Раздзел XXІХ. Пятка не мае сораму

І тады гэты паршывы нечасцівец склікаў да сябе — таемна і пад покрывам цемры — яшчэ дзесяцёх, чые імёны хай не апаганяць вашага слыху.

Усходняя казка

Усяго праз два дні гэты самы грукат нясцерпна рассыпаўся над дамамі і вуліцамі Гародні. Нясцерпна, хаця тут яго вывяргалі ўсяго два барабаны і з дзесятак бубнаў у руках варты.

Гук быў нясцерпны, таму што вялікая, мёртвая цішыня стаяла на поўных народам вуліцах горада.

Ішлі пасланцы ад крымчакоў, а гэта азначала, што і сама арда недзе тут і ўжо льецца кроў, ляскаюць, бразгочуць мячы, свісцяць арканы і лямант стаіць у паветры.

З жахам глядзелі на чужынцаў дзеці, з бязмернай агідаю жанчыны, з гневам — бо хто ж іх калі-небудзь зваў на Белую Русь — мужыкі і мяшчане.

Што праўда, татар прымусілі спешыцца яшчэ на Малой Скідзельскай, але ім пакінулі ўсё, нават бубны. І вось пабедныя, варварскія гукі чужой музыкі, той, якую памежныя людзі снілі нават уначы, агалошвалі Ростань, пасля Старую вуліцу, пасля Стары рынак. Ніхто не папярэдзіў аб з'яўленні крымчакоў ні раду, ні нават духоўны суд, што якраз сядзеў у палацавай царкве, у першым усходнім нефе замка. Татарын загадаў тысячніку Карнілу не цягнуць гадзінамі і днямі, калі не хоча, каб ягоная тысяча сустрэлася з цьмою, а адразу весці яго «да ўладароў». Іначай будзе горш. Кожная хвіліна — лішняе спаленае сяло.

І Карніла вырашыў весці мурзу на сваю адказнасць.

Ударалі, грукаталі бубны. І ішоў, валюхаючыся, паперадзе сваёй дзікай вобразам варты пасыльны татарын. Ногі ў ботах з загнутымі насамі ўпэўнена папіралі зямлю. Адна рука — на эфесе, другая — абаранкам на тугіх вітках аркана. Галава закінута, вочы глядзяць зверху ўніз. І нахабна, пагардліва ўсміхаецца рот.

Толькі аднойчы вытрымка здрадзіла яму. Убачыў залатыя кісці рук і даўжэзныя вусы Ціхона, і яны так уразілі яго, што ён засмяяўся і ўхапіўся за іх, нібы дзіця за цацку.

— Доб-ры баран. Мой будыш!

Сябры кінуліся былі на крымчака. Гіаў развярнуўся быў, каб даць. Вястун узняў молат. Але тут замкавая варта, якая суправаджала пасланцоў, выставіла дзіды і гізаўры.

— Вы што, хамы? — спытаў тысячнік. — Пасла?!

…А славуты гародзенскі сінкліт сядзеў між тым у паўночным прытворы дварцовай царквы і анічога не ведаў пра нечаканую «радасць», якую рыхтаваў яму лёс.

Перад пачцівымі і высакароднымі раснікамі стаяў ганец, запылены да таго, што здавалася, нібы ён усё жыццё дагэтуль пражыў на млыне. І вось яго выцягнулі адтуль і, сяк-так пачысціўшы (бракавала часу), даслалі з даручэннем.

— Трэба пахваліць вашу службу, — вельмі ціха сказаў Лотр Фларыяну Басяцкаму. — І як вашы галубы?

— Прыляцелі, — змрочна сказаў праезуіт.

— Цікава, — сказаў Лотр. — Цікава было б ведаць, чаму вы ўважылі за лепшае ўвесці нас у зман наконт таго, што ўсё добра, пакінуўшы пры сабе весткі аб падзеях у Наваградку, аб спробе перашкодзіць святой службе, аб тым, што знік генеральны камісарый і што ў знікненні гэтым, магчыма, таксама вінаваты яны? Урэшце аб апошніх падзеях… Гэта была ваша ідэя з галубамі?… Вы штосьці ўжылі?

— Ужыў, — змрочна сказаў мніх-каплан.

— Цікава было б ведаць, што?

— Я ўжыў гэтых галубоў. Смажаных у масле. Памятаеце? Вы яшчэ памаглі мне іх ужываць. Было смачна. Магу таксама нагадаць, што была серада.

Кардынал папярхнуўся.

— Калі ласка, — амаль бязгучна сказаў ён, — маўчыце.

— Чаго мне маўчаць, калі не маўчыце вы?

— Але ж…

Твар каплана абцягнуўся скурай. Бязлітасна і жорстка ён сказаў:

— Галубы вярнуліся без запісак.

— Можа…

— Усе тры галубы вярнуліся без запісак, — паўтарыў мніх.

— Магдаліна? — узняў Лотр непаразумелыя вочы.

— А вось гэта ўжо была ваша ідэя, — зваліў правіну на кардынала дамініканец. — Я толькі выказаў меркаванне «а можа». І тут вы ўхапіліся за яго, як клірык за бутэльку, як папа Аляксандр VІ за ўласную дачку, як п'яны за плот…

— Хопіць, — сказаў Лотр. — Давайце дзейнічаць.

Фларыян Басяцкі кашлянуў і ласкава звярнуўся да ганца:

— Дык што ж гэта ты нам такое сказаў? Як гэта гандляроў разагнаў?! Як дазволілі?

І тут уставіў свае тры грошы Рыгор Гародзенскі, у міру Гіляр Балвановіч:

— Самі казалі: «махляр», «бяспечны».

— Быў бяспечны, — сказаў мніх. — Быў.

— Гаворыш чорт ведае што, — сказаў біскуп Камар. — Гэта што ж будзе, калі кожны вось так, у храм? Разважаць трэба. — «Брыда перад Богам — чалавек разважлівы», — як заўсёды, ні з пушчы ні з поля падаў голас войт.

Ганец пакутліва баяўся прынесеных кепскіх вестак.

— Айцы, — сказаў ён, — і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ кажуць, нібы заўважылі татар. Татары ідуць.

— Змоўч! — успыліў Лотр. — «Нібы-ы», «нібы-ы». Татары прыйшлі і пойдуць. А той, хто замахваецца на народныя святыні, гэта табе не татары?

Варухнуўся ў цёмным куту бурмістр Юстын. Расплюшчыў вочы. Хацеў быў сказаць, але толькі злосна падумаў:

«Ясна, чаму вы так. Вас нават у рабы не возьмуць па поўнай няздатнасці, няробы. То вам што?!»

І зноў пад скобкаю валасоў згаснулі вуголлі ягоных вачэй.

— Ты разумееш, на якія асновы ён замахнуўся?! — пабарвавеў Лотр.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для ганца, каб не пачуліся на пераходах крокі, нейкія прыглушаныя ўдары і бразгат. Усе насцеражыліся. Пачулася нешта накшталт пералаю. Карнілаў голас угаворваў кагосьці трохі пачакаць. Пасля тысячнік увайшоў, але не паспелі яны спытаць у яго, што здарылася, як з грукатам адчыніліся дзверы. Лінула ў царкву дзікая какафонія гукаў. Бубны аж захлыналіся ў бразганні і гулкіх ударах.

Мурза Сялім увайшоў на напаўсагнутых нагах, бязгучна, як кот, і адначасова нахабна. Таргануў тысячніка за нос на знак таго, што ўсё ж паставіў на сваім.

Агледзеў царкву. Здзёр дарогаю з іконы бясцэнныя «абяцаныя» каралі з рубінаў, пацмокаў языком і запхнуў у запазуху.

Пасля асцярожна падышоў да «врат», прыслухаўся, ударам нагі расчыніў іх. Агледзеў бегаючымі вачыма.

— Што? — рэзка спытаў у талмача.

— Прастол.

Мурза нібы ўспамінаў нешта. Пасля ўсміхнуўся высакамерна і ўскінуў галаву:

— Прастол. Сыдзець тут хачу.

І сеў.

— Мыня слухай, уладары Га-ро-ды-на. Кіназ Джыкамон няма — вы кіназ… Ваш адказ… што трэба аддасцё — татар не пойдуць. Што трэба не дасцё — татар пойдуць. І пыл ад Гародына дасягне неба. І смурод ад гэтай зямлі дасягне неба. Белы кіназтва — будзе кара, чорны кіназтва.

У адказ лягло маўчанне. На тварах людзей у прытворы нельга было нічога прачытаць. У вачах людзей з варты ясна чыталіся абраза, невымоўная агіда, жах і гнеў.

Мурза выцягнуў вусны, нібы для пацалунка, узняў руку, сціснутую ў кулак, і павольна пачаў адгінаць пальцы. Адзін за адным.

— Залатых чатыры цьмы, па адным на воіна, бо сорак тысяч нас. Рабоў чатыры цьмы — на кожнага воіна раб. І цьма рабоў — мурзам і хану. І дзве цьмы залатых — мурзам і хану… І коней — чатыры і чатыры цьмы. І быдла — чатыры і чатыры цьмы. — Ён паказаў на аклады. — І золата яшчэ вось такога чатыры гарбы, бо яно блішчыць.

— Мы не з багатых, — сказаў Лотр. — І ў сціплай беднасці жывём.

— Твар твой — пятка, што не мае сораму, — выскаліўся крымчак. — Таму што не чырванее пятка. Што маніш? Глядзі!

Па мурах, іконах, статуях плыло золата. Уладары маўчалі. Сялім павольна выцягваў шаблю з піхваў. Яна выпаўзала з іх амаль нябачнымі рыўцамі, як змяя.

— Імгненне кожнае прыбаўляе да вашай даніны. Я вырву шаблю, і што тады ўратуе вас?… Імгненне кожнае прыбаўляе… Бо татары — пайшлі!

І такая нахабная сіла была ў гэтым голасе і ў павольным выпаўзанні сталі, што ўсе нібы пачулі далёкае гіканне, несамавіты гул бубнаў, рыданні вярблюдаў і аслоў і шалёны пошчак капытоў нялічанай арды.

Шабля выпаўзла амаль да канца.

— Дан, — выскаліўся мурза. — Дан давай — жыць будзеш.

Людзі ў прытворы пераглянуліся. І тут Басяцкі ласкава, з адчуваннем сваёй годнасці ўзняў руку:

— Стой.

Мурза ўсміхнуўся і з ляскам закінуў шаблю назад у піхвы.

— Не пагражай нам, мурза. Мы досыць моцныя, каб растаптаць вас.

Варта ля дзвярэй ускінула галовы.

— І калі мы ўсё ж дамо табе тое, аб чым просіш, то не з боязі, — плоскія вочы смяяліся, — а таму, што так загадвае нам наш Бог. Сказана бо ў Мацея: «І хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку — аддай яму і верхнюю вопратку».

— Добрая вера, — сказаў мурза. — Зручная для моцнага вера.

— Ты што ж, не кранеш тады зямлі? — спытаў Грынь Балвановіч.

— Нашто «зямлі»? Вашай зямлі не крану.

Сінкліт думаў.

«Прасяшчаму ў цябе — дай», — ціха сказаў Лотр.

— Па вазе дай, — сказаў крымчак.

Жаба ціха забубніў:

— Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.

— І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў… дзеля нашай веры.

Кардынал і мніх пераглянуліся. Зразумеў іх таксама біскуп.

— Хіба што… некалькі манастыроў, — узняў ён грозныя бровы. — Усё адно з манашак талковага, як з кошкі воўны.

Мніх ціха сказаў:

— Машкаўскі… Ігуменні сказаць, каб каго ўжо каго, а тую выдала басурманам, — і ўсміхнуўся. — Нічога, яны там з іхнім вопытам не адну, а тры арды адразу знутры раскладуць.

Татарын глядзеў на тых, што шапталіся, чакаў.

— Дамо, — сказаў Лотр. — Толькі каб зберагчы мір.

— Будзе мір, — падступна ўсміхнуўся крымчак.

Карніла зашаптаў Лотру на вуха:

— А як падмануць? Грошыкі ж на рамонт мура ля Лідскай брамы вечна нехта ў кішэнь?…

— Ну-ну.

— А мур там такі, што я кожны раз з жахам гляджу, калі да яго сабакі падыходзяць ды падмываюць. Грошай не даяце.

— Рада хай плоціць, — сказаў кардынал.

— Вы аднойчы ўжо магістрацкія грошы цю-у, — сказаў, дачуўшыся, Юстын. — А гарадская рада заўсёды была бедная, як царкоўны… прабачце, як магістрацкі пацук.

— Тым больш адкупіцца трэба, — бязгучна сказаў Лотр і ўголас дадаў: — Мы пакажам табе, дзе вы будзеце мець права браць жанчын, мурза. Першым можаце Машкаўскі кляштар…

У гэты момант моцна аддаўся пад гатычнымі скляпеннямі гук смачнага пляўка.

Плюнуў малады чалавек год дваццаці пяці, які стаяў сярод варты. Худы, але цыбаты і моцны, у цяжкіх латах ад шыі да ног (шлем ён пачціва трымаў у руцэ, і доўгія попельныя валасы ягоныя ляжалі на сталёвых наплечніках), ён цяпер выціраў тыльным бокам вузкай і моцнай далоні вялікі і цвёрды рот, рот утрапёнага.

Шэрыя, прыгожай формы вочы глядзелі з абурэннем, саркастычнай усмешкай і амаль з фанатычным гневам. Просты нос нібы акасцянеў.

— Тфу!

— Гэй, ты гэта што, у храме?… — спытаў Карніла.

— Кар-чма гэта, а не храм, — кінуў чалавек. — Таргі! Хто са мною? Мы ім…

Некалькі чалавек рушылі за ім.

— Будуць ваяваць? — занепакоена спытаў мурза.

— Адступнікі, — сказаў Лотр. — Сказана — «не забі». Тысячнік, загадай, калі скончым, замкнуць браму і не выпускаць з горада мяшчан.

Так завяршыўся самы ганебны торг з басурманамі, які калі-небудзь ведала Зямля Белай Русі. З тым, хто плюнуў, з правадыром асуджанага заслону, паспела выйсці, дзеля ўратавання сумлення і гонару, не больш як за трыста — чатырыста чалавек, пераважна без коней. Выйшлі на верную смерць.

У гонар гародзенцаў варта сказаць і тое, што пасля таго, як тысячнік зачыніў брамы, нешта чалавек каля пяцідзесяці ўмудрылася спусціцца з муроў і ўсё ж уцячы за раццю.

Загрузка...