Раздзел ХІІІ. Вялікая блудніца

І цары зямныя любадзейнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагацелі ад вялікай раскошы яе… выйдзі ад яе, народ мой, каб не ўдзельнічаць вам у грахах яе і не зазнаць язваў яе… Колькі славілася яна і раскашавала, столькі аддайце ёй у адплату пакут і горкіх нягодаў.

Апакаліпсіс, гл. 18, ст. 3, 4, 7

Поп быў не дурань выпіць — анягож.

Чосэр, «Кентэрберыйскія апавяданні»

У невялічкім пакоі новага дома на Старым рынку сядзелі тры чалавекі. Сядзелі і маўчалі. І маўчанне тое цягнулася, відаць, вельмі даўно, бо відавочна гняло іх.

Гэта быў дзіўны пакой, не падобны на ўсе іншыя багатыя пакоі Гародні, скляпенчатыя, з маленькімі акенцамі. Тут вокны былі шырокія і вялікія, забраныя кутымі танюткімі кратамі. Ніхто і не падумаў бы, што гэтыя краты ад злодзея або віжа, так яны нагадвалі карункі або сплеценыя кветкі.

Столькі ранняга цёплага сонца лілося ў вокны, што ўвесь пакой аж плаваў у святле.

Безліч кніг на паліцах, стале, у разьблёных скрынях і проста на падлозе; чучалы жывёл і вясёлкавых птушак, скураныя папкі з гербарыямі, дзве дубовыя шафы з мінераламі, кавалачкамі дрэва і тарпы. За адчыненымі дзвярыма ў суседні пакой цьмяна свяцілася зорная сфера, блішчэлі шклянымі бакамі колбы і пузатыя бутэлі, грувасціліся ціглі, стаяў перагонны куб.

Адзін з трох быў ужо вядомы нам разьбяр багоў Кляонік. Побач з ім сядзеў у крэсле румяны чалавек у белым францысканскім плашчы. Ачышчаў ад паціны старую бронзавую статуэтку велічынёю ў палову мезенца і раз-пораз разглядаў яе ў павелічальнае шкло. Вочы ў чалавека былі цёмныя і мяккія. Гэта быў былы прыёр[84] маленькага францысканскага кляштара брат Альбін з Арэхвы, а ў ранейшым жыцці Альбін-Рагвал-Алёйза Крыштофіч з Дубатыння. Былы нобіль, былы прыёр — ён быў цяпер ерэтык, пакінуты пад моцным падазрэннем. Ад усіх яго імёнаў засталіся ў ягоным распараджэнні дзве мянушкі: Геамант[85] і Пожаг. Абедзве распусціла царква.

Паходжанне першай мянушкі больш-менш яснае. Другую трэба растлумачыць. Францысканец гэты даўно займаўся навукай, праслаўляў вопыт, важдаўся з чарнакніжнікамі, а значыцца, і з нячыстай сілай, чытаў не адных хрысціян і дакаціўся да таго, што стаў адмаўляць самога Арыстоцеля, тройцу, непарочнае зачацце і тое, што Хрыстос выкупіў смерцю сваёй першародны грэх. Святая служба даўно сачыла за ім, але да часу яму ўдавалася пазбегнуць яе кіпцюроў.

Схапілі яго ў часе ягонай паездкі ў Рым па даносу сябра. Галоўным пунктам абвінавачвання было тое, што ерэтык Альбін Крыштофіч, брат Альбін, падзяляў погляды Арыстарха Афінскага і горача прапагандаваў іх[86]. Але паколькі гаварыў ён аб гэтым у краіне, адкуль немагчыма было прывезці сведкаў; паколькі ў Рыме сведкам ягонай гнюснай ерасі быў толькі адзін чалавек — даносчык; паколькі святая царква ў тыя змрочныя часы лічыла, што даносу аднаго чалавека верыць нельга, — Крыштофіча аддалі на катаванне і паступова спускалі з прэнга на востры пожаг. Ён вісеў на руках сорак гадзін і не прызнаваўся ні ў чым, і, значыцца, даносчык не меў рацыі. Яго знялі і тыдзень паілі адным малаком. Калі ён у першы раз адчуў позыў — яму здалося, што зноў уваходзіць у ягонае цела востры кол. Ён страціў прытомнасць.

Лекар-магаметанін вылечыў яго. Пасля Крыштофіча адпусцілі. Цяпер першы данос мог зноў павесіць яго на прэнг. Але да Рыма было далёка, і гэты чалавек нічога не баяўся.

Трэці субяседнік быў юнак, амаль хлопчык, апрануты, бадай, залішне франтавата, дарма што сядзеў у сваім доме.

Гэтага перш за ўсё можна было заўважыць нават у самым вялікім натоўпе. Твар з румянымі ўсмешлівымі вуснамі і вялізнымі цёмна-сінімі вачыма быў гожы той рэдкаснай прыгажосцю, ад сузірання якой адразу прыходзяць у галаву думкі аб тленнасці зямнога, аб тым, што цябе вось чакае пекла, а гэтага стройнага, як трысцінка, юнака жыўцом возьмуць на неба.

І, аднак, калі верыць рупліўцам аб веры, менавіта гэтае дзіця ўжо зараз не чакала неба. І, аднак, гэта менавіта яму праз некалькі год пагражалі пеклам і вечнымі пакутамі шматлікія прапаведнікі Італіі, ледзь не ўсе папы Беларусі, Польшчы і Жмойскай зямлі, і, вядома ж, уся Святая служба.

Юнака звалі Кашпар Бекеш. І калі нехта і стварыў у той час славу Гродзенскай зямлі, то гэта ён і Крыштофіч, ерэтыкі, асуджаныя членамі Святога трыбунала, — імёны ж гэтых членаў ты вясі, Божа, а не людзі, нават самыя вучоныя.

Бекеш трымаў на каленях познюю копію адной з Сафоклавых трагедый, чытаў яе сам сабе і па чарзе падціскаў пальцы. Пасля нешта запісваў у сшытак, што ляжаў на нізенькім століку.

Копія была сапсутая шматлікімі перапіскамі, часам у ёй не было аніякага складу, і вось ён правіў, аднаўляў яе, лічачы склады і раздумваючы над некаторымі словамі, якія недасведчаныя пісцы даўно ператварылі ў абракадабру.

Аблічча было сур'ёзнае, трошкі рэзкае ў выліцах (мабыць, ад продка венгерца); тонкая рука часам адкідала з ілба сонечна-залацістыя валасы.

Людзі маўчалі, але нешта прыгнятала іх, перашкаджала працаваць.

Можа, нялюдскі шум і крыкі з вуліцы.

— Зачыніў бы акно, Кляонік, — сказаў брат Альбін. — Гэтыя жывёлы вытрасуць з Кашпара ўвесь рытм, а з мяне — усе астаткі маёй думкі.

— Я сёння ўначы таксама ўвязаўся ў гэтую справу, — сказаў разьбяр. — І шкадую аб гэтым.

— Нашто шкадаваць? Пакрычалі, папалохалі. Але няўжо ты верыш у яго?

— Я? Кім ты мяне лічыш? Я так і сказаў: «Шкада, людзі…»

— Правільна, — адарваўся ад рукапісу Бекеш. — Бог ёсць?

— Ёсць, — адказаў Крыштофіч, а Кляонік моўчкі схіліў галаву.

— Бог — ён ёсць, — сказаў Бекеш. — Але хто сказаў, што яго можна памацаць, схапіць, звязаць, пацягнуць у турму?

— Хрыста ж схапілі, — сказаў разьбяр.

— А я не думаю, што Хрыстос быў Бог, — усміхнуўся Кашпар. — Па-мойму, гэта быў вялікі прарок, большы за ўсіх біблейскіх. Таму яго і абагавілі. А можа, і не прарок, а так, прыхадзень аднекуль з зямлі справядлівасці, што ляжыць за цёплым морам і пра якую мы, бедныя, нічога не ведаем.

— Н-ну, — недаверліва сказаў Крыштофіч. — Чаму ж не сказаўся?

— А што б ён растлумачыў цёмнаму таму люду? Слова «справядлівасць»? Слова «роўнасць»? Слова «гуманізм»? Слова «праўда»? Слова «пазнанне»?… Але заўваж, ён нідзе сам не называў сябе сынам Божым, не хацеў хлусіць, хаця і не забараняў вучням «здагадвацца» аб гэтым, бо так яны лепей разумелі і так было ім лягчэй. І потым, чаму ён на крыжы крычаў: «Божа мой, чаму ты мяне пакінуў?» Ён жа сам непадзельная частка Бога. А калі дагмат аб траічнасці няверны, калі ён — частка Бога, як сын — частка бацькі, то чаму ён не клікаў бацьку, а нібыта чужога чалавека?

Брат Альбін пацягнуў носам:

— Слухай, Кашпар, сын мой, табе не здаецца, што тут пачынае смярдзець?

— Чым?

— Блізкім вогнішчам, сын мой.

— Сюды яны не дастануць. Тут іхняй улады — макавае зерне.

— А праз некаторы час будзе ўся ўлада. Мы занадта слабыя, каб даць па іхніх лапах. Доказ гэтаму — той шабаш за акном… Страшная рэч!

— Што ты думаеш аб ім? — спытаў Кляонік.

— Прахвост і самазванец, — абыякава сказаў Альбін.

— І я гэта ведаў. Ды толькі думаў, што мы ягоным імем тут пачысцім трохі. А выяўляецца, яны і імя прыбралі сабе, ды нас жа і ў дурні. Цяпер вылюдства гэтае, ізуверства адсюль і за сотню год не вымецеш. Чуеце?

Яны ўсталі і падышлі да акна. Унізе, на плошчы, дробна варушыліся галовы, раз-пораз выбухаў крык, раўлі званы. Проста перад сябрамі быў замкавы мур, і гэта да яго цягнуў рукі натоўп.

— Божа! Блаславёны будзь! Бацька ты наш!

Бекеш паціснуў плячыма:

— Вы іхнія морды бачылі? Гэта ж нешта неймавернае. У завулку ўначы спалохаешся. І вось нібы слепакі… Нічога не бачаць… А ясна, што прарокі з такімі не бываюць, тыя, што дасылаюцца часам на гэтую няшчасную цвердзь… Каб хаця зернейка нейкай думкі пакінуць.

— Ну, я з імі крычаць не буду, — сказаў брат Альбін. — Гэтая вера ў звышнатуральнае — гэта дурасць і невуцтва несамавітае. А гэты чалавек — ясна, што шалбер, махляр, круцель і ашуканец. І прыдумала яго тое прагнае быдла… А я ў іхнія пастулаты і догмы не веру… Не хаці ты ракаў, не мачы ты… портак.

Людзі пад імі плылі і плылі да недалёкай царквы. І паўсюль на іхняй дарозе стаялі манахі, са звонам патрэсваючы блюдамі.

Кляонік раптам заўважыў, што Бекешавы вочы нібы блішчаць.

— Беднае ты… Няшчаснае ты быдла, народ мой, — сказаў Кашпар. — За якія такія грахі?!


У вежным пакоі варты (дзверы з яго выходзілі на забрала замкавых муроў) ішла між тым вялізная, сапраўды «апостальская» п'янка. Большасць былых валацуг было ўжо «еле можаху». Адносна цверазейшыя былі тры чалавекі: Раввуні, Братчык і яшчэ Грынь Балвановіч, які так і прыляпіўся да новай кампаніі. Вісеў на плячы ў Хрыста:

— А братачка мой! А падумаць толькі, якога слаўнага чалавека ледзь не спалілі! А Божа ты мой найсалодшы!.. Ну, дай жа ты бусю старому грэшнаму пастыру.

Братчык крывіў рот.


— Не глядзі ты на гэтае свінства, — расчулена сказаў Кашпару Кляонік. — Зірні, дзевак колькі… Гожыя…

— Тая? І сапраўды.

Непадалёку ад іх, ледзь не каля самых муроў, стаяла дзяўчына год семнаццаці. Блакітны са срэбрам «караблік» маладзіковымі рожкамі тырчаў над галавою, а з-пад яго падала да самых каленяў таўсценная залацістая каса.

Пухлы раток прыадкрыты, у чорных з сінявою вачах цікаўнасць, чаканне і захапленне: уся нібы цягнецца да забрала, на якім зараз нікога няма. Чакае. І ледзь з'явіцца на забрале вартавы — уздрыгваюць даўжэзныя вейкі. Відаць, што звычайна шкура на ёй гарыць, але цяпер нібы з'яўлення цудатворнай іконы чакае. На шчоках празрысты, лёгкі, з глыбіні недзе, румянец: высокія грудзі (хоць ты на іх поўную чашу стаў) абцягвае сіняя казнатка[87].

Яшчэ не зусім увайшла ў цвет, але ясна, што абяцае.

— Ах, д'ябал, — сказаў Бекеш. — Хто такая?

— Мечніка Палянкі дачка. Нічога, заможныя, статэчныя гараджане.

— Ды што мне ў гэтым. Імя як?

— Анея. Сяброўка Фаўстыны маёй.

— Ах, якая, — Бекеш нібыта забыў пра ўсё. — Ах, Божа мой, прыгажосць невыказная.

— А як бы я маладзейшы быў, то і я… — сказаў Крыштофіч.

— Дык давай, дзядзька.

— Не, брат, не тыя ўжо ў каня зубы. Тут, брат, жаніся. А яна мяне макам напоіць ды з-пад бока — на пасядушкі да хлопцаў. Я, пры маіх гадах, усё больш унь да такіх…

— А што, — сказаў Кляонік. — А і нішто.

Да брамы ў гэты момант прадзіраліся праз натоўп два чалавекі. Жанчына на муле, укрытым сеццю з залатых ніцяў, і за ёю, на вараным жарабцы, кардынал Лотр.

— Смертаносная прыгажосць, — сказаў Кляонік. — Я з яе Магдаліну рэзаў бы.

— Марына Крывіц, — кінуў Бекеш. — Людзі кажуць: самадайка. А мне здаецца, не можа быць хлуслівай гэткая прыгажосць. Можа, і дрэнь баба, але жыццё ж якое?! І ўсё адно не веру, што дрэнь.

— Ты, бацька Альбін, не занадта зіркай, — сказаў разьбяр. — Лотр за грэх з ёю на браме павесіць. І потым — гэта ж смяротны грэх, ты ж манах, хаця і кепскі.

— Няма, браток, у прыгажосці смяротнага грэху. Дый увогуле, што такое плоцкі грэх?

Ён махнуў рукою:

— Няма ў жаночых абдымках нічога грахоўнага. Глядзець не грэх — і ў чалавека ёсць вочы… Цалаваць не грэх…

Маладыя зарагаталі.

— Чаго рагочаце? Праўда. Каб Бог прадугледжваў манахаў — ён бы прадугледзеў дзеля гэтай мэты і людзей з пэўнай вадай. А раз гэтага няма, то, значыцца, лухта гэта ўсё.


Братчыку абрыдлі п'яныя пацалункі Грыня, ён адвязаўся ад яго, кінуў кампанію і пачаў спускацца з гульбішча, мяркуючы схавацца недзе ў царкоўным бабінцы і падумаць. Ён чуў крык натоўпу за мурамі, захоплены галас, бачыў праз байніцы, як плыве ў храм людская рака, чуў звон грошай на блюдах.

Але нават у бабінцы, калі ён спусціўся туды, яго не чакаў спакой. У бабінцы кіпела дзікая бойка. Ён спыніўся, уражаны.

Ля муроў стаялі скрыні з грашыма. Па вузкіх жолабах плылі і плылі струменьчыкі золата, срэбра, мужыцкай медзі, падалі ў місы і карцы (відаць, грошы ссыпалі з блюдаў там, за мурам, проста як хлеб у засекі).

Ніхто зараз не зважаў на тыя грошы. Між скрынямі, топчучы манеты, звіваліся захеканыя людзі ў белых францысканскіх, бурых дамініканскіх і іншых расах. Гваздзілі адзін аднаго вяроўкамі, што звычайна апаясвалі чрэслы, білі ў сківіцы, па галаве, пад дых.

— Мы гадзіну толькі стаялі!

— Дамініканцам места саступай, бабздыр ты!

— Дысідэнт, свалата!

— На табе, на!

Кагосьці выкінулі ў акно, нехта літаральна ўзляцеў над натоўпам і, два разы перакруціўшыся ў паветры, вылецеў праз парэнчы кудысьці ў сутарэнне… Ніколі яшчэ не даводзілася Юрасю бачыць такой бойкі.

Пахла зверам.

Шкаляр паківаў галавою.

— І стварыў Пан Бог чалавека па вобразу свайму, па вобразу Божаму, — сумна сказаў ён. — І ўбачыў Бог, што гэта добра.

Ён махнуў рукою і рушыў на гульбішча. Можа, хаця на вежы можна будзе схавацца ад усяго гэтага.


Лотр выпадкова скочыў з каня побач з Анеяй і толькі тады заўважыў яе. Павільгатнелі вочы. Дзяўчына не заўважыла яго, усё яшчэ пільна глядзела на зубцы, каб хаця не прапусціць. Але пільны позірк чалавека яна ўрэшце адчула… Павярнулася — і тут у вачах нібы плескануўся цень сполаху, змешанага з піетэтам.

— Я зноў не бачыў цябе ў дамініканаў на споведзі, дачка мая, — мякка сказаў ён.

— Я спавядаюся ў сваёй слабадзе, ваша правялебнасць, — апусціла яна вейкі. — Вы занадта добры, калі заўважаеце такую нікчэмную істоту, як я.

— У Бога няма нікчэмных. І калі я нагадваю…

— Вы — вялікі чалавек.

— …Калі я нагадваю, каб спавядалася там…

У дзявочых вачах з'явілася раптам нешта цвёрдае. Варухнуліся вусны.

— Бог паўсюль.

— І ў схізмацкай малельні?

— Што ж, калі ён захоча — ён пойдзе і туды. Ён — там. Ён ужо выходзіў адзін раз. І вы самі сказалі, у Бога няма нікчэмных…

Супраціўленне трохі ўзбуджвала і раздражняла. Ноздры Лотравы задрыжэлі.

— Глядзі, я нагадваю.

«Магдаліна» загадала служку трымацца таго месца, дзе спешыўся кардынал.

— Лягчэй знойдзеш.

Папраўдзе, ёй трэба было прыгледзецца да дзеўкі, з якой так доўга і так падазрона размаўляў патрон. Не сыходзячы з мула, яна глядзела, ацэньвала і адчувала, як варушыцца недзе пад душою раўнівае хваляванне. Пляваць ёй было на абдымкі гэтага чарговага, але з ім было спакойна. І яна, на жаль, вельмі хутка звыкала. І ёй, на жаль, кожны раз здавалася, што вось гэта не… надоўга (яна баялася слоў «стала», «заўсёды» і амаль успамінала, што ёсць слова «давеку»). Кожны, хто даваў ёй на пэўны час трываласць і ўсё, што звязана з гэтым (грошы былі дзесятай справай, хаця гэты і плаціў добра), выклікаў у яе душы прыязь і нават нешта падобнае на жаданне быць з ім.

І вось — гэтая. А можа, яшчэ і нічога? Можа, абыдзецца?


На сходах кардынал сутыкнуўся з Балвановічам. Чырвоны, хістаецца — чорт ведае што. І раптам, калі Лотр запыніў яго, — з-пад п'яных броваў Рыгора Гародзенскага нечакана цвяроза бліснулі мядзведжыя вочкі.

— Рык чуеш? — спытаў Лотр.

— Адверз Пан Бог вушы мае.

— І што?

— Мяркую, сільненькі наш злодзей робіцца.

— Мм… але. Вось табе і лялька. Два гэткія цуды. Вось выйдзі зараз на муры крыкні супраць яго. Што будзе?

— Гэта ты выйдзі. Ты што, апошні аплот усходняга праваслаўя ў Гародні знішчыць хочаш? Гэта ты — пачакай.

Лотр махнуў рукою, пайшоў. І ўжо каля самага забрала ўбачыў, як сядзіць на выступе мура і думае пра нешта Басяцкі.

— Н-ну?

Шэрыя ў прозелень, плоскія вочы праезуіта паказалі ў той бок, адкуль ляцеў шум чалавечай гурмы.

— Т-так… ён дзе?

— Варта даносіць: па забрале ходзіць, з другога боку вежы.

— Сіла?

— Д-ды… с-сіла. Гэта трохі больш, чым тое, на што спадзяваліся.

— І што? — Лотр не жадаў пачынаць размовы першы.

— Ды што… Адно з двух. Або ён круцель, прагны на грошы і славу, а ўлады — па дурасці, а можа, па ляноце — не жадзён. У гэтым выпадку ён нам — як паветра. З ім нам і курыя — глупства.

— А што, гэта, па-мойму, някепска. — Лотр зрабіў нібы крок насустрач мніху-каплану, каб верыў, каб выказваўся далей. — Што б ты сказаў, каб я — папа, а ты — шэры папа?

— Усё ў руцэ Божай.

— Ну, а яшчэ якое «або»?

— Або ён сумленны баязлівец-дурань і ні грошай, ні славы не хоча і не будзе нам памагаць (а такі ён нам не патрэбен).

— І яшчэ ёсць адно «або», — з раптоўнай суровасцю сказаў нунцый. — А што, калі ён і круцель, і срэбралюбец, ды яшчэ і аматар улады… І што, калі ён сілу сваю адчуе дый зразумее, што ён сам усё можа?

— Мяркую, кепска будзе. Нашто мы, нашто царква пры жывым Богу?

— Што ж тады?

— Прыбраць, — аднымі вуснамі сказаў мніх і дадаў, толькі трохі галасней: — Але я думаю, што не з тых. Чалавек, былы раб. Адкуль яму ведаць пра ўладу і жадаць яе… Ідзі, спытай яго. Усё ў руцэ Божай.

— То ж бо. У чыёй руцэ?

Басяцкі ўсміхнуўся кардыналу ў спіну. Бач, устрывожыўся, лупянуў, як ты яго, скажы, за пяты хапаюць. Дарэмна бяжыш. Чалавек — гэта або золата, або слава, а празе да ўлады гэтаму так званаму «Хрысту» яшчэ недзе было вывучыцца.

Лотр знайшоў Юрася там, дзе чакаў знайсці. Братчык хадзіў па забрале, моршчыўся ад крыкаў і мяў адну руку ў другой. І гэты звычайны, вельмі чалавечы жэст супакоіў кардынала.

— Ну што? — спытаў ён. — Тут лепей, чым на кабыле?

— Ану яго, — сказаў Братчык. — Нешта мне тут так, нібы гэта я камар у баршчы. Ва ўсіх на вачах, усе глядзяць… І думкі нейкія дурацкія. Учора голы жабрак. А сёння «дзівы» гэтыя. Горад сыты, горад крычыць. Усе мяне хваляць. І думаеш, як гараджане ўсе: а можа, і сапраўды тут без усялення духа і натхнення Боскага не абышлося.

Лотр засяроджана пакасіўся на яго.

«Пачынаецца, — падумаў ён. — Не паспеў чалавек з гразі вылезці, а ўжо ў багі. Заўсёды, чорт яго пабірай, так».

Твар Юрася казаў толькі, што яму няёмка і кепска. І Лотр зрабіў дыверсію, каб даведацца, як далёка Хрыстос зайшоў думкаю:

— Ну, а скочыў бы адсюль ці не?

— Дудкі. Святога, можа, і вынеслі б анёлы, а я круцель, я шалбер.

Звычайны наіўны твар. Аблічча прайдзісвета, які здабывае хлеб хітрунствам. Лотр прысунуўся да яго.

— Слухай, — голас ягоны асекся. — Слухай, Хрыстос, і забудзь, што ты махляр. Ты вялікі, ты мудры, ты Бог. Да таго часу, пакуль мы ўзносім цябе. Ты нам патрэбен такі. Але і ты нас трымайся. Бачыш — горад ля ног. Вялікі, багаты, прыгожы. А за ім уся Белая Русь, усё каралеўства, уся зямля. Калі будзеш трымацца… нас, калі скажаш, што без… нас плача прастол святога Пятра — азалоцім. Усё дамо табе. Пакланенне… царствы… багацце.

І асекся, убачыўшы на гэтым дзіўным, беспардонным твары агіду.

— Я ж казаў, што не хачу быць святым. Я задаволены быў, што я валацуга… Я сёння бойку бачыў… Лепей адпусціце вы мяне. Не хачу я ў Рым. І табе не раю. У Рым я пайшоў бы толькі, каб убачыць аднаго чалавека.

— Што за чалавек?

— Ён не мае ўлады. Але ён ведае больш за ўсіх на зямлі, хаця дае людзям толькі частку сваіх ведаў. Не разумеюць. Не зразумееш і ты. Ён рана прыйшоў. Ён цяпер, мабыць, стары. Я абавязкова хацеў бы ўбачыць яго. Але ў Рым, у гэты горад нечасціўцаў, я пайшоў бы толькі звычайным валацугам-шкаляром. Калі тут такое, што ж тады ў Рыме?

— Хочаш, я даведаюся аб гэтым чалавеку? — ласкава і прывабліва сказаў Лотр. — Што робіць гэты твой «знаўца»?

Ён зразумеў, што золатам з гэтым бадзягам не зробіш нічога і трэба шукаць іншыя шляхі.

— Адкуль? Дзе? — іранічна спытаў Хрыстос.

— Я не ведаю, але тут ёсць чалавек, які ведае ўсё. Што робіць гэты твой «знаўца»?

— Малюе, займаецца анатоміяй.

— Так я і ведаў, што нейкая брыда накшталт трыбушэння мёртвых.

— Ды гэтага не трэба… Досыць, што «ведае больш за ўсіх».

— Вартавы! — гукнуў Лотр. — Слухай, вартавы. Схадзі ў новы дом на Старым рынку і спытай там аб «чалавеку, які ведае больш за ўсіх і жыве ў Рыме», хаця гэтае «больш за ўсіх» моцна аддае ерассю, таму што больш за ўсіх ведае, вядома, папа, а ён, колькі я магу меркаваць, мерцвякоў не рэжа і няздатны намаляваць нават дулі.

— Каго спытаць?

— Спытай Бекеша.


Вартавы пайшоў. Сябры стаялі трохі нібы аглушаныя. У Крыштофіча лягла ад пераносся на лоб рэзкая зморшчына. Бекеш не верыў сваім вушам:

— Нашто гэтаму махляру спатрэбіўся вялікі майстра?

— Не ведаю, — глыбокім голасам сказаў «пожаг». — Але нешта ва ўсім гэтым ёсць. Пасобнік гэтай навалачы, бадзяга, ведае пра чалавека, што «ведае больш за ўсіх».

— Нешта ёсць, — сказаў Кляонік. — А можа, мы не дарэмна адбівалі яго? Буду глядзець… Буду вельмі пільна прыглядацца да яго.

— Чаму? — спытаў Бекеш.

— Мне цікава.

— Гэтага досыць, — сказаў Бекеш. — Але ён ведаў, што гэты чалавек мог спускацца на дно, але не адкрыў гэтага людзям, бо яны ператварылі б гэта ў зло. Адкуль ён ведаў, што гэты чалавек завяшчаў людзям лётаць, а ў яго ўменні жывапісаць было нешта боскае?

— А можа, мы мелі рацыю, калі гаварылі пра край за морам, дзе людзі ўжо ўмеюць лётаць? — спытаў Крыштофіч.

У гэты момант крык за вокнамі перарос у лямант і ў трубы архангельскія. Здавалася, вось-вось расколецца сама зямля.

На гульбішчы з'явіўся чалавек у хітоне і стаў падымацца на вежу.

— Божа! Божа! Божа! Ратуй нас!

— Адпусці нам грахі нашы!

— Ад кіпцяў д'яблавых, ад пекла ратуй ты!

— Божа! Божа!

Чалавек стаяў на вежы, і сонца гарэла за ягонай спіной. Сляпіла вочы людзям, што цягнулі да яго рукі.

На Кашпаравых вуснах з'явілася саркастычная ўхмылка. Юнак паказаў падбароддзем на вежу.

— Гэты? Адтуль? Ну ўжо не. Хутчэй я сам адтуль. А гэтае кажановае адроддзе, калі і пытала пра майстра, то напэўна, каб паспрабаваць… а можа, і ягоныя механізмы могуць памагчы яму ў круцельствах. Абакрасці, а тады, магчыма, і самога святой службе выдаць.

Крыштофіч пахмурна буркнуў:

— Святая служба ўжо не страшная вялікаму майстру… Вялікі майстра памёр…


Хрыста не трымалі ногі. Ён сеў на каменны прыступак проста перад Лотрам і вартавым.

— Памёр? — разгублена спытаў ён. — І зусім нядаўна?

— Памёр, — паўтарыў вартавы. — Яны кажуць: «Вымушаны быў кінуць радзіму і памёр на зямлі найхрысціяннейшага, святому падобнага, дбайніка аб веры, кроля Францішака французскага».

— Памёр, — нібы сцвердзіў шкаляр. — А як жа я?

— Што як жа вы? — сурова спытаў Лотр.

— Ну вось… адзіны чалавек, дзеля каторага мне трэ было ехаць у Рым. І як цяжка, пэўна, было яму паміраць… Адзін. Такі высокі розумам, што з усімі яму было сумна.

Ён глядзеў нібы праз субяседнікаў, праз горад, праз увесь свет, і вочы ягоныя былі такія адсутныя, такія «д'ябальскія», як падумаў Лотр, такія нечалавеча самотныя, што двум другім стала страшна.

— Куды ты глядзіш? — спытаў Лотр. — Дзе ты? Што бачыш?

Той маўчаў. Толькі праз некалькі хвілін прытомнасць нібы стала вяртацца ў гэтыя вочы разам з ледзяным холадам і ледзяною самотай.

— Нікуды, — саркастычна адказаў ён. — Нідзе. Нічога.

На твар ягоны зноў нібы лягла круцельская злая маска:

— А нічога… Заставацца… Хіба я не такі, як усе, каб чакаць яшчэ і лепшага? Каб спадзявацца? Такі… І нічога не патрэбна было… І куды я цягнуўся, шукаючы ісціну?… І чаму патрэбная яна была?

— Ён беснаваты, — шапянуў вартавы.

— Маеш рацыю, — ціха сказаў Лотр.

Шкаляр пачуў:

— Не, я не беснаваты. Я такі, як усе. І так буду жыць. Патроху цягнуць час. І памру, як ён, не дачакаўшыся. З цяжарам непатрэбных ведаў, па неабходнасці навучаны хлусні. Інтрыгам. Воўк сярод ваўкоў.

— Пане Божа, — схіліўся Лотр, — плюньце вы на гэтыя думкі. Народ ужо ледзь не цэлую варту гарлае і кліча. Пакажыцеся яму. Ён прагне вас бачыць.

Шкалярова аблічча раптам стала адчайна-злым і нібы нават вясёлым.

— А чаго? Хадземце, ваша правялебнасць. Будзем ламаць кумедзь.

— Што вы? Якую кумедзь?

— Ну, звычайную. Зямную. Чаму не ламаць?

Вартавы адышоў, і тады Братчык зашаптаў з вясёлай злосцю:

— Чаму не махлярыць? Чаму не закахацца? Чаму не пусціцца ў распусту, махлярствы? Чаму не скінуць рымскага папу? Усе папы на сваім месцы, а лепшых не відаць.

Лотр усміхнуўся:

— Вы паразумнелі.

— Я даўно разумны. Я — сын бацькоў са знішчанага пачынка, я — шкаляр… Бадзяга… Камедыянт… Правадыр хеўры. Іншага імя ў мяне няма… Ерэтык у катоўні… Хрыстос… Бліскучае ўзыходжанне. Лепей, чым агароднік… Ва ўсякім разе, варта паспрабаваць. Я ж магу ўсё. Нават злачынствы рабіць.

Кардынал з павагаю схіліўся перад ім:

— Ідзіце пакуль адны, пане наш… Я хутка таксама падымуся.

Братчык рушыў на вежу. Кардынал праводзіў яго вачыма і пайшоў шукаць Басяцкага.


Ён стаяў на вежы даволі доўгі ўжо час. І ўвесь гэты час народ крычаў і цягнуў рукі:

— Бо-жа! Бо-жа! Бо-жа!

«Што «Божа»? Ну добра, я ўсё мог бы зрабіць з вамі, я, самазванец і махляр, бадзяга і злодзей. А на што я мог бы паклікаць цябе? Рэзаць іншаверных або іншамысных?… Нічога не скажаш, годная роля. Самазванцу пашанцавала. Нікому яшчэ не шанцавала так. Прынамсі, вельмі цікава. І каб задаволіць тую цікавасць, трэба цягнуць да канца. Што яшчэ застаецца? І, вядома, чыніць зло. Жывы Бог злой грамады не можа не рабіць зла».

Ён працягнуў народу рукі. Проста, каб паглядзець, а што будзе. Якраз у гэты момант над пляцоўкамі з'явілася Лотрава галава, а потым і ўвесь ён.

«Малайчына, — падумаў кардынал. — Хутка звыкае».

І стаў на верхнюю прыступку забрала, побач з Хрыстом.

Народ, убачыўшы рукі, працягнутыя да яго, узвыў. Крык стаў утрапёны. У ім нельга было нават разабраць асобных выгукаў.

Улешчаны выбухам энтузіязму, Лотр, хаця і пагарджаў гэтым быдлам, стаў з мілай усмешкай бласлаўляць натоўп.

— Вось, — шапянуў Юрась, нібы яго маглі пачуць. — Чаму ж не выбраць там любую жанчыну і не прымусіць узняцца сюды? Плакалі б ад захаплення… Чаму б не прымусіць іх скакаць у роў?

Тон ягоны, прызнацца, быў даволі брыдкі, але Лотра задавольваў. І раптам кардынал са здзіўленнем убачыў, як змяніўся твар Хрыста, як здрыгануліся бровы: той заўважыў кагосьці ў натоўпе.

У натоўпе выдзялялася постаць жанчыны на муле. Шкаляр міжвольна кінуў позірк туды і раптам убачыў, амаль ля самай галавы мула, блакітны са срэбрам караблік на дзявочай галаве, касу, чорныя з сінявою вочы, якія глядзелі на яго, Братчыка, з непрытоеным, амаль малітоўным захапленнем, чаканнем, радасцю і надзеяй.

«Божа мой, якая святасць! — падумаў Юрась. — А я…»

— Ты што? — спытаў Лотр. — Сапраўды хочаш прымусіць кагосьці ўзняцца сюды? То пакліч пальцам, і ўсё.

— Змоўч, — праз зубы сказаў шкаляр. — Хто гэта там? Унь там?

Позірк Лотраў упаў на Магдаліну вярхом на муле. І кардынал узрадаваўся. Не таму, што жанчына паспела абрыднуць яму, зусім не, а таму, што ён намацаў урэшце ў гэтага чалавека слабае месца, ніць, за якую яго можна весці куды хочаш.

«Што ж, давядзецца аддаць, — думаў ён. — Шкада, а давядзецца. Дзеля такога чалавека, дзеля галоўнага козыра ў вялікай гульні. За меншыя козыры ў куды меншых справах аддавалі не толькі жанчын, а і сяброў. А тут і сам Бог дазваляе… Глядзі, любенькі, глядзі. Лопай, лопай, раўняй рыла з мяккім месцам».

Уголас ён сказаў назнарок абыякавым голасам:

— Тая? Ды што… Магдаліна… Лілея далін. Не працуе і не прадзе. А і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся, як яна. Хочаш? Вазьмі яе.

І трохі спалохаўся, убачыўшы выскал Хрыстовых зубоў:

— Э-э, кардынал. Не брашы. Па цэламу сабаку ў цябе з рота скача. На гэткую чысціню брэшаш.

Народ, убачыўшы, што Бог нешта гаворыць, закрычаў утрапёна.

— Чуеш? — сказаў Лотр, паказваючы на яго. — Вось трыумф царквы. Жыццё мы табе далі. Жанчыну тую дамо. Служы.

Крык пачаў сціхаць: людзі хацелі паслухаць, пра што гэта гавораць на вежы. А раптам да іх.

І раптам у гэтай адноснай цішыні загрымелі выгукі, якіх раней нельга было пачуць:

— Гэй, Лотр! Ты што гэта побач з Хрыстом стаў, хамула?!

— Месца ведай, чакуша!

— Апусціся прыступак на пяць! Мышэй успомні! Хлеб!

— А то мы цябе падвесім, кот шкадлівы.

— М-мяў!!! В-ваа-ў! Ва-а-а!

Пачынаўся кашачы канцэрт, дзікі, шматгалосы, прарэзлівы. Лотр збялеў і спусціўся ніжэй. Зусім трохі.

— Гожая, — сказаў Юрась.

Ён так упарта глядзеў на праяву, якая цягнула да яго рукі, што не заўважыў, як балюча ўдарыў па Лотравым гонары народ.

Прыніжаны і крыху напалоханы, адразу ацверазелы, Лотр зразумеў: усё было памылкаю, гэты чалавек адчуў сілу. Ён згодзен зараз нават на паганыя ўчынкі, бо нешта зламалася ў ягонай душы. І ён, калі нават і будзе працаваць, то для ўласнага поспеху, а не для іхняга.

Зразумеўшы, якую пачвару ён нарадзіў і выпусціў на святло, Лотр схаладнеў. І тут яго чакаў яшчэ адзін удар. Машынальна ён зірнуў у той бок, куды глядзеў Хрыстос, і ўбачыў, што пад гульбішчам стаіць адна Анея.

Магдаліны і служкі з канём не было.

І тады, разумеючы, што куды ўжо яму строіць высокія планы, што ўсё сарвалася, што цяпер абы зберагчы тое месца, якое ў яго ёсць, застацца на ім і яшчэ перашкодзіць гэтаму шалберу заняць месца ў сэрцы дзяўчыны, якую ён, Лотр, за апошнія дні так шалёна і ўсё мацней жадаў, Лотр пачаў утрапёна думаць.

Ён, Лотр, хацеў гэтую дзеўку. Ён сам да гэтай хвіліны не думаў, што так яе хоча. І, значыцца, яна павінна належаць яму. Яму і нікому іншаму, пакуль ён гэтага хоча. Заўтра ж ён паспрабуе дабіцца гэтага. Заўтра ж ён абкружыць гэтага махляра сотняй вачэй. Заўтра ж ён абгаворыць усё з дамініканцам, паспрабуе выдаліць гэтага чалавека з горада. Хай ходзіць, хай махлюе, як і раней, каб у горадзе быў спакой, каб гэты шкаляр быў далей ад мечнікавай дачкі, упартасць якой так распальвае яго, каб па-ранейшаму ён, кардынал Лотр, стаяў на кафізме[88] вышэй за ўсіх. У патаемным сваім гневе ён вытрымаў, сказаў з пазяхотай:

— Час табе, Божа, узносіцца. Грошай дамо. Дзеўку гожую дамо. Тую — Лілею.

І асекся — так раптам гыркнуў на яго Хрыстос.

— Сам вазьму. Бач, ашчаслівілі. Сам знайду сваю дзеву Марыю… І ідзі ты са сваім узнясеннем!..


Бекеш у пакоі зачыніў акно. Шум нібы адрэзала.

— Махляры. Сыны сіманіі[89]. Адроддзе пекла. Глядзеў — і ўспаміналася: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені…» Гандляры праўдай… Толькі б хутчэй разнеслі тут усё ўшчэнт… Гандляры Богам… Сука! Вялікая блудніца.

І ён сціснуў кулакі.

Загрузка...