Раздзел L. «Забівайце! У імя Бога забівайце!»

Хай прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі… Се, пакідаецца дом ваш пусты.

Мацей, гл. 23, ст. 35, 38

Цяпер бойка ішла, калі не лічыць дробных ачагоў, бадай толькі ў самым цэнтры горада. Хрысту і маладому ўдалося згуртаваць тут вакол сябе сотні тры з нечым узброеных людзей, і яны ўдарылі ў тыл белым «крыжам», пацяснілі, пагналі іх. Паніка, народжаная іх нечаканым з'яўленнем, была такая страшная, што фанатыкі спачатку давалі сябе знішчыць амаль без супраціўлення. Яны гналі, валілі і забівалі іх бесперашкодна і не шкадуючы, бо добра помнілі ўсё, бо яны на кожным кроку бачылі трупы бязвінна зарэзаных.

Хрыстос меў намер прабіцца да Лідскай брамы, вывесці людзей з горада, уратаваць іх. І спачатку гэты намер абяцаў увянчацца поспехам. Яны гналі ворага амаль да канца Малой Скідзельскай, але тут дарогу іхнюю загарадзілі новыя сілы: да ворага падышло падмацаванне. Якраз у гэты момант некалькі разоў ударыла Вялікая Зафея, а пасля ў раптоўнай цішыні пачулася ракатанне ланцугоў і бразгат брамы. Прабівацца ў той бок больш не было чаго. Яны былі ў пастцы.

Атрад адступаў. Павольна, але няўхільна. Выхад быў адзін. Нёман. А можа, камусьці і пашанцуе спусціцца з берагавой, амаль адвеснай, стромы і ўратавацца ўплынь.

«Крыжы» цяснілі іх спачатку па Скідзельскай, пасля Ростанню, Старой вуліцай, Старым рынкам. Вёў іх Пархвер, а за спінамі тых, што наступалі, на адваяванай зямлі мортусы дабівалі параненых.

— Забівайце! — ляцеў адтуль голас мніха-каплана, у якім ужо не было нічога чалавечага. — У імя Бога забівайце!

— Лотр, навалач! — голы торс маладога быў заліты крывёй. — Басяцкі, навалач! Выходзьце! Мы вам Божым судом давядзём, хто слугі Пана Бога.

І ўсё ж супраціўленне мяцежных людзей было такое страшнае, што «крыжы» знемаглі і няздатныя былі ісці наперад. Людзі Хрыста на некаторы час атрымалі перадышку. Скарыстаўшыся з гэтага, ён адвёў іх да ўрвішча, на захад ад замка, загадаў звязаць плашчы і спускацца са стромы ўніз. Сам ён з маладым узначаліў невялікі, даволі слабы людскі ланцуг, што павінен быў прыкрываць тых, якія спускаліся. Ён ведаў: усе спусціцца не паспеюць.

І сапраўды — хто абрываўся (не трымалі знясіленыя доўгай сечай рукі), хто падаў на кромцы вады без змогі ўстаць, хто тануў у імклівай плыні Нёмана, закручанай тут сотнямі віроў. А ўсё ж сёй-той ратаваўся, выратоўваўся.

Хрыстос ведаў: Лотр збірае сваіх наймітаў у адзін кулак, каб раздушыць ім апошнія сілы тых, што паўсталі. Сілы. Смешна было нават назваць сіламі тое, што ў яго было. Шырокая барва разлівалася на ўсходзе. Людзі чакалі.

Лотр стаяў у атачэнні сваіх каля ратушы. Усё яшчэ раўла дуда на званіцы, і ёй туравалі адусюль стогны і крыкі: там дабівалі людзей. Паступова сцягваліся да ратушы банды забойцаў, усе нібы сп'янелыя, паплямаваныя сваёй і чужой крывёй.

— Ну дык што? — спытаў Пархвер. — І што рабіць з тымі?

— Зараз пойдзеце, — усмешка Лотрава была, як раней, спакойная і высакародная. — А з тымі? Ну што ж. Яго абавязкова вазьміце жывога. Іншых — як хочаце.

Да яго падвялі Анею і Раввуні.

— Скажыце яму, каб ён здаваўся, — сказаў Лотр. — Іначай у яго хопіць дурасці разбіць галаву, скокнуўшы з яра.

Анея маўчала. За яе адказаў Іуда:

— А задавіцеся вы! Я быў меднік. Я вывучаў талмуд і таму быў бядняк, бо вывучаў яго не так, як усе. Я нават спрабаваў гандляваць, і гэта былі слёзы, цорэс. Але я не гандляваў людзьмі. І ім — не буду.

— Нічога, мы знойдзем спосаб, — сказаў Лотр. — А іншых забіце, Пархвер. Папа Мікалай Першы пісаў балгарскаму цару Багорысу: «Хай правадыр не збаіцца вяршыць забойствы, калі яны могуць трымаць ягоных падданых у паслушэнстве або падпарадкоўваць іх веры…» Вы нешта сказалі, бурмістр?

— Сказаў, — у Юстына з-пад скобкі валасоў вуголлямі гарэлі вочы. — Я сказаў: пастыр лютага статка, люцейшы яшчэ за пасомых.

— Што ж, неблагая ўхвала, — усміхнуўся кардынал. — Ідзіце, Пархвер. Каплан меў рацыю. «Забівайце. У імя Бога забівайце!»

Загрузка...