася святая служба… А я нібыта сам помню.
— У нас яна доўга не працягне, — буркнуў Тумаш. — Не бойся. Цябе не дамо.
Яны ўбачылі, што перад святым сінедрыёнам стаіць скручаны мужчына з маладой сівізною. Злое, рэзкае аблічча, глыбокія вочы.
Апосталы глядзелі на яго і не слухалі пытанняў службы. Пытанні былі заўсёды амаль аднолькавыя. Гэта пасля, у пратаколах, іх расквечвалі краскамі мудрасці, чыстага высакародства і веры, якая сарамаціла і разбівала ўшчэнт сцверджанні ерэтыкоў. А на самай справе допыт быў хуткай і абрыдлівай справай, вельмі будзённай і сумнай. Пытанне — адказ — прызнанне або адмаўленне, і тады некалькі сказаў пры катаванні — прысуд — напуцце на страту. Нікому не цікава было, што чалавек адчувае, чаму ён зрабіў тое ці іншае, гаворыць ён праўду або брэша (даносчык ведаў лепей, чым той, на каго даносілі). Калі падсудных было многа ці суддзі спяшаліся — задавалі толькі некалькі пытанняў, асабліва калі справа датычылася аднаго падсуднага, а не арганізацыі. Дробных ерэтыкоў, якіх нельга было назваць страшным словам «ерэсіярх», асуджалі часта і без гэтага. На вялікіх вядзьмарскіх працэсах у Германіі, калі трэба было за нейкія пару дзён ачысціць горад ад двухсот — трохсот чалавек, прызнанні ахвяр лузалі як арэхі. У выпадку судовай памылкі рэабілітаваў і расплачваўся месцам у раі Пан Бог.
Былі і правілы: «Адзін даносчык — не даносчык» (у Германіі нядаўніх часоў на гэта не звярталі ўвагі, што сведчыць аб безумоўным прагрэсе), але падсудны мог прызнаць праўду даносу. «Нельга два разы прымяняць адно катаванне». Але можна было яго «перарываць і пачынаць зноў». «Прызнанне і самаасуджэнне — кветка дазнання». Але калі чалавек не прызнаваўся і на прэнгу, яго лічылі «моцна западозраным у ерасі» і выпускалі пад нагляд.
Страшна было тое, што на тагачасных беларускіх землях машына шматвяковай хлусні і звыклай крывадушнасці сутыкнулася з першабытнай, язычаскай яшчэ праўдзівасцю большай часткі людзей. Люд у вёсках не замыкаў дамоў (хіба што ўначы, ад звера), сведчыў толькі сваім словам; за аблудныя сведчанні — забівалі. Але ўжо тады сярод найбольш блізкіх да храма людзей пачынала буяна расцвітаць хлусня, крывая прысяга, ілжэсведчанні, даносы — усё тое, што народ непаразумела называў «душою рыгнуў».
За пару стагоддзяў гэтаму паспяхова навучылі цэлую грамаду. Як не паверыць пасля гэтага, што вера і догма змякчаюць норавы?!
— Гаварыў ганьбавальныя словы на Пана Бога? — спытаў камісарый суда. — Зневажаў?
Чалавек, відаць, быў старой рошчыны. Не зразумеў, чаму ён павінен хлусіць.
— Я яго не лаяў. Нашто мне зневажаць яго? Я пра другое…
Ён прызнаваў тое, што казаў калісьці. Не ўвесь учынак, а частку яго, тое, што было сапраўды. Ён не ведаў, што досыць і часткі, што астатняе дахлусяць за яго. З усіх бакоў на гэты адзіна чалавечы твар глядзелі морды. Знясіленыя бяссоннымі начамі, або тлустыя, пергаментныя, або налітыя крывёй, — але ўсё адно морды. Кожная — не аблічча, не «вобраз Божы», не адзнака Высокай Істоты, не Твар, а менавіта os porci, свінячае рыла без сораму і сумлення… Чакалі.
— Я не лаяў, — паўтарыў мужчына. — Пустое месца не лаюць. Я проста казаў, што не дазволіў бы Ён такіх пакут добрым, каб быў.
— Адвядзіце… Па агавору сазнаўся… Наступны…
Падвялі шляхцюка. Вельмі пацертая вопратка ў пыле розных дарог, збітыя чобаты. Відаць, бяздомнік. Маленькі, нягеглы сабою, ужо ў гадах. Тварык з кулачок, рэдкія вусы, галодныя і вартыя жалю вочы.
— Імя, — перад шляхцюком камісарый здаваўся асабліва сытым, няспешным, грамагласным, як асёл.
— Варган Будзіміраў пан Коцкі, — усміхнуўся чалавечак.
— Ты раскажы пра сябе.
— Яно, пане… з сагнаных я. Перавялі з зямлі нашы магнаты ўсіх нас, бедалагаў, у загонавую шляхту. Яно можна б і жыць, ды толькі нобіль наш упаў вокам на маю дачку… Прыёмную. Сябра нябожчыка… Я, прызнацца, і жанаты не быў… Шкада стала сірату. Пайшоў беззямельнікам з ёю. А яе і задумай адабраць, — голас у чалавека быў слабы, ён нібыта мяўкаў. — Яно… моцныя людзі — што скажаш? Але і на моцных ёсць Бог… Ёсць!.. Яна таго не вынесла. Прасіўся я, каб мне хаця вусы мае на ганьбу выдралі, ды не чапалі дзіця… Не вынесла… Каб ганьбы не было — павесілася… Няўжо яна пеклу душу сваю аддала, каб гонару не страціць? Не можа быць такога жорсткасэрддзя. Што можа бяссільны?… Вось і хаджу ўжо дзесяць год. Бог смерці не дае… То курачку было насіў з сабою. Дзе гной на дарозе або зерне нехта рассыпаў — выпушчу, падзяўбе. А яна мне часам — яечка. Ды ад старасці няспрытная стала. Забіў яе капытом магнацкі конь… Беленькая, так яна крывёю і аблілася… Сям-там і я, як яна, падзяўбу. Ды вось учора прыйшоў сюды ды ў карчме малака трохі купіў. Даўно не піў малака, а тут…
— До, — сказаў камісарый. — Агаварыў цябе той самы чалавек.
— Ды ў чым, ойча? Мне і памерці даўно трэба, і ў турме мне лепей будзе, сыцей, дый усё адно. Але ж праўду таму чалавеку шанаваць трэба. У чым?
— Ты пераўвасоблены чорны кот, што належаў раней мясцоваму касцельнаму арганісту.
— Зроду не быў катом… Вы мне, можа, растлумачыце?
— Спачатку ты растлумач і давядзі, што гэта не так.
Лягла паўза.
— Бачыш, не можаш. А мы давядзём. Мы ўсё ведаем, і ты нам пра курачак не брашы. Ты паглядзі на сваю Богу брыдкую морду.
Аблічча ў чалавека было сапраўды падобнае да аблічча старога гаротнага ката. Маленькі круглы тварык, зеленаватыя галодныя вочкі, выцертыя кароткія валасы на галаве — чорныя, у проседзь, вусы — рэдкія, спрабуюць тырчаць.
— Ты на сябе паглядзі. Вусы рэдкія, унь якія — раз.
— Раз, — паўтарыў пан Коцкі.
— Прозвішча — два.
— Каюся, два.
— Ты з'явіўся, а ў той самы дзень кот знік — тры.
— Не ведаю я гэтага. Нашто мне кот? Я і сам вечна галодны.
— Арыштавалі цябе, калі піў у карчме малако, — чатыры.
— Піў. Хацеў малачка.
— Бачыш? А які добры хрысціянін з таго часу, як першая карчма з'явілася, піў у карчме малако?! Га?!. Пераўвасобіўся воляй сатаны.
— Ды я… Што ж мне рабіць, ойча?
— Пераўвасабляйся назад, бо шкоду прынёс ты арганісту. Лаві мышэй.
— Зроду я мышэй не лавіў, — жаласна ўсміхнуўся чалавечак. — Не магу.
— Упарціцца, — сказаў камісарый. — У памылковых думках непапраўны. Адвесці да тых.
Стары апусціў галаву. І раптам Хрыстос сам адчуў, як цяжка, са свістам, ён дыхае, адчуў цеплыню нагрэтай рукаяці корда. Ён агледзеўся, нібы непрытомнасць толькі што пакінула яго.
Яны адарваліся ад усіх. Побач з ім стаяў пузаты Фама, сціскаючы шаблю. Побач з Фамою — іудзей, Ільяш, яшчэ пара апосталаў. А супраць іх стаяла некалькі дзесяткаў латнікаў з дзідамі і мячамі. Маленькі натоўп павольна знік перад вачыма Хрыста. Ён шумна ўздыхнуў.
— Нічога не здолеем, — ціха сказаў ён. — Роўна нічога. Адыдзем, Тумаш. Памаліся ты свайму Богу, Іуда, а ты, Фама, свайму. Можа, мы вымалім праклёны на іхнія галовы і на ўсё гэта паскуднае жыццё.
Яны адышлі на старое месца, адчуваючы, што яны — як пабітыя псы. Камісарый, відаць, заўважыў іхні дэмарш і сказаў голасна:
— Нагадваю жыхарам, што пры спробе вызваліць ерэтыкоў вёску спаляць, а жыхароў аддадуць святой службе… Наступны!
Падвялі бабу. Не звязаную. Стаяла яна незалежна. Камісарый, відаць, спяшаўся скончыць суд:
— Вінавацяць цябе, што адбірала ў кароў малако, крала цёплыя захады і насылала чырвоныя, што прарочаць раннія зазімкі.
— Ідзі ты ведаеш куды, поп, — сказала баба. — Калі я і вінаватая ў чым, то хіба ў тым, што рэпа мая буйнейшая, чым у жонкі агаворшчыка, святой курвы Тэадоры…
У Хрыста пацямнела ў вачах.
— Кошт буйнай рэпы, — сказаў ён.
— Д'яблавай сілай, — камісарый трымаўся за гэтыя словы, як п'яны за плот. — Ясна. Адвядзіце… Наступны.
Наступны, малады чалавек, быў настолькі зламаны катаваннем, што ледзь ішоў. Манахі спрабавалі былі падтрымаць яго пад рукі — ён гідліва адштурхнуў іх.
— Забойства клірыка, — нагадаў камісарыю пісец. — Жонка дужа веруючая.
— За што забіў? — спытаў камісарый.
— Справа не твая, казёл, — сказаў падсудны.
— Т-так, — сказаў камісарый, відаць, палічыўшы, што ў гэтым выпадку трэба даць нейкія тлумачэнні. — А між тым існуе закон, прыняты яшчэ пры пантыфікаце Стафана Восьмага, які забараняе такім мужаланам, як ты, адразу хапацца за мяла або цэп. — Ён узняў палец. — Ведай! «Міране не маюць права ніколі вінаваціць свяшчэннікаў, нават калі спаймаюць іх са сваімі жонкамі або дочкамі. Веруючыя павінны ў такіх выпадках думаць, што клірык пажадаў даць іхнім блізкім блаславенне ў больш цёплых, сардэчна-сяброўскіх і інтымных абставінах…» Н-ну? Што скажаш ты цяпер?
Твар маладога мужчыны быў бледны.
— Дай я па галаве за гэта звычайнаму чалавеку, суседу — копны суд судзіў бы за «бойку з рэўнасці». Але дай я за гэта заступніку перад Богам, уладару — і вось вы пачынаеце казаць тое, што казалі мне на прэнгу. Ужо не бойка, ужо «збіццё карыснага дзеля царквы чалавека, блажэннага дзеяча яе». І тады суда нам, простым, няма, акрамя смерці. Ужо мы зрабілі гэта, бо мы «ў змове», бо «назнарок хацелі забіць», бо «ерэтыкі і схізматыкі-дысыдэнты падбухторвалі нас». Ужо мы «змоўшчыкі, чарнакніжнікі, ворагі і паўстанцы, віжы і шпегі». Суд толькі для нас, а вы — без суда… І вось я падумаў, а чаму так? І калі няма на вас суда Божага і чалавечага, то ці не я — суд? Можа, нехта другі падумае, перш чым беспакарана рабаваць і гвалціць.
Кулакі яго сціснуліся. З лікаваннем у голасе ён сказаў:
— Я не браў мяла і цэпа. Вось пад гэтым кулаком расселася, як шкарлупіна яйка, галава гэтай збрадлівай жывёліны. Я не шкадую, абы і другія рабілі так… Таму што вы — грамада зброду, шыбенікаў, уладалюбцаў і бруднай свалаты.
— Адвесці.
У гэты момант вочы Хрыстовы зірнулі ўбок, і ён ледзь не анямеў ад здзіўлення. Тыя манахі, якіх ён сустрэў, вялі па плошчы гаспадара. Ён ішоў увесь светлы і ўсё паскараў хаду. Падышоўшы да стала, зямно схіліўся камісарыю:
— Дзень добры, сонца наша яснае. Слава Хрысту.
Камісарый гартаў паперы.
— Гэта ты іх агаварыў? — спытаў урэшце глава доказнай інквізіцыі.
— Я, — ударыў сябе ў грудзі гаспадар. — І не шкадую ў руплівай дбайнасці сваёй да царквы.
— А ўчарашні самаагавор нашто? З глузду з'ехаў?
— Н-не! На сябе данёс! Таму — думку, мысль, у сябе адчуў.
— Якую?
— Нашто Пан наш Бог у патопе жывёлін тапіў? Яны ж граху не імуць. Каб гэта веруючаму нейкаму выгадна было — тады ясна… Ну, а падумаў — спалохаўся. Што ж гэта будзе, калі кожны — думаць?… Каюся, ойча!
Камісарый зрабіў знак, каб гаспадара адвялі да іншых.