Раздзел LVІ. «Да жывёлаў і гадаў…»

Не капай другому ямы — сам увалішся ў ню.

Скарына

Мы пацалуем папу ў зад, таму што зад у папы, вядома, ёсць. Пра гэта сказана ў нашых дэкрэталіях. Калі ж ёсць папа — значыцца, у яго ёсць і зад. Калі б у свеце перасталі існаваць зады, значыць, не стала б і папы.

Рабле

Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.

Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля «ночы крыжоў» і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.

Вось і гэты — па ўсім відаць — хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі. Меч пры боку, а сумлення ў душы чорт ма.

Каб гэтыя самыя людзі мелі магчымасць сачыць за дзіўным чалавекам па працягу цэлага дня, яны б здзівіліся яшчэ больш. Чалавек снедаў у якой-небудзь кепскай карчомцы, а пасля ішоў у нейкі касцёл (цэркваў пазбягаў), хрысціўся пад плашчом (справа налева), а пасля клаўся на падлозе крыжам і ляжаў так гадзінамі. Вочы ягоныя былі заплюшчаны, дыханне глыбокае. Страшэнна, відаць, перажываў чалавек нейкія свае грахі. І падумаць толькі, што нечы забойца, а такі набожны!

Дзе ён начаваў, ніхто не ведаў і не бачыў. Цалкам магчыма, што нідзе, бо ўначы рэдкія прахожыя часам таксама бачылі яго на вуліцах.

Людзі здзівіліся б яшчэ больш, каб даведаліся, што гэтага чалавека ўжо колькі дзён беспаспяхова шукаюць па ўсім наваколлі сокі і служкі доказнай інквізіцыі. Шукаюць, але не могуць нават падумаць, што ён тут, побач, у самым логаве. У чалавека не было страхі над галавою, і таму начамі ён хадзіў, і таму, будучы праваслаўным, хадзіў у касцёлы. У царкве, стоячы на нагах, не дужа разаспішся, а тут лёг крыжам і… Страшэнна зручная вера каталіцызм!

Чалавека звалі Багдан Роскаш, а падчас Хрыстовай эпапеі — Тумаш Няверны, званы Блізнюк.

Ён кружляў па горадзе, сам не ведаючы чаго. Проста тут сядзеў Хрыстос, а Фама быў не з тых людзей, што кідаюць друга ў бядзе.

Тады, аглушаны ўдарам звона, ён амаль суткі праляжаў непрытомны пад кучай забітых латнікаў. Пасля неяк ачомаўся. На галаве ў яго была страшэнная, небывалай велічыні і афарбоўкі гуля, а чэрап гудзеў так, нібы ў ім святочна званілі тры Вялікія Зафеі. Ён убачыў заваленую целамі вуліцу, цвёрда сціснуў тоўстыя вусны. Зняў з забітага кітлік з белым крыжам, цеснаваты, узяў у манаха медны таўкач і засунуў яго за пояс. Падабраў меч і нечы кісцень.

Пасля здагадаўся, што пазнаць яго — дурная, няхітрая справа. Адпілаваў нажом канцы сваіх вусоў, гонару свайго, і спрэс забінтаваў галаву, пакінуўшы глядзець на свет толькі адно вока. Асцярожна абмінуў звон, спусціўся на вуліцу.

І вось некалькі дзён дарэмнага гойсання вакол замка, ратушы і зноў вакол замка. Фама ўтрапёна шукаў хоць маленькай магчымасці ўбачыць, прабрацца, памагчы. Ніводнай шчылінкі, ніводнага выпадку, ніводнай нагоды. Удзень і ўначы, удзень і ўначы. Так ходзіць ваўчыха вакол леснічоўкі, у якой звязаныя ляжаць яе ваўчаняты. Ходзіць, пакуль не наторкнецца на стралу.

Шукаў ён і сяброў, з якімі можна было напасці на замак ці ратушу і, у горшым выпадку, загінуць. Шукаў, не думаючы аб тым, што і сябры не дурні, каб з'яўляцца ў горадзе з адкрытымі тварамі, а значыцца, ён не пазнае іх, як і сябры не пазнаюць яго. Часам ён упадаў у роспач, але ўсё адно хадзіў і шукаў. Хаця б маленькую зачэпку! Шчылінку!.. Бяссілле прыгнятала яго.

…Напярэдадні пакарання смерцю, за некалькі гадзін да размовы Юстына і Хрыста, яму пашанцавала, хаця і не так, як ён хацеў. Знясілены, зайшоў ён да карчмы і ўбачыў манаха-дамініканца. Той сядзеў і выпіваў, а каля ягонага локця ляжаў цыліндрычны скураны каўчэг-пенал, у якім носяць пергаментныя і папяровыя скруткі. Круглы твар манаха льсніўся, вочы былі масленыя. Ужо ўзяў.

Сам не ведаючы чаму, хутчэй за ўсё дзеля пенала (апошнія дні ўсё справаводства Гародні працавала на працэс аб паўстанні мужыцкага Хрыста, і ў пенале магло быць сёе-тое цікавае аб кімсьці з паплечнікаў), Фама сеў непадалёку ад манаха.

— Сябра, — сказаў той, — ну і ўпрыгожылі ж яны цябе, гадаўцы.

— Не кажы. Як далі па галаве — аж я ўсіх пап, пачынаючы ад святога Дамаса і да нашага, да Льва, адначасова ўбачыў.

— Нічога, — суцешыў манах, — за ўсё ім рыгнецца. Убачаць заўтра, як гэтага іхняга антыхрыста, зрэбнага апостала, шарачковага папу прыпякуць.

І ён паляпаў далонню па пенале. Машынальна.

Фама заказаў вялікі гляк гарэлкі і закуску. Пасунуўся бліжэй да дамініканца.

— За папу, — наліў яму Фама.

Выпілі. Закусілі свежага пасолу рыжычкамі.

— Папа наш — ого! — сказаў манах. — Я зрэў папу. Я цалаваў пантофлю папы.

— За пантофлю папы.

Выпілі. Закусілі вэнджанай гусяцінкай.

— Кажу табе — пантофлю я ў яго цалаваў. А і ручкіножкі расцалаваў бы. Таму што — леў.

— За ручкі, за ножкі, за тое, што леў.

Закусілі гарачым — румянымі калдунамі.

— Папа ўсё можа, — сказаў Тумаш. — Давай за тое, што папа ёсць, што ён усё можа.

— Не буду я піць за папу. Не магу.

Фама пахаладзеў. Размова пачынала смярдзець ерассю, а — праз яе — вогнішчам. Сярод гуляк маглі быць віжы. Ён жыва ўявіў, як пад'язджае пад дзверы карчмы «кошык для спаржы» і як яго валакуць туды, узяўшы пад белыя рукі, два здаравені ў аднолькавых плашчах.

— Г-гэта чаму?

— А ты мне наліць забыўся. Г-гы! Што, добра я пажартаваў?

— Тфу! Каб з табою павек так жартавалі… Ну, дык за тое, што папа ўсё можа. — Лёгкі туманец хмелю ад гэтага жарту выветрыўся з Фамовай галавы.

— А і папа не ўсё можа, — занатурыўся манах.

— Як гэта не ўсё?

— А так. Папа, як і царква, літасцівы павінен быць. Асудзіць ён можа. А выканаць прысуд — дудкі. І кардынал так. Для выканання прысуду міранам справу перадаюць.

— Брэшаш!

— Я табе брахну. Вось тут, — манах паляпаў па пенале, — справа антыхрыста. Нясу, каб войт подпіс паставіў. Вогнішча. «Без праліцця».

— А як не паставіць?

— Чаго ж гэта ён не паставіць? Памрэ хіба або з'едзе.

— Г-га. Растлумачыў ты мне. Добра. Дык давай за літасць папы, за тое, што і ён не можа.

Выпілі. Падкусілі падсоленымі ядрамі арэхаў. Манах пачаў нешта расказваць. Гэта было цікавае, змястоўнае, доўгае апавяданне. Шкада толькі, што Фама амаль нічога ў ім не зразумеў.

— Ідувойта справе… Колькожна сядзець?… Важліправа… Справеры… Антыхрыста — судзіць!.. Безпралікрві… Пекла… Галакрык! Д'ячэрці! Чэр'явалы!.. Сядзець — ані, спяшаюся. Павінныць паслухаднымі, вось, бо мы манахі. М-мы, братка!.. Дзяцалую. Пайду.

Ён устаў і, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй. Фама разлічыўся і, стоячы ў дзвярах, глядзеў, як ідзе манах… Так Роскаш даведаўся, які лёс чакае Хрыста.

…Дамініканец прыйшоў да дома Жабы толькі гадзіны праз паўтары, трохі, відаць, працверазіўшыся дарогай, таму што падышоў да брамніка даволі прама і, працягваючы каўчэг-пенал, уладна кінуў з-пад капюшона:

— Ад святой службы да войта. Прыкласці руку.

Яго прапусцілі. Жаба сядзеў ля нязменных начовак, і фігуркі ўжо былі расстаўлены на дне. Пачцівы дзеяч займаўся сваёй улюбёнай гульнёй.

— Што перадае святая служба?

— Зрабіце ласку прыкласці руку.

— Пасля. Пасля, — сказаў Жаба. — Пазней падпішу. На Замкавую плошчу прывязу.

— Павешанне?

— Што вы, ойча. Ды тут і вогнішча мала.

Жаба пусціў ваду, і яна пачала заліваць — каторы ўжо раз — шчаслівую даліну. Манах з цікавасцю глядзеў на гэта.

— Да жывёлаў і гадаў, — сказаў Жаба.

— Гэта што такое? — спытаў манах.

— Спроба. — Войт глядзеў, як фігуркі варушаць рукамі над галавой. — Заўтра трэба хутчэй з гэтай лухтою, з гэтым вылюдкам роду чалавечага скончыць. У мяне ўжо і людзі падрыхтаваныя. Пайду, адразу як дагарыць, па ваяводству з войскам. Чысціць трэба. Чысціць. Распусціліся. Брыду ў дзяржаве развялі. Вальнадумства. Здраднікі.

Узяў фігурку, паставіў на край начовак.

— Усё магу. Слухайся — уратуешся. Трымці — жыць будзеш. Непакорлівых Бог ненавідзіць, я ненавіджу. Думаць — ані.

Твар ягоны скамянеў ад утрапёнай велічы.

— А людзей не шкада?

— Ты сказаў? — звярнуўся войт да фігуркі. — Мудрагеліш? Ад ілжэфілосафаў набраўся? Я пагублю цябе, чарвяк, разам з думкамі. На!

Кінуў фігурку ў ваду. Тая пускала бурбалкі.

— Не, не яна, гэта я, — сказаў манах.

— Ай-а, ойча. Так-са-ма па-даз-рона… Ды не, чаго шкадаваць. Калі з кожнай сотні гэтых людцаў дзесятак павесіць — астатнія цішэй будуць.

— Рацыя, — сказаў дамініканец.

— Дык блаславі ж на ачышчэнне зямлі ад брыдоты.

Манах адкінуў капюшон. Жаба ўзняў вочы і аслупянеў, убачыўшы твар Фамы.

— Ну вось, — сказаў шляхціц. — Бяры пяро.

— Я табе…

— Слухай, войт, я табе не лялька, я табе не гліняшка. Роскашы жартаваць не любяць, і ты мне не Піліп Македонскі, выскачка ты, свінапас, халуй кепскага роду, тхароў тата…

— Як смееш?

— Ты, мабыць, спадзяешся да Цэзара дарасці. Дык не дарасцеш. Па-першае, таму, што ты — сала дурное, а па-другое, таму, што, калі ты зараз не падпішаш, я табе, гэткаму Карлу Вялікаму, заганю ногі менавіта ў тое месца, якім ты думаеш…

Войт узяў пяро.

— Пішы: «Уладаю войта забараняю страту агнём. Апошняе маё слова».

Жаба напісаў, усміхнуўся:

— Дурань ты, Фама, хто ж мне перашкодзіць пасля перапісаць?

— Я, — сказаў Роскаш. — Я перашкоджу. Я бласлаўляю цябе на ўсю астачу твайго жыцця.

Войт Цыкмун Жаба не паспеў крыкнуць. Фама з маху ўдарыў яго медным таўкачом па галаве:

— Бласлаўляецца раб Божы.

Справай хвіліны было б пайсці. Але Роскаша нешта мучыла, нечага было шкада. Раптам ён зразумеў, чаго шкада. Выграб з вады домікі, фігуркі, палацы — усё, што стаяла на дне вялізных начовак. Пасля кінуў туды цела войта і мацней пусціў ваду:

— Да жывёлаў і гадаў.

Праз некаторы час ён адшукаў па задворках, у гусцейшых лопухах, лебядзе і дудках, мёртва-п'янае цела дамініканца. Скінуў з сябе расу і паклаў яму пад галаву. Пасля пабудзіў, моцна расціраючы п'янаму вушы.

— Дапіўся, — з дакорам сказаў Фама, калі дамініканец спуджана ўскінуўся.

— Бацюхны, — жахнуўся той. — Сонца ж высока! Калі ж да войта?

— Я і кажу, што дапіўся. Ты што, забыў? Былі ж мы ў войта. Добра, што я цябе не кінуў, што сувой нёс. Згубіў бы недзе.

— Не можа быць.

— Глядзі, подпіс.

— Дзіўна, — сказаў манах. — Не згадзіўся на вогнішча… Ніч-чога не помню.

— Дзіва што. Ты хаця памятаеш, што ты рабіў?

— Н-не.

— Біцца лез. Цалаваў. Хапаў.

— Каго?

— Ды ўжо ж не войта.

— Няўжо дачку ягоную?

— Што ты, ты ж маленькіх шкадуеш.

— Ж-жонку, — абмякнуў дамініканец. — Што ж будзе?

— Нічога не будзе. Угаварыў я войта. Дый напалохаў трохі. Сказаў, што ты ў святой службе нават за Басяцкім сочыш. Цяпер табе толькі маўчаць трэба.

— Братка… Ты маўчы… Калі ласка!

— Я — магіла… А пасля яшчэ мадней было. Хацеў ты сесці проста пад распяццем на Ростані. Ледзь завалок цябе сюды. А ты — распранацца. «Марыля, — кажаш, — хадзі пад бок».

Дамініканец замыкаў, трымаючыся за галаву і хістаючыся.

— Ну, я і падумаў, што лепей, калі ты трохі паспіш. Выседзеў над табою, прасачыў, каб не абакралі.

— Братка, век Бога маліць… Гэта ж падумаць, сувой бы згубіў!

— Нічога, — сказаў Фама. — З кім не бывае. У мяне дык аднойчы горш было.

— Сябра, маўчы… Я гэтай гары цяпер…

— Дарэмна, — сказаў Фама. — Гэта толькі ўцягвацца не трэба, а ўжо як уцягнуўся — нішто. Хадзем, паправім галаву дый разыдземся. Спяшайся, браце.

Яны выпілі яшчэ па чарцы і разышліся, задаволеныя адзін адным. Манах панёс пенал з паперай, Фама пайшоў блукаць вакол замка. Сэрца ягонае плакала. Памілаванню, падпісанаму войтам, не паверыў бы ніхто. І адзінае, чаго ён, Фама, дамогся, што ён здолеў зрабіць, было збаўленне сябра ад залішніх пакут. Збаўленне ад самага пакутлівага пакарання. Пакарання агнём.

Загрузка...