Раздзел ХІХ. Індульгенцыі

Кажуць, аднаму чалавеку напляваць было на веру і пекла, а патрэбная яму была бяскарнасць. І гэты адзін купіў індульгенцыю і тут жа даў патаўпешкай па галаве суседу.

«Кроніка Белай Русі»

Пасля гэтага пайшоў Хрыстос са сваімі апосталамі ў бок Любчы. Ногі іхнія былі ў пыле шматлікіх дарог, і не маглі яны ўжо ісці далей і вырашылі спыніцца на ноч тут.

Паўсюль пытаў ён аб жанчыне, якую шукаў, і нідзе ані слова не пачуў пра яе, і ў адчаі ўсё больш злаваўся на подласць роду людскога. Але злосць — кепскі дарадчык. Часам яна можа штурхануць высакароднага ў тое балота, у якім сядзіць яго подлы вораг.

Ён ішоў, апусціўшы вочы, бо не хацеў бачыць твараў людскіх. На ўсіх тварах, здавалася яму, ляжаў водсвет блізкага пекла. Рылы, пысы, брудныя храпы, а не твары. І ўвесь час хацелася яму зрабіць з кімсьці нейкае злоснае свавольства.

І, наблізіўшыся да Любчанскага замка, узвёў ён вочы і ўбачыў вялізны натоўп народу, і зразумеў, чаго яны тут, і зразумеў, што тут ён, нарэшце, здолее на сім-тым адвесці душу.

Сярод натоўпу стаяла вялізная ятка, крытая белым ядвабам. За ёю, у нішы мура, стаялі дзве скрыні, поўныя срэбрам, і столік з вялізнаю стопкаю пергаменту. Пергаменты з пячацямі віселі і на ятцы. А пад навесам стаяў непамерны ў азадку і пузе дамініканец, які нагадваў з гэтай прычыны лютню або мандаліну на кароткіх тоўстых ножках. З ім былі два служкі.

Нават па адных нахабных паводзінах гэтага чалавека, па развязных словах ягоных Юрась здагадаўся, хто перад ім. Але дзеля вернасці ўсё ж перапытаў:

— Брат Волесь Гіменіус?

— Але, — малітоўна адказаў той. — Прападобны брат Волесь Гіменіус, вялікі Ачышчальнік.

І тады яны сталі слухаць Ачышчальніка. На шчасце, яны не вельмі спазніліся. Той не паспеў яшчэ нават пачырванець.

— Вось што тут напісана, — торкаў ён тоўстым пальцам у пергаментны скрутак, пад якім, як крывавы плявок, вісела і гайдалася пячатка мудрага і вялікага Айца. — Напісана самім вялікім львом нашай думкі. «Хай даруе вам той, што прыняў смерць на крыжы за грахі вашы». Я! — І тут ён шырока распахнуў брудную таўсташчокую пашчу. — Я, сам Валенты Гіменіус, уладаю Хрыста, блажэнных святых апосталаў Петры і Паўлы вызваляю вас ад усіх царкоўных парушэнняў, грахоў, праступкаў, празмернасцей, як былых, гэтак і будучых, якія б яны ні былі вялікія… Купіце індульгенцыю, і паступіце вы ў шэрагі ваяўнічай царквы, якая ўсе будучыя грахі вашы адпусціць. І прылічаныя вы будзеце да святых подзвігаў ваяўнічай царквы нашай, хаця б ані храна не рабілі! Будзеце ўслаўленыя ёю і разам з ёю будзеце некалі, пахаваўшы ворагаў яе, панаваць над зямлёю.

Людзі маўчалі. Частка, відаць, верыла, частка баялася сказаць слова супраць. Але нехта непадалёку ад Хрыста няголасна сказаў:

— Добрае будзе панаванне. Панаванне соваў. Над падлаю і руінамі.

І тады Братчык зразумеў, што цалкам, магчыма, люд не возьме нічыйго боку. Злосць усё яшчэ кіпела ў ім. І на гэтае быдла, і на гэтага мазурыка, які не плаціў, як яны, жахам за кожнае круцельства. І ён зразумеў, што задыхнецца ад гэтай злосці, калі не абсмяе гэтую чараду або не раскладзе гэтага манаха і не ўсыпле яму ў тоўстую задніцу.

— Купіце індульгенцыю, насіце яе ў каліце заўсёды з сабою і заўжды будзеце мець рацыю перад ерэтыкамі і розным хамлом, якое не купіла яе. Бо тут напісана: «Я далучаю вас да святых таямніц, да чысціні нявіннасці, роўнай чысціні хрышчонага нованароджанага; і хай будзе пекла зачынена для вас, і хай мецьмеце рай на зямлі, а брама будучай раскошы таксама адчыніцца для вас пасля смерці. Аман!»

Ён крэкнуў і змяніў тон, перайшоў, так бы мовіць, да размовы «па шчырасці».

— А вы, ёлупні, думаеце, што трэба быць светлым і заўсёды бездакорным, каб прапаведваць святую ідэю? Глупства. Мы — людзі, і царства Божае таксама робіцца рукамі людзей. Наш вялікі Айцец зразумеў гэта. Карыстайцеся!

Некаторыя зазвінелі грашыма. Але яшчэ раней за іх да манаха падышоў чалавек у чорным з золатам плашчы (залаты меч прыўздымаў край плашча), у багатай чузе і кабцях чорнага з золатам саф'яну. Шырокі грубы твар з нядобрымі вачыма быў насцярожаны, нібы заўсёды чакаў удару з-за павароткі.

— Ваявода наваградскі, — сказаў нехта. — Мартэл Хрыбтовіч.

За ваяводамі ішоў юнак, амаль дзіця, вельмі падобны на яго, але з чыстым і наіўным яшчэ тварам і празрыстымі ад цікаўнасці да свету вачыма. — Сын, — сказаў той самы каментатар, — Ратма па імю. Або Радша. Ратмір.

— Маладзенькі яшчэ, — сказаў нехта.

— Чаго? Дзеўкамі цікавіцца пачаў. Ды нядоўга яму цікавіцца. Мартэл, дарма што сам багаты, як сатана, прасватаў за яго Ганорыю з Валевічаў.

— Чаго-о? Ды гэта ж чорт ведае што? Агульная… — і чалавек адпусціў нечытэльнае слова. — Яна ж яго, калі не заб'е, за адну ноч такому навучыць, што… А Божа, хлопчыка як шкада! Або надарвецца з такою, або…

— Або хутчэй будзе падобны, як сто аленяў. Ды Мартэлу што? Палічыў за магчымае прадаць сына. У яго, брат, вельмі павярхоўнае ўяўленне, што такое мараль. А ў той — багацейшыя землі ў пасагу. І вось… жаніх багатай самадайкі… Золата мала.

Магдаліна прыслухоўвалася да размовы чуйна, як каза ў начным лесе. Хлопчык стаяў ля бацькі і зычліва глядзеў на яго, на індульгенцыі, на манаха і натоўп. Сустрэўся з Магдалінай вачыма, і раптам вусны здрыгануліся, рот прыадкрыўся. Тая смірэнна апусціла павекі.

— Дай мне вось што, — змрочна казаў ваявода. — Вось той водпуск на нявіннасць і чысціню да канца майго… ну, на сто год… На жонку, святую дурніцу, нічога не давай — ну, можа, дробязь. Малака там у пост выпіла па слабасці…

— Будзе зроблена, — мітусіўся Волесь. — Чаго яшчэ?

— Поўны водпуск на гэтага. Яму-та столькі, анёлку, не пражыць… бабы заездзяць… Але давай і яму на сто год… Гэта верна?

— Як удар нажом у спіну.

— Ну… на ўсякі выпадак давай яшчэ нам вечнае вызваленне ад чыстца, а жонцы на сорак восем тысяч год. Ёй усё адно гарэць больш года, а ёй гэта нават карысна за тое, што часам са мною спрачалася. Пакараю трохі, паднясу ёй апошні мой загад.

— Яшчэ чаго? — мніх быў у захапленні.

— Давай яшчэ «асабістую» мне.

— Разумею вас-с. Каб дзесяцём асобам, па вашым выбары, дзевяноста дзевяць раз на год маглі грахі адпусціць.

— Во-о! Гэта — якраз.

— Загарнуць? — спытаў Волесь. — У новую малітву за ўбіенных?

— Давай, загортвай, — адсопся ваявода. — За тыя ж грошы.

І кінуў на ятку цяжкую каліту.

Хлопчык чакаў, куды ён пойдзе. На шчасце, Мартэл рушыў у той бок, дзе стаялі апосталы. Цяжка ішоў, прыціскаючы да грудзей скрутак. Стаў непадалёку ад іх, запіхваючы яго ў сумку, што вісела цераз плячо. Юрась звярыным сваім слыхам пачуў мармытанне:

— Ну, чакай цяпер, кашталян… Кляшчамі ўсё мяса спушчу… Вазьміце мяне цяпер голымі рукамі.

Пасля ён загаварыў са служкамі. Радша стаяў і глядзеў на Магдаліну, якая ўсё яшчэ не падымала вачэй. Убачыў ля яе ног хусцінку, схіліўся, спытаў, пачырванеўшы:

— Ваша?

— Дзякуй, — шэптам сказала яна.

Робячы тое, што ёй было загадана, яна не бачыла прычыны, чаму б ёй не склеіць і нейкай сваёй справы, асабліва калі чалавек сам ляціць на агонь. Багаты чалавек. Акрамя таго, ёй было трохі шкада хлопца, якога чакала цяжкая чаша. Ён быў вельмі прывабны і ляцеў сам.

— Коней прывядзі, — сказаў служку ваявода.

І гэта прымусіла Ратму паспяшацца. Ён быў наіўны, і гэта нараджала ў ім шчырасць, у чымсьці падобную да ваяўнічасці, смеласці.

— Мы едзем. Мой бацька — ваявода наваградскі. Як шкада, што я ніколі ўжо не змагу ўбачыць вас.

— Я іду з гэтымі людзьмі. Унь наш паважаты. Ён святы чалавек.

— Я так і заўважыў, што вы свята верыце, — спяшаўся ён. — У вас твар, поўны чысціні. Куды вы ідзяце?

— Не ведаю. Вядзе ён. Можа, адсюль пойдзем на ўсход. Можа, на поўдзень. А можа, рушым у Мір.

— У Мір?! Гэты шлях ідзе праз Наваградак. Які я быў бы шчаслівы, каб вы, калі пойдзеце праз мой горад, далі мне ведаць. Я разумею, гэта знянацку… Я не маю… Ах, што там… Але верце, мне вельмі хочацца яшчэ раз убачыць вас.

— Вы верыце?

— Верую ў Айца…

— Даволі, — сціпла сказала яна. — Дзе вера — там ідзі спакойна. Я добра бачу, вам можна давяраць. Вы — рыцар.

— Як добра вы гэта сказалі, — пачырванеў ён. — Гэта праўда. І… не злуйцеся на мяне, вы таксама, як святая. Я адразу заўважыў вас у натоўпе — вы іншая. — Ён апусціў вочы. — Разумееце, хацелі мяне ажаніць. Цяпер я, нібы смерці, не хачу гэтага. Ведаеце, яна зусім не такая. У яе прысутнасці мне нячыста і нібы пагрозна. Якая вы іншая! Божа!

— Радша! — паклікаў ваявода.

— Я малю вас верыць мне. Малю, як пойдзеце праз Наваградак, даць мне звестку. Вось пярсцёнак, ён адчыніць вам дзверы.

«Бедны, — падумала яна. — Адну мяняе на другую, бо верыць святлу на яе твары», — і яна ўзяла пярсцёнак, нясмела, дрыжачымі пальцамі.

Ён усё яшчэ трымаў яе хусцінку.

— Вазьміце яе сабе, — шэптам сказала яна.

Яна ўбачыла шалёную радасць на яго твары. Што ж, гэта, магчыма, будзе ёй зачэпка. Давядзецца ж, рана ці позна, выдаць свайго «святога».

Коні аддаляліся, а яна ўсё бачыла над натоўпам яго прасветлены ад неймавернага шчасця твар.

…Юрась не заўважыў гэтага. Ён глядзеў на манаха, які крычаў, гарлаў, лаяўся, нібы гандляваў салонай рыбай. Братчыка раздражняў гэты нахабны балаган.

Ён шмат чуў аб гэтым чалавеку. Адзін з самых удачлівых гандляроў дараваннем, ён прыносіў прастолу столькі грошай, колькі не прыносіла сотня другіх махляроў, а сабе ў вацок клаў не менш. Яму і далі гэтае месца як знак асаблівай прыхільнасці папы Льва. Сябравалі ў юнацтве. І агульныя круцельствы чынілі.

Гэты мазурык, неабазнаны і непісьменны, як вяленая вобла, разам з намеснікам Пятра ў юнацтве перадаваў жанчынам і юнакам запіскі з прапановаю пасці — у аблатцы святой прычасці, напляваўшы на святасць госціі. Абодва яны пазней знаходзілі сабе ахвяры сярод замужніх кабет і цнатлівых дзяўчат нават у алтары Божага храма… І вось зараз гэты дурыць і крыўляецца, як малпа, і плюецца бруднымі словамі.

Хрыстос ведаў, што разумней было б прамаўчаць, але злосць аж душыла яго, і ён адчуваў: яму не вытрымаць. А там хай будзе, што будзе.

— Купляйце! Купляйце! — гарлаў манах. — Купляйце дараванне. Вы можаце купіць сабе адпушчэнне нават за тое, што згвалціце адзінаццаць тысяч вядомых святых дзеў — оптам ці ў розніцу, калі хопіць на гэта моцы вашай, якая — ад Бога… Вы, цёмныя доўбні, можаце нават вызваліць з чысцяца ўсіх родных і знаёмых. Вось пергамент. За 24 гадзіны між першым і другім днямі ліпеня вы можаце колькі хочаце разоў заходзіць у храм, чытаць там «патэр ностэр» ці нават «ойча наш» і выходзіць. Гэта будзе лічыцца як малебен. Колькі малебнаў — столькі і душ, вызваленых з агню. О слодыч! О велькая Боская літасць!

Юрась сказаў даволі голасна:

— Адзін, кажуць, на гэтым звар'яцеў. Бегаў туды і назад цэлы дзень. Вызваліў увесь гарадок. І ніхто там больш не купіў ніводнай індульгенцыі. І такая была страта для папскай кішэні! То каб гэтага не было — войскі зраўнавалі ўсё мястэчка з зямлёй і ўсіх жыхароў выправілі проста ў рай.

Натоўп засмяяўся. Волесь, аднак, распінаўся далей:

— Ты атрымаеш свяшчэннае паўнамоцтва папскае. Хіба наша справа не стане тваёй?! Справа Хрыста — папежа Льва — кардынала Лотра і мяне, грэшнага. Не сумнявайся, ты ўвойдзеш у наша воінства. Бо галоўнае не тое — злодзей ты, прыгнятальнік, распуснік, садаміт або скаталожнік, а галоўнае — адданасць справе нашай і святому храму, царкве. Ты можаш украсці срэбную агароджу вакол труны Пятра або накласці ў дарахраніцельніцу ягоную срэбную, вагою ў тысячу шэсцьсот фунтаў. Ты можаш, калі прыйдзе табе ў галаву такая фантазія, згвалціць самую Матку Боскую на залатой надгробнай пліце апостала Пятра, пастаўленай Львом ІV… І нават больш. Прасвятая Дзева панесла толькі па асобым загадзе Пана Бога і, маткай стаўшы, засталася цнатлівай… То вось, нават каб нехта надумаў узнагародзіць Пана Езуса зямнымі братамі і сёстрамі, а Юзафа — цеслю — рагамі і каб ён паспяхова зрабіў гэта — будзе адпушчаны яму і гэты грэх.

— Слухай ты, — азваўся раптам Юрась. — Лягчэй наконт зямных братоў. У яго былі яшчэ браты і сёстры. Чацвёра братоў і сёстры.

Гіменіус не разгубіўся:

— Ну, гэта пасля. Яна зрабіла сваю справу і далей магла трымаць сябе, як хоча.

— Пэцкаеш ты ў тое самае карыта, з якога ясі, — сказаў Хрыстос. — Урэшце, усе вы так.

— Мала таго, — паспрабаваў замяць размову Волесь. — Вы можаце купіць тое, што Маці Божая перад смерцю сама з'явіцца да вас, каб асабіста аднесці душу вашу ў рай.

— Жанчына нясе ўласнага гвалтоўніка. Думай, што гаворыш.

— Слухай, сатана, кінь вывяргаць гразь!

— Гразь — справа твая…

Магдаліна, сама не ведаючы чаму, паспрабавала затрымаць яго, але ён вызваліўся. І яна зразумела: усё. Час, прызначаны Лотрам, настаў. Дзень пройдзе, два, тры. І тады давядзецца ёй займацца іншай справай. Лотр наўрад ці верне яе да сябе. Давядзецца, відаць, сапраўды спакусіць таго хлапчука з Наваградка.

— Чорт яго ведае, што там напісана, — сказаў Хрыстос. — Можа, лаянка?

— Прачытай! — з бруднай мніхавай пашчы ляцела сліна.

— Адкуль ім чытаць?

— А хто забараняе?

— Папа Сабініян, як вядома, пад пагрозай анафемы забараніў простым вучыць грамату.

— Дык ці не паўтарыць таго і нам?

— Да таго ідзе.

Натоўп ажывіўся і зашумеў.

— Забараняйце, — чырванеў Братчык. — Усіх запішыце ў манахі. А хто вас тады будзе гадаваць? Гэта ж яны і без таго, як жывёлы… Урэшце дай і мне адну індульгенцыю. На адзін грэх. Колькі?

Мніх усміхнуўся:

— Дзесяць грошай. Бачыш, і цябе праняло. Наш папа гэта табе не папярэднік, не паршывец Юлі Другі. Вялікая розніца.

— Вядома. Абодва хворыя на неапалітанскую хваробу. Адзін ад яе памёр. Другі дзякуючы ёй прыдбаў тыяру.

— Блюзнерыш? — мніхавы вочы зрабіліся вострыя. — А святая служба?

Юрась паказаў яму кавалачак пергаменту.

— Дзеля таго і купіў. Маўчы.

Народ засмяяўся.

— Блюзнеру цяпер колькі хачу, аж пакуль не спынюся… Дзіўна, як гэта ў вас. Паскуднік Баніфацый VІ праклінае мярзотніка Фармоза І, Стафан VІІ праклінае Баніфацыя, а труп Фармоза аддае публічнаму ганьбаванню[96], Раман І адмяняе ўказы Стафана наконт Фармоза і бэсціць Стафана… Леў бэсціць Юлія. І кожны аб'яўляе, што ён непагрэшны, а папярэднік — адроддзе Сатанііла, і выкрывае яго ўтрапёна і з жывёльнай нянавісцю. То хто мазурыкі, мы ці яны?… Ёлупы! Сячэце сук, на якім седзіцё. Трэба ж мне навучыць хаця адну тваю дурную галаву. Раз падманулі… два… дзесяць. Аднаму раскрылі твар, другому… сотаму. І яшчэ думаеце, што вам будзе нехта верыць. Ужо і зараз ведаюць людзі, што то за птушка — Леў.

Змоўк.

— Скончыў? — спытаў мніх. — Вось і добра. Індульгенцыі!.. Індульгенцыі!

— Можаш прадаць яшчэ адну, медналобы?

— Колькі пажадана будзе, — нахабна сказаў Гіменіус.

— Адрэж яшчэ на адзін учынак.

Волесь пачаў арудаваць нажніцамі. Юрась кінуў яму манету.

— К-колькі пажадаеце.

— Вось дзякуй, — сказаў Хрыстос.

І раптам адвесіў манаху пярунападобную поўху. Той вякнуў, адлятаючы. Братчык паматляў рукою ў паветры. Вакол зарагатаў народ.

— Не маеш права падымаць руку на пасланца папы, — захныкаў Гіменіус.

— А на Маці Божую, значыцца, маю, варта толькі паперку купіць? Чуеце, людзі?

Служкі Гіменіуса пачалі былі набліжацца.

— Вось добра, — сказаў Хрыстос. — Гэтым я і без грошай морду наб'ю. Тры чалавекі. Па трыццаць тры з трэццю грошы за рыла. Даволі танна. Увесь век хадзіў бы дый лузаў.

Служкі спыніліся. Манах варушыў сківіцай, але прыходзіў ужо да прытомнасці.

— Спаймаў ты мяне, невядомы, — няшчыра ўсміхаючыся, сказаў манах. — Ну, індульгенцыі! Індульгенцыі!

Хрыстос паклаў руку на рукаяць корда:

— Тады прадай яшчэ на адзін учынак.

Мніхавы вочы забегалі:

— Ну, гэта ўжо занадта. До, людзі! Да заўтра, а мо і на тры дні ятка зачыняецца.

— Ятка толькі адчыняецца, — сказаў Юрась. — Ану, людзі, слухайце. Імем сваім, імем сына Божага кажу, што вам брэшуць. Мне і Айцу майму ўсё гэта патрэбна, як дзесятая дзірка ў целе.

— Ты хто? — спытаў нехта з натоўпу.

— Я — Хрыстос…

Натоўп загуў. У Магдаліны мільгнуў у зрэнках жах. Гурма крычала.

— Ці-ха! Імем сваім вінавачу ўсё гэтае быдла ў хлусні і рабунку, у зневажанні Маці Божай! Калі вы мужы, а не садаміты — шэлег вам кошт, калі не заступіцеся за яе! Імем сваім загадваю — натаўчыце гэтай торбе з гноем у каршэнь, выкіньце з Любчы, а нарабаваныя грошы аддайце на сірот і дзяўчат-беспасажніц…

— Ура! — загуло ў натоўпе. — На беспасажаніц! На сірот!

Народ рынуў наперад.

У тую ж ноч, калі яны ўцякалі з Любчы, над змрочнай зямлёй ляцеў у вышыні асветлены апошнімі промнямі сонца і ружовы ад яго камячок жывой плоці. Ён нёс звестку аб тым, што рачоны Хрыстос узняў руку на майно царквы і загад самога папы, якога, да таго ж, бэсціў несамавіта разам з царквою. Ён нёс вестку аб тым, што рачоны Хрыстос забыў сваё месца і тое, што ён махляр, і падбухторыў натоўп на рынку. Ён нёс вестку аб тым, што вядомы царкве чалавек распусціў чутку аб вядомай жанчыне, якая нібыта знаходзіцца ў наваколлі наваградскім і зараз вядзе Хрыста з апосталамі ў цэнтр ваяводства, дзе і паспрабуе затрымаць іх на тры дні. Вядомы чалавек прасіў, каб сотнік з атрадам паспяшаўся.

Голуб ляцеў, і промні апошняга сонца згасалі на ім, а на перайкі клаўся сіні водсвет ночы.

Калісьці ён нёс Ною вестку аб дараванні і міры. Цяпер ён нёс бразганне мячэй, прэнг і ганебную смерць.

Загрузка...