Раздзел LV. Ісціна бурмістра Юстына, або номо номіnі мопstrum[115]

…а яны не такія, а — зборышча сатанінскае.

Апакаліпсіс, гл. 2, ст. 9

Вуліцы былі яшчэ не зусім прыбраныя, бо забітых некаторы час не дазвалялі хаваць — у пострах іншым. Злосць была такая, што, здавалася, не хавалі б і зусім, але дні стаялі яшчэ даволі цёплыя, нават часам гарачыя, і ўлады збаяліся міязмаў, якія, як вядома, нараджаюць праказу, воспу і паморкавую пошасць, чуму, не кажучы ўжо аб іншых акрасах жыцця.

Варта вяла яго па вуліцах, пракладаючы дарогу праз натоўп багатых мяшчан, гандляроў і разявак. Ён не глядзеў на іх. Ён глядзеў, як навалам кідаюць у фурманкі трупы, як іх вязуць, як змываюць з бруку засохлую кроў цэлымі балеямі вады. Ён ведаў, сёння ўначы яго зноў возьмуць у замак (беззаконнае катаванне пасля суда трэба было хаваць: усе ведалі аб ім і ўсе рабілі выгляд, што яго няма), а пасля праз гадзіну — дзень — тры — тыдзень (наколькі яго хопіць і наколькі хутка зняверацца ў поспеху кат і суддзі) адвядуць назад у цямніцу пры радавым судзе, каб трохі ачуняў, каб зацягнуліся перад каразнам раны. Але яму ўсё гэта было амаль усё роўна пасля таго, як Магдаліна дала новы гарт ягонаму сэрцу і паказала яшчэ раз, што за гэтую цвердзь варта гінуць. Што варта гінуць за ледзь прыкметную плесню на ёй, за людзей. Нічога, што яны пакуль напалову драпежнікі, напалову ахвяры, што жывуць сярод іх трусікі, тыгры і тхары. Што зробіш? Яны зараз толькі карані, што свідруюць зямлю і гной, яны доўга, вельмі доўга будуць свідраваць гной, пакуль не выганяць з сябе сцябліну, пакуль не разгарыцца на ёй прыўкрасная квяціна Дасканаласці. Ён прадбачыў, якая яна будзе, і за яе здатны быў загінуць.

Гэта было ўсё роўна. Неаднолькава было другое, тое, што вуліцамі везлі прах, у які ператварыліся найлепшыя з гэтых карэнняў, найбольш чыстыя і жыццяздатныя: сябры, браты, таварышы.

А вакол віраваў натоўп, якога ён не заўважаў. Яго не было, калі будавалі царства справядлівасці, яго не існавала і зараз. Прынамсі, дзеля яго.

— Гандаль падрываў! — гарлалі слінявыя пашчы.

— Ілжэнастаўнік!

— Вервіем гнаў нас з храма!

Прыблізна пасярэдзіне Старога рынку гарэла невялікае вогнішча: нейкі забаўнік загадзя рыхтаваў галоўную частку спектакля. Братчык набліжаўся да гэтага вогнішча і ўсміхаўся сваім думкам. Ён бачыў далей за іх. У глыбіні часоў бачыў за гэтымі звярынымі пашчамі горды і справядлівы чалавечы рот. І ён усміхаўся.

— Смяешся? Можа, карону хочаш?

Прыгажун боўдзіла з каламутнымі ад магчымасці пакуражыцца вачыма дзерся праз варту, якая не дужа і трымала яго. На ўзнесеных у паветра кляшчах свяцілася вішнёвым колерам жалезная карона.

— Н-не трымайце м-мяне! — пена валіла з вуснаў прыгажуна.

Ён узняў клешчы, ён яшчэ не апусціў іх, а валасы на галаве ў Юрася затрашчалі… Бурмістр Юстын ударыў боўдзілу нагою ў пах, і той склаўся напалам. Карона пакацілася пад ногі гурме, раздаўся лямант абпечаных. Варта бягом цягнула Юрася да гульбішча ратушы. Юстын пяціўся за імі з кордам у руцэ:

— Людзі! Вы мне верылі! Шмат год правіў я вамі папраўдзе… дзе мог. Вінюся, бяда мая ў гэтым. Але я стараўся ўратаваць кожнага з вас, свінні вы паршывыя, хаця і не заўсёды гэта ўдавалася. Ну, што вам у гэтым чалавеку?!

Гурма раўла і рыкала. Кучцы людзей ледзь удалося прарвацца праз яе на гульбішча ратушы. Юстын не ведаў, што ўсё гэта бачаць з замкавага акна Басяцкі і Лотр.

— Глас народа — глас Бога, — сказаў Лотр.

Езуіт усміхнуўся і паправіў яго:

— Глас народа — глас Бога з машыны.

Бурмістр ведаў, што ярасць, няхай і жывёльную, трэба сарваць. Зрабіў непрыкметны жэст начальніку варты. Праз некалькі хвілін два латнікі вывалаклі на гульбішча скутага расстрыгу, прарока Іллюка.

— Вазьміце пакуль гэтага! — крыкнуў бурмістр. — Гэты прапаведваў хлусліва і навушнічаў.

— Ты нам печкура за сама не падсоўвай! — лез па сходах на гульбішча, грудзьмі проста на вастрыі дзід, хлебнік.

Юстын схіліўся да яго:

— Даносіў! Яго стараннем шмат каго забілі… Твайго, хлебнік, брата, Агея…

— Іллюк хлебам за мой кошт нікога не карміў, — звар'яцела крычаў хлебнік. — Пляваў я на ягоную віну! Навушнічаў?! А хто не навушнічаў! Агею ж так і трэба! У веры хістаўся! У ерась жыдоўствуючых кінуцца хацеў! Маёнткі, майно царкоўнае асуджаў, дзяліць хацеў! Часоў апостальскіх ім узжадалася!

Бурмістр імкнуўся перакрычаць народ. Пасечаны шнарамі, адзначаны ценем усіх распустаў, суровы і страшны твар наліўся крывёй.

— Ды вы ведаеце, за што яго ўзялі, свінтухайлы вы?! Ён, Іллюк, падчас «ночы крыжоў» параненых дабіваў. Раздзяваў іх, рабаваў, марадзёрстваваў!

Яго не слухалі! Гурма лезла па сходах.

— Так ім і трэба! Царства Божага на зямлі хацелі! На майно лепшых руку ўзнялі! Адпускай Іллюка!!!

Выхапілі расстрыгу з рук варты, сцягнулі з гульбішча. Нейкі цёмны чалавечак паваражыў з адмычкай каля ягоных запясцяў, і ланцугі срэбнай змяёю ўпалі на зямлю. Іллюк паматляў кісцямі рук у паветры і раптам шалёна, радасна залямантаваў:

— Распні яго!

Натоўп падхапіў:

— Забі яго! Забі! Заўтра ж! За-бі я-го!!! З мёртвых ніхто не ўваскрасаў!

Юстын загадаў пакінуць гульбішча.

…Наступныя два дні прайшлі ў дзікім рову горна, натужлівым рыпенні прэнга, ляску метала, які прымушае да болю сціскаць зубы, у скоках цемры і полымя і ва ўсім такім іншым, аб чым не дазваляе пісаць душа і на апісанне чаго не падымаецца рука.

На трэці дзень пасля заключнага катавання «жарабяткам» (новы, неапалітанскі спосаб) Братчыку ўправілі рукі, змазалі ўсё цела алеем і на насілках аднеслі ў радскую цямніцу, бо ісці сам ён не мог.

Усе гэтыя дні і наступныя, калі ён ачуньваў, Юстын, аб'явіўшы сябе хворым, сядзеў дома.

Шматдзённае страшнае катаванне скончылася нічым. Мужыцкі Хрыстос не падарыў ім аніводнага слова, аніводнага праклёну, аніводнага крыку або стогну. Гаварыць можна было на судзе. Тут трэба было маўчаць і даводзіць маўчаннем. І ён даводзіў. Аддаўшы ў іхнія рукі сваё зламанае, выкручанае цела, на якім яны выпрабоўвалі ўсю вытанчанасць свайго рымскага мастацтва, ён не аддаў ім ані грана сваёй душы і толькі, калі рабілася ўжо зусім нясцерпна, коратка смяяўся, гледзячы ім у вочы. Смех быў падобны да клекатання. І яны зразумелі, што нават «велляй» не даб'юцца ад яго нічога іншага.

Напярэдадні дня страты ў цэлю да яго прыйшлі Лотр, войт Цыкмун Жаба і — упершыню за ўвесь час — бурмістр Юстын. Першы, каб прапанаваць споведзь і прычасціць, другі, каб прысутнічаць пры гэтым і пасля змацаваць сваім подпісам канфірмацыю на смерць. Трэці, каб спытаць аб апошніх жаданнях асуджанага, атрымаць прыватныя даручэнні (накшталт: «Хустку перадайце такой і такой на вуліцу Грунтвагі; пацалунак мой, бо я любіў яго, такому і такому; частку грошай — на штогадовую імшу па душы маёй, рэшту — жабракам, а вопратку маю кату не аддаваць, як то звычай кажа, а спаліць, а кату заплаціць за яе во гэтымі грашыма, на якія я зараз плюнуў») і прабавіць з вязнем апошні вечар перад тым, як адыдзе ён да сну або думак.

…Хрыстос сядзеў на ложку голы да пояса, накінуўшы толькі сабе на плечы плашч. Ён зарос, шчокі праваліліся, на грудзях былі чырвоныя плямы. Глядзеў іранічна на Лотра, які добрую гадзіну кленчыў ля яго і вось цяпер апошні раз талдычыў сваю прапанову:

— І яшчэ раз кажу, што літасці маці-царквы няма мяжы, што і табе яна не хоча адмовіць у суцяшэнні. Табе, ілжэ-Хрысту.

— А я шкадую аб тым, што звалілася на мяне гэтае імя, можа, больш за вас.

— Гэта чаму? — узрадаваўся Лотр.

— А так. Якія б мае намеры ні былі — я імем сваім шкоду прынёс. Марную надзею ў сэрцах пасяліў. Маўляў, не толькі ў душах, маўляў, і на небе можа быці дабрыня.

— Вось бачыш, мы яе табе і нясём.

— Кінь. Сам жа ты ў гэта ані храна не верыш. Іначай, не было б такім паскудствам жыццё тваё… Ну, перад кім я спавядацца буду? Чаго, з чыіх рук прычашчуся? Што, мала было людзей, якім вы ў аблатцы яд падавалі? Чаго ж Бог глядзеў? Зрабіў бы, каб у гэтым пачастунку яд знік. Га?

— Развязаў язык, — сказаў Жаба. — На прэнгу дык маўчаў.

— А мы з табой розныя людзі. Ты, для прыкладу, на прэнгу такія б прамовы ды крыкі закатваў, што д'яблаў бы ў пекле вараціла, а тут бы маўчаў, як ёлуп, бо ты ў разумнай бяседзе і двух словаў не звяжаш, асляк.

— Братчык… — Лотр відавочна чакаў адказу.

— Не марнуй ты, куме, каштоўных сілаў, — сказаў Хрыстос. — Прыдадуцца ў доме распусты. Ну, ты ж ведаеш мае думкі. І на цямніцах вашых пячаць сатаны, і прычасць ваша — прычасць сатаны, і дабрыня — дабрыня сатаны. І ўвогуле, чаго ж гэта Бог, калі ён ужо такі боскі, цямніцы дзеля добрых церпіць? А калі ён злы, то нашто ён?

Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.

— Непатрэбна мне суцяшэнне, — ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. — І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?

Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.

— Ты ведаеш, што цябе спаляць? — глуха спытаў Юстын.

— Н-не, — голас на імгненне асекся. — Думаў, шыбеніца.

— Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць — знойдуць іншы сродак.

— Няхай, — сказаў Хрыстос.

— Баішся? — дапытліва сказаў бурмістр.

— Ясна — баюся. Але ж хаця б я парадзіхаю галасіў — нічога не зменіцца.

— Я загадаю класці сырыя дровы. Каб страціў прытомнасць да агню, — буркнуў Юстын.

— Дзякуй.

Панавала няёмкае маўчанне. І раптам Юстын са скрухаю крэкнуў:

— Казаў жа я табе, нядоўга гэта будзе. Чаго ты мяне жывога пакінуў? Каб сумленне балела? Ранейшы я, ранейшы… Нічога ж ты і ніхто іншы не зробяць з людзей.

— А ты не ранейшы.

— Няхай так. Мне ад гэтага не лягчэй, калі чалавек менавіта такая свіння, як я і думаў.

Хрыстос глядзеў і глядзеў Юстыну ў вочы. Жудасныя гэта былі вочы. Усё яны бачылі: вайну, інтрыгі, сутычкі, распусту, яд і вераломства. Усяму на свеце яны ведалі цану. Але, відаць, не ўсяму, таму што бурмістр не вытрымаў і апусціў галаву.

— Разумееш, Юстын, — сказаў Братчык, — быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, — ды не, і сам сябе зрабіў! — успомніць страшна. Бог ты мой, якія бязодні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я ведаю. Гляджу на неба, на зоры, так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І ведання свайго ніколі не аддам.

Памаўчаў.

— Думаеш, я адзін так?

— Не, не думаю, — з цяжкасцю выціснуў бурмістр.

— Бачыш? Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак. Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць… памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых… Дый ты робіш першы крок.

— Позна. Стары я. Віны зашмат на мне.

— Не ва ўсім вы вінаватыя. Іншага не бачылі. Часіны быдла. Саборы, як дыямент, халупы, як гной. Ды толькі ў гэтым гноі нараджаецца золата душ. А ў алмазных саборах — дзярмо. На тым стаім. Ды толькі ўбачаць людзі. Заззяе святло ісціны.

Бурмістр хрыпата, бязгучна засмяяўся. Падстрыжаны пад гаршчок цень калаціўся за ім. Ды толькі смех не быў падобны на смех:

— Гэх, браце, што ёсць ісціна? Бачыш, Пілата паўтараю. Толькі сучаснага Пілата, які памудрэў трохі. Няма такой ісціны, якой нельга не загадзіць, запаскудзіць. І яны загадзілі іх. Усе да адной.

— Хіба ісціна з гэтай прычыны перастала быць ісцінай?… Не забі.

— А калі за веру, за бацькаўшчыну, за ўладара?… А ноч «крыжоў»? А распяцці на лідскай дарозе? — Твар у бурмістра быў страшны.

— Не любадзейнічай.

— Эг-ге. Не паграшыш — не пакаешся… У ложкі іхнія зірні… Толькі кажуць аб чысціні нораваў, аб маралі, а… Тфу!.. Ды яшчэ каб па згодзе — палова бяды. А то гвалтуюць, залежнасць скарыстоўваюць, грошы.

— Не ўкрадзі.

— А дзесяціна? А дань? А падаткі?

— Не сведчы лжыва. — Хрыстос гаварыў спакойна, нібы мацаючы душу субяседніка.

— А цябе як абвяшчалі?! А судзілі як?! А ўсе суды?!

— Любі бліжняга свайго, — сурова сказаў Юрась.

Юстын скочыў з месца:

— Любі?! — Вочы ягоныя вуголлямі гарэлі з-пад валасоў. — А гэта? — рука торкнула ў апёкі на Юрасёвых грудзях. — А тое?! — За акном, на абвугленых шыбеніцах віселі, пагойдваліся трупы. — Ты іх спаліць хацеў, а яны… А допыты? А эшафоты? Кожны дзень мы гэтую любоў ад начальных людзей княства бачым!

— А Чалавек? — ціха спытаў Юрась.

Запанавала маўчанне. Потым Юстын ціха сказаў:

— Божа мой, што ты юродзівы такі? Чалавек. Хто Чалавек? Хлебнік? Іллюк? Сляпыя гэтыя? Басяцкі?

— Не пра іх кажу. Пра цябе.

— Як пра мяне?

— Калі ты хлусню ў кожным запавеце бачыш — хто ж ты, як не чалавек? Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню — значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага і святога, хай сабе не ведаючы, дзе яно, — значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі? Не толькі ваўкі. Не толькі звяры, паскуды і хлусы.

Юстын маўчаў.

— А пра тых — што сказаць. Вось таму, што яны штогадзінна забіваюць гэтую прагу іншага, прагу святога — адбярэцца ў іх праўда і дадзена будзе Чалавеку. Мабыць, няскора! Але ж адкуль ён народзіцца, Чалавек, калі ўсе мы зараз будзем таптаць у сабе ягоныя іскры?

— Значыцца…

— Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны.

Стала так ціха, што чуць было, як звонка плёскае ў місу вада з рукамыйніка.

— Слухай, — Юстын раптам спаймаў Хрыстову руку. — Яшчэ перад судом гэтая… Магдаліна… угаворвала мяне, каб я… Я вагаўся. Што змянілася б ва ўсім гэтым свінстве? Але цяпер бачу: з самага пачатку не рабілі ў Гародні больш чорнай справы. — Ён заглядаў Юрасю ў вочы амаль умольна. — Слухай, уцякай. Слухай, я падрыхтую вазок. Выпушчу цябе. Скажу — узнёсся. Няхай чысты будзе канец маіх дзён.

Хрыстос жартам барнуў яго галавою:

— Гэх, Юсціне. І так ён у цябе будзе спакойны і чысты. Прапанаваў такое — лічы, што зрабіў. Толькі… не пайду я, не трэба мяне ратаваць. Дзякуй, Юстын.

— Але чаму, чаму?

— А таму, — пасур'ёзнеў вязень. — Часам мне здаецца — сатана не з неба зваліўся. Ён з зямлі прыйшоў. Яго цэрквы спарадзілі. Яго цары спарадзілі. Ваяводы. Тысячаначальнікі. Нельга, каб сярод людзей жылі, чынілі сваю волю такія. Чым хутчэй яны знікнуць — тым лепей. Можа, мая смерць хаця на таўшчыню воласа наблізіць гэта.

Паклаў руку Юстыну на плячо:

— Ты не думай, я хораша памру. Кажуць, у такіх выпадках падыходзяць у шкарпэтках, адчыняюць нечакана дзверы і хапаюць у сне, каб не роў, не адбіваўся?

— Быв-ваюць і такія… Заг-гад.

— Загад для большага прыніжэння. Адзінае маё жаданне: гэтага не трэба. Ува ўсёй гэтай навалачы ногі будуць калаціцца больш, чым у мяне… Вось і ўсё… А заўтра ўсе яны запаляць мой агонь, якога ім не згасіць.

Ён убачыў, што ў Юстына між пальцаў рук, прыціснутых да аблічча, сплываюць, точацца слёзы.

— Кінь. Ты хацеў і мог памагчы. Ты не вінен ні ў чым. Ты не вінаваты, што я адмовіўся.

Юстын устаў. Занадта паспешліва. Пакрочыў да дзвярэй.

— Бывай, — ён кінуў гэта, нібы выплюнуў. — Прабач.

— Няма за што. Бывай. Дзякуй, Юстын.

Дзверы грукнулі, нібы іх зачыніў глухі ад нараджэння. Рэха загудзела пад скляпеннем цэлі. Змоўкнула.

Загрузка...