Упала ў крыніцы вод зорка. Імя той зорцы — Палын. І вымерла трэцяя частка ўсіх людзей, бо воды зрабіліся горкія.
За дабрыню, за спачуванне нам
Пан Бог уздасць вам шчодраю рукой.
Вось мы вісім бясконцай чарадой.
Над намі крумкачоў рагоча зграя,
П'е гной з вачэй. І вы ў наш страшны час
Не смейцеся над намі, умаляем!
Маліце ў Бога літасці для нас!
У тую ноч забілі не ўсіх. Усіх схопленых забівалі пасля, паступова, на грунце цвёрдай законнасці, але з належнай няўхільнасцю і жорсткай дабрынёй. Бо лепей адсячы гангрэнозны член, чым дазволіць памерці хвораму.
Удзень і ўначы раўлі ў сутарэннях мяхі і ляскалі клешчы. Грамадзян, да якіх прыкінуўся антонаў агонь вальналюбства і чыстай веры, пасля допыту выводзілі і каралі смерцю на Зітхальным арбе, скрыжаваннях вуліц або на Лідскай дарозе. На смерць кожнага акуратна складалася паперка. Акт.
Мяшчане і мужыкі ў катавальнях асуджана маўчалі. Жыццё страціла дзеля іх цану ў самы той момант, калі яны страцілі абшар, да якога звыклі, смалісты водар пушчы і аполле, што залоціцца жытам і ячменем.
Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу. Катавалі па адным, але прысуды выносілі пачкамі, не дужа разбіраючыся, што там да чаго. Вязні маўчалі, і агавораў не было, затое лютавалі, падаючы хлуслівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лавіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа — ад улюбёнай жонкі, хлопца — ад каханай. Уся Гародня не спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлуслівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну.
Не спалі і арыштаваныя ў сутарэннях пад усходнім нефам замка. У гэтых усё было пэўнае, і яны маглі б спаць, але над імі ўсю ноч гарлала песні п'яная варта: зрывала на палонных свой нядаўні, смяротны перапуд. Часам яны адчынялі дзверы ў сутарэнні, дзе пасля катаванняў ляжалі, не ў змозе варухнуцца, ломаныя людзі, і рабілі канцэрт дзеля іх, раўлі нешта накшталт «Песні аб хаме»:
Што супраць дзідаў — косы у хама?
Вось вам Эдэм, што хацелі здабыць:
Вісельня, як Эдэмская брама.
З радасці ў небе скачыце нагамі.
Мы ўладары яшчэ ад Адама,
Вы — ад Адама яшчэ рабы.
Многія — хто ляжалі далей у цемры — патаемна плакалі. Не таму, што павінны былі памерці, а ад прыніжэння.
І таму ўсе маўчалі, нават паміраючы на дыбе. Такая вялікая была іхняя заядлая мужнасць, што жахаліся нават людзі святой службы.
Басяцкі зразумеў, што галоўнае зараз — дабіцца адрачэння ад Хрыста. Хай пад катаваннем успомніць аб сапраўднай ісціннай догме, тады астатнія запраста хрумснуць у хрыбце. А гэта азначае — Братчыка трэба катаваць вынаходлівей, страшней і даўжэй за ўсіх.
Доўга спрачаліся, хто павінен судзіць. І вырашылі, што хаця падсудны і міранін, але, паколькі злачынства датычыцца царквы, судзіць будуць старшыні духоўнага суда.
Басяцкі падказаў і тое, як зняць з царквы большую частку яе віны за пакаранне смерцю. У Францыі ў падобных выпадках царква аддае злачынца ў рукі прэво. Братчыка пасля асуджэння таксама трэба было аддаць для выканання прысуду ў рукі гарадской рады, у рукі бурмістра Юстына. Хай пэцкаецца ён.
Калі ён келейна вырашыў гэта пытанне з Лотрам, той аж пашкадаваў, што член ордэна, якому даручана справа веры, з такім лёгкім сэрцам збіраецца кінуць той ордэн. Іранізаваў:
— Ну, які ты будзеш лыцар Езуса? Невядома яшчэ які. А тут жа ты на сваім месцы. І не ўзлюбяць жа цябе твае цяперашнія браты. Здраднік, скажуць. Убачыў, што пяршынства цяпер не наша, дый перакінуўся.
— Напляваць. Я жыву дзеля будучыні. — І раптам Лотр убачыў, як пазмрачнелі заўсёды спакойныя і нават зычлівыя вочы Басяцкага: быў у іх цяпер нейкі асуджаны, абыякавы холад, нібы чалавек уваскрэс з магілы. — Жыву… А ўрэшце, ці жыву? Нешта гаворыць мне, што магу памерці. І ці трэба нешта рабіць, калі тут зрабілася такое? Гэты лжэ-Хрыстос — папярэджанне. Не можа быць будучыні, калі па гэтым свеце швэндаецца такая навалач, як Братчык.
— Ну-ну, — не на жарт перапалоханы, сказаў Лотр, — супакойся.
— Я спакойны.
І, аднак, ён не быў спакойны. Нешта здарылася з душамі людзей. Ніколі ён не бачыў такой непахіснай закаранеласці. Мечнік Гіаў Турай, дваццаць гадзін віснучы на прэнгу, безупынна не чытаў, а хутчэй выкрыкваў — ад нясцерпнага болю — спакуслівыя месцы з пісання (дорага дала б святая служба і ўвогуле царква, каб іх там не было), цэлыя кавалкі з пасланняў шчырых айцоў царквы (лепей бы і гэтых пасланняў не было, бо яны выкрывалі расафорных), а таксама з відавочна ерэтычных кніг. Начытаны быў у справах веры ды ерасі.
Варта было заплюшчыць вочы, і вось: сутарэнне, прэнг, на ім вісіць нагі, непатуральна выцягнуты — наскі ног павернутыя адзін да аднаго, — да сіняга чорны чалавек і ў мільгаценні агню выкрыквае страшнае пасланне кельнскага арцыбіскупа Гацье да папы Мікалая, лямантар ерасі для многіх людзей — ад Саламанкі і аж да мяжы княства Беларуска-Літоўскага. Ерасі, нягледзячы на тое, што Гацье шчыра і дагматычна верыў.
…Агонь. Чалавек, які вісіць дзесяць гадзін. Крык.
— Судзіш? Якім правам?! Правам большасці, правам рады?! Рада твая складаецца з гэткіх самых прадажных, разбэшчаных людзей, як і ты сам… Тыран баязлівы, носіш імя раба рабоў і ўжываеш здраду, даносы, скарыстоўваеш золата і сталь, каб быць панам паноў… Як ты назавеш клір, які курыць фіміям тваёй магутнасці, апявае тваю ўладу? Як ты назавеш гэтых меднагаловых… гэтых адроддзяў пекла, у якіх сэрцы з металу, а чрэслы з гразі Садома і Гаморы? Гэтыя служкі створаны, каб поўзаць перад табою. Імя табе — Сатана.
Выкрыкваў… Выкрыкваў… Крыкі гэтыя ўначы стаялі ў вушах.
…Перад тым, як караць смерцю людзей — каралі званы. Замянілі іншым звон на дамініканскай званіцы, прыцягнулі яго на Стары рынак, дзе ляжаў ужо зрынуты гарадскі звон, і распаленымі шчыпцамі выдралі абодвум языкі, каб не крычалі аб трывозе. Не набат трэба біць, калі ў горад, хай сабе і пад покрывам цемры, уваходзіць законны гаспадар, святая вера.
Вялікую Зафею языка не пазбавілі, але хвасталі запэцканымі ў гной бізунамі. Людзі, гледзячы на гэта, сціскалі кулакі ад прыніжэння.
Маўчалі званы. Да словаў Рабле «горад без званоў… карова без балабона» варта было б дадаць: «Ваўкі вакол, і не прыйдзе гаспадар».
Людзі штохвілінна чакалі арышту. Насельніцтва горада паменшала напалову. Хто быў забіты, хто чакаў смерці ў сутарэннях, хто сядзеў у каменяломнях або ўцёк. Некаторыя шукалі права прытулку ў храмах. І тыя, што скочылі ў касцёлы, атрымалі яго, права паміраць з голаду і смагі. А тых, што схаваліся ў праваслаўных цэрквах, выдалі, і ўсіх чыста, разам з тымі, якія сядзелі ў сутарэннях, распялі паўздоўж дарог і павесілі за рэбры. Ад аднаго распяцця да другога. Драўляных блыталі з жывымі.
Гіаў Турай, калісьці амаль фанатык, вісеў павешаны за рабрыну, пляваў на імя Бога і, б'ючыся ў перадсмяротных пакутах, крычаў:
— Зямля мая! Няшчасная! Колькі вякоў! Колькі вякоў табе цярпець! Колькі вякоў можна цярпець!
Так ён крычаў, пакуль не памёр. Усе памерлі.
І здарылася так, як калісьці ў Рыме, у пантыфікат Бенядзікта Восьмага. Некалькі дзён землятрус калаціў Рым, і тады вырашылі, што ў гэтым вінаватыя рымскія яўрэі і нешматлікія мусульмане з праваслаўнымі. Іх усіх знішчылі, і летапісец запісаў:
«Пасля пакарання іх смерцю вецер сціхнуў і зямля не зазнавала больш жахлівых хістанняў, якія раней трэслі Святы горад».
Можа, і так. Гісторыкі не памыляюцца. А можа, зямля проста стамілася калаціцца. Нельга ўвесь час калаціцца. Колькі можна!
Ва ўсякім разе, пасля ўсяго, што адбылося, зямля Гародні таксама перастала дрыжэць і выдаваць падземныя штуршкі. Эшафоты дапамагалі і ў адным і ў другім выпадках. Горад быў уціхаміраны. Горад маўчаў. Прыйшла чарга Хрыста.