Раздзел XXV. Бог наш — агонь, які паядае

Не давайце святыні псам.

Мацей, гл. 7, ст. 6

Апошняга з пяцёх даўно прывязалі да слупа. Камісарый даўно ўжо кінуў змрочныя словы водпусту:

— І nunс, anima anceps, et sit tibi Deus misericors[100].

Палалі, цягнуліся да неба, ірваліся ў яго пяць агнёў.

Чацвёра на вогнішчах маўчалі. Сівы мужчына глядзеў на сонца, якое набліжалася да далягляду. Цяпер ён не баяўся аслепнуць. Гэтае сонца знікне, а другога ён не ўбачыць. Хаця б памерці раней, каб яшчэ не знік цёплы бог.

Пан Коцкі дрыжэў усім целам і не мог стрымаць сваёй пакуты: агонь ужо лізаў ягоныя ногі, хаваў яго вышэй каленяў. Буйныя, як боб, слёзы каціліся з галодных, жаласных вачэй. Баба звівалася ў агні, як дазвалялі ланцугі, але маўчала, і струменьчыкі крыві сплывалі з закушанай губы.

Мужчына-забойца абвіснуў. Можа, не трымалі ногі, а можа, хацеў хутчэй задыхнуцца, каб скончыліся пакуты. Але галава была ўзнята незалежна. Ён глядзеў у вочы суддзям, як дантаўскі Фарыната, з пагардай да самога агню.

Толькі гаспадар, нібы не верачы сабе, вадзіў вачыма ў розныя бакі. Нават сюды, у тое месца, дзе стаялі апосталы, часам нясцерпна наносіла агнявой спякотай. Што ж было тым?

Клубілася, круціла, раўло. Нібы ў залаціста-крывавых варонках стаялі пяць чалавек. Агністыя зыркія птушкі часам адрываліся ад свайго гнязда і ляцелі ў ружовы прысмерак.

Хрыстос адчуваў, што часам, калі павароціць ветрам полымя ў ягоны бок, у яго патрэскваюць валасы. І ўсё ж ён не адступаў.

«Божа! Божа мой! Ратуй маленькіх. Ратуй прыгнечаных, ратуй нават бадзяг і махляроў, бо аднялі ў іх вартае жалю жытло і могуць адабраць нават дарагое адным ім жыццё, калі не паклапоцяцца яны аб ім самі. Божа, дык кінь ты ў іх перуном! Ды біце ж іх, людзі, плюйце на іх, пінайце нагамі! Куды ж гэта я трапіў, і ці варта нават распінацца за такіх малпаў?!»

Ён адчуваў, што вар'яцее, што змешвае сябе і іх і тысячы іншых.

У гэты час нешта прыглушана бухнула. Нясцерпна запахла смаленым і гноем. Схаваны агнём ледзь не да шыі, забойца азваўся страшэнным крыкам. Пасля ён сціснуў зубы і, амаль крычучы, стаў мерна чытаць нешта, падобнае на малітву:

— Адроддзе пекла… Сыны Веліяла… Нашчадкі д'ябла і сукі з манастыра… Ісцінна кажу: сярод звяроў драпежных на першым месцы — поп, на другім — начальнік і толькі на трэцім — тыгр.

Галава ягоная ўпала. Жанчына ўжо абвісла, відаць, учадзеўшы. Сівы маўчаў.

На твар Хрыста лепей было не глядзець. Па твары Фамы відаць было, што ён зусім адурэў. Вочы заплюшчаныя, кулакі сціснутыя. Пасля ён з надзеяй расплюшчыў вочы — слупы былі на месцы.

І тут раптам залямантаваў гаспадар:

— Дык я ж з руплівасці! Я ж з дбайнасці! Няўжо і мне адплата?!

— І табе, — няголасна сказаў Хрыстос. — Не агаворваў бы, каб верыў чыста.

Гаспадар нібы толькі тут заўважыў яго і ўспомніў аб абяцанні:

— Хрыстос! Ратуй мяне! Р-ратуй мяне, Хрыстос!

— Ісцінна кажу табе, сёння ж уздадуць табе па жаданнях тваіх, — ціха паўтарыў шкаляр.

— Я ж ча-ла-ве-ек!

Раввуні не мог больш цярпець гэтага. Ён паглядзеў на Юрася і жахнуўся: вочы ў шкаляра былі бязлітасныя.

— Успомніў, — сказаў Хрыстос. — Свіння бачыць зоры толькі, калі ёй пнуць у рыла.

Падбег сабака, радасна паглядзеў на вогнішча, панюхаў, заматляў хвастом.

— Хрыстос, — натужна сказаў Фама. — Я зараз не вытрываю. Я збыдлеў. Зараз забрашу, на ўсе чатыры стану і…

— К-куд-ды? — схапіў яго Братчык. — Табе нельга. Ты… чалавек.

Фама відавочна вар'яцеў. Вар'яцеў і апошні жывы на вогнішчы, шляхціц. І раптам ён, відаць, знайшоў дзеля сябе нейкі выхад, пакуль не згасне прытомнасць:

— Божа, калі ты ёсць! Намучыў ужо, до! Аддаю табе душу маю!.. У раі, то ў раі. А ў пекле, то ў пекле — на ўсё твая воля. Толькі змясці ты нас разам, каб не клялі мы цябе… Адзіных, што дзеля мяне… А я дзеля іх… Сябра майго… Дачку… Мяне… Курачку-бялютку. Няпраўда гэта, што душа ў яе маленькая і небессмяротная… Яна дзеля… больш, чым многія… Курачку не забудзь!

У наступны момант пан Коцкі перастаў быць.

…Раўло, круціла, несла. Агонь разгараўся ўсё зырчэй, і страшна было думаць — чаму? Страшна і няварта. А ад сталоў манатонна бубніў і бубніў голас:

— Святога апостала нашага Паўлы да яўрэяў пасланне…Хрыстос адчуваў, што ён памірае. Знікла сонца.

— Яны загінуць, а ты застанешся; і ўсе абвятшаюць, як рыза…

Знікла сонца.

— Бо як сам ён выцерпеў… так можа дапамагчы і тым, каго спакушаюць…

Цемра стаяла ў вачах.

— Таму што Бог наш ёсць агонь, які паядае.

Ірваўся, ірваўся ў неба агонь.

Загрузка...